Сафокл (“Антыгона”. Пераклад Ю. Дрэйзіна)



Дата канвертавання22.05.2016
Памер156.29 Kb.
ПЕРСЕЙ — ГЕРОЙ АРГАЛІДЫ
Родапачынальнікам герояў сонечнай і багатай Аргаліды, краіны на паўвостраве Пелапанес, з’яўляўся рачны бог Інах, сын тытанаў Акіяна і Тэфіі. Інаха часта называюць бацькам Іо, але згодна з больш старажытнай версіяй, якую ўтрымлівае “Бібліятэка” Апаладора (ІІ ст. да н. Х.), Інах быў бацькам Фаранея — першага чалавека ў Пелапанесе. Дачка Фаранея Ніоба — першая смяротная жанчына, з якой сышоўся Зеўс, нарадзіла Аргаса. Ён стаў эпанімам горада і краіны. Яго ўнук, таксама Аргас, — пераходная постаць ад архаікі да гераізму, вызваліцель людзей ад пачвар (быка ў Аркадзіі, Эхідны) стаў дзедам прыгожай Іо.

Унучка Аргаса Іо, якую спакусіў Зеўс і ператварыў (па другой версіі — Гера) у белую карову, была вымушана ўцякаць ад джаліўшага яе авадня і, ратуючыся, прыбегла ў Егіпет. Там яна зноў набыла чалавечы воблік і нарадзіла Эпафа. Да нашчадкаў Эпафа належалі браты Данай і Егіпет (міф пра іх гл. у І частцы дапаможніка). Адна з пяцідзесяці дачок Даная Гіперместра ў адрозненне ад сваіх сясцёр пакінула жыццё аднаму з пяцідзесяці сыноў Егіпта, свайму мужу Лінкею. Нашчадкі Лінкея і Гіперместры былі асабліва вядомыя ў аргоскай дынастыі, бо іх праўнучка Даная нарадзіла ад Зеўса вялікага героя Аргаліды Персея.



Нараджэнне Персея


Змяніла й Даная святло нябёс

На цемру мядзянае вежы.

Замкнулі, схавалі яе

Ў магільным пакоі.

Яна ж была слаўнага роду дзіця


І мела сыночка ад Зеўса,

Які да яе ўсё прыходзіў дажджом залатым.

Сафокл (“Антыгона”.

Пераклад Ю. Дрэйзіна)

У аргоскага цара Акрысія была адзіная дачка Даная, якая ўсіх зачароўвала сваёй дзівоснай, незямной прыгажосцю. Але гэта не цешыла бацьку, і наогул ён не адчуваў сябе шчаслівым. Аднойчы Акрысій адправіўся ў Дэльфы і запытаў аракула, ці народзіцца ў яго сын. У адказ цар пачуў страшнае прароцтва: “Ты загінеш ад рукі свайго ўнука”.

Як пазбегнуць такога ганебнага лёсу? Вырашыў цар ніколі не аддаваць сваю дачку замуж, каб не стала яна маці, і загадаў слугам пасадзіць Данаю ў глыбокае падзямелле. Але ніхто і нішто не магло схавацца ад вярхоўнага алімпійца Зеўса. Спадабалася яму дзяўчына. Усемагутны бог ператварыўся ў залаты дождж і праз шчыліны ў столі праліўся ў падземную турму каханай.

Нарадзіўся ў Данаі сын, якога яна назвала Персеем. Калі Акрысій даведаўся пра ўнука, то спачатку яго ахапіў жудасны страх, а потым злосць. Цар глядзеў на прыгожага хлопчыка.

— Дык вось ты які, мой будучы забойца!

Ён бы сам знішчыў унука, але праліццё роднаснай крыві асудзіла б цара на выгнанне. Тым самым ён наклікаў бы божы гнеў на ўвесь Аргас.

— Хто бацька хлопчыка? — сурова запытаў Акрысій у дачкі.

— Зеўс, — пакорліва адказала тая.

Але цар не паверыў дачцэ. Ён загадаў пасадзіць Данаю разам з сынам у драўляную скрыню і сам спіхнуў яе з берага ў мора.

Бурнае мора кідала скрыню з адной хвалі на другую, пакуль не заўважылі яе марскія німфы — срэбраногія нерэіды. Не далі яны загінуць Данаі з сынам, а вынеслі скрыню на сваіх плячах да камяністага вострава Серыфа, дзе на беразе лавіў рыбу бедны, але прыстойны рыбак Дыктыс. Адчуўшы, што сетка зачапіла штосьці цяжкае, рыбак выцягнуў яе на бераг. Як ён здзівіўся, калі ўбачыў вялікую скрыню! Сарваў накрыўку і яшчэ больш здзівіўся — выйшла адтуль маладая жанчына незямной красы з дзіцём на руках.

Ускінуў рыбак рукі, пачаў маліцца багам. А потым адвёў Данаю і яе сына да свайго брата па маці серыфскага цара Палідэкта. У доме Палідэкта і вырас Персей. Не было на востраве юнака, роўнага яму па прыгожасці, сіле і спрытнасці.
Існавала і іншая версія міфа, якая згадваецца ў эпічнай паэме рымскага класіка І ст. да н. Х. Вергілія “Энеідзе”. Паводле яе скрыня з Данаяй і Персеем прыплыла не да Серыфа, а да італійскіх берагоў. Даная выйшла замуж за лацінскага цара Пілумна, разам з якім заснавала горад Ардэю. Сын Данаі і Пілумна Даўн стаў бацькам рутульскага цара Турна, аднаго з герояў “Энеіды”.

У розных міфалогіях сустракаецца аднолькавы матыў пра нараджэнне героя. Адразу пасля з’яўлення на свет дзіця кладуць у скрыню, альбо ў кошык і апускаюць у ваду рэчкі ці мора. Так адбылося з героем шумерскага і акадскага паданняў Саргонам, героем паданняў іудаізму і хрысціянства Маісеем, героем міфалогіі Акіяніі Мауі. На думку даследчыка А. Ранка, адданне нованароджанага вадзе — гэта сімвалічнае выяўленне родаў. Кошык, скрыня, ці які сасуд азначае ўлонне мацеры.

У егіпецкай міфалогіі вада сімвалізавала спрадвечны акіян і першаматэрыю, у кітайскай — ваду лічылі месцазнаходжаннем дракона, паколькі ўсё жыццё выходзіць з вады; у Індыі вада — захавальніца жыцця, якая цыркуліруе па ўсёй прыродзе. Воды бязмерныя і бессмяротныя, яны ёсць пачатак і канец усяго на зямлі. Аўтар слоўніка сімвалаў Х. Э. Керлат прыходзіць да высновы, што апусканне ў ваду мае, з аднаго боку, сэнс смерці і знішчэння, а з другога — як у нашым выпадку — адраджэння і аднаўлення, бо апусканне ўмацоўвае жыццёвую сілу. Паколькі вада ў розных міфалогіях сімвалізавала першаматэрыю, аснову ўсяго існага, то апусканне ў яе азначала набыванне ўсіх тых якасцей, якімі валодае вада, — нараджэнне і жыццё з ужо новымі магчымасцямі і здольнасцямі. Калі нованароджанаму вызначана стаць героем, то для яго недастаткова нарадзіцца ад звычайнай жанчыны, няхай, і царэўны, таму ён нараджаецца ў другі раз. Ю. Антанян убачыў яшчэ адзін істотны сімвалічны сэнс: вада ёсць сімвал бязмежнага несвядомага, і апусканне ў яе дзіцяці можна інтэрпрэтаваць як указанне на тое, што яго чакаюць важныя падарожжы ў гэтым акіяне.
Персей забівае Медузу

Прайшоў час. З таго моманту, як цар Серыфа Палідэкт убачыў Данаю, ён марыў пра жаніцьбу з прыгажуняй. Але жанчына і слухаць не хацела пра гэта. Яе выбраў сам Зеўс, яна выхавала яго сына. Цар багоў абавязкова дасць ёй які-небудзь знак... А мужны Персей заўсёды абароніць сваю маці ад Палідэкта і іншых мужчын!

Зразумеў цар, што трэба дзейнічаць хітрасцю. Ён зрабіў выгляд, быццам будзе прэтэндаваць на руку Гіпадаміі, дачкі цара Пізы Энамая. Энамай абяцаў сваю дачку ў жонкі таму, хто пераможа яго ў спаборніцтве на калясніцах (больш падрабязна гл. міф пра Пелопса ў І частцы дапаможніка). Палідэкт сабраў сваіх паплечнікаў і сказаў ім:

— Хоць невялічкі астравок наш Серыф, але не хацелася б мне быць жабраком сярод багатых жаніхоў Гіпадаміі. Няхай кожны з вас прывядзе каня, і тады я зраблю добры падарунак нявесце. Ці дапаможаш і ты мне, Персей? — звярнуўся цар да юнака.

— Я б вельмі хацеў, — ціха прамовіў той, — але няма ў мяне ні каня, ні золата, каб яго купіць.

— Ты можаш зрабіць іншы падарунак, — сказаў цар, быццам жадаючы супакоіць Персея. — Прынясі мне галаву гаргоны Медузы. За адным махам дакажаш, што Зеўс — сапраўды твой бацька. — А сам падумаў: загінеш, і тады я прымушу Данаю пайсці за мяне.

Здагадаўся Персей пра вераломства Палідэкта, хоць і не ведаў, дзе шукаць гаргону Медузу і ці можна яе адолець. Але Зеўс не пакінуў сына без дапамогі. Ён накіраваў да Персея свайго вестуна, бога Гермеса, які расказаў юнаку, што гаргон-сясцёр усяго тры, і толькі адна з іх — Медуза — пазбаўлена несмяротнасці. Яна ж і самая жахлівая на выгляд, хоць усе тры былі страшыдламі. У гаргоны Медузы замест валасоў віліся змеі, паміж вялізных клыкоў высоўваўся язык, а вочы палалі так злосна, што кожны, на каго яна кідала свой позірк, імгненна ператвараўся ў камень.

Жылі гаргоны на краі свету, дзе заканчваецца штодзённы шлях Сонца-Геліяса, але месца, дзе яны хаваліся, было вядома толькі старэйшым сёстрам гаргонаў — граям. Граі былі такія старыя, што на траіх мелі толькі адно вока і адзін зуб, і жытло іх знаходзілася на крайнім захадзе, у краіне Ночы.

Пажадаў Гермес Персею шчасця і падарыў яму востры меч. Неўзабаве з’явілася багіня Афіна і перадала Персею круглы да бляску адпаліраваны шчыт, параіўшы ні ў якім разе не глядзець на Медузу.

Доўга дабіраўся Персей у краіну Ночы і ўрэшце ўбачыў грай, якія па чарзе глядзелі адным вокам. Ціхенька падкраўся юнак да іх ззаду і ў той момант, калі адна грая выняла вока і перадавала другой, выхапіў яго з рук.

Пачалі граі жаласна прасіць Персея:

— Пашкадуй нас: не пакідай сляпымі. Прасі чаго хочаш, — і пачулі ў адказ:

— Мне патрэбна адно: пакажыце дарогу да сваіх малодшых сясцёр гаргонаў.

Не хацелі граі гаварыць Персею, дзе знайсці Медузу.



  • Ну, што ж, я абыдуся... а вока ваша разаб’ю аб камень.

— Не, не! — хорам закрычалі старыя, — не адыходзь ад нас, бездапаможных. Мы адкрыем табе таямніцу.

Праз нейкі час Персей зноў быў у дарозе. Яму трэба было дабрацца да далёкага вострава, дзе жылі гаргоны. Гэтага, бадай, не зробіш і за некалькі гадоў, разважаў сын Данаі і Зеўса, седзячы ў чоўне і старанна ўзмахваючы вёсламі. А калі, знясілены, заснуў, то да яго чоўна падплылі нерэіды.

— Дык гэта ж Персей, — усклікнула адна з іх. — Памятаеце, мы яго маленькага выратавалі разам з маці.

— Няўжо ён так хутка вырас і ўзмужнеў? — здзівілася другая німфа.



  • Цяжка ж яму прыйдзецца з гаргонамі, не адолее ён Медузу!

— Але мы можам дапамагчы! — сказала трэцяя срэбраногая німфа. І калі Персей прачнуўся, то ўбачыў у сваім чоўне чароўныя рэчы. Німфы падарылі яму шлем (той, хто надзяваў яго, рабіўся нябачным), сандалі з крылцамі і торбу, якая прымала памеры і форму ў залежнасці ад таго, што ў ёй знаходзілася.

Павесіў Персей торбу на плячо, надзеў крылатыя сандалі, чароўны шлем, падняўся высока ў неба і паляцеў над морам. Раптам паказалася чорная палоска скалістай зямлі.

Персей пачаў кружыць над востравам і ўбачыў на ім шмат статуй — мужчын, жанчын, жывёлін. Цікава, які майстар вырабіў усё гэта? І чаму ў вачах статуй застыў жах? Праз хвіліну ён здагадаўся, што гэтым майстрам быў позірк гаргоны Медузы. Сама яна драмала з сёстрамі на скале. Блішчэлі на сонцы залатыя крылы гаргонаў, пакрытыя луской, і медныя рукі з вострымі кіпцюрамі.

Персей хутка адвярнуўся, каб не зірнуць у страшныя вочы і не ператварыцца ў камень. Ён дастаў меч Гермеса, узняў шчыт Афіны... І здагадаўся, як можна не глядзець на гаргонаў. Але хто ж з гэтых трох страшыдлаў Медуза? Яны ўсе падобныя адна на адну. Пачуўшы ворага, злосна засыкалі змеі на іх галовах. Нябачны нікому Персей кружыў над гаргонамі і паўтараў шэптам: “Якая ж з вас Медуза? Ну, якая?”

Пачулі сына Зеўса багі.

— Сячы крайнюю, што ля мора! — падказаў голас Гермеса.

Рынуўся Персей уніз... І тут прачнулася Медуза, расплюшчыла вочы, але не паспела паварухнуцца, як бліснуў у паветры меч і адсечаная галава аказалася ў руках Персея. У той самы момант з абезгалоўленага тулава Медузы разам з патокам крыві выскачыў крылаты беласнежны конь Пегас. Персей хацеў схапіць яго, але той узняўся на крылах высока ў неба.

Апырсканы крывёй герой падышоў да берага мора, каб абмыцца, паклаў яшчэ цёплую галаву Медузы на сарваныя водарасці, не гледзячы ў той бок, і зялёная трава не страціла сваёй формы, але нібы скамянела і ператварылася ў чырвоную. Кінуў Персей галаву ў сваю торбу... І толькі цяпер прачнуліся гаргоны, якія былі несмяротныя. Убачыўшы цела сястры, распасцёрлі крылы і ўзняліся ў паветра на пошукі ворага. Яны кружылі над востравам, але нікога не знаходзілі, бо Персей быў нябачны.

Герой спяшаўся дадому. Пасля мора ён ляцеў над Лівіяй. Ядавітая кроў Медузы прасачылася праз тканіну торбы, і некалькі кропель упалі на зямлю Лівіі. З іх нарадзіліся ядавітыя змеі і з цягам часу так размножыліся, што знішчылі ўсё жывое ў гэтых краях і ператварылі іх у пясчаную пустыню.
Крылаты конь Пегас, што вылецеў з тулава гаргоны Медузы, быў вынікам яе сувязі з магутным богам марской прасторы Пасейдонам. Як татэмнае боства Пасейдон шанаваўся ў выглядзе каня (міфолагі даўно звярнулі ўвагу на тое, што плыні рэк і марскія хвалі ўяўляліся людзям у формах коней ці быкоў). Згодна з адной з міфалагічных версій, Медуза была калісьці прыгожай тытанідай ці нават смяротнай дзяўчынай, якая закахалася ва ўладара мораў і нарадзіла Пегаса. А да яе ператварэння ў пачвару нібыта прыклала руку сама Афіна.

Лівіяй, над якой пралятаў Персей і дзе з кропель гаргонавай крыві развялася процьма ядавітых змей, называлася ўся Афрыка, пазней — яе паўночна-ўсходняя частка.



Персей і Атлант

У хмарах знікае край сумнай зямлі...

Толькі віднеюцца доўга вяршыні

Горнай краіны, як быццам бы ўскінуў

На прывітанне маё у адказ

Чорныя дужыя рукі Атлас.

М. Танк (“Гібралтар”)

Стаміўся Персей у доўгім пералёце і, калі ўбачыў унізе зялёныя лугі і статкі жывёлы, апусціўся на зямлю. Гэта была Гесперыя, якую багі аддалі тытану Атланту. Раскошныя сады знаходзіліся ва ўладанні гэтага волата. Увайшоў Персей у адзін з садоў і ўбачыў дзіўнае дрэва з залатым лісцем і залатымі яблыкамі. Атлант вельмі даражыў гэтым дрэвам, якое нібыта сама багіня зямлі Гея падарыла Геры ў дзень яе вяселля з Зеўсам. Таму сад з залатым дрэвам-скарбам быў абнесены высокай агароджай. Дракон, які вартаваў яго, пачаў злосна палохаць Персея. І тут з’явіўся гаспадар.

“Які ён вялікі, як гара!” — здзівіўся юнак і сказаў волату:

— Мяне завуць Персей. Я сын Зеўса і здзейсніў вялікі подзвіг. Прымі мяне ў сваім доме як госця.

Пачуўшы ад Персея, што ён сын Зеўса, страшэнна раз’юшыўся Атлант.

— Прэч адсюль, — закрычаў ён. — Твой вялікі подзвіг — хлусня. Ты не сын Зеўса, а хвалько-пігмей і прыйшоў да мяне, каб украсці залатыя яблыкі.

Абураны Персей выхапіў з торбы галаву Медузы:


  • Зірні сюды, калі не верыш мне!

Глянуў Атлант на твар Медузы і скамянеў, у адно імгненне ператварыўшыся ў скалу. Галава стала яе вяршыняй; валасы — густым лесам, а барада — кустоўем на ёй; на месцы плячэй і рук з’явіліся крутыя хрыбты і ўзгоркі. На вяршыню гэтай каменнай гары лёг купал неба з усімі зоркамі. Так і стаіць Атлант на краі зямлі і трымае неба.
Негасціннасць тытана Атланта не была выпадковай. Багіня Феміда прадказала яму, што прыйдзе дзень, калі з’явіцца сын Зеўса і выкрадзе ў яго залатыя яблыкі. Вось і раз’юшыўся Атлант, калі пачуў ад Персея, што той — сын галоўнага алімпійца. Не ведаў Атлант, што прароцтва тычылася іншага героя, а менавіта Геракла.
Персей і Андрамеда

Калі пралятаў Персей над Эфіопіяй, то бачыў зверху выпаленыя палі і невядомых яму жывёлін. Было невыносна горача. Але скончыліся пяскі, пачалося царства прыгожых пальмаў і ўрэшце рэшт з’явілася мора. Герой успомніў пра родную Эладу. Але што гэта на скале па-над морам? Штосьці белае і нагадвае дзявочае цела...

Персей апусціўся ніжэй і каля самага берага ўбачыў дзяўчыну незвычайнай прыгажосці, рукі якой былі прыкутыя да скалы.


  • Хто ты? — запытаўся герой. — І за што табе такое пакаранне?

— Завуць мяне Андрамедай, — адказала яна, і слёзы паліліся па мілым твары.

— Праўду скажу табе я, — закрычала жанчына, і Персей убачыў, што непадалёк ад дзяўчыны ў чорным адзенні сядзелі мужчына з царскай каронай на галаве і жанчына, немалады твар якой выказваў гора і разам з тым сведчыў пра былую прыгажосць. — Я Касіяпея, жонка вось гэтага эфіопскага цара Кефея. Мая пыхлівасць загубіла ўсіх нас. Спачатку я не бачыла роўных мне па прыгажосці на нашым востраве, потым пачала гаварыць так пра ўсіх жанчын на зямлі. А калі пахвалілася, што я прыгажэйшая за багінь — марскіх німфаў, Пасейдон не дараваў гэтага. Ён наслаў на наш край страшыдла-рыбіну. Яна жэрла рыбакоў і мараплаўцаў, спусташала царства. Калі мы звярнуліся да аракула, той параіў: каб улашчыць Пасейдона, трэба аддаць пачварнай рыбіне маю няшчасную дачку.

Не паспела Касіяпея скончыць свой расповед, як з марской глыбіні паказалася вялізная галава з пашчай, якая палохала трыма радамі вострых зубоў. Пляскаючы бліскучым хвастом па хвалях, пачвара з шумам набліжалася да скалы, на якой вісела ледзьве жывая ад страху Андрамеда.

— Цар абяцаў Андрамеду ў жонкі таму, хто заб’е гэтае страшыдла, — крычала маці няшчаснай, а Персей у сваіх крылатых сандалях ужо ўзняўся ў паветра і паляцеў яму насустрач.

Рыбіна ўбачыла на вадзе цень і кінулася на яго, ляскаючы сківіцамі. Тады Персей з хуткасцю каменя ўпаў ёй на спіну і секануў мячом. Параненая пачвара пачала кідацца ва ўсе бакі, нырала і ўсплывала зноў, але герой злаўчыўся і яшчэ раз усадзіў у яе меч. Ад пырскаў марской вады намоклі чароўныя сандалі Персея, што пагражала яму небяспекай. Паімчаўся герой да скалы, ухапіўся за яе вяршыню і з усёй сілы зноў і зноў сек страшэнную рыбіну, пакуль не пайшла яна на дно.

Кінуліся да Персея ўсхваляваныя цар з царыцай, плачучы ад радасці, а ён вырваў са скалы ланцугі і вызваліў дзяўчыну.

— Вось вашая дачка, — сказаў Персей і перадаў Андрамеду ў рукі бацькоў.

Сам ён адразу, як толькі ўбачыў, закахаўся ў дзяўчыну і не хацеў развітвацца з ёй.

— Ты выратаваў і Андрамеду, і нас, — сказаў цар. — Бяры ж яе ў жонкі.

У той жа дзень пачалося вяселле. Спачатку эфіопы не вельмі радаваліся, бо чароўную царэўну забіраў ад іх чужаземец, але Персей быў такі прыгожы і ветлівы, што хутка спадабаўся ўсім.

Ён расказваў пра сваё падарожжа і прыгоды, як раптам пачуўся моцны шум — і натоўп воінаў уварваўся ў палац. Наперадзе іх ранейшы жаніх Андрамеды, яе дзядзька Фінэй. З усёй сілы шпурнуў ён у Персея дзіду, і яна працяла б сэрца героя, калі б той спрытна не адхіліўся ўбок. Сын Зеўса схапіў дзіду Фінэя і кінуў яе назад — у твар праціўніка. Той схаваўся за ахвярнік, і зброя трапіла ў галаву сябра Фінэя. Распачалася жорсткая бойка. Персей абараняўся як мог, але непрыяцеляў было больш. Сярод іх індусы, асірыйцы, вавіланяне, арабы, каўказцы. Дзіды і дроцікі не пераставалі ляцець у бок Персея. І тады герой успомніў пра галаву Медузы. Ён выцягнуў яе з торбы, закрычаў: “Усе, хто мне не вораг, адвярніцеся!” — і, як шчыт, выставіў перад сабой.

Халодныя, страшэнныя вочы гаргоны мелі большую моц, чым цэлае войска. Змоўклі ўсе, хто як быў — з паднятымі мячамі ў руках, з нацэленымі дзідамі.

Казанням пра Персея, як і пазнейшым падарожжам Адысея, уласцівы матывы чарадзейна-гераічнай казкі. Герою прыходзіцца хутчэй хітрасцю, чым фізічнай сілай, пераадольваць розныя перашкоды, каб дасягнуць мэты, пастаўленай перад ім нядобразычліўцам, які спадзяваўся на гібель героя. Вызваленне Персеем Андрамеды мае паходжанне ў старажытным матыве сватаўства. Былы жаніх Андрамеды Фінэй нічога не зрабіў, каб выратаваць сваю нявесту ад непазбежнай пагібелі, не ўступіў у барацьбу з рыбінай-страшыдлам. Баязлівец, ён стаў здраднікам, таму і быў асуджаны на пакаранне. Персей аднаўляе справядлівасць, губячы ворагаў, якія яе топчуць.

Прыхільнік псіхалагічнай трактоўкі міфа Ю. Антанян прапанаваў сваё тлумачэнне архетыпічнага матыву выратавання героем дзяўчыны. Вызваленне Персеем Андрамеды ўяўляе, на яго погляд, спробу выратавання анімы ад паглынання мацярынскімі сіламі, пераадолення страха перад імі і цягі да іх. Аніма — тэрмін, уведзены К. Г. Юнгам для абазначэння несвядомага, жаночага боку асобы мужчыны. Анімізацыя мужчыны праяўляецца ў страце ім мужнасці і ў яго звышпачуццёвасці. Можна меркаваць, што Персей забіў медузу Гаргону яшчэ да вызвалення Андрамеды, каб вызваліцца ад мацярынскіх сіл. Вызваленне дзяўчыны ёсць, па сутнасці, скідванне мацярынскіх аковаў з уласнай душы, яе канчатковае абуджэнне для інстынкту жыцця. Гэта працэс набывання здольнасці па-сапраўднаму успрымаць жанчын, калі вызваляецца сыноўская псіхічнай энергія прывязанасці да маці дзеля дасягнення сталых адносін да жанчыны і, у канчатковым выніку, да грамадства ў цэлым. Інакш кажучы, гэта сталенне мужчыны. Вызваленне жанчыны даследчык расцэньвае як ініцыяцыю на псіхалагічным узроўні.

Багі ўзнясуць на неба не толькі Персея і Андрамеду, але і Касіяпею, Кефея і, што асабліва дзіўна, — марскую пачвару, ператварыўшы яе ў сузор’е Кіта. Але гэта адбудзецца пазней. Цяпер жа Персей, моцна абняўшы каханую, ляціць разам з ёй туды, дзе на краі небасхілу гараць агні Вялікай Мядзведзіцы, — ляціць на востраў Серыф.
Пакаранне вераломнага Палідэкта

Тым часам маці Персея Данаі не было паратунку ад дамаганняў нахабнага Палідэкта. Сын знайшоў яе ў храме, дзе Даная хавалася ад крыўдзіцеля. “Лепш смерць, чым замужжа з тыранам”, — паўтарала яна, абліваючыся горкімі і ў той жа час радаснымі слязьмі: нарэшце вярнуўся яе любы сын, ды й з такой прыгожай і ласкавай жонкай!

Персей адразу накіраваўся ў палац. Ён застаў цара за раскошным сталом разам з яго хаўруснікамі. Палідэкт запрашаў іх на сваё вяселле з Данаяй.

— Вяселле не адбудзецца, — перабіў іх Персей, — я не даю на гэта згоды!

Разгубіўся Палідэкт, убачыўшы яго. Але хутка ўзяў сябе ў рукі.


  • Баязлівец! — закрычаў ён. — Ты не выканаў майго задання.

— Чаму ж не? Хочаш доказу? — Персей выхапіў з торбы галаву пачвары. — Вось яна! Зірні!

Жахлівы крык цара застыў на яго вуснах. Скамянелі разам з ім і царскія сатрапезнікі.

Перадаў Персей уладу і маёмасць Палідэкта яго брату рыбаку Дыктысу, які ў свой час вылавіў у моры скрыню. Сам жа з маці і жонкай падаўся на радзіму, у Аргас. Там герой вярнуў багам атрыбуты несмяротнай сілы: меч, сандалі, торбу, шлем. Галаву Медузы Персей падарыў Афіне, і багіня прымацавала яе да сваёй эгіды — бліскучага шчыта, які яна насіла накінутым на плечы і грудзі, нібы ўпрыгажэнне. Не хацелася герою расставацца з такім трафеем, але смяротнаму нельга валодаць сілай, небяспечнай нават для багоў.
Вяртанне дадому

Калі Акрысій даведаўся, што ўнук жывы і вяртаецца дадому, ён кінуў Аргас і збег у пелазгійскую Ларысу. Праз некаторы час мясцовы цар Тэўтамід наладзіў памінальныя гульні па свайму бацьку і сярод іншых герояў запрасіў Персея. Безліч народу сабралася паглядзець на гэтае відовішча. Персей атрымаў перамогу на бегавой дарожцы, у скоках, барацьбе, а калі спаборнічалі ў кіданні дыска, шпурнуў яго з такой сілай, што цяжкі бронзавы дыск праляцеў над усім стадыёнам, але — вось няшчасце! — падаючы ўніз, зачапіў аднаго старога, і той памёр на месцы.

Гэтым старым быў Акрысій. Ён патаемна прыйшоў на спаборніцтва, каб паглядзець на свайго ўнука. Такім чынам, спраўдзілася прароцтва аракула. Ніхто не ў сілах схавацца ад лёсу.

Персей урачыста пахаваў свайго дзеда ля вялікай дарогі, як належала па грэчаскіх звычаях. І хоць забойства адбылося ненаўмысна, ён не захацеў вяртацца ў Аргас і займаць там асірацелы трон. Таму прапанаваў Персей свайму сябру і сваяку Мегапенту выгадную мену, перасяліўся ў Тырынф, дзе і стаў царом. А непадалёк ад Тырынфа ён заснаваў Мікены, у якіх правіў потым яго сын Алкей (бацька Амфітрыёна). Старэйшы сын Персея і Андрамеды Перс стаў прабацькам персідскіх цароў. Электрыён (бацька Алкмены — маці Геракла) і Сфенел царылі ў Мікенах. Мужнымі і годнымі свайго бацькі былі іншыя дзеці Персея. Цікава, што гэты культурны герой забіваў пачвар, вызваляў людзей ад страху, аднаўляў справядлівасць і не зрабіў пры гэтым ніводнай сур’ёзнай памылкі. Бадай, ён быў цалкам пазбаўлены адмоўных рыс, чаго нельга сказаць пра іншых герояў антычнасці, нават такіх славутых, як Геракл ці Тэсей.


Міфы, што распавядалі пра Персея і яго подзвігі, натхнялі шматлікіх мастакоў і паэтаў старажытнасці і новага часу. Найбольшую распрацоўку атрымалі сюжэты, прысвечаныя здабыванню героем галавы гаргоны Медузы і вызваленню ім Андрамеды: скульптуры прадстаўніка італьянскага маньерызму ХVІ ст. Б. Чэліні, французскага майстра ХVІІ ст. П. Пюжэ, дзве работы буйнейшага прадстаўніка італьянскага класіцызму ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. А. Кановы; палотны італьянскага мастака эпохі Высокага Адраджэння ХV—ХVІ ст. Тыцыяна, італьянскага прадстаўніка позняга Адраджэння ХVІ ст. Я. Тынтарэта, фламандскага жывапісца ХVІ—ХVІІ ст. П. П. Рубенса, галандскага мастака ХVІІ ст. Рэмбранта, прадстаўніка венецыянскай школы жывапісу ХVІІ ст. Дж. Б. Цьепала; оперы французскага кампазітара ХVІІ ст. Ж.-Б. Люлі, аўстрыйскага кампазітара ХVІІІ ст. І. Гайдна. На жаль, толькі ўрыўкі дайшлі да нас ад трагедый пад назвай “Андрамеда”, створаных вялікімі грэчаскімі трагікамі V ст. да н. Х. Сафоклам і Эўрыпідам. У новы час гэты сюжэт распрацоўвалі ў ХVІІ ст. буйнейшы прадстаўнік барока, іспанскі драматург П. Кальдэрон дэ ла Барка і выдатны прадстаўнік французскага класіцызму П. Карнель.

Нярэдкім у мастацтве з’яўляецца вобраз пачварнай Медузы. Выява яе галавы — з высунутым языком, ашчэранымі зубамі і валасамі-змеямі — сустракалася таксама на шчытах альбо пры ўваходзе ў будынак як “талісман”, што адводзіў небяспеку. У новы час аўтарамі твораў пад назвай “Галава Медузы” сталі італьянскі жывапісец ХVІ — пачатку ХVІІ ст. М. Караваджа, а таксама П. П. Рубенс, П. Пюжэ.

Упадабаны для мастакоў сюжэт пра Данаю, момант пранікнення да яе ў падзямелле Зеўса залатым дажджом: карціны італьянскага жывапісца Высокага Адраджэння ХVІ ст. Карэджа, Тыцыяна (аўтара трох палотнаў, адно з якіх захоўваецца ў Эрмітажы Санкт-Пецярбурга), Я. Тынтарэта, фламандскага жывапісца ХVІІ ст. А. Ван Дэйка, Рэмбранта (яго “Даная” таксама знаходзіцца ў Эрмітажы), Цьепала; опера нямецкага кампазітара ХІХ—ХХ ст. Р. Штраўса “Каханне Данаі”.

Захаваўся выдатны фрагмент верша грэчаскага лірыка VІ—V ст. да н. Х. Сіманіда Кеоскага, які пазней атрымаў назву “Скарга Данаі”. Верш, мабыць, быў адным з фрэнасаў (пахавальных песень), у якіх паэт разважаў пра тленнасць жыцця чалавека, нават калі ён багаты і ўладарны, пра безабароннасць перад багамі і лёсам. Сіманід па-майстэрску апісаў буру на моры і па кантрасту — Данаю ў скрыні: яна схілілася над маленькім Персеем, спяваючы яму калыханку. Пакуты Данаі адлюстроўвалі ў сваіх трагедыях Эсхіл і Сафокл, а самая вядомая версія міфа была распрацавана Авідзіем у “Метамарфозах”.








: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B7%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%B6%D0%BD%D0%B0%D0%B9%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%9C%D0%B0%D0%BB%D1%8E%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%87%20%D0%A1.%D0%94 -> %D0%9C%20%D0%86%20%D0%A4%20%D0%90%20%D0%9B%20%D0%9E%20%D0%93%20%D0%86%20%D0%AF -> Part%20II
Part%20II -> Грэчаская міфалогія, якая фарміравалася ў мікенскую эпоху (ІІ тыс да н. Х.), мае вызначэнні: класічная, алімпійская, а таксама гераічная
Part%20II -> Персей герой Аргаліды 10 Нараджэнне Персея
Part%20II -> Фіванскі цыкл міфаў. Эдып
Part%20II -> Геракл — агульначалавечы герой
Part%20II -> Героі афінскіх І крыцкіх міфаў. Тэсей
Part%20II -> Аргоская дынастыя І нах фараней н іоба – зеўС
Part%20II -> Дыяскуры — героі спарты
Part%20II -> Белерафонт забойца хімеры
Part%20II -> Кафедра замежнай літаратуры С. Д. Малюковіч




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка