Родам з нясвіжшчыны



Дата канвертавання15.05.2016
Памер52.92 Kb.
РОДАМ З НЯСВІЖШЧЫНЫ
У сучаснай лінгвістыцы яго імя асацыіруецца найперш з арабскаграфічнымі помнікамі беларускага пісьменства. І прыход яго да арабістыкі сёння можа ўспрымацца зусім не выпадковым, паколькі родам ён з вёскі Казлы – той часткі Нясвіжшчыны, што суседнічае з татарскімі слабодкамі Арда, Даматканавічы, самога Клецка. Ці не тут, у гады дзяцінства, ён і пазнаёміўся ўпершыню са словамі і паняццямі татарскага побыту, якія аднолькава былі зразумелымі і для беларусаў і для нашчадкаў першых іншаверцаў з Залатой Арды, што з часоў Вітаўта пасяляліся ў Вялікім Княстве Літоўскім... .

Антон Канстанцінавіч Антановіч нарадзіўся 6 чэрвеня 1910 г. у беднай сялянскай сям’і. Рана зведаўшы цяжкую фізічную працу і жыццёвыя нагоды, ён у падлеткавым узросце трапіў у Вільню, дзе ў 20-я гады дзейнічалі шматлікія беларускія асветніцкія гурткі. Настойліва займаўся самаадукацыяй, што дазволіла паступіць у тэхнічнае вучылішча, хоць пасля яго заканчэння ў 1932 г. знайсці работу па спецыяльнасці не ўдалося. Прыйшлося папрацаваць і чорнарабочым на будоўлі, і дыспетчарам на чыгуначнай станцыі, і настаўнікам пачатковай школы на Ашмяншчыне, нарэшце – супрацоўнікам беларускага музея ў Вільні. У 1944 годзе пры мужчынскай гімназіі здаў экстэрнам экзамен на атэстат сталасці. Пасля службы ў арміі (1944 – 1945) паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, стаў працаваць у рукапісным аддзеле навуковай бібліятэкі ўніверсітэта, дзе сур’ёзна захапіўся дзелавым беларускім пісьменствам ХV – XVII стагоддзяў. Вынікам карпатлівай навукова-даследчай працы сталі грунтоўныя артыкулы “Вопросы фонетики белорусского актового языка XVI в. По материалам судебной (актовой) книги Каунасского земского суда 1566 – 1567 гг.” (1960, 28 старонак) і “Графика и орфография судебной (актовой) книги Каунасского земского суда 1566 – 1567 гг.” (1961, 13 старонак), якія склалі аснову кандыдацкай дысертацыі, паспяхова абароненай у 1961 годзе. Дарэчы, у беларускім мовазнаўстве гэта было першае манаграфічнае даследаванне канкрэтнага помніка старажытнага пісьменства – скарапіснага рукапісу аб’ёмам у 237 старонак вялікага фармату.

Актавая кніга Ковенскага земскага суда 1566 – 1567 гг. для разгляду была ўзята не выпадкова. У ёй зафіксаваны 721 запіс рознага зместу – скаргі і заявы жыхароў на пабоі і грабяжы, кражы, самавольныя захопы маёмасці і зямельных надзелаў, ёсць нават паведамленне пра спаленне жанчыны на кастры за вядзьмарства і інш. Аналіз графікі, фанетыкі, марфалогіі і лексікі паказаў, што мова гэтых дакументаў з’яўляецца традыцыйнай, характэрнай і для іншых помнікаў таго часу. З другога боку, паколькі пісцамі (пісарамі) суда былі літоўцы, то тут спарадычна адлюстраваліся і некаторыя асаблівасці літоўскай мовы.

Аднак шырокую вядомасць Антону Антановічу прынесла буйная манаграфія “Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система” (Вільнюс, 1968), абароненая ў 1969 годзе ў якасці доктарскай дысертацыі. За кароткі час гэтая праца атрымала ажно 7 навуковых водгукаў у розных славістычных выданнях Беларусі, Польшчы, Расіі, тагачаснай Чэхаславакіі, а яе аўтар стаў адным з найбольш прызнаных даследчыкаў твораў арабскаграфічнай літаратуры – т. зв. кітабаў.

Увогуле, першым, хто звярнуў увагу на кітабы, быў нямецкі ўсходазнавец Г. Флейшар, які, можна меркаваць, не ведаў ні аб літоўскіх татарах, ні аб пісьменстве на беларускай мове (адшуканы Хамаіл ён змясціў у каталозе ўсходніх рукапісаў). Першаадкрывальнікам жа татарска-мусульманскай літаратуры на беларускай і польскай мовах варта лічыць Антонія Мухлінскага, які ўпершыню звярнуў увагу на існаванне ў татар Беларусі і Літвы значнага пісьменства (узоры гэтай літаратуры ён надрукаваў у Вільні ў 1857 г.). У друку з таго часу неаднойчы згадваліся татарскія рукапісы (В. Вольскі, І. Крачкоўскі, Я. Станкевіч і інш.), аднак у большасці гэта былі працы папулярнага характару і прызначаліся для шырокага кола чытачоў.

Грунтоўнае навуковае даследаванне беларускіх кітабаў пачалося толькі ў другой палове ХХ ст., і безумоўны прыярытэт у гэтай справе належыць Антону Антановічу. Дзякуючы руплівай працы ў архівах, бібліятэках, музеях, прыватных кнігазборах, сувязям з вучонымі Казані, Санкт-Пецярбурга, Кракава, Лейпцыга, Варшавы, Вроцлава, вучоны адшукаў 24 вядомыя і невядомыя датуль рукапісы татарска-мусульманскага пісьменства XVII – пачатку ХХ ст. і даў ім усебаковае апісанне. У жанравых адносінах сярод гэтых рукапісаў пераважаюць Хамаілы (дапаможнікі для мусульманскіх святароў), кітабы (зборнікі аб жыцці і дзейнасці Магамета і яго паплечнікаў, біблейскія легенды, апісанні абрадаў, рытуалаў і абавязкаў мусульман, рыцарскія і прыгодніцкія аповесці і апавяданні і інш.), тэфсіры – тэксты Карана на арабскай мове з падрадковым перакладам на беларускую мову. Даследчык адшукаў і прааналізаваў беларуска-турэцкі слоўнік (каля 1836 г.), які прызначаўся для асоб, што збіраліся выехаць у Турцыю, а таксама дзелавы дакумент 1759 г. на польскай мове, але са шматлікімі беларускімі асаблівасцямі. Антон Антановіч у манаграфіі ўпершыню прывёў дакладныя звесткі аб месцах захоўвання арабскаграфічных рукапісаў, раскрыў гісторыю паходжання, выказаў меркаванні пра час і месца іх узнікнення, вытлумачыў змест тэкстаў, ахарактарызаваў аб’ём і стан захаванасці кожнага помніка. Упершыню ў навуковай практыцы ён распрацаваў сістэму транлітарацыі арабскага пісьма ў сучаснае беларускае. Варта адзначыць, што зрабіць гэта было надзвычай няпроста, бо тэксты ствараліся на розных тэрыторыях, і часта для перадачы аднаго і таго ж гука (напрыклад, [г] выбухны і фрыкатыўны) прымяняліся розныя графемы, увогуле сустракаюцца дыякрытычныя і радковыя знакі, што не мелі самастойнага гукавога значэння. Лінгвістычны аналіз помнікаў выявіў і такую нечаканую асаблівасць іх, як намнога больш дакладнае адлюстраванне фанетычных з’яў беларускай мовы (аканне, рознае вымаўленне гука [г], асімілятыўная мяккасць асобных зычных гукаў) сродкамі арабскай графікі, чым тагачаснай кірыліцы. Беларускія арабскаграфічныя помнікі засведчылі шырокае адлюстраванне ў іх многіх асаблівасцей рэгіянальных гаворак, у складзе гэтых рукапісаў ёсць тэксты польскія, сербскія, а таксама цюркскія і арабскія, якія могуць з поспехам выкарыстоўваць не толькі славісты, але і ўсходазнаўцы.

Сваё даследаванне А. К. Антановіч разглядаў “як пачатак той велізарнай працы, якую яшчэ трэба будзе правесці ў будучым...”, ён не безпадстаўна выказваў надзею, што “праца выкліча цікавасць да вывучаемых тэкстаў навуковай грамадскасці і што яны зоймуць належнае месца сярод іншых помнікаў беларускай мовы”. Так яно ў далейшым і атрымалася.

З лёгкай рукі Антона Канстанцінавіча сталі вывучацца ўсё новыя і новыя беларускія кітабы, ўводзіцца ў навуковы ўжытак іншыя помнікі беларускага пісьменства. Вучоны стаў частым госцем у акадэмічным інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, а яго кватэра ў Вільнюсе была гасцінным прыстанішчам для беларускіх навукоўцаў. Як навуковага кіраўніка сваіх кандыдацкіх дысертацый сёння А. К. Антановіча з удзячнасцю ўспамінаюць член-карэспандэнт НАН Беларусі прафесар А. М. Булыка і дэкан філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава дацэнт В. І. Несцяровіч, іншыя масцітыя навукоўцы, якія шчодра выкарыстоўвалі ўнікальны вопыт даследчыцкай працы і багацейшую бібліятэку вучонага.

Не так многа гадоў было адведзена лёсам Антону Канстанцінавічу. Памёр ён 27 снежня 1980 года, крыху перажыўшы свой 70-гадовы юбілей. На творчым рахунку вучонага ўсяго толькі 11 навуковых публікацый, але кожная з іх – вынік руплівай працы і няспынных пошукаў, яскравае сведчанне яго жыццёвага прынцыпу: ісці ў навуцы няторанымі і малаходжанымі сцежкамі.
Літаратура

Вольскі В. Наконт нацыянальнай літаратуры беларускіх татар / В. Вольскі // Узвышша. – 1927. -- № 8 – 9.

Германовіч І. К. Антановіч Антон Канстанцінавіч // Германовіч І. К. Беларускія мовазнаўцы. У 2 т. Т. 1. / Склад., прадмова М.Р. Прыгодзіча, І. С. Роўды. – Мінск, 2006. – С. 12 –16.

Канапацкі І. Б. Гісторыя і культура беларускіх татар / І. Б. Канапацкі, А. І. Смолік. – Мінск, 2000.

Мухлинский А. Исследования о происхождении и состоянии литовских татар / А. Мухлинский. – Санкт-Петербург, 1857.

Несцяровіч В. І. Старажытныя рукапісы беларускіх татар / В. І. Несцяровіч. -- Віцебск, 2003.

Станкевіч Я. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом / Я. Станкевіч. – Вільня, 1933.

Тондзель М. Ішоў няторанымі сцежкамі / М. Тондзель. – Лім. – 1982. – 19 лютага.



Lapicz Cz. Kitab tatarόw litewsko-polskich (paleografia, grafika, język) / Cz. Lapicz. – Torun, 1986.
: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9%20%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Беларуская мова
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Прыгодзіч М. Р. (Мінск, Беларусь) беларусіст з берагоў дуная
%D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> Сяргей Запрудскі Беларусістычныя зацікаўленні Самуэля Багуміла Ліндэ1
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Яна была першай
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> З гісторыі мовазнаўства Мікалай прыгодзіч
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Патрыярх беларускага адраджэння
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> ДАЎні сябра беларускай мовы
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Андраш золтан як даследчык помнікаў беларускага пісьменства
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Прыгодзіч М., Бду, Беларусь з гісторыі вывучэння аказіянальнай лексікі беларускай мовы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка