Саламея Пільштынова



старонка5/15
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.06 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15

ЗАЙЗДРАСЦЬ ЛЕКАРСКАЯ
Я белагаловая, а кожная дама з большым даверам раскажа пра свае хваробы белагаловай, дык тут, як і ў іншых краях, было ў мяне вельмі шмат годных пацыентаў абодвух полаў як з імператарскага двара, так і з горада, і з іншых мясцін, якія хацелі лячыцца ў мяне, а я такое вялікае аптэкі не мела, каб лекі знайсці можна было, дык дала рэцэпт у аптэку, але лекар яе мосці царыцы забараніў у аптэцы, каб па маіх рэцэптах медыкаментаў не давалі, гаворачы пра мяне тое, што я, белагаловая, не ўмею лячыць. Тады я сама пайшла ў аптэку, просячы, каб мне лекаў прадалі; але дарма, прадаваць яны не хацелі.

Дык падгаварыла я адну даму, яе мосць пані Віль-дову, капітаніху, якая мела вельмі хворыя вочы, каб яе мосці царыцы сказала, што прыдворны лекар забараніў прадаваць мне лекі. Даведаўшыся пра гэта, яе мосць царыца загадала мне прыйсці да яе, і я пра свае скаргі і хваляванні падрабязна распавяла, што ўсё тое толькі ад шчырай нянавісці ідзе, што яго мосць пан лекар мяне шчасця пазбаўляе. Я таксама зазначыла тое, што іншыя хваробы ні ў кога лячыць не хачу, толькі вочы. Дык пайшоў адзін камер-лёкай [31] яе мосці царыцы да яго мосці пана лекара з загадам, каб мне дазволіў лячыць кожнага хворага на вочы, бо маё лячэнне і ўмелае і выпрабаванае.

Яго мосць пан лекар дазволіў, але я напісала рэцэпт не толькі на хваробы вачэй, але агулам і ўсім іншым пацыентам, што толькі хто лячыў, і падала ў царскую аптэку, бо ў Пецярбургу добрых аптэк дзве, адна царская, а другая ў Акадэміі. Як аптэкар прачытаў мой рэцэпт, адразу паслаў да лекара, а пан лекар быў вельмі халерычны чалавек і хворы на падагру, ён скакаў ад злосці і наракаў на мяне: «Што гэта за акулістка і ці можна лячыць вочы такімі лекамі?»

Бо пан лекар добра ведаў, што ў тым рэцэпце не ўсё да вачэй, але і да іншых хвароб таксама. I дайшло тое да яе мосці царыцы, што я на адным рэцэпце на дваццаць чалавек медыкаментаў узяла з аптэкі, і пыталася царыца яснавяльможная ў мяне: «Саламанида Ефимовна, да скажи правду, свет мой госпожа докторша, чы тебе надобны тыя леки да глаз?» 3 пакораю адказваю: «Усемилостивейшая асударыня, твой свет величество, скажу праўду. Калі мне пан лекар з зайздрасці забараняе лячыць і купляць лекі ў аптэцы, дык пад гэтаю адгаворкаю я і для іншых людзей твайго двара ў адным рэцэпце напісала». Гэтым яе мосць царыца ўцешылася, бо я ёй праўду сказала, і мовіла такія словы: «Добраумна, мой дружок, Саламанида Ефимовна».

Потым я заўсёды што хацела ў аптэцы брала, і каго хацела лячыла, і з ласкі Пана Бога Найвышэйшага шчасліваю была ў лекарстве сваім.
АВАНТУРА Ў МАЮ БЫТНАСЦЬ З АДНЫМ КНЯЗЕМ.

КНЯЗЬ ГАЛІЦЫН З АДНОЮ ДАМАЮ З ВЕНЫ
Князь Галіцын [32] быў пасланы яе мосцю царыцаю Аннай Іванаўнай з пасольствам у Вену, у Аўстрыю, да імператара Карла Шостага. Дык князь Галіцын у дарозе забараніў сваім лёкаям, каб яны гаварылі, што яго мосць князь жанаты (меў ён жонку і дзяцей, а адну дачку выдаў за генерала). I вось гэты князь-пасол, прыехаўшы ў Вену, казаў, што ён не мае жонкі, што ён кавалер. Сярод іншых годных дам закахалася ў яго адна ўдава, генеральская дачка, якая была раней замужам за генералам, я, аднак, цяпер іх імён і прозвішчаў не памятаю, толькі тое, што тая дама была маладая, станістая, цуд прыгажосці, ведала розныя мовы, на розных інструментах іграла, голас надзіва мілы мела, я за сваё жыццё ніколі прыстойнейшых людзей не бачыла.

Князь Галіцын гаварыў пра яе мосці імператрыцы, гэта значыць Лізавеце фон Вольфенбытэль [33], жонцы імператара Карла, але тая дама яго не хацела, бо ён быў праваслаўнае рэлігіі, а яна – прававерная каталічка. Дык князь Галіцын перахрысціўся з праваслаўнае ў каталіцкую веру. I вось узяла шлюб з ім тая жаданая яму дама, і вяселле справілі ў імператарскіх пакоях у Вене з вялікаю пыхаю і належнымі цырымоніямі.

Пасля заканчэння пасольскай дзейнасці забірае князь Галіцын жонку сваю з Вены і прыязджае з ёю ў Рыгу, а ў Рызе ён мовіў новай сваёй жонцы, з якой меў сына: «Мая мілая жонка, я ўзяў цябе з Вены з-за пачуццяў да цябе, але ж я вялікае злачынства ўчыніў супраць свае манархіні, што без яе волі асмеліўся ажаніцца, дык ты застанься, васпані, тут, у Рызе, патаемна, не кажы нікому, што ты мая жонка. Пакідаю табе пару коней, трое людзей і трыста рублёў на выдаткі. Сам жа я паеду ў Пецярбург і паціху ўпрашу яе мосць царыцу і сам пасля пышна прыеду па вяльможную паню-дабрадзейку і вазьму з сабою ў дом мой і ў маёнткі мае».

I вось гэтая добрая пані з сынам сваім маленькім і з трыма людзьмі засталася ў Рызе і чакае вяртання свайго мужа, князя Галіцына, а князь Галіцын едзе проста ў Пецярбург, складае свае абавязкі перад яе мосцю царыцаю, а пасля ў свой дом, да жонкі і да сваіх дзяцей. Тая дама з Вены, другая жонка князя Галіцына, ужо грошы выдаткавала, доўга чакаючы свайго мужа і на шматлікія лісты не маючы адказу, ідзе гэтая добрая пані да суддзі [34], аднаго генерала, каменданта, просячы яго пазычыць колькі соцень рублёў, адкрываючыся яму, што яна генераліха і жонка пасла князя Галіцына. Адказвае суддзя-генерал: «Ці быць гэта можа? Князь Галіцын мае жонку, і дзяцей, і зяця-генерала». Дык гэтая засмучаная дама плача, лямантуе, адкуль яе такое няшчасце спаткала. Параілі ёй разумныя людзі, каб пра гэты эксцэс у супліцы да яе мосці царыцы распавядала.

Так і сталася. Пра ўсё праўдзіва і падрабязна распавяла яна яе мосці царыцы. Яе мосць царыца мела літасць над гэтаю дамаю, паслала з Пецярбурга ў Рыгу запрэжаную шасцерыком каляску, колькі дзясяткаў людзей, тысячу рублёў на выдаткі і на даўгі тае ашуканае венскае дамы. Прыехаўшы ў Пецярбург, яна стала перад яе мосцю імператарскаю, як таксама і князь Галіцын. Пабачыла сама яе мосць царыца нявіннасць той дамы і загадала, каб князь Галіцын даў 4000 рублёў той мадаме, і ён вымушаны быў закласці сваю маёмасць. Але князь Галіцын не перастаў кахаць мадаму і сваімі хлуслівымі абяцаннямі, прысягамі, крывадушным плачам, пацалункамі ашукаў гэтую мадаму, і яна аддала добраахвотна тыя 4000 рублёў, бачачы ягоныя патрэбы. Гэтая мадама і князь Галіцын у пэўных месцах часта сустракаліся. Даведаўшыся, яе мосць царыца сурова забараніла князю, каб ён ніколі ў мадамы не бываў. Князь у лістах назначае мадаме пэўную карчму, на якой напісана чырвонаю охраю, і каб апранулася па-мужчынску, як жаўнер, як таксама і князь Галіцын апрануўся па-жаўнерску, як гемайны, зайшлі сабе абое ў тую карчму і бавіліся тры дні звычайным півам, быццам яны два гемайны былі. Даведалася пра гэта яе мосць царыца, бо ім старанна цікавілася і ведала, дзе яны абое. Загадала капралу і чатыром жаўнерам, каб мадаму і князя ў тых ганебных мундзірах арыштавалі. Але тыя двое добра бараніліся, і іх не ўдалося арыштаваць, бо яны шчасліва ўцяклі. Праз дзве гадзіны стала мадама ў рагоўцы [35], як прыдворнай даме належыць, а князь таксама ў пышным адзенні, пры ордэнах, і знайшлі добрыя апраўданні, хоць і хлуслівыя. Аднак яе мосць царыца сурова, пад страхам вялікае кары, загадала, каб князь ніколі з мадамаю не бачыўся. Тут ці то з волі Божае, ці з паслугі мужа, князя Галіцына, памірае няшчасная княгіня, першая ягоная жонка.

Яе мосць царыца чакае да года, пакуль жалоба закончыцца па першай жонцы. Пасля просяць яго да яе мосці царыцы, і пачала яе мосць царыца дакараць, што па ягонай віне памерла тая годная ягоная жонка і за ўсе ягоныя вераломствы і ветранасць, і нарэшце мовіла наконт мадамы: «Пашліце сабе па духоўнага і прасіце шлюб ваш ранейшы канфірмаваць, ці зацвердзіць, і бяры сабе мадаму і жыві з ёю ў міры». Адказаў на гэта князь Галіцын: «Найяснейшая царыца, хоць жыцця мяне пазбаў, але я мадаму за жонку мець не хачу». Як гэта мадама пачула, дык страшным голасам закрычала і ўпала на падлогу, заразілася яна хваробаю св. Валенты, і вось яе непрытомную ў пакой занеслі, а мой ложак і мадамавы ложак побач стаялі. Яе мосць царыца пыталася князя Галіцына: «Чаму бязбожны ты нелюдзь, тыран, звёўшы такую годную асобу, якая заўсёды вартая была годнага кавалера, ты яе цяпер не хочаш?» Адказаў князь: «Бо як мне ваша царская мосць забараніла бачыцца з мадамаю, я тым часам закахаўся ў сваю ўласную прачку, кахаю яе і жадаю яе мець сабе за жонку». Дык яе мосць царыца разгневана загадала з яго ордэн зняць, генеральскага звання пазбавіць і ў лёкайскую сукню апрануць, каб да стала паўміскі з кухні насіў і з талеркаю стаяў за плячамі іншых, ніжэйшых за сябе. 3 ахвотаю князь гэтую кару прыняў.

Пасылае яе мосць царыца па тую прачку, пагражаючы ёй смерцю, калі пойдзе за князя, пераконваючы яе, што той бязбожны генерал такіх дам звёў, што яна нявартая ім чаравікі выціраць, дык якое яе няшчасце чакае. Адказала прачка яе мосці царыцы: хоць бы і пэўна ведала, што яе муж заб'е, але даволі ёй таго, што хоць адзін дзень княгіняю Галіцынай будзе і сям'я яе простая ганарыцца некалі будзе, што княгіню ў родзе мелі. А бедная мадама станавілася ўсё больш хвораю, са смутку і самоты вар'яцела, дык я ўсялякія невыгоды мела з-за бяссоння гэтае мадамы, бо яе ложак стаяў каля майго ложка, і вось дзень і ноч на розных мовах яна наракала, лямантавала на няшчасце сваё і легкадумства князя Галіцына. Князь хоць чуў і бачыў, але яшчэ гэты нелюдзь і здзекаваўся з мадамы.

Яе мосць царыца, бачачы неспакойнасць мадамы, загадала паклікаць да сябе князя ў лёкайскім уборы і мадаму, а князь быў нізкага росту, а мадама высокага, дык мадама ў прысутнасці яе мосці царыцы і ўсёй прыдворнае світы бярэ зэдлік і з усёй сілы князю ў лоб б'е. Некалькі разоў князь уцякаў; а тут яго за дзверы не выпускаюць, дык гэтая пагоня працягвалася доўгі час. На гэтае відовішча глядзела я амаль кожны дзень, ужо я і з Пецярбурга выехала, а мадаму звар'яцелую пакідала. Яе мосць царыца шмат абяцала князю, калі ён такую пакуту вытрывае: яму загадае паставіць лядовы палац з пакоямі, са сталамі, з кухняю, з ложкам, а ён каб са сваёй прачкаю на тым ложку пераначаваў без пасцелі, без футра, ён у суконным мундзіры, а яна ў камлётавых, без падшыўкі, сукенках. Гэта ўсё ахвотна згадзіўся вытрываць князь. Так і сталася.

Пасля рускіх Каляд у 1743 годзе, калі ў Пецярбургу нязносна холадна, быў зроблены той палац цалкам. Былі на тым вяселлі дзівы розныя, бо ў Пецярбургу ёсць кадэцкая акадэмія, дык уся акадэмія гуляла на тым вяселлі ў размаітых масках, на нейкіх размаітых конях з саламянымі свечкамі. Была там вялікая сціжма люду годнага, есці і піць шчодра дадзена, капэла. А пан малады з паннаю-прачкаю ў сваім пакоі, варта пастаўлена, каб ні вопраткі, ні напояў, ні вуглёў распаленых не падалі гэтаму малжонству. I вось яны вялікую ноч пераначавалі на голым лёдзе, а назаўтра раніцаю іх перад яе мосцю царыцаю паставілі, і мелі яны вялікую ад яе ласку: загадала вярнуць яму ордэн і ў пышны княжы строй убраць, і каляска, шасцерыком запрэжаная, па іх прыехала, і вось абое, пышна, багата апранутыя, у каляску селі і ў палац свой паехалі. Як яны цяпер маюцца, я пра тое не ведаю.
Вышэй на старонцы 64 [36] быў успамін пра аднаго кавалера ў Рызе, што забіў свайго капітана. Дайшла гэтая вестка да яе мосці царыцы, толькі не рада была гэтая святой памяці манархіня дазваляць праліццё крыві, а тут выпадак складаны, мусіў быць дэкрэт на расстрэл яго мосці пана Бурмана, але ж пры яе мосці царыцы шмат дам служыла, а дамы зазвычай літасцівыя, вось і пачалася між імі размова пра таго пана Бурмана, і зычылі яму, каб яго Пан Бог вызваліў. Пачула я пра тую гутарку. Прасіла тых дам, каб і мне таксама распавялі ўсё, і вось тыя дамы, як чулі, так мне і распавялі. Я ім кажу: «Мае мілыя пані, лепш я вяльможным паням распавяду тую гісторыю, бо я ў той час у Рызе была і ўсю праўду пра тую авантуру ведаю, і як бязвінна той годны кавалер, не дай Божа, загіне».

Як тыя дамы гэта ад мяне пачулі, а найбольш Аўдоцця Хведараўна (муж яе быў генералам, камендантам у Смаленску), адразу пабеглі да яе мосці царыцы, паведамляючы, што наша госпожа докторша добра ведае пра тую авантуру капітана і харунжага Бурмана. Дык мяне хутка паклікалі да яе мосці царыцы, і яна ўнікліва пыталася ў мяне, ці ведаю я. Кажу, што: «Міласцівая асударыня твой свет величество, ці магла б я ў прысутнасці найяснейшае манархіні слова якое па-іншаму сказаць, толькі праўду, як Бог ведае, так добрасумленна і перад вашай царскай мосцю, калі маю аўдыенцыю, мовіць тое буду. Яго мосць пан Бурман, харунжы, меўся ажаніцца з адной годнаю дамаю, і ягоныя намеры былі добрасумленнымі, але яго мосць пан капітан на людзях сказаў, што твая дама, яго мосць пан Бурман, распусная нявеста. Яго мосць пан харунжы Бурман шчыра заступіўся за сваю даму, мудра і слушна яе гонар абараняў. Яго мосць жа пан капітан кажа: «Навошта яе васпан яго мосць пан харунжы, абараняеш? Я сам жыў з тваёю дамаю». Яго мосць пан харунжы мовіў: «Гэта быць не можа і не было, але я на вялікі заклад іду, што з першага разу змог бы ад жонкі васпана, яе мосці пані капітаніхі, дабіцца ўзаемнасці». Пайшлі на заклад, а яго мосць пан харунжы – проста да яе мосці пані капітаніхі і адразу сказаў: «О, пані мая, не дай Бог, якога легкадумнага мужа ты маеш, які на людзях прызнаўся, што з пэўнай дамай кахаецца, і гэта прысягаю пацвердзіў». Яе мосць пані капітаніха: «Лёгка веру, пане харунжы, бо я век свой малады пакутую з гэтым кепскім чалавекам лёгкіх паводзін, бо ні мамкі, ні кухаркі трымаць не магу, бо заўсёды прыстойную белагаловую вазьму, а блудніцаю з дому майго адпраўлю». Нарэшце ён палуднаваў там і выпіў шклянку віна і сеў на ложку. У гэты час прыбягае яго мосць пан капітан з крыкам у свой пакой, з выхапленай шпагаю і робіць яго мосці пану харунжаму тры смяртэльныя раны, але Пан Бог выратаваў яго мосць пана Бурмана. Яго мосць пан Бурман крычаў: аднак жа гэта жарты, і мы пайшлі на заклад, але яго мосць пан капітан прагнуў смерці яго мосці пана харунжага, і вось яго мосць пан Бурман, неяк няўдала абараняючыся, адным рухам забіў пана капітана, і яго адразу арыштавалі; усё, што сама чула і бачыла, паведаміла вашай імператарскае мосці».

Яе мосць царыца: «Хвала Табе, Божа, што я такое добрае тлумачэнне і, як бачу, спрыяльнае для таго беднага арыштанта пачула». I адразу выдала загад, каб у Рыгу паехалі і яго мосць пана Бурмана сюды ў Пецярбург прывезлі. Так і сталася. Прыехаў хутка яго мосць пан харунжы і стаў перад найяснейшай яе мосцю царыцаю Аннай Іванаўнай, і загадала яму шчырую праўду сказаць, за што асмеліўся забіць свайго ўласнага капітана; яго мосць пан Бурман усё падрабязна слова ў слова распавёў пра сваё няшчасце і прычыны прыгоды, усё папраўдзе і добрасумленна, уласна так, як і я распавяла, а супрацьлеглы бок сам даў паказанні, што так і было. I вось атрымаў ён памілаванне і вялікую ласку з волі Пана Бога ў яе мосці царыцы, пажалаваны ў паручнікі ў кірасійскім [37] палку, гэта значыць стаў паручнікам Лейб-кампаніі [38], і так яму мовіла яе мосць царыца: «Дзякуй Пану Богу і пані лекарцы, што мне пра цябе добра і сумленна распавяла». Дык вось і ў Пецярбургу сябравала я з яго мосцю панам Бурманам, паручнікам, і сярод шматлікіх людзей добрую славу мела, што я яму добрым словам дапамагла. Нават супрацьлеглы бок, гэта значыць бок памерлага яго мосці пана капітана, былі са мною ў сяброўскіх адносінах, бо той яго мосць пан капітан, нябожчык, быў неспакойны чалавек.

Аднаго разу папрасіў ён адпачынак, каб паехаць у Рыгу з паважнымі намерамі да свае даўняе дамы, хоць тут у Пецярбургу меў ён шмат дам, што яму сваталі: паненкі і ўдовы багатыя і годныя, але ніводнай не хацеў, дык яму яе мосць царыца такую ласку зрабіла, што па яе сама паслала экіпаж, 15 чалавек і тысячу рублёў выдаткавала на дарогу, і вось яна, дама тая, з гонарам прыехала ў Пецярбург і стала перад яе мосцю царыцай, і яе мосць царыца хваліла яе і абаіх тут блаславіла, а хутка, на гэтым самым тыдні атрымаў ён патэнт на капітана ў кірасірскім палку. I справілі ёй дванаццаць пар пышных сукенак, будуар, срэбраныя пудэлкі, два з чыстага золата гадзіннікі, табакеркі, парцьеру за 1000 рублёў над ложкам і шмат рэчаў, і маёнтак, і каляску, і коні, і шматлюднае вяселле ў царскім палацы. 3 Богам, у згодзе, вясёлых і здаровых пакінула я іх у Пецярбургу.


ВЯСЕЛЛЕ ЯГО МОСЦІ ПАНА КІЗЕРЛШГА
Яснавяльможны яго мосць пан Кізерлінг [39], шамбелян найяснейшае яе мосці імператрыцы, падчас маёй бытнасці спраўляў вяселле з адной дамаю верхняга фраўцымеру. У ягоным почце былі ўсе міністры: яснавяльможны яго мосць пан Остэрман, яснавяльможны яго мосць пан Валынскi [40], ясна-вяльможны князь Аляксей Міхайлавіч Чаркаскі і шмат іншых паноў, кавалераў ордэнаў і незлічоная колькасць дам. Дыяментавая карона, кулянт [41] і бранзалеткі коштам 10 000 рублёў, ложак за 20 000 рублёў з табакеркамі і з будуарам, са шпалерамі, et mobilia [42], дванаццаць калясак, запрэжаных шасцерыком, парадныя каляскі, срэбранымі шынамі колы кутыя, былі ядвабныя шторы з золатам, срэбраныя, з пазалотаю бляхі з царскімі гербамі, каля кожнае каляскі два ганцы, шчодра ўбраныя ківеры на галовах, дыяментамі аздобленыя, залатыя жэзлы ў руках, аздобленыя дыяментамі, і кожны ганец, ці скараход, меў запаленую паходню ў руках. Гэты пышны парад быў ужо раней гатовы, бо таго ж года выдала яе мосць царыца замуж сваю нябогу за Ульрыха, князя Гальштынскага [43], якая пасля смерці святое памяці Анны Іванаўны была спадкаеміцаю і царавала сем гадоў.

Гэтая цырымонія пачалася ад царскага палаца і доўжылася аж да палаца яснавяльможнага яго мосці пана Кізерлінга, шамбеляна, актора гэтага вяселля. Калі яны прыехалі, паводле расійскага звычаю, праз якую хвіліну ўцякае яснавяльможны пан малады ў адной толькі кашулі, у шлафроку, у начным каптуры і ў гальштуку, а начныя чаравікі яму павінна даць яе мосць маладая. Гэтыя рэчы былі коштам дзве тысячы рублёў. I вось яго мосць пан малады, як можа, уцякае ў іншы пакой, а тут да ягонага пакоя колькі ёсць людзей, годных дам, кавалераў старых, і маладых, і чужых, нават фурманы і конюхі – штурхаюцца ў пакой, дзе ложак панны маладое, і вось яе ў адной кашулі ставяць на ногі і даюць яе мосці панне маладой вялікую срэбраную тацу ў рукі, на якой колькі дзясяткаў кубачкаў з чыстага золата, поўных цукровае гарэлкі, і вось кожнаму прысутнаму яна з пакораю падае, просячы, каб пілі, і кожны бярэ і п'е, і шчыра Пана Бога хваліць, і бласлаўляе маладых на шчаслівае жыццё і добрае здароўе, і каб блаславенне Божае мелі, і дочкі гэтай панны маладое, каб такімі ж цнатлівымі паннамі замуж пайшлі, «як і маці іх цяпер у вачах нашых цнатлівая панна з дару Божага». Пасля прыйшлі адзін пачцівы і прыстойны кавалер з дамаю замест бацькі і маці яго мосці пана маладога і прынеслі сабалінае футра, зялёнае, аксамітнае з дыяментавымі пятліцамі, шырокае і вельмі доўгае, і акрылі панну маладую, і павіншавалі яе, і паклалі на ложку, і ўсе прысутныя выйшлі ў іншыя пакоі, дзе ім далі шчодра есці і піць, царскую капэлу, танцы, скокі, як звычайна бывае на вяселлі.

Толькі цяпер яго мосць пан малады ціха таемнымі пакоямі прыходзіць да панны маладое, і яны просяць даць ім піць і есці, і застаюцца самі двое толькі са сваімі хатнімі лёкаямі і пакаёўкамі на 24 гадзіны, а пасля абое выходзяць, вельмі пышна ўбраныя, да людзей, што ўдзельнічалі ў вяселлі, і просяць людзей, каб весяліліся, і садзяцца абое на аксамітных крэслах і сядзяць. Як час быў абеду альбо вячэры, дык елі разам з гасцямі. Пра срэбраныя крэдансы і знешні выгляд пакояў, пра мундзіры людзей цяжка пісаць, так багата і стройна гэтае вяселле 8 дзён працягвалася, але пан малады і панна маладая не скакалі, толькі глядзелі і цешыліся; я іх у добрым здароўі пакінула ў Пецярбургу.
АВАНТУРА КНЯЗЁЎ ДАЎГАРУКІХ
Ёсць фамілія шляхетная ў Маскве, князі Даўгарукія [44]; пасля смерці Пятра Аляксеевіча Вялікага, імператара расійскага, застаўся ягоны ўнук ад таго сына, што кажуць, быццам яго Пётр Аляксеевіч загадаў пакараць смерцю. Гэты ўнук меў гадоў 15, а князі Даўгарукія мелі сястру, разумную, гжэчную, пышную князёўну, але яна не хацела ў маладо-ці ісці замуж, бо роўнага сабе не мела, дык ужо мела гадоў 35. У гэты час яе браты, князі Даўгарукія, якія ў той час былі найбольш прыбліжаныя да двара расійскага, падгаварылі таго маладога цара, каб узяў іх сястру за жонку сабе. Ён, цар, як малое дзіця, рады, што яго жэняць, згадзіўся на гэта, але князёўна Даўгарукая ні ў якім разе не хоча і кажа: «Дзед ягоны, Пятро Аляксеевіч, кінуў бабку ягоную, так і мяне гэты малады цар пакіне, як пасталее». Але на гэтыя скаргі не зважалі, толькі выдалі браты сястру сваю за цара, і адразу ж пасля вяселля, паводле звычаю царскага, загадаў цар пышна каранаваць сваю жонку, княгіню Даўгарукую, з парады і навучання чатырох братоў, князёў Даўгарукіх, якія яшчэ пры жыцці Пятра Аляксеевіча раілі яму першую царыцу пакінуць, а другую жонку ўзяць і каранаваць яе. Так сталася, што пасля смерці свайго мужа, вялікага імператара Пятра Аляксеевіча, другая жонка, маці цяперашняй яе мосці імператрыцы Лізаветы Пятроўны, была сапраўды каранаванаю царыцаю і кіравала расійскаю дзяржаваю, пакуль жыла на свеце.

Так князі Даўгарукія хацелі зрабіць і сваёй сястры, каб пасля смерці свайго мужа, калі яго перажыве, настаяшчаю царыцаю была. Але Фартуна інакш павярнулася, бо гэты малады цар хутка захварэў на воспу і, як быў хворы, хацеў у халоднай вадзе купацца, хоць лекар не дазваляў. Князі Даўгарукія дазволілі, дык той малады, бязвінны цар Пану Богу душу аддаў на вечнае збаўленне.

Вынялі яго мёртвага з ванны, паклалі на ложак, убралі ў багатае пышнае сабалінае футра і пасадзілі. I залез за парцьеру, як кажуць, адзін князь Даўгарукі, узяў руку нябожчыка ў сваю руку і пяро ў прысутнасці аднаго архірэя, вялікага прэлата, годнага і сумленнага чалавека, і гэты жывы князь ціхенька гаварыў што хацеў. Быццам бы малады цар сам тастамант піша, а сведкі – шматлікія міністры і архірэй Божы – чулі голас хворага цара і рукою напісаны тастамант, хоць гэта здрада была, бо ў пакоі цёмна было, удзень, пры свечках, сенатары і духавенства здалёку пазіралі, не дакучаючы хвораму цару. I яны засведчылі, што чулі і бачылі, як цар прамаўляў і пісаў, і падпісаліся за сведкаў на тым тастаманце, і толькі пасля паведамілі, што памёр цар, alias малады расійскі імператар.

Адразу ж пасля смерці маладога імператара села на трон княгіня Даўгарукая, жонка маладога імператара, і кіравала расійскаю дзяржаваю разам са сваімі братамі, але пачаліся вялікія хваляванні сярод размаітых саслоўяў, «аднак жа мы маем спадкаеміцу па крыві ад Пятра Аляксеевіча Вялікага, імператара расійскага, гэта значыць Лізавету Пятроўну, а чаму кіруе намі нам роўная?» I вось зразумелі, што той тастамант быў не царскаю рукою пісаны. Дайшлі гэтыя размовы да вушэй князёў Даўгарукіх, і вельмі іх усхвалявалі гэтыя навіны, і раіліся яны між сабою: калі мы абяром імператрыцаю Лізавету Пятроўну, дык яна будзе нам помсціць за недагляд маладога цара, які быў сынам роднага брата Лізаветы Пятроўны, што дазволілі ці раілі хвораму на воспу купацца ў халоднай вадзе, і ён ад гэтага купання памёр. Таксама за тое, што абралі сястру сваю імператрыцаю, мінуючы сапраўдную спадкаеміцу, і што выдумалі тастамант, а таксама іншыя законы парушылі. Дык, маючы яшчэ моц і ўладу, паехалі ў Курляндыю і выбралі Анну Іванаўну.


ГІСТОРЫЯ КІРАВАННЯ АННЫ ІВАНАЎНЫ
Анна Іванаўна была дачкою Івана, роднага брата Пятра Аляксеевіча. Калі гэтая Анна Іванаўна была яшчэ маладою прынцэсаю, у яе бацькі Івана Аляксеевіча быў князь курляндскі [45] прыдворным кавалерам. Гэты кавалер быў годны, прыгожы, меў усе добрыя чалавечыя якасці, і вось па волі Пана Бога гэты князь курляндскі закахаўся ў Анну Іванаўну так, што яму цяжка і жыць без яе было, як таксама і Анна Іванаўна гэтага князя курляндскага ўзаемна пакахала. Тут даведаўся яе бацька, Іван Аляксеевіч, і быў супраць таго, каб ягоная дачка пайшла замуж за курляндскага князя, і так моцна забараніў, каб ужо больш ніколі дачка ягоная не гаварыла і не бачылася з курляндскім князем, ад чаго яны, прысягаючы ў вернасці, нясцерпны смутак і неспакой перажывалі ў пакоры і ў цярплівасці.

Але быў у князя курляндскага хлопец, які зваўся Бірон. Гэты хлопец быў годны шляхціц, добрае адукацыі, ведаў розныя мовы, ціхі, пабожны, цвярозы, верны і старанны на панскіх паслугах. Анна Іванаўна, прынцэса, таксама мела дзяўчыну-пакаёўку, надзвычай верную, вясёлую і добрасумленную, якая пані сваёй ад усяго сэрца спрыяла і любіла яе, рада была ёй зоркі з неба даставаць.

Гэты Бірон, лёкай князя курляндскага, і пакаёўка Анны Іванаўны па загадзе пана і паненкі часта бачыліся, і Бірон ад князя курляндскага лісты перадаваў ў рукі пакаёўцы Анны Іванаўны, а пакаёўка Анны Іванаўны таксама лісты аддавала Бірону, каб перадаваў князю курляндскаму. Такое ліставанне доўгі час трывала дзякуючы гэтым дваім верным лёкаям. Пасля, на гора, злавілі іх няшчасных з лістамі і моцна збілі абаіх па загадзе бацькі прынцэсы Анны, ды так сурова пакаралі, каб больш ніколі не наважыліся лісты насіць. Аднак пасля пакарання яны былі больш асцярожныя і ў вялікай таямніцы лісты насілі. Гатовыя былі не тое што пакаранне, а нават вечнае зняволенне альбо смерць вытрываць, толькі б паноў сваіх волі паслухмянымі быць.

Аднаго разу заспела Анна Іванаўна свайго бацьку ў добрым гуморы, кінулася яму ў ногі і сказала: «Тату мой і пане міласцівы, дазвольце мне, ваша царская мосць, быць клятваю злучанаю сяброўкаю князя курляндскага, за што і Бог сам і неба ласкавыя да цябе будуць, бо яшчэ ніколі кепскага прыкладу ў доме нашым расійскім не было. Крый божа, каб я сама пачаткам чаго непрыстойнага была. Стаю перад табою, тату мой, маеш моц за мае смелыя словы ўладаю вашае царскае мосці загадаць злітавацца з мяне альбо пакараць».

Разважлівы бацька, убачыўшы звар'яцелую сваю дачку і значную перамену яе здароўя, дазволіў, але сказаў так: «Калі хочаш ісці замуж за каго сама хочаш, нічога ў пасаг не возьмеш з дому майго». Згодная Анна Іванаўна і без пасагу пакінуць дом бацькі свайго. Яна адразу пасылае князю з пакаёўкаю сваёю ліст, які атрымлівае Бірон і перадае стомленаму чаканнем свайму пану, князю курляндскаму. Як прачытаў князь такі чаканы ліст, дык адразу ж загадаў вызваліць усіх нявольнікаў у сваім княстве і 3000 рублёў раздаў у той дзень убогім. Пасля смела пайшоў у палац, кінуўся ў ногі Івану Аляксеевічу з годнымі панамі міністрамі, і прасіў рукі ягонае дачкі Анны Іванаўны, і запісаў ёй перад шлюбам сваё княства Курляндскае на вечнае карыстанне і ўсё, што мае і мець будзе. Такія пачуцці меў князь да жонкі свае.

Бірона таксама, хлопца свайго, з той гадзіны прызначыў маршалкам свайго двара, а Анна, жонка ягоная, прызначыла сваю пакаёўку першаю дамаю верхняга фраўцымеру. I вось праз столькі гадоў у царскіх палацах і пакоях, кожны зразумець можа, калі царская дачка замуж ідзе, якое пышнае вяселле было. Пасля забірае князь курляндскі жонку сваю Анну Іванаўну з Пецярбурга ў свой край у княства Курляндскае і там, шчасліва размясціўшыся, спраўляе надзвычай шчодрае вяселле Бірона з тою старэйшаю дамаю верхняга фраўцымеру.

Але ж князь яго мосць доўгі час не мог ажыццявіць свой намер ажаніцца з Аннай Іванаўнаю, дык ад цяжкага смутку і празмерных пачуццяў ён захварэў і так прасіў жонку сваю: «Усё, што я толькі маю, падараваў вашае царскае мосці, аб адным толькі прашу, памятай пра нашага вернага лёкая Бірона, бо што толькі яму добрага ўчыніш, тое Богу будзе і, уласна, быццам мне самому, бо тое, што нас Пан Бог злучыў на гэты кароткі час, што мы пацешыліся, ад Бога быў нам на дапамогу Бірон наш каханы, а я, – кажа князь курляндскі, – памерці мушу хутка, бо не чую сэрца ў сабе». Так і сталася. Пасля пераезду з Пецярбурга ў княства сваё ўдзельнае Курляндскае разам з жонкаю сваёю, жаданаю Аннаю Іванаўнай, імператрыцаю расійскаю, праз шэсць тыдняў са светам развітаўся і Пану Богу душу сваю аддаў.

Пасля смерці князя была ягоная жонка ў смутку і жалобе і загадала мужа свайго, князя, экзентэраваць [46], і знайшлі сэрца ягонае высахлае, толькі як галубінае яйка.

Пасля пышнага пахавання князя паклікала Анна Іванаўна свайго лёкая Бірона разам з жонкаю ягонаю і так мовіла: «Забяспечвайце мае невялікія патрэбы, абы-толькі па-чалавечы жыць і госця прыстойнага прыняць магла. Я ўжо замуж, крый божа, не пайду, а цябе, Бірон, прызначаю камісарам і намеснікам маім. Уладар і кіруй княствам мужа майго, толькі з хвалою Божаю і без крыўды людское. Я хачу задаволіць волю нябожчыка мужа майго і пана твайго, хачу прызначыць цябе спадкаемцам пана твайго і гэтага княства Курляндскага». I вось з плачам, са смуткам і з вялікаю пакораю абое, ён з жонкаю сваёю, кінуліся ў ногі пані сваёй Анны Іванаўны і абяцалі ёй верна і старанна служыць да скону жыцця свайго, да апошняе кроплі крыві сваёй, калі б гэта патрабавалася, і таксама павагу і пашану абяцалі. Так і сталася. Пражыла Анна Іванаўна ўдавою ў княстве Курляндскім у спакоі, пабожна, колькі гадоў, а кіраваў Бірон.

Тут прыехалі з Пецярбурга чатыры браты, князі Даўгарукія, і кажуць ёй, што маюцца абраць яе сваёю манархіняй, імператрыцаю расійскаю. Адказала Анна Іванаўна: «Як жа гэта быць можа, калі жывая сапраўдная спадкаеміца Лізавета Пятроўна, родная дачка імператара Пятра? А як жа я магу панаваць, будучы далёка ад трона, бо я ж дачка царскага брата, Івана Аляксеевіча?»

Адказалі князі: «Прысягні толькі нам у тым I і тым, што, уступіўшы на трон, стрымаеш, і не хвалюйся. Лёгка цябе мы імператрыцаю расійскаю ўкарануем». Пасля доўгіх размоў згадзілася Анна Іванаўна і прысягнула таму, чаго хочуць і жадаюць князі Даўгарукія, і адразу выбіраецца ў дарогу да сталіцы Масквы, дзе па традыцыі імператараў карануюць. Блізка быў дзень каранацыі, дык, паводле звычаю, трэба было падрыхтавацца да сакраментальнай споведзі, і мусіла Анна Іванаўна спавядацца перад архірэем Божым, што абяцала князям Даўгарукім, а тое абяцанне супярэчыла старому праву і артыкулам царскіх продкаў. I вось ёй духоўны архірэй дазволіў: лепш прысягу парушыць, што давала Даўгарукім, якая супярэчыць Пану Богу і сапраўднаму праву, і лепей цяпер пры каранацыі прысягнуць таму, што належыць да справядлівасці і да айчыны. Каранаваная была Анна Іванаўна, імператрыца маскоўская, у 1730 годзе.

А князёў Даўгарукіх, чатырох родных братоў, загадана па ўказе найяснейшае імператарскае яе мосці Анны Іванаўны ўзяць пад арышт, і Анна Іванаўна пасля свае каранацыі паехала ў Пецярбург. Аднак князі Даўгарукія не думалі адмовіцца ад свайго намеру і, пад арыштам будучы, шукалі магчымасці выступіць супраць найяснейшае манархіні. I вось у бытнасць маю ў Пецярбургу ў 1739 годзе па ўказе Анны Іванаўны загадана ўсіх братоў Даўгарукіх пакараць смерцю, і ўсе чатыры пад катаў меч пайшлі.

Тым часам я, узяўшы на дапамогу Пана Бога, дбала пра тое, каб сабе ў людзей рознага стану ласку мець, а найперш у яе мосці царыцы, хоць я заўсёды за гэта мела розныя непамыслоты, зайздрасць, што яе мосць царыца да мяне вельмі ласкавая была, але я гэта з ласкі Пана Бога цярплівасцю перамагла, нічога кепскага ні пра кога ў адказ не кажучы, і такім чынам зразумела, што маю надзвычай ласкавую найяснейшую імператрыцу.

У маю бытнасць быў там у няволі Ях'я-паша, турак паважны і выдатнага розуму, цудоўны мужчына, і Калчак-паша, таксама вялікае павагі чалавек, з гэтымі панамі мела я магчымасць хоць штодзённа размаўляць, што не кожнаму дазволена, але мае Ях'я-паша і Калчак-паша вельмі мяне шанавалі, паважалі справядлівасць маю, што я абодвум бакам усяго добрага зычыла, як маскалям, так і туркам, бо некалі такая спрэчка адбылася ў прысутнасці яе мосці царыцы.

Была там старая белагаловая Аўдоцця Міхайлаўна, што жыла ў Стамбуле ў няволі гадоў 40; адзін пасол Аляксандр Віснякоў выкупіў яе ў Стамбуле з няволі і прывёз у Пецярбург, і засталася з літасці ў яе мосці царыцы тая Міхайлаўна ў царскім двары. I пыталіся ў гэтае белагаловае пра звычаі турэцкія. Яна моцна хлусіла, выдумляла пра туркаў, што жалезнымі распаленымі абцугамі цела яе палілі і шмат разоў, купіўшы ёй абутак, насыпалі ў яго распаленых вуглёў і загадвалі ёй абувацца. Дык яе мосць царыца кажа мне: «Саламанида Ефимовна, какая ты противница, ты гаварыш, как бы твои турки люди срадные, а посмотри, какие враги, как бедную Михайловну попортили». Адказваю: «Смилостивша асударыня, Михайловна врет, няхай пакажа тыя знакі на целе сваім, дзе яе палілі». У мяне ў дзяцінстве быў парэзаны нажом палец, я паказваю: «Гэтаму парэзу ўжо больш дзесяці гадоў, аднак знак застаўся, дык і ў цябе, Міхайлаўна, павінны быць знакі, ці ты мусіла быць, даруй мне, зладзейкаю альбо якою распутніцаю і маглі б цябе і хрысціяне мучыць, не тое што туркі. Я, дзякуючы Богу майму, паехала ў Турцыю ў маладыя гады мае, у чатырнаццаць гадоў, з мужам маім, але ў мяне ніводзін турак нічога не ўзяў, не біў, не лаяў, бо я заўсёды кепскае кампаніі асцерагалася. Прытым калі турак купіць каня альбо карову ці нешта падобнае, ён іх корміць, гадуе, а за нявольніцу трэба даць колькі соцень леваў і паліць ёй ногі, калечыць? Гэта ніколі быць не можа». Так яе мосць царыца пагадзілася з мае праўдаю і сумленнасцю.

Даведаліся пра гэта мае два пашы, якія ў той час у няволі былі ў Пецярбургу, Ях'я-паша і Калчак-паша і іншыя годныя туркі, што я адстойваю праўду пра туркаў і не даю беспадстаўна зняслаўляць іх гонар, надзвычай былі задаволеныя і абяцалі мне шмат добрага засведчыць, калі Пан Бог вызваліць іх шчасліва з маскоўскае няволі.

Аднойчы ўбачыла я найяснейшую імператарскую яе мосць ласкаваю да сябе, дык прыніжана прасіла яе, каб яна паслухала мае нягоднае просьбы і падарыла мне двух туркаў, нявольнікаў з горада Рушчук, на гэта яна мне ласкава адказала: «Толькі двух туркаў? Я табе і чатырох туркаў падарую». Я разумела, што сказаць лёгка, а пасля гэта забудзецца. Ёсць іншыя патрэбы, хто пра мае інтарэсы помніць будзе, але дакучаць пра гэтую рэч баялася, каб не апрыкраць. Аддалася цалкам на волю Пана Езуса і пайшла тае начы спаць.

Назаўтра падымаюся і знаходжу ў сябе ля падушкі загад з царскаю пячаткаю на вызваленне чатырох туркаў: з фартэцыі рэвельскае двух і двух з фартэцыі нарвскае. Я супакоілася, бо мяне Бог мой пацешыў у намерах маіх, дык з гэтага дня пачала я старацца пра дазвол, каб магла выбрацца з маімі туркамі ў дарогу, у Польшчу.

Быў там адзін міністр Арцём Пятровіч Валынскі. Мяне аддалі яму ў апеку, каб забяспечыў мяне і мае патрэбы на дарогу. Запрасіў мяне той міністр з сабою ў міністэрскі палац. Аднаго дня пачаў са мною той міністр Валынскі размаўляць, колькі будзе каштаваць дарога з Пецярбурга да Польшчы мне, людзям маім і туркам маім. Даволі, кажа, рублёў пяцьдзясят. Вельмі мне не даспадобы быў гэты кепскі план скнары міністра, бо то не з яго ласкі, а з ласкі Пана Бога і найяснейшае яе мосці царыцы. Дык я, паціху забраўшы свае рэчы, перабралася ў палац Аляксея Міхайлавіча, князя Чаркаскага, майго вялікага дабрадзея, што меў жонку Марыю Юр'еўну, княгіню Трубяцкую, якой я з Польшчы, з Вільні лісты прывезла ад аднае сенатаркі, што была за Дуніным, княгіні Трубяцкое. Паскардзілася я князю яго мосці Чаркаскаму, які таксама быў міністр, што мне яснавяльможны яго мосць пан Валынскі толькі 50 рублёў на дарогу дае, а ён яе мосці царыцы паскардзіўся, і загадала яна мне яшчэ раз да яе прыйсці.

Стала назаўтра я перад яе мосцю царыцаю, якая мне вельмі лёгка аўдыенцыю дала, і руку пацалаваць, і смяялася: «Дык гэта табе так міністр Валынскі дапамог?» Адказваю: «Найяснейшая манархіня, усё ж гэта не доўг. Я і за гэтую дробязь прысягаю Пана Бога прасіць заўсёды за вашае царскае мосці здароўе і шчаслівае панаванне». Дык мне яе мосць царыца загадала са скарбцу свайго адлічыць 1000 рублёў, тканіны, кубкаў вялікіх 12 і кубкаў малых срэбраных 12, нават сурвэтак тузін з царскімі гербамі ды іншае, за што я, укленчыўшы перад Богам і гэтаю манархіняю, паводле звычаю, падзякавала Пану Богу і гэтай манархіні, дабрадзейцы маёй, і развіталася з ёю, і ўзяла бласлаўленне з вуснаў яе, і развіталася ў двары з усімі знаёмымі і прыяцелямі маімі, і вярнулася зноў у палац князя Чаркаскага.

Але пані мая з ласкі Бога дабрадзейка, яе мосць царыца падумала сабе, што цяпер дала мне 1000 рублёў і галантарэі ўсякае і вызваліла мне чатырох туркаў-нявольнікаў і, баючыся, каб мяне праз тыя грошы туркі ў дарозе, крый божа, не забілі, загадала яшчэ адзін указ даць, абы мне ў Нарве пасля выдання першых двух туркаў далі канвой, гэта значыць капрала і шэсць жаўнераў, якія б мяне суправаджалі аж да Польшчы, да маёнткаў светлых князёў Радзівілаў, да Біржаў.

I вось я развіталася з князем Чаркаскім, панам маім, і княгіняю Марыяй Юр'еўнаю (з дому князёў Трубяцкіх, жонкаю гэтага князя), і дачкою іх Варвараю Аляксееўнаю, і з усім дваром іх пабожным, усялякае пахвалы ад Бога і ад людзей вартага. Гэта княжна Варвара Аляксееўна пайшла хутка замуж за князя Шарамецьева, вялікага князя, сведчу Богам і не таму хвалю, што мне шмат у чым спрыялі, бо калі спытацца ў таго, хто быў у гэтым краі і ведаў тых дам, той мяне падтрымае. Ах, Пане Божа, калі хто з іх жывы, дай ім, Божа, шчасця, аман.

Я выехала з Пецярбурга ў Нарву, заехала да яснавяльможнага яго мосці пана Тараса Абрамавіча Шацілава, генерала і каменданта тае фартэцыі, і паказала свой ардынанс. Мне ён выдаў са свае фартэцыі двух сіпахаў [47], гэта значыць вайскоўцаў, і ў Нарве ўзяла сем жаўнераў канвою, двух туркаў і паехала ў Нарву [48] і там, прыехаўшы, спынілася ў адной аўстэрыі, бо не адважылася да пана генерала, таму што не была знаёмая з ім, як у Нарве.

Але як даведаўся яго мосць пан Бісмарк, генерал і камендант фартэцыі рэвельскае, пра мой прыезд, дык адразу ж паслаў па мяне экіпаж, і я пераехала ў ягоны палац. Прачытаўшы ардынанс найяснейшае царыцы, з вялікаю ахвотаю аддаў мне той годны кавалер двух туркаў-янычараў, таксама з Рушчука, бо я сама, прынамсі, з Рушчука хацела, і не дазваляў мне тры дні ў дарогу выязджаць, таму што лютая зіма была. Бог яму заплаціць за дабрадзейства і спагаду, якія мне гэты цудоўны кавалер засведчыў, бо я штодзённа з яго мосцю і з ягонаю паняю генераліхаю па некалькі візітаў рабілі да найвыдатнейшых асоб у горадзе Рэвелі разам з самім панам генералам Бісмаркам і ягонай жонкаю ў адным экіпажы, запрэжаным шасцерыком, і вельмі нам усюды радыя былі, і гэта ўсё ішло з ласкавага сэрца абаіх ягамосцей, хвалілі мяне за маю адвагу і добрасумленнасць, што такога дабіцца ў яе мосці царыцы змагла белагаловая, чаго і мужчыне цяжка.

Развітаўшыся з генеральскаю сям’ёю і ўсімі добрымі прыяцелямі і знаёмымі, паехала я з Імем Бога ў Рыгу з двума людзьмі маімі, гэта значыць з пачцівым пабожным чалавекам Бенядыктам Скалубовічам і з другім сякім-такім Юзафам Бяліцкім, з чатырма туркамі, сем жаўнераў-маскалёў канвою, адною маскоўскаю кібіткаю, ці будкаю, запрэжаную шасцерыком, якую мне падаравала яе мосць царыца, вазком, запрэжаным чацвёркаю коней, і двума коньмі і санямі для туркаў. Так мы шчасліва паехалі з Рэвеля ў Рыгу.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка