Саламея Пільштынова



старонка13/15
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.06 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15

Раздзел шосты
Апісанне дарогі ў Ерусалім; я, з ласкі Божае ведаючы пра гэтую дарогу, хачу праўдзіва апісаць лёгкасць падарожжа ў Ерусалім.

Напрыклад, прыехаўшы ў Хоцін на турэцкую мяжу, хто ўжо надта хоча засцерагчы сябе ад небяспекі, няхай пойдзе да пашы і, занёсшы яму які прэзэнцік, папросіць пашпарт і мензыль (гэта значыць паштовых), а паша заўсёды рады дапамагчы суседскім людзям; атрымаўшы гэта, з Хоціна за пяць дзён можа заехаць у Ясы. У Ясах, пайшоўшы да тутэйшага князя, які ў гэты час мае ўладу над малдаўскай зямлёю, таксама яго папросіць, каб даў пашпарт і паштовых у Бухарэст, і той князь лёгка гэта зробіць: дасць пашпарт і паштовых. А хто сабе хоча лепшую павагу і гонар мець, таму трэба ўзяць рэкамендацый­ныя лісты ад яснавяльможнага гетмана вялікага кароннага, бо князь валошскі і князь мультанскі вельмі паважаюць польскіх паноў, і можна да іх пісаць рознымі мовамі, бо яны заўсёды маюць у дварах сваіх сакратароў, якія ведаюць лаціну, польскую, французскую ды іншыя мовы. З Ясаў у Бухарэст дарога добрая і бяспечная, вальны Гасцінец. За дзён восем, не спяшаючыся, заедзеш. З Бухарэста дзень ехаць у Гіяргева, турэцкі горад над Дунаем. Ажно да Гіяргева паштовыя служаць, а Гіяргева – сталіца фурманаў, і ёсць звычай, што за каляску з параю коней плацяць трыццаць леваў аж да самага Стамбула. Ехаць тут звычайна дзён пятнаццаць ці васемнаццаць па бяспечных і прыгожых мясцінах. Я гэтаю дарогаю з ласкі Пана Бога колькі разоў ехала яшчэ ў маладым веку, маючы трынаццаць гадоў, і заўсёды з ласкі Пана Бога добра мне было і маладых людзей пры сабе мела, ніколі нам аніводзін турак нічога кепскага, ні прыкрага не ўчыніў. Дык я кожнаму раю і ад сэрца жадаю, каб туркаў не баяліся і такіх адгаворак не мелі, што небяспечная дарога, бо гэта толькі байка. Я ў Польшчы бачыла і чула, што гайдамакі і іншыя кепскія людзі нападаюць і рабуюць, але каго Пан Бог хоча абараніць – і волас з ягонай галавы не ўпадзе.

Хто хоча морам плысці, дык яшчэ хутчэй і з меншымі выдаткамі заедзе, бо з Хоціна да горада Кіліі ля Чорнага мора толькі дзён восем дарогі, а там, сеўшы на купецкі карабель і заплаціўшы за аднаго чалавека толькі леў, у Стамбул заедзеш за тры дні. Калі хто мора баіцца, дык гэты дзіцячы страх смеху варты. Я, белагаловая, ужо колькі разоў на моры была, але са мною нічога з ласкі Найвышэйшага Бога не сталася, бо моцнаю хрысціянскаю вераю была ўзброеная, і мне нічога кепскага не стане без волі Божае. А бачыла я ў Польшчы, як два хлопцы ўтапіліся ў яме, дзе гліну капалі і пасля дажджу вады назбіралася, дык ад кары Божае хлопцы ў той лужыне патанулі ў Літве ў мястэчку Клецк.

Прыехаўшы ў Стамбул, тут шмат чаго можаш паглядзець. Весялосць, людзі розных нацый, паслы, ёсць і сем нашых каталіцкіх касцёлаў. Хто ж пошасці баіцца, дык гэта толькі непатрэбны страх і апрэхензія [1]. Першае, што не заўсёды пошасць бывае, другое, што хоць і бывае, але не паўсюль. Я ў такіх зачумленых мясцінах была, хоць і ненаўмысна, а выпадкова, але ў мяне і палец з ласкі Пана Бога не забалеў. Бачыла я ў Стамбуле старых людзей, якім па сто дваццаць гадоў было, а не памерлі ад пошасці; а ад мноства дзяцей, як са школ турэцкіх выскачаць, дык ледзь па вуліцы праціснуцца можна. Пан Бог нікога без часу не звядзе, а прытым, хто хоча, можа сцерагчыся, не хадзіць у небяспечныя месцы.

Я чула ад вартага даверу турка: ён у сваім доме меў пошасць, і памерла колькі ягоных людзей, але жонка і дзеці здаровыя былі. Ён, баючыся за жонку і дзяцей, паехаў у сваю вёску, дзе ўсе былі здаровыя, але там такая пошасць пачалася, што ўся вёска вымерла, толькі два будынкі Пан Бог без заразы пакінуў. Дык гэты бедны турак, баючыся за сябе, жонку і дзяцей, вырашыў: «Паеду я сам вярхом да свайго дому і пагляджу, што там у горадзе дзеецца. Лепш няхай мая жонка з дзецьмі ў сваім доме жыве, чым у вёсцы ў небяспецы». Сеўшы вярхом на каня, паехаў у горад. Убачыўшы вельмі прыгожага, добра апранутага, узброенага, прыемнага з твару чалавека, які ішоў каля яго і побач з ім, запытаўся ў яго: «Браце, ты куды ідзеш?» Кажа: «У горад». Пытаецца: «Хто ты і чаго ідзеш?» Адказвае: «Я – чума, гэта значыць пошасць, я яшчэ маю што рабіць у горадзе» – і кажа гэтаму турку: «Не бойся, табе, жонцы і дзецям тваім нічога не будзе. Вы ў маім рэестры, які ты бачыш, што я ў руцэ трымаю». Ды так яму колькі разоў сцвярджаў, каб пс баяўся і разам з ім у горад ехаў. I бачыў гэты турак, як насустрач яму колькі тысяч конных людзей прыехала, яны тую чуму на каня пасадзілі і ў горад паволі ўехалі. Турак жа той з вялікім страхам у свой дом прыехаў і цяжка захварэў праз тры месяцы, але не на пошасць, а што моцна перапалохаўся, на сардэчны прыпадак. Той жа ноччу спаў адзін, турак, на двары, а другі, хрысціянін, на суседняй вуліцы, і яны бачылі тую чуму і вялікае мноства конных узброеных людзей, што ехалі праз горад. I гэтае самае начы колькі соцень людзей памерла, а тыя людзі, што на двары ляжалі і на тое цуда глядзелі, не памерлі, нават на той вуліцы, дзе войска праехала.

Дык, калі ласка, звярніце ўвагу, што без волі Пана Бога і волас з чалавека ўпасці не можа.


Са Стамбула ў Ерусалім на адпушчэнне грахоў звычайна едзе штогод колькі тысяч чалавек, усе на адным караблі. Кожны чалавек дае за сябе дваццаць пяць леваў і часам за колькі дзён заедзе, часам за тыдзень, два тыдні, а найчасцей за месяц даплыве са Стамбула да Яфы, а з Яфы да Ерусаліма – восем гадзін.

У Ерусаліме ўсё танна, усяго даволі, толькі ў самы Велікодны дзень, калі ідуць людзі на Велікодную ютрань у царкву, дык сядзіць турэцкі паша ў царкоўных дзвярах і бярэ з кожнага чалавека дзесяць чырвоных злотых.

Гэта я апісала дарогу бязродным шляхціцам і пілігрымам. А што да вялікіх паноў, дык ім можна і на калясках, запрэжаных шасцерыкамі, калі хочуць ехаць з выгодамі; гэта таксама бяспечна. Праўда, нашы палякі ў Рым ездзяць, каб атрымаць адпушчэнне грахоў, але лічу за лепшае галаве кланяцца, а не нагам альбо лёкаю.

У Ерусаліме не так, як у Рыме, што пілігрым толькі тры дні можа на хлебе Святога Айца жыць, у Ерусаліме сядзі ў айцоў-бернардынаў хоць цэлы год ці два ў кляштары – ніхто табе і слова не скажа, і ты будзеш усялякую выгоду мець у ежы і пітве ды зручны пакой. I назад таксама можна лёгка вярнуцца ў Стамбул разам з людзьмі, што былі на фэсце.


Аднаго разу так сталася ў Ерусаліме, што пайшоў імам (гэта значыць капелан) у мячэць, каб паклікаць на паўдзённае набажэнства, як і ў нас звоняць на імшу. I вось толькі хацеў пачаць клікаць – убачыў расчыненае неба над Труною Пана Езуса (бо каля касцёла, па абодва бакі яго, стаяць дзве вялікія джаміі турэцкія, дзе туркі моляцца) і ў гэтым расчыненым небе ўбачыў Пана Езуса і ўсіх апосталаў ды вялікі натоўп святых і анёлаў. Дык застыў імам-турак, задумліва гледзячы ў неба, і не кліча людзей у мячэць, а туркі чакалі, калі ён пакліча, каб паўдзённае набажэнства адправіць. Тут старэйшы сын імама пайшоў у мячэць і кажа бацьку: «Чаму не клічаш на Уйле, чаго чакаеш? Ужо? час. Бацька-імам мовіць: «Сыне мой, глянь у неба і падзівіся на такую слічную грамаду». I сын застыў у задуменні, гледзячы на гэта дзіва ў небе. Пасля ў мячэць прыйшоў малодшы імамаў сын, наракаючы на бацьку: «Бацька мой, чаму не клічаш на Уйле?» Бацька кажа: «Не магу, сыне мой, бо мяне вельмі цешыць гэтае відовішча». I малодшы сын гэтае ж самае ўбачыў і быў усцешаны гэтым відовішчам; і вось мовіў імам сынам: «Добра было б, дзеці мае, калі б мы за хрысціянскую веру далі сябе замучыць, а пасля і мы былі б у той святой грамадзе ў раі». Малодшы сын адказаў: «Бацьку мой мілы, вядома, нас трох могуць замучыць, але маці наша, жонкі і дзеці нашы без святога крыжа ў ранейшай веры, неахрышчаныя застануцца і не будуць з намі ў раі. Лепей так, бацьку мой мілы, кліч на Уйле, паводле звычаю, тых, хто стаіць цяпер там, а пасля мы паволі прададзім, што маем, і выедзем з маці нашаю і дзецьмі ў хрысціянскі край, ахрысцімся і станем прававернымі хрысціянамі і будзем у раі». Так і сталася, як ён мовіў, трапілі ў Персію, дзе не туркі пануюць, а персідскі імператар, які Тамаз завецца, і ўсе былі добрымі і пабожнымі хрысціянамі, як гісторыя сведчыць.

Чытаў мне варты даверу чалавек з грэчаскіх хронік, што дзеялася ў Стамбуле ў хрысціянскія часы, як быў там цудоўны абраз Прачыстае Маці. Напрыклад, адзін чалавек у другога пазычыў грошы без карты і без распіскі, нават і без сведкаў. I той, што пазычаў, быў несумленны і затаіў грошы; прыйшлі абодва да абраза Прачыстае Маці, і абодва дакрануліся рукамі да абраза, і той, што быў вінен і не хацеў аддаваць, не мог руку адняць ад абраза да таго часу, аж пакуль цалкам не аддаў доўг.

Напрыклад, хацеў купец у купца купіць тавар, але баяўся, што дорага. Дык прыйшлі яны да тае цудоўнае Прачыстае Маці, паклалі тавар перад алтаром і лічылі грошы. Як грошай за тавар даволі было, дык руку сціснула, і той чалавек далей лічыць не мог. I шмат іншых цудаў было дзіўных і цяжкіх для разумення, пра што і распавесці цяжка.

Аднаго разу прайдзісвет стаў вялікім купцом і пазычыў у другога дзесяць тысяч чырвоных злотых. Прыйшоў час аддаваць грошы. Гэты хітрун, купіўшы на дзесяць тысяч дыяментаў, уклаў іх у драўляную палку, а таму чалавеку, якому ён быў вінен і не аддаваў грошы, сказаў: «Я, браце, быў табе вінен, але аддаў». Дык пайшлі абодва па ісціну да абраза Прачыстае Маці; там прайдзісвет узяў тую палку, дзе знаходзіліся дыяменты, і даў яе ў руку таму чалавеку, якому быў вінен, ды кажа: «Патрымай, браце, палку маю!» Дык гэты добры чалавек, не ведаючы пра здрадлівую палку, узяў яе ў свае рукі і трымаў, а прайдзісвет паклаў руку на абраз Прачыстае Маці: «Прачыстая Маці, Ты бачыш, што я таму чалавеку, што палку трымае, доўг, яму належачы, аддаў». I Прачыстая Маці гэтаму прайдзісвету нічога не ўчыніла, рукі не затрымала, так вось ашуканствам і Прачыстую Маці абмануў, і ад чалавека палку з дыяментамі забраў. I з таго часу перастала Прачыстая Маці ў Стамбуле дзівы чыніць, бо яе святыя цуды для ашуканства ўжываць пачалі.

Адзін са стамбульскіх імператараў, маючы імператрыцу, ад свайго ўбоства закахаўся быў у адну грачанку, стамбульскую даму. Але тая пабожная дама, шануючы добрае сяброўства, першае – не хацела імператрыцы крыўды чыніць, а другое – дала слова аднаму кавалеру, што ейнае сэрца яму аднаму належыць, бо ў той час удавою была. Але імператара нічым адгаварыць немагчыма было, і ён толькі думаў, як яе размаітымі абяцаннямі да свайго жадання схіліць. Дама ж яму тлумачыла: «Найяснейшы імператар, як гэта быць можа, каб мы супраць самога Бога ішлі, каб ты клятву, дадзеную імператрыцы, парушыў і я абяцанне, майму кавалеру дадзенае, бо хутка – дасць Пан Бог – мяркуем узяць шлюб, і я хачу, каб гэта здзейснілася. Я белагаловая паважная, уначы па вуліцах і палацах вашай імператарскай мосці валачыцца мне не пасуе, ад брамы майго палаца ключы ў сябе не трымаю, яны ў майго маршалка, які кіруе маім дваром. Я толькі сама з фраўцымерам сваім у пакоях начую, а як жа гэта можна, паважаючы вашу імператарскую мосць, уначы да маёй брамы прыходзіць і сябе і мяне на ганьбу аддаваць». Імператар кажа: «Гэта нічога, мы зробім нешта. Я так змучаны каханнем да цябе, што і такі спосаб ужыву, хоць ён і будзе зневажаць мой гонар». А спосаб той такі: адарыўшы даму вялікай рэгалізацыяй [2] і прызначыўшы час, сам ён загадаў зрабіць моцны срэбны кош на ядвабным шнуры і паслаў яго да свае каханае дамы ў падарунак, каб яна яго праз тое акно, што на рынак выходзіць, спусціла пэўнае начы, а імператар прыйдзе адзін, без лёкаяў, каб даму і сябе не абняславіць, і ўлезе ў гэты кош, а пакаёўкі дамы ўцягнуць яго праз акно ў пакой. Так і сталася.

Сеў імператар аднае начы ў той срэбраны кош, на ядвабным шнуры спушчаны, і пакаёўкі нашае пані пацягнулі імператара ўгору, але па загадзе сваёй пані паднялі яны яго высока ад зямлі, але да акна не дацягнулі і так яго пакінулі ў кашы на цэлую ноч і днём доўга трымалі. Дык той бедны імператар вісеў у кашы, і амаль увесь Стамбул бачыў яго. Вось як дамы чыняць упартым нахабнікам.


3 гэтае самае хронікі чула я, чаму ў Стамбуле ўсяго даволі, хоць там шмат мільёнаў людзей, быдла і размаітых істот жыве, а ніколі не ведаюць голаду альбо якое нястачы. Заўсёды хапае ўсяго: даволі хлеба, віна, мяса, малака, мёду, цукру, рысу, садавіны, гародніны і розных багаццяў, чаго ў аніводным краі няма. А гэта таму такая вялікая ласка Божая над гэтым горадам, што тыя хлябы, якія Пан Езус натоўпу множыў, з кашамі закапаныя ў Стамбуле яшчэ ў часы кіравання хрысціянскіх імператараў пад адным каменным слупом непадалёку Айя-Сафіі.

У Стамбуле ад малітваў аднаго імператара ніколі вужакоў відаць не было, толькі пад адным каменным слупом вялікая яма была, і ў той яме вужакі сядзелі, але тая яма не адкрытай была, а вужака з каменя быў зроблены каля слупа на знак, што пад гэтым слупам усе вужакі. Але як туркі захапілі Стамбул, дык турэцкі султан Мурат злітаваўся над тымі вужакамі, што сядзелі ў вязніцы пад слупам, і кінуў, седзячы на кані, дзіду ў таго каменнага вужаку і раскрышыў яму галаву, а з прычыны разбітае галавы сапсаваўся механізм, і ўсе вужакі распаўзліся, а той каменны вужака і цяпер галавы не мае.

У хрысціянскія часы было ў Стамбуле такое люстэрка, што як хто ў яго зірне і захоча, напрыклад, убачыць французскага караля і дзе ён цяпер, дык адразу выразна ўбачыць яго. Ці жонка якая, што мела мужа за сто міль і хацела бачыць, што ён там робіць, ці паважны ён там і іншае, дык адразу бачыць яго ў люстэрку тым, і бачыць праўду. Альбо хто мае сына ці прыяцеля на вайне або ў дарозе – ці памёр ён, ці жывы, – адразу можа ведаць праўду. Альбо калі ў каго што ўкралі – хто ўкраў і дзе схаваў, хто толькі жаданне якое выкажа, – дык адразу ўсё ўбачыць. I таму праваслаўныя Прачыстую Маці прыраўнялі на літанні да Люстэрка Справядлівасці, бо гэтае люстэрка шчырую праўду паказвала, і было яно ў імператарскім скарбе. Але як туркі меліся захапіць Стамбул, дык яго сам імператар разбіў, каб туркам не дасталася і каб яны праўды не бачылі.
Трапляліся мне часам нахабныя туркі, што хацелі намовіць мяне да свае веры. Сярод іншых аргументаў моцнае абароны свае хрысціянскае, рымска-каталіцкае веры, я тым абвяргала некаторых упартых туркаў, што «вы ж самі мне мовілі, што Пан Езус наш сядзіць на шостым небе, душою і целам жывы і жыць будзе вечна, а прарок Магамет жыў і памёр, як і кожны чалавек, і ляжыць мёртвы ў магіле. А ці не лепш мне верыць і спадзявацца на жывога Пана Езуса, чым на мёртвага прарока Магамета, што ляжыць у магіле?»

Выпала мне раз спрэчка з габраямі пра нашую праўдзівую каталіцкую веру, у якой мне трэба было Святую Тройцу абараняць, і я з дапамогаю Святога Духа тым абараняла, што няраз загадвала, каб мне Біблію чыталі і тлумачылі, хоць я нашу польскую і нямецкую шмат разоў чытала сама, але спадзявалася на Пана Бога, што мяне не спакусяць, калі буду і габрайскую слухаць, бо яе мне тлумачыць казала. Ёсць там апісанне, як Майсей убачыў сухі куст, які гарэў, і хоць ён палаў, але не згарэў, і з таго куста пачуўся голас: «Майсей, скінь абутак твой з ног, бо тое месца, дзе ты стаіш, святое. Я – твой Пан Бог, загадваю табе, каб ішоў у Егіпет і сказаў каралю Фараону [3], няхай мне мой ізраільскі народ выпусціць з няволі» і іншае, што яму сам Пан Бог загадаў.

У другім месцы напісана, як святы Майсей выводзіў ізраільскі народ з Егіпта, з рабства, дык бачыў прыгожага юнака, які трымаў у руцэ харугву і так казаў: «Не пасланец, не анёл, але я сам сваёю моцаю выводжу народ мой з Егіпта, з дому рабства».

У трэцім месцы піша Майсей, што бачыў Пана Бога на гары Сінай у абліччы старога чалавека з барадою, і ён вучыў, як трэба маліцца; і мовіў, і напісаў сам Майсей, што той агонь, які ён бачыў у кусце, быў сам Пан Бог. У другі раз, калі яго бачыў, як з Егіпта ізраільскі народ выводзіў, у постаці юнака, што харугву ў руцэ трымаў, і гэта быў сам Пан Бог. На гары Сінай, калі атрымаў дзесяць Божых прыказанняў з рук старога чалавека з барадою, і гэта, сцвярджаў ён, сам Пан Бог. Калі ласка, звярніце ўвагу, што сам Майсей, першы прарок, якому габраі цалкам вераць, бачыў тры разы жывога і праўдзівага Пана Бога, кожны раз у іншай постаці, што, безумоўна, азначае Святую Тройцу, і я вераю сваёй моцнаю сцвярджаю, што ў кусце ён бачыў Святога Духа, а юнак, што выводзіў з Егіпта ізраільскі народ і трымаў у руцэ харугву, я веру ўсёй душою, што гэта другая асоба Святое Тройцы. Трэці раз, калі бачыў на гары Сінай чалавека з барадою, дык, трэба верыць, што гэта быў, бясспрэчна, сам Бог Айцец; і цяпер без сумненняў маем з саміх Майсеевых кніг, што Пан Бог у Святой Тройцы Адзіны ў трох асобах, але адзін Пан Бог.



Я нікога не асуджаю. Я сама ніхто перад тварам Пана Бога, толькі тое, што ведаю і думаю, хачу, каб усе ведалі: гэтыя габраі – вялікія шарлатаны і ашуканцы. А ўсё ад Талмуда. Яны мовяць, што «нам можна хрысціян і кожнага чалавека чужой веры ашукаць, абкрасці, забраць у яго, бо габраі – каралі і манархі гэтага свету, бо толькі дзеля іх Пан Бог свет стварыў», і гэта такім аргументам пацвярджаюць, што калі Якуб, сын Абрамаў, сын Ісакаў уцякаў ад свайго брата Ісавы, дык першы начлег яго быў у полі, і ён там бачыў такі сон. Пан Бог яму кажа: «Якубе, гэтую зямлю, на якой ты ляжыш, я дам табе і тваім нашчадкам» [4], а Талмуд тлумачыць, што Пан Бог увесь свет скруціў шчыльна ў трубку і падклаў пад Якуба і што габраі – гэта сыны Якубавы, дык усе людзі, што жывуць на свеце, іхнія падданыя, і габраям можна, як панам гэтага свету, у падданых сваіх браць, бо яны кажуць, што ўвесь свет маюць, людзі на іхняй зямлі жывуць – іхнія падданыя. Таму Талмуд дазваляе рабаваць хрысціян. Габраі кажуць па-габрайску: esw Bagoim muter (гэта значыць: ашукаць хрысціяніна – гэта вялікае адпушчэнне грахоў, але толькі тады, калі хрысціянін гэтага не зразумеў), а калі хрысціянін зразумее, што яго габрай ашукаў, дык гэта ўжо грэх, бо хрысціянін скажа: «Як твая вера непраўдзівая, так і ты, габраю, непраўдзівы», і ад гэтага была б габрайская вера пагарджанаю, і грэх меў бы габрай за гэта, таму павінны габраі мудра ашукваць. Трэба нам дзівіцца іх асляпленню дурному. Яны маюць самі ў малітвах Давідавых словы па-габрайску: «Zerok lanu maim Tehorim» і іншыя, што азначае: «Абмый нас, Божа, чыстаю вадою», – шматзначна пішацца. Ці не зразумела, што прасіў Давід святога крыжа, каб яго пры жыцці ці нашчадкі ягоныя дачакаліся быць ахрышчанымі чыстаю вадою? I здаралася мне ў шматлікіх рабінаў і вучоных габраяў пытацца, што гэта значыць: zerok lanu maim Tehorim. Дык мне адказвалі асобныя, што, калі габрай памрэ, яго акрапляюць, разбіўшы яйка ў піве. Іншыя мне так мовілі: як хлопцу-габраю абразанне робяць, дык мачаюць пальцы ў піва і мажуць дзіцяці губы колькі разоў і кажуць па-габрайску: «Begi maio Chaio», гэта значыць: «Няхай цябе Бог ажывіць вадою жывою». Асобныя габраі мне казалі таксама, што некаторыя габраі і габрайкі ў халодную ваду акунаюцца з галавою, і ці гэта смешныя габраі не ведаюць, не разумеюць, што святы Давід, прынамсі, святога крыжа прасіў у Пана Бога, але ці такога, як маем мы, прававерныя католікі? Наракаюць гэтыя дурныя габраі, што Пан Езус не павінен закона Майсеевага парушаць, бо Майсей так напісаў у сваім законе, што гэты закон ніводзін прарок, ні анёл з неба парушыць не павінен. Я ім так адказала: «Калі вы, недавяркі, не верыце, што Пан Езус – Сын Божы і сам Бог, дык я дакажу вам: вы маеце ў сваіх кантычках размаітыя Майсеевы песні. Адна песня завецца па-габрайску «Cur mfste wolachu» і ёсць там такія словы «Meszyach Adonaj», што азначае: «Месія сам Бог», якому мы заўсёды павінны пакланяцца. Дык калі ўжо так, як габраі мовяць, што Ён не Бог, а толькі добры чалавек, а маем напісанае ў кнігах прарочых, як Ісус, ізраільскі цар, адразу пасля Майсея ваяваў з філістымлянамі, і даў Пан Бог яму перамогу над імі, але вечар яму перашкодзіў: сонца заходзіла, і не мог ён дашчэнту пабіць і разагнаць філістымлянаў, дык закрычаў на сонца: «Стой і свяці мне насуперак звычаю і прыродзе тваёй, каб я мог адпомсціць філістымлянам». Адказала сонца: «Я толькі свяціць мушу і не павінна цябе, Ісусе, слухаць». Адказаў Ісус сонцу: «Я магу табе загадаць, бо я – Сын Божы, а ты – лёкай Божы, а сын можа лёкаю загадваць». Так сталася, што сонца шэсць гадзін насуперак сваёй прыродзе свяціла ў той дзень. Дык я мовіла габраям, што я гэтае гісторыі не чытала ў маіх каталіцкіх кнігах, бо ў нас інакш пішацца, але мела лёкая-габрая, які быў па-габрайску добра вучоны, і ён мне чытаў і слова ў слова па-польску тлумачыў. Дык я іх аспрэчыла: «Бачыце, Ісус сонцу мог загадаць і парушыць закон Божы. А чаму ж наш Пан Езус, Сын Бога жывога, Сын Панны Марыі, Бязгрэшна Зачаты, не можа габраям загадаць і іхнія, смеху вартыя законы парушаць, бо Пан Езус Хрыстус дзесяць Божых прыказанняў не парушыў і аніводнае слушнае і патрэбнае рэчы, а той смешны закон, што не варта габраям тою лыжкаю есці мясныя стравы, якою малочныя елі, дык на малочныя стравы адзін, а на мясныя – другі, а на посныя – трэці посуд маюць, а калі трапіць малочная лыжка ў мясны гаршчок выпадкам, то крычаць дурныя габраі: treif, treif [5] і выліваюць гэтую страву на зямлю, а посуд паляць альбо пазначаюць і раздаюць хрысціянам, бо гэтае змешванне посуду лічыцца вялікім і цяжкім грахом. А, крывадушнікі! Калі чужое, крадзеныя альбо ашуканствам набытыя рэчы ці грошы змяшаюцца, дык чаму не крычыце: treif, treif, а гукаеце: kuszer, kuszer? [6] Габраі на Вялікдзень пякуць мацу: толькі мука з вадою, на памятку таго, што Пан Бог з Егіпта, з рабства іх вывеў, і загадаў Майсей есці гэтую мацу абавязкова, бо хто гэтага хлеба, аііаз мацы, не ўжываў, той не будзе збавёны. Як таксама ёсць у вашым пісьме, што калі б Майсей з дапамогаю Пана Бога ізраільцян не вывеў у тую, прызначаную Богам гадзіну, дык ужо ўсе пайшлі б у пекла ці, як габраі кажуць, Lesitre achre. Але ўсё гэта пад крыжам было, бо што гэта за рабства, якое ізраільцяне цярпелі ад Фараона так шмат, нібыта ў нас у Польшчы падданыя робяць свайму пану, але гэта інакш завецца па-габрайску Lesitre achre, гэта азначае: «Моцаю шатанскаю на вечнае асуджэнне», чаго фараон даць не можа, што да душы і вечнасці належыць, гэта азначае, калі б Пан Езус у пэўны час не даў сябе замучыць за нас, грэшных, тады б мы сапраўды пайшлі, усе, ад Адама, на вечнае асуджэнне. А маца, што габраі ўжываюць на Вялікдзень, толькі з мукі і вады, яе ядуць дзеля адпушчэння грахоў, бо была яна пад крыжам, а мы, прававерныя хрысціяне, ужываем Святы Сакрамант, сапраўднае Цела і Кроў Пана Езуса».

Я ад таго добра вучонага габрая-лёкая, які чытаў мне Біблію і іншыя габрайскія кнігі, асобныя рэчы выпісала, і цяпер маю іх як аргументы ў спрэчках з габраямі, абараняю нашу праўдзівую веру, а габраяў сарамачу.

Даказваю я габраям з іх Бібліі, што Святы Сакрамант – сапраўднае Цела, Кроў і Душа жывыя Пана Езуса, а даказваю гэта так: пішацца ў іх, што ў царкве Саламонавай быў такі выпадак: спяклі хлеб у пятніцу, і паклаў арцыкаплан гэты хлеб на алтар, ляжаў ён ад пятніцы да пятніцы, восем дзён, на алтары і быў заўсёды цёплы. Гэты хлеб зваўся Lechem Haponym, ён не траціў сваёй цеплыні, і лічылі яго свежым. Не мог ніхто чужы да яго дакрануцца, хіба толькі сам арцыкаплан. А ці не знак гэта, бо ў Старым Запавеце напісана, што Святы Сакрамант – гэта Цела і Кроў Пана Езуса, калі той хлеб мог трымаць цяпло сваё восем дзён.

Пішацца ў габраяў, што калі Ціт Васпасіян [7] прыйшоў з войскам разбурыць Ерусалім і царкву Саламонавую, дык, захапіўшы ерусалімскую фартэцыю і царкву (а перад алтаром заслона, а ў алтары былі тыя каменныя табліцы, што Майсей прынёс з гары Сінай ад Пана Бога, на якіх былі напісаны дзесяць Божых прыказанняў, і быў закон Майсееў, гэта значыць напісаная на паперы кніга, а той хлеб арцыкаплан зняў з алтара і паклаў усярэдзіну, у алтар, там дзе табліцы Майсеевы і кніга Запавету, ці Закону Майсеевага былі), Ціт Васпасіян, ускочыўшы туды, пасек заслону сваім мячом і трапіў у той хлеб, які перад гэтым быў на алтары і які габраі завуць Lechem Haponym, і адразу кроў пайшла з таго хлеба. Як з таго хлеба кроў пайшла праз заслону, дык перапалохаўся Ціт, думаючы, што ён забіў ерусалімскага Бога. Дык чаму ж упартыя габраі не хочуць верыць, што ў Святым Сакраманце ёсць сапраўднае Цела і Кроў Пана Езуса? Я разумею, што ў нашых кнігах не пішацца так, як у габраяў. А гэта я толькі таму распавядаю з іхніх кніг, каб іхняй Бібліяй іх пераканаць і паказаць іхнія памылкі і малавер'е.

Напісана, што аднаго разу святы Давід загневаўся на нейкага багатыра Наўла [8] і ехаў са сваім войскам забіць Наўла, але жонка Наўла паехала насустрач Давіду і дала яму ў падарунак віна ды хлеба, і так удалося ўпрасіць святога Давіда, бо ўбачыў ён хлеб і віно ў руках Авігеі.

Чаму ж упартыя габраі не хочуць сказаць праўды пра Святога Духа, трэцюю асобу Святой Тройцы? Маюць жа яны ў сваёй Бібліі: пакуль быў створаны свет, дык Святы Дух насіўся над вадою, па-габрайску: Ruah Edunay Marachetes Alhaim. Як Саул [9] (першы сярод ізраільцян) просты чалавек, што шукаў асліц, па загадзе Пана Бога быў памазаны на цара прарокам Самуілам, дык адразу мудры стаў, і напісана ў габраяў, што казалі: «Святы Дух увайшоў у Саула і зрабіў яго мудрым». Як таксама напісана ў іх, што Майсей інакш хадзіць не мог сярод людзей, як толькі з пакрытаю галавою, бо Святы Дух так моцна над ім лунаў, што ад вялікага ззяння людзі яму ў твар глядзець не маглі, і гэта завецца па-габрайску Schyne, гэта азначае Святы Дух.

Чаму ж гэтыя ўпартыя габраі не прызнаюць годнасці Панны Марыі, якая завецца Дзянніцаю, ці Ранішняю Зоркаю, і ёсць у іхняй Бібліі, і не прызнаюць, што Пан Бог вельмі шануе адну панну, Ён пасадзіў яе на адной зорцы ў небе, і тая зорка завецца па-габрайску Тіmе. То я пыталася ў рабінаў, як заслужыла тая габрайская паненка тут на свеце, каб яе Пан Бог на зорку пасадзіў? Апавядалі мне габраі такую байку, што калі яшчэ Садом і Гамора былі, дык там такі звычай быў, каб ніколі ўбогаму кавалка хлеба не даваць, аж пакуль не памрэ. Але габрайская дзяўчына, ідучы па ваду, паклала ў пусты збанок кавалак хлеба і дала аднаму ўбогаму. Калі садамляне даведаліся, што гэтая панна ўбогаму хлеба дала, дык яе дагала распранулі і, намазаўшы мёдам, паклалі ля пчол, якія яе да смерці пакусалі, і за гэтыя мукі Пан Бог пасадзіў гэтую панну на нябеснай зорцы, якая завецца Тіmе.

Я не сумняваюся, што і за такі добры ўчынак мог узвесці Пан Бог тую панну на неба, але ж мы маем шмат святых нашых пакутніц, якія ў сто разоў большыя вытрымалі мукі, напрыклад, святая Барбара, святая Тэкля, святая Юльяна і безліч іншых пакутнікаў і пакутніц, але, аднак, ніхто не стаў годны таго, каб яго Бог пасадзіў сярод зорак, толькі Прасвятая Панна, Матка Хрыстова. Толькі яна адна ласкаю Пана Бога як дачка Бога Айца і Маці Сына Божага і любая Святога Духа, толькі яна стала годная назвацца Ранішняю Зоркаю. Ёсць яшчэ ў габраяў і іншая кніга, дзе напісана, што бясплодная ад анёльскага Звеставання нарадзіла дачку, якая ўвесь свет напоўніла радасцю, але я гэтай кнігі дастаць цяпер не змагла, дык пісаць пра тую гісторыю не магу.

Гэтыя ўпартыя габраі святых пасадзейнічаць прасіць не хочуць і нас за тое ганяць, што мы да святых молімся, да прыяцеляў і каханых Божых, а яны, дурныя, не могуць. Бегаюць, крычаць, плачуць, каб ім тое зрабілі, аб чым іх просяць, а калі габрая павесяць, што касцёл абакраў, або коні ўкраў, або каго забіў, і гэтага злодзея ці ліхадзея хаваюць, дык габраі нябожчыку нож у рукі даюць, а гэта таму, каб ён на тым свеце помсціў хрысціянам і рэзаў іх нажом. I такіх называюць святымі, а па-габрайску keduszym. Іх за зладзейства забілі, дык ці варты яны таго, каб іх святымі называць? А ці не святыя каралі, князі, імператары, паненкі і ўдовы, што добраахвотна пайшлі на розныя пакуты, напрыклад, святая Анастасія, святая Вільгафорта, святы Пракоп, святы Аўстахій і шматлікія іншыя пакутнікі? Ці не павінны мы іх паважаць і шанаваць за святых?

Пра святы крыж. Гэты крыж яшчэ ў Старым Запавеце з'яўляецца. Святы Якуб, патрыярх, сын Абрамаў, сын Ісакаў, калі быў прывезены ў Егіпет сынам сваім Язэпам, якому здрадзілі родныя браты, а пасля, калі наблізіўся час смерці Якубавай, Язэп узяў дзяцей сваіх, двух сыноў – Ахрэма і Манасію [10] – і прасіў бацьку свайго Якуба, каб блаславіў сыноў ягоных. А Якуб, маючы шмат сыноў і ўнукаў і будучы слабым, блаславіў дваіх разам, зрабіў крыж рукамі (так святога Францішка Серафіцкага малююць), паклаў правую руку на таго ўнука, што з левага боку стаяў, а левую руку на таго ўнука, што з правага боку стаяў, і так зрабіў святы крыж па нашчадках сваіх, бо добра бачыў, што з часам будуць сыны і дочкі ізраільскія паважаць і пакланяцца святому крыжу. Але калі я ў вучоных габраяў пыталася: «Бачыце, яшчэ ў Старым Запавеце святы Якуб зрабіў крыж у бласлаўленні сваім дзяцей сваіх», дык мне габраі так адказалі: «Святы Якуб быў рамай, гэта значыць ашуканец», але гэта не так: святы Якуб быў шчыры вернік і прарок, чалавек справядлівы і шляхетны.

Святы крыж Галена, маці імператара Канстанціна, зрабіць загадала (так грэчаская гісторыя апавядае і тыя, што на гэта ў той час глядзелі), і было так, што імператарава дачка, а Галеніна ўнучка, памерла, але святая Галена на Бога надзеі не траціла і загадала мёртвае дзіця пакласці на адзін крыж, але яно не ажыло. Тады на другі крыж, што быў ад другога лотра, і тут не ажыло. Калі на трэці крыж паклалі тое мёртвае дзіця, а гэта быў крыж самога Пана Езуса і Ягонаю Святою Крывёю акроплены, адразу дзіця ажыло і разам з іншымі Пана Бога хваліла.

Гэты святы крыж колькі соцень гадоў у зямлі ляжаў, у вялікай кучы гною і смецця, што з усяго горада габраі выкідалі і вывозілі, але святая Кроў, такая слічная і чыстая на крыжы застала-ся; адна зёлка, што завецца па-руску васілёк, каля крыжа расла і над ім нахілялася, таму ў праваслаўных цяпер такі звычай, што калі свянцонай вадой крэпяць, дык васільком. Тое самае я і ў Маскве бачыла, таксама кропяць гэтаю зёлкаю.

Калі ж мне выпала пра святую веру размаўляць з маскалямі, якія ад нас толькі тым адрозніваюцца, што лічаць, што нібыта Святы Дух ад Айца зыходзіць, а на Сына ўзыходзіць, а гэта таму, кажуць, што Пан Езус нарадзіўся ад Святога Духа, і калі святы Ян хрысціў Пана Езуса ў Іярдане, дык быў відаць Святы Дух з неба над Панам Езусам, і таму кажуць, што Святы Дух на Сына ўзыходзіць. Я на гэта так ім адказала: «Вы правільна мяркуеце, але калі Святы Дух на апосталаў быў пасланы з неба ў святы дзень, дык ужо Пан Езус быў у небе, а калі Пан Езус – другая асоба Святое Тройцы, дык, вядома, Святы Дух ад Айца і Сына зыходзіць».

Другое, чым праваслаўныя адрозніваюцца ад нас, што кажуць, нібыта ўсеагульнага суда няма, а толькі кепскія і добрыя людзі Страшнага Суда чакаюць. Я на гэта так адказала аднаму ігумену ў Кіеве (гэты ігумен зваўся яго мосць поп Ланцкаронскі) і самому прэфэкту: «Калі сапраўды Страшнага Суда павінны чакаць, дык у нас святых яшчэ не павінна быць. Але чаго ж вы шануеце святога Міколу, святую Барбару і шматлікіх іншых без меры, як таксама і пячорскіх святых?» I тым іх пераканала, што «навошта просіць гэтых святых садзейнічаць нам, калі яны і самі яшчэ не на небе? I ці ж не павінна святая Барбара за такія вялікія пакуты і любоў Божую быць на небе і быць раз'яднанаю з Богам? Дык натуральна бачым, што добрыя людзі на небе, а благія – у пекле, а іншыя да часу ў чыстцы, каб сплаціць доўг, а пасля ісці ў рай. Калі ж благія і добрыя людзі ў асобным месцы, як вы лічыце, і чакаюць Страшнага Суда, дык навошта бераце за набажэнствы, за малітвы і іншае грошы ад людзей? Тады не трэба за душы памерлых маліцца. Дык мы ясна бачым, што чысцец ёсць і малітвамі мы можам душам у чыстцы дапамагчы».

Асобныя маскоўскія дзівы. Чытала я кнігу пра аднаго святога пустэльніка, які зваўся святы Гапон. Гэты пустэльнік, ідучы па лесе, знайшоў чэрап і, узяўшы яго ў свае рукі, так над ім разважаў: ах, мой Божа, хто ведае, чыя гэта галава? I дзе ягоная душа? I вось ад малітваў святога Гапона і волі Пана Бога абазваўся гэты чэрап: па справядлівым судзе Божым за свае грахі я ўжо семдзесят гадоў у чыстцы. I прасіў гэты чэрап у святога Гапона маліцца за яго, і ад малітваў ягоных пайшоў у рай, а пасля аб'явіўся святому і дзякаваў за ягоныя святыя малітвы. Гэты святы Гапон быў праваслаўны, і гэтая гісторыя адбывалася ў Маскве [11], і сам ён гэта распавёў, і з ягоных слоў кніга выдадзеная была.

Другі дакумент пра чысцец ад саміх жа маскалёў такі, што адна пачцівая і вельмі пабожная багатая белагаловая ўвесь свой набытак раздала на царкву і ўбогім, а сама ў старасці ў аднаго старога, надзвычай пабожнага мніха (пра ягонае святое жыццё доўга трэба было б распавядаць), была кухаркаю і прыслужвала яму і ў гэтага мніха пад сходамі памерла. Але пры жыцці гэтая белагаловая прасіла, каб гэты поп за яе маліўся, і поп абяцаў за яе маліцца, але загадаў ёй: куды цябе Бог пашле, каб ты мне пасля смерці паведаміла. Так і сталася. Пахаваў той поп белагаловую прыстойна. I яна аб'явілася ды з плачам прасіла, каб ён за яе маліўся ды іншых прасіў, каб за яе маліліся, бо яна ў чыстцы. Дык той поп выдаў кніжку пра гэтую прыгоду, якую я сама чытала ў Кіеве, і гэтым даводзіла ім, што ёсць чысцец.

Трэці аргумент супраць маскалёў, што існуе чысцец, такі: адзін пабожны пустэльнік, які зваўся Скемлік, не меў на сабе ніякае вопраткі, ні абутку, ні шапкі, толькі ў валасяніцы хадзіў; ён распаліў сабе ў лесе вогнішча і ляжаў уначы каля яго. Але прыйшоў да яго чалавек высокага росту ды прыемнага твару ў імператарскім адзенні і прасіў таго Скемліка, каб дазволіў яму каля вогнішча пераначаваць, на што Скемлік з вялікаю ахвотаю згадзіўся. Апоўначы прыйшлі яшчэ два чалавекі, вельмі страшныя тварам, у надзвычай бедных апранахах і так жахліва крычалі, што вялікі страх ахапіў пустэльніка. Яны загадалі гэтаму багатаму чалавеку зняць з сябе адзенне і пачалі яго распаленымі ланцужкамі лупцаваць і розныя мукі прыдумваць. Пасля на агні яго смажылі, як на пожагу. Гэтыя пакуты доўжыліся дзве гадзіны пасля паўночы. Затым тыя дзве страшныя асобы зніклі, а той чалавек, апрануўшы зноў царскую сукню на сябе, мовіць пустэльніку: «Бачыў, браце, што са мною дзеялася?» Скемлік з вялікім страхам адказаў: «Бачыў і спачуваў вялікім пакутам тваім». Дык адка­заў гэты чалавек: «Я – Пятро Аляксеевіч, расійскі імператар. Пасля таго як пакінуў гэты свет, па справядлівым судзе Пана Бога штоноч цярплю такія мукі ад пякельных шатанаў, якіх ты бачыў. Таму прашу цябе, чалавеча Божы, ідзі ты ў Пецярбург да маёй дачкі Лізаветы Пятроўны, якая цяпер на троне, і распавядзі ёй пра мае пакуты, і што я ратунку прашу, і каб у тое моцна верыла, што чысцец існуе, і публічна кнігі пра гэта загадала выдаваць». Распавёўшы пра шмат якія іншыя рэчы, ён знік.

I той пустэльнік з лесу выйшаў, хоць раней ніколі не выходзіў і ніколі з ніякім чалавекам не гутарыў, але па наказе Божым пакінуў пушчу і пайшоў па вёсках, па гарадах і па манастырах, распавядаючы тое, што бачыў, і сцвярджаў, што існуе чысцец. I вось у сваім пілігрымстве прыйшоў ён у Пецярбург, адно і тое ж распавядаючы, і дайшло гэта да вушэй самое найяснейшае яе мосці імператрыцы Лізаветы Пятроўны, і загадала яна таго пустэльніка прывесці да яе, а ён тое самае сцвярджаў, што бачыў; быў ён з голай галавою, босы і ў валасяніцы. Дык яе мосць царыца сказала: «Выдумляеш, чалавеча, пэўна, ты католік». Але Скемлік даказваў сваю праўду, што ён нарадзіўся ад бацькі і маці, якія былі маскалямі, нават і аднаго дагмату каталіцкага не ведае. Аднак яго ўкінулі ў вязніцу за тое, што адважыўся пра бацьку яе мосці царыцы пляткарыць. Пасля прыводзілі яго да многіх мніхаў, біскупаў, архірэяў [12], але ён заўсёды адно і тое ж казаў, што тае начы бачыў, як у пушчы быў. Дык выпусцілі яго з-пад арышту і пра гэта кніжку выдалі па-расійску, якую чытаў мне адзін поп-ігумен у Кіеве. I я пыталася ў яго: «А чаму ў вашай краіне кожны іначай кажа пра Страшны Суд і пра чысцец? Чаму мы, католікі, усе разам трымаемся?» Адказаў мне ігумен: «Ужо б і ў Масковіі ў гэта публічна верылі і публічна кнігі пра гэта выдавалі, але ж у спадкаемцы Пятра Хведаравіча маці маскоўка, а бацька лютаранін, а лютаране і кальвіністы ў чысцец не вераць, а спадкаемца Пятро Хведаравіч меў у сябе ў Пецярбургу свайго дырэктара [13], таксама лютараніна, вельмі вучонага чалавека, але праціўніка Божага, скажаль­ніка Бібліі і дагматаў веры. Гэты дырэктар стаў русінам і епіскапам, і ён праваслаўную веру псуе дашчэнту сваімі вераломнымі скажэннямі і дыспутамі ды цалкам не дазваляе, каб пашыралі, сцвярджалі і кнігі выдалі пра чысцец».

Калі б хто хацеў абурыцца і так казаць, як звычайна кажуць, што маскалям-схізматыкам – пустэльніку Гапону, белагаловай, што пасля смерці аб'яўлялася, ці пустэльніку Скемліку – такіх адкрыццяў не можа Бог даць, дык тады ніякіх пытанняў няма. Аднак жа святая Барбара мела бацькоў-язычнікаў і не хрышчоная яшчэ была, але, пачуўшы голас Божы, святою стала, так і гэтыя пабожныя людзі, калі сваім адкрыццём іншых выратаваць не могуць, дык хоць, прынамсі, сябе ўратуюць.

Выпала мне спрэчка з праваслаўнымі маскоўскімі базыльянамі [14] пра Святога Айца, папу, чаму яны не хочуць мець яго за галаву Царквы. Бо ж усе папы – гэта намеснікі святога апостала Пятра. Адказалі мне на гэта: «Але ж не адзін святы Пятро быў апостал, але ж і святы Андрэй быў апостал у Маскве, святы Марк у Персіі і гэтак далей, хто ў які край быў пасланы». Я адказваю: «Сапраўды, кожнага апостала Пан Бог і ўвесь свет шануюць, але ж Пан Езус, прынамсі, сказаў святому Пятру: ты – апірышча, на табе пабудую Царкву маю, а святы Пятро быў папам у Рыме, дык у Рыме і апірышча, і царква, і нашчадкі ягоныя, бо за колькі соцень гадоў пасля імператара Нерона, як мне вядома, аніводзін папа пасля святога Пятра не паміраў сваёй смерцю, а толькі пакутніцкую карону мусіў надзяваць, і сад зямнога раю так сваёю святою крывёю папы акрапілі, што ніколі ён не завяне, чаго іншыя патрыярхі так шмат не цярпелі, напрыклад, стамбульскі, ерусалімскі, александрыйскі і антыяхійскі».


1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка