Пяты модуль Ключавыя пытанні і тэхніка задавання пытанняў



Дата канвертавання27.07.2016
Памер158.41 Kb.



Пяты модуль

Ключавыя пытанні і тэхніка задавання пытанняў

  1. Ключавыя пытанні

У самой назве “Актыўная ацэнка” слова “ацэнка” абмяжоўвае наша мысленне (незалежна ад намераў) пэўнай формай вызначэння ўзроўню ведаў і ўменняў вучняў. На жаль, няма лепшага, прасцейшага і проста адэкватнага перакладу англійскага тэрміна assessment (ацэнка сітуацыі, ацэнка прагрэсу або поспехаў).

Актыўная ацэнка, як мы ведаем з папярэдніх модуляў, як паняцце ўтрымлівае шэраг розных аспектаў. Мы казалі аб вызначэнні мэтаў ўрока і мэтаў для вучняў. Таксама мы разглядалі выяўленне тых крытэрыяў ацэнкі, на якія будзем звяртаць увагу (НаШтоБуЗУ) і якія будуць неабходнымі пры вывучэнні канкрэтнай тэмы. Падкрэслівалі важную ролю супрацоўніцтва з бацькамі і падтрымкі з боку апошніх. Яшчэ мы часта ўжывалі словы “адкрыццё таямніцы” ў дачыненні да вучняў і адзначалі неабходнасць стварэння ўмоў для супрацоўніцтва з імі.

У гэтым модулі мы будзем разглядаць яшчэ адзін важны элемент актыўнай ацэнкі - ключавыя пытанні.

Настаўнікі часта задаюць пытанні і патрабуюць ад вучняў адказаць на іх. Навучанне грунтуецца менавіта на задаванні пытанняў: або хтосьці задае пытанні нам, або мы іх задаем самі сабе. Без добрых пытанняў няма навучання. Аднак мы не будзем мець справу са звычайнымі пытаннямі, якія настаўнік задае падчас урока, паколькі прадметам нашага абмеркавання будуць ключавыя пытанні.



Гэта такія пытанні, якія:

  • паказваюць вучням глыбейшы кантэкст тэмы;

  • цесна звязаныя з мэтамі ўрока;

  • цесна звязаныя з тэмай урока;

  • павінны зацікавіць вучняў тэмай урока;

  • павінны быць разгледжаны вучнямі на працягу аднаго ўрока або серыі ўрокаў.

Ключавыя пытанні павінны:

  • падкрэсліваць мэты навучання і паскараць іх рэалізацыю;

  • выклікаць жаданне адказаць на пытанне;

  • абуджаць цікавасць кожнага вучня;

  • заахвочваць вучняў да самастойнага пошуку адказаў;

  • заахвочваць вучняў аргументаваць свае думкі і спосаб пошуку адказаў.

У плане-канспекце ўрока, прадстаўленым у першым модулі, ёсць пункт "Ключавое пытанне". Каб запоўніць яго, настаўнік павінен падрыхтаваць пытанне яшчэ перад урокам, на этапе яго падрыхтоўкі.

Што трэба зрабіць, каб сфармуляваць добрае ключавое пытанне?

  • яшчэ раз прааналізаваць мэту ўрока;

  • падумаць, як гэтая мэта спалучаецца з кантэкстам, з іншымі ведамі пра навакольны свет;

  • паразважаць, якое пытанне магло б зацікавіць вучняў і заахвоціць іх да пошуку адказаў.

Ключавое пытанне можа ахопліваць некалькі ўрокаў, пэўную тэму або можа адносіцца толькі да аднаго ўрока. Вучні разам з настаўнікам могуць шукаць адказы на працягу аднаго або некалькіх урокаў. Мы раім задаваць ключавыя пытанні ў пачатку ўрока, каб даць вучням магчымасць шукаць на іх адказы на працягу ўсяго ўрока. Галоўнае, каб вучні былі зацікаўлены ў атрыманні адказу на гэтае пытанне. Часам знайсці адказ вельмі цяжка або нават немагчыма, але такую выснову павінны зрабіць самі вучні.

Ніжэй прыведзены некалькі ключавых пытанняў, сфармуляваных удзельнікамі папярэдніх курсаў:


Гісторыя:

 Чаму мы не можам забыць пра Халакост?



Англійская мова:

 Як вы можаце расказаць пра свае планы на адпачынак і атрымаць інфармацыю пра гэта ад іншых людзей?



Біялогія:

 Як вы думаеце, чаму ў нашых дамах расліны ў вазонах часта стаяць на падваконніках?



Беларуская мова і літаратура:

 Навошта чытаць твор, калі можна прачытаць яго кароткі змест?

 Навошта нам трэба ведаць дзеяслоў?

 Па якіх прыкметах можна вызначыць казку сярод іншых празаічных твораў?

 Што з’яўляецца прасцейшым: быць самім сабой або насіць маску? Чаму?

Грамадазнаўства:

 Што вы думаеце пра хуліганства на футбольных стадыёнах? І што думаюць пра гэта футбалісты?

Чаму няма хуліганства на іншых спартыўных мерапрыемствах і ў іншых дысцыплінах?

Класная гадзіна:

 Чаму наша жыццё поўнае правіл і прынцыпаў?

 Што адбылося б, калі б усе мы хлусілі?

 Як стаць сваім у новым калектыве?



Фізіка, прыродазнаўства:

 Чаму вы адчуваеце пах дэзадаранту, выкарыстанага мной хвіліну таму? Патлумачце свой адказ на аснове ведаў аб будове матэрыі.

 Чаму металічныя пруты аднаго і таго ж памеру маюць розныя масы?

Пачатковая адукацыя:

 Чаго ты баяўся б зімой, калі б чараўніца ператварыла цябе ў зайца?

 Як выглядала б жыццё людзей, калі б не было гадзіннікаў?

Фізічная культура і здароўе:

 Што вызначае хуткасць плавання?

 Ад чаго залежыць эфектыўнасць падачы ў валейболе або дакладнасць кідка ў баскетболе?

Матэматыка:

Як Вы думаеце, у якіх матэматычных і жыццёвых сітуацыях можа спатрэбіцца ўменне пераводзіць звычайныя дробы ў дзесятковыя?

 Як Вы думаеце, плошча якога трохвугольніка большая: АВС1, АВС2 ці АВС3?
С1 С2 С3






А B
Геаграфія:

 Чаму некаторыя птушкі ляцяць у вырай, а іншыя не?

 Чаму некаторыя жывёлы засынаюць, а іншыя не?

 Як можна прыгатаваць ежу без вады?

 Што агульнага мае космас з патэльняй?

 Чаму немагчыма зрабіць падарожжа ў нетры Зямлі?


Ключавое пытанне не можа быць замкнёным, бо не выкарыстоўваецца для праверкі ведаў. Настаўнік не лічыць, што хтосьці з вучняў ведае правільны адказ. Ён задае ключавое пытанне толькі таму, каб вучні паразважалі над адказам і паспрабавалі яго даць. Адначасова настаўнік гаворыць дзецям, што разам з імі ён будзе шукаць адказ на пастаўленае пытанне.

Мы запрашаем Вас выкарыстоўваць ключавыя пытанні. Трэба таксама захоўваць планы-канспекты ўрокаў на будучыню, асабліва змешчаныя там ключавыя пытанні, якія Вы можаце выкарыстаць праз пэўны час. Вы таксама можаце стварыць школьны банк ключавых пытанняў.


Ключавыя пытанні з'яўляюцца для мяне крыніцай натхнення, часта дапамагаюць мне прыдумаць цікавы ход урокаў, паколькі яны стымулююць маю творчасць. Як зацікавіць дзяцей і здзівіць іх? Ключавыя пытанні нагадваюць мне, што дзеці павінны самі знайсці адказы, а не чакаць іх ад настаўніка, які павінен толькі дапамагаць ім. Ключавыя пытанні дысцыплінуюць вучняў, робяць іх працу больш канкрэтнай і з’яўляюцца дапамогай як для дзяцей, так і для настаўніка”, - настаўніца беларускай мовы.

Я вельмі рада, што выкарыстоўваю ў сваёй працы ключавыя пытанні і такім чынам ўзбагачаю ўласны досвед. Я зразумела, што вынікам выкарыстання ключавых пытанняў з’яўляецца большая цікавасць вучняў да тэмы ўрока. Калі настаўнік сфармулюе цікавае ключавое пытанне, вучні хутчэй засвойваюць тэму ўрока, лепш разумеюць вывучаны матэрыял. Такім чынам, ключавое пытанне – гэта паказчык ступені засваення матэрыялу ўрока вучнямі”, - настаўніца матэматыкі.

У справаздачы Вам трэба ўказаць тэму ўрока і прывесці прыклад ключавога пытання, якое Вы задалі вучням.


  1. Тэхніка задавання пытанняў

Другая частка чацвёртага модуля толькі часткова закранае праблемы, разгледжаныя ў першай. Іх яднае толькі слова пытанне.

У другой частцы мы будзем мець справу з тым, як сфармуляваць пытанні, каб як вучні, так і настаўнікі атрымлівалі карысць, адказваючы на іх. Гаворка пойдзе як пра форму пытанняў, так і пра іх змест і магчымасць выкарыстання на ўроках.

Настаўнікі звычайна не думаюць пра тое, якім чынам яны задаюць пытанні. На пытанне “Як доўга Вы чакаеце адказу вучня?” настаўнік звычайна адказвае: некалькі хвілін. А на пытанне “Як Вы думаеце, на Ваша пытанне адказваюць розныя вучні ў класе?” настаўнік, як правіла, адказвае, што імкнецца задаваць пытанні розным вучням.

Большасць настаўнікаў задаюць закрытыя пытанні, тэсты, якія не патрабуюць грунтоўных адказаў. Настаўнік называе вучня, які павінен адказаць, і часу на роздум у апошняга не так шмат. Даследаванні, якія былі праведзены па прадметах прыродазнаўчага цыклу, паказалі, што час чакання адказу амерыканскіх настаўнікаў у сярэднім 0,9 секунды. Гэта выглядае неверагодным: калі вы спытаеце настаўніка, як доўга ён чакае адказу вучня, ён звычайна кажа, што каля 3 хвілін.

Паглядзіце, як доўга Вы чакаеце адказу, і звярніце ўвагу на тое, якіх вучняў Вы найчасцей выклікаеце. Папрасіце іншага настаўніка прыйсці да Вас на ўрок і запісаць:


  1. час чакання адказу;

  2. імёны вучняў, якіх Вы прасілі адказаць на пытанні.

Многія настаўнікі ўвогуле не даюць вучням час на роздум і выклікаюць першага вучня, які падымае руку. Калі ж такіх няма, настаўнік звычайна сам адказвае на пастаўленае пытанне. Вучні прызвычайваюцца да падобнай сітуацыі і перастаюць разважаць над адказам. Яны чакаюць адказу іншага вучня, які заўсёды падымае руку, і не імкнуцца самі знайсці адказ. Яны спадзяюцца, што на пытанне адкажа хтосьці іншы – вучань або сам настаўнік.

Звычайна аказваецца, што настаўнік выклікае толькі пэўных вучняў, як правіла, найбольш здольных. Ён робіць так таму, што хоча хутка атрымаць правільны адказ, які звычайна можа даць здольны вучань.

Мы рэкамендуем Вам павялічыць час чакання адказу вучня. У некаторых англійскіх школах настаўнікі, задаючы пытанне, уключаюць лямпу, якая гарыць на працягу 3 хвілін, і толькі тады, калі святло згасае, а адказу няма - умешваюцца. Таксама можна палічыць сабе моўчкі – гэта дапамагае вытрымаць цішыню, якая павісае ў класе пасля зададзенага пытання. У многіх польскіх школах настаўнікі выкарыстоўваюць пясочныя гадзіннікі, змешчаныя на бачным месцы ў класе. Чакаць нялёгка - Вы, відавочна, памятаеце гэты невыносны цяжар мёртвай цішыні. Паспрабуйце спачатку пачакаць 5 секунд, а потым выклікаць каго-небудзь.

Часта, асабліва ў малодшых класах, вучні адразу пасля агучвання пытання падымаюць руку, імкнучыся адказаць на яго. Часам яны не ведаюць адказ, але ўжо цягнуць руку ўверх. У падобнай сітуацыі мы параім усталяваць для вучняў правіла непадымання рук. Настаўнік чакае адказу, і пасля таго, як вызначаны час скончыцца, выклікае пэўнага вучня. Гэта гарантуе, што ўсе вучні будуць думаць, шукаць адказ на гэтае пытанне, паколькі любы з іх можа быць выкліканы.

Прапануем праглядзець Вам відэа-ролік “Тэхніка задавання пытанняў”, зняты беларускімі педагогамі.

http://www.youtube.com/watch?v=svCyO27sVd8&list=UUtfIebXgQMmSAy1Ayy75aOw&index=1

Многія з настаўнікаў, якія прымалі ўдзел у курсах АА, сталі ўжываць правіла непадымання рук. Дзякуючы гэтаму ім удалося замяніць дух канкурэнцыі на дух супрацоўніцтва. Настаўнік выклікае вучня, які павінен даць адказ, але гэта яго дзеянне накіравана толькі на арганізацыю дыскусіі.



Перш за ўсё, задаючы пытанне, я стараюся не выклікаць пэўнага вучня, таму што хачу, каб усе дзеці думалі. Прашу навучэнцаў не падымаць рукі. Пачакаўшы пэўны час, звяртаюся да любога з вучняў. Паколькі я выкладаю ў невялікіх класах, то выклікаю ўсіх вучняў без нейкай сістэмы. Таму здольныя вучні ўжо не нярвуюцца, паколькі іх не выклікаюць пастаянна, а слабыя вучні сапраўды думаюць, разважаюць – і гэта праяўляецца вельмі яскрава”, - настаўніца англійскай мовы.

Свядомы кантроль цяжкі, але я вырашыла папрацаваць над сабой. Па-першае, я папрасіла вучняў не падымаць рукі, жадаючы адказаць на пытанне (відавочна, лес паднятых рук заўсёды змяншаў час чакання адказу). Пасля гэтага я ўжо магла павялічыць час чакання адказу, паколькі цяпер менавіта я праз пэўны час выклікала вучня. Пры гэтым я злавіла сябе на думцы, што раней часта пачынала пытанні словамі “Хто мне скажа?” або “Хто ведае?”. Цяпер я імкнуся пазбягаць гэтых фраз, якія, верагодна, абмяжоўвалі мой выбар вучняў для адказу (“Янка адкажа, паколькі ведае, а Юрась адкажа, паколькі трымае руку”.) Задаўшы пытанне, імкнуся пачакаць прынамсі хвіліну (часам гэта выглядае смешна, таму што пасля агучвання пэўнага пытання дзеці глядзяць на мяне з усмешкай, гатоўнасцю адказаць, а я працягваю маўчаць). Але калі я выкарыстоўваю абмеркаванне ў парах, то даю дзецям больш часу. Звычайна я пачынаю пытацца, калі бачу, што ўсе пары скончылі дыскусію. Маленькія дзеці павінны навучыцца эфектыўна выкарыстоўваць маўчанне для ўласнага роздуму, таму я думаю, што з цягам часу чаканне адказу падоўжыцца”, - настаўніца пачатковых класаў.


Выгады ад павелічэння часу чакання неаспрэчныя, паколькі:

  • працягласць адказаў вучняў павялічваецца;

  • змяншаецца колькасць выпадкаў адсутнасці адказу;

  • вучні становяцца больш упэўненымі ў сабе;

  • вучні выкарыстоўваюць або ўдакладняюць адказы аднакласнікаў;

  • вучні прапаноўваюць больш альтэрнатыўных рашэнняў.

Як ацэньваць, каб вучыць? - П. Блэк, Д. Уільям

У дадатак да вышэйзгаданых праблем з ключавымі пытаннямі можна прывесці ячшэ некалькі, напрыклад:



  • настаўнік задае занадта шмат закрытых пытанняў або пытанняў аб фактах;

  • настаўнік задае незразумелыя або рытарычныя пытанні;

  • настаўнік не дапускае магчымасці няправільнага адказу.

Настаўнікі задаюць шмат закрытых пытанняў і часта самі на іх адказваюць. Напрыклад: “Скажыце, ці можаце вы рашыць дадзенае ўраўненне?” Так, вядома, гэта магчыма. Часта мы задаём пытанні на праверку ведаў вучняў – т.зв. пытанні пра факты. Напрыклад: “Калі адбылася Грунвальдская бітва?” Вядома, гэтыя пытанні таксама неабходныя, яны павінны паказаць, што вучань вывучыў матэрыял. Але пры гэтым яны не прымусяць вучняў разважаць.

Папрасіце іншага настаўніка прыйсці на Ваш урок і запісаць некалькі Вашых пытанняў. Верагодна, Вы здзівіцеся, даведаўшыся, што задавалі так многа закрытых пытанняў. Вы таксама можаце выкарыстаць дыктафон і самастойна прааналізаваць мэтазгоднасць і якасць зададзеных Вамі пытанняў.

Часам мы таксама задаём рытарычныя пытанні, напрыклад: "Ці не мог бы ты супакоіцца і пачаць слухаць?" Цікава, што б настаўнік зрабіў, калі б вучань адказаў: "Не, не магу".

Закрытыя пытанні, пытанні пра факты і рытарычныя пытанні перашкаджаюць вучням разважаць і самастойна шукаць адказы.

Настаўнік можа дапамагчы навучэнцам пашукаць адказ на пытанне, рэкамендуючы размовы ў парах. Толькі пасля вызначэння адказу настаўнік можа папрасіць агучыць яго. Гэты метад значна зніжае стрэс навучэнцаў, звязаны з неабходнасцю самастойна даваць адказ. Абмеркаванне ў парах таксама можа паказаць навучэнцам розныя спосабы ўспрымання праблемы.

Варта падумаць аб тым, што няправільны адказ таксама можа быць выкарыстаны. Калі Вы хочаце, каб вучні ахвотна адказвалі на Вашы пытанні, трэба навучыцца правільна рэагаваць на іх няправільныя адказы.



Часта няправільны адказ паказвае, як можна зрабіць няправільныя высновы або якім чынам вучні робяць тыповыя памылкі. Настаўнік можа нават парадавацца няправільнаму адказу, паколькі дзякуючы яму ён можа лепш растлумачыць пэўнае пытанне. Ён можа таксама падзякаваць вучням за няправільны адказ, таму што ён часам дапамагае знайсці правільны кірунак рашэння. Мы павінны дапускаць адказ кшталту "Я не ведаю". Гэта таксама важная інфармацыя. Настаўнік можа ўбачыць, што вучні яшчэ не засвоілі матэрыял або што неабходна пачаць у класе дыскусію па гэтай тэме.

Адным са спосабаў заахвочвання вучняў быць актыўнымі на ўроку з’яўляецца магчымасць задаваць пытанні самім дзецям.



Прыклад з кнігі “Як ацэньваць, каб вучыць”:

“Пасля ўрока вучні павінны былі напісаць уласную біяграфію. На ўроку настаўнік прадставіў выбраны ім фрагмент рамана, які быў зменены такім чынам, каб ён не ўтрымліваў ніякіх падрабязнасцяў, даваў толькі накід падзей, не звяртаючы ўвагі на лексіку. Вучні атрымалі заданне сфармуляваць пытанні, якія б яны хацелі задаць аўтару тэксту, каб тэкст стаў больш цікавым. Навучэнцы абменьваліся думкамі ў парах, а настаўнік хадзіў па класе, слухаючы пытанні і даючы падказкі.

Адна з настаўніц так падсумавала сваю працу па паляпшэнні выкарыстання пытанняў:

Безумоўна, добра сфармуляваныя пытанні могуць заахвоціць вучняў да больш актыўнага ўдзелу ў працы на ўроку, стымуляваць мысленне і абгрунтаване сваіх поглядаў. Яны таксама могуць дапамагчы навучэнцам сфармуляваць сціслыя адказы. Аднак фармулёўка ключавых пытанняў – складаная задача для настаўніка. На мой погляд, лёгкасць фармулёўкі ключавых пытанняў толькі ўяўная. Мы задаём шмат пытанняў, але рэдка задумваемся аб іх якасці. Часта мы лічым іх разумнымі і неабходнымі, таму што такія пытанні мы задавалі заўсёды. Я лічу, што кожны з нас павінен прааналізаваць свае пытанні, адрасаваныя вучням, і зрабіць адпаведныя высновы.



Нягледзячы на тое, што я лічу гэты модуль досыць цяжкім, ён мне вельмі падабаецца. Я ахвотна аналізую свае дзеянні на ўроку, фармулюю пытанні, якія натхняюць вучняў, і правяраю, як рэагуюць на іх дзеці, што іх найбольш цікавіць. Праз два тыдні я заўважыла пазітыўны эфект ад працы ў класе над пошукам адказаў у парах, напрыклад, ажыўленыя дыскусіі, спробы абгрунтаваць сваю думку. Нават першапачаткова насцярожанае стаўленне некаторых вучняў да ўвядзення новых элементаў АА змянілася, паколькі яны ўбачылі перавагі новаўвядзенняў. Гэта мяне вельмі радуе і натхняе на далейшую працу”, - настаўніца пачатковых класаў.

Сардэчна запрашаем выканаць заданні чацвёртага модуля:

1. Сфармулюйце ключавое пытанне да аднаго з Вашых урокаў і задайце яго вучням.

2. Паглядзіце, як доўга Вы будзеце чакаць адказу вучняў.

3. Павялічце час, які Вы даяце вучням для роздуму над адказам.

4. Звярніце ўвагу на тое, да якой групы вучняў Вы найчасцей звяртаецеся з пытаннямі.

5. Паспрабуйце зрабіць так, каб на Вашы пытанні шукалі адказы ўсе вучні.

6. Падумайце пра тое, якога тыпу пытанні Вы задаяце вучням.

7. Пастарайцеся выкарыстоўваць няправільныя адказы вучняў.

8. Звярніце ўвагу на змены ў працы вучняў, выкліканыя зададзенымі Вамі пытаннямі.

Ніжэй прыводзіцца класіфікацыя тыпаў пытанняў (распрацавала Гражына Чэцвярцінска).

Задаванне пытанняў у адпаведнасці з таксанаміяй Блюма.

Згодна з таксанаміяй Блюма, адрозніваюць 6 узроўняў навучання:

• веды;

• глыбокія веды;



• прымяненне;

• аналіз;

• сінтэз;

• ацэнка.

Да кожнага з гэтых узроўняў мы можам фармуляваць адпаведныя пытанні. Задачай настаўніка, які хоча выкарыстоўваць прынцыпы актыўнай ацэнкі, павінна быць задаванне пытанняў на розных узроўнях. Звычайна на ўроках пераважаюць пытанні першага ўзроўня, але настаўнік павінен спрабаваць "увайсці" на больш высокія ўзроўні.

Узровень 1 (Веды). Адносіцца да ўсяго класа - Успомні!

Узнаўленне раней вывучанага матэрыялу, успамінанне фактаў, тэрмінаў.

Гэта важна і карысна, але пры гэтым першы ўзровень не можа замяніць усе астатнія. Пытанні (заданні) на гэтым узроўні звычайна пачынаюцца са слоў:

 Назаві


 Акрэслі

 Скажы


 Разлічы

 Узгадай

 Успомні

 Суаднясі

 Выберы

Узровень 2 (Глыбокія веды). Паказвае разуменне фактаў і зместу - зразумей!

Тут мы чакаем ад вучня, каб ён даказаў нам, што нешта не толькі ведае, але і разумее. Аднак паколькі мы не можам разгледзець, наколькі вучань зразумеў матэрыял, то задаём яму адпаведныя пытанні.

Тут часцей з’яўляюцца адкрытыя пытанні (заданні), якія патрабуюць глыбейшага адказу. Часта яны пачынаюцца з дзеясловаў:

 Параўнай

 Растлумач

 Апішы


 Класіфікуй

 Выберы


 Вызнач

 Упарадкуй

 Прадэманструй

 Адрэдагуй



Узровень 2а. (Глыбокія веды - разважанне).

Гэты дадатковы ўзровень трэба вылучыць, паколькі ў школьнай практыцы ён адрозніваецца па складанасці ад другога, але вельмі істотны ў працэсе навучання. Мы кажам вучню: рабі вывады!

Вы можаце пачаць з гэтага:

паспрабуй прадугледзець

 інтэрпрэтаваць

 абагульніць

 зрабіць высновы

Узровень 3 (прымяненне). Рашэнне праблем праз выкарыстанне атрыманых ведаў і навыкаў у розных сітуацыях.

На гэтым узроўні мы правяраем фактычныя магчымасці прымянення ведаў, можам убачыць узровень іх выкарыстання. Гэта таксама добрая магчымасць паказаць карысць назапашаных ведаў, увесці ідэі практычнасці навучання. Гэта спрыяе развіццю базавых кампетэнцый – у прыватнасці навучае ператвараць ідэі ў дзеянні. Пастаўленыя перад урокам мэты дасягаюцца. Мы просім вучня: Прымяні!

 прымяні

 выпрабуй

 выкарыстай

 сыграй ролю

 ствары

 ператвары

 зрабі мадэль

 перакладзі

зрабі дослед

Узровень 4 (аналіз). - На гэтым узроўні мы патрабуем ад вучняў, каб яны ўбачылі і распазналі састаўныя элементы праблемы, інфармацыі. Яны таксама павінны ўмець працаваць з гэтымі элементамі. Аднак першае заданне для вучняў пачынаецца са слова “падзялі!”.

Даследаванне і падзел інфармацыі на састаўныя часткі.

Заданні пачынаюцца са слоў:

 прааналізуй

 упарадкуй

 складзі табліцу

 спрасці

 класіфікуй

 падсумуй

 пакажы адрозненні

 параўнай з

 падзялі на катэгорыі



Узровень 5 (сінтэз). Аб'яднанне інфармацыі рознымі спосабамі шляхам дапасавання яе элементаў.

Скажам вучню: збяры ў адно! Гэта сапраўды складаная задача не толькі для многіх вучняў, але і для настаўнікаў. Фармуляванне добрых пытанняў на гэтым узроўні з’яўляецца выклікам для многіх з нас. І часам мы фармулюем неабходныя ключавыя пытанні, але ў выніку вучні не выконваюць сапраўдны сінтэз, і таму нам застаецца парадавацца самой спробе зрабіць гэта.

Заданне пачынаецца са слоў:

 складзі

 сфармулюй

 спраектуй

 ствары

 прыдумай

 вырашы

 прапануй

знайдзі

 дапасуй

 апрацуй

Узровень 6 (ацэнка). Прадстаўленне і абарона ацэнак, а таксама меркаванні па тэме на падставе вызначаных крытэрыяў.

Мы хочам, каб вучань на гэтым узроўні самастойна ацэньваў працу: ацані! Падобныя пытанні звычайна з’яўляюцца вельмі рэдка. Яны дапамагаюць падсумаваць вывучэнне пройдзенага матэрыялу і патрабуць ад настаўніка і вучняў грунтоўных ведаў. Адрасат пытання павінен добра ведаць тэму, а адрасант – умець правільна пабудаваць пытанне. Часта заданні і пытанні на гэтым узроўні пачынацца словамі:

 ацані

 выберы рашэнне



 зрабі рэйтынг

 вырашы


 адзнач

 растлумач

 напішы водгук

 прадстаў меркаванне

 дакажы

 падтрымай аргументамі.



Заўвага: Памятайце, што пытанні на ўсіх наступных узроўнях утрымліваюць асаблівасці пытанняў ніжэйшых узроўняў, межы паміж якімі часам вельмі размытыя.
Распрацавана на аснове матэрыялу Дануты Стэрны



Інтэрнэт-курс “Актыўная ацэнка” www.dn.aacenka.by

Цэнтр грамадзянскай адукацыі, ТБШ



База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка