Рэферат па іт у прадметнай вобласці «Эфектыўнасць выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для рэдактарскага аналізу рэлігійнага дыскурсу ў смі»



Дата канвертавання11.06.2016
Памер207.4 Kb.

Рэферат па ІТ у прадметнай вобласці «Эфектыўнасць выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для рэдактарскага аналізу рэлігійнага дыскурсу ў СМІ»

Уводзіны


Гісторыя беларускага народа шчыльна знітаваная з яго духоўным жыццём. Сёння рэлігія ўспрымаецца як пазнака вышэйшай духоўнасці грамадства. Мова, на якой чалавек звяртаецца да Бога, накладвае свой адбітак на яго светаўспрыманне і светаадчуванне.

На канец XX стагоддзя прыпаў пачатак “рэлігійнага рэнесансу” на Беларусі. Паводле вынікаў сацыялагічных даследаванняў, праведзеных у Гомельскай вобласці, у лістападзе 1989 года да ліку атэістаў адносілі сябе 65 % насельнікаў, у верасні 1994 года – толькі 35 % [9, с. 319]. Нягледзячы на тое, што новых звестак мы не маем, рост духоўнасці грамадства відавочны. Думаецца, такая сітуацыя выклікана не цяжкасцямі сацыяльнага жыцця, а натуральным зваротам нацыі да знішчаных у свой час духоўных арыенціраў. У кнізе “Рэлігія і царква на Беларусі” яе аўтар Іван Чарота зазначае, што на фоне перамен у эканамічным, палітычным і духоўным жыцці павышаецца цікавасць людзей да гісторыі нацыянальнай культуры, у тым ліку да гісторыі развіцця, фарміравання і станаўлення яго канфесійнай структуры, павышаецца ўзровень свядомасці народа [15, с. 5], актыўнае вяртанне значнай часткі нашых суграмадзян да веры змяняе ранейшае ўяўленне пра сувязь свецкага і царкоўнага [Тамсама, с. 43]. Гэта, перш за ўсё, праяўляецца ў цікавасці да беларускамоўных перакладаў Святога Пісьма. Відавочна, што зразумелы для чалавека дыялог з Богам немагчымы без удзелу складніка вербальнага. Бо “на пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова” [28, с. 319]. Вядома, што дыялог гэты павінен здзяйсняцца на роднай для верніка мове.

Пры паспяховым правядзенні моўнай палітыкі царква можа пазбавіцца ад стэрыятыпу “праваслаўны – значыць, “рускі” і зрабіць важны крок да сцвярджэння сябе ў рангу нацыянальным. Касцёл жа, у сваю чаргу, зменіць грамадскую думку пра сваю “польскасць” і патлумачыць, што каталіцтва – рэлігія для ўсіх вернікаў незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. А мова будзе мець больш просты шлях да свайго носьбіта не толькі праз грамадзянскую свядомасць, навуку і культуру, але праз самы блізкі – духоўны пачатак чалавека. Бо як ніхто не можа змусіць яго верыць у Бога, так ніхто не можа змусіць размаўляць на мове між яго волі.

Ідучы ў нагу з часам, разумеючы неабходнасць пошуку новых, запатрабаваных сёння сродкаў распаўсюджання сваіх ідэяў і ідэалаў, абодва веравызнанні імкнуцца данесці Слова Боскае праз сродкі масавай інармацыі, а таксама выкарыстаць пэўныя найноўшыя тэхналогіі. Вядуцца запісы набажэнстваў, якія транслююцца па радыё, тэлебачанні, захоўваюцца на электронных носьбітах для далейшага іх распаўсюджання [17].

На жаль, з беларускамоўнай перыёдыкі праваслаўным вернікам прапануецца толькі газета Свята-Петра-Паўлаўскага сабора “Царкоўнае слова”. Нягледзячы на беларускамоўную назву, на дзесяць нумароў газеты друкуюцца прыкладна два беларускамоўныя матэрыялы [25]. Затое ў свет выходзіць вялікая колькасць беларускамоўнай перыёдыкі для вернікаў каталіцкага веравызнання, сярод якой: культурна-рэлігійны часопіс “Дыялог” (Заснавальнік: Касцёл Маці Божай Фацімскай, г. Баранавічы. Галоўны рэдактар: Таццяна Шымковіч. Колькасць беларускамоўных матэрыялаў: прыкладна 15 % [20]), каталіцкі рэлігійны часопіс “Ave Maria” (Заснавальнік: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Галоўны рэдактар: Крыстына Лялько. Колькасць беларускамоўных матэрыялаў: 100 % [26]), газета “Каталіцкія навіны” (Выданне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла. Працэнт беларускамоўных матэрыялаў: 70 (беларускамоўныя матэрыялы публікуюцца разам з польскамоўнымі) [21]), штотыднёвы хрысціянскі бюлетэнь “Голас душы” (Заснавальнік: грамадскае аб’яднанне “Хрысціянскае таварыства міласэрнасці”. Галоўны рэдактар: ксёндз Уладыслаў Завальнюк. Колькасць беларускамоўных матэрыялаў: 75 % [19]), часопіс “Наша вера” (Выданне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла. Колькасць беларускамоўных матэрыялаў: 100 % [22]).

Такім чынам, актуальнасць магістэрскага даследавання абумоўлена тым, што функцыянаванне беларускамоўнага рэлігійнага дыскурсу як часткі мас-медыя вымагае яго паглыбленага і шматаспектнага вывучэння, а перадусім рэдактарскага аналізу і ацэнкі моўна-стылёвых асаблівасцяў. Навуковая навізна ў тым, што спробы даследаваць рэлігійны дыскурс з гледжання рэдагавання робяцца ўпершыню. Такім чынам, беларускамоўны рэлігійны дыскурс становіцца аб’ектам навуковага даследавання прыкладной філалагічнай дысцыпліны – рэдагавання.

Больш паспяховае дасягненне пастаўленай мэты – прааналізаваць беларускамоўны рэлігійны дыскурс з рэдактарскага гледжання – немагчымае без выкарыстання інфармацыйных тэхналогіяў, найбольш эфектыўных менавіта ў сферы рэдагавання. Таму мэтай гэтага рэферату ёсць аналіз эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйных тэхналогіяў дзеля дасягнення мэты магістэрскай дысертацыі.

Глава 1 Агляд літаратуры


Вельмі паспяховыя і плённыя спробы прааналізаваць функцыянаванне беларускай мовы ў тэкстах Святога Пісьма, набажэнствах каталіцкага касцёла ў перыяд з XVIII да 30-х гг. XX ст. зрабіў ксёндз Адам Станкевіч. Вынікі даследаванняў, ягоныя думкі, меркаванні і погляды былі выкладзеныя ў працы “Родная мова ў святынях” [12, с. 391]. На жаль, паслядоўнікаў кс. Станкевіча можна налічыць няшмат. Праблемай функцыянавання беларускай мовы ў святынях, а таксама ейным ўнармаваннем цікавяцца кс. Уладзіслаў Завальнюк [8], навуковыя супрацоўнікі айчыннай Акадэміі навук І. Будзько [5], В. Фурс [13], даследчыкі А. Мусорын [11], Л. Шакун [16], член біблійнай камісіі І. Чарота [15], а таксама выкладчык БДУ А. Хромчанка [14]. Калі кс. Завальнюка ў большай ступені займае сацыяльны, магчыма, знешні аспект названай праблемы, то названыя мовазнаўцы клапоцяцца пра ўнармаванне беларускай мовы ў святынях з моўна-стылёвага гледжання.

Цікава, што такую задачу ў дачыненні да роднай мовы ставяць перад сабой не толькі беларускія, але і ўкраінскія мовазнаўцы, напрыклад, А. Кот [10].

Рускіх даследчыкаў, напрыклад Г. Вяжбіцкую [6], А. Бабырову [4] найбольш цікавіць не моўна-стылёвы, а дыскурсны, аксіялагічны альбо семантычны падыходы да аналізу рэлігійных тэкстаў.

Нягледзячы на працы айчынных даследчыкаў, сёння адсутнічае цэласны, сістэмны, аб’ектыўны (па-за канфесійны, г.зн., без суб’ектыўнай ідэалізацыі лексічных сродкаў пэўнай канфесіі) рэдактарскі аналіз функцыянавання сучаснага беларускамоўнага рэлігійнага дыскурсу ў СМІ. Таму задачы магістэрскай дысертацыі наступныя: пазнаёміцца з навуковай і публіцыстычнай літаратурай па гэтай тэме; вызначыць асноўныя прыкметы рэлігійнага дыскурсу, а таксама месца рэлігійнага дыскурсу сярод іншых тыпаў дыскурсу; сабраць фактычны матэрыял (знайсці прыклады беларускамоўнага рэлігійнага дыскурсу ў СМІ); прааналізаваць фактычны матэрыял з рэдактарскага гледжання ў моўна-стылёвым аспекце.



Прадметам даследавання з’яўляюцца моўна-стылёвыя і структурныя характарыстыкі рэлігійнага дыскурсу.

Дзеля дасягнення пастаўленых задачаў мэтазгоднае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Паколькі асноўнай у магістэрскай дысертацыі з’яўляецца праца з тэкстам, то найбольш пашыранай будзе праца з тэкставымі рэдактарамі і перакладчыкамі.

Натуральна, што праца немагчымая без выкарыстання інтэрнэт-крыніцаў. Прычым у інтэрнэце можна знайсці як артыкулы, што датычацца тэмы дысертацыі, напрыклад, “Біблія ў беларускім перакладзе: праблема высокага стылю” [3], слоўнікі рэлігійных тэрмінаў на сайтах выданняў (напрыклад, свае сайты маюць часопісы “Наша вера” [23], “Ave Maria” [27]), так і тэкставыя рэдактары, а таксама праграмы-перакладчыкі.

Глава 2 Методыка даследавання


Аб’ектам магістэрскага даследавання з’яўляюцца тэксты і запісы рэлігійнага вуснага і пісьмовага маўлення, якія неабходна разумець як рэлігійны дыскурс, які ёсць сродкам камунікацыі ў сферы канфесійных дачыненняў. Дзеля даследавання выкарыстоўваюцца наступныя метады: апісальны; семантыка-стылістычны; кампанентнага аналізу.

Апісальны метад дазваляе разгледзець працы даследчыкаў у абранай галіне навукі, у рэдагаванні ў прыватнасці, а таксама прыклады рэлігійнага дыскурсу ў СМІ. Семантыка-стылістычны – вылучыць асаблівасці семантычнага напаўнення і моўна-стылёвага складу абраных тэкстаў. Метад кампанентнага аналізу дазваляе прааналізаваць асобныя кампаненты рэлігійнага дыскурсу з гледжання іх адзіночнага выкарыстання, а таксама ў агульным кантэксце.


Глава 3 Апісанне некаторых тэкставых рэдактараў


Пераход ад пяра да ручкі значна спрасціў працэс стварэння тэксту на матэрыяльным носьбіце. Аднак гэтая справа, як і папярэдняя, залежала толькі ад высілкаў і навыкаў чалавека: хуткасці пісьма, граматнасці, акуратнасці. З’яўленне кампутара, а разам з тым і тэкставых рэдактараў дазволіла ў чымсьці зменшыць асабовую адказнасць: з’явілася магчымасць незаўважна выпраўляць памылкі, устаўляць/ выкідаць пэўныя словы, сказы, абзацы і да т.п., выкарыстоўваць розныя шрыфты, правяраць правільнасць напісанага і г.д. Тэкставы рэдактар – кампутарная праграма, прызначаная для стварэння і змянення тэкставых файлаў, а таксама іх прагляду на экране, друкавання, пошуку патрэбных фрагментаў тэксту і г.д. [7].

А адбылося ўсё гэта дзякуючы кінарэжысёру Майклу Шрэеру (Michael Shrayer), які ў 1975 г. стаў адным з уладальнікаў набора для канструявання кампутараў “Альтаір”. Затым ён удасканаліў сваю машыну, падключыў да яе клавіятуру і тэлевізар, які выконваў ролю дысплэя, і стаў гандляваць невялікімі праграмамі. Паступова праграмы ўскладняліся, як і інструкцыі да іх выкарыстання. Аднойчы Шрэер вырашыў, што больш зручна было б рыхтаваць гэтыя інструкцыі з дапамогай “Альтаіра”, а не выкарыстоўваць друкарку. Ён працаваў па 16-20 гадзінаў у суткі на працягу года і выпусціў праграму пад назвай “Электрычны аловак” (Electric Pencil).

Затым Шрэер зразумеў, што ягоны патэнцыйны рынак не абмяжоўваецца толькі колам уладальнікаў “Альтаіра”, і напісаў варыянты “Электрычнага алоўка” для іншых мікрапрацэсараў і цэлага шэрагу прынтэраў. У выніку ён стварыў 68 варыянтаў сваёй праграмы.

Першыя два гады пасля свайго з’яўлення “Электрычны аловак” быў фактычна адзіным тэкставым працэсарам, даступным масаваму карыстальніку. У 1978 г. жыхар Нью-Йорка Сеймур Рубінштэйн (Seymour Rubinstein) стаў незалежным вытворцам у вобласці праграмнага забеспячэння. Першым, з кім ён пачаў супрацоўнічаць, быў праграміст Джон Барнэбі (John Barnaby). Сярод шматлікіх задумак Рубінштэйна быў і тэкставы працэсар. Перш чым Барнэбі пачаў працу, Рубінштэйн сабраў агентаў па продажы праграмнага забеспячэння, каб высветліць, якімі магчымасцямі павінен валодаць тэкставы працэсар. Створаная ў выніку праграма WordStar практычна адразу стала стандартам тэкставых працэсараў для мікракампутараў. Па некаторых ацэнках у наступныя 6 год колькасць карыстальнікаў гэтай праграмы была большай за сукупную колькасць карыстальнікаў усімі іншымі тэкставымі працэсарамі [Тамсама].

Умоўна вылучаюць два тыпы рэдактараў.

Першы тып арыентаваны на працу з паслядоўнасцю сімвалаў у тэкставых файлах. Такія рэдактары забяспечваюць пашыраную функцыянальнасць – падсвятленне сінтаксісу, шаблоны, паказваюць коды сімвалаў і г.д. Часам іх называюць рэдактары кода, бо асноўнае іх прызначэнне – напісанне зыходных кодаў кампутарных праграмаў.

Другі тып тэкставых рэдактараў мае пашыраныя функцыі фармаціравання тэксту, уключэння ў яго графікаў і формул, табліц і аб’ектаў. Такія рэдактары часта называюць тэкставымі працэсарамі і прызначаныя яны для стварэння рознага кшталту дакументаў, ад асабістых лістоў да афіцыйных папер. Класічны прыклад – Microsoft Word.

Найбольш папулярнымі тэкставымі рэдактарамі з’яўляюцца (першага рода):



Emacs. Свободны рэдактар. Мае моцны і вельмі гнуткі інтэрфейс, падтрымлівае макрасы.

jEdit. Свободны рэдактар на Java.

Kate. Моцны свабодны тэкставы рэдактар з падсвятленнем сінтаксісу для вялікай колькасці моў праграмавання. Гнуткі інтэрфейс. Уваходзіць у склад KDE.

Notepad. Просты тэкставы рэдактар, які з’яўляецца часткай аперацыйных сістэм, што выйшлі пачынаючы з 1985 г. Блакнот выкарыстоўвае аконны клас EDIT. Да Windows Me, што выйшла ў 2000 г., падтрымліваліся толькі самыя базавыя функцыі, шматлікія функцыі былі даступныя толькі з меню, і максімальны памер файла складаў 64 Кбайт (мяжа класа EDIT). Сёння рэдактар падтрымлівае кантэкстную замену, гарачыя клавішы (напр., Ctrl-S для захавання файла), знятая мяжа ў 64 Кбайт і дададзеная падтрымка Юнікода. Цікавыя магчымасці: калі ў пачатку адчыненага праграмай файла знаходзіцца кодавая паслядоўнасць ".LOG", то пасля адкрыцця ў канец файла дадаюцца бягучая дата і час і курсор ставіцца пасля яе. Гэтая малавядомая магчымасць, якая існуе прынамсі з Windows 95, дазваляе выкарыстаць рэдактар для вядзення нататак або назіранняў. Калі запусціць Блакнот з ключом каманднага радка /.setup, то пасля запуску Блакнот "завісне" – яго акно не будзе адмалёўвацца, хоць працаваць ён будзе дакладна. (Напрыклад, у такім Блакноце можна разрукаваць тэкст усляпую, і захаваць яго на дыску.) Каб выйсці з гэтага “завісшага” Блакнота, можна выкарыстаць клавішу Esc або камбінацыю Ctrl-D.

GNU nano. Свабодны рэдактар для тэкставага рэжыму.

EditPlus. Тэкстовы рэдактар для Windows, прызначаны для праграмавання і веб-распрацоўкі, праграма платная і толькі на англійскай мове.

EmEditor. Платны рэдактар для Windows-сістэм. Забяспечвае падсвятленне тэксту для розных фарматаў, модуляў, аднак інтэрфейс патрабуе вывучэння.

SciTE. Свабодны кросплатформенны рэдактар з падсвятленнем сінтаксісу для шматлікіх моў праграмавання, фолдзінгам. Шырокія магчымасці настройкі і аўтаматызацыі.

NEdit. Папулярны тэкставы рэдактар і рэдактар зыходнага кода для серады X Window System.

Notepad++ (GNU GPL). Заснаваны на тым самым двіжку, што і SciTE. Мае падобныя магчымасці і зручны інтэрфейс.

Pspad. Тэкставы рэдактар з падсвятленнем сінтаксісу, падтрымкай скрыптаў і інструментамі для працы з HTML-кодам.

TEA. Рэдактар з сотнямі функцый апрацоўкі тэксту і разметкі ў HTML, LaTeX, Docbook.

Texter. Тэкстовы рэдактар для Windows

UniRed. Гэта тэкставы рэдактар з беларускім інтэрфейсам. Падтрымлівае працу з рознымі кадыроўкамі; дазваляе пазначыць юнікодаўскія сімвалы, выкарыстоўваць так званыя "сурагатныя алфавіты"; мае сінтаксычную падсветку; дазваляе рабіць праверку правапісу ў тэкстах.

Папулярныя тэкставыя працэсары (текставыя рэдактары другога рода):



Microsoft Word (часта – MS Word, WinWord або проста Word). Тэкставы працэсар, які выпускаецца карпарацыяй Microsoft у складзе пакета Microsoft Office. Першая версія была напісаная Рычардам Бродзі (Richard Brodie) для IBM PC, якія выкарыстоўваліся DOS, у 1983 году. Пазней выпускаліся версіі для Apple Macintosh (1984), SCO UNIX і Microsoft Windows (1989). Microsoft Word з'яўляецца найбольш папулярным з сённяшніх тэкставых працэсараў, што зрабіла яго бінарны фармат дакумента стандартам дэ-факта, і шматлікія праграмы-канкурэнты маюць падтрымку сумяшчальнасці з гэтым фарматам. Першая версія Microsoft Windows з’явілася ў 1989 г., апошняя – у 2007 г. Аднак і сёння Microsoft Word мае шмат незадакументаваных памылак і кур’ёзаў у функцыянаванні.

Microsoft Works. Просты ў выкарыстанні, мае ўдасканалены слоўнік і слоўнік сінонімаў, а таксама сродкі праверкі правапісу. Дазваляе лёгка праглядаць і рэдагаваць дакументы Microsoft Word і табліцы Microsoft Excel, прэзентацыі Microsoft PowerPoint.

WordPad. Уваходзіць у склад MS Windows, пачынаючы з Windows 95. Валодае большым, чым Notepad, наборам інструментаў, але не дацягвае да ўзроўню паўнавартаснага тэкставага працэсара накшталт Microsoft Word. Падтрымлівае фармаціраванне і раздрукоўку тэксту, але не мае шэрагу важных інструментаў, напрыклад, табліц і сродкаў праверкі арфаграфіі.

AbiWord. Да перавагаў праграмы можна аднесці малы памер дыстрыбутыва, высокае хуткадзеянне, адкрытую мадэль распаўсюджання. Недахопы – абмежаваная функцыянальнасць, няпоўная падтрымка дакументаў Microsoft Word.

PolyEdit. Невялікі (1,4 Мб) тэкставы працэсар, які працуе пад кіраваннем аперацыйнай сістэмы ОС Microsoft Windows. Акрамя стандартных для тэкставых працэсараў магчымасцяў, ён можа шыфраваць дакументы, што захоўваюцца, выкарыстоўваючы алгарытмы Blowfish і SHA, і забяспечвае падсветку сінтаксісу. Падтрымлівае працу з рускай мовай (у розных кадзіроўках — OEM/ANSI/Unicode/UTF-8), уключаючы праверку арфаграфіі і расстаноўку пераносаў [Тамсама].

Глава 4 Эфектыўнасць і праблемы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій ў рэдактарскім аналізе беларускамоўнага рэлігійнага дыскурсу


Словы “рэдактарскі аналіз, рэдагаванне дыскурсу” ўжо самі па сабе акцэнтуюць ўвагу на тэкставых рэдактарах. Натуральна, што найбольш распаўсюджаным і найбольш папулярным сярод іх з’яўляецца Microsoft Word. Акрамя функцый набора, праўкі, устаўкі, выразкі тэксту, найбольш карысным з’яляецца праграмны прадукт "Правапiс", які ўяўляе сабой набор прылад для праверкі правапісу тэкстаў на беларускай мове ў асяроддзі Windows Microsot Office 2000.

Праграмны прадукт арыентаваны на выкарыстанне як сучаснага варыянта правапісу, так і класічнага ("тарашкевіцы").

У склад абноўленай версіі прадукта ўваходзяць наступныя мадыфікацыі: LitaraN02 – праверка паводле правілаў сучаснага (дзейнага) правапісу; LitaraT02 – праверка паводле правілаў класічнага правапісу ("тарашкевіца"); Litara20N – камбінаваная версія з магчымасцю пераходу з адной сістэмы правапісу на другую (па змоўчанні першасна інсталюецца дзейная сістэма правапісу); Litara20T – камбінаваная версія з магчымасцю пераходу з адной сістэмы правапісу на другую (па змоўчанні першасна інсталюецца класічная сістэма правапісу – "тарашкевіца").

Досвед эксплуатацыі папярэдняй версіі (мадыфікацыі Litara10N і Litara10T) паказаў, што шэраг карыстальнікаў, якія не мелі дастатковага досведу працы з макрасамі, сутыкаліся з пэўнымі цяжкасцямі. З гэтай прычыны для карыстальнікаў, якія стала практыкуюць толькі адну сістэму правапісу, былі распрацаваныя спецыяльныя мадыфікацыі LitaraN02 (дзейная сістэма правапісу) і LitaraT02 (класічны варыянт правапісу, т. зв. "тарашкевіца"). Пасля усталявання пажаданай мадыфікацыі далейшае карыстанне аналагічна выкарыстоўванню любога іншага "чэкера" з моўнага пакета MicrosoftOffice, напрыклад рускага, англійскага (ЗША) ці польскага [1].

Такім чынам, гэтая праграма дапамагае рэдактару ў выяўленні асноўных памылак. Аднак правапіс разглядае зыходныя формы слоў і не ўлічвае палітры іх формазмяненняў. А, значыць, адсутнічае важная класіфікацыя памылак па раздзелах мовазнаўства. Магчыма, у будучыні ўдасканаленыя тэкставыя рэдактары змогуць прапанаваць варыянт выпраўлення кожнай формы слова, а таксама класіфікаваць памылку, напрыклад, арфаграфічная, фанетычная і г.д. Каб выявіць арфаэпічныя памылкі, напрыклад, у маўленні святароў, трэба слухаць тэкст. Спадзяемся на распрацоўку праграмы, якая б магла выяўляць памылкі вуснага маўлення.

Шмат нараканняў выклікае варыятыўнасць беларускамоўнай рэлігійнай тэрміналогіі, напрыклад, Свяшчэннае Пісанне – Святое Пісьмо, Завет – Запавет – Закон, Благавесце – Дабравесце – Евангелле – Эвангеле, Аман – Амэн – Амінь – Амін, Бог – Госпад – Гасподзь – Госпадзь – Гаспадар – Пан – Усеспадар – Уладыка – Спадар – Уладар, Бажаство – Боства, Спас – Спасіцель – Ратаўнік – Збавіцель – Збаўца, Уваскрасенне Хрыстова – Уваскрашэнне Хрыстова – Вялікдзень, Нараджэнне хрыстова – Раство – Ражджаство – Ражство – Ражаство – Каляды, Уваскрасенне – Уваскрэсенне – Ускрэсенне – Уваскрысенне – Згробуўстанне – З мёртвых устанне, Узнясенне – Увазнясенне – Унебаўшэсце, ангел – анёл – анел – ангіл – анял, Іісус – Ісус – Езус, Хрыстос – Хрыстус, Матфей – Мацфей – Мацвей – Мацей, Марк – Марка – Марак, Лука – Лукаш, Іаан – Іоанн – Іоан – Яан – Ян, Грыгорый – Рыгор, Захарыя – Захары – Захара – Захар, Іакаў – Якаў – Якуб, Ілія – Ілля – Ілья – Іліяш – Гальяш, Маісей – Майсей – Масей – Маізей, Пётр – Пётар – Пятро, Яфрэм – Ахрэм, Іудзея – Іудэя – Юдэя, Вавілон – Бабілон – Бабілён, Іерусалім – Ерусалім – Ерузалем, Віфліем – Бітліем – Бетлеем і інш. Але, на жаль, не існуе ніводнага электроннага слоўніка, які б прапаноўваў адзін альбо некалькі перакладаў вышэйзгаданых тэрмінаў, або слоўніка сінонімаў рэлігійных тэрмінаў. Апраўданнем можа служыць тое, што і друкаваных слоўнікаў гэткага кшталту няма.

Вялікім плюсам з’яўляецца наяўнасць электронных перакладаў Святога Пісьма (напр., пераклад “Бібліі” В. Сёмухі [2]), а таксама тлумачальных электронных слоўнікаў.

У рэдкіх выпадках карысным бывае слоўнік “Белазар”, які дазваляе рабіць пераклады з рускай на беларускую і наадварот. Аднак прымітыўнасць слоўніка замінае яго пашыранаму ўжыванню.


Глава 5 Прыклады прымянення інфармацыйных тэхналогій у рэдагаванні сучаснага рэлігійнага дыскурсу


У якасці першага прыклада возьмем урыўкі з “Эвангеля паводля сьв. Яна” ў перакладзе Яна Пятроўскага, “Бібліі” ў перакладзе В. Сёмухі і каталіцкага малітоўніка “Ойча наш”. У выніку рэдактарскага аналізу выяўленыя наступныя асаблівасці кананічных тэкстаў:

а) арфаграфічныя:

  • напісанне слоў, якія адносяцца да трыадзінага Бога, з вялікай літары, што ўказвае на перавагу яго над усімі жывымі істотамі, а таксама на павагу да яго і прызнанне божага аўтарытэту: Ян сьведчыць пра Яго і ўзвышаным голасам кажа: гэта быў Той, Каторы ідзе за мною, выперадзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне [27, 3]; Наш Настаўнік [24, с. 13], Дык вось цяпер, о Госпадзе, слова, якое Ты сказаў пра раба Твайго і пра дом ягоны, умацуй навек;і зрабі, як Ты сказаў [Тамсама, с. 570], І было слова Гасподняе Самэю, чалавеку Божаму, і сказана [Тамсама, с. 599], І пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі ў час дзённай прахалоды; і схаваўся Адам і жонка ягоная ад аблічча Госпада Бога паміж дрэвамі раю [Тамсама, с. 7]. У гэтым выпадку эфектыўнасць выкарыстання Microsoft Word склала 0 %. Ён падкрэсліў словы сьведчыць (як “тарашкевіцу” сярод тэксту “наркамаўкі”), о Госпадзе (слова адсутнічае ў слоўніку праграмы), Самэю (імя) (таксама).

б) марфалагічныя асаблівасці:

  • высокачастотнае выкарыстанне займенніка першай асобы множнага ліку мы, што дае вернікам адчуць адзінства з Богам і адзін з адным, мы – гэта дзеці Бога, мы – гэта браты: Ён (Бог) вельмі любіць нас, …каб мы асцерагаліся малітвы напаказ [24, с. 13], і адпусці нам правіны нашыя (падкрэсленае, слова адсутнічае ў слоўніку праграмы, замест яго існуе варыянт “нашы”) [Тамсама, с. 15];

  • дзеясловы другой асобы множнага ліку (гл. папярэднюю асаблівасць): Памятаючы збавенныя запаведзі і Божым настаўленнем навучаныя, асмельваемся сказаць… [Тамсама, с. 186];

  • ужыванне побач слоў з рознай спалучальнасцю як вынік паслоўнага перакладу са старажытнагрэчаскай мовы: ад двух гадоў і ніжэй… [27, с. 8];

в) сінтаксічныя асаблівасці:

  • паўторы як формула запэўнівання замест забароненай клятвы: І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх [24, с. 6], і вось усіх пакаленняў ад Абрагама (падкрэслена) да Давіда чатырнаццаць пакаленняў [Тамсама, с. 1175];

  • таўталогія (гл. папярэднюю асаблівасць): узрадаваліся радасцю вельмі вялікай [24; с. 197]; сьмерцю (падкрэслена) памрэш [18; с. 7] (як спосаб затрымання чытацкай увагі);

  • спецыфіка расстаноўкі знакаў прыпынку, што надае выкладу лагічную паслядоўнасць, калі адно выказванне вынікае з папярэдняга: Вы ня ведаеце, чаму пакланяецеся: мы ведаем, чаму пакланяемся: бо збаўленьне (падкрэслена) ад Юдэяў (падкрэслена) [27, с. 9].

Як бачна з прыведзеных прыкладаў, моўныя і сінтаксічныя асаблівасці, якія лічыліся б памылковымі ў звычайных тэкстах, з’яўляюцца нормай тэкстаў рэлігійных. Аднак выяўленне ў іх памылак кампутарнай праграмай дазволіла б даследчыку хутчэй зарыентавацца ў тэксце. Аднак праграма звярнула ўвагу на зусім нязначныя моманты, прапусціўшы самыя цікавыя.

У якасці другога прыкладу возьмем урывак з артыкула з сайту часопіса “Наша вера”:



Урачыстасць Божай Міласэрнасці ў лошыцкай парафіі

30 сакавіка 2008 г. вернікі мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай (мікрараён Лошыца) віталі арцыбіскупа (падкрэслена, у якасці замены слоўнік падае правапісны варыянт “артцыбіскуп”) Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага (падкрэслена, без варынтаў) Тадэвуша Кандрусевіча (падкрэслена, у якасці замены слоўнік падае правапісны варыянт “Кандрусевіч”). У мікрараёне Лошыца, дзе зарэгістравана і дзейнічае парафія, плануецца пабудаваць санктуарый (падкрэслена, без варыянтаў) Божай Міласэрнасці. З гэтай нагоды арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці цэлебраваў (падкрэслена, без варыянтаў) у гэтай парафіі святую Імшу і маліўся за ўсіх вернікаў парафіі на чале з іх пробашчам кс. (падкрэслена, варыянты зусім не адпавядаюць зместу) Генадзем Кухарэвічам (падкрэслена, без варыянтаў) CSMA.

«Святы Айцец Бэнэдыкт (падкрэслена, слоўнік падае наступныя варыянты “Бенядзікт”, “Бенедыкт”) XVI у сваёй першай энцыкліцы Deus Caritas est (падкрэслена, без варыянтаў) („Бог ёсць любоў“) піша, што, ідучы на крыж, Пан Езус (падкрэслена, варыянты не адпавядаюць зместу) як быццам выступіў супраць самога сябе, бо Ён — Бог несмяротны. У чалавечым целе Ён дазволіў забіць сябе, дазволіў сябе ўкрыжаваць.

У гэтым выпадку тэкставы рэдактар падкрэсліў рэлігійную лексіку, а таксама, што найбольш важна, змог адлюстраваць варыятыўнасць напісання імя Бенедыкт [23].

Абмеркаванне вынікаў


Інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць сённяшнім даследчыкам больш паспяхова і хутка ажыццяўляць сваю працу. У шматлікім яны спрашчаюць вытворчы працэс. У кожнай галіне навукі выкарыстоўваецца свой шэраг найбольш дзейсных інфармацыйных тэхналогіяў. Прымяняльна да рэдагавання тэкстаў мы можам гаварыць пра выкарыстанне тэкставых рэдактараў і электронных слоўнікаў. Колькасць тэкставых рэдактараў досыць вялікая, аднак найбольш папулярным з’яўляецца Microsoft Word. Наяўнасць праграмы “Правапіс” дазваляе апрацоўваць беларускамоўныя тэксты. Аднак пры выкарыстанні гэтай праграмы даследчыку даводзіцца больш разлічваць на свае сілы, а не на яе шырокія магчымасці. Мяркуем, станоўчым з’яўляецца тое, што навукоўцу не пагражае стаць банальным масавым карыстальнікам інфармацыйных дасягненняў. Яму даводзіцца мець шырокі спектр ведаў, прынамсі ў галіне мовазнаўства. Інакш кожны мог бы проста ўвесці тэкст і атрымаць ад кампутара пажаданыя вынікі. З іншага боку, сучаснае грамадства імкнецца да забеспячэння больш хуткага выканання працы з атрыманнем найбольш правільных вынікаў з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. Таму ўдасканаленне тэкставых рэдактараў, а таксама адаптаванне іх да ўжывання на беларускамоўнай глебе мае пад сабой падставы. Апрацоўка ў тэкставым рэдактары рэлігійнага тэксту вымагае спецыфічнага функцыянавання інфармацыйных тэхналогій: наяўнасці перакладнога і тлумачальнага электронных слоўнікаў рэлігійных тэрмінаў, пашырэнне магчымасцяў тэкставых рэдактараў.

Заключэнне


Рэлігійны дыскурс як адзін з самых старажытных тыпаў зносін уяўляе сабой сукупнасць маўленчых актаў, якія выкарыстоўваюцца ў рэлігійнай сферы. Рэлігійны дыскурс займае годнае месца сярод іншых тыпаў дыскурсу. Мэтай яго ёсць наблізіць чалавека да Бога праз свядомае разуменне маральнай і духоўнай каштоўнасці веры. Больш блізкі шлях да душы чалавека рэлігійны дыскурс мае праз родную мову: Слова ёсць святым у Бібліі, зневажаць роднае слова, матчыну мову – вялікі грэх. Беларускамоўны рэлігійны дыскурс рэалізуецца ў вусным і пісьмовым маўленні праз сродкі масавай інфармацыі. Моўна-стылёвы аналіз рэлігійнага дыскурсу паказвае, што прычыны яго недасканаласці хаваюцца не толькі ў вялікай колькасці варыянтных перакладаў рэлігійных тэрмінаў і неапраўданых лексічных трансфармацый, а значна глыбей – у адсутнасці перакладных і тлумачальных слоўнікаў, а таксама слоўнікаў сінонімаў.

Такім чынам, мы мяркуем, што паколькі беларуская мова мае месца існаваць ў святынях, яе выкарыстанне павінна быць унармаваным, а не стыхійным. Бо менавіта рэлігія можа стаць той урадлівай глебай для яе развіцця, дапамагчы беларускім вернікам, шануючы сваё мінулае, ўпэўнена крочыць да зменаў. Гэта яшчэ ў XVI ст. выдатна разумеў Францыск Скарына, які невыпадкова першымі на родную мову пераклаў кнігі Бібліі. Аднак са скарынаўскіх часоў наша грамадства дасягнула значных посьпехаў у сферы інфармацыйных тэхналогій. Гэта выявілася і ў магчымасці выкарыстоўваць электронныя сродкі стварэння, захавання і апрацоўкі інфармацыі. З’явіліся аўдыё-кнігі, электронныя бібліятэкі, не кажучы ўжо пра праграмы працы з тэкстамі, якімі карыстаюцца не толькі мовазнаўцы, але і хімікі, і фізікі, і біёлагі звычайныя школьнікі. Аднак здавалася б, самыя рапаўсюджаныя праграмы не ёсць дасканалымі. А ў рэдактарскай працы менавіта яны шмат у чым вызначаюць паспяховасць вынікаў. Удасканаленне праграм, што ўжо існуюць, распрацоўка больш дзейсных, адаптаванне іх да ўжывання ў дачыненні да беларускамоўных тэкстаў, а таксама пашырэнне іх функцый для працы з тэкстамі рэлігійнага характару паспрыяюць унармаванню функцыянавання беларускай мовы як у рэлігійнай сферы, так і ў грамадскім жыцці.


Спіс літаратуры да рэферата

Тэарэтычныя крыніцы


  1. Аб праграме "Правапіс". – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://pravapis.tut.by/a.php?Link=about – 22.12.08.

  2. Біблія беларуская ў перакладзе Васіля Сёмухі. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.isuspan.com/b/Biblia_bel/ – 10.05.08.

  3. Біблія ў беларускім перакладзе: праблема высокага стылю. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://churchby.info/bel/183/ – 22.12.08.

  4. Бобырёва, Е. В. Религиозный дискурс: ценности, жанры, стратегии: (на материале православного вероучения) : автореферат диссертации на соискание учёной степени доктора филологических наук: 10.02.19 / Екатерина Валерьевна Бобырёва; [Волгоградский государственный педагогический университет]. – Волгоград, 2007.

  5. Будзько, І. У. Рэлігійны слоўнік старабеларускай мовы / І. У. Будзько. – Баранавічы, 2003.

  6. Вежбицкая, А. Сопоставление культур через посредство лексики и прагматики / А. Вежбицкая. – М., 2001.

  7. Вікіпедыя. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%B5%D1%80%D1%88%D0%B0%D1%8F_%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D0%B0 – 22.12.08.

  8. Завальнюк, У. Узняліся крыжы над святынямі / У. Завальнюк. – Мінск, 1999.

  9. Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX стагоддзяў) / нав. рэд. У. І. Навіцкі. – Мінск, 1998.

  10. Кот, С. О. Дискурсний аналіз проповіді як морально-духовного жанру словесности (на матеріалі православной Різдвяноі проповіді) : автореферат диссертаціі на здабуття наукового ступеня кандідата філологічних наук: 10.02.02 / Кот Сергій Олександрович. – Киів, 2006.

  11. Мусорын, А. Ю. Хрысціянская тэанімічная лексіка беларускай мовы праваслаўнага і каталіцкага ўжывання / А. Ю. Мусорын // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе : зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса / пад рэдакцыяй Сяргея Запрудскага, Аляксандра Фядуты, Захара Шыбекі. – Мінск, 2007.

  12. Станкевіч, А. Родная мова ў сьвятынях / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. – Вільня, 2008.

  13. Фурс, В. У. Польскамоўны ўплыў на беларускі пераклад чатырох’евангелля ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (1939) / В. У. Фурс // Сучасны стан і дынаміка норм беларускай літаратурнай мовы: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мiнск / Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі; нав. рэд. А. А. Лукашанец. – Мінск, 2006.

  14. Хромчанка А. Р. Канфесійная лексіка сучаснай беларускай мовы. / А. Р. Хромчанка // Журналістыка-2004. – Мінск, 2004.

  15. Чарота, І. А. Беларуская мова і царква / І. А. Чарота. – Мінск, 2000.

  16. Шакун, Л. М. Значэнне царкоўнаславянскай мовы ў развіцці беларускай літаратурнай мовы / Л. М. Шакун. – Мінск, 1958.

Практычныя крыніцы


  1. Бажэственная літургія : дыск / пер. С. Гардуна.

  2. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісання Старога і Новага Запавету / пер. В. Сёмуха. – 2002.

  3. Голас душы. – 2001. – №№ 11, 23, 35. – 2002. – №№ 1, 7-9, 14, 15, 38. – 2003. – № 15.

  4. Дыялог. – 1999. – № 12. – 2003. – № 2-3. – 2004. – № 4. – 2005. – № 11. – 2006. – № 4. – 2008. – № 1.

  5. Каталіцкія навіны. – 2005. – № 1. – 2007. – № 5. – 2008. – № 1.

  6. Наша вера. – 2008. – № 1 (43).

  7. Наша вера. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://media.catholic.by/nv/n42/aboutus.htm – 22.12.08.

  8. Ойча наш : малітоўнік / Мітрапалітарная камісія па перакладу літургічных тэкстаў. – Мінск, 2000.

  9. Царкоўнае слова. – 2007. – №№ 5-12. – 2008. – №№ 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19.

  10. “Ave Maria”. – 2003. – № 5-6. – 2004. – № 1-2. – 2005. – № 1-2. – 2006. – № 1-2. – 2007. – №№ 3, 10.

  11. “Ave Maria”. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://media.catholic.by/ave/index.htm?/ave/n83/art2.htm – 22.12.08.

  12. Эвангелле паводля сьв. Яна / пер. Ян Пятроўскі. – Мінск-Лондан-Нью-Йорк, 1991.

Предметны паказальнік да рэферата


A

AbiWord 7

E

EditPlus 6



Emacs 5

EmEditor 6

G

GNU nano 6



J

jEdit 5


K

Kate 6


M

Microsoft Word 5, 7, 8, 10, 12

Microsoft Works 7

N

NEdit 6



Notepad 6, 7

P

PolyEdit 7



Pspad 6

S

SciTE 6



T

TEA. 6


Texter 6

U

UniRed 7



W

WordPad 7

а

арфаграфічныя 9



б

беларускамоўны 2, 12

беларускамоўны рэлігійны дыскурс 2

бюлетэнь 2

г

газета 2


д

дыскурс 1, 2, 3, 4, 8, 9, 12

м

марфалагічныя 10



мова 1, 2, 3, 6, 8, 13, 14

моўны 1


р

радыё 2


рэдактарскі аналіз 3, 8

рэлігійнай тэрміналогіі 9

рэлігійны 1, 2, 3, 4, 8, 9, 12, 13

рэлігійны дыскурс 2, 4, 12

Р

Рэлігія 1



с

сінтаксічныя 10, 11

сродкі масавай інармацыі 2

т

тэкставыя рэдактары 4, 8



тэлебачанне 2

ц

царква 1



ч

часопіс 2










База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка