С. 13. Ваенны досвед Аляксея Пысіна



Дата канвертавання30.06.2016
Памер55.3 Kb.
Гарадніцкі, Я. Ваенны досвед Аляксея Пысіна / Яўген Гарадніцкі // Лім. - 2009. - 18 верас. - С. 13 .
Ваенны досвед Аляксея Пысіна
Беларуская ваенная проза ў другой палове мінулага стагоддзя стала прыкметнай з’явай у сусветнай літаратуры. Яна змагла сказаць усяму свету на мове мастацкіх вобразаў пра беларусаў як жыццётрывалую нацыю, якая прайшла праз катаклізмы эпохі, захаваўшы свой духоўны, гуманістычны патэнцыял. Што такое ўвогуле чалавек, якімі ён валодае магчымасцямі ў супрацьстаянні глабальным пагрозам жыццю на зямлі – такія філасофскія і маральныя пытанні задавала беларуская проза, звяртаючыся да асэнсавання нядаўняга гістарычнага вопыту.

Даследчыкі творчасці Пысіна часта абмяркаўваецца пытанне аб адносна познім звароце паэта да тэмы вайны. Як мне думаецца, рэтраспектыўнае асваенне паэтам ваеннага вопыту не ў малой меры звязана якраз з той сітуацыі, у якой ён знаходзіўся падчас вайны, і адпаведным ракурсам бачання. У салдацкім акопе, на полі бою адчутая і перажытая вайна не магла адразу "ўкласціся" ў рамераныя вершаваныя рытмы, занадта "гарачым", напружаным і дзейсным было пачуццё асабістай далучанасці да таго, што адбывалася там, на пярэдні краі.
А ці магчыма вылучыць аналагічную плынь у паэзіі, для якой выяўленне духоўнай сутнасці чалавека, яго ўнутранага свету з’яўляецца галоўнай мэтавай устаноўкай? Мы высока цэнім творы паэтаў франтавога пакалення. Імі падчас самой вайны і ў пазнейшы час былі створаны многія шэдэўры, у якіх тэма вайны знайшла ўвасабленне праз пачуццёвае суперажыванне, узвышана-трагедыйнае лірычнае выражэнне. Але ці ёсць, сапраўды, падставы ў дадзеным выпадку гаварыць пра асобную жанрава-тэматычную цэласнасць, якая б прадставала ў выглядзе выразна абазначанага напрамку літаратурнага развіцця?

Паэзія і проза адрозніваюцца многімі мастацка-выяўленчымі якасцямі і ўласцівасцямі як асобныя віды сучаснай літаратуры, хоць у наш час і назіраецца прыкметнае іх збліжэнне і актыўнае ўзаемадзеянне. У адносінах да выяўлення ваенных падзей, якія з кожным днём аддаляюцца ад нас па часе, паэзія і проза арыентаваны па-рознаму, адпаведна іх жанравай прыродзе. Паэзія, асабліва такая яе разнавіднасць як лірыка, скіравана ў асноўным на тое, што перажываецца аўтарам менавіта зараз, ў дадзены момант яго жыцця. Менавіта гэты, заўсёды "цяперашні", час з’яўляецца самым актуальным для паэта, звязвае яго душэўны стан з усёй абсяжнасцю свету. Для прозы ў большасці выпадкаў патрэбна пэўная часавая дыстанцыя, хоць бы з прычыны таго, што стварэнне празаічнага твора займае звычайна больш працяглы час. Патрабуецца папярэдняя аналітычная падрыхтоўка, выстройванне матэрыялу ў некаторае сістэмнае адзінства, хоць пабуджальны імпульс, душэўны штуршок, як і ў паэтычнай творчасці, можа вынікаць з непасрэдна адчутага, таго, з чым аўтар судакрануўся ў сваім жыцці як з рэальна перажытым фактам.

Праўда, і для паэзіі таксама з’яўляецца важнай часавая рэтраспекцыя пры асэнсаванні такой каласальнай па сваіх наступствах з’явы як Вялікая Айчынная вайна. Таму і пісаліся, і пішуцца сёння паэтамі розных пакаленняў, у тым ліку і тымі, хто сам не зведаў гэткага горкага вопыту, творы, у якіх тэма чалавек і вайна паўстае ў розных ракурсах асвятлення. Іншая справа, што падключаныя да агульнага кантэксту творчасці пэўнага аўтара, гэтыя творы становяцца почасту нібыта менш прыкметнымі, утвараючы з творамі іншага тэматычнага дыяпазону непарыўную ідэйна-мастацкую цэласнасць.

Ваення паэзія як выдатная мастацкая з’ява, безумоўна, існуе ў нашай літаратуры, яна даўно сцвердзіла сябе як эстэтычнае выражэнне ўнікальнага экзістэнцыйнага вопыту асобы ў экстрэмальных умовах ваеннага часу. Каб больш выразна ўявіць любую з’яву, якая прадстае ў безлічы асобных і ў той жа час узаемазвязаных фактаў, патрэбна вызначыць яе галоўныя, стрыжнявыя моманты. Уяўленні пра ваенную паэзію, думаецца, набудуць больш канкрэтызаваныя і пэўныя абрысы, калі мы будзем звязваць яе перш за ўсё з імёнамі, для яе вызначальнымі, знакавымі.

Адной з такіх цэнтральных, самых значных постацей у беларускай ваеннай паэзіі, несумненна, з’яўляецца Аляксей Пысін. У першую чаргу гэта, вядома, абумоўлена мастацкай значнасцю яго твораў, у якіх знайшоў выяўленне ваенны вопыт, досвед салдата, які прайшоў нялёгкімі франтавымі дарогамі, спазнаў радасць перамогі і горыч ад страты таварышаў. Вайна была ўбачана і спазнана ім у самым непасрэдным набліжэнні, з перадавой. Гэтай гранічнай набліжанасцю, кругаглядам салдата, аднаго з бясконцага мноства тых, чыёй крывёй і потам быў адолены люты вораг, ў многім вытлумачваецца характар пысінскай паэзіі, своеасаблівасць раскрыцця ваеннай тэмы.

Даследчыкамі творчасці Пысіна часта абмяркаўваецца пытанне аб адносна познім звароце паэта да тэмы вайна. Як мне думаецца, рэтраспектыўнае асваенне паэтам ваеннага вопыту не ў малой меры звязана якраз з той сітуацыяй, у якой ён знаходзіўся падчас вайны, і адпаведным ракурсам бачання. У салдацкім акопе, на полі бою адчутая і перажытая вайна не магла адразу "ўкласціся" ў размераныя вершаваныя рытмы, занадта "гарачым", напружаным і дзейсным было пачуццё асабістай далучанасці да таго, што адбывалася там, на пярэднім краі. Пысін быў на вайне не журналістам, для якога слова служыла б адзіным сродкам змагання. Хоць з журналістыкай у мірны час было звязана ўсё яго жыццё. Магчыма, самаадданае паглыбленне Пысіна – журналіста ў паўсядзённе жыццё пасляваеннага часу, яго пільная ўвага да ўсіх падрабязнасцей суладнага існавання чалавека і прыроды таксама пэўным чынам аддалялі на нейкі час неўвасобленыя пакуль што ваенныя ўражанні і вобразы.

"Адгрымела вайна, адсвістала, / Адпаўзла па дарогах крывых...". Аднак вяртанне да спазнанага і перажытага ў ваенны час было, па сутнасці, непазбежным. Пэўная дыстанцыяванасць толькі пашырала абсягі духоўнага зроку, у святле якога зноў паўставалі абліччы таварышаў па зброі, баі і часовыя зацішшы, знясільваючыя маршы і атакі. З гадамі не слабела, а ўсе больш узмацнялася повязь паэта з тымі, хто застаўся назаўжды за апошнім рубяжом. Баявое таварыства, "пабрацімства мёртвых і жывых" – гэтыя духоўна–маральныя каштоўнасці, вынесеныя Пысіным з вайны, сталі сутнасным асяродкам яго паэзіі. Сказаць, дагаварыць штось і за іх – тых, хто ўпаў на "даўнім курганні", штурмуючы "дняпроўскую граду", - у гэтым бачыў паэт свой чалавечы і мастацкі абазявак, свой грамадзянскі доўг. Пра свае пачуцці як выяўленне духоўнага адзінства франтавого пакалення вельмі шчымліва і вобразна сказана паэтам у вершы пра маладога камбата, які не паспеў пакінуць пасля сябе нашчадкаў: "Ты, журба, як адчутая страта, / Вы, трывогі, адкуль, ад каго? / - А мы – дзеці, мы дзеці камбата, / Мы – адзіныя дзеці яго".



Неадмежаванасць ад таго агульнага, лёсавызначальнага, што датычыць у роўнай ступені ўсіх, характарызуе светаадчуванне аўтара, выяўляецца з надзвычайнай паэтычнай выразнасцю і эмацыянальнай сілай у яго ваенных вершах. Гэтая непадзельнасць лёсу і памкненняў знайшла, мабыць, самае гранічна завостране ўвасабленне ў "Баладзе пра начлег", якая заканчваецца такімі радкамі:
Стралковая рота

сопку ўзяла.

... Пад намі зямля,

над намі зямля.
Гэтае "мы", як выказ супольнасці лёсу і агульнай адказнасці, успрымаецца тут вельмі асабіста, праз узвышэнне асабовага лірычнага перажывання да асэнсавання цэласнасці быцця. Чалавек – воін у Пысіна, адстойваючы жыццё, з’яднаны – да апошняга – з прыродай, яе адвечнасцю. Праз прыроднае і бачыцца паэту многія яго героі, што сваім жыццём захілілі свет ад бяды. Як, да прыкладу, той Іван, які паўстаў наўзбоч палявой дарогі кветкай іван-чаю. Або вось гэта выява, дзе рэальнае сплялося з мройным:
Святло, як дым.

Лес выбіўся з балота.

На жоўтыя

пясчаныя брады.

Не лес –

мая знямелая пяхота,

Не лес –

мае высокія браты.
Паказальным у вершах паэта з’яўляецца і гэты прыцяжальны займеннік, за якім таксама вострае адчуванне далучанасці да вайсковага братэрства. "Мае далёкія франты. / Мае палкі. Мае дывізіі"...; "Я ў сваю дывізію пайшоў...". Такое ўзвышанае прамаўленне аніколькі не падаецца знарочыстым, бо апраўдана ўласным лёсам паэта і высокай трагедыйнасцю агульнага гучання яго паэзіі.

Аляксей Пысін узняўся ў сваіх ваенных творах да ўзроўню трагедыйнага мастацтва, узвышанага і праўдзівага ў сваёй аснове. І змог выявіць пры гэтым самую глыбінную, народную па сваёй сутнасці ўласцівасць духу – непахісную веру ў пазітыўныя, светлыя пачаткі быцця. Гэтая знітаванасць трагедыйнага і аптымістычнага заўсёды ўражвае пры перачытванні яго твораў, здзіўляе і зачароўвае. За гэтым – праўда народнага характару і народнага светаўспрымання. Выказаўшы яе, Аляксей Пысін і стаў адным з лідэраў беларускай ваеннай паэзіі, выразнікам бясцэннага жыццёвага досвету.
: virtual-exhibitions -> docs -> pysin
docs -> Творчасць вінцэнта дуніна-марцінкевіча
docs -> Дунін-марцінкевіч вінцэнт іванавіч 1808 г. 29. 12. 1884 г.)
docs -> Уладзімір содаль фотаздымак на вякі
docs -> Алесь марціновіч жыцця вірлівыя павароты
docs -> Куляшоў аркадзь аляксандравіч (24. 1 2). 1914г. 1987 г.)
pysin -> Лірыка сейбіта і салдата
pysin -> А. в пысін: паэзія мужнасці І дабрыні
pysin -> Т. П. Хоміч, выкладчык кафедры беларускай літаратуры бдпу дыялектыка дабра І зла ў мастацкай канцэпцыі А. Пысіна
pysin -> Правам салдата і сейбіта




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка