Развіццё І выкладанне палітычнай эканоміі ў горыгорацкім земляробчым інстытуце ў ХІХ ст



Дата канвертавання15.05.2016
Памер145.38 Kb.
УДК 330(476)(091)

У. А. Акуліч, кандыдыт эканамічных навук, дацэнт (БДТУ)

РАЗВІЦЦЁ І ВЫКЛАДАННЕ ПАЛІТЫЧНАЙ ЭКАНОМІІ

Ў ГОРЫГОРАЦКІМ ЗЕМЛЯРОБЧЫМ ІНСТЫТУЦЕ Ў ХІХ СТ.

Прадстаўлена станаўленне і развіццё дысцыпліны «палітэканомія» ў адзінай у сяр. XIX ст. у Беларусі вну - Горыгорацкiм земляробчым інстытуце. Праведзены аналіз існавання ў ГЗІ ўласнай палітэканамічный традыцыі (школы). Артыкул узнаўляе тую эканамічную спадчыну, якую пакінулі беларускія навукоўцы-эканамісты да рэвалюцыі, і якая была на некаторы час аддадзена забыццю. 

In the article a development of political economy in the only XIXth century Belarusian higher educational institution - Gorygoretski Agricultural Institute (GAI) - is presented. The analysis of the existence of   the GAI  political economy school is conducted. Article recreates the economic legacy, which was left by Belarusian economists before the revolution. Study of the works of Belarusian economists of the past allows us to see pedigree of the Belarusian economic science, to declare the existence of its own developments in economic theory during the period of development in Belarus of a market economy.

Уводзіны. Пасля таго як у 1831–1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт на ўскрайку Беларусі, у сельскай мясцовасці ў Горацкім павеце з 1836 г. паўстаў новы адукацыйны цэнтр. Спачатку ён уяўляў сабой земляробскую школу, а пасля паступова ператварыўся ў новую вышэйшую навучальную ўстанову, якая з 1842 г. мела назву Вышэйшы разрад Горыгорацкай земляробчай школы, а з 1848 г. – Горыгорацкі земляробчы інстытут (далей ГЗІ). Гісторыя гэтай вышэйшай навучальнай установы падрабязна апісана ў шэрагу выданняў, падрыхтаваных ў асноўным выкладчыкамі закладзенай пазней на яго падмурку Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. Асабліва вялікую працу на гэтай ніве зрабілі такія беларускія вучоныя-эканамісты, як С. Цытовіч [1] і У. Ліўшыц [2].

Як адзначалі ў XIX ст. самі выкладчыкі (Багдан Цалінскі), а пазней некаторыя іншыя беларускія даследчыкі (Сяргей Цытовіч, Уладзімір Ліўшыц), ГЗІ па сваіх правах і структуры фактычна быў універсітэтам. У Палажэнні 1848 г. адзначалася, што «звание агронома соответствует званию университетского кандидата, а поэтому и могут агрономы Горыгорецкого земледельческого института на одинаковых основаниях быть с кандидатами допущены к выдерживанию экзамена в магистры по сельскому хозяйству и садоводству или по технологии» [17, 16].



Асноўная частка. Адным з першых, хто пачаў даследаваць гісторыю эканамічнай думкі Беларусі, у тым ліку ГЗІ, быў М. Варабей, які працаваў у Політэхнічным інстытуце і выдаваў свае працы на пачатку 1960-х гг. Ён прааналізаваў погляды некаторых палітэканомаў, напрыклад Аляксандра Гінцэля, на зямельную рэнту, а таксама пазначыў бібліяграфію некаторых прац Юлія Янсана, прысвечаных Беларусі [3, с. 141; 4, с. 7]. Характарыстыку поглядаў Гінцэля на зямельную рэнту, Цалінскага на ролю навукі палітэканоміі і праблему падаткаабкладання даў таксама С. Цытовіч у сваёй фундаментальнай працы, прысвечанай ГЗІ [1, с. 159–160].

Самы ж значны ўнёсак у даследаванне развіцця палітэканоміі ў ГЗІ зрабіў доктар эканамічных навук Віталь Мікалаевіч Бусько (1954–2006). Ён склаў поўную бібліяграфію прац па палітэканоміі, выдадзеных выкладчыкамі і выпускнікамі гэтага інстытута (з таго часу новыя працы так і не былі выяўлены – У. А.) і заклаў метадалагічную традыцыю адбору прац і эканамістаў для разгляду. Асноўныя пункты гэтай традыцыі заключаюцца ў наступным:

Бусько адзначаў, што агульная ацэнка эканамічных поглядаў выкладчыкаў і студэнтаў ГЗІ не будзе поўнай, калі не ўлічваць змест падручнікаў па палітэканоміі рускіх эканамістаў А. Бутоўскага і І. Горлава, па якіх у ГЗІ даволі працяглы час вялося выкладанне гэтай навукі [5, с. 36]. Праўда сам В. Бусько гэтага аналізу не зрабіў (акрамя таго, ад’юнкт-прафесар ГЗІ Іван Азарэвіч, які тут маецца на ўвазе (выкладаў энцыклапедыю камеральных навук у 1843–1859 гг.), большасць часу выкладаў палітэканомію па падручніку А. Бутоўскага «Опыт о народном богатстве, или О началах политической экономии», які выйшаў у 1847 г. [6], а не па падручніку І. Горлава «Начала политической экономии», які быў выдадзены ў 1859 г. [7]. Па падручніку ж Горлава, прысвечаным статыстыцы, Азарэвіч выкладаў статыстыку. Яшчэ адзін выкладчык ГЗІ – Ю. Янсан – у сваім падручніку робіць некалькі спасылак на падручнік Горлава па палітэканоміі, але няма падстаў казаць, што існаваў нейкі ўплыў гэтага рускага эканаміста на Янсана. Такім чынам, падручніку Горлава па палітэканоміі не трэба надаваць такую ж увагу, як падручніку Бутоўскага;

самымі значнымі палітэканомамі, якія мелі дачыненне да Горыгорацкага земляробчага інстытута, на думку В. Бусько, з’яўляліся Ю. Янсан і А. Людагоўскі [5, с. 46; 5, с. 64]. Прычым Бусько першы прааналізаваў эканамічныя погляды Янсана і Людагоўскага. Яшчэ ім былі адзначаны А. Бажанаў, А. Гінцэль і Б. Цалінскі. На наш погляд, Бусько надаў трохі болей заслуг Аляксею Бажанаву як эканамісту-тэарэтыку, чым той на самой справе заслугоўваў (бо займаўся пераважна прыкладнымі пытаннямі эканомікі сельскай гаспадаркі, хоць і меў выдатны трактат з палітэканамічнымі развагамі «Что можно позаимствовать у иностранцев», 1863), і, наадварот, трохі не даацаніў Аляксандра Гінцэля, які, відаць па ўсім, быў прагрэсіўным і глыбокім вучоным, але, сапраўды, не пакінуў пасля сябе пісьмовай спадчыны, калі не лічыць аднаго выступу на канферэнцыі, які быў надрукаваны ў Запісках ГЗІ [8] (хоць нельга выключаць, што гэта спадчына яшчэ можа адшукацца ў выглядзе асобных артыкулаў).



У працах тых, хто займаўся палітэканоміяй у ГЗІ, В. Бусько прааналізаваў наступныя пытанні: аб прадмеце палітэканоміі (Янсан, Людагоўскі), зямельнай рэнце (Янсан, Людагоўскі, Гінцэль), падаткаабкладанні (Цалінскі), уласнасці, вартасці і цане, капітале і працэнце, гандлі (Янсан);

В. Бусько заўважыў сувязь паміж падручнікам Ю. Янсана (1865) і падручнікам А. Людагоўскага (1875), і адзначыў паміж імі пэўную пераемнасць; ён пачаў разглядаць Людагоўскага ў сувязі з Янсанам як пэўную эвалюцыю навучальнай літаратуры па палітэканоміі, якая брала свой пачатак з Горы-Горак [9]. І калі існаванне Горыгорацкай школы ў галіне сельскагагаспадарчай навукі не аспрэчвалася у Расіі нават у другой палове ХІХ ст. (Сцебут, Саветаў, Чарнапятаў, Бажанаў), то каб заўважыць існаванне ўласнай палітэканамічнай традыцыі, звязанай з ГЗІ, для гэтага патрабавалася глыбокая даследчыцкая пранікнёнасць і веданне прадмета. Бусько зрабіў гэта хутчэй інтуітыўна, знайшоўшы падабенства поглядаў у адносінах да некаторых пытанняў палітэканоміі і супаставіўшы, што абодва яны мелі дачыненне да ГЗІ [5, с. 64]. Чамусьці, В. Бусько нават палічыў, што Людагоўскі быў выкладчыкам ГЗІ, а значыць, напэўна, дапускаў, што яны з Янсанам былі калегамі і пазнаёміліся яшчэ ў Горы-Горках. На самой справе, Янсан прыехаў на працу ў ГЗІ у тым самым годзе (1861), калі Людагоўскі скончыў гэты інстытут і быў накіраваны на працу ў Маскоўскую земляробчую школу, а значыць, калегамі ў горы-горацкі перыяд яны не маглі быць. З другога боку, у 1860/861 навучальным годзе Людагоўскі быў на апошнім 4-м курсе, на якім як раз выкладалася палітэканомія. І калі да гэтага ўлічыць звесткі Цытовіча пра тое, што ў 1859/1860 навучальным годзе «палітэканомія» была ўжо ўведзена ў навучальныя планы, але не выкладалася з прычыны адсутнасці выкладчыка, які б спецыялізаваўся на гэтай дысцыпліне» [1], а пра наступныя навучальныя гады ўжо нічога не сказана, то выходзіць, што ад’юнкт-прафесар Янсан у першы год свайго выкладання ў Горы-Горках чытаў курс палітэканоміі студэнту Людагоўскаму, і было гэта, хутчэй за ўсё, вясной 1861 г. Акрамя таго, Янсан і Людагоўскі маглі сустракацца яшчэ ў Санкт-Пецярбургу, калі Людагоўскі ў 1865–1870 гг. працаваў там прафесарам эканомікі ў Пецярбургскім земляробчым інстытуце, а за год да гэтага (1864) Янсан быў таксама туды пераведзены з Горы-Горак. Праўда, у 1864 г. выкладаў палітэканомію Янсан чамусці не ў Пецярбургскім земляробчым інстытуце, а ў Інстытуце шляхоў зносін. Але ўсё роўна, нават калі іх шляхі не сустрэліся ў Пецярбургскім земляробчым інстытуце, то Людагоўскі мог звяртацца да Янсана (асабліва калі ён сапраўды яго былы студэнт), які на той час быў ужо вядомым у Пецярбургу вучоным-эканамістам (у 1865 г. выйшаў падручнік, і ён пачаў выкладаць палітэканомію ў Пецярбургскім унівэрсітэце). Тым больш, што пасля пецярбургскага перыяду ў Людагоўскага, відавочна з’явілася цікавасць да палітэканоміі, бо ён узначаліў кафедру эканомікі ў Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі і пачаў рыхтаваць першы падручнік па сельскагаспадарчай эканоміі, дзе адзін з чатырох раздзелаў прысвяціў палітэканоміі. Такім чынам, пераемнасць поглядаў паміж Людагоўскім і Янсанам сапраўды можа быць, але іх асабістыя адносіны і іх наяўнасць павінны стаць асобным аб’ектам даследвання, бо веданне гэтых акалічнасцяў вельмі важна для адказу на пытанне: ці можна сцвярджаць пра існаванне асобнай школы палітэканоміі ў ГЗІ?

Дарэчы, калі праводзіць параўнанне зместу падручніка «Краткий курс политической экономии» (СПб, 1865) Ю. Янсана [10] і раздзела «Палітычная эканомія» падручніка «Основы сельскохозяйственной экономии и сельскохозяйственного счетоводства» (СПб, 1875) А. Людагоўскага [11], то знаходзіцца даволі шмат прынцыповых адрозненняў, якія кажуць пра тое, што Ю. Янсан з’яўляўся прыхільнікам класічнай школы палітэканоміі, а А. Людагоўскі знаходзіўся ўжо пад значным уплывам нямецкай гістарычнай школы палітэканоміі (пад уплывам прац Фрыдрыха Ліста і Вільгельма Рошэра).



У якія часы палітэканомія выкладалася ў Горках. Палітычная эканомія з’явілася ў Горы-Горках з 1842 г. дзякуючы Б. Цалінскаму, які ўвёў яе ў якасці асобнай дысцыпліны ў навучальны план. У той час у Расійскай імперыі только падыходзілі да асэнсавання таго, што палітычная эканомія з’яўляецца асобнай навукай. Дагэтуль лічылася, што яна разам з іншымі навукамі (навукай аб народнай гаспадарцы, фінансавай навукай, навукай аб гандлі, эканамічнай гісторыяй, эканамічнай статыстыкай, гаспадарчым правам, эканамічнай геаграфіяй) уваходзіць у склад так званых камеральных навук. Цалінскі ж ужо ў той час вылучаў палітэканомію ў асобную навуку, што відаць з назвы дысцыпліны – «Палітычная эканомія і камеральныя навукі», якую ён прапанаваў увесці ў першы навучальны план [12, с. 30]. Але, відаць па ўсім, пасля зацвярджэння плана ў Міністэрстве, гэта дысцыпліна стала называцца «Энцыклапедыяй камеральных навук». У пазнейшых даследчыкаў (Цытовіч [1], Вараб’ёў [13]) прыводзяцца звесткі, што палітэканомія з’яўлялася толькі часткай курса «Энцыклапедыя камеральных навук», а яшчэ дзве складалі – «Статыстыка» і «Законазнаўства».

Аднак ёсць пэўныя падставы лічыць, што ад самага пачатку пад назвай «энцыклапедыя камеральных навук» выкладаўся курс адной толькі палітычнай эканоміі. Так, у даследчыка канца ХІХ ст. І. Мяшчэрскага пазначаецца, што ў навучальным плане 1842 г., складзеным Цалінскім, курсы па статыстыцы і заканазнаўстве значыліся асобна ад палітэканоміі, а далей, што меркаванні Цалінскага паслужылі асновай пры вызначэнні канчатковага варыянта навучальнага плана Вышэйшай Горыгорацкай земляробчай школы [12, 31]. Таму можна дапусціць, што большасць прадметаў, прапанаваных Цалінскім, былі зацверджаны, але некаторыя іх назвы былі падкарэктаваны. У любы выпадку усе гэтыя прадметы паасобку сустракаюцца ў самым раннім з раскладаў заняткаў, які захаваўся (за 1852–1853 гг.), дзе дакладна пазначана, што пад курсам «Энцыклапедыя камеральных навук» выкладаецца адна толькі палітэканомія (Запіскі ГЗІ, № 2). Але, хутчэй за ўсё, так было і ў папярэднія гады. Бо ў другім навучальным плане, які быў складзены Цалінскім у 1848 г., ён прапаноўваў гэтай дысцыпліне надаць назву «Агульныя паняцці аб камеральных навуках, у асаблівасці палітычнай эканоміі» [12] (курсіў – У. А.). На наш погляд, тут праглядаецца імкненне прывесці ў адпаведнасць назву і змест гэтага курса.

Тым не менш толькі з 1859 г., пасля зацвярджэння ў Міністэрстве яшчэ аднаго новага навучальнага плана, у ГЗІ была ўведзена для гэтай дысцыпліны даўно ўжо звычайная для яе назва «палітычная эканомія» (для параўнання, у Віленскім універсітэце назва «палітэканомія», для абазначэння адносна новай на той час эканамічнай навукі была ўведзена яшчэ ў 1810 г., але тэрмін «камеральныя навукі» ў дачыненні да таго, што ў іншых краінах ўжо называлі «палітэканоміяй», у той жа час працягваў ужывацца ў Полацкай езуіцкай акадэміі, якую ў асветніцкай Вільні лічылі гняздом абскурантызму (г. зн. адсталасціУ. А.).

Відавочна, што Б. Цалінскі праяўляў сімпатыю да навукі «палітэканомія» і разумеў яе важную ролю, у тым ліку ў падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі. Гэта відаць з яго шматлікіх выказванняў, напрыклад, пры абгрунтаванні неабходнасці ўключэння палітэканоміі ў навучальныя планы, са справаздач, якія ён рыхтаваў, выступаў на навуковых з’ездах [14]. Самае першае разважанне-абгрунтаванне ён прывёў у 1842 г., якое з’яўлялася фактычна абвяшчэннем пачатку выкладання палітэканоміі ў Горы-Горках.

На яго думку, «вучэнне, ці дактрына, сельскай гаспадаркі павінна выкладаць вядомыя ў яе межах факты, вопыты, назіранні і правілы. Тэорыя ж павінна тлумачыць і даваць ацэнку гэтым правілам з дапамогай натуральных і дапаможных навук (палітычнай эканоміі і інш.), а таксама заахвочваць да правядзення новых доследаў і вываду новых правілаў. Вучэнне і тэорыя разам, г. зн. веданне фактаў з іх тлумачэннем, павінны скласці навуку» [12, с. 31]. Такім чынам, пад вучэннем аб сельскай гаспадарцы Цалінскі, хутчэй, разумеў, па сучаснаму кажучы, прыкладную дысцыпліну, якая павінна вывучаць факты, а тлумачэнні гэтым фактам, на яго думку, павінны даваць тэарэтычныя дысцыпліны, такія, як, напрыклад, палітэканомія. Прычым цікава, што палітэканомію Цалінскі празорліва называў тэорыяй, г. зн. фактычна так, як яна сёння і называецца, – эканамічная тэорыя. Па схеме Цалінскага: Эканамічная навука = = эканамічная тэорыя + эканоміка асобных галін народнай гаспадаркі (альбо эканоміка ўсёй народнай гаспадаркі).

Кандыдацкая дысертацыя Цалінскага хоць і мела агранамічны кірунак, аднак закранала некаторыя палітэканамічныя пытанні. Ён аналізаваў, напрыклад, тэорыю народанасельніцтва Т. Мальтуса, разглядаў пытанні падаткаабкладання і інш. Цалінскі разумеў ролю палітэканоміі ў сістэме вышэйшай адукацыі і на працягу ўсяго тэрміну існавання ГЗІ клапаціўся пра развіццё гэтай навукі ў Горы-Горках, хоць сам фактычна ёй не займаўся, бо прысвяціў свае намаганні вывучэнню пытанняў удасканалення сельскай гаспадаркі.



Хто і па якіх падручніках выкладаў палітэканомію ў ГЗІ. За ўвесь перыяд існавання курса «Палітэканомія» ў ГЗІ яе выкладалі два выкладчыкі – Іван Азарэвіч і Юлій Янсан. Перад тым як увесці «Палітычную эканомію» ў якасці асобнай дысцыпліны, магчыма, існавала задумка падрыхтаваць свайго выкладчыка, кандыдатам на якога разглядаўся Аляксандр Есакаў. Менавіта ён быў адпраўлены за мяжу вывучаць дасягненні ў гэтай навуцы ў Германію ў 1860­−1861 гг. Прычым трэба адзначыць, што пры абмежаванні сродкаў у той час на стажыроўку выязджала не так многа людзей (усяго 6 чалавек). Чаму Есакаў не прыступіў да выкладання «Палітычнай эканоміі» у ГЗІ − невядома. Неўзабаве на гэту пасаду быў запрошаны выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта Ю. Янсан.

Што датычыцца далейшага лёсу А. Есакава, то пазней ён стаў прафесарам у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі. Доўгі час працаваў сакратаром графа П. Д. Кісялёва, які быў міністрам Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, а потым паслом Расіі ў Парыжы. Але на жаль, захварэў і памёр зусім маладым [2]. Даследчык М. Варабей прывёў Есакава ў пераліку ўплывовых вучоных [3].

І. Азарэвіч выкладаў у ГЗІ такія дысцыпліны (табл.), як «Статыстыка», «Заканазнаўства», а самае галоўнае, «Энцыклапедыю камеральных навук» (у апошнюю дысцыпліну ўваходзіла і палітэканомія. – У. А.). Відаць як раз гэтае выкладанне і мелі на ўвазе даследчыкі, калі казалі, што «ад’юнкт-прафесар І. Азарэвіч трохі займаўся і палітэканоміяй». Але прац па палітэканоміі ён пасля сябе не пакінуў.

Палітычную эканомію, якая называлася ў 1842−1859 гг. «Энцыклапедыяй камеральных навук», І. Азарэвіч выкладаў па падручніку рускага эканаміста А. Бутоўскага «Опыт о народном богатстве, или О началах политической экономии» (3 т., СПб., 1847), які з’яўляўся першым падручнікам па палітэканоміі на рускай мове. І калі некаторыя даследчыкі кажуць, што гэты падручнік пасля свайго выхаду на адно дзесяцігоддзе стаў асноўным падручнікам у Расійскай імперыі, то гэта ў вялікай ступені будзе справядліва сказана і ў дачыненні да ГЗІ.




Звесткі аб выкладанні эканамічных дысцыплін у ГЗІ

З 1842 г.

З 1848 г.

З 1859 г.

Дысцыпліна

Энцыклапедыя камеральных навук (Палітычная эканомія, заканадаўства і статыстыка)

Энцыклапедыя камеральных навук (Палітычная эканомія) (колькасць гадзін − 64)

Палітычная эканомія (64)

Хто выкладаў

Азарэвіч Іван Васільевіч, кандыдат права

Азарэвіч Іван Васільевіч, кандыдат права

Янсан Юлій Эдуардавіч, кандыдат філасофіі

Па якіх падручніках выкладалі

Няма звестак

Па кнізе А. І. Бутоўскага «Вопыт аб народным багацці, альбо аб пачатках палітычнай эканоміі». 3 т. СПб. 1847.

Уласны канспект лекцый, які быў надрукаваны ў 1865 г.

«Курс палітычнай эканоміі». СПб. 321 с.



У якія гады выкладалі

1843−1859 гг.

1861−1864 гг.

Іншыя эканамічныя дысцыпліны

«Фінансы і кадастр» (да 1853 – В. Краўзе, з 1853 г. – А. Гінцэль), «Гаспадарчая геаграфія і статыстыка», «Бухгалтэрыя і палітычная арыфметыка»

«Кадастр і люстрацыя» (144), «Сельскагаспадарчая статыстыка» (32), «Сельскагаспадарчая бухгалтэрыя» (16)

«Сельскагаспадарчая статыстыка» (32), Гісторыя і агляд сучаснага стану сельскай гаспадаркі (32), «Ацэнка угоддзя і агульныя асновы ацэнкі» (64), Уладкаванне гаспадаркі, вядзенне рахункаў і кіраванне маёнткам (80)

Крыніца: уласная распрацоўка.


Пытаннямі палітэканоміі займаўся таксама А. Гінцэль. Пазнейшыя даследчыкі трохі недаацэньвалі ўплыў і ролю гэтага эканаміста ў развіцці эканамічнай думкі і яе папулярызацыі ў горы-горацкім навуковым асяродку таго часу. А між тым ён, выпуснік Кіеўскага ўніверсітэта, часта выбіраўся ў якасці вядучага на так званых сельскагаспадарчых з’ездах, якія ўяўлялі сабой ні што іншае, як сёняшнія канферэнцыі (у той час яны ладзіліся ў выглядзе круглага стала). Таксама ён быў абраны дырэктарам студэнцка-прафесарскага клуба, адным з прагрэсіўных праектаў якога была арганізацыя Магілёўскага земляробскага таварыства (ганаровымі сябрамі гэтага таварыства побач з Гінцэлем былі абраныя яшчэ Казлоўскі, Сцебут і Юрэвіч). Дарэчы, падчас падрыхтоўчай працы па стварэнні гэтага таварыства была ўзнята ідэя анаўлення Віленскага ўніверсітэта.

Некаторыя пытанні, якія адначасова адносіліся і да палітычнай эканоміі (напрыклад, вызначэнне зямельнай рэнты, вызначэнне цэн і падаткаў на зямельныя участкі), выкладаліся таксама ў такой дысцыпліне, як «Кадастр, люстрацыя, ацэнка маёмасці, зямель і промыслаў» (у некаторыя гады яна называлася «фінансы і кадастр», альбо «кадастр і люстрацыя»). У 1842−1853 гг. гэту дысцыпліну выкладаў Вільгельм Краўзе, а ў 1853−1864 гг. – Аляксандр Гінцэль.

Ініцыятарам увядзення гэтай дысцыпліны ў навучальныя планы быў таксама Б. Цалінскі. Ён надаваў ёй важнае значэнне, бо сам пісаў дысертацыю па гэтай тэме, артыкул [14] і ў 1853 г., пасля кароткага перапынку ў яе выкладанні, спецыяльна пад яе дабіўся прызначэння ў ГЗІ выпускніка Кіеўскага ўніверсітэта А. Гінцэля. Якраз пасля аглашэння факту аб аднаўленні гэтай дысцыпліны Б. Цалінскі ў справаздачы за 1853−1854 гг. прывёў папулярызаваны пазнейшымі даследчыкамі (Цытовіч [1], Ліўшыц [2]) выраз, што «мы можам смела цяпер сказаць, што ні ў адной дзяржаве няма спецыяльнай па сельскай гаспадарцы навучальнай установы, якая б магла параўнацца з нашым інстытутам па ахопу курсаў і паўнаце агранамічнай адукацыі» [15].

Заключэнне. Сярод выкладчыкаў і выпускнікоў ГЗІ дачыненне да палітэканоміі мелі наступныя вучоныя: Багдан Цалінскі, Іван Азарэвіч, Аляксандр Гінцэль, Аляксандр Есакаў, Аляксей Бажанаў, Юлій Янсан і Аляксей Людагоўскі. З іх толькі Янсан і Людагоўскі мелі фундаментальныя распрацоўкі па палітэканоміі (470 + 120 старонак), Цалінскі і Гінцэль – асобныя выпадковыя публікацыі (11 + 10 старонак), і, нарэшце, Азарэвіч і Есакаў, як лічыцца, зусім не мелі ўласных прац па палітэканоміі.

Такім чынам, вывучэнне прац беларускіх эканамістаў мінулага дазваляе падоўжыць «радавод» беларускай эканамічнай навукі, а таксама казаць аб наяўнасці ўласных распрацовак у галіне эканамічнай тэорыі ў перыяд станаўлення на тэрыторыі Беларусі рынкавай эканомікі. Тыя распрацоўкі не састарэлі на сённяшні дзень, яны правераны часам, і таму могуць лічыцца дакладнымі і карыснымі для асэнсавання сучасных праблем развіцця эканомікі Беларусі.



Літаратура

1. Цитович, С. Г. Горыгорецкий земледельческий институт – первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836–1864) / С. Г. Цитович. – Горки. 1960. – 274 с.

2. Лившиц, В. М. Горы-Горецкий земледельческий институт (1836–1864 гг.). / В. М. Лившиц, В. В. Немыкин, А. Р Цыганов. – Горки. 1999. – 169 с.

3. Воробей Н. В. Горы-Горецкий земледельческий институт и развитие сельскохозяйственной и экономической мысли в Белоруссии в 40–60 годах XIX века / Н. В. Воробей, П. Я. Корнев // Тр. Белорус. с.-х. акад.:. Горки, 1960. – Т. 33. – С. 100–143.

4. Воробей, Н. В. Экономические проблемы в работах преподавателей Горы-Горецкого земледельческого института (40–60 гг. XIX в.) / Н. В. Воробей, П. Я. Корнев // Тез. докл. науч. конф. – Горки, 1965. – С. 3–8.

5. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX – начала ХХ в.: очерки / В. Н. Бусько. – Минск, 1990. – 144 с.

6. Бутовский, А. И. Опыт о народном богатстве, или О началах политической экономии: сочинения / А. Бутовский. – СПб., 1847. – 3 т.

7. Горлов, И. Начала политической экономии: в 2 т. – СПб., 1859. – Т.1. – 493 с.; 1862. – Т2. 1862. – 558 с.

8. Гинцель, А. Об условиях, имеющих влияние на поземельную ренту // Записки ГЗИ, – 1855. – Кн. 4. – С. 25–35.

9. Бусько, В. Из истории эволюции учебной литературы по политэкономии в Беларуси / В. Бусько // Беларуская думка. 2003. – №11. – С. 83–89.

10. Янсон, Ю. Э. Краткий курс политической экономии / Ю. Э. Янсон – СПб.: тип. А. Головачева, 1865. – 320 с.

11. Людоговский, А. Основы сельскохозяйственной экономии и сельскохозяйственного счетоводства / А. Людоговский. – СПб., 1875. – с. 1–76 (Ч1: Политическая экономия).

12. Мещерский, И.И. Высшее сельскохозяйственное образование в России и за границей / И. И. Мещерский. – СПб., 1893. – 173 с.

13. Воробьев, В. А., Ковалева, Л. Н. Кафедра экономической теории БГСХА – история и современное развитие / В. А. Воробьев, Л. Н. Ковалева // Мат. конф. Ч1. Горки-Минск, 2004. – С. – С. 3-9

14. Целлинский, Б. Об основаниях теории кадастра / Б. Целлинский // Журнал Министерсва государственных имуществ. 1841. Кн. 1. – С. 135-146

15. Целлинский, Б. Отчет о сельскохозяйственном съезде 1853 г. / Б. Целлинский // Записки ГЗИ. Кн. 3. 1854. – С. 113–149



: downloads
downloads -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
downloads -> Вучэбна-трэніровачны комплекс “пішам правільна” (у адпаведнасці з новай рэдакцыяй “правіл беларускай арфаграфіі І пунктуацыі, 2008) як сродак удасканальвання інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ў сучаснай школе
downloads -> Х а р т ы я з я м л І сакавік-2000 Х а р т ы я з я м л І прэамбула
downloads -> Пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння А. Куляшова “Ёсць у паэта свой аблог цалінны…”
downloads -> `c-w-`mj amXr-`mj lbÀsk-¡âdn hnZ-ym-`-ymk Ub-d-IvS-dpss imc-ym-ebw, luknw-Kvt mÀUv nÂUnwKvkv, im´n \KÀ, Xncp-h-\-´-]pcw
downloads -> Для студэнтаў 5 курса факультэта журналістыкі
downloads -> Пастанова савета мiнiстраў рэспублiкi беларусь 14 мая 2007 г. N 578
downloads -> «Клімавіцкі раён: гісторыя і сучаснасць» Інфармацыйны спіс
downloads -> Закон рэспублiкi беларусь 9 студзеня 2006 г. N 98-з аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны рэспублiкi беларусь
downloads -> Лістапада 2012 года




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка