С. М. Запрудскі да гісторыі націску ў вытворных прыметніках



Дата канвертавання14.07.2016
Памер132.47 Kb.
С.М. ЗАПРУДСКІ

ДА ГІСТОРЫІ НАЦІСКУ Ў ВЫТВОРНЫХ ПРЫМЕТНІКАХ (1920–1930-я гг.)

Апублікавана: Веснік БДУ. Серыя 4. Філалогія, журналістыка, педагогіка. 2005. № 3. C. 50-55.


В статье рассматривается распределение различных акцентологических форм производных прилагательных в белорусском литературном языке 1920–1930-х годов. Делается вывод о том, что в отличие от нынешней практики среди таких прилагательных были более широко распространены прилагательные с ударением на корне слова, а также на суффиксе.
Zaprudski S.M. About the History of Accent in Derivative Adjectives (19201930s)
The article deals with the distribution of different accent forms of derivative adjectives in the Belarusian literary language in the 1920–1930s. A conclusion is made that adjectives with the accent falling on the root, as well as on the suffix were more widely spread among such adjectives unlike in today’s usage.
0. Уводныя заўвагі. Праблема націску ў вытворных прыметніках у яе дыяхранічным асвятленні пакуль не прыцягвала пільнай увагі беларускіх лінгвістаў.

Сучасны стан націску ў прыметніках апісаны ў “Беларускай граматыцы” (Беларуская граматыка 1985, 388 – 399). У працы зазначана, што ў словаформах прыметніка націск можа знаходзіцца як на аснове (корані ці суфіксе), так і на канчатку. У залежнасці ад гэтага выдзяляюцца два акцэнтныя тыпы – А і В. Згодна з дадзенымі “Беларускай граматыкі”, вытворныя прыметнікі паводле іх частотнасці належаць найперш да тыпу А.

Адносныя і якасныя прыметнікі, аднак, неаднойчы прыцягвалі ўвагу беларускіх мовазнаўцаў з пункту гледжання канкурэнцыі словаўтваральных тыпаў з суфіксамі -ов- (-ав-, -ев-), з аднаго боку, і -н-, з другога. Так, напрыклад, у 1970 г. словаўтваральны тып з суфіксам -ов- (жыццёвы, каранёвы, крышталёвы) быў ахарактарызаваны як польскі паводле свайго паходжання і проціпастаўлены тыпу з суфіксам -н- як рускаму (Гістарычная лексікалогія 1970, 260). У 1983 г. варыянтныя суфіксальныя прыметнікі, якія ўжываюцца ў творах Якуба Коласа, разглядала Т. П. Піліповіч (Піліповіч 1983). Аналізуючы ўжыванне ў сучасным перыядычным друку прыметнікаў з суфіксамі -ов- (-ав-, -ев-) і -н-, В. І. Уласевіч заўважыла, што ў мове мастацкай літаратуры (асабліва 1920 – 1940-х гг.) прыметнікі нярэдка ўтвараліся з суфіксамі -ов- (-ав-, -ев-), аднак яны не замацаваліся ў якасці агульнай нормы і былі заменены прыметнікамі з суфіксам -н- (Уласевіч 2001, 53 – 54). У названых працах толькі нязначная ўвага ўдзяляецца акцэнталагічным характарыстыкам гэтых назоўнікаў.

Спецыяльна разглядзела акцэнталагічныя варыянты прыметнікаў у сваёй манаграфіі І. Р. Шкраба. Яна зафіксавала, што ў сучаснай беларускай мове найбольш выразна акцэнталагічная няўстойлівасць праяўляецца ў прыметнікаў з суфіксам -ов- (-ав-): бурштынавы – бурштынóвы, васількóвы – васíлькавы, вéрасавы – верасóвы і інш. І. Р. Шкраба заўважае, што ўтвораныя ад назоўнікавых асноў прыметнікі звычайна захоўваюць націск зыходнай асновы (цэхавы, завóдскі), але “і флексійна акцэнтаваныя формы таксама могуць знаходзіцца ў межах нормы: патайны, дражджавы, прахадны” (Шкраба 2004, 65 – 66). Спецыяльную заўвагу І. Р. Шкраба зрабіла адносна акцэнталагічных варыянтаў, якія фіксуюцца толькі ў дыяхраніі: “марскí (раней і мóрскі), зямны (раней і зéмны), начны (раней і нóчны), штармавы (раней і штóрмавы), мурóжны (раней і муражны)” (Шкраба 2004, 66).

Нашы назіранні паказваюць, што ў 1920-я гг. сітуацыя з выкарыстаннем у беларускай мове прыметнікаў таго або іншага акцэнтнага тыпу была даволі супярэчлівая. Многія з такіх прыметнікаў былі кніжнымі паводле паходжання і не мелі папярэдняй традыцыі ўжывання ў беларускай літаратурнай мове. Як правіла, формы вытворных прыметнікаў нячаста фіксаваліся ў тагачасных, пераважна сціплых паводле памераў, слоўніках. Адпаведна іх узус мог вагацца, быць нестабільным. Паколькі ў тагачаснай беларускай літаратурнай мове існавалі розныя акцэнтныя тыпы, а абаперціся на ўсталяванае вымаўленне не было магчымасці, то ў шэрагу выпадкаў было даволі складана вызначыць, якому акцэнтнаму тыпу трэба было аддаваць перавагу ў розных канкрэтных выпадках. На ўжыванне такіх прыметнікаў аказвалі комплексны ўплыў акцэнталагічныя нормы суседніх польскай і рускай моў, колькасць складоў у такіх прыметніках, адлюстраванасць вытворных прыметнікаў у лексікаграфічных крыніцах, акцэнтныя тыпы ўтваральных асноў, патрэба (добрай) ідэнтыфікацыі з утваральнай асновай, узус розных беларускіх дыялектаў, стылістычныя патрэбы тагачаснай беларускай мовы, агульныя тэндэнцыі развіцця націску і інш.

1. Абсягі акцэнтнага варіравання. Акцэнтнаму вар’іраванню ў гэты час падлягалі прыметнікі з рознымі суфіксамі.

Прыметнікі з суфіксамі -ав- (-яв-) / -ов- (-ёв-): агнявы клубок (Веснаход), агнявымі сродкамі (Багдашэўскі) – агнёвая зорнасць (Пігулеўскі), агнёвыя пікі (Веснаход), свінцова-агнёвыя віхры (Веснаход).

Прыметнікі з суфіксам -н-: вывóзны гандаль (Красачкін) – вывазныя тавары (Полымя 1926); напярэдадні выхóднага дня (Зарэцкі І), выхóдны пункт (Касмовіч ІІ), выхóдная шчыліна (Чэмелаў) – выхадны канал (Львоў), выхадной адтулінай (Багдашэўскі).

Прыметнікі з суфіксам -ск-: у завóдскай справе (Муромаў), завóдская прамысловасць (Касмовіч ІІ), цыкл апавяданняў з завóдскага жыцця (Полымя 1931) – фабрычна-завадскім камітэтам (Кодэкс).



2. Формы з націскам на корані. Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што ў тагачасным узусе, а таксама ў лексікаграфічных працах у некаторых выпадках выразна праяўлялася тэндэнцыя захоўваць націск на больш блізкіх ад пачатку слова складах (на корані). Яе можна назіраць на наступных прыкладах:

аднаáктавы: тры аднаáктавыя творы (Полымя 1930), параўн. суч. аднаактóвы; вéрасневы (РБС-28), параўн. суч. вераснёвы, вераснёўскі; выхлóпны ‘прызначаны для выхлапу газаў’: выхлóпную трубу (БЦЯ), параўн. суч. выхлапны; гнёздавы: гнёздавы корпус; гнёздавай рамкі; надгнёздавы прамежак; надгнёздавая прамежнасць (Струкоўскі), трохгнёздавай, аднагнёздавай (Аўчынікаў); параўн. суч. гнездавы; дзвéрны: дзвéрны праём павінен мець парог (СБ 1930); дзвéрны (РБС-28); параўн. суч. дзвярны; зéмны: зéмнае кулі (Дашкевіч), зéмных парод (Касмовіч), зéмных парод (Касмовіч ІІ), зéмнай кары (Азбукін), зéмнай паверхні (Грамыка), зéмная труба (Кашын), дыяметр зéмнай кулі (Перэльман), зéмнай кары (Вальдгард), зéмных гор (Дрожджын); але: зямную кулю (Сямёнаў), незямныя сілы (Олешчук); параўн. суч. зямны і (далёка нераўнапраўны варыянт) зéмны; зéрневы (РБС-28); параўн. суч. зéрневы і зернявы; лíтравы: возьмем лíтравую бутэльку (БЦЯ); параўн. суч. літрóвы; мóрскі: мóрскія парты (Савельеў), мóрскай дарогі (СБ 1923), мóрская пратока (Азбукін), мóрскія хвалі (Грамыка), мóрскія вятры (караблі, судны) (Касмовіч ІІ); эпізоды барацьбы Чырвонага мóрскага флёту (Вішнеўскі; назва кнігі), мóрская міля (Перэльман); але: марскí (на другім месцы поруч з мóрскі) (РБС-28). Параўн. суч. марскí.

Кожная з формаў з націскам на корані мае сваю, часам зусім арыгінальную, гісторыю ўжывання ў беларускай мове.

Напрыклад, форма завóдскі аказалася даволі ўстойлівай у беларускай літаратурнай мове. Форма зéмны, якая ў сучасным слоўніку выглядае своеасаблівым рэліктам, засталася ў ім, падобна, таму, што яшчэ ў РБС-37 і РБС-53 яна фігуравала ў якасці першага з варыянтаў пары зéмны, зямны.

Што да ўжывання ў беларускай мове адноснага прыметніка ад назоўніка мора, то, відавочна, яно фактычна не мела магчымасці сфарміравацца на чыста беларускім грунце, і таму тут беларуская форма магла залежаць ад нормаў, прынятых у польскай (morski) або рускай (морскóй) мовах. Ва узусе 1920-х гг. выразна пераважала форма мóрскі. У “Слоўніку мовы Янкі Купалы” форма мóрскі (кваліфікаваная як “польская”) зафіксавана 6 разоў, тады як марскí – ні разу (СМК 3, 107).

На адрозненне ад сучасных формаў вывазны і прывазны, якія маюць націск на канчатку, форма з націскам на корані завóзны захавалася ў сучаснай мове, верагодна, таму, што поруч са значэннем ‘завезены адкуль-небудзь; прывазны’ яна мела лексіка-семантычны варыянт завóзны ‘які мае адносіна да збожжа, прывезенага ў млын для памолу’.

Да гэтага ж разраду вытворных прыметнікаў акцэнтнага тыпу А належаць таксама такія, як аднацылíндравы, адцэнтравы, бáцькаўскі ‘які складаецца з бацькоў’ (бáцькаўскі камітэт), вóсенны, вывóдны, двутáўравы, зарóдкавы, кóльцавы, кóўшавы, мáхавы ‘які мае адносіны да маху, махання’, машынавы, мéсцавы, мóхавы, нанóсны, нóжны, нóсавы, нóчны, падвéсны, пасéўны, перанóсны, плáставы, пóлавы, пóршнявы, пóтавы, пóхвавы, прывóдны, прывóзны, прыгарóдны ‘прыгарадны’, прыфрóнтавы і інш.



3. Паміж рускай і польскай мовамі. Беларуская літаратурная мова ў 1920-я гг. развівалася ў цесным кантакце з рускай і польскай. Што датычыцца фарміравання націску ў вытворных прыметніках гэтых моў, то сітуацыя тут была своеасаблівая, і яна пэўным чынам накладалася на размеркаванне акцэнтных тыпаў прыметнікаў у беларускай мове.

Нягледзячы на тое, што ў рускай мове існуюць поўныя прыметнікі з націскам і на корані, і на суфіксе, і на канчатку, “асноўным напрамкам акцэнталагічнага развіцця поўных прыметнікаў служыць перамяшчэнне націску бліжэй да канца слова, г. зн. на суфікс або нават на флексію” (Горбачевич 1978, 111). Расійскія даследчыкі канстатуюць “паступовае павелічэнне прыметнікаў з наканчаткавым націскам (на -óй)” (Горбачевич 1971, 74). Хоць моўнай практыцы ХІХ ст. былі ўласцівы некаторыя прыметнікі з націскам на аснове (брéдовый, днéвный, ледяный, жестяный), у сучаснай літаратурнай мове яны ўсведамляюцца як устарэлыя, затое “для многіх прыметнікаў (асабліва з суфіксамі -ов- і -н-) «пераможным» («побеждающим») варыянтам аказаўся націск на канчатку” (Горбачевич 1971, 77 – 78).

Іншая сітуацыя была ў польскай мове, дзе, як вядома, націск стабільна падае на другі склад ад канца. З пункту гледжання словаўтваральнай будовы польскіх прыметнікаў выразную спецыфіку складала тая акалічнасць, што на працягу некалькіх стагоддзяў мела месца экспансія суфікса -owy, які ўсё больш адцясняў свайго самага грознага канкурэнта – суфікс -ny. У выніку колішняя форма abecadlny змянілася на abecadłowy, bankietny – на bankietowy, cytrynny – на cytrynowy, metalny – на metalowy, ogienny – на ogniowy, papierny – на papierowy і г. д. (Bajerowa 1970, 218 – 219). У польскай мове ХХ ст. перамога дэрыватаў з фармантам -owy зазначылася ўжо зусім выразна, і гэта мела пэўныя наступствы і для станаўлення словаўтваральнай сістэмы прыметніка ў беларускай мове.

У сітуацыі, калі ў польскіх прыметніках з суфіксам -owy націск падаў на другі склад ад канца, а ў рускіх прыметніках назіралася выразная тэндэнцыя да перамяшчэння націску бліжэй да канца слова, адзначанае вышэй фарміраванне ў беларускай мове групы вытворных прыметнікаў з націскам на каранёвым галосным магло сведчыць аб пошуку беларускай мовай свайго асаблівага шляху. Напрыклад, замацаванне націску на корані ў формах тыпу аднаáктавы, адрыўкавы, атлáсавы, безвыхóдны, вéрасневы, вóсевы, вóсеньскі, высóўны, выхлóпны, выхóдны ‘нерабочы’, гнёздавы, гýмавы, дзвéрны, зéрневы, кішэнявы, лёдавы, лíтравы процістаўляла ў акцэнтным плане гэтыя формы адпаведным рускім (выхлопнóй, выходнóй, двернóй), польскім (jednoaktowy, urywkowy, atłasowy, wrześniowy, gumowy, kieszonkowy) або рускім і польскім адначасова (osiowy i осевóй, jesienny i осéнний, wysuwany і выдвижнóй, gniazdowy i гнездовóй, ziarnowy i зерновóй, lodowy i ледóвый, litrowy i литрóвый). Такому развіццю спрыяла і тая акалічнасць, што ў беларускай мове ўжо існавалі і / або існуюць дэрываты, пры ўтварэнні якіх націск быў нерухомым і захоўваўся на корані: аксамíтавы, вóцатавы, гарэлкавы, дрэвавы, загáдкавы, зарóдкавы, камóркавы, камплéктавы, квéткавы, двух- (чатырох-) клáсавы, клéткавы.

Аб’ектыўна такому развіццю садзейнічала таксама наступная акалічнасць: пры гэтым рашэнні ў напісанні захоўваліся этымалагічныя каранёвыя галосныя, што ва ўмовах наплыву вельмі вялікай колькасці наватвораў спрыяла добрай ідэнтыфікацыі новых дэрыватаў з іх утваральнымі асновамі. Імкненне ўтрымаць націск на каранёвым галосным, не дапусціць яго пераходу на наступны галосны дэрывацыйнага або формаўтваральнага афікса (параўн., напрыклад: тóмах, тóмаў, хóдах, хóдаў і пад.) у 1920-я гг. назіраецца і ў шэрагу іншых прыкладаў, і таму можа быць кваліфікавана як важная тэндэнцыя развіцця акцэнталагічнай сістэмы прыметніка беларускай мовы гэтага часу.

Формы прыметнікаў з націскам на корані пазней мелі неаднолькавы лёс у беларускай літаратурнай мове. Большасць з іх (аднаáктавы, вéрасневы, выхлóпны, гнёздавы, дзвéрны, засéўны, лёдавы, лíтравы, мóрскі, мáхавы і інш.) цалкам выйшла па-за рамкі літаратурнага выкарыстання. Пры гэтым падобна да развіцця націску ў рускай мове ў большасці з іх адбылося перамяшчэнне націску на флексійны склад (вывадны, выхлапны, гнездавы, дзвярны, кальцавы, марскí, махавы, нажны, насавы, начны, пасяўны, палавы). Паколькі ў беларускай народнай і літаратурнай мове існуюць вытворныя прыметнікі з наканчаткавым націскам (канцавы, лугавы, махавы (ад мох), палявы, селавы, снегавы, падкідны і інш.) у дадзеным выпадку нельга выключаць уплыву адпаведнага акцэнтнага тыпу беларускай мовы, аднак у большасці выпадкаў рускі ўплыў (як мінімум для формаў выхлапны, гнездавы, дзвярны, кальцавы, марскí, махавы, насавы, начны, пасяўны, палавы, прывадны, прывазны) трэба прызнаць вырашальным.

У частцы прыкладаў – націск замацаваўся на другім складзе ад канца (аднаактóвы, ватóвы, вераснёвы, двухтаўрóвы, мясцóвы, пурпурóвы, улікóвы, шматпавярхóвы), у іншых – адбылася змена суфікса (атлáсавы, машынавы, пóхвавы).

Іншыя прыметнікі з націскам на корані (гýмавы, завóзны, нанóсны, падвéсны, перанóсны, пóршневы, пóтавы, рóтавы, стэпавы, увахóдны, цягавы) захаваліся ў літаратурнай мове ў якасці адзіна магчымых варыянтаў. Некаторыя захаваліся, суіснуючы поруч з іншымі варыянтамі (вóсевы, зéрневы, мóхавы, рóгавы, рынкавы, учóрашні).



4. Формы з націскным суфіксам -ов- (-ёв-). Іншай вельмі заўважнай тэндэнцыяй у словаўтварэнні вытворных прыметнікаў гэтага часу было ўжыванне формаў з суфіксам -ов-ы (-ёв-ы). Яе можна назіраць на наступных прыкладах:

атласóвы (Гушча 1923, 64); параўн. суч. атлáсны; вуглёвы (Полымя 1928); параўн. суч. вýгальны; выбухóвы (ПБВС, РБС-28); параўн. суч. выбухóвы, выбухны; узрыўны; газартóвы; газардóвы (Цвікевіч), азардóўны (Зарэцкі І), азардóўны, азардóвы (РБС-28); але: газáрдны (ПБВС); параўн. суч. азáртны; карткóвы ‘які мае адносіны да карткі’ (Вальдгард); параўн. суч. кáртачны; лічбóвы (КооБ 1930); параўн. суч. лíчбавы.

Да гэтага ж разраду належаць таксама такія формы, як агнёвы, агулóвы ‘валавы, сукупны’, аднацыліндрóвы, акрыццёвы, аднаактóвы, асакóвы, беззмястóвы, бесканцóвы, ватóвы, вузлóвы, выйсцёвы, высокагатункóвы, вяснóвы, гадóвы, гнаёвы, грунтóвы, гумóвы, дажджóвы, двухсэнсóвы, двухтаўрóвы, дзяёвы ‘гістарычны’, зярнёвы, ідэёвы, каранёвы, кармóвы, квадратóвы, кішанёвы, крышталёвы, крэдытóвы, лагвóвы, лакцёвы, ліпнёвы, лядóвы, рознакалярóвы, чыгуналіццёвы, мазгóвы (спінна-мазгóвы, чэрапна-мазгóвы), машынóвы і інш. Ужыванне падобных формаў было тым больш дапушчальнае, што ў беларускай мове ўжо існавалі і/або існуюць акцэнталагічныя формы прыметнікаў, якія фіксуюцца толькі з націскам на суфіксальным -ов-: бялкóвы, вечарóвы, зімóвы, кантóвы, крышталёвы, ліпнёвы, металёвы, садóвы, службóвы, сталёвы, уплывóвы.



Як і формы з націскам на каранёвым складзе, формы прыметнікаў з суфіксам -ов- таксама пазней мелі неаднолькавы лёс у беларускай літаратурнай мове. Большасць з іх (агулóвы, аднацыліндрóвы, акрыццёвы, арандóвы, атласóвы, беззмястóвы, вуглёвы, вузлóвы, выйсцёвы, гадóвы, газартóвы, гнаёвы, грунтóвы, гумóвы, дажджóвы, двухсэнсóвы і інш.) цалкам выйшла па-за рамкі літаратурнага выкарыстання. Сярод іх найбольшая колькасць ужываецца ў сучаснай мове з іншымі суфіксамі: -н- (-енн-) (азáртны, арэндны, атлáсны, вýгальны, гнóйны, ідэйны, кáртачны, квадрáтны, крэдытны, машынны, мысленны, павéтраны і інш.) або -ск- (лíпеньскі, чэрвеньскі). Іншыя змянілі і ўтваральную аснову, і суфікс (выйсцёвы, дзяёвы, пазычкóвы, першасткóвы, раўнікóвы). У частцы такіх прыметнікаў адбылася фіксацыя націску на корані (гýмавы, зачáткавы, лíчбавы, мядзведзевы, сóладавы, смéццевы, стэпавы), яшчэ ў адной частцы адбылося перамяшэнне націску на флексійны склад (вузлавы, гадавы, грунтавы, кармавы, лакцявы, мазгавы, пластавы, хваставы).

5. Заключныя заўвагі. Прыведзены матэрыял сведчыць аб незавершанасці станаўлення словаўтваральнай сістэмы вытворных прыметнікаў у 1920-я гг. Паколькі прыток такіх прыметнікаў у літаратурную мову ў 1920-я гг. быў асабліва інтэнсіўны, а лексікаграфічныя крыніцы толькі ў нязначнай ступені фіксавалі гэтую катэгорыю слоў, для іх паспяховага ўваходу ў літаратурную мову быў патрэбен своеасаблівы “адаптацыйны перыяд”. Для добрай ідэнтыфікацыі з утваральнай асновай, у мэтах наследавання народным формам, а таксама для сцвярджэння своеасаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай і польскай такія формы ў гэты час нярэдка ўжываліся з націскам на каранёвым складзе. Іншай заўважнай тэндэнцыяй было выкарыстанне формаў з суфіксам -ов- (адпаведна, з націскам на суфіксе), у значнай ступені такія формы ўвайшлі ў беларускую мову ў складзе запазычанняў з польскай мовы.
Умоўныя скарачэнні крыніц
Азбукін – Азбукін М. Геаграфія Эўропы. М.-Л., 1924.

Аўчыннікаў – Аўчыннікаў І.Т. Жыццё нашых вод. Мн., 1930.

Багдашэўскі – Багдашэўскі Н.П. Аўтамабільная справа. Частка І. Мн., 1933.

БЦЯ – Бэкнеў С.А., Цюляеў В.Н., Якобі М.А. Даведнік трактарыста. Мн., 1933.

Вальдгард – Вальдгард С. Як самому вывучаць прыродазнаўства. Мн., 1931.

Веснаход – Веснаход. Апавяданні “Маладняка”. Мн., 1987.

Вішнеўскі – Вішнеўскі У. Эпізоды барацьбы Чырвонага морскага флоту. Мн., 1930.

Грамыка – Грамыка М. Пачатковая геаграфія. Выданне 2-е. Мн., 1925.

Дашкевіч – Дашкевіч Л. Вада і жыццё. Мн., 1930.

Дрожджын – Дрожджын О. Ці стаіць зямля на трох кітох. Мн., 1930.

Зарэцкі – Зарэцкі М. Збор твораў у чатырох тамах. Мн., 1989 – 1992.

Касмовіч – Касмовіч С. Географія па-заэўрапейскіх краін. Мн., 1929.

Касмовіч ІІ – Касмовіч С. Геаграфія пазаэўрапейскіх краін. Выданне 2-е. Мн., 1931.

Кашын – Кашын Н.В. Фізыка. Першая ступень. Частка другая. М.-Л., 1924.

Кодэкс – Кодэкс аб працы Беларускай Соцыялістычнай Савецкай Рэспублікі. Выданне 3-е. Мн., 1936.

КооБ – Кооперацыя Беларусі.

Красачкін – Красачкін В. Цыбуля і часнок. Мн., 1930.

Львоў – Львоў В. Тэхніка ў жывёл. Мн., 1930.

Муромаў – Скура. Пад рэд. С.Муромава. Мн., 1930.

Олешчук – Олешчук Ф. Школа і выхаванне актыўных бязбожнікаў. Мн., 1930.

ПБВС – Практычны беларускі вайсковы слоўнік. Мн., 1927. Ч. 1.

Перэльман – Перэльман Я.І. Новы задачнік па геаметрыі. Мн., 1926.

Пігулеўскі – Пігулеўскі М. Чырвоныя ўсходы. Кніжка для чытання і работы ў першай групе. Мн., 1930.

РБС-28 – Некрашэвіч С. М. Байкоў М. Я. Расійска-беларускі слоўнік. Менск, 1928.

Савельеў – Савельеў А. Першая дапамога пацярпеўшым пры паветрана-хэмічным нападзе. Мн., 1930.

СБ – Савецкая Беларусь.

СМК – Слоўнік мовы Янкі Купалы. У васьмі тамах. Мн., 1997–2003.

Струкоўскі – Струкоўскі Я. Пчалярства. Кніжка першая. Выданне 2-е. Мн., 1930.

Сямёнаў – Сямёнаў А. Гісторыя аркуша паперы. Мн., 1930.

Цвікевіч – Цвікевіч А. “Западно-руссизм”. Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. Мн., 1993.

Чэмелаў – Чэмелаў В. Развадзіце насенне канюшыны. Мн., 1931.

ЛІТАРАТУРА

Беларуская граматыка. У дзвюх частках. Частка 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. Мн., 1985.

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970.

Горбачевич К. С. Вариантность слова и языковая норма. Л., 1978.

Горбачевич К. С. Изменение норм русского литературного языка. Л., 1971.

Гушча Т. У палескай глушы. Вільня, 1923. [Рэц.] // Крывіч. 1923. № 4. С. 60–64.

Піліповіч Т. П. Варыянты -н- суфіксальных прыметнікаў у творах Якуба Коласа // Беларуская лінгвістыка. 1983. Вып. 22. С. 52–58.

Уласевіч В. І. Прыметнікі з суфіксамі -ов- (-ав-, -ев-) і -н- у сучасным перыядычным друку // Беларуская лінгвістыка. 2001. Вып. 51. С. 53–60.

Шкраба І. Р. Варыянтнасць у сучаснай беларускай мове (структурна-граматычны і функцыянальна-дынамічны аспекты). Мн., 2004.



Bajerowa I. Wpływy rozwoju techniki na język polski przełomu wieku XVIII na wiek XIX // Kwartalnik historii kultury materialnej. XVIII. 1970. № 2. С. 199–226.
: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9%20%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> Сяргей Запрудскі (Мінск) Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> Сяргей Запрудскі Беларусістычныя зацікаўленні Самуэля Багуміла Ліндэ1
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> С. М. Запрудскі Да гісторыі правапісу ненаціскнога о ў запазычаных словах у 1920-х – пачатку 1930-х гг
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> С. М. Запрудскі Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> Сяргей Запрудскі Распрацоўка правапісу беларускай мовы ў канцы 1920-х гг
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> Беларускі і чэшскі моўны пурызм: агульнае і спецыфічнае
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> Сяргей Запрудскі (Мінск)
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> Маўленчая акамадацыя і пераключэнне кодаў у працэсе міжкультурнай камунікацыі: выпадак Беларусі
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> Сяргей Запрудскі Некаторыя заўвагі аб вывучэнні “трасянкі”
%D0%97%D0%B0%D0%BF%D1%80%D1%83%D0%B4%D1%81%D0%BA%D1%96%20%D0%A1.%D0%9C -> 1. Пытанні культуры мовы ў Беларусі ў 1920-я гады




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка