Рашэтнікава Ніна Барысаўна



Дата канвертавання15.05.2016
Памер78.87 Kb.
Рашэтнікава Ніна Барысаўна

(г. Мінск)

ЛІТАРАТУРНЫЯ І КУЛЬТУРНЫЯ

ІНТЭГРАЛЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ПРОЗЕ ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯ

Аглядаючы зробленае ў беларускай прозе амаль за два стагоддзі, як не прыгадаць ужо выказанае: “І змест гэта – тыя самыя каштоўнасці, што так горача сцвярджала старая літаратура і якія, нікога не запамятаўшы і ні з чым не перарваўшы, спрабуе адрадзіць літаратура навейшая” [1, c. 27].

Аднак шмат ахапіць ужо ажыццёўленых нават у значнай працы, таму ў невялікім па памеры даследаванні спынімся на асноўным, што здаецца найбольш важным сёння, вызначым інтэгралы ў развіцці мастацкай прозы і абмяжуемся пачаткам ХХ стагоддзя.

Пачатак стагоддзя, як правіла, цікавы тым, што ў гэты час прынята пераглядаць і пераасэнсоўваць здзейсненае, і яшчэ ў 1909 годзе, лідэр італьянскага футурызму Марынэці абяцаў “ушчэнт разнесці ўсе музеі, бібліятэкі” і заклікаў “цалкам вызваліць літаратуру ад уласнага “я” аўтара, гэта значыць псіхалогіі [1, с. 4].

Набыткі беларускай прозы гэтага перыяду неаднаразова асэнсоўваліся, што ні ў якім разе не адмаўляе зварот да інтэгралаў, бо яны і ёсць тое глыбіннае, што засталося ў літаратуры. І пачатак сёння бачыцца не ў творчасці тых, хто прыйшоў у літаратуру на мяжы стагоддзяў, а ў прозе Францішка Багушэвіча, вялікага паэта і грамадзяніна.

У адным са сваіх праграмных вершаў Ф. Багушэвіч пісаў: “Маліся ж, бабулька, да Бога, / Каб я панам ніколі не быў: / Не жадаў бы нічога чужога, / Сваё дзела як трэба рабіў” [2, с. 77]. Свае маральныя прынцыпы пісьменнік выказвае ў гэтых радках дакладна: проста, разумеючы, што існае заўсёды нескладанае. Гэтая ж думка вынікае з яго апавяданняў, у прыватнасці з твора “Тралялёначка”, які толькі на першы погляд здаецца аднамерным. Селянін, апавядальнік у творы, не можа казаць няпраўду, у гэтым перакананы аўтар. Адсюль: сэнс усяго выказанага: нянавісць простага чалавека да пана грунтуецца на нянавісці да ўсяго негатыўнага, што ёсць у чалавеку – бессардэчнасці, ілжывасці, карысталюбстве.

Заможны гаспадар Бартак Сасок, які жыў на канцы вёскі, “цяжкі быў чалавек… Пазыча табе бульбы на насенне – то ўжо сей напалавіну і насенне насеннем аддай – і ўсё гэтак” [2, с. 114]. Вынаходніцтва Бартака здзіўляла няшмат, аднавяскоўцы часцей маўчалі , але назіралі, як ён каму з Замораўкі семсот рублёў пазычыў, а потым гарбату з ім піў, карміў і даглядаў яго. Калі ж вяскоўцы пажадалі абраць Саска соцкім, а той адмовіўся ад пасады, дык пачулі нешта іх ўразіўшае: “Да я вас і так усіх у халодную пасаджу, як захачу і на марозе біць буду; я вам жабракам (а ён так і парабіў нас жабракамі), – кажа, – не раўня: я сам цяпер пан – ганаральскі маёнтак купіў, – а на вас мне плюнуць, і не маеце права, хамуці, мяне сюды і туды памыкаць!” [2, с. 115].

Бартак Сасок стаў панам, але панскія абавязкі для яго аказаліся надзвычай цяжкімі, а побыт – зусім незразумелым. Перамяніўся Бартак, “раздалікатніўся: на полі не бывае, зімой у месце гуляе”. З’яўленне Траляля, скаргі жонкі Бартка, што “муж выгнаў яе з двара, што з другой жывець, што палавіну яе маёнтка забраў, па пяць тысяч на рок даходу цягне, а ёй ні гроша не даець...” [2, с. 118].

Апавяданне мае назву “Тралялёначка”, чым аўтар і хацеў падкрэсліць асноўную ідэю твора: дзе няма адказнасці, і ёсць жаданне жыць за кошт іншых таму няма маралі, няма развіцця, няма працэсу. Памёр Бартак, памерла Траляля, прадалі маёнтак, але жыве Тралялёначка “такая вясёлая і смяхотная“, напамінак усім, хто страціў сумленне перад народам.

Стварыўшы вобразы людзей, якіх ніхто не ведаў і не разумеў з сучаснікаў Ф. Багушэвіча, пісьменнік з лёгкасцю перайшоў мяжу паміж стагоддзямі і стаў цікавым новым найменням, таму што так, як Ф. Багушэвіч, яшчэ ніхто да яго не ўздымаў сацыяльна-побатывыя праблемы. Такім чынам, для нас аўтар “Тралялёначкі” – пісьменнік новага часу.

Новы час надышоў, і даследчыкі паступова пачалі вызначаць яго асноўныя інтэгралы, што важна ведаць і нам людзям ХХІ стагоддзя, бо гутарка ідзе пра нацыянальную адметнасць народа.

У 1914 годзе Максім Гарэцкі выдаў зборнікі апавяданняў “Рунь”, аб якім Антон Адамовіч выказаўся наступным чынам: “Уважліва прыглядаючыся да тэматыкі “Руні”, адразу ж можна ўявіць яе сабе ў выглядзе як бы трохпавярховай будоўлі. Нягледзячы на тое, што гэтая трохпавярховасць з своеасаблівай архітэктонікай зборніка, яна цалкам спраўджваецца той паступовасцю, у якой ён быў напісаны [3, с. 38].

Тыповыя адметнасці беларускай прозы, што як у люстэрцы, адлюстраваліся ў тэматыцы “Руні”, па словах А. Адамовіча, цікавыя і нам таму, што першы паверх з яго сацыяльна – побытавымі праблемамі літаратурны крытык убачыў надзвычай яскрава, а галоўнае, спалучыў першы паверх з трэцім, які ўвабраў у сябе пытанні нацыянальна-беларускія “Гэтыя пытанні і выяўляюць з сябе стрыжань тэм трэцяга паверха, куды ўваходзяць два апавяданні “У чым яго крыўда?” і “Рунь”. Але разам з тым апавяданні гэтыя катэгорыі падагульняюць ды завастраюць пытанні першых двух паверхаў як бы сінтэзуюць усю “Рунь” [3, с. 39].

Другі паверх А. Адамовіч назваў касмаганічна-гнасеалагічным, і дакладна паказаў знітаванасць узнятых праблем, сувязь іх з пытаннямі нацыянальнага адраджэння беларусаў.

Беларускія Пытанні мелі сваю адметнасць, пра што пісала рэдкалегія газеты “Наша Доля” ў звароце “Да чытателяў”: “Дайце беларусу такую кніжку, каб ён зразумеў, што ў ёй напісана. Толькі кніжка, напісаная на мове бацькоў яго, патрапіць сноп свету закінуць у цяжкое жыццё беларуса, толькі яна патрапіць холад і голад выжынуць з мужыцкае хаты, толькі яна пакажыць яму дарогу да лепшае долі [4, с. 163]. Так паступова звязвалася з пытаннямі выжывання народа, з пытаннямі развіцця літаратуры і культуры.

Адна з пачынальнікаў беларускага друку і мецэнат Алаіза Пашкевіч (Цётка) сваёй творчасцю раскрыла спіс гэтых важных для развіцця асветы і культуры слоў пра адметнасць беларускай літаратуры, у тым ліку і прозы.

Даследчыкі творчасці Цёткі заўсёды адзначалі павышаную экспрэсіўнасць яе творчага багацця, падкрэслівалі яе вялічасты зварот да эмацыянальна-афарбаванай лексікі. “Цётка амаль не карыстаецца словамі нейтральнымі” [5, с. 106], інтанацыя яе твораў узрушана-ўсхваляваная, і гэта характэрна для твораў розных жанраў у паэзіі і прозе.

Літаратурная крытыка асаблівую ўвагу звяртала на тое, што ў творчасці Алаіза Пашкевіч (Цётка) стала спадкаёміцай традыцый Францішка Багушэвіча “Цётка падкрэлівала ў “Прадмове” да другога свайго зборніка “Скрыпка беларуская”: “Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова тутэйшы мне не смакавала, і так колькі гадоў я хістаўся то на ту, то на другую сторану, аж покі не папала ў мае рукі “Дудка” Мацея Баручка; яна то мне сказала, што хто гаворыць па-тутэйшаму, па-мужыцку, значыцца, ён гаворыць па-беларуску, а хто гаворыць па-беларуску, той беларус. Прачытаўшы тую “Дудку”, я сказаў: “Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава твайму слову! А ты “Дудка” грай і мне голас дай”. З таго дня пачаў і я майстраваць інструмент. Выйшла з-пад рук “Скрыпка” [5, с. 110].

Проза Алаізы Пашкевіч (Цёткі), як вядома, вынікае з яе паэзіі, з’яўляецца яе (паэзіі – Н. Р.) падмацаваннем. Яркі прыклад твор “Прысяга над крывавымі разорамі”, які па стылю блізкі казачна-легендарнаму народнаму эпасу. У старога Мацея тры сыны: “аднаго ўзялі ў войска, другі паехаў да Пецярбурга шукаць хлеба, трэці пайшоў за парабка да двара, а бедны Мацей з жонкаю і дзвюма малодшымі дзяўчаткамі астаўся ў хаце на сваёй гаспадарцы” [6, с. 64].

Сюжэтна-кампазіцыйная адметнасць твора дае аўтару магчымасць паказаць, няхай сімвалічна, згуртаванасць народа перад тварам смерці. “Вось далей здаецца Мацею, што з цьмы народу выходзяць тры сыны: парабак дворны, салдат і работнік пецярбургскі і становяцца на калені і прысягаюць громка, ясна, паволі:

– Мы дамо! Мы – сіла! Мы – права!!

Мацей абліваецца потам, сэрца яго б’ецца… І здаецца яму, што ўсё гэта спавіў туман: толькі разоры стаяць, поўныя крыві, а над імі вісяць тры скрыжаваныя далоні…. І раздаецца ціха ясны голас:

– Мы – сіла, Мы – права!” [6, с. 65]

Мы, чытачы, раптам адкрываем для сябе з твора Алаізы Пашкевіч (Цёткі), што бедная Бацькаўшчына атрымала сваіх абаронцаў, і яны непахісныя ў сваім імкненні перамагчы.

Надзвычай характэрным для беларускай прозы ХХ стагоддзя бачыцца нам апавяданне “Міхаська”, што тэматычна і ідэйна спалучаецца з аповесцю Максіма Гарэцкага “Ціхая плынь”, якую сам аўтар чамусьці назваў простым апавяданнем і такім чынам выклікаў асаблівую цікавасць у чытача да ідэйнага зместу твора.

Антон Адамовіч, аналізуючы гэты твор Гарэцкага, асабліва падкрэсліў своеасаблівасць фону, на якім адбываюцца падзеі, злучыў гэты кампанент сюжэта з вобразам галоўнага героя “Ціхай плыні” і з эпіграфам да аповесці: “… Дзікаю травою красуюць палеткі. Гніюць і правальваюцца стрэхі…” [3, с. 178]. Пануры і песімістычны настрой аўтара нібы вынікае з гэтага фону, што прыводзіцца ў некалькі накірунках. А. Адамовіч паказвае, што адзін з кірункаў разгортвання фону – пейзажная замалёўка, другі – гістарычны, трэці – сацыяльны. “Тут мы маем і сялянскія спрэчкі з абасарнікам-князем і заработкі на бровара,звязаныя з тым жа п’янствам, якое як прыгадаем, адыгрывала значную ролю ў сацыяльным фоне “Антона”, і сацыяльную няроўнасць саміх сялян (антаганізм паміж багацейшымі амсціслаўцамі і бяднякамі-асмолаўцамі), і балючыя пытанні працаўладкавання (“Хлопцы едуць у шахты і на фабрыкі, і наогул “у свет”, але шлюць яны часцей адтуль лісты з уклонамі старому і малому, чымся пяць, тры, а то хоць бы адзін рубель”) [3, с. 178-179].

Чацвёрты кірунак разгортвання фону – псіхалагічны, пяты – “кірунак таго ж “патаемнага”, які змяшчаецца ў невялікім расказе пра выпадак з местачковым “прарокам”, шосты – “кірунак апісання фону сялянскага маленства на якім непасрэдна выводзіцца і герой” [3, с. 179].

На апошнім з вылучаных А. Адамовічам кірунку мы спынімся, каб паказаць ідэйную злучанасць двух твораў. Вось малюнак з апавядання “Міхаська” Алаізы Пашкевіч (Цёткі): “Асенні вецер гудзе, казку сумна нясе, жоўты ліст сцелецца зямлёю, і ціха, ціха па задумкі ў цёмную ночку шэпчацца з крынічкі вадою. Я падслухала гоман той пажоўклага лісця з крынічкі з чыстаю вадой і цяпер вяду сказ, як калісьці жыў Міхась у запечку нашых хат – беларус малы, брат” [6, с.90]. Нібы адказваючы Цётцы, якая апавядае пра загубленае жыццё ў маленстве малога Міхаські, Максім Гарэцкі сцвярджае: “Чыё замураванае сэрца не кранецца гэтай адвечнай музыкай безвыходнасці, падобнай да чарады думак у чалавека, што папаліў усё чыста ў душы сваёй і кажа ў роспачы: “Што ні здарыцца – няхай на маю галаву”…Ставячы далей гэтае пытанне ўжо ў шырокім абхваце як пытанне пра пэўную нацыянальную рысу, наяўнасць якой аўтар адчувае нават у беларускай прыродзе і быце, і якую ён характарызуе ў наступных словах: “Пакора безвыходная і адчуванне тых кардонаў, за якія не выскачыць ніколі і ніколі…, ён спрабуе ўстанавіць і пэўныя гістарычныя – нацыянальныя і сацыяльныя прычыны яе…

І вось нарэшце, канкрэтызуючы ўвесь гэты фон у абстаноўцы сялянскай хаты, аўтар называе нам і свайго героя: “Гэта – герой нашай гісторыі Хомка” [3, с.186]. Менавіта так ставіла пытанне і Алаіза Пашкевіч (Цётка), змагаючыся за чалавека ў яго маленстве. Не будзем аспрэчваць, бо Цётка і Максім Гарэцкі – нашы вялікія асветнікі.

Сказаць, што мастацкая проза ішла з поруч паэзіяй у пачатку XX стагоддзя было б няпраўдай, бо ўсім вядома, як буйная эпічная форма залежыць ад друкарскага станка. Але нават і малая форма патрабавала пэўнага вопыту, якія нашай мастацкай прозай толькі напрацоўваўся. Дык што надзвычай важнае мы выносім з вопыту мінулага менавіта з пачатку стагоддзя, бо савецкі час – гэта час і рамана, і рамана-хронікі. Кожны этап патрабуе свайго аналітычнага падыходу і адпаведна абагульнення.

Адно можам сцвярджаць з пэўнасцю: у пачатку XX стагоддзя ў беларускую літаратуры прыйшла яркая плеяда пісьменнікаў, якія ўзнялі беларускую мастацкую прозу на высокі п’едэстал. Гэта Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі. Цяжка ўявіць мастацтва айчыннага прыгожага пісьменства без творчых здабыткаў Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Каруся Каганца, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., але першым быў Францішак Багушэвіч, выдатны пачынальнік глыбінных зрухаў не толькі ў паэзіі, а і ў прозе.

Літаратура

1. Анастасьев, Н. Нераспавшаяся связь // Вопросы литературы. – Вып.1 – 1993

2. Багушэвіч, Ф. Творы: Вершы, паэмы, апавяданні, артыкулы, лісты. – Мн, 1991 / Укл. Я. Янушкевіч.

3. Адамовіч, А. Дагісторыі беларускай літаратуры. – Мн. – 2005.

4. Баршчэўскі, Л. П., Васючэнка, П. В., Тычына, М. А. Беларуская літаратура і свет: ад рамантызму да нашых дзён / Папулярныя нарысы. – Мн. – 2006.

5. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т 1. – Мн. – 1999.



6. Цётка. Вершы і апавяданні. – Мн. – 1990.
: bitstream -> 123456789 -> 109952
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка