Прывітанне! Вы мяне чуеце? Не зусім? Дзіўна! Магчыма яшчэ І не зусім добра бачыце? Так… Каторы час даводзіцца з гэтым ужывацца! Я звычайны ровар



Дата канвертавання23.06.2016
Памер27.91 Kb.
Прывітанне! Вы мяне чуеце? Не зусім? Дзіўна! Магчыма яшчэ і не зусім добра бачыце? Так… Каторы час даводзіцца з гэтым ужывацца! Я – звычайны ровар!

Наўрад ці хто стане спрачацца, што адным з важных вынаходніцтваў чалавецтва, якiя дазволiлi яму шпарчэй рухацца да новага жыцця, было кола. А яно да мяне мае самае непасрэднае дачыненне. Два колы, рама, сядзенне ды руль, яшчэ педалi i ланцуговая перадача – вось і я… новенькі!

Яшчэ год сто таму ровары былі на Беларусі адметнасцю немалой заможнасцi. А прыкладна ў 60-70-ых гадах мiнулага стагоддзя сталі вельмi неабходнай рэччу. Гараджане і вяскоўцы такім чынам дабiраліся на працу. Грамадскі транспарт быў не вельмі развіты. Як тут без ровара?

Тады і крыху пазней мой гаспадар, а таксама яго сябрукі марылi толькi аб адным: каб бацькi, прыехаўшы з працы, дазволiлi вечарам пару гадзiн пакатацца. Вось тут пачыналася асалода. Вецер, здавалася, пранізваў кожную дэталь ад хуткасці. У тагачасных «гонках» самымi непрыемнымi былi аварыi. Аднак яны аб’ядноўвалі хлопчыкаў і дзяўчынак – за рамонт браліся ўсе, шукалi патрэбныя дэталi, разам выпраўлялі паломкі. Калi падраслі, то ў іх жыцці паявіліся iншыя iнтарэсы.

Я шчаслівы, што па-ранейшаму ў жыцці свайго гаспадара застаўся ў якасцi сродку руху. Прыемна, што я з ім з ранняй вясны да позняй восені. Мы разам дабіраемся на работу, на дачны ўчастак, у краму…

У апошні час у майго гаспадара павялічваецца колькасць аднадумцаў. У нашым родным гарадку усё больш веласіпедыстаў паяўляецца. Едзем раніцай ці вечарам і сустракаем аднаго, другога трэцяга.

Крыўдна, што няма пакуль у нас спецыяльных асфальтаваных дарожак. Каб можна было ехаць і не баяцца аўтамабіляў, якія ў большасці выпадкаў ездзяць па правілах, а таксама пешаходаў, што ходзяць, як хочуць . Няма безбар’ернага асяроддзя – нават у цэнтры не прадугледжана нармальных з’ездаў з бардзюраў. Няма добра абсталяваных месцаў для паркоўкі. Мой гаспадар пастаянна прывязвае мяне да слупоў, дрэваў, парэнчаў…

Нядаўна нам пашчасціла быць у Капенгагене. Дзіва дзіўнае – вось дзе шчасце для веласіпедыстаў. Аказваецца, яшчэ год 30 таму на роварах ездзіла вельмі мала людзей. Цяпер становішча змянілася ў лепшы бок. Спачатку ў цэнтры гораду паступова адну за другой рэканструявалі вуліцы, рабілі добрыя тратуары і веладарожкі. Упэўнены, ужо дзякуючы гэтаму, вуліцы сталі бяспечнейшымі, яны ажылі, там паявіўся рух. А потым адміністрацыя горада і актывісты грамадскіх кампаній у падтрымку ровараў сталі ўводзіць невялікія і простыя хітрыкі. Напрыклад, на святлафорах аўтобусы і веласіпедысты пачынаюць рух на 6 секунд раней за аўтамабілі. Хіба ж не прыемна адчуць перавагу перад вялікім кавалкам металу на чатырох, а то і больш, колах?

На перакрыжаванні тратуар і веладарожка не перарываюцца, каб вадзіцелі ведалі, што перасякаюць тэрыторыю ровараў і пешаходаў. Для вялікай машыны не ўяўляе цяжкасці пераехаць праз такую перашкоду – своеасаблівы “спячы паліцэйскі”. А вось нам – люба-дорага ездзіць.

Яшчэ ў Капенгагене ёсць спецыяльная “зялёная хваля” на асноўных магістралях, што вядуць у цэнтр горада. Але не для машын, а для ровараў. Уводзяцца тут і “зялёныя” дарожкі праз паркі, месцы адпачунку і жылыя зоны. Паўсюль пачынае віраваць жыццё. Паяўляюцца новыя крамы, кафэ, месцы сустрэчы веласіпедыстаў. Здавалася б, невялікае паступовае ўмяшальніцтва ў жыццё горада. Аднак, нясе яно вялікія перамены для жыхароў і ровараў.

А яшчэ – вы не паверыце: зімой веладарожкі чысцяцца перш за дарогі. Вось гэта перавагі! Невыпадкова, што большасць мясцовага насельніцтва і ўзімку перамяшчаецца на работу так, як і летам. Вельмі спадабалася, што ва ўсім грамадскім транспарце можна без праблем перавозіць ровары.

Падобнае – адбываецца ва ўсім свеце. З кожным днём у ровараў паяўляецца ўсё большая колькасць прыхільнікаў. Спадзяюся, што зусім хутка падобнае будзе і ў нас. І Беларусь па-праву стане лепшай краінай для веласіпедыстаў і нас – ровараў!



А пакуль – ветра ў плечы!
Аляксандр Коўка, 32 гады, г. Лунінец.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка