Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму


Глава П ПАЛІТЫЧНЫЯ І САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫЯ ЎМОВЫ



старонка2/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.43 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12
Глава П

ПАЛІТЫЧНЫЯ І САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫЯ ЎМОВЫ

РАЗВІЦЦЯ ГАНДЛЮ І ФАРМІРАВАННЯ КУПЕЦКАГА САСЛОЎЯ

Ў БЕЛАРУСІ

Развіццё ўнутранага і знешняга (вывазнога) гандлю ў Беларусі вызначалася не толькі становішчам эканомікі, але і палітыкай Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў перыяд позняга феадалізму. Гэтыя дзяржавы былі феадальна-прыгоннымі і сацыяльна-эканамічныя працэсы другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст. па сваёй накіраванасці і характару былі амаль аднолькавымі: назіралася паступовае разлажэнне феадальна-прыгонніцкіх і фарміраванне буржуазных адносін.

У другой палове XVIII ст. назіралася вельмі маруднае развіццё эканомікі Беларусі. Праўда, неабходна адзначыць рост насельніцтва краю, што вяло да павелічэння аб’ёму вытворчасці ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці і станоўча паўплывала на развіццё і пашырэнне таварна-грашовых адносін. У 1717 г. колькасць насельніцтва Беларусі складала 1457 тыс. чалавек, у 1775 г. – 2939 тыс., у 1791 г. – 3626 тыс. чалавек [131, c. 95-99]. Колькасць гарадскіх жыхароў у канцы XVIII ст. складала 11% ад агульнай колькасці ўсяго насельніцтва [170, c. 31-32].

Рост попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю як у самой Беларусі, так і за яе межамі прыводзіў да росту аб’ёму ўнутранага рынка. Знешні гандаль актывізаваўся з-за павышэння цаны на зернавыя культуры за мяжой у другой палове XVIII ст. У Гданьску і Кругляўцы, праз якія ійшоў асноўны паток зернавых з Рэчы Паспалітай у іншыя дзяржавы з 1750 па 1795 г., напрыклад, цэны на збожжа павялічыліся ў 4,5-5, пшаніцу – у 3-4, а на авёс і ячмень – у 2-2,5 разы [648, c. 70].

Можна назіраць і змяненні ўнутранай палітыкі ўлад Рэчы Паспалітай. Пад уплывам развіцця гандлёва-грашовых адносін прадстаўнікі пануючага класа, якія займаліся прадпрыемствам, былі зацікаўлены ў развіцці гандлю без усялякіх абмежаванняў. Яны хацелі стабілізаваць унутрыдзяржаўны лад і абмежаваць панаванне магнатаў. У 60-70-я гг. XVIII ст. у Рэчы Паспалітай былі праведзены адміністрацыйныя рэформы, якія ўмацавалі цэнтральны апарат дзяржаўнай улады: змянілася работа сейма, былі створаны адміністрацыйныя органы ў галіне кіраўніцтва, заснавана дзяржаўная Казённая камісія, якая сканцэнтравала ў сваіх руках кіраўніцтва фінансамі, судзебнымі органамі і функцыямі па фінансавым справам, нагляд за гандлем.

Станоўчы ўплыў на гаспадарчае развіццё аказалі перадавыя эканамічныя вучэнні, якія ў другой палове XVIII ст. былі вельмі папулярнымі ў Рэчы Паспалітай. У гэты час былі вядомы эканамічныя тэорыі французскіх вучоных Ф.Кэнэ, А.Цюрго і іншых фізіякратаў, якія выступалі за пашырэнне буйнага землеўладання, увядзенне свабоднага гандлю і крытыкавалі феадальна-прыгонніцкія парадкі [648, c. 70].

У другой палове XVIII ст. былі прыняты меры па развіццю гандлю і паляпшэнню сродкаў зносін. У гэты перыяд праз палескія балоты пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты. Па рашэнню Казённай камісіі былі праведзены работы па ачыстцы рэкаў, збудаванню рачных партоў, будаўніцтву дарог і мастоў. У 1784 г. было завершана будаўніцтва каналу, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць аб’ядноўваў Нёман з Дняпром. У 1781 – 1784 гг. будаваўся канал, які адчыняў шлях з Прыпяці ў Заходні Буг [76, c. 354].

З мэтай пашырэння ўнутраных і знешніх гандлёвых сувязей у ВКЛ у 1766 г. былі ўведзены адзіныя меры вагі, аб’ёму і даўжыні. Была зроблена спроба параўнання грашовых адзінак ВКЛ з адзінкамі вымярэння іншых дзяржаў, у тым ліку і Рэчы Паспалітай.

У 1764 г., а затым у 1775 г. урад гэтай краіны ўводзіць “генеральную таможенную пошлину”, абавязковую для ўсіх, у тым ліку і для шляхты, духавенства і караля. З мэтай абмежавання ляхвярства сейм ВКЛ уводзіць працэнт па доўгу ў памеры не болей 6% у карысць духоўных і не болей 7% у карысць свецкіх крэдытораў [648, c. 71].

Гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі развіццю гандлю ў Беларусі, але яны не змаглі ліквідаваць негатыўнае ўплыванне магнацкіх гаспадарак на сацыяльна-эканамічныя працэсы ў рэгіёне, ліквідаваць шырокія прывілеі для шляхты. Маглі б відаць змяніць палітычныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы развіцця Беларусі рашэнні Чатырохгадовага сейму (1788 – 1792 гг.) і канстытуцыя ад 3 мая 1791 г., але яны засталіся толькі на паперы і не былі ператвораны ў жыццё.

У апошняй чвэрці XVIII ст. Рэч Паспалітая знаходзілася ў глыбокім крызісу. Палітычная раздробленасць краіны, абвастрэнне сацыяльных і нацыянальных супярэчнасцяў, пагаршэнне матэрыяльнага становішча большасці насельніцтва, упадак рамяства і гандлю прывялі да паслаблення дзяржавы. Знаходзячыся ў становішчы глыбокага эканамічнага і палітычнага ўпадку, Рэч Паспалітая , па словах Ф.Энгельса, “… упорно сохраняла нерушимый феодальный строй общества”, у той час як усе яе суседзі прагрэсіравалі, фарміравалі буржуазію, развівалі гандаль і прамысловасць, стваралі вялікія гарады [176, c. 164]. Паразітычны лад жыцця правячай вярхушкі яшчэ больш запаволіваў у Рэчы Паспалітай працэс першапачатковага назапашвання капіталу, развіццё прамысловасці, гандлю і іншых галін гаспадаркі.

У Беларусі адносна шырокае распаўсюджванне атрымалі хатнія промыслы і рамяство, якія ў другой палове XVIII ст. мелі толькі эпізадычную сувязь з рынкам [38]. Гэта тлумачылася захаваннем натуральнага характару сялянскіх гаспадарак у вывучаемы перыяд. Стрымлівала развіццё гандлю і ўнутранага рынку і тое, што большасць буйных феадалаў Беларусі не толькі абавязвалі сваіх сялян купляць у гаспадара тавары шырокага ўжывання, але і прымушалі іх каваць жалеза толькі ў панскіх кузніцах і малоць зерне толькі на панскіх млынах [660, s. 83; 661, s. 22; 662, s. 12; 663, s. 9]. Магнаты і шляхта Беларусі не толькі будавалі свае лаўкі, праз якія забяспечвалі сялян усім неабходным, але і пад пагрозай штрафаў забаранялі апошнім звяртацца да гарадскіх рамеснікаў і гандляроў [655, s. 1-19; 656, s. 1-11; 657, s. 1-80; 664, s. 1-55]. Таму большасць сельскіх рамеснікаў, у сувязі з панаваннем фальварачна-паншчыннай сістэмы гаспадарання, наогул былі пазбаўлены гаспадарчай самастойнасці і, тым болей, сувязі з рынкам [164, c. 38].

Кантроль і жорсткая рэгламентацыя гандлю з боку буйных феадалаў стрымлівалі развіццё ўнутранага рынку. Так, напрыклад, каралеўскі прывілей 1758 г. не толькі ўказваў на перыядычнасць кірмашоў і іх утварэнне ў г. Ушачы (уладанне роду Жаб) толькі па чацвяргам і нядзелям [80, c. 125], а Міхаіл Казімір Радзівіл у 1758 г. не толькі акрэсліў перыядычнасць кірмашоў у г. Нясвіжы, але і ўстанавіў правілы гандлю [329, арк. 2].

У другой палове XVIII ст. у Рэчы Паспалітай пераважаў увоз замежных тавараў над вывазам айчынных. Гэта стварала дрэнныя ўмовы для развіцця ўнутранага рынку ў Беларусі, развіцця гандлю і фарміравання купецкага саслоўя. Замежным купцам былі створаны ільготы, у той час як для мясцовых купцоў аніякіх ільгот не прадугледжвалася. Асабліва абмяжоўвалася дзейнасць праваслаўнага насельніцтва. Праваслаўным усіх саслоўяў пад страхам смяротнай кары забаранялася па любым прычынам выязджаць за мяжу з гандлёвымі мэтамі. У выніку такой эканамічнай палітыкі ўрада Рэчы Паспалітай гандлёвы баланс краіны быў пасіўным. У 1776 – 1777 гг. сальда пасіўнага балансу складала велізарную суму ў 44 млн. злотых [684, s. 177].

Неабмежаваны ўвоз танных замежных тавараў быў карысны магнатам, але падрываў беларускую прамысловасць і гандаль. У сувязі з вузасцю ўнутранага рынку, а таксама з-за нарастаючай канкурэнцыі замежных тавараў мясцовыя купцы разараліся. Не маючы перспектыў у змяненні эканамічнай палітыкі ўраду Рэчы Паспалітай, уладальнікі капіталаў сотнямі, а па некаторых звестках тысячамі, пакідалі Беларусь і выязджалі ў Расію [88, c. 2].

Рускія сенатары, праводзіўшыя ў 1773 г. абследаванне становішча гаспадаркі далучанай тэрыторыі, пісалі ў Санкт-Пецярбург: “... никаких фабрик и заводов в Могилевской губернии нет. Только кое-где встречаются небольшие кожевенные, сальные и некоторые другие предприятия у городских кустарей. Но они, как правило, мелкие и обслуживаются членами семьи владельца” [589, c. 146].

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі гэты рэгіён аказаўся ўключаным у сістэму агульнарасійскага рынку і ўсё цясней звязваўся з другімі эканамічнымі рэгіёнамі. Былі створаны ўмовы для больш хуткага развіцця рамяства, транспарту, росту гарадоў і колькасці гарадскога насельніцтва, першапачатковага назапашвання капіталу, неабходнага для развіцця гандлю і прамысловасці.

Царскі ўрад Расійскай імперыі ў эканамічных і ваенных мэтах прыступіў да рамонту і будаўніцтву дарог, мастоў і каналаў, засноўваліся пошты. Указам ад 19 сакавіка 1798 г. быў устаноўлены збор на будаўніцтва і абслугоўванне дарог [281, арк. 192]. З канца XVIII ст. былі пачаты работы па будаўніцтву каналаў. У 1797 г. пачалося будаўніцтва Бярэзінскага каналу, аб’яднаўшага басейны Дняпра і Заходняй Дзвіны; судаходныя зносіны па гэтаму каналу былі распачаты ў 1806 г., а будаўнічыя работы былі канчаткова завершаны ў 30-я гг. XIX ст. [339, арк. 1; 357, арк. 1-2; 383, арк. 1]. У 1799 – 1803 гг. вяліся работы па рамонту і рэканструкцыі Агінскага каналу, аб’яднаўшага басейны Дняпра і Нёману. У першай палове XIX ст. была пабудавана Днепра-Бугская сістэма, аб’яднаўшая басейны Дняпра і Віслы праз Прыпяць, Ясельду, Піну, Мухавец, Заходні Буг, для будаўніцтва якой таксама быў уведзены спецыяльны збор [240, арк. 1].

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі некалькі палепшылася становішча насельніцтва краю, бо царскі ўрад імкнуўся стварыць тут сацыяльную падтрымку ў барацьбе з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам, а таксама ў сувязі са стратэгічным становішчам тэрыторыі Беларусі. Гэта ўсё прывяло да некаторага паслаблення самавольства памешчыкаў і арэндатараў казённых памесцяў і ў вызваленні падатнага насельніцтва ад уплаты дзяржаўных налогаў у першыя гады пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі, а затым у памяншэнні подацяў і збораў на цэлы рад гадоў у 1,5-2 разы [30, c. 35-36; 76, c. 449; 251, арк. 29-30; 508, c. 753-754;]. Паступова складваліся ўмовы для ўключэння заходніх губерняў не толькі ў агульнарасійскую гаспадарчую сістэму, але і ў знешнегандлёвыя эканамічныя сувязі. Царскі ўрад скасаваў для купцоў далучаных тэрыторый выплату пошлін за продаж сельскагаспадарчых прадуктаў і сыравіны ў Рыгу [508, c. 724-730], заключыў шэраг новых гандлёвых канвенцый з іншымі дзяржавамі: 2 верасня 1812 г. з Англіяй [290, арк. 9], 15 жніўня 1812 г. з Турцыяй [290, арк. 43, 47], 12 кастрычніка 1813 г. з Персіяй [294, арк. 119], дадатковыя акты ад 17 жніўня 1818 г. з Аўстрыяй [296, арк. 257], ад 11 сакавіка 1825 г. з Прусіяй [344, арк. 324], ад 26 лютага 1828 г. з Швецыяй [303, арк. 608]. Апошні акт пацвярджаў дагавор пра дружбу і мораплаванне ад 1 сакавіка 1801 г. Усе гэтыя дагаворы і дамаўленні абумовілі далейшае развіццё гандлю ў беларускіх губернях. Геаграфічнае становішча краю на заходняй акраіне Расіі абумовіла транзітны характар знешнегандлёвых сувязей купецтва Беларусі.

Для пашырэння вывазнога гандлю беларускіх губерняў з расійскім цэнтральным рэгіёнам і Украінай вялікае значэнне мела ліквідацыя ўнутраных мытняў і застаў. Станоўчы ўплыў аказала таксама ліквідацыя збораў і пошлін, якія ізымаліся асобнымі гарадамі, манастырамі і буйнымі феадаламі. 30 сакавіка 1831 г. выйшаў указ сенату аб правілах гандлю паміж Расіяй і Царствам Польскім [306, арк. 430]. Гэты дакумент прадугледжваў памяншэнне гандлёвых пошлін з расійскіх тавараў: рускія купцы былі абавязаны плаціць зборы ў тых жа аб’ёмах, што і мясцовыя купцы і вызваляліся ад пошлін з судаходства. Расійскі ўрад у сваю чаргу дазваляў замежным купцам, якія не запісаліся ў “замежныя госці”, але жадаючым перавесці ў Расію свае гандлёвыя капіталы, запісвацца на працягу 10 гадоў у купецкае саслоўе [303, арк. 138]. У той жа час урад Расійскай імперыі праводзіў больш жорсткую пратэкцыяністскую палітыку, чым урад Рэчы Паспалітай. У пачатку XIX ст. былі павялічаны пошліны на больш чым 100 найменняў прамысловых вырабаў, якія прывозіліся з-за мяжы [306, арк. 430-439; 343, арк. 3], а некаторыя тавары наогул было забаронена прывозіць у Расію [57, арк. 2].

Станоўча сказалася на развіцці эканомікі Беларусі і ўвядзенне ў канцы XVIII ст. у заходніх губернях агульнарасійскай сістэмы мераў і вагі [508, c. 573]. З 28 чэрвеня 1810 г. дзяржаўны савет увёў адзінаабразную аршынную меру [295, арк. 256]; на беларускія губерні распаўсюджвалася таксама адзіная агульнарасійская фінансавая сістэма [508, c. 573]. У звароце знаходзіліся залаты імперыял, залаты чырвонец, срэбныя і медныя манеты, а таксама вялікія і малыя папяровыя асігнацыі [349, 352, 353].

Але ўсе гэтыя станоўчыя фактары яшчэ не сведчылі пра характар усіх умоў для развіцця гандлю. Гандаль па сухапутным дарогам быў абмежаваны ўвядзеннем у 20-я гг. XIX ст. падарожных бланкаў [378, арк. 7] і збораў з праязджаўшых праз масты і пераправы на карысць дзяржавы і гарадскіх грамадств [343, арк. 200, 202; 346, арк. 13, 23, 29, 58; 367, арк. 1; 380, арк. 20-23, 28-32, 118-128]. Пашырэнню водных перавозак запынялі высокія пошліны і штрафы за самавольнае будаўніцтва суднаў, якія дасягалі 200 руб. з судна [363, арк. 1-3]. Адмоўны ўплыў на развіццё гандлю ў Беларусі аказала і палітыка рускага ўраду ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва. Па “Городскому уложению” 1785 г. з аб’яўленага купцамі капіталу з хрысціян збіраўся налог у памеры 1%, а з яўрэяў – 2% [205, арк. 29; 510, с. 532]. Двайны памер налога з купцоў яўрэйскай нацыянальнасці, якія ў канцы XVIII ст. складалі ў Беларусі 54,5% усяго купецтва [582], прывёў да запавольвання зварота капіталаў. Акрамя таго, указам сената ад 23 чэрвеня 1794 г. яўрэям дазвалялася гандляваць толькі ў так званай “мяжы яўрэйскай аседласці” – беларускіх, Чарнігаўскай, Ноўгарад-Северскай, Екацерынаслаўскай губерніях і Таўрычаскай вобласці [510, c. 532]. Праўда, указам ад 8 лістапада 1807 г. яўрэйскае гільдзейскае купецтва было ўроўнена ў правах з купецтвам хрысціянскага веравызнання і павінны былі плаціць у казку 1,4% з аб’яўленага капіталу замест двайнога працэнтнага аклада [285, арк. 949; 301, арк. 659].

У сярэдзіне 20-х гадоў XIX ст. працэнтны збор з купецкіх капіталаў павялічыўся, а ў 1832 г. за ўключэнне ў так званую абывацельскую кнігу быў устаноўлены спецыяльны збор з купцоў першай гільдыі ў памеры 100 руб., другой гільдыі – 50 руб. і трэцяй – 10 руб срэбрам [327, арк. 527]. Павелічэнне налогаў, на думку мясцовай адміністрацыі, было адной з прычын некаторага скарачэння колькасці гільдзейскага купецтва ў Беларусі ў 20-я гады XIX ст. [312, арк. 147; 255, арк. 1-9].

Прыцягненню да гандлёвай дзейнасці болей шырокіх слаёў насельніцтва садзейнічалі ўказы сената аб дазволе займацца гандлем мяшчанам, удзельным і казённым сялянам. Па ўказу ад 12 снежня 1801 г. удзельныя і казённыя сяляне мелі права закупаць маёмасць на сваё імя і распараджацца ёй як уласнасцю [303, арк. 147; 542, арк. 168-169].

Указам ад 20 чэрвеня 1815 г. было дадзена права феадальна залежным сялянам, адпушчаным на волю, запісвацца ў мяшчанскае, купецкае і рамеснае саслоўі [304, арк. 118]. Было ўстаноўлена 4 віда сялянскіх пасведчанняў, якія давалі права весці гандаль. За пасведчанне першага роду сяляне павінны былі плаціць ад 2200 да 2600 руб., за пасведчанне другога роду – ад 800 да 1100 руб., трэцяга роду – ад 150 да 300 руб. і чацьвёртага – ад 60 да 100 руб. Гарадскі акцыз збіраўся з гандлюючых сялян па 10% ад сумы за пасведчанне на права гандляваць на працягу аднаго года. За кожнае гандлёвае прадпрыемства налог збіраўся дадаткова [302, арк. 15 зв.; 303, арк. 138].

Але гэтыя ўказы ў Беларусі не мелі практычнага прымянення. Тут у 20-30-я гады XIX ст. налічвалася не болей 15-20 чалавек сялян, якія займаліся гандлем. 19 лістапада 1828 г. выйшла пацвярджэнне ўказу аб праве сялян, якіх памешчыкі адпусцілі на волю, запісвацца ў мяшчанскае, рамеснае і купецкае саслоўі [304, арк. 118]. Але запіс сялян у купецтва быў абмежаваны, па-першае, магчымасцю запісу толькі пры наяўнасці значнага капіталу, а па-другое, прынятыя ў гэта саслоўе павінны былі па чарговай рэвізіі плаціць налогі не толькі па вёсцы, але і па гораду [303, арк. 147; 304, арк. 514].

Мяшчанскаму насельніцтву гарадоў і пасадскім людзям было дазволена па гэтаму ўказу мець у лаўцы для продажу толькі мелкія тавары, а абарот гандляра не павінен быў дасягаць абароту купца трэцяй гільдыі.

Патомным дваранам дазвалялася заводзіць і ўтрымліваць у гарадах прамысловыя прадпрыемствы і запісвацца не толькі ў першую, але і ў другую і трэцюю гільдыі купецтва, праўда, з забаронай гандляваць фабрычнымі вырабамі ў іншых гарадах [305, арк. 138]. За гандаль без пасведчанняў неабходна было плаціць штраф у памеры двайных купецкіх плацяжоў і збораў, а за паўторнае парушэнне – апісвалася ўся маёмасць такога гандляра [354, арк. 10].

Ва ўмовах кансалідацыі ўсерасійскага рынку, развіцця таварна-грашовых адносін, надаццё дваранству права на рознічны і аптовы гандаль сельскагаспадарчымі прадуктамі і таварамі, якія вырабляліся на прыналежных ім прамысловых прадпрыемствах, адмена асобных забараненняў і абмежаванняў гандлю сялян і мяшчан станоўча паўплывала б на развіццё гандлю, калі б не тыя забароны, якія фактычна не давалі сялянам і мяшчанам магчымасці перайсці ў купецкае саслоўе. Палітыка царскага ўраду ў галіне арганізацыі гандлю і прамысловасці ў беларускіх губернях адмоўна ўплывала на развіццё ўнутранага рынку, запавольвала тэмпы разлажэння і крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы, стрымлівая працэс зараджэння і развіцця буржуазных адносін.

Вялікія разбурэнні і страты беларускім землям прынесла вайна 1812 г. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі, акупацыя і звязаныя з ёй паборы, грабяжы прывялі да разарэння насельніцтва. Былі разбураны і разграблены Мінск, Віцебск, Полацк, Гродна, Слуцк, Магілёў, Кобрын, Ваўкавыск, Копысь, Бабінавічы, Барысаў і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі [61, арк. 1 зв.; 283, арк. 3; 450, арк. 23; 479, с. 17; 608, с. 505]. Яшчэ большыя страты вайна нанесла сельскай гаспадарцы і гандлю краю. Французскія войскі рабавалі купецкія лаўкі, абозы і судны. 26 чэрвеня 1812 г. французы захапілі Мінск і канфіскавалі ўсе тавары купцоў і іх грошы [290, арк. 280]. Пасля вайны ў 2-3 разы паменшылася пагалоўе жывёлы, у 2 разы скараціліся пасяўныя плошчы [354, арк. 1059]. У Віцебскай губерні, напрыклад, “галодныя гады” прадаўжаліся 12 гадоў пасля вайны 1812 г. Агульныя страты ад ваенных дзеянняў у грашовым выражэнні, па няпоўным дадзеным, склалі па губерням: каля 18 млн. руб. срэбрам па Магілёўскай [84, с. 48; 425, арк. 3-635; 426, арк. 24, 50-225, 325], звыш 15,5 млн. руб. па Мінскай [291, арк. 9, 18; 292, арк. 1-58], звыш 8 млн. руб. па Гродзенскай [59, арк. 1-8; 61, арк. 17, 18], звыш 6,8 млн. руб. па Віцебскай (толькі па шасці беларускім паветам) [5, с. 33, 479; 609, с. 67; 387, арк. 173; 419, арк. 33-34], 3,2 млн. руб. па Віленскай (Браслаўскі і Ашмянскі павет) [59, арк. 9 зв., 10]. Усяго па Беларусі страты склалі каля 52 млн. руб. срэбрам. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, у тым ліку гарадскога. Так, калі ў 1811 г. гарадское насельніцтва Беларусі складала 122007 чалавек, то ў 1815 г. – толькі 95011, а ўсё насельніцтва скарацілася на 25% [170, с. 94].

Вядучай галіной эканомікі Беларусі ў першай палове XIX ст., як і раней, заставалася сельская гаспадарка. Асноўныя тавары сельскагаспадарчай вытворчасці былі зернавыя культуры. Жывёлагадоўля ў гэты перыяд яшчэ не стала таварнай галіной. Але ў канцы першай паловы XIX ст. паступова павялічваюцца пасевы тэхнічных культур (бульба, цукровыя буракі, лён і інш.). Таварны характар стала насіць авечкагадоўля. Пашырэнне пасяўных плошчаў пад тэхнічныя культуры, увядзенне ў некаторых гаспадарках шматпольнай сістэмы севаабароту, прымяненне малацільных, веяльных і іншых сельскагаспадарчых машын садзейнічалі павелічэнню таварнасці сельскай гаспадаркі рэгіёну. Але гэтыя новыя з’явы ў эканоміцы Беларусі не насілі яшчэ масавага характару. Большасць памешчыкаў, як і раней, прытрымліваліся старых, руцінных метадаў вядзення гаспадаркі.

У беларускіх губернях налічвалася шмат вінакурных, цукровых, лесапільных, мукамольных, піваварных, паташных, цэгляных, суконных і іншых прадпрыемстваў. Продаж вырабаў, атрыманых у выніку бясплатнай працы прыгонных сялян, і сваёй сыравіны сведчыла пра развіццё таварна-грашовых адносін, але ўсё ж тармазіла тэмпы развіцця буржуазных адносін у эканоміцы Беларусі.

Праўда, многія піваварныя, мылаварныя, свечачныя, тытунёвыя, скураныя, сілікатныя і цэгляныя прадпрыемствы належылі часцей за ўсё купцам і мяшчанам. Частку прадпрыемстваў купцы арэндавалі ў памешчыкаў [170, с. 99]. Але памешчыкі мелі цэлы шэраг прывілей у галіне прадпрымальніцтва перад купцамі і мяшчанамі. Адной з такіх прывілей было прапінацыйнае права, па якому памешчыкі маглі валодаць вінакурнымі прадпрыемствамі і самастойна вызначаць кошт і магчымасці рэалізацыі прадукцыі [635, с. 42]. Продаж гарэлкі прыносіў даход у 2 разы большы, чым продаж зернавога хлеба [21; 30, с. 256]. Вінакурных “заводаў” налічвалася ў Беларусі некалькі тысяч. Так, у Магілёўскай губерні ў канцы 30-х гадоў XIX ст. іх было 347 [447, арк. 121-132], у Віцебскай (толькі ў беларускіх паветах) – 156 [396, арк. 1824-2070], у Мінскай – 1188 [311, арк. 76], у Гродзенскай – каля 1000 [232, арк. 7 зв.].

У вывучаемы перыяд большае развіццё атрымаў знешні (вывазны) гандаль, чым унутраны. Гэта вызначалася не толькі вузасцю апошняга, але і слабым развіццём эканомікі ў цэлым. Мясцовая прамысловасць не магла спажыць усю сыравіну. Гарады Беларусі, якія ў першай палове XIX ст., як і раней былі гандлёва-рамеснымі цэнтрамі, таксама спажывалі мала сельскагаспадарчай прадукцыі. Частку неабходных для гараджан прадуктаў харчавання яны выраблялі самі, бо многія з іх мелі свае агароды, сады, пашні, дамашнюю скаціну і птушак. Усё гэта вымушала беларускіх памешчыкаў вывозіць сельскагаспадарчую прадукцыю і сыравіну за мяжу, на рынкі цэнтральных губерняў Расійскай імперыі і Украіны.

Вялікае значэнне ў развіцці вывазнога гандлю Беларусі адыграла яе выгаднае геаграфічнае становішча. Дзякуючы гэтаму мясцовыя купцы маглі актыўна ўдзельнічаць ў транзітным гандлі Расіі з заходнімі дзяржавамі.

Крэдытна-банкаўская сістэма ў Расійскай імперыі таксама была абмежавана феадальна-прыгонніцкім характарам эканомікі. Дзяржава і ў першай палове XIX ст. працягвала сама ўтвараць банкі, неабмежавана прымаць уклады і забяспечваць іх працэнтамі. Перадача ў распараджэнне дзяржавы свабодных грашовых сродкаў стала для іх уладальнікаў выгадным і ў той жа час надзейным, гарантаваным ад страты спосабам выкарыстання гэтых сродкаў. Канцэнтрацыя іх на рахунках у дзяржаўных банках паступова дасягнула вельмі значных памераў (перад рэформай 1861 г. – амаль 1 млрд. руб. срэбрам) [620, с. 233-234]. Прырост укладаў з пачатку XIX ст. пастаянна быў большым патрэбнасці спажывецкага характару.

Расійскія дзяржаўныя банкі былі зацікаўлены толькі ў адным – пашыраць выдачу пазык, каб атрымаць працэнты для выплаты іх за ўклады і для пакрыцця расходаў на ўтрыманне банкаў і атрыманне чыстага даходу. Срокі пазык станавіліся ўсё працяглымі па часу і паступова выраслі з 8 да 37 гадоў. Сталі большымі і іх адносныя памеры ў адпаведнасці з бесперапынным павышэннем феадальнай рэнты.

Паразітычна-спажывецкі характар ранняга пазямельнага крэдыту (у адрозненні, напрыклад, ад у асноўным гаспадарчага прускага) падкрэсліваецца і іх рознымі формамі. У Прусіі з зараджэння гэта форма насіла капіталістычны характар: памешчыцкія маёнткі, як аб’ект залогу, уключаючы землі, ацэньваліся па іх кошту. У Расіі пазямельны крэдыт амаль да рэформы 1861 г. выступаў у форме прыгоннай абалонкі і выдаваўся пад залог “населеных маёнткаў” з разліку кошту “прыгоннай душы” [582, арк. 12].

Калі ў Прусіі пазямельны крэдыт садзейнічаў пераходу да капіталізму, то ў Расійскай імперыі – да пашырэння і ўзмацнення спажывецка-паразітычнага характару буйной памешчыцка-паншчыннай гаспадаркі.

Тое ж можна аднесці і да гарадскога зямельнага і жыллёвага фондаў. Даходныя дамы ў Беларусі былі вельмі рэдкай з’явай, таму адзіным буйным “канкурэнтам” памешчыкам-прыгоннікам у выкарыстанні банкаўскіх пазык стала сама прыгонніцкая дзяржава. “Запазычаныя” ёй грашовыя сродкі з прыналежных ёй жа банкаў з’яўляліся амаль адзінай формай унутранага дзяржаўнага доўгу да канца 50-х гг. XIX ст., і гэтыя запазычанні значна былі большымі даўгоў памешчыкаў.

Слабае развіццё фінансаў, крэдыту аказвала стрымліваючае ўздзеянне на працэс генезісу капіталізму ў прамысловасці і фарміраванне класаў буржуазнага грамадства, у тым ліку і купецкага саслоўя.

Такім чынам, як у другой палове XVIII ст., калі Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, так і ў канцы XVIII – першай палове XIX ст., калі беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы не садзейнічалі развіццю буржуазных адносін, стрымлівалі развіццё капіталізму ў эканоміцы краю: прамысловасці і сельскай гаспадарцы, фарміраванні ўнутранага рынку, развіцці таварна-грашовых адносін, эвалюцыі саслоўяў эпохі феадалізму ў класы буржуазнага грамадства.

Нягледзячы на тое, што ў першай палове XIX ст. Беларусь становіцца часткай агульнарасійскай гаспадарчай сістэмы, панаванне феадальна-прыгоннага ладу і паншчыннай сістэмы стрымлівала працэс генезісу капіталізму ў эканоміцы рэгіёну. Палітыка Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў Беларусі ў галіне арганізацыі гандлю і ў адносінах да купецтва значна ўплывала на гаспадарчае развіццё краю, кансервіравала натуральны характар эканомікі, стрымліваючы тэмпы разлажэння і крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы і ў сацыяльнай сферы. Купецтва Беларусі, хаця і было ў даследуемы перыяд галоўнай сацыяльнай базай для фарміравання буржуазіі, у сілу сваёй невялікай колькасці і слабага ўплыву на эканоміку не паўплывала значна на працэс генезісу капіталізму ў рэгіёне ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.

Кантрольныя пытанні:

1. Якія палітычныя ўмовы ў першую чаргу стрымлівалі ці паскаралі працэс развіцця гандлю і фарміравання купецкага саслоўя ў разглядаемы перыяд?

2. Дайце характарыстыку эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.

3. Якія рысы сацыяльных працэсаў у Беларусі ў перыяд позняга феадалізму былі спецыфічнымі толькі для дадзенага рэгіёна?

4. Ахарактарызуйце агульны стан сацыяльна-эканамічных працэсаў у Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.


: bitstream -> doc -> 3246
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы
doc -> Стан І перспектывы развіцця фізічнай культуры І спорту ў бдпу


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка