Програма для агульнаадукацыйных устаноў с беларускай мовай навучання мінск 2008 тлумачальная запіска прадмет «Выяўленчае мастацтва»



старонка1/3
Дата канвертавання15.06.2016
Памер436.3 Kb.
ТыпПрограма
  1   2   3



Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Выяўленчае мастацтва
I—V класы
вучэбная програма

для агульнаадукацыйных устаноў

с беларускай мовай навучання

МІНСК 2008



ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Прадмет «Выяўленчае мастацтва» адыгравае значную ролю ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Ён прызваны вырашаць спецыфічныя задачы, якія звязаны з перадачай фундаментальных каштоўнасцей, выпрацаваных чалавецтвам, з мэтай эмацыянальна-духоўнага, маральна-этычнага развіцця асобы, фарміравання яе творчага патэнцыялу.

Выяўленчае мастацтва з’яўляецца вельмі важным фактарам пазнання навакольнага асяроддзя і феномена чалавека. Пры гэтым праблемы, якія разглядаюцца, падаюцца ў яркай, эмацыянальна афарбаванай форме і ў адказ ініцыіруюць эмацыянальныя перажыванні вучняў. У выніку вобразы выяўленчага мастацтва засвойваюцца на эмацыянальным, рацыянальным, інтуітыўным і падсвядомым узроўнях.

Майстэрства выканання і яркія індывідуальна-аўтарскія рысы твораў выяўленчага мастацтва з’яўляюцца унікальнымі, не падлягаючымі варыятыўнаму паўтору. У сувязі з гэтым выяўленчая творчасць вучняў у сукупнасці з іншымі формамі мастацкай дзейнасці з’яўляецца значным фактарам выяўлення і сцвярджэння індывідуальнасці школьніка, яго здольнасцей, якія садзейнічаюць самаіндэнтыфікацыі і выпрацоўцы асабістага погляду на свет. На гэтай аснове школьнікі вучацца творча пераўтвараць навакольнае асяроддзе і свой унутраны свет.

У адукацыйным працэсе прадмет «Выяўленчае мастацтва» адрозніваецца ад іншых дамініраваннем мастацка-творчай дзейнасці. У працэсе заняткаў па выяўленчым мастацтве ў вучняў актыўна развіваюцца: вобразнае мысленне, фантазія, уяўленне, эмацыянальная сфера, мысліцельная дзейнасць, інтуіцыя і інш. Фарміруюцца прасторавыя і колеравыя прадстаўленні, пачуццё меры, рытму, сіметрыі і асіметрыі, прапорцый, кампазіцыйнай раўнавагі, камбінаторныя і сенсорныя здольнасці.

У адпаведнасці са спецыфікай вучэбнага прадмета мэтай адукацыі ў галіне выяўленчага мастацтва з’яўляецца фарміраванне мастацка-эстэтычнай, маральна-этычнай культуры вучня, як культуры паважальных адносін да свету, развіццё яго творчага патэнцыялу як фактару творчага засваення і пераўтварэння свету.

Для вырашэння дадзенай мэты ставяцца наступныя задачы:

- засваенне вучнямі культурнага вопыту чалавецтва праз мастацка-вобразную сістэму айчыннага і сусветнага мастацтва;

- развіццё ўяўленняў аб нацыянальных адметнасцей роднай культуры;

- духоўна-эстэтычнае ўзбагачэнне вучняў у працэсе мастацка-эстэтычнага засваення рэчаіснасці і ўспрымання мастацкай спадчыны;

- фарміраванне навыкаў разумення мастацтва, як формы мастацка-вобразнага асмыслення свету;

- развіццё эмацыянальна-пачуццёвай сферы вучняў;

- стварэнне ўмоў для развіцця творчага патэнцыялу і мастацкіх здольнасцей вучняў на аснове выяўленчай дзейнасці;


- азнаямленне з тэарэтычнымі ведамі, мовай і сістэмай выразных сродкаў выяўленчага мастацтва;

- фарміраванне практычных навыкаў работы ў розных відах мастацкай дзейнасці;

- фарміраванне ўстойлівай цікаўнасці да выяўленчага мастацтва, умення асэнсоўваць яго спецыфічныя асаблівасці.

Рашэнне дадзеных задач забяспечваецца сістэмай метадалагічных падыходаў, якія арыетуюцца на прынцыпы гуманізацыі і гуманітарызацыі сучаснай адукацыі, у аснове якой ляжаць:

- аксеалагічны падыход, які вызначае каштоўнасці педагагічнай дзейнасці, ствараючай умовы для станаўлення духоўнай культуры асобы вучня;

- дзейнасны падыход як сукупнасць формаў і спосабаў дзейнасці чалавека, абаснаваных культурнай зададзеннасцю, сацыяльнай запатрабава-насцю і асабістым вопытам;

- культуралагічны падыход, які разглядае мастацкую адукацыю як частку культуры, а навучанне як працэс ператварэння дасягненняў культуры ў набытак канкрэтнай асобы;

- асабіста арыентаваны падыход, які прызнае вучня не аб’ектам, а суб’ектам навучання (яно мае асобасную, індывідуалізаваную і суб’екты-віраваную афарбоўку).

У рамках заяўленых падыходаў наступныя прынцыпы навучання выяўленчаму мастацтву, рэалізаваныя ў праграме:

- прынцып цэласнасці вывучэння вучнямі выяўленчага мастацтва на аснове цэласнага спасціжэння культурнага вопыту чалавецтва: мастацкага, эстэтычнага, маральнага, навуковага і г. д., — што вядзе да фарміравання цэласнай асобы, здольнай да гарманічнага ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем;

- прынцып культуралагічнай адпаведнасці, які предугледжвае максімальнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе культурных нацыянальных і рэгіянальных традыцый. Выкананне дадзенага прынцып забяспечвае станаўленне нацыянальна-культурнай ідэныфікацыі вучня, фарміраванне ў яго ўяўленняў аб нацыянальным вобразе свету;

- прынцып сацыялізацыі, які прадугледжвае развіццё і самаразвіццё асобы вучня на аснове працэсу засваення сацыяльна значнага вопыту чалавецства;

- прынцып культуратворчасці, які выўляе ўсведамленне вучнем самого сябе і сваёй дзейнасці ў гісторыка-культурным працэсе, у дачыненні да фундаментальных каштоўнасцей культуры;

- прынцып інтэгравання, які предугледжвае вувучэнне комплекса выяўленчага мастацтва з адзіных культуралагічных пазіцый, заснаваных на універсальнасці і адзінстве розных відаў мастацтва, што дазваляе школьніку ўсвядоміць уключэнне вувучаемага прадмета ў агульную карціну свету;

- прынцып дыялогу, які дапамагае школьнікам зразумець, даць ацэнку і прыняць як роўнавялікую культуру свайго народа і культуры іншых народаў і эпох. Навучанне, якое пабудавана на дадзеным прынцыпе фарміруе талерантнасць, павагу да іншых культур, дазваляе ўбачыць адметнасць роднай культуры;

- прынцып крэатыўнасці, на яго аснове ідзе працэс фарміравання адпаведных якасцей асобы;

-прынцып матывацыі, які забяспечвае і стымулюе цікавасць вучняў да вучэбнага прадмета.

Навучанне выяўленчаму мастацтву мае рознаўзроўневы характар і нацэльвае на выкарыстанне індывідуальных формаў навучання, што з’яўляецца асновай асобасна-арыянтаванага падыходу.

Сістэмаабразуючым пачаткам праграмы і яе сэнсавым стрыжнем з’яўляецца дыференцыяцыя вучэбнага матэрыялу па трох асноўных кампанентах, якія ахопліваюць праграму з I па V класы:

«Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці»;

«Успрыманне мастацтва»;

«Практычная дзейнасць».

Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці як састаўная частка мастацкай дзейнасці мае ў праграме адносна самастойную сістэму вучэбных задач. Змест дадзенага раздзела ў структуры праграмы ад класа да класа паступова пашыраецца. Гэтым падкрэсліваецца значнасць сістэматычнага развіцця ў вучняў, свядомага падыходу да ўспрымання эстэтычнага ў рэчаіснасці і мастацтве, ва ўласнай мастацкай дзейнасці. Асноўная задача гэтага віду дзейнасці — асваенне прадмета на эстэтычным узроўні, што вядзе да фарміравання эстэтычнай свядомасці і эстэтычных пачуццяў вучняў.

Асаблівую ўвагу патрэбна надаваць сферы эстэтычных і этычных каштоўнасцей нацыянальнай культуры, маральна-эстэтычнаму ўдасканаленню чалавека, эстэтычнаму асваенню прыроднага свету і свету «другаснай прыроды» — архітэктурнага і прадметнага асяроддзя чалавека.

Задачай дадзенага змястоўнага кампаненту праграмы з’яўляецца развіццё ў школьнікаў зрокавай культуры, візуальнага ўспрыняцця, назіральнасці.

Зместавы кампанент «Успрымання мастацтва» садзейнічае засваенню прадмета на мастацкаведчым узроўні. Яго задачай з’яўляецца фарміраванне ключавых арыенціраў успрымання выяўленчага мастацтва, пашырэнне мастацкага далягляду вучняў, вывучэнне тэарэтычных асноў выяўленчага мастацтва, засваенне яго мовы, сістэмы выразных сродкаў.

У выніку засваення зместу дадзенага раздзелу праграмы вучні атрымліваюць уяўленне аб ролі мастацтва ў жыцці чалавека і грамадства, аб асновах нацыянальнага і сусветнага мастацтва, асаблівасцях розных відаў і жанраў мастацтва, іх ўзаемасувязі.

Пры вывучэнні школьнікамі твораў нацыянальнай культуры, неабходна пастаянна выхоўваць у іх любоў да роднай культуры, адчуванне яе нацыянальнай адметнасці, імкненне працягваць мастацкія традыцыі.

Асаблівая ўвага надаецца знаёмству з мастацтвам роднага краю, творчасцю прафесіянальных і народных майстроў, меснымі мастацкімі адметнасцямі. Вывучэнне вучнямі помнікаў архітэктуры і выяўленчага мастацтва, мастацкіх промыслаў і рамёстваў свайго рэгіёна, горада, вёскі, сяла не толькі садзейнічае далучэнню дзяцей да творчасці на аснове мясцовых традыцый, але і выхоўвае любоў да роднага краю, павагу да людзей, якія жывуць побач, фарміруе жаданне берагчы і множыць мастацкі набытак свайго рэгіёна.

Пры азнаямленні школьнікаў з раздзелам праграмы «Успрыманне мастацтва» важным з’яўляецца развіццё навыкаў успрымання мастацкага вобраза, выдатных твораў айчыннага і сусветнага мастацтва, фарміраванне ведаў і ўяўленняў аб творчасці мастакоў.

У працэсе ўспрымання мастацтва развіваюцца здольнасці вучняў суперажываць і эмацыянальна адгукацца на творы выяўленчага мастацтва, яго змест, уменне выказваць да яго свае адносіны. Вучні атрымліваюць навыкі ўспрымання твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, раскрываюць яго змест на аснове засвоеных паняццяў і тэрмінаў, адзначаюць некаторыя даступныя іх разуменню мастацкія сродкі і раскрываюць іх ролю ў стварэнні мастацкага вобраза.

Пералік рэкамендаваных у праграме твораў з’яўляецца прыкладным. Настаўнік можа прапанаваць іншыя раўназначныя ў мастацкіх адносінах творы.

Успрыманне выяўленчага мастацтва павінна мець месца на ўсіх уроках. Разам з тым яно прадугледжана праграмай як самастойны від заняткаў. На некаторых занятках вывучэнне праводзяцца з наступнымі: маляваннем, лепкай, выкананнем работ па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву і дызайну: першая частка ўрока — гутарка па тэме, другая — практычная работа. Пачынаючы з V класа гутарцы можа быць прысвечаны ўвесь урок.

У аснову зместавага кампанента «Практычная дзейнасць» пакладзены прынцып сістэматычнага развіцця ў вучняў уменняў мастацкага мадэліравання свету. У працэсе засваення прадмета, які здзяйсняецца на мастацка-творчым узроўні, набываецца вопыт творчай дзейнасці, развіваюцца мастацкія здольнасці вучняў у галіне колера- формаўтварэння, засвойваюцца прасторавыя ўяўленні, навыкі дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці і дызайну.

На занятках па выяўленчым мастацтве вучні малююць, лепяць з натуры, па памяці назіранні, уяўленні і на прапанаваныя тэмы, выконваюць работы ў розных відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну ў аб'ёме патрабаванняў праграмы.

Практычная дзейнасць уключае:



- адлюстраванне на плоскасці (маляванне фарбамі і графічнымі матэрыяламі, аплікацыя, калаж, мазаіка, гравюра);

- лепку з пластыліну і работу са скулптурнымі матэрыяламі (гліна, салёнае цеста, пенапласт, пап’е-машэ);

- дэкаратыўна-прыкладную дзейнасць і дэызайн (мастацкае рашэнне плоскіх і аб’ёмных вырабаў з элементамі архітэктуры, сучаснага дызайну, мастацкага канструявання, дэкаратыўнай лепкі, традыцыйнага народнага мастацтва).

Адлюстраванне на плоскасці ўключае маляванне з натуры, па памяці, па ўяўленні пасля непасрэдных назіранняў, работу на тэму па заданні настаўніка або на аснове ўяўлення, фантазіі, а таксама эскізы (накіды), прыкладную графіку і аплікацыю, калаж, мазаіку і інш.

Лепка (скульптура) мае найбольшае значэнне ў пачатковай школе, дзе рухальна-тактыльны кампанент выконвае вядучую ролю ў развіцці выяўленчай дзейнасці дзяцей.

Дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць уключае элементы адлюстравання на плоскасці, мастацкага канструявання і праектавання, работу з прыроднымі матэрыяламі (лісце, кветкі і г. д.), што садзейнічае развіццю ў школьнікаў уяўлення аб сувязі розных відаў мастацкай дзейнасці.

Важна спалучыць выяўленчую дзейнасць з аб’ёмна-прасторавымі відамі работы (лепка, канструяванне, мадэліраванне), тэарэтычным вывучэннем законаў выяўленчай граматы, аналізам формы, прапорцый і канструкцыі прадмета.

Неабходна выкарыстоўваць і чаргаваць розныя віды работы, разнастайныя матэрыялы і мастацкую тэхніку: гуаш, акварэль, каляровыя крэйды, аплікацыя, манатыпія, канструяванне. Гэта дасць магчымасць школьнікам атрымаць уяўленне аб разнастайнасці сродкаў у стварэнні мастацкага вобраза і ўменні свядома выбіраць матэрыял у залежнасці ад зместу і задумы работы.

Настаўніку прадстаўляецца магчымасць выбару выяўленчых матэрыялаў для выканання вучнямі творчага задання з улікам іх асабістых пажаданняў. Асноўны прынцып выбару заданняў для практычнай дзейнасці вучняў — варыятыўны, які дазволіць індывідуалізаваць мастацка-творчы працэс, максімальна наблізіць яго да асобы вучня. З гэтай мэтай у праграме прапаноўваюцца некалькі тэм (заданняў) па кожнай вучэбнай задачы. Яны таксама з’яўляюцца прыкладнымі, дазваляючы вучням самастойна выбіраць тэму і тэхніку выканання кампазіцыі, калі гэта не супярэчыць пастаўленай вучэбнай задачы.

Змест практычных заняткаў мае на ўвазе рашэнне чатырох асноўных груп вучэбных задач:



  1. кампазіцыя;

  2. колер і асвятленне;

  3. форма, прапорцыі, канструкцыя;

  4. прастора і аб’ём.

Засваенне гэтых груп задач, якія ляжаць у аснове выяўленчай граматнасці, павінна быць падначалена свядомаму рашэнню мастацкага вобраза ў адпаведнасці з узроставымі магчымасцямі вучняў.

Галоўнае ў рабоце над кампазіцыяй у пачатковых класах — асваенне ўсёй паверхні ліста паперы і запаўненне яго выявай, а ў лепцы і дэкаратыўнай рабоце — стварэнне цэльнай формы. Школьнікі вучацца адбіраць для кампазіцыі аб’екты адлюстравання згодна задуме і маляваць іх буйна.

Работа па кампазіціі ў V класе звязана з выразнымі якасцямі прасторавага вырашэння, колеравага стану і асвятлення ў залежнасці ад задумы малюнка. Некаторыя заданні звязаны з кампазіцыйным эфектам перспектывы, выбарам пункту гледжання, пабудовы прасторы з нізкай і высокай лініяй гарызонту.

У рабоце з колерам у I—IV класах ставіцца задача бачыць колер разнастайна, адрозніваць і складаць патрэбныя адценні. Уласцівае дзецям захапленне яркімі «адкрытымі» колерамі належыць спалучаць з прымяненнем складаных адценняў шляхам змешвання фарбаў. У пачатковых класах належыць аддаваць перавагу гуашы над акварэллю, таму што гуаш дазваляе актыўна дзейнічаць з матэрыяламі і выпраўляць работы. У неабходных выпадках побач з гуашшу выкарыстоўваецца і акварэль, акварэль з бяліламі або камбінаваная тэхніка, калі малюнак дэталізуецца каляровымі крэйдамі.

У V класе работа вучняў у колеры ўскладняецца, асабліва ў працэсе малявання з натуры і актыўнага назірання колеру ў рэчаіснасці. Свядомыя адносіны да складанасці колеравага вобраза замацоўваюцца на ўроках успрымання і ў кампазіцыйнай дзейнасці.

У рабоце над формай важна вучыць адчуваць вобразны характар формы, імкнуцца да яе паслядоўнага ўскладнення пры выяўленні. Для выпрацоўкі навыкаў аналізу формы вялікую ролю адыгрываюць заняткі лепкай і дэкаратыўна-прыкладной дзейнасцю, канструяваннем, дзе вучні актыўна працуюць з аб’ёмнай формай.

Навучанне перадачы прасторы на паперы пачынаецца з I класа, у асноўным у рабоце па назіранні і на зададзеныя тэмы. Галоўная ўвага ў рабоце з малодшымі школьнікамі надаецца фарміраванню ў іх паняццяў аб зломе плоскасцей, мяжы злому: мяжы падлогі і сцяны, бачнай мяжы зямлі і неба, а таксама ўменню правільна размясціць прадметы на паверхні падлогі і зямлі.

У працэсе работы над прасторай і аб’ёмам у V класе вучні засвойваюць паняцце аб адзінстве пункту гледжання на групу прадметаў і вучацца перадаваць бачныя (перспектыўныя) змяненні іх формы і прапорцый у залежнасці ад палажэння малюючага.

Вялікае значэнне мае сістэматычнае вывучэнне законаў перспектыўнага змянення формы прадметаў, працэс мадэліравання аб’ему аб’ектаў сродкамі светаценю з улікам колеру крыніцы асвятлення.

Пры гэтым трэба імкнуцца выпрацаваць у школьнікаў тыя навыкі работы, паняцці і правілы, якія вучні павінны не толькі засвоіць, але і ўмець тлумачыць. Практычную дзейнасць на ўроках неабходна звязваць з успрыманнем і аналізам твораў мастацтва. Праграма прапануе назіранне і вывучэнне аб’ектаў прыроды, натурных прадметаў, дэманстрацыю экранных сродкаў (фільмаў, дыяпазіты-ваў), рэпрадукцый, якія з’яўляюцца для вучняў асновай рашэння мастацкага вобраза.

У праграме вялікая ўвага надаецца тэхнічным момантам мастацкай дзейнасці, у прыватнасці прыёмам работы пэндзлем і фарбамі, якія павінны быць засвоены паступова. Вялікую ролю мае наглядны паказ (дэманстрацыя) настаўнікам прыёмаў работы матэрыяламі і інструментамі.

Пры планаванні часу на дадзены від работы трэба ўлічваць, што віды мастацкай дзейнасці на ўроках могуць спалучацца і займаць частку ўрока: успрыманне — з практычнай работай, лепка — з маляваннем.

У адным заданні (лепка, малюнак, дэкаратыўна-прыкладныя работы) вучні рашаюць адначасова некалькі вучэбных задач, напрыклад: выбар велічыні выявы і кампазіцыйнае размяшчэнне яе на карціннай плоскасці, перадача формы і колеру прадмета, перадача канструкцыйных асаблівасцей формы прадмета і аздабленне формы ўзорамі і г. д.

У залежнасці ад умоў работы або поспехаў дзяцей настаўнік можа самастойна складаць заданні тыпу рэкамендаваных у праграме. У гэтым выпадку заданне ўяўляе сабой адзінства пяці кампанентаў:



  1. вучэбнай задачы (форма, колер, прастора і г. д.);

  2. тэмы або аб’екта работы;

  3. віду работы (маляванне з натуры, на тэмы, лепка і г. д.);

  4. матэрыялу і тэхнікі;

  5. тэрмінаў і паняццяў, якія засвойваюць вучні на дадзеным уроку.

На кожную практычную работу (малюнак, лепка, дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць, канструяванне і інш.) настаўнік можа адвесці адзін-два урокі.

Праграмай рэкамендуецца наступнае размеркаванне часу па зместавым кампаненце і відах заняткаў.





Віды дзейнасці

Класы

I

II

III

IV

V

Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва

12

7

7

8

9

Змест практычнай дзейнасці:

- адлюстраванне на плоскасці

- лепка

- дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць



56

33

9



14

27

16

5



6

28

17

5



6

27

14

6



7

26

15

4



7

Усяго

68

34

35

35

35

Асноўныя патрабаванні да зместу і метадаў выкладання выяўленчага мастацтва ў школе заснаваны на прынцыпах:

- арганічнае спалучэнне і адзінства вучэбна-выхаваўчага працэсу: маральнае, эстэтычнае і мастацкае выхаванне павінна быць заснавана на сістэматычным засваенні вучнямі мастацкіх ведаў і авалодванні практычнымі навыкамі мастацкай дзейнасці;

- авалодванне вучнямі выяўленчымі навыкамі і тэхнічнымі прыёмамі з’яўляецца не самамэтай, а сродкам і інструментарыем для мастацкага пазнання і стварэння мастацкага вобраза;

- улік узроставых магчымасцяў вучняў, спалучэнне індывідуальных і калектыўных формаў работы;

- фарміраванне ўяўленняў аб выяўленчым мастацтве, яго відах і жанрах, паняццях і тэрмінах, авалодванне тэхнікамі і матэрыяламі, вобразнай сістэмай;

- фарміраванне цэласных уяўленняў аб выяўленчым мастацтве, якія набываюцца ва ўзаемасувязі з усімі відамі мастацкай дзейнасці: эстэтычным засваеннем рэчаіснасці, успрыманнем мастацтва, тэарэтычнымі ведамі, творча-практычнай дзейнасцю;

- прымяненне разнастайных відаў работы і мастацкіх матэрыялаў;

- узаемасувязь розных відаў мастацтва (полімастацкасць) — выяўленчага мастацтва, музыкі, літаратуры, кінамастацтва і інш., — з дапамогай якіх ствараецца асацыятыўна-вобразная атмасфера, якая неабходна для аптымальнага развіцця мастацкага мыслення вучняў. З гэтай мэтай на ўроку адводзіцца пэўны час для прагляду рэпрадукцый, фрагментаў фільмаў, слуханню музыкі, літаратурных твораў.

На занятках па выяўленчым мастацтве важна, каб вучні творча асэнсавалі яго вобразную сістэму, мовы і выразныя сродкі.

Асаблівай увагі патрабуюць пытанні развіцця ў школьнікаў зрокавай культуры, візуальнага ўспрымання, назіральнасці.
I КЛАС (68 г)
I цыкл «БЫЛЬ-КАЗКА ПРА АЛОЎКІ І ФАРБЫ» (8 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1,5 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (0,5 г)

Уражанні ад прыроды: кветкі палявыя, лясныя, садовыя (рамонак, званочак, люцікі г. д.).

Пазнаць і назваць колеры і форму розных кветак, знайсці падабенства і адрозненне. «Вобразы» кветак: «Сланечнік» — адлюстраванне (графічнае, жывапіснае) і слова (проза і паэтычныя творы).
Успрыманне мастацтва (1 г)

Віды выяўленчага мастацтва: жывапіс (карціна), графіка (малюнак, ілюстрацыя, плакат). Творы мастакоў: I. Шышкін. «У сасновым бары»; А. Кашкуревіч. Ілюстрацыі да казак Г. Х. Андэрсана.


Практычная дзейнасць (6,5 г)

Паняцце аб графічным вырашэнні мастацкага твора. Магчымасці лініі і плямы. «Магутны дуб», «Стройная бярозка».

Паняцце аб асноўных колерах: жоўты, чырвоны, сіні. «Паветраныя шары», «Рознакаляровыя флажкі».

Паняцце аб састаўных колерах: аранжавы, фіялетавы, зялёны. «Цвецік-сяміцвецік».

Элементарнае ўяўленне аб выразнасці колеру: колер «святочны» і «сумны».

Маляванне на тэмы казак, пацешак і інш. «Пеўнік — Залаты Грабеньчык», «Пеўнік і бабовае зярнятка» (белая папера, гуаш, гелевая ручка).




II цыкл «МАСТАЧКА — ВОСЕНЬ» (8 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1,5 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (1 г)

Сувязь вобразаў у розных відах мастацтва: вобразы восені ў літаратуры, музыцы, выяўленчым мастацтве. Фарбы і гукі восені: рознакаляровае лісце, шум ветру, шум лесу і дрэў, шорах лісця, крыкі птушак, адлятаючых у вырай, шум дажджу. П. Чайкоўскі. «Восеньская песня»; А. Вівальдзі. «Поры года» (фрагмент).


Успрыманне мастацтва (0,5 г)

Віды выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вобраз восені ў творах мастпакоў: С. Катпкоў. «Лагойскі матыў»; Г. Вашчанка. «Перад адлётам у вырай», «Бульба»; Л. Шакінка. «Бабіна лета»; І. Левітан. «Залатая восень».


Практычная дзейнасць (6,5 г)
Адлюстраванне на плоскасці (2,5 г)

Маляванне пейзажу па памяці і ўяўленню: «Ясны восеньскі дзень», «Сумная восень», «Восеньская непагадзь». Гарманічнае запаўненне ліста паперы выявай.

Ілюстраванне вершаваных і музычных твораў: «Добры дзень, залатая восень!», «Падае, падае лісце, у нашым садзе лістапад».
Лепка (2 г)

Лепка садавіны і агародніны «Асенні нацюрморт» (яблык, груша, сліва, агурок, перац, памідор і інш.).


Дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць (2 г)

Аплікацыя «Асенні букет» (фларыстыка).


III цыкл «ГЕРОІ КАЗАК» (7 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (0,5 г)

Гутарка пра жывёл. Асаблівасці характару і нораву жывёл (добры, злосны, хітры, даверлівы, цікаўны і г. д.).

Казкі і музычныя творы пра жывёл: К. Сен-Санс. «Карнавал жывёл» («Слон», «Кенгуру» і г. д.); М. Рымскі-Корсакаў.


Успрыманне мастацтва (0,5 г)

Рэалістычныя і фантазійныя вобразы жывёл. Гутарка пра мастакоў-анімалістаў. Ілюстрацыі Я. Чарушана да кнігі «Розныя звяры», С. Маршака «Дзеткі ў клетцы».

Фантазійныя вобразы жывёл у фальклоры і сучасных мастацкіх фільмах.
Практычная дзейнасць (6 г)
Адлюстраванне на плоскасці (4 г)

Выбар палажэння ліста паперы ў залежнасці ад формы і размяшчэння выяўленых (адлюстроўваемых) прадметаў. Адпаведнасць выявы памеру ліста паперы. «Жырафа», «Бегемот», «Кракадзіл Гена», «Папугай Кеша», «Русалачка», «Кентаўр».

Маляванне па ўяўленні вобразаў беларускіх і рускіх народных казак, апавяданняў К. Чукоўскага, С. Маршака: «Кот Максім», «Храбры певень», «Змей Гарыныч», «Цыплёнак», «Варона», «Слон» (на выбар вучняў).
Лепка (1 г)

Лепка (складанне цэлага з асобных частак) персанажаў казак і мультфільмаў: «Цуда-Юда — трохгаловы змей», «Ліса», «Віні-Пух» (рознакаляровы пластылін).


Дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць (1 г)

Роспіс сілуэтаў посуду для жывёл — герояў казак: ката Максіма, Змея Гарыныча і інш. (каляровы пластылін).


IV цыкл «ДОБРЫ ДЗЕНЬ, ГОСЦЕЙКА ЗІМА!» (10 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1,5 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (0,5 г)

Назіранне зімовай прыроды. Форма засыпаных снегам шапак дрэў. «Зіма-мастачка», «Снегавыя скульптуры» (мультымедыйная прэзентацыя).


Успрыманне мастацтва (0,5 г)

Вобраз зімы. Творы мастакоў: А. Астаповіч. «Зімовы дзень»; С. Герус. «Зіма ў Мінску»; Л. Дударэнка. «Зімовы дзень»; В. Сумараў. «Іней»; Н. Рамадзін. «Незамёрзлая рэчка».

Ілюстрацыі да казак «Мароз Іванавіч»; Ю. Васняцоў. Ілюстрацыі да кнігі «Жарты-прыгаворкі» (на выбар настаўніка).
Практычная дзейнасць (8,5 г)
Адлюстраванне на плоскасці (4,5 г)

Малюнак інею на замёрзлых вокнах.

Перадача характэрных асаблівасцей будовы дрэў (іх канструкцыя, прапорцыі); выбар фармату ліста ў залежнасці ад характару выявы. Маляване на аснове назіранняў: «Зімовы лес», «Чароўныя дрэвы», «Узоры Дзеда Мароза».

Паняцце аб кампазіцыйнай узаемасувязі адлюстроўваемых аб’ектаў, размяшчэнне прадметаў адносна адзін аднаго. «Снягурачка», «Два Марозы», «Дзед Мароз».


Лепка (1 г)

Складанне цэлага з частак пры лепцы фігуры. «Я катаюся на санках» (аднакаляровы пластылін).


Дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць (3 г)

Аздабленне арнаментам «рукавічак» і «шапачкі» Снягурачкі, падноса для бабулі Мяцеліцы.

Выкананне фрыза «Сняжынкі» (калектыўная работа).
V цыкл «МОЙ ЛЮБІМЫ ЦЫРК» (6 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (0,5 г)

Цыркавое мастацтва, прафесіі артыстаў цырка (акрабат, клоун, жанглёр, дрэсіроўшчык і інш.).


Успрыманне мастацтва (0,5 г)

Эмацыянальнае і сэнсавае значэнне колеру для стварэння вобраза.



В. Лебедзеў. Ілюстрацыі да кніжкі С. Маршака «Цырк».
Практычная дзейнасць (5 г)
Адлюстраванне на плоскасці (2 г)

Кампаноўка выявы на лісце паперы; выкананне кампазіцыі на невялікім фармаце. Узаемасувязь аб’ектаў (фігур) кампазіцыі. «Вясёлы клоун», «Паветраныя гімнасты», «Дрэсіроўшчыца і галубы» (гуаш, каляровыя крэйды).


Лепка (1 г)

«Дрэсіраваны леў», «Пудзель Арто», «Малпачка на веласіпедзе» (аплікацыя).



VI цыкл «МАЕ РОДНЫЯ» (7 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (0,5 г)

Вобраз маці ў літаратурных творах, творах выяўленчага і музычнага мастацтва.



Успрыманне мастацтва (4 г)

Выразнасць колеру, колеры «святочныя» і «сумныя». Творы мастакоў: Л. да Вінчы. «Мадонна Літа»; М. Савіцкі. «Партызанская мадонна»; Л. Шчамялёў. «Маё нараджэнне».


Практычная дзейнасць (6 г)
Адлюстраванне на плоскасці (2 г)

Перадача характэрных асаблівасцей знешняга аблічча і настрою чалавека. «Вось мая матуля», «Мы з татам гуляем у шахматы», «Бабуля вяжа шалік», «Мой любімы дзядуля», «Мая сястрычка».


Лепка (1 г)

Дэкаратыўнае рашэнне вобраза пры лепцы цацак. Лепка цацкі ў падарунак родным (гліна ці пластылін).


Дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць (3 г)

Роспіс цацкі, якую вылепілі раней на ўроку па лепцы.

Эскіз платка ў падарунак для маці.
VII цыкл «СВЕТ ВАКОЛ НАС» (7 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (0,5 г)

Разнастайнасць формаў і колеру ў прыродзе. Прагулка па горадзе (вёсцы) ці мультымедыйная прэзентацыя.


Успрыманне мастацтва (0,5 г)

Паняцце аб форме прадметаў. Творы мастакоў: І. Хруцкі. «Кветкі і садавіна»; П. Клас. «Нацюрморт»; Ж.-Б. Шардэн. «Вішня і парэчкі»; П. Янсенс. «Інтэр’ер з жаночай фігурай каля акна».


Практычяая дзейнасць (5,5 г)
Адлюстраванне на плоскасці (3,5 г)

Фарміраванне ўяўлення аб форме, яе прапорцыях (суадносіны шырыні, даўжыні, вышыні).

Лінія і яе разнавіднасці: вертыкальная, гарызантальная, наклонная, доўгая, кароткая, ламаная, акруглая, выгнутая, хвалістая. Маляванне з натуры па памяці: кактуса, галінкі зімовага дрэва, слімака, водарасцей.

Адлюстраванне прадметаў у параўнанні: «На будоўлі».


Лепка (1 г)

«Наш горад (вёска)» (калектыўная работа; пластылін).


Дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць (1 г)

«Агароджа для маста» («Агароджа для балкона»), «Павучок і павуцінне» (на выбар).


VIII цыкл «ЖЫВЁЛЫ — МАЕ СЯБРЫ» (7 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1,5 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (1 г)

«Жывёлы —мае сябры» (мультымедыйная прэзентацыя).


Успрыманне мастацтва (0,5 г)

Вобразы жывёл у літаратурных творах, творах выяўленчага і музычнага мастацтва. Перадача характару жывёл у ілюстрацыі мастакоў.


Практычная дзейнасць (5,5 г)
Адлюстраванне на плоскасці (3,5 г)

«Майструем кармушкі для птушак», «Мы ходзім у заапарк», «Мы з сабакам на прагулцы»; ілюстраванне апавяданняў і казак пра жывёл.


Лепка (2 г)

Перадача пластыкі і формы целаў жывёл: «Шчаня і кацяня», «Мая кошка з кацянятамі», «Трус» (гліна, пластылін).


IX цыкл «ВЯСНА ІДЗЕ!» (8 г)
Успрыманне рэчаіснасці і мастацтва (1,5 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (1 г)

Эстэтычнае ўспрыманне аб’ектаў і з’яў прыроды. Перадача настрою ў пейзажы. Мультымедыйная прэзентацыя «Экскурсія па вясноваму парку (лесу)».


Успрыманне мастацтва (0,5 г)

Кампазіцыя ў творах мастацтва, эмацыянальнае значэнне колеру. Творы мастакоў: В. Цвірка. «Прыпяць. Вясна»; В. Бялыніцкі-Біруля. «Зялёны май»; П. Крохалеў. «Вясна. Вяча»; І. Левітан. «Вясна — вялікая вада», «Зноў вясна»; С. Герасімаў. «Вярба цвіце».


Практычная дзейнасць (6,5 г)
Адлюстраванне на плоскасці (4,5 г)

Атрыманне светлых адценняў колеру шляхам дабаўлення бялілаў.

Маляванне з натуры і па памяці: «Вішня (яблыня) цвіце». Выкананне кампазіцыі па матывах літаратурных і музычных твораў пра вясну.
Дэкаратыўна-прыкладная дзейнасць (2 г)

Рытм у дэкаратыўнай кампазіцыі. Фрыз «Вясновыя кветкі» (аплікацыя; калектыйная работа).


Асноўныя патрабаванні

да ведаў і ўменняў вучняў І класа

Вучні павінны ведаць:

- адметныя асаблівасці асноўных відаў мастацтва (жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва);

- назвы асноўных і састаўных колераў;

- эмацыянальна-вобразныя магчымасці колеру;

- назвы мастацкіх матэрыялаў, інструментаў і прыладаў і асноўныя правілы работы з імі;

- паслядоўнасць работы ў малюнку, лепцы, аплікацыі.

Вучні павінны ўмець:

- выбіраць фармат ліста і яго палажэнне ў залежнасці ад зместу малюнка;

- поўнасцю выкарыстоўваць плоскасць ліста паперы, маляваць прадметы суразмерна фармату;

- запаўняць малюнак колерам, не пакідаючы плямаў паміж фігурамі і фонам;

- працаваць з мастацкімі матэрыяламі і прыладамі (гуаш, пластылін, васковыя крэйды, туш, каляровая папера, клей, пэндзлі, палачкі);

- выконваць элементарныя правілы мастацкай культуры ў працы (арганізацыя і ўборка працоўнага месца, акуратныя і беражлівыя адносіны да мастацкіх матэрыялаў, прыладаў і ўласнай работы);

- актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні і ацэнцы работ аднакласнікаў.


II КЛАС (34 г)

УСПРЫМАННЕ РЭЧАІСНАСЦІ I МАСТАЦТВА (7 г)
Эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці (3 г)

Успрыманне прыгожага ў навакольнай прыродзе. Выхаванне эмацыянальнага адчування прыгажосці прыроды ў розныя поры года (экскурсія; паказ слайдаў, рэпрадукцый, фотаздымкаў, фотазамалёвак, кінанарысаў прыроды).

Асаблівасці колеру і формы аб’ектаў прыроды (прыгажосцть узораў галінак, выгібы ствалоў дрэў і г. д.). Выкарыстанне сродкаў музыкі, паэзіі, мастацкай прозы.
Успрыманне мастацтва (4 г)

Віды і жанры выяўленчага мастацтва. Параўнанне твораў мастацтва і навакольнай рэчаіснасці. І. Карасёў. «Залатая восень»; В. Цвірка. «Золата восені»; Л. Шчамялёў. «Ліставей»; А. Куінджы. «Бярозавы гай» (вертыкальны і гарызантальны фарматы); І. Хруцкі. «Нацюрморт»; С. Каткова. «Палявыя кветкі»; І. Яфімаў. «Певень» (каваная медзь); А. Анікейчык. «Раніца» (мармур); М. Урубель. «Купава» (маёліка); П. Трубяцкой. «Дяўчынка з сабакам» (бронза); В. Ватагін. «Сям’я сланоў» (косць); «Рэльеф храма Байён» (Камбоджа); «Рэльеф з выявай сокала» ў храме Хатшэпсут (Старажытны Егіпет); «Сонца са знакамі задыяка» (лубок); «Кітаўрас» (кафля).

Казачныя вобразы. Вобразы і характарыстыкі казачных герояў у ілюстрацыях розных мастакоў (І. Білібін, Ю. Васняцоў) да дзіцячых кніжак.
Практычная дзейнасць (27 г)
Адлюстраванне на плоскасці (16 г)


: wp-content -> uploads -> 2011
2011 -> Клуб Лакальных Лідэраў 6 Семінар у Вільні для журналістаў 7 конкурс адукацыйных матэрыялаў 8 конкурс
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Агляд стаў больш суровым
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Конкурс для журналістаў 6 Вулічныя мастакі збяруцца разам 7 Пачаўся прыём заявак на "Бардаўскую восень-2011" 7
2011 -> Конкурс для журналістаў з краін снд 11 Конкурс для студэнтаў да міжнароднага дня талерантнасці 11
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка