Прэс-канферэнцыя з замежнымі гасцямі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер87.72 Kb.
Сцэнар гульні “Прэс-канферэнцыя з замежнымі гасцямі”

Мэты:

1. Пашырыць веды вучняў пра Еўрапейскі Саюз, асобныя краіны Еўропы.

2. Развіваць уменні працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, цікавасць да жыцця іншых народаў.

3. Фармаваць грамадзянскія каштоўнасці, выхоўваць патрыятызм, любоў да свабоды.

Падрыхтоўка
За месяц у кожным з класаў было абвешчана, што ў нашу школу прыязджаюць высокія госці з Еўропы: старшыня Еўракамісіі, канцлер Германіі, прэзідэнт Польшчы, прэзідэнт Францыі, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, аташэ пасла Літвы.

Кожнаму класу было прапанавана падрыхтавацца да гэтай сустрэчы:

– запоўніць картку пра адну з гэтых краін “Характарыстыка краіны”;

– намаляваць сцяг, вядомы гістарычны помнік, рэч, якая асацыюецца з краінай;

– прыдумаць некалькі пытанняў пра сітуацыю ў краіне, адкуль прыехалі госці, пра адносіны з Беларуссю;

– напісаць ліст да равеснікаў з праграмай супрацоўніцтва і візіту.

Для падрыхтоўкі была рэкамендаваная літаратура.

11 клас рыхтаваў паведамленне пра гісторыю і сённяшнія актуальныя праблемы ЕС;

10 клас – пра Германію і Францыю;

9 клас – пра Літву і Вялікабрытанію;

8 клас – пра Польшчу;

– вучні старэйшых класаў рыхтуюцца выконваць ролі замежных гасцей.

– запрошана аташэ пасла Літвы Іявіта Праневічутэ.

– атрыманы дазвол дырэктара школы на запрашэнне аташэ.


Абсталяванне
– назва “Прэс-канферэнцыя”, на дошцы – лісты з інфармацыяй пра краіны, сцягі краіны ЕС, малюнкі вядомых гістарычных помнікаў, рэчаў, з якімі асацыюецца краіна.

– на сталах для замежных гасцей шыльды з прозвішчам і імем, пасадай замежнага госця.



  • фотавыставы: конкурс “Што я ведаю пра Еўропу”

Правядзенне прэс-канферэнцыі


1. Уступнае слова вядоўцы пра мэты мерапрыемства. Напамінак пра прыз для самых актыўных пры падрыхтоўцы і правядзенні прэс-канферэнцыі – уключэнне ў каманду, што паедзе на конкурс “Што я ведаю пра Еўропу”. Прадстаўленне замежных гасцей.

2. Выступленне 9 класа з іх звесткамі пра Літву.

1. Прэс-канферэнцыя з аташэ пасла Літвы Іявітай Праневічутэ – сапраўднай!



  1. Выступленне 10 класа з інфармацыяй пра Германію.

  2. Прэс-канферэнцыя з канцерам Германіі Ангелай Меркель (Яе ролю выконвае вучаніца 11 класа).

  3. Выступленне 11 класа пра гісторыю ўтварэння, сімвалы і праблемы ЕС.

  4. Прэс-канферэнцыя з сакратаром Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу

3. Выступленне 8 класа пра Польшчу.

  1. Прэс-канферэнцыя з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. (вучань 11 класа).


Пытанні

да старшыні ЕК ЕС Жазэ Мануэла Барозу
1) 17 снежня 2005 г. лідэры краін ЕС пасля доўгіх спрэчак і цяжкіх перагавораў нарэшце прынялі бюджэт ЕС на 2007-2013 гг. Цэлы год ішлі спрэчкі па гэтым дакуменце, падпісанню папярэднічалі 30 гадзін перамоваў. Чаму так пакутліва прымаўся рамачны бюджэт ЕС на 2007-2013 г.? Па якіх пытаннях ішлі спрэчкі?

2) Леташняе забойства ісламскім фанатыкам галандскага кінарэжысёра Тэа Ван Гога, скандал з малюнкамі прарока Мухамеда ў дацкай газеце, тэракты ў Лонданскім метро прымушаюць задумацца: ці магчыма мультыкультурнае грамадства ў ЕС?

3) Нядаўна ў Іраку тэрарыстка-смяротніца ўзарвала амерыканскі патруль. Пры расследаванні высветлілася, што смяротніцай была 38-гадовая бельгійка Мюрыэль Дэгок, якая нарадзілася і вырасла ў Бельгіі, прыняла іслам і разам з мужам-мараканцам удзельнічала ў радыкальнай мусульманскай арганізацыі ў Брусэлі. Паводле звестак СМІ, у Бельгіі ёсць цэлая група белых жанчын, гатовых стаць смяротніцамі джыхада. Што гэта? Чаму таму так адбываецца?

4) Ацаніце, якім быў 2006 г. для еўрапейцаў; чаго ў ім было больш: спакою, эканамічнага росту, ці ў гэтым годзе было больш крызісаў і ўтрасенняў?

5) Што добрага ёсць у Еўрапейскім Саюзе?

6) Якія праблемы ёсць у ЕС? Ці няма небяспекі для малых народаў страты сваёй нацыянальнай адметнасці?

7) 29 кастрычніка 2004 года ў Рыме на Капіталійскім узгорку была падпісана лідэрамі 25 дзяржаў Канстытуцыя ЕС. Гэтай падзеі папярэднічаў цяжкі працэс – 2,5 гады тэкст Канстытуцыі абмяркоўвалі, узгаднялі. Цяпер на працягу 4-х гадоў – да 2009 г. кожная з 25 краін ЕС будзе зацвярджаць Канстытуцыю. Чаму працэс складвання Саюза такі складаны, марудны?

8) Што новага ў Канстытуцыі ЕС у параўнанні з тымі правіламі, што дзейнічаюць зараз. Ці ёсць у Канстытуцыі ЕС права выхаду з Саюза?

9) Еўрасаюз сябе палічыў. У 25 краінах ЕС жыве 380,8 млн. чалавек. За год насельніцтва павялічылася на 1,3 млн. З іх толькі 300 тыс. натуральны прырост, а 1 млн. – імігранты. Вось такая неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя вымалёўваецца. Калі так будзе працягвацца, то, напэўна, хутка сярод жыхароў Еўропы будуць пераважаць негры, арабы, туркі, афганцы... Што робіцца ў ЕС, каб гэтага не здарылася?

10) Якія ўзаемаадносіны ЕС з Беларуссю? Што трэба, каб іх палепшыць?


Пытанні да канцлера Германіі Ангелы Меркель.
1) Чым адрозніваецца мадэль адзінай Еўропы, якую прапануе Германія, ад мадэлі Англіі?

2) 1 студзеня 2005 г. Кітай уступіў у Сусветную Гандлёвую Арганізацыю, еўрапейцам прыйшлося адмяніць квоты на кітайскі тэкстыль. За 5 месяцаў кітайскі экспарт падвоіўся. Таннае і якаснае кітайскае адзенне запоўніла еўрапейскія магазіны, выцясняючы даражэйшыя еўрапейскія вырабы. Вытворчасць адзення і тканін у краінах Еўропы скарацілася на 35-40 %. Што будзе? Што можа зрабіць ЕК, каб еўрапейская лёгкая прамысловасць канчаткова не разарылася?

3) Часопіс “Штэрн” у студзені 2006 г. надрукаваў, хто колькі зарабляе ў Германіі. Канцлер Ангела Меркель зарабляе 20 тыс. еўра ў месяц, гэта вельмі мала, калі параўнаць з заробкам аўтагоншчыка Міхаэля Шумахера – 4 млн. 830 тыс. еўра ў месяц ці ўпраўляючага “Дойчэ банка” Йозэфа Акермана – 840 тыс. еўра. Ці не скардзіцца канцлер Германіі на малы заробак, на недаплату цяжкай працы?

4) Як вядома, нараджальнасць у краінах ЕС вельмі нізкая, а самая нізкая – у Германіі. Статыстыкі палічылі, што к 2030 г. працаздольнае насельніцтва ЕС скароціцца на 21 млн., і гэта – з улікам іміграцыі. Якія справы, ініцыятывы плануюцца ў краінах ЕС, у Германіі, якія б дазволілі павялічыць нараджальнасць, узнавіць працоўныя рэсурсы?

5) Ваш урад утвораны напалову з сяброў партыі ХДС/ХСС, напалову з СДПГ. Гэтыя партыі знаходзяцца на розных канцах палітычнага спектра: ХДС/ХСС – правыя, а СДПГ – левыя , гэта значыць іх палітыка вельмі розная. Як вы мяркуеце прымірыць такія розныя палітычныя сілы, аб’яднаць палітычных праціўнікаў?

6) Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, у 2002 годзе працэс стварэння ЕС падтрымлівалі 59% немцаў, а ў 2006 – толькі 46%. Чаму адзіная Еўропа трывожыць немцаў?

7) Наколькі вострай сёння ў Германіі ёсць праблема фашызму? Наколькі распаўсюджаная гэта ідэя сярод моладзі? Што яе жывіць?

8) Германія з’яўляецца буйнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. Яна займае 2-ое месца пасля Расіі ў гандлёвым абароце РБ. Як Вы ацэньваеце стан адносін паміж РБ і Германіяй? Што ім замінае? Ці могуць яны палепшыцца?


Да прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага
1) У 2005 г. моцна выраслі цэны на нафту – упершыню за барэль трэба плаціць больш за 60 даляраў. Такое падаражэнне энэрганосьбітаў б’е па еўрапейскіх краінах, у тым ліку і па Польшчы, бо сваёй нафты ў вас мала. Чаму назіраецца такі вялікі рост?

2) У лістападзе 2005 г. 2 тыдні ў прадмесцях Парыжа падлеткі і моладзь з імігранцкіх сем’яў, якія выраслі ў Францыі, рабілі пагромы: яны спалілі 9 тыс. аўтамабіляў і 96 будынкаў. Як высветлілася, яны рабілі гэта не з-за рэлігійнага фанатызму, а з-за сацыяльнага адчаю. Сацыяльнымі ізгоямі яны сталі з-за колеру скуры.

Ці магчыма нешта падобнае ў Польшчы? Як вы думаеце як прэзідэнт Польшчы, краіны , якая з’яўляецца чальцом ЕЗ і як лідэр правых сіл Польшчы, што трэба зрабіць ЕЗ, каб такога больш ніколі не было?

3) Як вядома, Папа Рымскі Іаан Павел II, які пайшоў ад нас у 2005 годзе, па паходжанні паляк. Яго вельмі шануюць палякі, ён з’яўляецца высокім маральным аўтарытэтам для ўсіх палякаў. Нядаўна Ватыкан ініцыяваў справу аб прылічэнні Іаана Паўла II да ліку святых, зараз збіраюцца доказы гэтага. Што Вы думаеце пра гэту справу? Ці быць вашаму суайчынніку святым?


Да аташэ пасла Літвы Іявіты Праневічутэ


  1. 11 сакавіка 1990 года Літва першай з савецкіх рэспублік выйшла з СССР. Чаго ваша краіна дасягнула за гады незалежнасці?

  2. Што набыла Літва, уступіўшы ў ЕС і НАТО? Якія катэгорыі насельніцтва асабліва задаволеныя? Хто не?

  3. 300-500 тысяч літоўцаў за гады незалежнасці выехалі з краіны ў пошуках лепшай долі. Ці не баіцеся, што ўсе з’едуць? Што робіцца ў Літве, каб гэтага не здарылася?

  4. Раскажыце пра сябе: адкуль Вы родам, дзе вучыліся, як такая маладая дзяўчына стала аташэ пасла Літвы на Беларусі?

  5. ВУП Літвы апошнія гады расце вельмі хутка – 5-7 % у год. Гэты рост адбываецца за кошт харчовай, тэкстыльнай галін, транзіту. А як справы з высокімі тэхналогіямі, ці будуць яны развівацца ў Літве?

  6. Якая будучыня Ігналінскай АЭС?

  7. Ці чыталі Вы кніжку пісьменніка Віктара Петкявічуса “Карабель дурняў”? Што пра яе думаеце?


Да прэзідэнта Францыі Жака Шырака
1) Чаму Францыя не падтрымала ЗША ў вайне з Іракам?

2) Нам стала вядома, што ў мінулым годзе у Францыі абмяркоўвалася прапанова аб адмене святкавання Троіцы як выхаднога дня ў агульнанацыянальным маштабе. Чаму гэта патрэбна? Якое рашэнне было прынятае?

3) Я прачытала, што ў Францыі плануецца прыватызацыя натуральных манаполій прамысловасці, як “Газ дэ Франс”, “Электрысіці дэ Франс”, “Эр дэ Франс”, “Тэлеком”. Чым выклікана неабходнасць гэтага кроку?

4) У СМІ прайшло паведамленне, што ў Францыі прыняты закон аб абароне французскай мовы. Што пагражае французскай мове – мове 60-мільённай нацыі?

5) Нядаўна баевікі ў Іраку ўзялі ў закладнікі 2-х французскіх журналістаў. Яны патрабавалі скасавання прынятага ў Францыі закона аб забароне насіць вучням у школе рэлігійную сімволіку, у тым ліку хустку хіджаб. Чаму у Францыі быў прыняты такі закон?

6) Францыя – адна з краін-лідэраў ЕС . Канечне, добра французам, якіх 59 млн., ці немцам, якіх яшчэ больш, агітаваць за ЕС – вялікія па колькасці нацыі будуць панаваць у Еўразвязе. А ці няма небяспекі для такіх малых краін, як Люксембург, Данія, Ірландыя, Партугалія згубіцца сярод вялікіх і багатых?

7) Як складваюцца ўзаемаадносіны паміж Францыяй і Беларуссю?
Гэта не ўсе падрыхтаваныя і зададзеныя пытанні , а толькі частка іх, як прыклад.
Падвядзенне вынікаў прэс-канферэнцыі. Рэфлексія.
Пытанні да вучняў:

Як вы адчувалі сябе на прэс-канферэнцыі?

Што новага даведаліся пры падрыхтоўцы да мерапрыемства? Зараз?

Што можна было б зрабіць іначай?



Пузына Ягор, 9 клас: “Я даведаўся шмат новага пра ЕЗ і Вялікабрытанію, калі рыхтаваўся выконваць ролю Тоні Блэра. Прыйшлося з’ездзіць нават у раённую бібліятэку, каб пашукаць інфармацыю пра Вялікабрытанію. Бо ў школьнай бібліятэцы мы з Зінаідай Іванаўнай нічога не знайшлі”.

Камароўская Марына, 8 клас: ”Мне спадабалася гэта форма – прэс-канферэнцыя. Мы неяк незаўважна для сябе даведаліся шмат пра ўзаемаадносіны Еўропы з Беларуссю. Я нічога гэтага не ведала.”

Раўтовіч Каця, 10 клас: “Мне спадабалася, як на пытанні адказваў Тоні Блэр, як ён трымаўся – ну проста англійскі лорд! Шкада, што мы не запісалі на дыктафон адказы “замежных гасцей”, там было шмат цікавых звестак.”

Тамашэвіч Таццяна, 11 клас: “Незвычайнае мерапрыемства. Нічога такога

раней у нашай школе не было. Чаму ў нас так мала інфармацыі пра ЕС? Цяпер, дзякуючы гэтай прэс-канферэнцыі, я ведаю гэта.”



Ільініч Наталля: “Зараз у нас у школе ёсць дасланыя паперы на 7 конкурсаў: розныя установы праз РАА (значыць – абавязкова!) прапануюць нам удзельнічаць у конкурсах, прысвечаных ВАВ. Наколькі хапае сілаў, мы спрабуем гэта рабіць.А вось сёння мы сабраліся на іншае мерапрыемства – у ім удзельнічаць нас ніхто не прымушаў. Я рада, што вы прыйшлі сюды сёння і што вы даведаліся пра нешта новае для сябе.

Я спадзяюся, што ўсе мы зрабілі маленькі крок у Еўропу, а значыць, да стабільнасці, свабоды, высокай культуры, дабрабыту , талерантнасці – да нашай Беларусі.”


Крыніцы:

  1. www.ec.europa.eu

  2. Еўрапейскі саюз: што гэта такое? Пад рэдакцыяй І. Лялькова. Мн., 2004.

  3. Еўрапейскі Саюз на сусветнай арэне.Мн., 2003.

  4. Расійскі часопіс “Эхо планеты”.

Ідэя гульні “Замежны госць” прапанаваная аргкамітэтам конкурса “Што я ведаю пра Еўропу”. Гэты сцэнарый распрацавала і правяла мерапрыемства Наталля Валянцінаўна Ільініч, настаўніца гісторыі Талькаўскай школы.

Дадаткі: аб’ява, картка-заданне для класа,які рыхтуе паведамленне пра

ЕС і пытанні для старшыні Еўракамісіі.

Прэс-канферэнцыя

з замежнымі гасцямі


9 сакавіка ў нашу школу з візітам прыязджаюць: прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, канцлер Германіі Ангела Меркель, старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу,

а таксама аташэ пасла Літвы ў Беларусі Іавіта

Праневічутэ. Запрашаюцца вучні 8-11 класаў.

Прыдумай самае цікавае пытанне!




: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка