«прызнанне, творчасць, майстэрства»



Дата канвертавання30.06.2016
Памер89.05 Kb.
УПРАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ ВАЎКАВЫСКАГА РАЙВЫКАНКАМА

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Біскупіцкая базавая школа»



«ПРЫЗНАННЕ, ТВОРЧАСЦЬ, МАЙСТЭРСТВА»

Гродзенская вобласць, Ваўкавыскі раён,

в. Біскупцы

ЛЕАНАРД ДАР'Я АНДРЭЕЎНА,

МЕЛЬГУЙ ТАЦЦЯНА СТАНІСЛАВАЎНА,

РУХЛЕВІЧ КАЦЯРЫНА МАР'ЯНАЎНА,

члены аргкамітэту музейнага пакоя,

Кіраўнік: кіраўнік музейнага пакоя,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА «Біскупіцкая базавая школа»

Язерская Таццяна Уладзіміраўна.

Тэл. 8(01512) 77-1-45

Прызнанне, творчасць, майстэрства

Ёсць шэраг людзей, імёны якіх ужо з’яўляюцца гонарам нашай краіны. Ім наканаваны доўгі век, таму што гэта дзеячы мастацтва, культуры, літаратуры, іншых галін чалавечага жыцця. Яны пасля сябе пакінулі выдатную, значную спадчыну. І нават ужо толькі па гэтай прычыне чалавецтва не мае права на забыццё іх імёнаў і таго ўкладу, які яны зрабілі прыжыццёва…

Сярод такіх імёнаў вызначаецца вобраз знакамітага пісьменніка Гродзеншчыны, Аляксея Нічыпаравіча Карпюка. Гэта чалавек, які быў няўрымслівы па характары, выключна праўдзівы, крыштальна чэсны, энергічны, ініцыятыўны, праўдалюб і праўдашукальнік, які прысвяціў усё сваё жыццё служэнню краіне, іншым людзям, які быў нераўнадушны да чужога гора, жыццёвых праблемаў. Адным словам, гэта чалавек, які прыжыццёва стаў чалавекам-легендаю.

У Біскупіцкай школе А.Н.Карпюк таксама пакінуў значны след, калі кіраваў педагагічным калектывам у 1951-1953 гадах на пасадзе дырэктара.

Калі прыняць пад увагу, што зрабіў за жыццёвую дзейнасць Аляксей Нічыпаравіч, то паслужны спіс акажацца вельмі значным. Нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава на Беласточчыне ў сялянскай сям’і.



Вось так выглядала бацькоўская хатка ў вёсцы Страшава,

што на Беласточчыне (цяпер тэрыторыя Польшчы).
Бацькі былі даволі заможныя, мелі добры надзел зямлі (31 гектар), але 18 гектараў з гэтага надзелу былі пясчанымі і камяністымі, а астатнія 13 уяўлялі сабой балота-тарфянік. Успамінаючы дзяцінства, Аляксей амаль не бачыў сябе сярод равеснікаў за гульнямі. Толькі і запамяталася, як у спякотнае лета ныла спіна і салёны пот засцілаў вочы. Вельмі зацелася захварэць на нейкі час, каб адпачыць, выспацца.

Фотаздымак 1937 года, дзе Аляксей разам са сваімі бацькамі.

Пасля сямігодкі вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні, у Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У пачатку вайны ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы ў канцы 1942 года быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль – у канцлагер Штутгоф. Яму ўдалося ўцячы з палону і прыняць удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 годзе стаў камандзірам партызанскага атрада імя К. Каліноўскага. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў разам з часцямі Савецкай Арміі ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. Калі больш падрабязна прааналізаваць гэта пытанне, то ўсё выглядала прыкладна так…



Якое шматграннае чалавечае жыццё… 22 чэрвеня 1941 года падзяліла жыццё людзей на “да” і “пасля”. Вайна Аляксея Карпюка застала, калі ён быў студэнтам Навагрудскага педвучылішча. У дзеючую армію адразу ў ваенкамаце не ўзялі. З Навагрудка вырашыў ісці дамоў. Пасля вяртання юнак са сваімі сябрамі ўсталёўвае кантакты з акружэнцамі. Добра валодаючы нямецкай мовай, па загаду камандзіра групы ўладкоўваецца працаваць на чыгунку. У 1943 г. па даносе правакатара ўся сям’я мужчын Карпюкоў трапляе за краты Беластоцкай турмы, затым два браты “за бандытызм” аказваюцца ў лагеры смерці Штутгоф. Спрабуе некалькі разоў уцячы. Дзейнічаў напачатку ў складзе партызанскага атрада імя А.Матросава. У страшаўскіх лясах арганізоўвае атрад імя К.Каліноўскага…..

Многа выдатных баявых аперацый на рахунку партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага пад кіраўніцтвам Аляксея Карпюка. Самае цікавае, што за ўвесь час баявых дзеянняў у атрадзе загінула толькі 3 чалавекі.
26 красавіка 1945 года ў 13.00 на берлінскай вуліцы Мольтке за спінаю 25-гадовага радавога Карпюка ўзрываецца нямецкая міна… Дзіра, металічны і два драўляныя (ад разбітага аўтаматнага прыклада) асколкі ў лёгкім. Некалькі цяжкіх аперацый, балансаванне паміж жыццём і смерцю, доўгае лячэнне. Са шпіталя Аляксей выходзіць толькі ў жніўні 1945 года. Пасля гэтага яшчэ тры разы ён спрабуе пазбавіцца ад “падарункаў” вайны. Нарэшце ў Маскоўскім даследчым інстытуце грудной хірургіі асколкі вымаюць (разам з лёгкім)… Самае крыўднае ў гэтай сітуацыі тое, што па хлуслівым даносе ў КДБ нейкі «доброжелатель» усумніўся ў гераічным баявым прошлым Аляксея Нічыпаравіча, пасля чаго ён быў пазбаўлены партыйнага білета і работы на цэлыя два гады…

У 1947 годзе пазнаёміўся з самай цудоўнай у свеце дзяўчынай, Альшэўскай Інай Анатольеўнай, і закахаўся ў яе. Не пабаяўся, што гэта была дачка “ворага” народа. Ва ўсім быў праўдзівым і шчырым, ніколі ў жыцці не шукаў карысці для сябе, не ўмеў здраджваць, тым больш у каханні.



Як пазней успамінала Іна Анатольеўна: “Карпюк А.Н. быў без адзінага лёгкага, таму што быў паранены ў час вайны ў грудзі. Я закахалася ў хлопца, які перанёс 5 аперацый і спіна яго мела выгляд, быццам па ёй трактар прайшоўся. Аднойчы на беразе Нёмана, убачыўшы да пояса распранутага хлопца, я закахалася ў гэтую спіну. Аказалася на ўсё жыццё”.

Крыху ачуняўшы пасля цяжкага ранення, Карпюк А.Н. паступае ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы на аддзяленне англійскай мовы, на нейкі час ператварыўшыся ў студэнта.



У ліпені 1949 годзе Аляксей Нічыпаравіч Карпюк скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута, атрымаўшы дыплом настаўніка англійскай мовы 8-10 класаў, ажаніўся з Інай Анатольеўнай і з аптымізмам накіраваўся на работу: яго прызначылі загадчыкам аддзела народнай адукацыі Сапоцкінскага раёна. У 1951-1953 гадах Карпюк А.Н. пераехаў з сям’ёй у Ваўкавыск і стаў працаваць дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы.



Жыццё ў школцы «кіпела» на поўную моц. Вучні з задавальненнем удзельнічалі ў спаборніцтвах, конкурсах, святах, мерапрыемствах, адрозніваліся вялікай актыўнасцю і стараннасцю. Магчыма, з гэтай прычыны многія былыя выпускнікі Біскупіцкай школы пасля займалі кіруючыя пасады ў розных галінах вытворчасці краіны.

І ўласнае жыццё паступова ўваходзіла ў сваю каляіну.
У Біскупцах мясцовыя камуністы абралі Карпюка А.Н. сакратаром калгаснай партыйнай арганізацыі. Нягледзячы на грамадскую работу, на актыўнасць жыццёвай пазіцыі, у яго вызваліўся час для іншых спраў. “Вось тады другі раз у жыцці і задумаўся я сур’ёзна: што рабіць? Перспектыва настаўніка англійскай мовы не вабіла. Раптам зарадзілася дзёрзкая думка – давай напішу кніжку”, - успамінаў Аляксей Нічыпаравіч.

Вось менавіта ў гэты перыяд, 1953 год, адбываецца дэбют у друку з аповесцю “У адным інстытуце”. Янка Брыль надаў пачынаючаму пісьменніку штуршок для творчай фантазіі. Дэбют аказаўся ўдалым, гэта надало дадатковыя сілы. Неўзабаве быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Але паспрабуем і надалей захаваць храналагічную паслядоўнасць жыцця пісьменніка А.Н.Карпюка.

Хто цяпер пазнае ў гэтым будынку былую Біскупіцкую сямігадовую школу Ваўкавыскага раёна? Менавіта такі выгляд яна мела, калі педагагічны калектыў узначаліў у 1951-1953 годах КАРПЮК АЛЯКСЕЙ НІЧЫПАРАВІЧ .



Можна шмат год пражыць на зямлі, а не зрабіць і малюсенькай часткі таго, што давялося Аляксею Нічыпаравічу адолець усяго толькі за два гады. Дзякуючы таму, што будаўніцтва школы усклаў на свае плечы Карпюк А.Н., яна набыла сучасны выгляд.

Адначасова з будаўніцтвам школы па ініцыятыве маладога дырэктара закладаецца вялікі сад, які да гэтага часу дае добрыя ўраджаі яблык, груш і сліваў.



Пасля работы ў Біскупцах выкладаў у Гродзенскім педінстытуце. З 1955 па 1957 год працаваў у абласной газеце «Гродзенская праўда», быў уласным карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, быў сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.



У хуткім часе нарадзілася трое дзетак.

Бацькоўскія клопаты адбіралі таксама многа часу.



Іна Анатольеўна Карпюк, як верная сябоўка і жонка, усё жыццё падтрымлівала мужа, нават у самыя складаныя і небяспечныя моманты жыцця. І гэта таксама надавала жыццёвыя сілы…
Жыццё рухалася сваёй каляінаю… І вось ужо ўнукаў дачакаліся разам, але, нажаль, здароўе з гадамі і жыццёвымі праблемамі не паляпшаецца, а пагаршаецца…

Нават у апошнія хвіліны жыцця Іна Анатольеўна была побач з невылечна хворым Аляксеем Нічыпаравічам... Такая самаахвярнасць заслугоўвае выключнай павагі.

Гэта што датычыцца асабістага жыцця. Як жа рухаліся справы ў грамадскім жыцці і ў пісьменніцкай дзейнасці?
1. Увесь час гэты чалавек не ўпісваўся ў афіцыйны фармат эпохі, бо на кожнай пасадзе вызначаўся прынцыповасцю, няўрымслівай ініцыятыўнасцю, нераўнадушнасцю да хлусні, таму нярэдка быў вельмі не даспадобы бюракратам розных узроўняў. Але было ў пісьменніка тое, што да гэтай пары выклікае павагу і захапленне: максімальна сумленныя адносіны да даручанай справы, вернасць уласным ідэалам і прынцыпам.
2. Пасля ўдалага дэбюту ў 1953 годзе з аповесцю «У адным інстытуце», былі выданы аповесці і апавяданні: «Дзве сасны» (1958г.), «Данута»(1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Свежая рыба» (1978),»Сучасны канфлікт» (1985), «Карані» (1988 г.) і інш.

Сяброўства праз усе гады звязвала сям’ю Аляксея Нічыпаравіча Карпюка і Васіля Уладзіміравіча Быкава. Яны былі паяднаныя лёсам, каб у цяжкія хвіліны падтрымліваць адзін аднаго. У той час, калі Аляксей Нічыпаравіч па хлусліваму даносу быў выключаны з радоў камуністычнай партыі і страціў работу, першым на дапамогу прыйшоў Васіль Уладзіміравіч. Два буйныя гродзенскія пісьменнікі мелі сувязь не толькі матэрыяльную, але, перш за ўсё, духоўную…



На ўсе ўрачыстасці, якія адбываліся ў Гродне, пісьменніка запрашалі як ганаровага госця, сакратара Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР, дырэктара Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1980 года з'яўляецца заслужаным работнікам культуры БССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1 і 2 ступені, медалямі і залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары» (Польшча). Заслужаны работнік культуры БССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа. Мiжнародны бiяграфiчны цэнтр у Кембрыджы (Англiя) надаў А.Карпюку званне «Лепшы чалавек года» за 1992 г. На жаль, пасля працяглай і цяжкай хваробы ў гэтым жа годзе, 14 ліпеня 1992 года, на 73 годзе жыцця, Аляксея Нічыпаравіча Карпюка не стала. Ушанаванне і провады ў апошні шлях адбываліся ў сценах інстытута (на той час ужо ўніверсітэта), дзе вучыўся і працаваў пісьменнік.

Становіцца відавочна зразумелым, чаму так свята ўшаноўвае памяць пра свайго былога дырэктара калектыў настаўнікаў і вучняў Біскупіцкай базавай школы, стварыўшы літаратурна-краязнаўчы музейны пакой, асноўныя фонды якога прысвечаны менавіта жыццю і творчасці настаўніка і пісьменніка-гродзенца, дзеяча культуры і мастацтва, выдатнага сябра і чалавека. У адной яго асобе выдатна злучаліся і суіснавалі ўсе самыя лепшыя чалавечыя рысы. Чалавек па жыцці творчы і ініцыятыўны, усё рабіў па прызванні і прызначэнні душы, валодаючы выключным майстэрствам у розных галінах жыцця. Ён быццам і прыйшоў у гэты свет, каб дарыць сябе людзям, нічога не патрабуючы ўзамен.



Біскупіцкая БШ не адзіная ў сваім жаданні захаваць памяць пра гэтага неардынарнага чалавека. У музеі гродзенскай СШ №35 адна з новых экспазіцый таксама раскажа пра Аляксея Нічыпаравіча Карпюка – былога кіраўніка партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага, што дзейнічаў у беластоцкіх лясах.

Сёння памяць пра Аляксея Нічыпаравіча Карпюка ўшаноўваецца ў сэрцах тысяч беларусаў, хто меў шчасце яго ведаць асабіста: вучняў Біскупіцкай школы, якія вучыліся пад яго кіраўніцтвам і ведалі як дырэктара, чытачоў, каторыя прачыталі хоць бы адзін твор пісьменніка …. Удзячныя гродзенцы прыносяць на месца, дзе А.Н.Карпюк знайшоў апошні прытулак, кветкі. У 2008 годзе побач з мужам сціпла заняла сваё месца і Іна Анатольеўна Карпюк, прыжыццёвы яго анёл-ахоўнік.
: biskupcy -> library
library -> Білет №10 Барацьба з агрэсіяй крыжакоў у xiii—xiv стст. Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 г
library -> Умацаванне велікакняжацкай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім у першай палове XIV ст. Паходжанне назвы княства
library -> 1. Дзяржаўны лад вкл характарызаваўся цэнтралізацыяй улады ў руках вялікага князя. Вышэйшай асобай у дзяржаве быў вялікі князь
library -> Білет №14 Утварэнне беларускай народнасці. Паходжанне назвы «Белая Русь»
library -> 1. Змены ў дзяржаўным ладзе Вялікага Княства Літоу скага ў XV — першай палове XVI ст. Умацаванне ўлады князя ў дзяржаве
library -> Білет №15 Культура Беларусі ў XIV — першай палове XVI ст
library -> Білет №13 Развіццё гарадоў на тэрыторыі Беларусі ў XIV — сярэдзіне XVI ст. Магдэбургскае права
library -> Білет №1 Унутрыпалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага ў першай палове XVI ст
library -> Білет №6 Культура Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XVIII ст
library -> Білет №4 Беларусь у час войнаў другой паловы XVII — першай паловы XVIII ст




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка