Праватворчасць І праватворчы працэс у сістэме паняццяў агульнай тэорыі права



Дата канвертавання31.12.2016
Памер164.29 Kb.

прямая соединительная линия 12/2016 Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь



ПРАВАТВОРЧАСЦЬ І ПРАВАТВОРЧЫ ПРАЦЭС

У СІСТЭМЕ ПАНЯЦЦЯЎ АГУЛЬНАЙ ТЭОРЫІ ПРАВА
Паняцце праватворчасці займае вузлавое месца ў агульнай тэорыі права. З праватворчасці пачынаецца цыкл прававога рэгулявання грамадскіх адносін, а належны ўзровень праватворчай дзейнасці прадвызначае якасныя вынікі рэалізацыі і прымянення права. Аналізуючы месца паняцця праватворчасці ў паняційным апараце агульнай тэорыі права, С.Р.Драбязка піша, што «…становление права имеет исходную, ключевую значимость… образует фундаментальную основу, «связывающую» государственное управление обществом своей сущностью, своими принципами…», і падкрэслівае, што пры вывучэнні праватворчай дзейнасці неабходна зыходзіць з сутнасна-арыентацыйнай і канкрэтна-функцыянальнай значнасці катэгорый, паняццяў, тэрмінаў, недапушчальнасці іх падмены, неабходнасці прытрымлівання дакладнасці юрыдычнай тэрміналогіі як пры даследванні працэсаў праватворчасці, так і ў практычнай дзейнасці пры стварэнні норм права [1, с. 44]. Падзяляючы адзначаны падыход да вызначэння ролі і месца паняцця праватворчасці ў сістэме агульнатэарэтычных ведаў аб праве, лічым, што згодна з прынцыпамі сістэмнасці паняцце праватворчасці павінна, па-першае, быць суразмерным з паняццямі права і яго форм, крыніц і норм права, шляхоў фарміравання права, па-другое, карэліраваць з паняццем праватворчага працэсу, для таго каб дзейнасць па стварэнні права разглядалася як у статычным, так і дынамічным аспектах, а паняцці праватворчасці і праватворчага працэсу былі тоеснымі па аб’ёме.

Зыходныя пасылкі

Права з’яўляецца асобым відам сацыяльнага рэгулявання грамадскіх адносін, які фарміруецца ў сацыяльна неаднародным грамадстве пад вырашальным уплывам таварна-грашовых адносін [2, с. 356], і можа быць вызначана як абумоўленая эквівалентнай прыродай грамадскіх адносін сістэма норм права, якія ўстаноўлены ці санкцыянаваны дзяржавай і абараняюцца яе прымусовай сілай. Права існуе ў форме: 1) прававых адносін; 2) прававой свядомасці; 3) сфармуляваных дзяржавай норм права. Адзінства форм права забяспечваецца адзінствам зместу нормы права. У норме права выдзяляюцца сацыяльная (норма-стандарт), інтэлектуальна-псіхалагічная (норма-мадэль) і нарматыўная (норма-правіла) часткі. Класічная норма права – гэта сінтэз указаных трох частак.

У прававых адносінах норма права існуе як норма-стандарт, якой кіруюцца суб’екты (удзельнікі) прававых грамадскіх адносін пры вырашэнні самых розных пытанняў. Норма-стандарт можа першапачаткова стварацца ўдзельнікамі прававых грамадскіх адносін, а можа быць вынікам адаптацыі да прававых грамадскіх адносін нормы-правіла, якая не мае аналагаў у прававых грамадскіх адносінах і першапачаткова ствараецца дзяржавай. На ўзроўні прававой свядомасці норма права існуе як норма-мадэль, заканамерна фарміруемая ў індывідуальнай і грамадскай прававой свядомасці. У норме-мадэлі адлюстроўваюцца ўяўленні ўдзельнікаў фактычных прававых адносін аб дзеючым і пажаданым праве ці разуменне права і яго норм удзельнікамі прававых адносін, якія ўзнікаюць на падставе юрыдычных фактаў, калі права першапачаткова ствараецца дзяржавай. На ўзроўні нарматыўнай часткі нормаправа існуе як фармальна азначанае правіла агульнага і фармальна азначанага характару, якое сфармулявана дзяржавай.

У стварэнні нормы права (трох яе частак) прымаюць удзел фізічныя і юрыдычныя асобы, сацыяльныя аб’яднанні, нацыя і народ, дзяржаўныя органы і установы, органы мясцовага самакіравання і інш. Пры гэтым у стварэнні кожнай з частак нормы права прымаюць удзел усе суб’екты прававых грамадскіх адносін, але на ўзроўні асобных яе частак пераважнае значэнне мае дзейнасць асобных суб’ектаў дадзеных адносін. Так, на ўзроўні нормы-стандарта ўдзел у стварэнні права прымаюць усе суб’екты фактычных прававых адносін, а калі права ствараецца «зверху ўніз», то да стваральнікаў нормы-стандарта неабходна аднесці таксама суб’ектаў грамадскіх адносін, у выніку дзейнасці якіх была створана норма-правіла. На ўзроўні нормы-мадэлі ўдзел у стварэнні права прымаюць усе носьбіты прававой свядомасці, усе суб’екты сацыяльных адносін, якія маюць уяўленні аб тым, якім права было раней, якім з’яўляецца зараз, якім павінна быць у будучым, і якія аказваюць прамы ці ўскосны ўплыў на фармалізацыю права ці адаптацыю нормы-правіла да рэальных грамадскіх адносін. На ўзроўні нормы-правіла ўдзел у стварэнні нормы права прымаюць галоўным чынам афіцыйныя органы і ўстановы, але без удзелу носьбітаў прававой свядомасці (фізічных і юрыдычных асоб) норму-правіла нельга «прыжывіць» да рэальных грамадскіх адносін, таму яны таксама становяцца ўдзельнікамі стварэння гэтай часткі нормы права.

Для знешняга замацавання і выражэння нормы права існуе шэраг традыцыйных крыніц права: прававы звычай, прававы прэцэдэнт, прававая дактрына, свяшчэннае пісанне, дагавор нарматыўнага зместу і нарматыўны прававы акт [3]. Пры гэтым дзве з шасці крыніц права найбольш цесна ўзаемадзейнічаюць з адной з трох форм права. Прававы звычай і прававы прэцэдэнт найбольш адэкватна выражаюць змест і характар фактычных прававых адносін, а значыць, і нормы-стандарта. Прававая свядомасць і адпаведна норма-мадэль найбольш адэкватна замацоўваюцца ў форме прававой дактрыны і свяшчэннага пісання. А нарматыўная форма і юрыдычная частка нормы права (норма-правіла) найбольш поўна выкладаюцца праз дагавор нарматыўнага зместу і нарматыўны прававы акт.

Важна мець на ўвазе, што адна з форм права з’яўляецца вядучай, дамінуючай, і таму дзве з шасці крыніц права з’яўляюцца асноўнымі, а астатнія выконваюць роль дадатковых крыніц права. Адна з асноўных крыніц права з’яўляецца галоўнай крыніцай, наяўнасць яе азначае, што ў прававой свядомасці пад уплывам адпаведных крыніц права складваецца ўяўленне аб вядучым характары пэўнай часткі нормы права, а ў далейшым і норму права пачынаюць зводзіць да адной з яе частак. У айчыннай юрыдычнай навуцы такой часткай нормы права з’яўляецца норма-правіла, сфармуляваная дзяржавай.

Для вызначэння аб’ёму і зместу паняцця праватворчасці важна таксама мець на ўвазе два шляхі стварэння права і яго норм: «знізу ўверх» і «зверху ўніз». Праватворчасць – гэта паняцце, якім ахопліваецца ўвесь працэс фарміравання права: ад пачатку зараджэння права ў грамадскіх адносінах, якія маюць адпаведную прыроду, да фармалізацыі права дзяржавай і, наадварот, ад стварэння фармальна азначанага і агульнага правіла да ўвасаблення гэтага правіла ў паводзінах удзельнікаў грамадскіх адносін.

Паняцце, азначэнне, тыпы і віды праватворчасці

Калі права азначаецца ў якасці сістэмы норм права, якія абумоўлены эквівалентнымі па сваёй прыродзе грамадскімі адносінамі, то праватворчасць – гэта асобны від дзейнасці удзельнікаў эквівалентных па сваёй прыродзе грамадскіх адносін, у выніку якой ствараюцца, змяняюцца ці адмяняюцца нормы права.

Вынікам праватворчай дзейнасці з’яўляюцца нормы права, паколькі перш за ўсё ў азначэнні паняцця варта замацоўваць самыя істотныя рысы азначаемай з’явы. Норма права – сэрцавіна права, таму без паняцця нормы права нельга азначыць паняцце праватворчасці. Разам з тым права, якое існуе ў формах нормы-стандарта, нормы-мадэлі і нормы-правіла, не вычэрпваецца імі. Кожная норма права мае і іншыя элементы. Напрыклад, для права ў форме фактычных прававых адносін, эпіцэнтрам якой з’яўляюцца нормы-стандарты, характэрна наяўнасць традыцый, рытуалаў, абрадаў і да т.п. Без іх, як і без нормы-стандарта, права ў форме фактычных прававых адносін існаваць не можа, таму, ствараючы норму-стандарт, суб’екты фактычных прававых адносін фарміруюць традыцыі, рытуалы, абрады і інш., праз якія дадзеная норма замацоўваецца ў свядомасці ўдзельнікаў грамадскіх адносін. Толькі разам з гэтымі праявамі фактычных прававых адносін можна ўявіць і норму-стандарт і права ў форме фактычных прававых адносін. Тое ж можна сцвярджаць адносна нормы-мадэлі, якую нельга ўявіць без эмоцый, пачуццяў, перажыванняў, думак, ідэй, тэорый аб праве, якое існавала, існуе або павінна быць створана. Наяўнасць нормы-правіла немагчыма без знешняй аб’ектывацыі ў пісьмовых крыніцах права, без актыўнасці дзяржаўных органаў і ўстаноў, службовых асоб, у выніку дзейнасці якіх фармулюецца норма-правіла. Менавіта таму асобны від дзейнасці, асновай якога з’яўляецца стварэнне, адмена ці змена нормы права, называецца не норматворчасцю, а праватворчасцю.

Часцей за ўсё праватворчасць азначаецца ў якасці асобнага віду дзяржаўнай дзейнасці, у выніку якой ствараюцца, змяняюцца ці адмяняюцца нормы права [4, с. 333]. Калі разглядаць права толькі як сістэму норм права, створаную выключна ў выніку дзейнасці дзяржавы, то такое азначэнне будзе правільным. Аднак калі права разглядаецца ў якасці норм права, прававой свядомасці і прававых адносін і калі мы зыходзім з таго, што права ствараецца не толькі дзяржавай, але і ўсімі удзельнікамі прававых грамадскіх адносін, то ў гэтым выпадку азначэнне праватворчасці праз асобны від дзяржаўнай дзейнасці будзе вузкім і не зусім дакладным.

З улікам шляхоў фарміравання права можна выдзеліць два тыпы праватворчасці: 1) праваўтваральны, які характарызуе праватворчасць, калі права фарміруецца «знізу-ўверх»; 2) праваўстанаўліваючы, які характарызуе праватворчасць, калі права ствараецца «зверху - ўніз».

Праватворчасць звычайна падзяляецца на асобныя віды. Найбольшую цікавасць у навуковым і практычным сэнсе ўяўляе класіфікацыя праватворчасці: 1) па відах крыніц права, у якіх замацоўваецца права і выкладаюцца нормы права; 2) па відах субьектаў, якія прымаюць удзел у праватворчасці і надаюць нормам права юрыдычную значнасць; 3) па адпаведнасці праватворчасці дзеючаму праву.



Па відах крыніц права выдзяляюць наступныя віды праватворчасці: 1) стварэнне нарматыўных прававых актаў; 2) стварэнне дагавораў нарматыўнага зместу; 3) стварэнне прававых прэцэдэнтаў (альбо прэцэдэнтная праватворчасць); 4) дактрынальная праватворчасць; 5) звычаёвая праватворчасць; 6) рэлігійная праватворчасць. Адносна кожнага з відаў праватворчасці выдзяляюцца свае групы суб’ектаў праватворчасці, асобныя стадыі, адметны механізм і інш.

Кожны з названых відаў праватворчасці мае асобныя падвіды. Напрыклад, прэцэдэнтная праватворчасць падраздзяляецца на працэс стварэння прэцэдэнтаў судовымі і іншымі правапрымяняючымі органамі (судовы і адміністрацыйны прэцэдэнт), стварэнне нарматыўных прававых актаў – на законатворчасць, стварэнне нарматыўных актаў Прэзідэнтам, Урадам і інш. Такім чынам, законатворчасць – гэта толькі адзін з падвідаў асобнага віду праватворчасці. Дагаворная праватворчасць уключае ў сябе ўнутрыдзяржаўную дагаворную праватворчасць органаў дзяржавы, дагаворную недзяржаўную праватворчасць грамадскіх арганізацый; змешаную дагаворную праватворчасць дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. У дагаворнай праватворчасці выдзяляюцца таксама праватворчасць унутрынацыянальная і міжнародная дагаворная праватворчасць. Дактрынальная праватворчасць ахоплівае распрацоўку навуковых палажэнняў (норм-мадэляў) органамі і структурамі, якія займаюцца стварэннем і прымяненнем норм права (напрыклад, судамі і суддзямі) і суб’ектамі грамадскіх адносін, якія непасрэдна не ўдзельнічаюць у стварэнні і прымяненні права (напрыклад, навукоўцамі). Звычаёвая праватворчасць можа быць таксама некалькіх відаў: звычаёвая праватворчасць, з якой пачынаецца стварэнне права, і звычаёвая праватворчасць, якой заканчваецца працэс прававога рэгулявання, калі адбываюцца «прыжыўленне» і адаптацыя створаных норм-правілаў да рэальных грамадскіх адносін. Рэлігійная праватворчасць падзяляецца на падвіды ў залежнасці ад узроўню кананічных (царкоўных) норм – нормы, якія змяшчаюцца ў свяшчэнных пісаннях; нормы, якія створаны паслядоўнікамі веравучэнняў і да т.п.

У залежнасці ад відаў субьектаў, якія ствараюць нормы права, можна выдзеліць тры віды праватворчасці: дзяржаўную, народную і змешаную. У сваю чаргу, дзяржаўную праватворчасць можна падраздзяліць на непасрэдную праватворчасць дзяржавы і яе органаў, санкцыянаваную праватворчасць, дэлегаваную і інтэрпрэтацыйную праватворчасць. У народнай праватворчасці можна выдзеліць праватворчасць асобы (напрыклад, праватворчасць англійскіх суддзяў – працы Кока, Глэнвіла, Брактана, рымскіх навукоўцаў-юрыстаў), праватворчасць асобных сацыяльных груп – праватворчасць у межах працоўных калектываў, праватворчасць народа – рэферэндарную праватворчасць. У змешанай праватворчасці можна выдзеліць лакальную праватворчасць, якая ўключае праватворчасць органаў самакіравання, праватворчасць грамадскіх арганізацый, сумесную праватворчасць дзяржавы і грамадскіх арганізацый і інш. У змешанай праватворчасці спалучаюцца пачаткі дзяржаўнай праватворчасці і праватворчасці народа.

Па адносінах да дзеючага права можна выдзеліць праватворчасць афіцыйную (легальную) і «ценевую». Легальная праватворчасць – дзейнасць усіх стваральнікаў права ў межах прававога поля з выкананнем норм права і прававых працэдур, у выніку якіх у прававую сістэму ўводзяцца новыя, змяняюцца раней створаныя ці адмяняюцца нормы права, што састарэлі або страцілі юрыдычную значнасць. «Ценевая” праватворчасць складваецца таму, што ў грамадстве назіраецца «…неудовлетворительное функционирование официальных норм, пробелы в праве…», і праяўляецца «…в установлении собственных «полезных» нормативов в рамках данного предприятия, населенного пункта и т.д. …«Теневое » нормотворчество создает целую систему правил поведения по принципу: «Ты мне – я тебе»... Отечественные социологи все чаще приходят к выводу, что в основе «теневого» правотворчества лежит фактическое право, то право, которое рождается в самой жизни» [5, с. 133]. Такое становішча назіраецца ў перыяды трансфармацыі грамадскіх адносін [6, с. 126 – 128]. У гэтых умовах заканадавец павінен, з аднаго боку, улічваць фактычна створанае права, магчыма, выкарыстоўваць асобныя аспекты такой праватворчасці, але, з другога боку, не мае права легалізоўваць фактычна створаныя нормы, якія не адпавядаюць духу і прынцыпам права, а, наадварот, павінен ствараць непераадольныя перашкоды для рэалізацыі такіх «норм права».

Класіфікацыю праватворчасці можна ўскладніць шляхам накладвання відаў праватворчасці, якія выдзяляюцца, напрыклад, па відах крыніц права, па відах суб’ектаў праватворчасці і па спосабах праватворчасці. Так, шляхам «камбінаванай» класіфікацыі ў юрыдычнай навуцы выдзяляюцца наступныя віды праватворчасці: а) прыняцце нарматыўных прававых актаў органамі дзяржавы; б) рэферэндум як від праватворчасці; в) нарматыўныя пагадненні [7, с. 203–208]. Гэта класіфікацыя праватворчасці адначасова па суб’ектах праватворчасці і па відах крыніц права. У.І.Чэрванюк таксама фактычна праводзіць класіфікацыю праватворчасці адначасова па розных падставах, хаця мае на ўвазе толькі адну з іх: «в зависимости от субъекта правотворчества, т.е. от того, кто “творит” право...», выдзяляючы наступныя асноўныя віды (формы) праватворчасці: праватворчая дзейнасць дзяржавы; праватворчая дзейнасць народа, або рэферэндума (непасрэдная праватворчасць); праватворчасць органаў мясцовага самакіравання (муніцыпальная праватворчасць); дэлегаваная праватворчасць (заканадаўства); дагаворная праватворчасць; карпаратыўная (лакальная) праватворчасць [8, с. 384–385]. Відавочна, што дэлегаваная праватворчасць і дагаворная праватворчасць – гэта віды праватворчасці, што выдзяляюцца не па суб’ектах праватворчасці, а па спосабах праватворчасці. Праведзеныя класіфікацыі праватворчасці вельмі падобныя да тыпалогіі праватворчасці, але ў гнасеалагічным плане займаюць прамежкавае становішча паміж тыпалогіяй і класіфікацыяй [9, с. 55–63].



Праватворчы працэс: паняцце, азначэнне, стадыі, тыпы і віды

У самым агульным плане аб’ём паняцця праватворчага працэсу з’яўляецца тоесным аб’ёму паняцця праватворчасці. Розніца паміж імі заключаецца ў тым, што паняцце праватворчасці характарызуе асобны від грамадскай дзейнасці, у выніку якой права фарміруецца і ствараецца, а паняцце праватворчага працэсу скіравана на даследаванне дынамічных аспектаў праватворчай дзейнасці, на выдзяленне і характарыстыку этапаў і стадый гэтай дзейнасці, а таксама на вывучэнне рэгламентацыі праватворчай дзейнасці. Такім чынам, паняцце праватворчасці ўключае характарыстыку і прыкметы дзейнасці, у выніку якой ствараюцца, мяняюцца ці адмяняюцца нормы права, а паняцце праватворчага працэсу скіравана на выдзяленне і абгрунтаванне этапаў і стадый праватворчай дзейнасці, у выніку паслядоўнага ажыццяўлення якіх нормы права “апранаюцца” ў форму пэўных крыніц права. Характарыстыка праватворчасці немагчыма без усталявання асаблівасцей гэтага віду дзейнасці, яе адрозненняў ад іншых відаў дзейнасці ў сферы права – рэалізацыі, прымянення права і да т.п., а характарыстыка праватворчага працэсу ўключае прававыя формы і працэдуры, у межах і з прытрымліваннем якіх адбываецца праватворчы працэс. Праватворчасць – гэта асобны від грамадскай дзейнасці, у выніку якой ствараецца самастойная крыніца права, што змяшчае нормы права, а праватворчы працэс – стадыі і этапы дзейнасці, кожны з якіх пачынаецца, суправаджаецца і заканчваецца юрыдычна значным актам – дзеяннем, у тым ліку ў форме юрыдычнага дакумента.

Праватворчы працэс – гэта адзін з відаў юрыдычнага працэсу, як і праватворчасць – адзін з відаў дзейнасці ў сферы права. Праватворчы працэс уяўляе сабой асобны від юрыдычнага працэсу, які ўключае ў сябе юрыдычныя і неюрыдычныя працэдуры, прававыя і неправавыя нормы. І.М.Зайцаў адзначае: «Для юридической деятельности характерен определенный порядок, который должен быть – и в большинстве случаев является – оптимальным для совершения тех или иных юридически значимых действий. Он устанавливается соответствующими нормативными предписаниями… Оптимальный порядок содержит программу юридической деятельности, он имеет ориентирующее значение для достижения определенной цели, тем самым повышая эффективность правового регулирования юридической деятельности и гарантируя ее правомерность и результативность» [10, с. 398].

З выкладзенага вынікае, што праватворчы працэс уключае дзве састаўныя: а) парадак і паслядоўнасць (этапы, стадыі) фактычнай дзейнасці, у выніку якой дасягаюцца пэўныя мэты – стварэнне, змена ці адмена прававых норм; б) юрыдычную рэгламетацыю праватворчай дзейнасці субьектаў права. Такім чынам, праватворчы працэс – дзейнасць, урэгуляваная перш за ўсё нормамі права, а таксама іншымі сацыяльнымі нормамі (правіламі паводзін). З гэтых пазіцый уяўляецца мэтазгодным разгледзець праватворчы працэс і выдзеліць найбольш істотныя моманты.

Тры стадыі праватворчага працэсу адпавядаюць тром формам існавання права, тром стуктурным часткам нормы права і выдзяляюцца незалежна ад таго, якім шляхам ствараецца права: «знізу - ўверх» ці «зверху - ўніз». Першая стадыя – стадыя фарміравання права; яна можа быць першай па парадку ці трэцяй (завяршальнай), калі размова ідзе аб праватворчасці «зверху - ўніз». Другая – стадыя асэнсавання права, стадыя, на якой у грамадскай, групавой і індывідуальнай правасвядомасці правіла паводзінаў успрымаюцца ў якасці нормы-мадэлі, якой патрэбна кіравацца і якую неабходна ахоўваць і абараняць. Трэцяя (або першая, у залежнасці ад шляху (тыпу) праватворчасці) – стадыя фармалізацыі (фармуліравання) права. Гэта стадыя праватворчага працэсу стадыяй фармулявання, а не стварэння права, бо сфармуляванае правіла паводзін (норма-правіла) па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын можа і не стаць нормай права. Сярод такіх прычын назавём толькі дзве: 1) сфармуляванае правіла паводзін не будзе ўспрынята грамадскай свядомасцю ў якасці нормы-мадэлі, якой належыць кіравацца пры вырашэнні прававых пытанняў; 2) успрынятая грамадскай свядомасцю норма-мадэль можа не прыжыцца ў рэальных грамадскіх адносінах, а значыць, норма-правіла не стане нормай-стандартам.

Кожную са стадый праватворчасці можна разглядаць у якасці асобнага цыклу праватворчасці, які можа быць завершаны стварэннем асобных відаў крыніц права. Так, стадыя фарміравання права можа быць завершана стварэннем прававога звычая ці прававога прэцэдэнта. Стадыя асэнсавання права можа быць завершана пасля стварэння дактрынальнай крыніцы права ці норм свяшчэннага (кананічнага) характару, а стадыя фармалізацыі – пасля стварэння нарматыўнага прававога акта ці дагавора нарматыўнага зместу. Зразумела, што кожная з выдзеленых стадый праватворчага працэсу падраздзяляецца на асобныя, больш дробныя. Напрыклад, у юрыдычнай навуцы падрабязна даследавана трэцяя стадыя праватворчага працэсу – стадыя, на якой адбываецца фармалізацыя права (фармуляванне права).

Неабходна адзначыць, што у юрыдычнай літаратуры выкладзена іншая інтэрпрэтацыя паняцця праватворчага працэсу і адпаведна выдзяляюцца іншыя стадыі праватворчага працэсу. Гэта тлумачыцца тым, што аўтары разглядаюць праватворчы працэс на прыкладзе асобнага віду праватворчасці, у прыватнасці дзяржаўнай праватворчасці ці нават праватворчасці асобнага падвіду – стварэння законаў [4, с. 341–348]. Прапанаванае разуменне стадый праватворчага працэсу не адмяняе напрацовак папярэднікаў: па-першае, яно улічвае і абагульняе іх, а, па-другое, стварае трывалы падмурак для наступных навуковых даследаванняў, напрыклад, прынцыпаў праватворчасці (праватворчага працэсу).

У залежнасці ад паслядоўнасці стадый праватворчага працэсу можна выдзеліць два яго тыпы. Першы тып характарызуецца тым, што стадыі гэтага працэсу ажыццяўляюцца ў наступнай паслядоўнасці: фарміраванне права асэнсаванне права фармалізацыя (фармуляванне) права. Пры другім тыпе стадыі дадзенага працэсу маюць іншую паслядоўнасць: фармалізацыя (фармуляванне) права асэнсаванне права фарміраванне права. Заўважым, што ў абодвух тыпах другая стадыя аднолькавая – асэнсаванне права, але яна напаўняецца розным зместам ў залежнасці ад тыпу праватворчага працэсу. Прыменяльна да першага тыпу фактычна створаная ўдзельнікамі прававых грамадскіх адносін норма-стандарт асэнсоўваецца ў якасці патрэбнай грамадству нормы-мадэлі, а ў выпадку другога тыпу сфармуляваная дзяржавай норма-правіла асэнсоўваецца у якасці нормы-стандарта, якой павінны прытрымлівацца ўсе ўдзельнікі грамадскіх адносін.

Віды праватворчага працэсу выдзяляюцца па шэрагу падстаў. Па завершанасці праватворчы працэс можа быць: 1) поўным, калі ўключае ў сябе ўсе тры стадыі; 2) усечаным (ці скарочаным), калі ўключае не ўсе стадыі праватворчага працэсу. Напрыклад, правіла паводзін можа быць сфармулявана дзяржавай, але яно не будзе ўспрынята грамадскай свядомасцю ў якасці нормы - мадэлі і ў такім выпадку не прыжывецца ў грамадскіх адносінах. Скарочаны від праватворчага працэсу назіраецца і тады, калі створаная ў фактычных прававых адносінах норма-стандарт ужо асэнсавана ўдзельнікамі прававых грамадскіх адносін, але пры гэтым не сфармулявана патрэбнае правіла-мадэль і не адбылася фармалізацыя правіла паводзін з боку дзяржавы.

Па ступені ўрэгуляванасці нормамі права праватворчы працэс падзяляецца на: 1) праватворчы працэс, які амаль поўнасцю ўрэгуляваны нормамі права (напрыклад, заканадаўчы працэс); 2) праватворчы працэс, які часткова ўрэгуляваны нормамі права (напрыклад, працэс стварэння дагавора нарматыўнага зместу); 3) праватворчы працэс, які амаль не ўрэгуляваны нормамі права (напрыклад, дактрынальны працэс).

Па скіраванасці праватворчы працэс падзяляецца на: 1) праваўтваральны, які скіраваны на стварэнне новага права (норм права); 2) правазмяняльны, які скіраваны на змену дзеючага права (норм права); 3) праваадмяняльны, які скіраваны на адмену дзеючага права (норм права).

Па кіруемасці праватворчы працэс можа быць: 1) поўнасцю кіруемым, напрыклад стварэнне права ў выніку дзяржаўнай праватворчасці; 2) пераважна стыхійным, напрыклад стварэнне права ў ходзе дактрынальнай дзейнасці; 3) змешаным, калі на адной яго стадыі пераважаюць стыхійныя пачаткі, а на другой перавагу маюць мэтанакіраванасць і кіруемасць. Напрыклад, для стварэння права, якое пачынаецца як звычаёвая праватворчасць, а завяршаецца дзяржавай праз стварэнне фармальна азначанага і агульнага правіла паводзін, на першай стадыі характэрным будзе перавага стыхійных пачаткаў, а на завяршальнай – кіруемасці.
М.У.Сільчанка,

прафесар, доктар юрыдычных навук,

прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права

Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта



Спіс крыніц

  1. Дробязко, С.Г. Правообразование, правотворчество, правоустановление, их субьекты и принципы / С.Г.Дробязко // Степан Григорьевич Дробязко: к 90-летию со дня рождения С.Г.Дробязко / Бел. гос. ун-т, юрид. фак., юрид. колледж; редкол.: С.А.Балашенко [и др.] – Минск, 2013. – С. 43–60.

  2. Сільчанка, М.У. Агульная тэорыя права: вучэб.-метад. комплекс / М.У.Сільчанка. – Гродна: ГрДУ, 2008. – 709 с.

  3. Сільчанка, М.У. Паняцце і віды крыніц беларускага права / М.У.Сільчанка // Весн. Канстытуц. Суда Рэсп. Беларусь. – 2006. – № 2. – С. 41–49.

  4. Проблемы общей теории права и государства: учебник / под общ. ред. В.С.Нерсесянца. – 2-е изд., пересмотр. – М.: Норма: ИНФРА – М, 2010. – 816 с.

  5. Юридическая социология: учебн. для вузов. – М.: Изд-во НОРМА (Изд. группа НОРМА–ИНФРА–М), 2000. – 368 с.

  6. Мурашко, Л.О. Аксиологическое измерение процесса правообразования / Л.О.Мурашко. – М.: Юрлитинформ, 2015. – 304 с.

  7. Общая теория права: учебник для юрид. вузов / Ю.А.Дмитриев [и др.]; под общ. ред. А.С.Пиголкина. – 2-е изд., испр. и доп. – М.: Изд-во МГТУ им. Н.Э. Баумана, 1995. – 384 с.

  8. Червонюк, В.И. Теория государства и права: учебник / В.И.Червонюк. – М.: ИНФРА – М., 2006. – 704 с.

  9. Сильченко, Н.В. Роль и место понятия «типология» в понятийном аппарате теории государства и права / Н.В.Сильченко // Право и правотворчество: вопросы теории. – М., 1982.

  10. Зайцев, И.М. Юридический процесс / И.М.Зайцев // Теория государства и права. Курс лекций / под ред. Н.И.Матузова и А.В.Малько. – М.: Юристъ, 1997.


Annotation
The concepts of law-making and law-making process are studied through their systemic connection with the concept of law, its forms, sources and norms taking into account the ways of law formation. On this basis the author gives the definitions of law-making and law-making process and shows their types and kinds. At the same time these concepts are considered as identical in terms of volume, but aimed at identifying different aspects of the activity resulting in creation, amendment or abrogation of legal rules.
Дата паступлення артыкула ў рэдакцыю: 25.03.2016.


: bitstream -> 123456789
123456789 -> Учебная программа учреждения высшего образования по дисциплине для специальности: 1-21 05 01 Беларуская філалогія
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка