Рэзалюцыя Канферэнцыі Нацыянальнай платформы



Дата канвертавання15.05.2016
Памер29.85 Kb.

Рэзалюцыя

Канферэнцыі Нацыянальнай платформы

Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

Нацыянальная платформа: 2012 – новая рэальнасць у няновых умовах”



Мінск, 29-30 чэрвеня 2012 года
Аб Еўрапейскім дыялогу па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам”
29 сакавіка 2012 года Еўрапейскі Саюз абвясціў аб новай ініцыятыве ў дачыненні да Беларусі – Еўрапейскім дыялогу па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам. “Еўрапейскі дыялог” закліканы сфармуляваць яснае бачанне сучаснай дэмакратычнай Беларусі; прапанаваць пакет рэформ, неабходных для мадэрнізацыі краіны; вызначыць патэнцыял і інструменты магчымай падтрымкі рэформ з боку ЕС; уключыць у працэс мадэрнізацыі Беларусі практычны вопыт пераходнага перыяду краін ЕС.

Удзельнікі Канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства вітаюць Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам, падзяляюць і падтрымліваюць імкненне Еўрапейскага Саюза да наладжвання канструктыўнага дыялогу з Беларуссю, яе грамадзянскай супольнасцю, дэмакратычнымі сіламі і ўрадам. У той жа час мы са шкадаваннем канстатуем той факт, што сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, абмежаванні базавых грамадзянскіх і палітычных свабод, утрыманне ў турмах палітычных апанентаў дзеючай улады ў нашай краіне перашкаджаюць паўнавартаснаму еўрапейска-беларускаму супрацоўніцтву. Менавіта па гэтых прычынах Беларусь ужо згубіла шэраг магчымасцяў, што прадстаўляюцца Усходнім партнёрствам. Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі адкрывае новыя магчымасці, і толькі ад волі і дзеянняў нас, беларусаў, залежыць, ці зможам паўнавартасна выкарыстоўваць іх для развіцця краіны.

Пытанні мадэрнізацыі і абнаўлення Беларусі – адныя з найважнейшых у сённяшнім палітычным парадку дня. Краіна мае крытычныя патрэбы ў рэфармаванні эканомікі, сістэмы адукацыі, юстыцыі, лібералізацыі палітычнага жыцця і шмат іншых надзённых пераўтварэннях. Іх адкладванне прывяло да цяжкіх эканамічным наступстваў у 2011 годзе і працягвае негатыўна ўплываць на дабрабыт насельніцтва і перспектывы будучага развіцця краіны. Еўрапеізацыя, рух у бок рэалізацыі сучасных еўрапейскіх стандартаў рэгулявання – з нашага пункту гледжання, гэта адзіны верны шлях для сённяшняй Беларусі.

Мы падкрэсліваем актуальнасць і своечасовасць Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі. Яго змест і ход вызначаецца не толькі сітуацыяй “пасля наступлення дэмакратыі”, але і ўмовамі сучаснага палітычнага працэсу ў краіне. Праекты рэформ ужо сёння павінны быць накіраваны на рэальныя змены. Мы ўсведамляем, што рэалізацыя паўнавартасных рэформ стане магчымай толькі з пачаткам у краіне палітычнай лібералізацыі і грамадска-палітычнага дыялогу ўлад з палітычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю. “Еўрапейскі дыялог” закліканы спрыяць гэтаму працэсу, у тым ліку і з дапамогай узгаднення пазіцый паміж грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй Беларусі.

Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі павінен надаваць увагу арганізацыі непасрэднага дыялогу Еўрапейскага Саюза з беларускім грамадствам па шырокім спектры сацыяльна значных тэм, несці пазытыўную прапанову звычайным грамадзянам Беларусі. Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз адрасаваць беларускаму грамадству ясны сігнал пра еўрапейскую перспектыву па аналогіі з прынятым у 2006 годзе дакументам “Што ЕС можа даць Беларусі”. Адным са значных момантаў такой прапановы можа быць рашэнне аб адмене ў аднабаковым парадку спагнання платы за шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі.

Мы вітаем трохбаковы фармат раўнапраўнага ўдзелу прадстаўнікоў ЕС, беларускай грамадзянскай супольнасці ды палітычнай апазіцыі і беларускіх улад у “Еўрапейскім дыялогу”. Мы падкрэсліваем, што паўнавартаснае ўключэнне ў дыялог прадстаўнікоў беларускіх улад у актуальных умовах пакуль не з’яўляецца магчымым. Толькі ў выпадку пачатку палітычнай лібералізацыі, пры вызваленні палітычных зняволеных і змене ўмоў дзейнасці грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі паўнапраўны ўдзел дзяржаўных чыноўнікаў стане рэальным.

Тым не менш, фармат паўнавартаснага трохбаковага дыялогу з’яўляецца неабходным у будучыні. Толькі ў гэтым выпадку будзе забяспечана магчымасць ўсебаковай рэалізацыі мадэрнізацыйных рэформ.

Мы настойваем на тым, каб улады Беларусі зрабіць усе неабходныя крокі ў вырашэнні канфлікту з Еўрапейскім Саюзам, уключаючы правядзенне свабодных і дэмакратычных парламенцкіх выбараў.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка