Саламея Пільштынова



старонка7/15
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.06 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   15

АВАНТУРА МАЗЕПЫ
Я ўсё тут пра Маскву пісала, дык успомніла і пра Мазепу [70], што быў фельдмаршалам яшчэ ў Пятра Аляксеевіча, і быў ён у манарха гэтага ў вялікай пашане, бо заўсёды Пятро Аляксеевіч бацькам называў яго, таго Мазепу, фельдмаршала свайго, як я чула ад годнага шляхціца, вяльможнага яго мосці пана Якубоўскага ў ваяводстве Кіеўскім. У ягоным дзяцінстве, калі Украіна была даведзена да галечы і ўсе вёскі і гарады стаялі спустошаныя, Мазепава маці са сваёю сястрою ў Кіеве, у Пячорску [71], мнішкамі былі ў кляштары і гэтага вяльможнага яго мосці пана Якубоўскага трымалі на стале, распавяла Мазепава маці, і дзе ейнага сына вёскі і землі былі.

I гэты вяльможны яго мосць пан Якубоўскі, як я лячыла ў Навасёлцы, сам сумленна распавёў мне, што той Мазепа кахаў адну замужнюю шляхцянку, якая жыла непадалёку, паўмілі ад яго, а быў той Мазепа чалавек малады, зграбны, мужны і ўмелы, бо ў школу хадзіў, і каля яго чыста, акуратна, і каня заўсёды меў добрага, і ўсё што трэба да каня, і часта там у той пані бываў. Даведаўся пра гэта муж той шляхцянкі і падпільноўваў, калі ён распранецца і зброю пакладзе. Пасля муж на яго напаў са сваімі лёкаямі і распрануў дагала таго беднага Мазепу і люта збіў бізунамі, пасля памазаў мёдам, у гусіным пер'і выкачаў і на каня задам наперад пасадзіў, рукі назад звязаў, а ногі – пад канём, ды каня загадаў на дарогу завесці, вось так ён сярод белага дня ў сваю вёску прыехаў да маці свае на двор. Збеглася ўся вёска на дзіва. Знялі яго з каня, развязалі, абмылі, маці бедная з сястрою змазалі, перавязалі тыя раны, і ён адляжаўся.

Ачуняў ён, але саромеўся суседзяў і знаёмых, а таксама маці свае, і мусіў небарака пакінуць каханку сваю, і развітаўшыся з маці і сястрою сваёю, атрымаў ад іх блаславенне і паехаў за Дняпро да Масквы. Адным словам, нейкім дзівам трапіў да самога імператара Пятра Аляксеевіча. I быў той Мазепа з погляду чалавек прыгожы, разумны, умелы, пры гэтым навучыўся асобным мовам, як кажуць калі захочаш, дык зможаш, таксама і расійскую мову вусную і пісьмо вывучыў, і так яму пашанцавала, што стаў фельдмаршалам расійскім. Але, я думаю, пры ягоным шчасці баязлівасці Божай не меў, дык падняў бунт супраць цара Пятра Аляксеевіча і хацеў яго туркам выдаць пад Брагіловам [72], ля Дуная.

Таму вельмі цяжка давялося, бо так туркі слаўнае памяці імператара Пятра Аляксеевіча атакавалі, што Пятро Аляксеевіч загадаў сабе магілу выкапаць і пасцель ягоную там у магіле паслаць, як і Кацярыны-шведкі, другое жонкі свае, і загадаў войску свайму: калі будуць бачыць, што ўжо іншага выйсця няма, толькі як трапіць жывымі ў няволю турэцкую разам са сваёю жонкаю, тады лепей, каб яго з ёю зямлёй прысыпалі і каб разам з ёю памёр. Але ж воля Пана Бога наканавала так, што ўдала ён гэтае бяды ўнікнуў і з жонкаю сваёю, з войскам сваім вярнуўся ў свае маскоўскія межы. А князя Бранкавана Канстанціна [73], які таксама ў той час бунт падняў, alias абмануў турэцкага імператара (бо той князь Бранкаван быў у той час гаспадаром муль-танскім у Бухарэсце), яго ўзялі ў няволю ў Стамбул і пасадзілі ў Еды Куле [74] і галаву яму адсеклі.

Якою смерцю памёр Мазепа, я не магла даведацца, але ведаю, што не сваёй, А ў Батурыне [75], горадзе гетманскім, загадана з funditu [76] палац перакуліць і зямлю, дзе ступалі Мазепавы ногі, на сажань углыбіню ва ўсім Батурыне выкапаць, з горада вывезці і de novo пасвянціць, жонку і дзяцей знішчылі ўсіх да аднаго і радных паноў, прыяцеляў ягоных; а маці з сястрою-мнішкаю, што ў Кіеве ў Пячорску ў манастыры былі, кажуць, ад страху, але сваёй смерцю памерлі, аднак манастыр зруйнаваны. Цяпер ужо на тым месцы стайня. Калі часам была ў Кіеве альбо ў Пецярбургу ў царкве, дык чула, як яго праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля смерці пракліналі: «Да нехай буде прокляты». Такія вось благія ўзнагароды атрымліваюць кепскія лёкаі, і кожнага здрадніка няхай Бог так узнагародзіць.
АВАНТУРА КІРЫЛА РАЗУМОЎСКАГА
Я, будучы ў Казельцах, мястэчку за Дняпром, што за дзесяць міль ад Кіева, не тое што ад дзесяці, але чула ад некалькі дзясяткаў чалавек, якія ведалі і Кірылу Разумоўскага, і бацьку, і маці, і братоў, і сясцёр ягоных: бацька ягоны быў просты мужык, і загадвалі Кірылу заўсёды пасвіць валы, а ён не мог іх дапільнавацца, бо яны ў шкоду ўкідваліся, у жыта ці ў пшаніцу, і заўсёды беднага хлопца білі. Гэты Кірыла меў надзвычай добры голас і рады быў на кобзе альбо на скрыпцы як мог іграць. Аднаго дня плакаў ён крывавымі слязьмі і прасіў Пана Бога, каб яму добрага пана даў, каб мог навучыць чытаць і пісаць, і на бандуры добра граць, і на размаітых інструментах. I вось аднаго дня, пакінуўшы валы ў полі, пабег ён дарогаю, босы, без шапкі і плачучы, Бога просіць: «Ісусе, Сыну Божы, памілуй нас!» Бо больш нічога не ўмеў. Тры дні пасля таго, як уцёк ад валоў, не еў нічога, нікуды не заходзіў, бо баяўся, каб яго зноў дахаты не вярнулі. Тут едзе нейкі маскоўскі палкоўнік, бачыць: малое дзесяцігадовае дзіця плача ў лесе. Загадаў спытацца ў яго, куды ідзе і чаго плача. Адказвае: «Я пана шукаю і вельмі галодны».

Загадаў той палкоўнік есці яму даць і кажа: «Хлопча, калі б я ведаў, што ў мяне будзеш верна служыць, што нічога не ўкрадзеш, узяў бы цябе». Кірыла прысягае Панам Богам, што будзе яму верна і старанна служыць і платы ніякай не хоча, толькі каб яго на бандуры загадаў вучыць і на скрыпцы і на іншых інструментах, бо вялікую ахвоту да музыкі мае.

Гэты палкоўнік, узяўшы Кірылу да свайго двара, загадаў яму вопратку справіць і знайшоў у ім хлопца паслухмянага, вернага, разважлівага. Стаў ласкавым да яго і выканаў жаданне Кірылы: загадаў вучыць яго чытаць, пісаць і на размаітых інструментах граць. Прытым ёсць такі звычай у Маскве, што ні арганаў, ні іншай якой музыкі ў царкве няма, толькі ў час службы Божае пеўчыя спяваюць. 3 гэтымі пеўчымі Кірыла яшчэ лепш развіў свой голас, спяваючы па нотах, і вось пабожна жыў мой Кірыла сем гадоў у таго палкоўніка сярод самавітых людзей, верна і старанна пану свайму служыў, таму меў ад свайго пана вялікую ласку, і ўсе дамовыя любілі яго і дзівіліся, што простае вясковае дзіця такому майстэрству і такім манерам навучылася.

Пашчасціла таму пану палкоўніку, у якога Кірыла служыў, па важнай справе ехаць у Пецярбург, а як Кірыла верна і старанна служыў, дык не мог вяльможны яго мосць пан палкоўнік абысціся без ягоных паслуг, дык бярэ яго з сабою ў Пецярбург. I здарылася таму яго мосці пану палкоўніку ў той царкве быць, дзе царская дачка была, Лізавета Пятроўна, а ў Маскве ў час службы Божае спяваюць надзвычай добрыя пеўчыя, там заспяваў і Кірыла. Як пачула Лізавета ягоны голас, адразу пажадала мець сабе за спевака ў сваёй капэле, бо вельмі, як мне вядома, любіла яна музыку і, што я бачыла, мела дванаццаць дзяўчат, якія на бандурах гралі. Пасля гэтага царэўна, гэта значыць Лізавета Пятроўна, прасіла вяльможнага яго мосць палкоўніка, каб ёй свайго хлопца, спевака Кірылу, уступіў, і вяльможны яго мосць пан палкоўнік – воляй-няволяй – свайго Кірылу падараваў прынцэсе Лізавеце Пятроўне.

Пры двары Лізаветы Пятроўны ён яшчэ лепей навучыўся спяваць, граць на размаітых інструментах, а найбольш на бандуры, і атрымаў гэты тытул: Кірыла-бандурыст, і служыў у гэтае пані гадоў трынаццаць. Быў ён чалавек добрых поглядаў і сярэдняга росту, разумны, дасціпны, ціхі, разважлівы і пабожны, ніколі кепска не паказаў сябе і гэтым заслужыў сабе ў пані сваёй вялікую ласку, і яна яму ва ўсім спрыяла.

Як прыйшоў час тых імянін дачкі Анны, рэгенткі кароны расійскае (пра гэта я вышэй распавяла), дык Кірыла-бандурыст даў тую раду і сам мужна зрабіў, што смела пайшоў у палац з манархіняй сваёй Лізаветай Пятроўнай і звязаў Ульрыха, князя гальштынскага, і малжонку ягоную Анну, рэгентку кароны расійскай, Бірона, і Остэрмана, і іншых міністраў. Гэта ён, а не які іншы Кірыла-бандурыст. Пасля атрыманае вікторыі, ужо як Лізавета Пятроўна стала з ласкі Божае расійскай імператрыцаю, нікога супраць сябе не маючы і, як усе каралі і цары, маючы ад Пана Бога ўладу і моц мужыкоў набілітаваць, дык адразу Кірыла-бандурыст быў набілітаваны разам з усёю сваёю сям'ёю, і цяпер яго завуць граф Кірыла Разумоўскі, і ён першы міністр і дарадца яе мосці царыцы. Хутка паслалі па ягонага малодшага брата і прывезлі яго ў Пецярбург. Таксама набілітавалі і аддалі ў школу, і ён у хуткім часе чаму мог, таму навучыўся, і паслалі яго ў Прусію, і навучыўся мове нямецкай, толькі за год. Пасля ён вярнуўся ў Пецярбург, яе мосць царыца Лізавета Пятроўна аддала за яго сваю сваячку і зрабіла яго расійскім гетманам.

Меў гэты яснавяльможны яго мосць пан граф Кірыла, першы міністр расійскага двара, старую маці ў той жа вёсцы ля мястэчка Казельцы, што за дзесяць міляў ад Кіева, вельмі бедную і простую. I вось быў загад яе мосці царыцы, каб адзін генерал з цэлым рэгіментам і шмат дам верхняга фраўцымеру па яе паехалі, шэсць карэт, запрэжаных шасцерыкамі, і загадала яе мосць царыца ўганараваць маці яснавяльможнага яго мосці пана графа Разумоўскага. I вось, выехаўшы з Пецярбурга, гэты эскорт шчасліва спыніўся ў той вёсцы, дзе жыла маці графа Разумоўскага. Як сталі ля халупкі, дык і на двор заехаць нельга было, такі ён быў маленькі, увайшоў у халупку сам генерал, і штабс-афіцэр, і дамы. Яна, бедная старая, з нагамі забралася на печ з кудзеляю, але ж яе прасілі мужыкі-суседзі, каб злезла з печы, бо ў яе госці ад сына. Генерал нізка схіліўся перад ёю, як перад годнаю дамаю, і руку пацалаваў, і дамы ёй вялікую пашану выказалі, бо былі дзве францужанкі, дзве немкі, а рэшта – паненкі розных станаў.

Як толькі маці графа Разумоўскага стала босая пасярод халупкі, дык адразу на яе чорную зрэбную кашулю накінулі сабалінае футра коштам тры тысячы рублёў, пакрытае зялёным аксамітам. Пасля яе ў ванне выкупалі, валасы прыгожа пастрыглі па модзе, мелі яны прыгатаваныя сукенкі, рагоўкі і іншае, што належыць да строю годнае дамы, і яе надзвычай багата ўбралі, і ў карэту, запрэжанаю шасцёркаю коней, пасадзілі, і сказалі ёй: «Ты вартая гэтага, мілая пані, бо такога сына нарадзіла, што так верна сваёй манархіні служыць». I завезлі яе ў мястэчка Казельцы, у замак, там яе далікатнымі стравамі пачалі карміць, аднак жа, я чула, што яна капусты з салам прасіла.

Нарэшце яна лёгка навучылася добрым манерам, прыгожа есці, піць, людскай галантнасці, і вось яе прывезлі ў Пецярбург ды адразу паставілі перад Лізаветай Пятроўнаю, расійскай імператрыцаю, яе мосцю царыцаю. Загадала яна крэсла каля сябе ёй паставіць, садзіцца прасіла, і так яе мосць царыца Разумоўскай мовіла: «Пазнай свайго сына сярод гэтых кавалераў». Адказала старая: «Няма ў мяне пана сына, загінуў сын мой Кірыла-пастушок, і заўсёды я плакала па ім». Тут усе прысутныя плакаць пачалі. Яе мосць царыца мовіць: «Ваша мосць пане граф Разумоўскі, калі цябе маці твая не пазнае – гэта і не дзіўна (бо ў дзяцінстве ты згінуў), дык пазнай жа сам маці сваю». I вось яснавяльможны пан граф Разумоўскі кінуўся ў ногі сваёй маці, і старая плакала і Богу дзякавала за Ягоныя шчодрыя дары, што яе вартаю ўчыніў мець сына графа і першага міністра ў двары расійскім. О, вось як Пан Бог узнагароджвае добрых і верных людзей і лёкаяў, не толькі калі ў манархаў, але хоць бы роўны ў роўнага служыў, але верна і старанна, без нараканняў, трэба спадзявацца на ласку Пана Бога і волю Ягоную, і ад пана альбо пані сваёй узнагароду добрую атрымаеш.

Яе мосць царыца Лізавета Пятроўна, шчасліва пануючы ў кароне расійскае, узяла да сябе Пятра Фёдаравіча [77], свае роднае сястры сына, бо гэтая Лізавета Пятроўна паннаю была, і гэтага Пятра Фёдаравіча з дзяцінства пры сябе маючы, адукавала і зрабіла спадкаемцам, гэта значыць прэтэндэнтам расійскае кароны, альбо наследнікам, а як будзе яму дваццаць пяць гадоў, абяцала карону ўступіць, а сама пайсці ў манастыр. Нечакана ён вельмі цяжка захварэў, і ўжо ад яго ўсе лекары адступіліся, а сама яе мосць царыца вялікі смутак і маркоту праз ягоную слабасць мела і шмат убогім і мніхам у цэрквах і манастырах раздала, сама Пана Бога шчыра за ягонае здароўе прасіла. Аднойчы прысніла шаноўную асобу, і тая так ёй сказала: «Лізавета, вер і спадзявайся, што не памрэ Пятро Фёдаравіч. Я – апостал Андрэй, пры жыцці хадзіў па гэтым маскоўскім краі, каб хрысціць гэты люд, але нічога не дабіўся ў той час, толькі, прыйшоўшы ў Кіеў, на пясчанай гары ўчыніў Пану Богу ў Святой Тройцы Адзінаму малітвы, каб калі не цяпер, дык хоць калі-небудзь слава Божая і вера хрысціянская распаўсюдзілася ў тым маскоўскім краі, дзе толькі паганцы былі». I меў ён з сабою крыж алавяны вышынёю ў сярэдні локаць, і закапаў святы Андрэй пры жыцці сваім у той пясчанай гары крыж з такім надпісам: «Я Андрэй-апостал, алавяны крыж закапаў, будзе з дапамогаю Пана Бога здаровы Пятро Фёдаравіч ».

Тут прачнулася яе мосць царыца і адразу ж з вялікаю ахвотаю дала зарок паехаць самой з Пецярбурга ў Кіеў і сама задумала рукамі сваімі закласці падмурак царквы. Так і сталася. 3 той гадзіны пачаў Пятро Фёдаравіч ачуньваць і ачуняў. Яе мосць царыца Лізавета Пятроўна разам з графам Разумоўскім і з вялікім дваром з вялікімі выдаткамі паехала ў Кіеў, і пехатою хадзіла па Кіеве, і, як тая Алена, крыжа і месца таго на пясчанай гары шукала, якое ў сне бачыла. I знайшла, і там, на тым месцы, на ўсю прастору, царкву мець хацела, чатыры камяні сваімі рукамі паклала.

Але ўсе мэтры, якія ў гэтым разбіраліся, пярэчылі, што тут ні ў якім разе царква, такі гмах, быць не можа, бо пясок. Аднак жа яе мосць царыца мовіла: «Я тут хачу мець царкву, а не ў іншым месцы» – дык мусілі капаць і падмурак глыбока закладваць, і знайшлі той алавяны крыж, і яе мосць царыца мае яго і цяпер у скарбніцы сваёй ці ў пакоі. А тут да такой крыніцы дакапаліся, што вада так гвалтоўна выбухнула, быццам з бяздоння, і там шмат вады вылілася адтуль, што ніжні Падол у Кіеве ледзь не затапіла. Размаітыя мудрыя людзі рознае раілі, як бы гэтую новую крыніцу спыніць, бо дрэвы, гной, сена, галлё, каменні кідалі, але не дапамагло.

А яе мосць царыца, нічога не ведаючы пра гэтыя штукі, толькі як быццам праз натхненне Святога Духа вымавіла: воўнаю, воўнаю тую крыніцу заткнуць. Так і зрабілі, і з ласкі Пана Бога прыкрылася тая прорва, і пабудавана на тым месцы цяпер велічная царква. Я чула, што граф Разумоўскі хоча стаць першым манахам у той царкве, бо адначасова загадала яе мосць царыца багаты манастыр і палац непадалёку дзеля сябе паставіць у Кіеве, каля Пячорска, і сад надзвычай цудоўны дзеля сябе, бо абяцала Пану Богу, як Пятру Фёдаравічу споўніцца поўных дваццаць пяць гадоў, дык сама Лізавета Пятроўна манаскі строй апране і ў кляштары жыццё сваё доўжыць будзе. Так і сталася.

Ажаніўшы Пятра Фёдаравіча з Кацярынаю Аляксееўнай і бачачы іх нашчадкаў, калі споўнілася Пятру Фёдаравічу дваццаць пяць гадоў, яе мосць царыца, узяўшы Пятра Фёдаравіча, жонку ягоную Кацярыну Аляксееўну і ўвесь пышны двор свой, выехала з Пецярбурга ў Кіеў, але як праехала палову дарогі па Масковіі, дзе знаходзіцца сталіца Навагрод, Кітай-горад [78], Масква, і там крыху забавілася, а цэлы край яе ведаў тое, што яна хоча скласці карону. Ад маладога да старога ўсе паны, абывацелі з розных гарадоў і весяў, купцы, епіскапы, люд паспаліты, ад малога да вялікага спяшаліся ў сталіцу і перад ёю крыжам падалі з плачам: «О, маці наша! О, пані наша, не рабі нас сіротамі, кіруй намі сама, а мы Пана Бога прасіць будзем, каб ты доўга жыла і шчасліва кіравала намі».

Духавенства таксама да сумлення яе звярнуліся, каб ад кароны не адмаўлялася з-за пэўных спраў і інтарэсаў, войска таксама горка плакала, афіцэры і штабс-афіцэры прысягалі на вернасць і абяцалі да апошняй кроплі крыві стаяць за яе і спаўняць яе ўказы.

I мусіла адмовіцца Лізавета Пятроўна ад свайго намеру і дзеля Бога вярнулася ў Пецярбург з такою, я лічу, думкаю: панаваць у кароне расійскай, пакуль будзе жыць. У той час, як яе мосць царыца была ў Маскве, учыніла яна новы парадак. Калі раней там быў звычай такі, што купец-маскаль сабалямі гандлюе на колькі дзясяткаў тысяч рублёў, а сам, і жонка, і дзеці ў кітаі [79] ходзяць, у простым кажуху з аўчыны пашытым, і ў мізэрных халупках жывуць, дык загадала яе мосць царыца гэтых купцоў і багатых мяшчан склікаць да сябе і загадала ім сваім указам паведаміць, што кожны мае колькі тысяч рублёў. Кожны з гэтых падданых праўду сказаў, і вось падалі яе мосці царыцы рэестр, хто колькі мае. Тады яе мосць царыца ўказ, гэта значыць ардынанс, выдала, каб адпаведна багаццю сабе шыкоўныя камяніцы ставілі, каб сабе, і жонкам сваім, і сынам, і дочкам багатыя сукні, і рагоўкі, і шапкі спраўлялі, адным словам, каб локаць дарагое матэрыі па шэсць чырвоных злотых бралі, брабанскія карункі на шапкі па тры чырвоныя злотыя, дыяменты, каштоўнасці, пярсцёнкі, гадзіннікі, і загадвала нават старым белагаловым валасы стрыгчы, завіваць і пудрыць, у багатых саках, султанах [80] і іншых хадзіць стройна, у кунтушах з дарагой матэрыі, сабалямі падшытымі, у такім выглядзе дазволена ў царскія палаты прыходзіць і з годнымі дамамі і кавалерамі размаўляць, глянцу набірацца і добрых манераў.

Загадала дзеля гэтага новага дваранства штодзённа абеды даваць, прыгожымі нажамі, відэльцамі, сурвэтамі карыстацца і за здароўе кілішкамі піць, а пасля ім сурова загадалі, каб так і дома елі і пілі, а калі хто б наважыўся зноў па-ранейшаму жыць, дык каб ягонае багацце канфіскавана было на карысць царскага скарбу. Загадана гэтым белагаловым танчыць, тут царская капэла грае, а яны, бедныя, і ступіць не хочуць, бо не ўмеюць; аднак тут іх танцмайстары і розныя кавалеры вучаць, а тыя простыя белагаловыя, што алей прадавалі, альбо рыбу, альбо што іншае, вельмі багатыя, а цяпер у саку, у рагоўцы, у гафтаваных чаравічках, у ядвабных панчохах, гадзіннікі пры боку, а яны, небаракі, і не разумеюць па гадзінніку. Адным словам, яе мосць царыца з цэлым дваром сваім і з гасцямі нацешылася з тых баляў, асамблей [81], як з мужчын, так і з белагаловых. Надалі ім імёны размаітыя, гербы, чым кожны дом альбо сям'я пячаткі ставіць будзе, загадалі гэтаму новаму дваранству, ці мяшчанам, каб у дамах сваіх настаўнікаў мелі: французаў, немцаў і танцмайстараў, каб сыны іх у школу хадзілі, і розным мовам, і на кані сядзець, добра страляць, танцаваць і музыцы каб навучыліся, нават каб дочкі таксама; гэта падданыя паслухмяна і з ахвотаю выканалі. I праз тры месяцы стала Масква амаль як Варшава, можа, крыху і святочнейшая, і якія просьбы мела яе мосць царыца ад купцоў, бо нельга было знайсці матэрыі, карункаў і чаравікаў у чужаземцаў, мужчын і белагаловых. Яе мосць Царыца загадала, каб тыя годныя дамы, княгіні і жонкі міністраў, штабс-афіцэраў і дваранкі цэлы год не хадзілі ў багатых сукнях, толькі ў кітайках і градэтурах, і гэта таму, каб простаму люду дарагое матэрыі ставала. Гэта, пра што я тут пісала, чула ад генерала Івана Іванавіча Касцюрына [82], што ў той час быў за каменданта ў Кіеве, і ад генерала Глебава [83], што цяпер у Новае Сербіі [84], у Цыбулёве, і ад генерала Харвата [85].
Пра кіеўскія Пячоры што ведаю, тое, далібог, і кажу.

Ад аднаго добрага прыяцеля, што мяне незаслужана пакрыўдзіў на некалькі тысяч, я вельмі плакала, а тут зімою з Кіева ездзіла да Беластока да яснавяльможнага яго мосці пана гетмана кароннага Каятана Браніцкага [86], а тут на Вялікі пост з салёнай рыбай і хлебам, у маркоце, не ў час захварэла, і мая галава так высахла, што ніякая вадкасць ні ў нос, ні ў рот не праходзіла. Так у мяне ў роце і ў носе засыхала, што калі ўдзень, дык міндалавым альбо язмінавым алеем намазвала, aqua plantaginis [87] на паласканне, бо гэта вільгаці і холаду дадае, і размаітыя сродкі прымала, але без дапамогі і надзеі. Калі ў сне тая сухасць прыступала, дык так храпла і шукала вады, што ў той момант сканаць хацела; сорамна мне было між людзей сядзець альбо спаць з-за таго частага мазання, паласкання, храпу, бо мовілі: сама лекарка, іншых лечыш, а сябе не можаш?

I таму заўсёды ў дарозе ў возе ці ў калясцы спала. Калі вярнулася праз год зноў у Кіеў, дык пайшла да пячорскага манастыра, дала на імшу і купіла свечкі сабе і двум маім лёкаям і прасіла Пана Бога, калі гэта святыя ўгоднікі, дык каб я таксама праз іх заслугі ачуняла ад мае прыкрае хваробы. I вось калі з Імем Божым пачала я тых святых у Пячорах абходзіць і чхнула, дык такая вільгаць носам і ротам пайшла, што з таго моманту стала я з ласкі Пана Бога здаровая.
Другі цуд быў у той час, але праз год пасля гэтага. Выпала мне быць зноў у Кіеве, была я ў царкве і бачыла белагаловую ў дзівосным строі; на галаве – як мітра біскупава, але ўвышыню на два локці; футра такое – шырокія рукавы, што чалавек змясціўся б; а як кланялася, дык тая мітра так смешна ківалася, як ветразь на караблі, бо яна была жэмчугам і дыяментамі гафтаваная і з шырокаю аблямоўкаю. Я з цікаўнасцю пра яе пыталася, бо бачыла багата лёкаяў і пакаёвак вакол яе і каляску, запрэжаную шасцерыком, ля манастыра. I мне казалі, што гэта палкоўнічыха. Таксама і палкоўнічыха прыглядалася да мяне, што я ўкленчыла, інакш жагнаюся і строй мой інакшы. Загадала пытацца пра мяне.

Паведамілі ёй, што я лекарка, полька. Пасля набажэнства падышла тая пані да мяне і запрасіла ў свой экіпаж, на што я ад цікавасці лёгка згадзілася, села з ёю ў экіпаж, паехалі мы на яе двор; прасіла яна мяне на абед, я таксама згадзілася, бо мне хацелася есці. Была яна белагаловая разумная, чалавечная, шляхотная, у натуры пабожная і багатая, але непрыгожая. Асмелілася я спытаць яе: «Я тут у Кіеве часта бывала, але вяльможную паню дабрадзейку першы раз бачу».

Паказвае яна пальцам на адзін слічны, надзвычай прыгожы партрэт, які з усіх бакоў пахвалы варты, і кажа: «Ці падобна, каб чалавек з таго партрэта быў маім мужам? Бачыш мяне не маладую, не прыгажуню і з дзіцячых гадоў калеку». I паказала мне свае ногі, Пан Бог пасведчыць, што такіх тоўстых я ніколі не бачыла – як таўшчэзныя збаны, а чырвоныя, сінія, са схільнасцю да чарнаты, а цвёрдыя, як камень, а халодныя, як лёд, а скура на іх, як на дубе кара; і мовіла мне: «Мой муж жыў са мною трыццаць тры гады і па сваёй дабрыні і годнасці мусіў сядзець у Пецярбургу ў яе мосці царыцы, аднак да мяне, хворай, нягоднай, за сябе старэйшай на пятнаццаць гадоў, штогод з Пецярбурга прыязджаў з такімі вялікімі клопатамі і выдаткамі, каб пабачыць мяне, а я ніводнага дзіцяці яму не нарадзіла, аднак ён верна па-хрысціянску са мною жыў, за ўсе гады нічога ніколі не заўважала, бо мела брата, які заўсёды з ім быў contra, і ён таксама жыў у Пецярбургу, каб мог, дык нешта б ведаў, калі што кепскае казалі пра майго мужа, але ён без заган жыў, добры хрысціянін». I мовіла мне: «Зірні на гэты партрэт, што, падобная я на гэтага кавалера?» Пасля прасіла мяне тая пані палкоўнічыха палячыць яе ногі. Адказала я ёй: «3 дапамогаю Пана Бога, лекаў, пластыраў, мулефікацыі [88], парання, пускання крыві, а найперш з дапамогаю цяпла магло б за тры месяцы крыху дапамагчы». Адказала палкоўнічыха: «Я і аднаго дня не хачу ў гэтым годзе ў хаце сядзець, бо штодзённа два разы ў царкву езджу, дзе пахавала мужа майго вернага і мілага, бо я яго цела з Дона дзвесце міль везла сюды ў Кіеў і тое, што мела, каштоўнасцей, жэмчугу – усё тое на карону і на сукенку Прачыстае Маці аддала і сама гафтую арнаты, alias рызы з маімі пакаёўкамі; ягоную булаву, сцяг, як тут зазвычаена, царкве аддала, коней ягоных, каб ваду і гліну вазілі ў кляштар, рэшту маёмасці – на залатыя лямпы і іншыя патрэбы кляштарныя і царкоўныя. Сабе толькі пакінула на пражыццё, бо хачу памерці і разам у адной магіле ляжаць з мужам маім, бо так цяпер учыніла, што ёсць месца гатовае для мяне». Тады я адказала: «Вяльможная пані, на холадзе нічога не дапамогуць пластыры». Дык развіталася з паняю палкоўнічыхай, сяды-тады бачылася з ёю, а пасля я выехала з Кіева.

Праз год па сваім інтарэсе зноў прыехала я ў Кіеў і ўспомніла пра тую паню палкоўнічыху з Дона, што мела пакалечаныя ногі, і ўжо год даўно мінуў пабожнасці ейнае, бо штодзённа абавязкова два разы бывала на набажэнстве ў той царкве ў Пячорску, дзе ейны муж пахаваны. Ужо, можа, цяпер і ў цяпле сядзіць, і лечыць свае ногі, бо мне трыста рублёў абяцала, каб я яе лячыла, але каб яна магла штодзённа два разы ў царкве быць. Дык аднаго дня, як мы ўжо былі знаёмыя, паехала я да яе з візітам. Пасля прывітання звяртаю ўвагу, што ногі палкоўнічыхі маёй былі ў панчохах, у чаравіках, яна, як быццам дзяўчына, зграбна ступала. Здзіўляюся: дзе тая таўсматасць, футравыя панчохі ды два чалавекі, што яе заўсёды вадзілі? Асмелілася я запытаць і павіншаваць з выздараўленнем, пыталася, хто той лекар, што яе вылечыў ад такое цяжкае хваробы, ён варты ўсялякае пахвалы. Адказала мне палкоўнічыха, што сам Пан Бог яе лекарам быў і ўсе святыя пячорскія. Распавяла палкоўнічыха, што, калі закончыўся год ейнага зароку за спачын мужавае душы, пачала яна таксама бываць у Пячорах праз пяць пятніц, просячы Бога і пячорскіх святых вылечыць ейныя ногі, і вось за гэтыя пяць тыдняў цудоўным чынам пачалі ногі худзець, вось так шчасліваю, і здароваю, і зграбнаю стала; так закончыла: «Калі мне дваццаць гадоў было, дык і ў той час з цяжкасцю хадзіла, а цяпер з ласкі Пана Бога зусім здаровая». I дала дзве вельмі тоўстыя срэбраныя нагі царкве пячорскай.

Трэці цуд такі: на Валыні, непадалёку ад Роўна, узяў мяне з Дубна нейкі годны шляхціц, вяльможны яго мосць пан Вільнер, дзеля лячэння свае жонкі ад гектыкі [89]. Я тае пані не бачыла, дык і абставін яе хваробы не ведала, але ведала, што асобных я вылечвала ад гектыкі, тых, хто не так даўно захварэў; таму ўзялася лячыць і, прыехаўшы ў маёнтак таго пана Вільнера, пачала лячыць еймосць ягоную і як магла і ўмела лячыла тую пані. Але дарэмна, хвароба была даўняя. Бацька, маці і сёстры памерлі ад гэтае хваробы, і я бачыла яе сваімі вачамі на Божае пасцелі, без пульсу, без мовы, без духу. Укленчыла я, просячы ў Пана Бога здароўя гэтай пані за заслугі ўсіх пячорскіх святых, хоць бы мне адсюль выехаць і смерці яе не бачыць, трэба было яе жывою пакінуць, а цяпер пакіну яе мёртвую, ад чаго вялікі смутак і сорам мець буду. Ужо яе муж, годны кавалер вяльможны яго мосць пан Вільнер, з дзецьмі, з сястрою, з лёкаямі аплакаў, крык, плач да неба, аднак гэтая пані ўсхапілася, як пасля сну, і села на ложку, і лагодна, разумна з мужам, і з сястрою, і з іншымі размаўляла, ела, піла, спала. Я і падзякавала Пану Богу, што яе цудоўным чынам здароваю бачу, але хваробе невылечнай не веру, каб гэтая пані ачуняла. I прасіла вяльможнага яго мосці пана Вільнера, каб мяне зноў у Дубна на мой двор адвёз, і ён гэта з ласкі свае ўчыніў, і мяне з пашанаю, узнагародзіўшы мае выдаткі і клопаты, адвёз экіпажам у Дубна. Тая мілая пані жыла пасля колькі тыдняў з ласкі Божае і ад хваробы памерла, але не тады, калі я была.
Што ведаю дакладна, тое і пішу пра пячорскіх святых. Чула, але не бачыла наступнае. Хадзілі два студэнты ў школу разам і вельмі сардэчна з дзяцінства любілі адзін аднаго. Паўперамі [90] былі, не мелі бацькоў, ні сваякоў, ні знаёмых. Калі які што выжабраваў, выпрасіў, а другі не меў нічога ў той дзень, дык яму таварыш сваё даваў, і калі які з іх хварэў, другі яго даглядаў. Вельмі пабожныя і дабрачынныя былі яны, і людзі іх моцна любілі, яны добра вучыліся абодва. Як падраслі, казалі адзін аднаму: «Што з нас будзе? Каб ісці ў двор ці каб ажаніцца, патрэбна вопратка, грошы, коні, куды ні сунься, усюды грошы трэба, дык навошта нам гэты крывадушны свет? Пойдзем у манастыр. Гатовая вопратка і стол, будзем разам Пану Богу служыць і душы нашыя ўратуем». Так і сталася. Абодва разам мніхамі сталі, і мелі келлі адна ля другой, і вельмі пабожнае і Богу мілае ў манастве жыццё вялі, і тое яшчэ адзін аднаму ў свецкім жыцці казалі, што калі якога з іх нешта будзе хваляваць, не задавальняць, альбо будзе мець згрызоты сумлення, альбо сон які ўбачыць, каб адзін аднаму паведамляў, нават і думкі свае, а гэта для таго, каб адзін другому дапамагаў выратавацца і згрызот сумлення пазбавіцца.

Праз колькі гадоў такога шчаслівага жыцця з Богам што ж робіць з імі зайздросны д'ябал? Прыходзіць аднае начы наяве да аднаго, маладзейшага з гэтых дваіх мніхаў, што так любяць адзін аднаго, і мовіць: «О, як Богу мілае тваё жыццё, твая пабожнасць, твая чысціня, але мяне Пан Бог да цябе прыслаў, ужо даволі тваіх пакут і цярпення, дазваляе табе Пан Бог ажаніцца, і мусіш ты такіх сем сыноў нарадзіць ці напладзіць, як ты сам, добрых, пабожных, і з гэтага большая слава Пану Богу будзе, чым ад цябе аднаго». Адказаў мніх: «Як такое Пан Бог ад мяне, грэшніка, хацець можа? Я ўчыніў шлюб перад Богам, я манах і пасвяціў чысціню маю Пану Богу і не магу табе, анёл Божы, даць адказу. Пабачу, што мне на гэта таварыш мой, манах, скажа, а гэта таму, што я бедны чалавек, якой распуснае белагаловае не хацеў бы, а годная за бедняка не пойдзе». Шатан кажа: «Паказаў мне Бог вялікі скарб для цябе, які я табе пакажу, возьмеш сабе». Тут у вялікім святле знік той пекны анёл.

Назаўтра распавёў гэты маладзейшы мніх старэйшаму, што гэтаю ноччу ўласнымі вачыма бачыў. Той старэйшы мовіў: «Брат, не вер яму, не анёл, а шатан гэта. Маліся Пану Богу, каб даў табе веру і дапамог, а калі і ў гэтую ноч прыйдзе, скажы яму: «А дай жа мне тыя грошы».

У другую ноч прыходзіць той самы, што і ўчора, праз зачыненыя дзверы і вокны, стаў перад мніхам у вялікім святле і ў постаці чалавечай і кажа: «Чалавек Божы, дай мне адказ, што я мушу Богу сказаць». Адказвае гэты мніх: «Дай мне тыя грошы, што абяцаў, дык дам табе пасля адказ». Шатан мовіць: «Добра, ідзём са мною». Гэты мніх смела ідзе з ім уначы, і прыйшлі яны ў адно месца, стукнуў той нагою і рукамі нешта дапамог, а там скрыня. Бяруць шатан з мніхам яе і прыносяць у келлю. Ідзе маладзейшы мніх да старэйшага перад світаннем і кажа: «Ужо ёсць поўная золата скрыня». Ідуць абодва ў келлю са свянцонаю вадою, каб выпрабаваць тыя грошы, ці не знікнуць. Не, і золата надзвычай добрае. Бярэ гэты старэйшы мніх тры чырвоныя злотыя, ходзіць з келлі ў келлю, пытаючыся, ці гэта золата, пасля ідзе да пазалотнікаў, кожны бачыць, якое добрае, але старое золата. У трэцюю ноч мовіць старэйшы маладзейшаму мніху: «Браце, парада мая такая: як прыйдзе той д'ябал, кажы яму: не хачу я твайго золата, бяры сабе. Я ўжо з Богам і так буду жыць на свеце». I вось на трэцюю ноч прыйшоў шатан да маладзейшага мніха і пытаецца пра адказ. Мніх кажа: «Бяры сабе гэтыя грошы». Мовіць шатан: «Удвух прынеслі, удвух аднясём». Аднеслі на тое самае месца, і мніх вярнуўся ў келлю. Зайздросны шатан што робіць? У постаці старэйшага мніха з гэтых двух прыяцеляў ідзе да кіеўскага ваяводы і кажа: «Таварыш мой, мніх, знайшоў скарб, а навошта яму грошы. Пакліч яго, няхай аддасць іх у скарбніцу яснавяльможнага васпана дабрадзея». Паслалі да маладзейшага мніха, пытаючыся пра скарб. Ён кажа: «Таварыш мой параіў мне, каб я тую скрыню з чырвонымі злотымі, што мне даў д'ябал, зноў назад аднёс – і я аднёс». Кажуць: «А пакажы тыя грошы». Пайшоў маладзейшы мніх: «Зараз пакажу». Але на тым месцы ані знаку, дзе скрыня была. Маё падазрэнне, што старэйшы мніх, таварыш, схаваў. Клічуць у двор старэйшага мніха. Той жагнаецца: «Я тут ніколі ў вас не быў, нікому не мовіў пра гэты скарб, пра грошы».

Разгневаны свецкі пан: «А ці можаш ты, поп, ілгаць? Ты ж учора быў у мяне, бачылі і чулі цябе мая жонка, дзеці, лёкаі, госці і прысутныя, а кажаш, што не быў, што не казаў?» Маладзейшы мніх кажа: «Шатан гэта робіць, каб я свайго бацьку і таварыша зненавідзеў за тое, што быццам ён мяне ў бяду ўцягвае. Ведаю, што мой таварыш, мніх, тут у вас не быў, не гаварыў нічога на мяне. Я свайго таварыша люблю, бо ён мяне ад пекла выратаваў». Пан не верыць таму, што гэта справа д'яблава. А ў Маскве ёсць звычай, што духавенства належыць уладзе свецкай.

Дык за той скарб абодва мніхі былі пакараны, а тыя тры чырвоныя злотыя, што старэйшы мніх узяў са скрыні, а тры іншыя ў скрыню паклаў, дык я чула, што і цяпер яны ў Пячорах у сховах.

А гэтае чула і бачыла: аднаго святога па пояс закапанага ў зямлю. Ён, гэты святы, быў мніх, ці схімнік, альбо пустэльнік. Ён ніколі ні з кім не размаўляў, у голадзе, у холадзе, голы, босы жыў, увесь час у пастах, у малітвах, зарослы барадою і валасамі. Але адна паганая, нецнатлівая белагаловая закахалася ў яго, дзень і ноч па лесе хадзіла і таго святога пустэльніка шукала і намаўляла на кепскія справы, хоць ёй небарака сказаў: «А ці мала на свеце людзей прыгожых, багатых? Пакінь мяне». Але яго шатан моцна зводзіў. Той бедны пустэльнік, не верачы сабе, каб яго д'ябал не спакусіў, сам выкапаў дол, залез, ды так закапаўся зямлёй, што толькі рукі для малітваў мог падняць і жагнацца. Тая паганая белагаловая шукала яго ўначы па лесе і знайшла, расклала вогнішча, каб яго сагрэць і выцягнуць з той ямы, але ён крычаў і рукамі жагнаўся ад яе. Разгневаная белагаловая выхапіла галавешку з вогнішча і асмаліла яму бараду і галаву, а пасля забіла, дык цяпер ён ужо колькі соцень гадоў стаіць, укапаны ў зямлю, як жывы.
Тут пішацца пра Маскву, прыпамінаю, што ў Пецярбургу ёсць адна царква і манастыр св. Антонія. Гэта гісторыя такая: быў вялікі купец на Маскве, далёка ад Пецярбурга, і меў вельмі прыгожага на пагляд сына, разумнага, пабожнага і чалавечнага, якога звалі Антоні. Гэты Антоні не хацеў жаніцца, ні ў свецкім жыцці быць, а хацеў быць мніхам, але бацька ягоны, бачачы яго лепшым сярод дзяцей сваіх, мужнага, разважлівага і пабожнага, абавязкова хацеў, каб ён ажаніўся і быў купцом, дык даў сыну карабель, тавары, грошы і людзей.

I вось мусіў мой каханы Антоні плыць караблём па моры, куды яму бацька загадаў. У дарозе прызначыў на сваё месца вернага лёкая і аддаў яму рэестрам кіраўніцтва, але сам, аднак, за кожнаю рэччу назіраў. Прыехаўшы на тое месца, куды быў бацькам пасланы, ён усё добра справіў і сабе, што трэба на пабудову манастыра і царквы, і тканіны на рызы, і тры келіхі загадаў там зрабіць, адзін з чыстага золата, адзін срэбраны, а трэці крыштальны ў залатой аправе. I ўзяў тры дзежачкі, у адну паклаў золата, залаты келіх і залатую тканіну; у другую дзежачку – срэбраны келіх, срэбраную тканіну і грошы; у трэцяю дзежачку – крыштальны келіх і срэбранай дробнай манеты на выдаткі і што трэба было і ўначы з дапамогаю Пана Бога скінуў гэтыя тры дзежачкі там, дзе глыбей, у мора, а падрыхтаваныя лісты да сваіх бацькоў аддаў аднаму са сваіх лёкаяў.

Ноччу сам ад іх уцёк, прайшоў міль дзвесце пехатою да Пецярбурга. Меў ён з сабою колькі соцень чырвоных злотых, даў супліку Пятру Аляксеевічу ў 1730 годзе, каб дазволілі непадалёку ад горада царкву і манастыр пабудаваць, каб памерлых там хавалі. I даў яму Пятро Аляксеевіч на гэта права, і пачаў ён дзеля Бога мураваць той манастыр і царкву. Калі ў яго грошай не стала, пачаў ён у багатых купцоў пазычаць, бо яго ведалі, і таму яго крэдытавалі, што меў багатага бацьку, і бралі яны ад гэтага Антонія распіскі, ці карткі, колькі яму пазычалі. Гэтыя купцы не зважалі на тэрмін, але ж ён па дзесяць і па дваццаць тысяч рублёў асобным купцам быў вінен, дык ужо больш чакаць не хацелі. А Антоні мовіў: «Маю я грошы, у моры закапаныя». Ды ніхто не верыў, каб тыя тры дзежачкі з келіхамі, з грашыма сюды прыплылі. Значыцца, далі чалабітную на гэтага Антоні, што ён, махляр, мантыка, ашукаў шмат добрых людзей, яны мусяць быць банкрутамі праз той абман.

Дык загадаў Пятро Аляксеевіч, цар маскоўскі, арыштаваць гэтага добрага Антонія і марыць голадам, толькі ў нядзелю хлеб і ваду даваць: першае, што купцоў ашукваў, а другое, што лухту меле, быццам з мора, з дна за колькі соцень міль яму грошы і келіхі прыплывуць. I прыставілі да яго моцную варту і капітана, каб не ўцёк, бо мелі падазрэнне, што ён тыя грошы выдаткаваў не на манастырскія муры, а схаваў іх сабе. А мой каханы Антоні даверыўся Богу, бесперастанку, дзень і ноч Бога просіць, не перастае маліцца.

I вось аднаго дня ракою Нявою, якая непадалёк зліваецца з морам, тры дзежачкі плывуць да манастыра, дзе Антоні сядзеў пад арыштам. Заўважыў іх першы капітан і падумаў: можа, рассохліся і нейкі гаспадар кінуў у ваду, але жартам кажа: «Ойча Антоні, ці не твае гэта дзежачкі з грашыма, на якія ты спадзяешся?» Антоні: «Яны, акурат яны. Ведаю, што прыплылі». Дык афіцэр рапартаваў вяльможнаму яго мосці пану генералу, і так дайшло да самога Пятра Аляксеевіча. А той, не разумеючы нічога, сам паехаў да таго манастыра, што вымураваў Антоні і сядзіць там пад арыштам, загадаў зняць з яго кайданы, прывезці да яго і запытаўся: «Ойча Антоні, чым ты даўгі купцам заплоціш?» Антоні адказаў імператару: «Заплачу з дапамогаю Пана Бога, бо ўжо мае тры дзежачкі з грашыма прыплылі».

Загадаў імператар людзям сваім на чоўне ехаць і забраць тыя дзежачкі ды паглядзець, што там ёсць, але ж не маглі яны ніякім чынам іх з месца зрушыць. Загадаў імператар Антоні самому ў човен сесці і выцягнуць свае дзежачкі. Антоні мовіць: «Ён, Пан Бог, што іх сюды да мяне за колькі соцень міль прыслаў, гэты Бог іх сам і на бераг прышле».

Узняў Антоні рукі свае да Пана Бога, і ў прысутнасці імператара, колькі тысяч людзей і тых купцоў, якім Антоні быў вінны, прыплылі яны да берага. Як адчынілі тыя дзежачкі, дык усё знайшлі, што Антоні казаў: тры келіхі, адзін з чыстага золата, другі срэбраны, а трэці крыштальны, і шмат чырвоных злотых, і рублёў, і манет даволі. Ні на шэлег не памыліўся. Дык сам імператар кінуўся Антонію ў ногі, перапрашаў за свой учынак, ойча Антоні з усмешкаю на твары дараваў свае крыўды; і купцы яго перапрашалі, сёй-той яму з вялікай ахвотаю доўг дараваў, а распіскі парвалі; якія бяднейшыя былі, дык ім ойча Антоні з ліхвою заплаціў. I цяпер стаіць той велічны манастыр; той ойча Антоні там пахаваны і цуды чыніць, і ў тым манастыры шмат набожных мніхаў, і незлічоныя скарбы ёсць у тым манастыры, як мне казалі самі тыя мніхі, калі я жыла ў Пецярбургу.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   15


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка