С. Скарапанава (Мінск, бду) прытчы віктара жыбуля



Дата канвертавання15.05.2016
Памер53.99 Kb.
І. С. Скарапанава (Мінск, БДУ)
ПРЫТЧЫ ВІКТАРА ЖЫБУЛЯ
Віктар Жыбуль – яскравы прадстаўнік беларускага поставангардызму – яго шызааналітычнага адгалінавання. У кнігах “Прыкры крык” (2001), “Дыяфрагма” (2003), “Стапеліі” (2012) паэт стварыў цэлую галерэю вобразаў масавых людзей нашых дзён, паказаных як “шызанутыя”: дэбілы, зомбі, эксгібіцыяністы, садысты, мазахісты, суіцыдалы, некрафілы, канібалы, ваўкалакі, вампіры, – якія мысляць і дзейнічаюць у духу камічна-паталагічнага абсурду. Самі сябе яны лічаць цалкам нармальнымі, свае паводзіны – натуральнымі, у той час як робяць (ці падтрымліваюць) гвалт, нават зверства, чыняць шкоду сабе і іншым. Сучасная цывілізацыя бачыцца В. Жыбулю звар’яцелай – гібрыдам лепразорыя і вар’ятні. Звыклае, шмат разоў бачанае паэт “астраняе”, абсурдызуе з дапамогай “шызаізацыі”, падае з чорным гумарам альбо не менш чорнай іроніяй. Разам з тым з гадамі ў В. Жыбуля нарастае патрэба даць уяўленне пра норму, што вядзе да з’яўлення ў яго творчасці жанру прытчы, якая ўтрымлівае ў сабе і непасрэдны дыдактычны складнік.

Паэт імкнецца аднавіць уяўленне пра маральнае і амаральнае, гуманнае і антыгуманнае, нармальнае і анармальнае (“Падала іскра ў каністру з салетрай…”, 1996; “Сумленне”, 1997; “Лесвіца”, 1997; “Крываслеп”, 1999; “Калі адарвуцца крылы…”, 2001; “Прасвятленне”, 2002; “Вавёркі”, 2007; “Мы самі ўем з сябе вяроўкі…”, 2010 і інш.). Прадстаўленае сітуацыйна тут ізаморфнае сімвалічнаму, іншаказальнаму. “Павучанне” можа падавацца ў іранічнай форме адмаўлення непрымальнага.

Верш “Крываслеп” – іншаказанне пра неадэкватнае ўспрыманне свету і самога сябе, паколькі чалавек глядзіцца ў крывое люстэрка. Вырадак у ім адбіваецца ў выглядзе прыгажуна і вельмі задаволены сабою, нармальны ж чалавек выглядае скалечаным. Функцыю крывога люстэрка ў грамадстве могуць выкарстоўваць мас-медыя, што ствараюць ілжывую карціну рэальнасці. Пазбавіцца ад крываслепаты немагчыма, пакуль яе не ўсвядоміш, дае зразумець В. Жыбуль. Вылечыць скалечаных можа толькі праўда, хай яна і хваравітая:
Прасвятленне –

яно заўсёды праз боль,

амаль што заўсёды… [1, с. 91].
Паэт вучыць супрацьстаяць гвалту над сваёй асобай, паказвае, у што ператвараецца чалавек з адарванымі крыламі, як бы іх ні імітаваў, – у пачвару дэкаратыўную (кшталту цмока). Крылы сімвалізуюць духоўную свабоду, творчы парыў, узнесенасць душы ўвысь. Той, хто страціў гэтыя ўласцівасці, дэградуе, што б з сябе ні спрабаваў паказаць. А вось герой верша В. Жыбуля “Голуб Дронт” (2010) заяўляе:
пайшоў я крылы здабываць,

а ўсё астатняе я адкладу на потым [1, с. 186].


Без крылаў лёгка захраснуць у балоце з гáдзінамі – не ўсе ж народжаныя, каб поўзаць.

Сумна, калі чалавек страчвае сумленне. Яно грызе яго, пазбаўляе спакою. Замест таго, каб змяніцца, хтосьці імкнецца пазбавіцца ад яе згрызотаў. У вершы “Сумленне” сумленне само не вытрымлівае перабывання ў да немагчымасці паганай душы, – прагрызаючы дзірку, уцякае ад нягодніка, які робіцца самым несумленным чалавекам на зямлі. Затое той, у каго яно ўсяляецца, аказваецца самым сумленным – ёсць і чыстыя душы, надзейныя ўмяшчальні дабра і прыгажосці.

На жаль, людзі, “сплеценыя з прамянёў”,
вучацца быць нябачнымі [1, с. 78], –
не зліваючыся з навакольнай цемрай, яны падпадаюць пад небяспеку расправы з боку тых, хто арганічна ў яе ўпісаны і не прымае інакшага. Але такія прамяністыя людзі ёсць, паказвае В. Жыбуль, і, магчыма, дзякуючы ім “усеагульнае абледзяненне” яшчэ не надышло.

Этапы духоўна-маральнага развіцця індывіда В. Жыбуль ўпадабняе прыступкам лесвіцы, па якой падымаецца чалавек. Хтосьці, не адолеўшы і дзвюх прыступак, скатваецца ўніз. Хтосьці захрасае на трэцяй, спыніўшыся ў сваім развіцці. Паэт нагадвае і пра існаванне ліфта, здольнага ўзнесці да апошняга паверха, тым самым настройваючы на бесперапынны духоўны рост асобы, яе маральнае самаўдасканаленне.

Найважнейшай умовай паўнавартаснага развіцця, сведчыць паэт, з’яўляецца свабода. Жырафам у клетках для хамячкоў няма куды расці. Іх шыі сагнутыя, вусны ўпіваюцца ў жалеза. На волі ж яны могуць стаць самімі сабою, рэалізаваць сваё прызначэнне. Клеткі – метафара бяспраўя, гвалту над душамі і целамі. З іх трэба выбірацца, каб канчаткова не згінуць. Зняволеныя бываюць рады, калі на хвілінку адчыняцца дзверы камеры, дзе яны задыхаюцца ад недахопу кіслароду. Але В. Жыбуль папярэджвае пра недапушчальнасць самападману: прыраўноўвання “глытку свабоды” да рэвалюцыі. Як адчыніліся дзверы, так яны і зачыняцца. Трэба выбірацца з клетак на свабоду, якую ніхто не адыме, а значыцца – быць прасякнутымі яе духам (“Зачыніце дзверы ў нікуды…”, 2000).

Свабода, аднак, неаддзельная і ад асабістай адказнасці за свае ўчынкі і не раўназначная ўсёдазволенасці, зневажанню агульначалавечых маральна-этычных нормаў. В. Жыбуль іранізуе з людзей, якія абвяшчаюць:


Давайце забаронім правілы

скасуем нормы

і разбурым формы [1, с. 185].
Анархія не лепшая за дыктатуры – проста іншы тып шызоіднасці. Свабоду ідыётаў асмейвае паэт:
Я сяду за Пульт Кіравання Галактыкай

і адсяку сабе рукі.

Няхай усе ведаюць,

што такое Свабода! [2, с. 43].


Свабода ад (прыцяснення, дыктату, беззаконня, гвалту) павінна дапаўняцца свабодай дзеля (самастварэння, духоўнага росту, творчай самарэалізацыі, усечалавечага супрацоўніцтва). У супрацтлеглым выпадку лепразорый нікуды не знікне, толькі пазбавіцца кратаў. Выступаючы як “дыягност” стану сучаснай цывілізацыі, уключаючы сітуацыю ў Беларусі, усім зместам сваёй творчасці В. Жыбуль імкнецца дапамагчы людзям адолець “унутраных нячысцікаў”, прасвятліць душы і жыццё навокал.

Паэт абвяшчае Эру Ерасі, і верш з такой самай назвай успрымаецца як маніфест вальналюбства, дзёрзкага скідання слупоў з калючым дротам у галіне духу, прарыву ў нязведанае:


Мы адчыняем

дзверы ў сферы ўсе,

мы пралятаем

праз бар’еры ўсе.

Мы размываем

рэшткі шэрасці.

Мы абвяшчаем

Эру Ерасі [2, с. 92].


Ерэтыкі В. Жыбуля – творчыя людзі, якія адкрываюць новыя жыццёвыя далягляды. Яны народжаныя лётаць, асядлаўшы крылатых коней – Пегасаў, і ні ў клетцы, ні ў лепразорыі, ні ў тваністым балоце жыць не здольныя. Улюбёнае месцаперабыванне самога паэта – неба, хай па душэўнай сарамлівасці В. Жыбуль піша пра гэта жартаўліва:
Я лётаю неўтаймаваным вясёлым палтэргейстам [2, с. 16].
Штосьці ёсць ад дзіцяці ў жаданні паэта падскочыць вышэй за неба, апусціцца ніжэй за дно марское, пералічыць усе хмары і хвалі, не перастаючы здзіўляцца адкрытаму. Палёт фантазіі заносіць яго далёка, аднак з вышыні – найлепшы агляд таго, што адбываецца на зямлі, і шызарэалізм В. Жыбуля – спосаб разагнаць цемру, расчысціць месца для гармоніі. Сваю паэзію ён упадабняе ў адным выпадку сігнальнай ракеце-петардзе (а самога сябе партызану), у іншым – лісту без адрасу, кінутаму на вецер, які можа панесці яго ў неба, можа патапіць у каналізацыі, але хоць бы
да іншае цывілізацыі [1, с. 129], –
верыць В. Жыбуль, ліст даплыве, хоць, вядома ж, яму хацелася б, каб ён быў запатрабаваны і сучаснікамі.
Літаратура
1. Жыбуль, В. Стапеліі: вершы / В. Жыбуль. – Мінск: Галіяфы, 2012.

2. Жыбуль, В. Дыяфрагма: паэзія / В. Жыбуль. – Менск: Логвінаў, 2003.
: bitstream -> 123456789 -> 109978
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка