Самусевіч О. М. (г. Мінск, Беларусь)



Дата канвертавання17.06.2016
Памер54 Kb.
Самусевіч О.М.

(г.Мінск, Беларусь)

Дамінантныя канцэпты лагасферы беларускай культуры

У апошнія гады ў беларусістыцы з'явіўся шэраг прац, у якіх заўважаецца імкненне навукоўцаў перагледзець, пераасэнсаваць мінулае і прааналізаваць сучаснае для таго, каб у фальклоры, культурнай спадчыне знайсці вытокі беларускага менталітэту і духоўных каштоўнасцяў. Даследаванне лагасферы – маўленча-мысленчай галіны нацыянальнай культуры – на аснове этналінгвістычных крыніц ёсць ключ да разумення спецыфікі ментальнасці народа. Для вывучэння гэтага феномену асаблівую цікавасць уяўляе фразеалогія, бо ў ёй сінтэзаваны веды пра наіўную карціну свету і ўсе віды адносінаў суб’екта да яе фрагментаў.



Намі прааналізаваны 6032 фразеалагічныя адзінкі, 8325 прымавак і прыказак з мэтай вызначэння ключавых паняццяў (канцэптаў) лагасферы беларускай культуры. Вызначаныя частотна-статыстычным метадам лексемы выразна паказваюць на праявы этнапсіхалагічнага складу беларускага народа, характарызуюць яго маўленча-мысленчую дзейнасць. Пры аналізе быў улічаны і ўнутрымоўны рэсурс культурнай інтэрпрэтацыі фразеалагізмаў, прымавак, прыказак. Канцэпты, якія маюць найбольшую каштоўнасць у беларускай мадэлі свету, у сваім вербальным увасабленні размеркаваны па субсферах.

Сацыяльна-псіхалагічныя стэрэатыпы беларусаў. У свядомасці кожнай асобы сацыяльна-псіхалагічныя стэрэатыпы вызначаюць ментальную карціну свету як пэўную норму, характэрную для прадстаўнікоў адной нацыянальнай культуры і якая выступае ў ёй як эталон паводзінаў. Першапачатковая стадыя ў маўленча-мысленчым працэсе беларусаў – гэта вызначэнне суб’екта як “свайго” ці “чужога”, а яго паводзінаў як “добрых” ці “злых”. Амаль усе аб’екты рэчаіснасці падзелены ў свядомасці беларусаў на два светы, што абавязкова адзначаецца і ў маўленні (свая хата, чужая жонка, свая доля, чужая старана, свая бяда, чужая болька). Слова свой па колькасці ўжывання значна пераважае наш і чужы (свой – 371, наш – 69, чужы – 169). Усеагульная амбівалентнасць, семантычная двухнакіраванасць кожнага сімвала ёсць вынік асаблівасцяў светабудовы і разумення свайго месца ў ёй. Апазіцыя свой – чужы ўваходзіць у склад агульнаславянскага шэрагу культурных апазіцый і ў структуру карціны свету беларусаў.

Субсфера чалавек. Мадэль свету ў беларусаў антрапацэнтрычная (цэнтр – чалавек), бо яна цалкам залежыць ад асобы, ад яе светаўспрымання, яе ментальнасці. Асноўнымі суб’ектамі становяцца продкі (дзяды), нашчадкі (заўтрашні чалавек) і чалавек (зараз, сёння). Усе суб’екты ментальнай схемы падзяляюцца на дзве групы – свае людзі (брат, маці, дзеці, жонка, сусед і г.д.) і чужыя (ворагі, паны, міфічныя істоты – вадзянік, лесавік, чорт). Канцэпт чалавек ключавы для любой культуры. Асноўным і цэнтральным суб'ектам нацыянальнай лагасферы, па нашых назіраннях, з'яўляецца добры чалавек: “Добраму добрая памяць”, “Добрым людзям і мы рады будзем”. Індэкс частотнасці (ІЧ – падаецца ў дужках) – колькасць маўленчых формулаў, у якіх сустракаецца слова, самы высокі ў канцэпта пан (157), але гэты канцэпт, як правіла, мае адмоўную канатацыю. Добры чалавек у свядомасці народа – гэта мужык, а маўленчая формула – братка беларус (так называлі беларусаў, галоўным чынам за тое, што ў размове беларусы часта ўжываюць памяншальна-ласкальнае слова братка (браток, браточак, братачка). Для субсферы чалавек можна вылучыць наступныя характарыстыкі, а ў іх межах – апазіцыйную бінарнасць: 1) класавая: мужыкпан, поп, цар; 2) маёмасная апазіцыя: багаты – бедны; 3) узроставая: бацькі – дзеці; 4) гендэрная: мужык, хлопец – баба, дзеўка; 5) колькасная: чалавек – людзі, народ; 6) апазіцыя адносінаў: сябар, прыяцель – вораг; 7) лакальная апазіцыя: госць – сусед – чужы.

Субсфера сям’я. Суб’ект заўсёды з’яўляецца часткай соцыуму і выконвае ў ім пэўную ролю. Галоўныя суб’екты беларускай ментальнай схемы “свой свет” належаць да аднаго сацыяльнага класа – сялянства, асноўная іерархія якога – сямейная. Паўнацэннай сацыяльнай адзінкай працягу роду з’яўляецца сям’я, у структуры якой чуецца сямёрка: бабуля, дзядуля – бацька, маці – трое дзяцей. Субсферу сям’я складаюць словы муж, жонка, дзеці, бацька, маці, сын, дачка і інш. Ёсць у беларусаў выраз – сям’я з дзвюх сямей – калі, напрыклад, разам, адной сям’ёй жыве сям’я бацькі і сям’я сына (дачкі) ці сям’я сыноў (дачок). У субсферы сям’я індэксальны паказчык канцэпта маці значна вышэйшы за іншыя (акрамя канцэпта дзеці – 151), вербальны доказ гэтаму прыказка: “Бацька памрэ, то палавіна сіраты, а як маці памрэ, то цэлая сірата”.

Субсфера слова. Беларусы надавалі важнае значэнне слову (123), што знайшло адбітак у маўленчай формуле: “Дар слова”. Хутчэй за ўсё гэта звязана з характэрнай рысай беларускага менталітэту – з так званым фетышызмам слова (вербальнай магіяй) – “Жывое слова”. Да слоў ставіліся з перасцярогай. Вялікая колькасць маўленчых формулаў пацвярджае важнае месца слова ў іерархіі каштоўнасцяў нацыянальнай культуры: апошняе слова, жывое слова, новае слова, чэснае слова, першае слова, слова гонару. Індэксальны паказчык канцэпта мова (10) значна ніжэйшы, чым у канцэптаў слова (123), песня (41).

Прасторавая і часавая мадэлі свету. Асваенне свету чалавекам прадугледжвае выдзяленне такіх формаў і адносінаў, якія выражаюцца з дапамогай паняццяў прасторы і часу. Сістэма ўяўленняў беларусаў аб прасторы і часе складае своеасаблівае ядро беларускай ментальнасці, ад якога ў немалой ступені залежаць многія іншыя ментальныя ўстаноўкі продкаў на ўзроўні наіўнай свядомасці. Так, на працягу ўсёй сваёй гісторыі беларусы ставіліся да часу як да каштоўнасці. Беларусы верылі ў тое, што існуе сувязь паміж рухам часу і пэўнымі падзеямі ў жыцці чалавека: калі справу пачаць у спрыяльны момант, то ўсё абавязкова атрымаецца. У беларусаў існуе цэлая “класіфікацыя” гадзін, увасобленая ва ўстойлівыя маўленчыя формулы: бітая гадзіна, зорная гадзіна, мёртвая гадзіна, шэрая гадзіна і сучасная гадзіна пік. Канцэпты досвітак – дзень – вечар – гэты часавы прамежак з’яўляецца значным ў свядомасці беларуса. Для беларускага светаўспрымання больш значны час, калі людзі ўстаюць “да свету” на працу, і менавіта досвітак – гэта пачатак працоўнага дня для беларусаў. “Хто да сонца ўстае, таму Бог дае”. Адносіны да такой тэмпаральнай катэгорыі, як дзень, вызначаюцца дзвюма асаблівасцямі: дзень як складнік часавых адрэзкаў – суткі і дзень як асобная часавая адзінка, якая таксама структуравана: “Учарашні дзень”, “Заўтрашні дзень”, “Чорны дзень”. Вечар – другі значны часавы прамежак. Вечар – вячэра – вячэраць. Вечар – гэта той адзіны час, калі ўся сям’я збіралася пасля працы разам павячэраць.

Субсфера зямля. Вывучэнне фальклорных адзінак дае падставы вылучыць дамінантны канцэпт зямля як феномен культурнай спадчыны, каштоўнасць маральна-імператыўнага зместу, сакральную, святую. Шчырая любоў і павага да зямлі ў значэнні Радзімы – адна з галоўных рыс беларускага менталітэту. Завостранае пачуццё любові да свайго роднага кутка абумовіла рэзкае размежаванне паняццяў сваёй і чужой зямлі. У склад семантычнага поля свая зямля, паводле фальклорных крыніц, уваходзяць наступныя словы-характарыстыкі: бацькаўшчына, сваё гняздо, свой род, родная староначка, родны бок, родны край, дом, зямелька, свой куток, радзінка, радзіма, матка. Слова радзінка перадае найвышэйшую ступень павагі і любові да роднай зямлі. У беларусаў існуе маўленчая формула “абяцаная зямля”, у якой зямля ўзводзіцца ў абсалют, асацыіруецца з раем, усведамляецца як адзіная мара чалавека.

"Гарызантальная" прасторавая сістэма зямнога ўзроўню з'яўляецца антрапацэнтрычнай і акрэслівае ў асноўным тую населеную і асвоеную чалавекам частку зямлі, якая ўсведамляецца беларусамі як "свая": гаспадаркахата-дом, двор, сялянскае поле і рэчка або возера. Уласная гаспадарка – адна з найважнейшых каштоўнасцяў і асноўны клопат працоўнага чалавека. Тэрыторыя, акрэсленая ў народнай творчасці, невялікая. Гэтым сцвярджаецца прывязанасць беларусаў да "сваёй" зямлі і лакалізацыя месца пражывання. Асноўным локусам у "сваёй" прасторы з'яўляецца хата (114).

Канстанты мыслення ў непарыўнай сувязі з формамі маўлення, замацаваныя ў вуснай народнай творчасці ў якасці розных устойлівых выслоўяў, прыказак і прымавак, сталі своеасаблівай кодавай інфармацыяй аб свеце. Канцэптавая сістэма, замацаваная ў прыказках, прымаўках і фразеалагізмах, звязана з матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культурай беларускага народа і служыць паказчыкам яго культурна-нацыянальнага вопыту і маўленча-мысленчых традыцый. Менавіта ў ёй дакладна праяўляюцца самабытныя рысы ментальнасці народа, стэрэатыпы ўспрыняцця і асэнсавання рэчаіснасці.
: bitstream -> 123456789
123456789 -> Учебная программа учреждения высшего образования по дисциплине для специальности: 1-21 05 01 Беларуская філалогія
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка