Праскаловіч В. У. Бду, Мінск аб асаблівасцях вывучэння фальклору



Дата канвертавання27.07.2016
Памер76.04 Kb.
Праскаловіч В.У.

БДУ, Мінск
АБ АСАБЛІВАСЦЯХ ВЫВУЧЭННЯ ФАЛЬКЛОРУ

ВА ЎСТАНОВАХ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ
Вучэбнай праграмай па беларускай літаратуры для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжана ўсебаковае і грунтоўнае вывучэнне твораў фальклору, якія паўстаюць перад школьнікамі ў жанравай і тэматычнай разнастайнасці. Пры азнаямленні з фальклорнымі тэкстамі адбываецца асэнсаванне вучнямі культурна-гістарычнага вопыту народа. В. Вітка сцвярджаў, што “фальклор не толькі песня і казка, але і аснова этычна-эстэтычных уяўленняў народа, яго маральны кодэкс, мудрасць выхавання і навучання, яго педагогіка, яго адзіная акадэмія”.

Далучэнне вучняў да беларускага фальклору пачынаецца на ўроках літаратуры ў пятым класе. У задачу курса літаратуры V класа ўваходзіць вельмі важная "самастойная" мэта – увесці вучняў у сферу мастацкіх каштоўнасцей вуснай народнай творчасці. У кожным наступным класе прадугледжаны зварот (і не толькі ў цэлым, але амаль перад кожнай новай тэмай) да фальклорнага пачатку (у розных сэнсах: у прамым – як пачатак размовы, і ў пераносным – як яе элемент); фальклор прысутнічае як абавязковы структурны кампанент гутаркі пра іншыя з’явы літаратуры. Гэтая лінія не перарываецца аж да IX класа ўключна. Працягваецца яна ў іншым структурным выяўленні і ў далейшым. Як справядліва адзначаюць метадысты, “вусная народная творчасць мае вялікае пазнавальнае значэнне, гэта своеасаблівы ключ да разумення канцэптуальна-эстэтычных напрамкаў у творчасці пісьменнікаў, якія будуць вывучацца ў старшых класах” [1, с. 104]. Акрамя таго, урокі вывучэння фальклору дапамогуць вучням узняцца да вяршынь агульначалавечых каштоўнасцей, якія, у сваю чаргу, узялі ўсё лепшае з этнічных скарбніц кожнага народа. З улікам таго, што ў літаратурнай адукацыі вылучана новая парадыгматыка, у прыватнасці, арыентацыя на культуралагічны падыход, далучэнне вучняў да нацыянальнага фальклору асаблівае значэнне набывае на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Аўтары вучэбнай праграмы [2] і вучэбнага дапаможніка для вучняў V класа [3] мэтанакіравана змясцілі ў раздзеле “За смугою стагоддзяў” адны фальклорныя творы (казкі, легенды, загадкі, прыказкі, прыкметы і павер’і) і адвялі на іх вывучэнне 11 гадзін. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб раскрыць мастацкія асаблівасці твораў гэтых жанраў. Вывучэнне далей літаратурных казак і легендаў пераканае вучняў у тым, што вусная народная творчасць прыцягвала ўвагу многіх беларускіх пісьменнікаў, з яе яны чэрпалі сваё творчае натхненне.

Навучанне беларускай літаратуры ў VI класе з’яўляецца працягам прапедэўтычнага курса, які будуецца з улікам пераемнасці з папярэднімі этапамі навучання і паступова, мэтанакіравана падводзіць школьнікаў да ўспрымання літаратуры на больш высокім узроўні ў наступных класах. Вучэбнай праграмай па беларускай літаратуры прадугледжваецца эмпірычнае спасціжэнне шасцікласнікамі мастацкай прыроды фальклорных твораў, іх жанравага і тэматычнага багацця, а таксама ўвага надаецца самабытнасці нашай культурнай спадчыны.

На вывучэнне твораў, прадстаўленых у раздзеле “Фальклор і літаратура”, адводзіцца 12 гадзін. У гэтым раздзеле змешчаны міфы, казкі, легенды, прачытаўшы якія, вучні атрымаюць уяўленне пра міфатворчасць, даведаюцца, адкуль узнікла вобразнае мастацкае слова і як міфалагічныя вобразы, матывы, сюжэты выкарыстоўваюцца, інтэрпрэтуюцца ў фальклорных і літаратурных тэкстах.

Духоўнаму сталенню асобы, больш глыбокаму ўспрыманню нацыянальных каштоўнасцей паспрыяе разгляд самабытнай вуснай песеннай паэзіі і літаратурнай песні, бо песня з’яўляецца таямніцай чалавечай душы і яднае народ. Так, у наступным раздзеле вучэбнага дапаможніка [4], які называецца “Сэрцам народжаны спеў”, вучні пазнаёмяцца з каляндарна-абрадавымі песнямі, пераканаюцца ў тым, што сапраўднай скарбонкай паэзіі, невычэрпнай яе крыніцай з’яўляецца народная песня. Праца ў такім кірунку будзе працягвацца і ў наступных класах.

У сувязі з вывучэннем фальклору вучэбная праграма заклікана на аснове станоўчай матывацыі абудзіць інтарэс у школьнікаў не толькі да народнага скарбу, яго каштоўнасцей, але і выхаваць эмацыянальную чуйнасць, стымуляваць уласную культуратворчую дзейнасць вучняў. Вывучэнне прапанаванага праграмнага матэрыялу мэтазгодна праводзіць комплексна: разгляд і замацаванне тэарэтыка-літаратуразнаўчых ведаў і паняццяў пра фальклорныя жанры спалучаць з навучаннем школьнікаў культуратворчасці. Сярод важных відаў вучнёўскай прадметна-творчай дзейнасці застаюцца: вербальныя (узнаўленне працэсу нараджэння казкі, народнай песні, вуснае слоўнае маляванне, ілюстраванне, мастацкае расказванне, творчы пераказ і інш.); графічныя (кластар, схема, эскіз, фотакалаж ці калаж з малюнкаў і рэпрадукцый, насценгазета і да т.п.); сінтэтычныя (музычна-слоўны, маляўніча-слоўны, тэатралізацыя і г.д.); дэкаратыўна-прыкладныя (лепка, вышыўка, аплікацыя, саломапляценне, разьба па дрэве, манатыпія (маляванне на шкле з наступным адбіваннем на паперы і дамалёўваннем любымі матэрыяламі, дапаўненнем калажам і рамкай) і да т.п.); мультымедыйныя (стварэнне прэзентацыі, камп’ютарнай анімацыі, СМС-паведамлення, гіперспасылкі, прэс-рэліза, слайд-шоу, відэароліка, вэб-старонкі і да т.п.). Менавіта мультымедыйны (а не лінейны вербальны каментарый) павінен дапамагчы адэкватнаму прачытанню фальклорнага тэксту. Як справядліва адзначае А. І. Бельскі, “вельмі часта вучні дома бязмэтна марнуюць час за камп’ютарам, а навучальныя праграмы па літаратуры, асабліва ў займальнай, гульнёвай форме, могуць іх зацікавіць і паспрыяць інтэлектуальнаму і творчаму развіццю асобы” [5, с. 54].

Акрамя асноўнай формы арганізацыі навучання літаратуры – урока, зварот да фальклору ў святле культуралагічнага падыходу эфектыўна рэалізуецца праз факультатыўныя заняткі як абавязковыя састаўныя варыятыўнага кампанента ў змесце літаратурнай адукацыі. Так, для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура” рэкамендуецца выкарыстоўваць зацверджаныя навукова-метадычнай установай “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь наступныя вучэбна-метадычныя комплексы (вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для вучняў, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў): “Браму скарбаў сваiх адчыняю...” (V клас), “Слова – радасць, слова – чары...” (VI клас) Л. К. Цітовай; “Таямнiца паэзii i загадка прозы” (VII клас) Т. У. Логінавай, Т. І. Мароз; “Незвычайнае літаратуразнаўства: вывучэнне твора ў яго родавай і жанравай спецыфіцы” (VIІІ клас) В. І. Русілкі, “Выкажыся, каб я цябе ўбачыў!” (IX клас) В.У. Праскаловіч, В.В. Кушнярэвіч, “Пад ветразем спасцiжэння i творчасцi” (X клас) А.В. Руцкай, М.У. Грынько, “Шукаем шэдэўры!..” (XI клас) І. Л. Шаўляковай-Барзенка, І. М. Гоўзіч. Зместавую частку вучэбнай праграмы (разлічана на 35 гадзін) названых факультатываў складаюць кола фальклорных і літаратурных твораў розных жанраў. Прапанаваныя факультатыўныя заняткі даюць вучням магчымасць усвядомiць асаблiвасцi асноўных жанраў вуснай народнай творчасці, а таксама авалодаць уменнямі самастойнай інтэрпрэтацыі тэксту з дапамогай сумежных відаў мастацтва (тым больш, што жанравыя іх законы ў многім супадаюць), неабходнымi спосабамi крэатыўнай дзейнасцi па ажыццяўленнi ўласных вопытаў мастацка-творчага характару: складанне казак, загадак, прыказак i iнш.

Для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў настаўнікі могуць таксама карыстацца праграмамі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Беларускі фальклор: апавядальныя жанры” (V клас), “Беларускі фальклор: каляндарна-абрадавая паэзія” (VI клас), “Беларускі фальклор: сямейна-абрадавая паэзія” (VII клас) Л. К. Цітовай. Рэкамендаваныя факультатыўныя курсы скіраваны на абагульненне і паглыбленне асноўнага курса літаратуры, на абуджэнне ў вучняў цікавасці да прадмета ў цэлым і да вуснай народнай творчасці ў прыватнасці, на спасціжэнне падлеткамі багацця і непаўторнасці мастацкай творчасці беларускага народа, разнастайнасці яе відаў і жанраў, на развіццё мастацкага густу і творчых здольнасцей рэцыпіентаў. Прапанаваныя праграмы разлічаны на 17 гадзін (тэарэтычны матэрыял, фальклорныя тэксты і творчыя работы вучняў), утрымліваюць інфармацыю пра ўсе асноўныя фальклорныя жанры і фарміруюць у школьнікаў цэласнае ўяўленне пра беларускі фальклор.

Факультатыўны курс “Беларускі фальклор” (ІХ–Х класы, аўтар – І. В. Казакова) дае агульнае ўяўленне пра фальклор, адлюстраванне ў фальклоры духоўнага і працоўнага жыцця народа, яго светапогляду, маралі, этыкі, сацыяльных і эстэтычных ідэалаў; знаёміць вучняў з асноўнымі відамі і жанрамі беларускага фальклору; абуджае цікавасць вучняў да народнай творчасці, да фальклорнай спадчыны нашых продкаў; вызначае месца беларускай народнай творчасці ў духоўнай культуры славян. Асноўны ў праграме тэзіс пра тое, што фальклор адыгрываў і адыгрывае значную ролю ў жыцці нашага народа, з’яўляецца велізарнай скарбніцай духоўных каштоўнасцей, аднаўляе сувязь часоў, замацоўвае традыцыі, выхоўвае лепшыя якасці чалавека, фарміруе пачуццё прыгожага на лепшых узорах створанага народам мастацтва.

Сёння шосты дзень навучальнага тыдня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі адводзіцца пазакласнай рабоце. Паглыбленню і пашырэнню сувязей літаратурнай адукацыі з духоўнай культурай народа, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці вучняў спрыяе выкарыстанне літаратурнага і фальклорна-паэтычнага матэрыялу ў пазакласнай рабоце: стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый, прысвечаных традыцыйным народным святам, правядзенне літаратурна-музычных вечарын (або гасцёўняў), развіццё розных напрамкаў літаратурна-краязнаўчай дзейнасці, арганізацыя і кіраўніцтва фальклорнымі гурткамі і экспедыцыямі. Важную ролю ў далучэнні вучняў да народнай культуры мае афармленне школы, кабінетаў, класаў, холаў, вестыбюля, рэкрэацый. “Куткі казак”, “храмы роднага слова”, фальклорна-этнаграфічныя музеі робяць агульнаадукацыйную ўстанову вельмі інфарматыўнай, прыцягальнай для вучняў.

Беларуская мова і літаратура разам з іншымі прадметамі сацыяльна-гуманітарнага цыкла з’яўляюцца асновай культурацэнтрычнай сістэмы адукацыі. У гэтай сувязі адной з прыярытэтных тактычных задач бачыцца “рэпрэзентацыя ў працэсе навучання літаратуры фальклору як актуальнага культурнага феномена праз шматвектарную рэалізацыю міжпрадметных сувязей, а таксама праз пашыранае выкарыстанне сучасных сродкаў навучання (у тым ліку мультымедыйных)” [6, с. 148].

Такім чынам, на сучасным этапе літаратурнай адукацыі новае напаўненне набывае праблема “ўжыўлення” індывіда ў кантэкст этнакультуры, развіццё этнамастацкіх здольнасцей школьнікаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі важнае месца павінна заняць інавацыйная адукацыйная парадыгма, распрацаваная на аснове больш цеснай інтэграцыі існуючай філасофіі навучання і выхавання з традыцыямі свайго народа.

Спіс літаратуры

1. Руцкая А. В. Методыка выкладання беларускай літаратуры: вучэб. дапам. / А. В. Руцкая, М. У. Грынько. – Мінск: Изд-во Гревцова, 2010. – 184 с.

2. Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання: Беларуская літаратура: V – XI класы. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі. – 2010. – 128 с.

3. Цітова Л. К. Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 5-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання. У 2 ч. Ч. 1 / Л. К. Цітова. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2009. – 176 с.

4. Бельскі А.І. Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 6-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А.І. Бельскі, Л.К. Цітова. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2010. – 320 с.

5. Бельскі А. І. Набор мультымедыйных рэсурсаў па тэме “Міфы” для VI класа (мадэльнае бачанне) / Філалагічная адукацыя: навук.-метад. зб. / рэдкал.: А. І. Бельскі (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск:БДУ, 2009. – Вып. 1. – 64 с. – С. 52-56.



6. Шаўлякова-Барзенка І. Л. Стратэгічныя прыярытэты і тактычныя задачы развіцця літаратурнай адукацыі ў Беларусі на сучасным этапе // Современная образовательная среда: приоритетные направления развития: материалы Международ. научн. конф.: В 4 ч. – Мінск: НМУ “Нац. инст. образования”, – 2010. – Ч. 2. – С. 145-150.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка