С — святар л — лектар н —



Дата канвертавання26.06.2016
Памер318.61 Kb.
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў

18–25 студзеня 2013 г.


Чаго ад нас чакае Бог?

(пар. Міх 6, 6–8)



I. Парадак набажэнства
С — святар

Л — лектар

Н — народ (усе прысутныя)

1. Уступ
1.1. Прэлюдыя

Спеў на ўваход (у гэты час духавенства і служба алтара могуць увайсці ў працэсіі. Можна ўнесці Святое Пісанне або іншы адпаведны сімвал).


1.2. Запрашэнне да малітвы

С — Езус сказаў: дзе двое ці трое збяруцца ў Імя Маё, там Я сярод іх. У цішыні вызнаем прысутнасць сярод нас Бога ў Тройцы адзінага.
Цішыня.
Л — Праз вузкія сцены дома,

Дзе словы здабываюцца з глыбіні праўды,

Дзе невычэрпнае імкненне выцягвае рукі да дасканаласці,

Дзе чысты струмень розуму не заблукаў

Сярод змрочных пустынных пяскоў мёртвай прызвычаенасці,

Дзе Ты вядзеш розум

Да думак і ўчынкаў, якія ўсцяж распаўсюджваюцца

У гэтым небе свабоды, мой Ойча, дазволь прачнуцца маёй айчыне.


1.3. Песня.

2. Чын праслаўлення і падзякі
С — Праслаўляем Цябе, добры Божа, за тое, што стварыў нас ва ўсёй разнастайнасці. За дар шматлікіх нашых культур, моваў, звычаяў, традыцый, народнасцяў і рознага выражэння нашай веры, дзякуем Табе!

Дзякуем Табе за мноства касцёльных традыцый, якія падтрымліваюць сілу і дзейнасць нашых супольнасцяў, нават там, дзе яны складаюць меншасць. Навучы нас шанаваць нашыя традыцыі і розную тоеснасць, каб повязі прыязнасці вялі нас да большага адзінства.



Н Як добра і прыемна, калі браты і сёстры жывуць у адзінстве.
С — Праслаўляем Цябе, Духу Святы, за дар узаемнай неабходнасці і салідарнасці. Такою ёсць спадчына народаў і Касцёлаў. Навучы нас цаніць повязі адзінства, якім мы цешымся, калі просім Цябе заставацца сярод нас. Натхняй нас на шляху да поўнага бачнага адзінства паміж намі, а таксама паміж усімі людзьмі і супольнасцямі, якія займаюцца абаронай жыцця.

Н Як добра і прыемна, калі браты і сёстры жывуць у адзінстве.

3. Вызнанне грахоў і знак прабачэння
С — Мы ведаем, што ў Хрысце мы ўжо адно. Аднак, нягледзячы на гэта, наша чалавечая слабасць не заўсёды сведчыць пра гэтую рэальнасць. Таму вызнаем нашыя грахі і будзем шукаць у Пану аздараўлення.
Хвіліна цішыні.
С — Прыйдзі да нас, Пане Езу, аздараві нас і нашыя падзелы.

Вядзі нас шляхамі пабожнасці, каб мы адшукалі жыццё. Змілуйся над намі!



НЗмілуйся над намі! (альбо спеў: Kyrie eleison)
С — Прыйдзі да нас, Пане Езу, і ўчыні, каб мы чулі просьбы адкінутых. Змілуйся над намі!

НЗмілуйся над намі! (альбо спеў: Kyrie eleison)
С — Калі мы вызнаем нашыя грахі, то Бог, верны і справядлівы, адпусціць нам іх і ачысціць нас ад усялякага беззаконня. Які жыве і валадарыць на вякі вечныя.

Н — Амэн.
На знак прабачэння сабраныя могуць перадаць адно аднаму знак супакою (можа гучаць музыка).


4. Літургія слова

(тэксты на кожны дзень прыведзены ніжэй)
4.1. Гамілія
4.2. Заступніцкая малітва
С — Хочам адкрыць і споўніць тое, чаго чакае ад нас Бог. Поўныя даверу занясём да Яго нашыя просьбы.
Л — Бог запрашае нас да размовы. Дай нам, Пане, сэрца, гатовае слухаць Цябе і бліжніх. Спашлі на нас свайго Духа, каб асвяціў нас дарам узаемнага разумення і вёў да адзінства, якога прагнеш для свайго Касцёла. Цябе просім.

НВыслухай нас, Пане!
Л — Пан побач з прыгнечанымі. Дай нам, Божа, вочы, гатовыя заўважаць людскую бяду. Спашлі на нас свайго Духа, каб напоўніў нас дарам спачування і ахвярнай дапамогі. Цябе просім.

НВыслухай нас, Пане!
Л — Бог з’яўляецца нашым Збаўцам. Адары нас, Пане, свабодай дзяцей Божых. Спашлі на нас Духа свайго, каб мы ўсклікалі да адзінага Айца ў братэрскай супольнасці. Цябе просім.

НВыслухай нас, Пане!
Л — Усё стварэнне чакае адкуплення. Адары нас, Пане, павагай да Тваіх дароў і адказнасцю за справу рук Тваіх. Спашлі Духа свайго, каб аднавіў нас і аблічча зямлі. Цябе просім.

НВыслухай нас, Пане!
Л — Хрыстус разбурыў муры, якія нас падзялялі. Учыні, Пане, каб мы маглі праходзіць праз бар’еры прадузятасцяў і абыякавасці. Спашлі на нас Духа свайго, каб аздаравіў усе раны нянавісці і пыхі. Цябе просім.

НВыслухай нас, Пане!
Л — Сапраўдныя вучні Хрыста трываюць у супольнасці. Дай нам, Пане, адно сэрца і адну душу. Спашлі на нас свайго Духа, каб мы ў адным Целе маглі несці цяжар адно аднаго. Цябе просім.

НВыслухай нас, Пане!
Л — Пан прагне, каб мы Яго праслаўлялі. Адары нас, Пане, радасцю нават у цяжкія хвіліны. Спашлі на нас свайго Духа, каб мы праслаўлялі Тваё імя цяпер і ва ўсе вякі. Цябе просім.

НВыслухай нас, Пане!
С — Молімся да Айца Нябеснага, як нас навучыў Езус Хрыстус:

Н — Ойча наш…
Бо Тваё валадарства і моц, і хвала на векі вечныя. Амэн.


5. Благаслаўленне і рассыланне народа
С — Пан з вамі.

Н — І з духам тваім.
С — Божа ў Тройцы адзіны, які нас корміш, будзь з намі і ўкажы нам Тваю задуму адносна кожнага з нас і адносна нашых Касцёлаў.

Н — Амэн.
С — Божа ў Тройцы адзіны, які нас узмацняеш, ідзі перад намі і вядзі наш шляхамі адзінства.

Н — Амэн.
С — Божа ў Тройцы адзіны, які нас падтрымліваеш, запрасі нас да жыцця ў дастатку, бо мы сабраліся ў Тваё імя і да Цябе ўсклікаем.

Н — Амэн.
С — Няхай вас благаславіць Бог усемагутны, Айцец, + і Сын, і Дух Святы.

Н — Амэн.
С — Ідзіце ў супакоі Хрыста!

Н — Дзякуем Пану Богу!
Песня на заканчэнне.

II. Літургія Божага слова на кожны дзень тыдня
Дзень першы — пятніца, 18 студзеня 2013 г.
Тэма дня: Вандруючы ў дыялогу.
Першае чытанне

Быц 11, 1-9



Гісторыя Бабілёнскай вежы і спадчына нашай разнароднасці
Чытанне кнігі Быцця.
На ўсёй зямлі была адна мова і аднолькавыя словы. Рушыўшы з усходу, людзі знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адзін аднаму: Давайце наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: Давайце збудуем сабе горад і вежу, вяршыня якой узнясецца да нябёсаў, і зробім сабе знак, каб не рассеяцца па паверхні ўсёй зямлі. І сышоў Пан паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны чалавечыя.

І сказаў Пан: Вось адзін народ і адна ва ўсіх мова; і вось што пачалі рабіць, і не адступяцца яны ад таго, што задумалі ўчыніць. Сыдзем жа і змяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў мовы другога. І рассеяў іх Пан адтуль па паверхні ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя “Бабілён”, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі, і адтуль рассеяў іх Пан па паверхні ўсёй зямлі.

Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм

Пс 34, 11-18

Хадзіце… слухайце”. Божае запрашэнне да размовы
Рэфрэн: Навучы мяне, Пане, слухаць Тваё слова.
11. Багатыя становяцца беднымі і церпяць голад, *

а тым, хто шукае Пана, не будзе неставаць ніякага дабра.

12. Прыйдзіце, сыны, паслухайце мяне: *

навучу вас боязі Пана.


Рэфрэн:

13. Хто той чалавек, які ўпадабаў жыццё *

і любіць доўгія дні, каб бачыць дабро?

14. Сцеражы язык свой ад злога

і вусны свае ад словаў падступных.
Рэфрэн:

15. Адвярніся ад зла і рабі дабро,

шукай спакою і трымайся яго.

16. Вочы Пана звернуты на справядлівых,

і вушы Яго – на іх крык.
Рэфрэн:

17. Аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло, *

каб памяць пра іх сцерці з зямлі.

18. Яны клічуць – і Пан чуе, *

і ад усіх бедаў іх выбаўляе.
Рэфрэн: Навучы мяне, Пане, слухаць Тваё слова.

Другое чытанне

Дз 2, 1-12



Спасланне Духа, дар разумення
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. І

раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і атрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых

мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.

Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся шум гэты, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парфяне і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынэяй, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя». Усе былі ўражаныя і ў замяшанні, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?»

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Асвяці нас, Пане, сваім словам,

Няхай палае нашае сэрца, калі прамаўляеш да нас.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле

Лк 24, 13-25


Размова са змёртвыхпаўсталым Езусам на дарозе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Вось двое з іх вучняў у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў

шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. І размаўлялі

паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі

стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні». Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».

Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць

усяму, што казалі прарокі!

Гэта слова Божае.
Гамілія
Заступніцкая малітва (п. 4.2)
Малітва

Пане Езу Хрыстэ, з радасцю абвяшчаем нашу супольную тоеснасць у Табе і дзякуем, што заклікаеш нас да дыялога любові з Табою. Адкрый нашыя сэрцы, каб мы маглі штораз глыбей раздзяляць з Табою Тваю малітву да Айца, каб мы былі адно, ідучы разам, і такім чынам збліжаліся адно да аднаго. Дай нам адвагу супольнага сведчання праўды і ўчыні, каб нашай малітвай мы агарнулі тых, якія ўмацоўваюць раскол. Спашлі Духа Твайго, каб даў нам сілы ў нашых грамадствах, краінах і ва ўсім свеце супрацьстаяць сітуацыям, у якіх адсутнічае годнасць і суперажыванне. Пане жыцця, вядзі нас да справядлівасці і супакою. Амэн.


Благаслаўленне і рассыланне народа (п. 5)
Дзень другі — субота, 19 студзеня 2013 г.
Тэма дня: Вандруючы з Хрыстом, які быў выдадзены за нас.
Першае чытанне

Эзх 37, 1-14



Ці ажывуць косці гэтыя?
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
У тыя дні:

Была на мне рука Пана, і Пан вывеў мяне ў духу, і паставіў мяне сярод даліны, поўнай касцей. І абвёў мяне вакол іх. Вельмі шмат іх ляжала на абшары даліны, і былі яны вельмі сухія. І сказаў мне: Сыне чалавечы, ці ажывуць косці гэтыя? Я сказаў: Ты ведаеш, Пане Божа. І сказаў мне: Прароч над касцямі гэтымі і скажы ім: косці сухія, слухайце слова Пана. Так кажа Пан Бог касцям гэтым: Вось Я пашлю вам духа, і ажывяце. І дам вам жылы, і ўчыню, што вырасце на вас цела, і абцягну вас скураю, і пашлю вам духа, і ажывяце, і даведаецеся, што Я – Пан.

Я абвясціў прароцтва, як было наказана мне. І калі я прарочыў, узняўся шум і трэск, і пачалі збліжацца косці, костка да сваёй косткі. І бачыў я: вось з’явіліся жылы на іх і цела вырасла, і скура пакрыла іх зверху, але духа не было ў іх. Тады сказаў Ён мне: Прароч да духа, прароч, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Пан Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, каб ажылі яны. І прарочыў я, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, і яны ажылі і сталі на свае ногі, вельмі вялізнае войска.

І сказаў Ён мне: Сыне чалавечы, косці гэтыя – гэта ўвесь дом Ізраэля. Вось яны кажуць: Высахлі косці нашыя, і загінула наша надзея, нам пагібель. Таму прароч і скажы ім: так кажа Пан Бог: вось Я адкрыю магілы вашыя, і выведу вас, народ Мой, з магілаў вашых і прывяду вас у зямлю Ізраэля. І даведаецеся, што Я – Пан ваш, калі адкрыю магілы вашыя і выведу вас, народзе Мой, з магілаў вашых. І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць і спачываць на зямлі вашай, і даведаецеся, што Я, Пан сказаў і зрабіў гэта, – кажа Пан.

Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм

Пс 22,1-8



Слуга Божы, высмеяны і несправядліва асуджаны, усклікае да Бога
Рэфрэн: Праз сваю міласэрнасць уратуй мяне, Пане.
2. Божа, мой Божа, чаму Ты мяне пакінуў? *

Далёкія ад майго збаўлення словы стогну майго.

3. Божа мой, я клікаў Цябе ўдзень, але Ты не адказаў, *

і ўночы, але няма мне супакаення.


Рэфрэн:

4. Аднак Ты, Святы, жывеш, хвала Ізраэля. *

5. На Цябе спадзяваліся Айцы нашы, *

спадзяваліся, і Ты ўратаваў іх.

6. Клікалі Цябе, і збавіліся, *

Табе даверыліся, і не зведалі сораму.


Рэфрэн:

7. А я чарвяк, а не чалавек, *

пасмешышча для людзей і пагарда для народу.

8. Усе, хто бачыць мяне, насміхаюцца з мяне, *

адкрываюць вусны і галавой ківаюць:
Рэфрэн:

Другое чытанне

Гбр 13, 12-16



Заклік пайсці да Езуса “за лагер”

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:


Каб асвяціць сваёю крывёю народ, Езус цярпеў муку за горадам. Таму і мы выйдзем да Яго за лагер, несучы Яго знявагі. Мы не маем тут пастаяннага горада, але шукаем таго, якое павінна прыйсці. Праз Езуса будзем няспынна прыносіць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плён вуснаў, якія дзякуюць імені Ягонаму. Не забывайце пра дабрачыннасць і еднасць, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.

Гэта слова Божае.



СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус узяў хлеб, паламаў яго і падаў вучням,

кажучы: “Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана”.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.


Евангелле

Лк 22,14-23



Езус ламае хлеб, чынячы дар з самога сябе перад мукай
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Калі настала гадзіна, Езус сеў за стол, і Апосталы разам з Ім. І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець, бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым

Валадарстве». І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і

падзяліце паміж сабою, бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства». І, узяўшы хлеб,

узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новым Запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.

Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною. Бо

сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае

Яго!» І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.

Гэта слова Божае.


Гамілія
Заступніцкая малітва (п. 4.2)
Малітва

Божа спачування, Твой Сын памёр на крыжы, каб у Яго выданым Целе былі знесены нашы падзелы. Аднак мы ўкрыжавалі Яго нанава праз нашую нязгоду, праз нашыя сістэмы і дзейнасць, што ставяць перашкоды Тваёй любові і разбураюць справядлівасць, якой Ты прагнеш для тых, якія былі пазбаўлены дароў Твайго стварэння. Спашлі нам свайго Духа, каб прынёс жыватворчы подых і аздараўленне на ўсё, што ў нас зламана, каб мы маглі разам даваць сведчанне справядлівасці і любові Хрыста. Падарожнічай з намі аж да дня, у які мы зможам дзяліць адзін хлеб і адзін келіх за адным сталом. Божа жыцця, вядзі нас да справядлівасці і міру. Амэн.


Благаслаўленне і рассыланне народа (п. 5)
Дзень трэці — нядзеля, 20 студзеня 2013 г.
Тэма дня: Вандруючы да свабоды.
Першае чытанне

Зых 1, 15-22



Павітухі падпарадкоўваюцца закону Божаму, а не закону фараона

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Загадаў кароль Егіпта габрэйскім павітухам, з якіх адну звалі Шыфра, а другую – Пуа, кажучы ім: Калі будзеце павітухамі ў габрэек і ўбачыце пры родах, што нараджаецца хлопец, забівайце яго, а калі дзяўчына – пакідайце жыць.

Але павітухі баяліся Бога, і не рабілі так, як ім гаварыў кароль Егіпта, і пакінулі жывымі хлопцаў. Тады паклікаў кароль Егіпта павітух і сказаў ім: Чаму вы так зрабілі, чаму пакінулі хлопцаў жывымі. І адказалі павітухі фараону: “Габрэйкі не такія, як егіпцянкі, яны здаровыя; перш чым да іх прыйдзе павітуха, яны ўжо самі народзяць”. І спагадаў Бог павітухам, а народ памнажаўся і станавіўся вельмі моцным. І паколькі павітухі баяліся Бога, ён умацоўваў іх дамы.

Тады фараон загадаў усяму свайму народу, кажучы: “Кожнага сына, які народзіцца ў габрэяў, кідайце ў Ніл, а ўсіх дзяўчат пакідайце жывымі”.

Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм

Пс 17, 1-6



Поўная даверу малітва чалавека, які адкрываецца на Бога
Рэфрэн: Выслухай, Пане, маю просьбу.


  1. Пачуй, Пане, маю справядлівасць, *

выслухай маю просьбу,

прымі маю малітву *

з непадманлівых вуснаў.
Рэфрэн:


  1. Ад аблічча Твайго няхай выходзіць прысуд мой, *

няхай бачаць вочы Твае праведнасць.

  1. Ты праверыў маё сэрца і ноччу мяне наведаў, *

выпрабоўваў мяне і не знайшоў несправядлівасці ўва мне.

4. У людскіх справах

паводле слова вуснаў Тваіх

я сцярогся ад шляхоў насілля.


Рэфрэн:

5. Умацуй мае крокі на Тваіх шляхах, *

каб не пахіснуліся мае ногі.

6. Я клічу Цябе, бо Ты выслухаеш мяне, Божа; *

схілі вуха Тваё да мяне, пачуй мае словы.


СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Тваё слова, Пане, - гэта дух і жыццё.

Ты маеш словы вечнага жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Ян 4, 4-26



Rozmowa z Jezusem prowadzi Samarytankę do życia w wolności
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю. Прыходзіць Ён у самарыйскі горад званы Сіхáр, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, сыну свайму. Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось, прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць». Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі. Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады». Жанчына кажа Яму: «Пане, у цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?» Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае». Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць». Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды». Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа. Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта

сказала». Жанчына сказала Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок. Айцы нашыя

пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе

трэба пакланяцца». Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць

гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі

праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх

вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму,

павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе». Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што

прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё». Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».

Гэта слова Божае.



Гамілія
Заступніцкая малітва (п. 4.2)
Малітва

Божа, які нас вызваляеш, складаем Табе падзяку за вытрываласць і веру, якая корміцца надзеяй, для ўсіх тых, хто змагаецца за годнае і паўнавартаснае жыццё. Ведаем, што Ты аб’яўляеш гэтае жыццё тым, хто прыгнечаны, і вызваляеш тых, хто зняволены. Твой Сын, Езус Хрыстус, ідзе побач з намі і ўказвае шлях сапраўднай свабоды. Дазволь нам даканца ацаніць тое, што мы атрымалі, і ўмацуй нас, каб мы маглі перамагчы ўсё, што чыніць нас нявольнікамі. Спашлі нам Твайго Духа, каб Праўда зрабіла нас свабоднымі і каб мы маглі ў адзін голас абвяшчаць у свеце Тваю любоў. Божа жыцця, вядзі нас да справядлівасці і міру. Амэн.


Благаслаўленне і рассыланне народа (п. 5)

Дзень чацвёрты — панядзелак, 21 студзеня 2013 г.
Тэма дня: Вандруючы як дзеці зямлі.
Першае чытанне

Лев 25, 1. 8-17



Зямля з’яўляецца для нас супольным дабром

Чытанне кнігі Левія.

Пан прамовіў да Майсея на гары Сінай, кажучы: Адлічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, і дні сямі гадоў суботніх складуць сорак дзевяць гадоў. Пасля затрубі ў трубу на дзесяты дзень сёмага месяцу. У дзень Ачышчэння будзеце трубіць ў трубу па ўсёй зямлі вашай. Асвяціце пяцідзесяты год і абвясціце вызваленне ўсім жыхарам на зямлі: гэта будзе для вас юбілей. Няхай кожны вернецца ва ўладанне сваё, і кожны – ў сваю сям’ю. Пяцідзесяты год будзе для вас юбілеем. Не будзеце сеяць і жаць таго, што само вырасце на полі, а таксама не будзеце збіраць вінаграду з неабрэзанай лазы, бо гэта юбілей. Ён будзе для вас святы. Вы можаце есці плады сабраныя непасрэдна на полі. У гэты год юбілею кожны з вас вернецца ва ўладанне сваё.

Калі будзеце прадаваць нешта бліжняму свайму ці купляць ў яго, няхай не крыўдзіць бліжняга свайго ніхто з вас. Паводле колькасці гадоў пасля юбілею будзеш купляць ў яго, і паводле падліку гадоў ён будзе прадваць табе плён. Чым больш гадоў пройдзе пасля юбілею, тым больш вырасце цана; чым менш гадоў, тым менш будзе каштаваць пакупка, бо ён прадае табе пэўную колькасць ураджаяў. Не ўціскайце супляменнікаў вашых, але бойцеся Бога свайго, бо Я – Пан Бог ваш.

Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм

Пс 65, 5-13



Шчодрае спасланне ласкі Божай на зямлю.
Рэфрэн: У сваёй дабрыні Пан благаславіў нас.
5. Шчаслівы той, каго Ты выбіраеш і прымаеш, *

каб ён пасяліўся на Тваіх панадворках.

Мы насыцімся дабротамі Твайго дому, *

святасцю Тваёй святыні.


Рэфрэн:

6. Грознымі чынамі Ты ў справядлівасці +

адказваеш нам, Божа, *

наш Збаўца, надзея ўсіх краёў зямлі і далёкіх мораў.

7. Ты ўмацаваў сваёй сілаю горы, +

Ты, падперазаны магутнасцю, *

суцішаеш шум мораў, шум іхніх хваляў і натоўп народаў.
Рэфрэн:

9. Перапалохаюцца жыхары межаў

зямлі ад знакаў Тваіх.

Ты раніцу і вечар

абуджаеш да радасці.
Рэфрэн:

10. Ты наведваеш зямлю і насычаеш вільгаццю, *

шчодра яе ўзбагачаеш.

Божы паток напоўнены вадою. *

Ты вырошчваеш збожжа.
Рэфрэн:

Ты так падрыхтаваў зямлю.

11. Напаіў яе барозны, выраўнаў скібы, *

размякчыў яе дажджамі,

благаславіў яе расліннасць.
Рэфрэн:

12. Ты год вянчаеш ласкавасцю сваёй, *

сцежкі Твае струменяць тукам.

13. Струменяць на пашы ў пустыні, *

а ўзгоркі падпяразваюцца радасцю.
Рэфрэн:

Другое чытанне

Быц 18-22



Усё стварэнне чакае адкуплення

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Выйшаў Ной з сынамі, з жонкай і са сваімі нявесткамі. Выйшлі таксама з кашчэга ўсе звяры – паводле відаў – жывёла, птушкі і тое, што поўзае па зямлі. І пабудаваў Ной ахвярнік Пану і, узяўшы з усіх чыстых жывёл і з усіх чыстых птушак, прынёс усеспаленне на ахвярніку. Пан адчуў прыемны пах, і сказаў Пан у сэрцы сваім: Не буду больш праклінаць зямлю з-за людзей, бо задумы чалавечага сэрца схіляюцца да зла ад яго маладосці. Больш не буду знішчаць кожнай жывой істоты, як учыніў Я. Ва ўсе дні зямлі не спыняцца сяўба і жніво, холад і спёка, лета і зіма, дзень і ноч.

Гэта слова Божае.



СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я – святло свету,

Хто ідзе за мною мае святло жыцця

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Ян 9, 1-11


Езус аздаравіў граззю і вадою
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. І вучні

спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён

нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але

сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. Пакуль дзень,

нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я на свеце, Я — святло свету». Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і

сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам!» (што перакладаецца

«Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто

бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?»

Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!»

Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?» Той адказаў: «Чалавек,

якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі ў Сілаам і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».

Гэта слова Божае.



Гамілія
Заступніцкая малітва (п. 4.2)
Малітва

Божа жыцця, складаем Табе падзяку за зямлю і за тых, якія ёю кіруюць. Учыні, каб Твой Дух Жыцця дапамог нам усвядоміць, што ўсе мы з’яўляемся членамі адной супольнасці, у якой усё ўзаемазвязана. Дазволь нам палюбіць зямлю і чуць яе дыханне. Дазволь нам ісці разам слядамі Хрыста, прыносячы аздараўленне паўсюль, дзе зямля паранена, і забяспечваючы справядлівы падзел дабротаў, якія яна нам дае. Божа жыцця, вядзі нас да справядлівасці і міру. Амэн.


Благаслаўленне і рассыланне народа (п. 5)
Дзень пяты — аўторак, 22 студзеня 2013 г.
Тэма дня: Вандруючы як сябры Езуса.
Першае чытанне

Пп 1, 5-8



Любоў жанчыны і мужчыны.

Чытанне Песні песняў Саламона.

Я прыгожая, хоць і чорная, о дочкі Ерузалема, як намёты Кедара як шалашы Шалма. Не здзіўляйцеся, што я чорная. Гэта на сонцы я так загарэла. Сыны маёй маці разгневаліся на мяне і загадалі мне пільнаваць вінаграднікі, а я не ўсцерагла свой вінаграднік. Скажы, умілаваны майго сэрца, дзе ты пасвіш свае статкі, дзе адпачываеш у поўдзень? Чаму я павінна вандраваць паміж статкамі тваіх сяброў.

Калі гэтага не ведаеш, найпрыгажэйшая з жанчын, ідзі па слядах авечак і пасі сваіх казлянят паблізу пастуховых шалашоў.

Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм

Пс 139, 1-6



Выпрабаваў мяне і пазнаў.
Рэфрэн: Ты ведаеш, Пане, усе мае шляхі.


  1. Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, *

  2. Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.

Здалёк разумееш мае думкі. †

3. Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, *

і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Рэфрэн:

4. Яшчэ няма слова на маім языку, †

а Ты, Пане, ужо ведаеш усё. *

5. З усіх бакоў мяне ахінаеш, і кладзеш на мяне сваю руку.

6. Незвычайнае для мяне разуменне Тваё, *

недасягальнае, не магу спасцігнуць яго.


Рэфрэн:
Другое чытанне

3 Ян 2-8


Гасціннасць да сяброў у Хрысце.
Чытанне трэцяга Паслання святога Яна.
Умілаваны, малюся, каб ты быў здаровы і каб ва ўсім шчасціла табе, як

шчасціць твёй душы. Я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засведчылі

пра тваю праўду і што ты паступаеш па праўдзе. Для мяне няма большай

радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе.

Умілаваны, ты паступаеш згодна з вераю ў тым, што робіш для братоў і

чужаземцаў. Яны засведчылі перад Касцёлам пра тваю любоў. Калі адправіш

іх па-Божаму, добра зробіш. Бо дзеля імя Хрыстовага яны пайшлі, нічога не

беручы ад язычнікаў. Таму мы павінны прымаць такіх людзей, каб стаць

супрацоўнікамі праўды.

Гэта слова Божае.



СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я назваў вас сябрамі,

бо аб’явіў вам усё, што пачуў ад Майго Айца.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Ян 15, 12-17



Называю вас сябрамі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

Гэта слова Божае.


Гамілія
Заступніцкая малітва (п. 4.2)
Малітва

Езу, з першай хвіліны свайго існавання Ты ахвяруеш нам сваё сяброўства. Твая любоў агортвае ўсіх людзей, а асабліва тых, якія выключаны або адкінуты па каставых прычынах, створаных людзьмі, або па расавай прыналежнасці ці колеру скуры. Напоўні нас даверам і пэўнасцю, што нашая годнасць заключаецца ў Табе, каб мы маглі без прадузятасцяў збліжацца з усімі, хто адрозніваецца ад нас, і прымаць іх як дзяцей Божых. Божа жыцця, вядзі нас да справядлівасці і міру. Амэн.


Благаслаўленне і рассыланне народа (п. 5)

Дзень шосты — серада, 23 студзеня 2013 г.
Тэма дня: Вандруючы па-над бар’ерамі.
Першае чытанне

Рут 4, 13-17



Патомкі Рут і Боаза
Чытанне кнігі Рут.
Боаз узяў Рут, і яна стала яго жонкай. Ён увайшоў да яе, і Пан даў ёй зацяжарыць, і нарадзіла яна сына. А жанчыны казалі Наамі: Благаслаўлёны Пан, які не пакінуў цябе сёння без наступніка. Няхай імя ягонае стане слаўным у Ізраэлі. Няхай ён суцяшае душу тваю і падтрымлівае цябе ў старасці, бо нарадзіла яго нявестка твая, якая цябе любіць і лепшая для цябе за семярых сыноў. І ўзяла Наамі дзіця гэтае, і паклала яго на калені, і была яму нянькаю.

І далі суседкі імя яму, кажучы: У Наамі нарадзіўся сын! І назвалі яго імем Абэд. Ён стаў бацькам Есэя, бацькі Давіда.

Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм

Пс 113


Бог – успамога патрабуючых.
Рэфрэн: Хваліце Пана, які ўзносіць убогага.


  1. Хваліце, слугі Пана, *

хваліце імя Пана.

  1. Няхай будзе імя Пана благаслаўлёна *

цяпер і навекі.
Рэфрэн:

  1. Ад усходу сонца да заходу *

няхай будзе праслаўлена імя Пана.

  1. Узвышаны Пан над усімі народамі, *

па-над нябёсамі слава Ягоная.
Рэфрэн:

5. Хто падобны да Пана, Бога нашага, +

які жыве на вышынях, *

6. які схіляецца, каб паглядзець на неба і зямлю,

7. які падымае беднага з пылу +

і са смецця ўзносіць убогага, *

8. каб пасадзіць яго з вяльможамі, з князямі свайго народа.
Рэфрэн:

9. Ён бясплодную жанчыну *

пасяляе ў доме

як маці, *

што цешыцца дзецьмі сваімі.
Рэфрэн:

Другое чытанне

Эф 2, 13-16



Хрыстус разбурыў сцяну паміж намі.

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:


Цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста. Ён – мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у целе сваім. А Закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір, і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы варожасць.

Гэта слова Божае.


СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус – наш спакой.

Ён паяднаў нас з Богам, забіўшы варожасць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле

Мц 15, 21-28



Езус і жанчына канаанская
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось,

жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада

мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая». Але

Ён не адказаў ёй ні слова.

Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі». Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля». Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!» Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць

шчанятам». Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія

падаюць са стала гаспадароў іхніх». Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О,

жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як жадаеш». I з гэтага

моманту дачка яе стала здаровай.

Гэта слова Божае.



Гамілія
Заступніцкая малітва (п. 4.2)
Малітва

Ойча, прабач нам, што ўсцяж у нашых Касцёлах і паміж імі ставім межы хцівасці, прадузятасцяў і пагарды, якія аддзяляюць нас таксама ад вызнаўцаў іншых рэлігій і ад тых, якіх лічым менш значнымі за нас. Дазволь нам праз Твайго Духа адважна перамагаць межы і нішчыць муры, якія аддзяляюць нас ад іншых. Мы ўступаем з Хрыстом на невядомую тэрыторыю, каб цэламу свету несці Яго пасланне любові, прыняцця і адзінства. Божа жыцця, вядзі нас да справядлівасці і міру. Амэн.


Благаслаўленне і рассыланне народа (п. 5)

Дзень сёмы — чацвер, 24 студзеня 2013 г.
Тэма дня: Вандруючы салідарна.
Першае чытанне

Ліч 27, 1-11



Спадчынны закон

Чытанне Кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Прыйшлі дочкі Салпаада, сына Хефера, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасіі з пакалення Манасіі, сына Юзафа, і вось імёны дачок ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца. І сталі перад Майсеем і перад Элеазарам, святаром, і перад князямі, і перад усёй супольнасцю, каля ўваходу ў скінію сходу, і сказалі:

Бацька наш памёр у пустыні, і не быў ён з ліку тых, што паўстаў супраць Пана разам з грамадою Карэя, але за свой грэх памёр, і сыноў у яго не было. За што павінна знікаць імя бацькі нашага з роду ягонага, бо няма ў яго сына? Дай нам долю сярод братоў бацькі нашага. І прадставіў Майсей справу іхнюю Пану. І сказаў Пан Майсею: Праўду кажуць дочкі Салпаада; дай ім спадчынны надзел сярод братоў бацькі іхняга і перадай ім надзел бацькі іхняга; і сынам Ізраэля абвясці і скажы: калі хто памрэ, не маючы сына, дык перадавайце надзел ягоны дачцэ ягонай; а калі няма ў яго дачкі, перадавайце надзел ягоны братам ягоным; а калі няма ў яго братоў, аддавайце надзел ягоны братам бацькі ягонага; а калі няма братоў бацькі ягонага, аддайце надзел ягоны блізкаму ягонаму родзічу з пакалення ягонага, каб ён атрымаў яго ў спадчыну; і няхай будзе гэта замацавана ў законе дзеля сыноў Ізраэля, як загадаў Пан Майсею.

Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм

Пс 15


Хто будзе знаходзіцца ў святыні Пана?
Рэфрэн: Справядлівы будзе жыць у доме Тваім, Пане.
1. Пане, хто можа знаходзіцца ў Тваім шатры,

хто можа жыць на Тваёй святой гары?

2. Той, хто паступае беззаганна і здзяйсняе справядлівасць, *

і гаворыць праўду ў сэрцы сваім.




Рэфрэн:

3. Хто языком сваім не абмаўляе, +

не чыніць бліжняму свайму зла. *

Хто не ўзводзіць паклёп на свайго суседа,

4. хто з пагардаю глядзіць на злога, *

але хваліць тых, хто баіцца Пана.


Рэфрэн:

5. Хто срэбра сваё не дае на ліхвярства *

і не прымае подкупу супраць нявіннага.

Хто так чыніць, *

не пахіснецца ніколі.
Рэфрэн:

Другое чытанне

Дз 2, 43-47



Вучні трымаліся разам
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
І быў страх у кожнай душы; шмат цудаў і знакаў чынілі Апосталы.

Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае; і прадавалі набытак свой

і маёмасць, і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу. Штодня збіраліся

аднадушна ў святыні, і ламаючы дома хлеб, яны спажывалі ежу ў радасці і

прастаце сэрца, праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народу. А

Пан штодня далучаў да іх тых, хто меў быць збаўлены.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Любі Пана Бога твайго ўсім сваім сэрцам,

А бліжняга свайго як самога сябе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Лк 10, 25-37



Міласэрны самаранін
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга свайго, як самога сябе». Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць». Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»

На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі таксама».

Гэта слова Божае.

Гамілія
Заступніцкая малітва (п. 4.2)
Малітва

Божа ў Тройцы адзіны, які даеш нам прыклад узаемнай залежнасці, адносінаў у любові, а таксама салідарнасці, з’яднай нас, каб мы ўмелі так жыць. Вучы нас дзяліцца надзеяй, што мы знаходзімся сярод людзей, якія ва ўсім свеце змагаюцца за годнае жыццё. Няхай іх вытрываласць натхняе нас на перамаганне ўласных падзелаў, на жыццё ў святой згодзе з іншымі і на супольнае крочанне да салідарнасці. Божа жыцця, вядзі нас да справядлівасці і міру. Амэн.


Благаслаўленне і рассыланне народа (п. 5)

Дзень восьмы — пятніца, 25 студзеня 2013 г.
Тэма дня: Вандруючы ў радасці і праслаўленні.
Першае чытанне

Абк 3, 17-19



Радасць і праслаўленне ў цяжкія часы

Чытанне кнігі прарока Абакума.

Калі нават смакоўніца не расцвіце

і не будзе на вінаграднай лазе пладоў,

калі дарэмнай будзе праца пры аліўках

і не ўродзяць нівы,

калі пазнікаюць авечкі з аўчарні

і не будзе скаціны ў загонах,

я буду радавацца ў Пану,

буду радавацца ў Богу, маім Збаўцы.

Пан Бог – мая моц,

Ён зробіць мае ногі як у лані

і прывядзе на вышыні.

Гэта слова Божае.

Рэспансарыйны псальм

Пс 100


Праслаўленне Бога па ўсёй зямлі
Рэфрэн: Станьце перад Панам з радасным спевам.
1. Усклікай Пану, уся зямля. *

2. З радасцю служыце Пану.

Станьце перад Яго абліччам *

з радасным спевам.


Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *

Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.

Мы Яго народ *

і авечкі Ягонай паствы.
Рэфрэн:

4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †

на дзядзінцы Ягоныя з гімнам хвалы, *

праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.

5. Бо Пан ёсць добры, +

навекі Ягоная міласэрнасць, *

і вернасць Яго з пакалення ў пакаленне.
Рэфрэн:

Другое чытанне

Флп 4, 4-9



Нястомна радуйцеся ў Пану
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:


Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.

І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе. 

Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае,  што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы ­— пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.

Гэта слова Божае.



СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Радуйцеся заўсёды ў Пану!

З удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Евангелле

Лк 1, 46-55



Магніфікат (гімн Марыі)
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
І сказала Марыя:

«Велічае душа мая Пана,

і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,

бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі.

І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.

Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,

а імя Яго святое.

І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне

над тымі, хто Яго баіцца.

Паказаў моц сваёй правіцы,

рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.

Скінуў магутных з трона

і ўзвысіў пакорных.

Дабром галодных насыціў, *

а багатых ні з чым адправіў.

Прыняў свайго слугу Ізраэля, *

памятаючы пра сваю міласэрнасць,

як абяцаў бацькам нашым —

Абрагаму і яго патомству навекі».

Гэта слова Божае.


Гамілія
Заступніцкая малітва (п. 4.2)
Малітва

Ласкавы Божа, няхай Твой Святы Дух напоўніць нашыя супольнасці радасцю і праслаўленнем, каб мы маглі развіваць адзінства, у якім ужо бяром удзел, і рупліва працягвалі пошук бачнай еднасці. Радуемся ў веры і надзеі людзей, якія не жадаюць, каб іх годнасць была прыніжана, бачачы ў іх Тваю цудоўную ласку і Тваё абяцанне міру. Навучы нас раздзяляць іх радасць і вучыцца ў іх вытрываласці. Ажыўляй нашую надзею і ўмацоўвай нашае рашэнне, каб мы маглі ў імя Хрыста крочыць разам у любові, аддаючы Табе пашану ў адзін голас і спяваючы супольна малітву адарацыі. Божа жыцця, вядзі нас да справядлівасці і міру. Амэн.


Благаслаўленне і рассыланне народа (п. 5)


: images -> stories -> files -> doc
doc -> Г прапанова адарацыі найсвяцейшага сакрамэнту для яе правядзення сужэнцамі
doc -> 8 кастрычніка Таямніцы святла
doc -> 16 кастрычніка Балесныя таямніцы
doc -> Правілы ўдзелу ў элеменце Стадыён
doc -> ПАЎсюдная дэкларацыя аб абароне цывілізацыі жыцця. У нядзелю божай міласэрнасці — мексіка 2016
doc -> Жыццяпіс св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус І Найсвяцейшага Аблічча
doc -> Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана (пар. 1 П 2, 9) I. Агульныя прынцыпы
doc -> 1 кастрычніка Таямніцы святла
doc -> 24 кастрычніка Радасныя таямніцы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка