Ўроках беларускай мовы І літаратуры як адзін з фактараў павышэння якасці адукацыі дабравольская Таццяна Паўлаўна



Дата канвертавання16.05.2016
Памер93.75 Kb.


ВЫКАРЫСТАННЕ ІНФАРМАЦЫЙНА-КАМУНІКАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ І ЭЛЕКТРОННЫХ СРОДКАЎ НАВУЧАННЯ НА

ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ

ЯК АДЗІН З ФАКТАРАЎ ПАВЫШЭННЯ ЯКАСЦІ АДУКАЦЫІ
Дабравольская Таццяна Паўлаўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА «Сярэдняя школа № 5 г.Жодзіна»,

E-mail: tat33046394@yandex.ru,

тэл. 8044-774-58-89
У сучасны час па прычыне глабальнай інфарматызацыі грамадства усё часцей уздымаецца пытанне наконт прымянення новых інфармацыйных тэхналогій у школе. Зараз патрабуецца чалавек, які ўмее працаваць з вялікай колькасцю інфармацыі, можа добра і хутка арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, хутка перабудоўвацца і перавучвацца.

Тэрмін «новая інфармацыйная тэхналогія навучання» мае даволі шырокае значэнне, таму лепш гаварыць пра правядзенне ўрокаў з выкарыстаннем электронных сродкаў навучання . Зараз цяжка знайсці дзіця, якое б не цікавілася камп’ютарам. Гэта зацікаўленасць дзіцяці павінна быць выкарыстана настаўнікамі пры рашэнні агульнаадукацыйных і выхаваўчых задач. Пры разумным падыходзе гэта можа стаць моцным імпульсам для інтэлектуальнага і асобаснага развіцця.

Камп’ютарныя тэхналогіі навучання – гэта сукупнасць метадаў, прыёмаў, спосабаў стварэння ўмоў для работы настаўнікаў на аснове камп’ютарнай тэхнікі, сродкаў тэлекамунікацыйнай сувязі і інтэрактыўнага праграмнага прадукту, якія мадэліруюць частку функцый педагога па прадстаўленні, перадачы і зборы інфармацыі, арганізацыі кантролю і кіравання пазнавальнай дзейнасцю. Іх выкарыстанне дазваляе відазмяніць працэс навучання ў цэлым, рэалізаваць яго асобасна арыентаваную мадэль, дае магчымасць інтэнсіфікаваць заняткі і арганізаваць самастойную работу вучняў. Яны патрабуюць змянення формы і ўзаемаадносін выкладчыка і вучня, ператвараючы навучанне ў дзелавое супрацоўніцтва, што павышае індывідуальнасць і інтэнсіўнасць, вядзе да неабходнасці пошуку новых мадэляў заняткаў, пашырае магчымасці творчага развіцця.

За інфармацыйнымі тэхналогіямі будучае, гэта ўжо бясспрэчна. І на сучасным этапе настаўніку варта, па магчымасці, выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі, электронныя сродкі навучання, каб падрыхтаваць вучняў да сучаснага жыцця, каб яны не разгубіліся і выбіралі патрэбны накірунак ў тым інфармацыйным моры, што з кожным годам становіцца ўсё большым.


Інфармацыйныя тэхналогіі: сродак павышэння якасці ведаў вучняў па вучэбных прадметах


На сучасным этапе развіцця школьнай адукацыі праблема падрыхтоўкі выпускнікоў, якія добра валодаюць камп’ютарнымі тэхналогіямі, набывае асабліва важнае значэнне ў сувязі з высокімі тэмпамі развіцця навукі і тэхнікі, патрэбамі грамадства ў людзях, здольных хутка арыентавацца ў абставінах, здольных мысліць самастойна. Прымяненне гэтых тэхналогій ў навучанні беларускай мове і літаратуры тлумачыцца таксама неабходнасцю рашэння праблемы пошуку шляхоў і сродкаў актывізацыі пазнавальнай цікавасці вучняў, развіцця іх творчых здольнасцей, стымуляцыі разумовай дзейнасці.

Апошняе дзесяцігоддзе паставіла школу ў становішча неабходнасці ўвядзення значных змен у сістэму навучання і выхавання вучняў. Гэтыя змены павінна забяспечыць рэформа школы, якая прадыктавана мадэрнізацыяй адукацыі, камп’ютарызацыяй школ.

На ўроках беларускай мовы і літаратуры дадзеная праблема ў некаторай ступені можа быць вырашана шляхам выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій , якія, па-першае, маюць у сваёй аснове строгі алгарытм дзеянняў вучняў. Не кожны вучань, вывучыўшы правілы, можа імі карыстацца. Выкарыстанне алгарытмаў, схем-карт, табліц упарадкоўвае працэс навучання.

Па-другое, у сувязі з вострай праблемай эканоміі часу ў ходзе вучэбнага працэсу перад сучаснай школай таксама ставіцца задача – знайсці сродкі і прыёмы навучання, якія дазваляюць максімальна эканоміць час на ўроку. На наш погляд, выкарыстанне камп’ютара на ўроку з’яўляецца адным з такіх сродкаў.

Па-трэцяе, навучанне з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, - гэта і ўзроўневая дыферэнцыяцыя, таму што ва ўмовах гэтай тэхналогіі вучань мае права на выбар зместу свайго навучання, узроўню засваення. Пры гэтым дзейнасць настаўніка павінна забяспечыць магчымасць кожнаму вучню авалодаць ведамі на абавязковым або больш высокім узроўні (па выбары вучня).

Выкарыстанне камп’ютара магчыма на розных этапах урока: на этапе вуснай работы, вывучэння і замацавання новай тэмы, правядзення самастойнай або творчай работы.

Кожны з нас, вядома ж, плануе свой урок, разлічваючы на сярэдняга вучня. У выніку дзеці з высокім патэнцыялам аказваюцца незапатрабаванымі, а вучні са слабай паспяховасцю пачынаюць сумаваць на ўроку. Таму ў той час, калі клас працуе самастойна ў сшытку, настаўнік мае магчымасць індывідуальна папрацаваць са слабымі і моцнымі вучнямі, прапанаваўшы ім выканаць дыферэнтаваныя па ўзроўні складанасці карткі, якія настаўнік рыхтуе, выкарыстоўваючы магчымасці камп’ютара. Перавагі новых тэхнічных сродкаў відавочны.

Камп’ютар на ўроку з’яўляецца сродкам, які дазваляе вучням лепш пазнаць саміх сябе, індывідуальныя асаблівасці свайго навучання, садзейнічае развіццю самастойнасці. Вучань можа назіраць на экране, што атрымоўваецца пасля ажыццяўлення той або іншай аперацыі.





Невялікі вопыт работы паказвае, што выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій у навучанні мове і літаратуры дазваляе дыферэнцаваць вучэбную дзейнасць на ўроках, актывізуе пазнавальную цікавасць вучняў, развівае іх творчыя здольнасці, стымулюе разумовую і даследчую дзейнасць. [5, с.57-60]

Магчымы розныя віды ўрокаў з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій: урокі-гутаркі з выкарыстаннем камп’ютара як нагляднага сродка; урокі правядзення даследаванняў; урокі практычнай работы; урокі-залікі, інтаграваныя ўрокі і г. д.

Практыка паказвае, што найбольш эфектыўна выкарыстанне камп’ютара на ўроках беларускай мовы і літаратуры:

• пры вывучэнні новага матэрыялу (ілюстраванне рознымі нагляднымі сродкамі, матывацыя ўвядзення новага паняцця);

• пры праверцы франтальных самастойных работ (хуткі кантроль вынікаў).

Хочацца адзначыць станоўчыя асаблівасці работы з камп’ютарнай падтрымкай на ўроку:

• вучань становіцца суб’ектам навучання, таму што праграма патрабуе ад яго актыўнага кіравання;

• лёгка дасягаецца ўзроўневая дыферэнцыяцыя;

• дасягаецца максімальны тэмп работы вучня, таму што кожны вучань выконвае індывідуальнае заданне, працуючы ў сваім тэмпе;

• скарачаецца час пры выпрацоўцы тэхнічных навыкаў вучняў;

• улічваецца колькасць трэніровачных заданняў;

• адсочваюцца памылкі, дапушчаныя вучнем, і паўторна адпрацоўваецца недастаткова засвоены матэрыял;

• работа вучня ацэньваецца адразу;

• настаўнік менш часу траціць на праверку работ;

• навучанне можна забяспечыць матэрыяламі з аддаленых баз дадзеных, карыстаючыся сродкамі тэлекамунікацый;

• пры рабоце з камп’ютарам прысутнічае элемент гульні, і ў большасці дзяцей павышаецца матывацыя да вучэбнай дзейнасці.

Правядзенне ўрокаў з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій – моцны стымул у навучанні. Пры дапамозе такіх ўрокаў актывізуюцца псіхічныя працэсы вучняў: успрыманне, увага, памяць, мысленне; найбольш актыўна і хутка адбываецца развіццё пазнавальнай цікавасці. Выкарыстанне камп’ютара на ўроках – гэта не даніна модзе, не спосаб перакласці на плечы камп’ютара мнагагранную творчую працу настаўніка, а толькі адзін са сродкаў, якія дазваляюць інтэнсіфікаваць адукацыйны працэс, актывізаваць пазнавальную дзейнасць, павялічыць эфектыўнасць урока. 

Перавага мультымедыйнай праграмы яшчэ і ў тым, што вучань падчас самастойнай дзейнасці як на ўроку, так і дома можа выбіраць уласны тэмп працы, пасільны аб’ём інфармацыі і ступень яе цяжкасці. Такі прыём выкладання і навучання дае настаўніку магчымасць з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыяваны падыход у навучанні. [8, с.176-183]

З дапамогай камп’ютарнай графічнай праграмы PowerPoint настаўнік можа сам стварыць і паказаць вучням на экране набор слайдаў з разнастайнымі схемамі, табліцамі, малюнкамі, фотаздымкамі, неабходным тэкстам. Карыстаючыся гэтай праграмай, можна ствараць прэзентацыі. Зручнасць у тым, што ёсць своеасаблівая інструкцыя для карыстальніка: кожная “кнопка” падпісана – і можна стварыць слайд на свой густ. Тут і макеты тэкстаў, і шаблоны афармлення, і эфекты анімацыі.





На медыа-ўроку мяняецца роля настаўніка: педагог часцей за ўсё выступае ў якасці кансультанта і можа адвесці на індывідуальную работу з вучнямі больш часу. Таксама ёсць унікальная магчымасць зрабіць урокі роднай мовы і літаратуры больш цікавымі, нагляднымі і дынамічнымі.



Мультымедыа ўрок не патрабуе вялікіх намаганняў ад настаўніка, а дапамагае адводзіць час на індывідуальную працу з вучнямі, робіць урок больш цікавым, наглядным, запамінальным. Аднак перш чым уводзіць новыя мультымедыйныя сродкі навучання ў вучэбна-выхаваўчы працэс, настаўнік павінен усвядоміць педагагічную мэтазгоднасць прымянення камп’ютарнай тэхнікі на ўроку: што ў выніку гэта дасць вучням і самому педагогу-карыстальніку.[7,с.21]

Школьны ўрок, такім чынам, перастае ўспрымацца як адзіны шлях атрымання ведаў, ён — толькі адна з яго формаў. Выкарыстанне нават элементаў дыстанцыйнага навучання ў звычайным навучальна-выхаваўчым працэсе дазваляе зрабіць яго жывым, цікавым і творчым.

Безумоўна, камп’ютарная падрымка ўрокаў беларускай мовы і літаратуры дазваляе зрабіць максімальна эфектыўным і напоўненым 45-хвілінны ўрок, індывідуалізаваць работу вучняў, сэканоміць час і паперу.

Выкарыстанне новых інфармацыйных тэхналогій дазваляе істотна паглыбіць змест матэрыялу, а ўжыванне нетрадыцыйных методык навучання можа аказваць прыкметны ўплыў на фармаванне практычных уменняў і навыкаў навучэнцаў у засваенні матэрыялу, павышэнні іх актыўнасці, творчых і даследчых здольнасцяў.

Я ахарактарызавала некаторыя магчымасці выкарыстання камп’ютара на ўроках мовы і літаратуры. Але актыўнае выкарыстанне гэтай тэхнікі магчыма толькі пры пастаяннай рабоце з камп’ютарам.



Таму можна зрабіць наступныя высновы:

  • выкарыстанне мультымедыа сродкаў на ўроках роднай мовы і літаратуры дапамагае вучням больш грунтоўна запамінаць новы матэрыял, павышаецца іх матывацыя да пазнання школьных прадметаў, значна эканоміцца час на выкананне трэніровачна-карэкцыйных заданняў, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, фарміруецца ўменне работы з інфармацыяй: яе пошук, адбор і перапрацоўка;

  • камп’ютарная сістэма дае вучню магчымасць на адлегласці праверыць веды па вывучанай тэме, выявіць дапушчаныя памылкі і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі;

Неабходнасць выкарыстаня камп’ютарных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры бясспрэчная, бо ўрок становіцца сучасным, эфектыўным, павышаецца цікавасць вучняў да вывучэння прадмета, дае магчымаць настаўніку самаўдасканальвацца. Зразумела, што камп’ютарныя тэхналогіі не могуць цалкам замяніць чытанне твораў, вывучэнне правіл, напісанне творчых работ, жывога слова настаўніка, ад уменняў якога залежыць вынік вучэбнага працэсу. Тым не менш, выкарыстанне новых інфармацыйных тэхналогій у разумных межах павышае ступень засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ





  1. Барковіч, А. Н. Родная мова ў Інтэрнэце / А. Н. Барковіч // Роднае слова. – 2005. – № 12. – С. 87 – 90.

  2. Беларуская літаратура. Тэсты. XI клас: Дапаможнік для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў / Аўтары-скл. Гарадко Г. [і інш]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2001. – 95 с.

  3. Беларуская мова: Вучэбны дапаможнік для 9 класа ўстаноў, якія забеспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, з беларускай і рускай мовамі навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання / Антанюк. Л.А [і інш]. – Мінск: Юніпрэс, 2005. – 203 с.

  4. Быкаўцава, І. Ф. Слоўнікавыя дыктоўкі на ЭВМ / І. Ф. Быкаўцава // Роднае слова. – 2002. – №5. – С. 72-76.

  5. Віктаровіч, Т. А. Адаптыўная сістэма навучання. Неабходнасць пераходу да новых тэхналогій / Т. А. Віктаровіч // Беларуская мова і літаратура. – 2004. – №1. – С. 57-60

  6. Гафуров, С. Н. Дистанционная образовательная технология: отношения кафедры и структур, сопровождающих учебный процесс / С. Н. Гафуров // Новые образовательные технологии в вузе: сборник материалов шестой международной научно-методической конференции, 2-5 февраля 2009 года. В 2-х частях. / Екатеренбург: ГОУ ВПО «УГТУ - УПИ», 2009. – Часть 1. – С. 22-25.

  7. Жуковіч, М. М. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: дапаможнік для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў / М. М. Жуковіч. – Мінск: Адукацыя і навука, 2007. – 255 с.

  8. Иванов, С. А. Мультимедиа-технологии будущему учителю-филологу / С. А. Иванов // Вестник МГОПУ им.М.А.Шолохова. Серия «Информатика» №1. – Москва, 2006. – С.176-183.

  9. Казлова, А. У. Камп’ютарная падтрымка ўрокаў беларускай мовы і літаратуры / А. У. Казлова // Беларуская мова і ілітаратура. – 2008. – №12. – С.19-21.

  10. Лавринович, К. В. Интернет в образовательном процессе сельской школы / К. В. Лавринович, М. Ч. Лысый. // Веснік адукацыі. – 2004. – № 5. – С. 3 – 6.

  11. Ляшук, В. Я. Да пытання аб перспектыўных прыёмах, метадах, тэхналогіях выкладання літаратуры / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. – 2008. – №12. – С.3-5.

  12. Метадычны сайт настаўнікаў [Электронны рэсурс]. – Мінск, 2005. Рэжым доступу: http://www.nastaunik.info. – Дата доступу: 22. 11. 2010.

  13. Сайт Васіля Быкава [Электронны рэсурс] / Aляксей Патапёнак. – Мінск, 2003. Рэжым доступу: www.bykau.by.ru. – Дата доступу: 20. 11. 2010.

  14. Шамякіна, Т. І. Якім быць уроку беларускай літаратуры / Т. І. Шамякіна // Беларуская мова і літаратура. – 2008. – №12. – С.6-7.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка