Самусевіч в м. (Мінск, Беларусь) Лагасфера культуры І канцэптасфера культуры



Дата канвертавання15.05.2016
Памер73.25 Kb.
Самусевіч В М. (Мінск, Беларусь)

Лагасфера культуры і канцэптасфера культуры:

да праблемы вызначэння зместу, структуры і залежнасцяў

Сувязь логасу і соцыуму – праблема, якая сёння займае лінгвістаў, філосафаў, псіхолагаў, сацыёлагаў, журналістаў. Прычына такой рознабаковай цікавасці, на наш погляд, у неадназначнасці паняцця logos. Грэчаскае logos утрымлівае шэраг сумежных значэнняў: думка, слова, маўленне, ідэя, сусветны розум, духоўны першапачатак, усеагульная заканамернасць [12, с. 290], якія выклікаюць і адпаведныя сумежныя ўяўленні аб кожным з іх.

Палітра гэтых сузначэнняў легла ў аснову навуковых поглядаў вядомага французскага семіёлага Ралана Барта на мову як увасобленую сацыяльнасць, якая абумовіла падзел моў, – з’яву, звязаную з грамадскімі канфліктамі, калі сутыкаюцца не носьбіты моў і не ідыялекты, а сацыялекты, якія маюць сваю дыскурсіўную сістэму (мову, склад думкі, ідэю). Вучоны ў працы “Вайна моў” задаецца пытаннем: “Чым жа абумоўлена гэтая баявая сіла, воля да ўладарання, уласцівая дыскурсіўнай сістэме, Фікцыі?” і працягвае: “Зброя, што прымянялася ў моўных баях, яшчэ ні разу не асвятлялася прыкладным аналізам. Нам як след невядомыя ні фізіка, ні дыялектыка, ні стратэгія нашай лагасферы (назавём яе так) – пры тым, што кожны з нас штодзённа падпадае пад той ці іншы від моўнага тэрору” [2, с. 538]. У паняцці лагасфера вучоны бачыць арганічную сувязь мовы, мыслення, ідэі з іерархіяй соцыуму. Характар гэтай сувязі выражаецца ў маўленча-мысленчых паводзінах грамадства, асобных сацыяльных груп.

Даследчыца А. Міхальская выводзіць паняцце лагасфера з семантыкі яго каранёвых марфем: “Лагасфера – маўленча-мысленчая галіна культуры, напоўненая “словамі і ідэямі” [9, с. 32]. Паняцце культура, як вядома, таксама шматпланавае. Культура – гістарычна вызначаны ўзровень развіцця грамадства, яго творчых сіл і здольнасцяў. “Логас (слова, думка, закон) – неад’емны элемент культуры, які падымае яе як апора” [8, с. 35].

На падставе аналізу і асэнсавання навуковых крыніц паняцце лагасфера падаецца намі ў наступнай дэфініцыі: лагасфера – гэта маўленча-мысленчая галіна культуры ў цеснай сувязі з іерархіяй соцыуму. Праз мову, мысленне, маўленчую дзейнасць соцыуму лагасфера высвечвае набыткі нацыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Як складаная сістэма яна адлюстроўвае маўленча-мысленчыя працэсы ў грамадстве, неаднародныя, як і само грамадства. У шырокім значэнні лагасфера – асобная, маўленча-мысленчая, галіна культуры народа (назавём яе ў гэтым сэнсе агульнай лагасферай). У вузкім значэнні лагасфера – маўленча-мысленчая дзейнасць пэўнай асобы ці групы асоб (прыватная лагасфера), да прыкладу лагасфера сродкаў масавай інфармацыі. Падобна таму як у культуры кожнага народа ёсць агульначалавечае і этнанацыянальнае, так і ў прыватнай лагасферы ёсць адлюстраванне універсальнага кампанента культуры і своеасаблівасцяў індывідуальных характарыстык маўленча-мысленчага працэсу, абумоўленых грамадска-палітычнымі, узроставымі, інтэлектуальнымі, палавымі і іншымі фактарамі. Лагасфера нацыянальнай культуры – з’ява эвалюцыйная. Яе развіццё залежыць ад рэчаіснасці – сацыяльнай і культурнай гісторыі народа, характару і ступені развіцця ведаў пра свет, псіхалагічных асаблівасцяў, ладу жыцця. Уздзеянне грамадства на маўленне і мысленне глыбокае і разнастайнае. Менавіта тут, у гісторыі грамадства, культуры, прыхаваны карані, першапрычыны развіцця лагасферы. Мова развіваецца таму, што развіваецца грамадства. Мова мяняецца, таму што мяняецца свет, тыпы і формы зносінаў, развіваецца ўсведамленне і мысленне чалавека. З гэтага вынікае, што лагасфера нават адной культуры ў розныя гістарычныя перыяды неаднолькавая.

Асноўнай катэгорыяй лагасферы з’яўляецца канцэптасфера.

Тэрмін канцэпт у навуковы абыходак быў уведзены С. Аскольдавым у артыкуле “Канцэпт і слова” (1928) і разглядаўся як ментальнае ўтварэнне, якое замяшчае ў працэсе думкі нявызначанае мноства прадметаў аднаго і таго ж роду [1, с. 269]. У працэсе станаўлення і развіцця лінгвістычнай навукі тэрмін канцэпт неаднаразова змяняўся і ўдакладняўся. Аднак у навуковых даследаваннях апошніх гадоў усё часцей пад канцэптам разумеецца нейкая “універсалія”, “агульная ідэя”, замацаваная ў ментальнасці, псіхіцы, якая рэпрэзентуе карціну свету і стэрэатыпы паводзінаў прадстаўнікоў пэўнага этнасу. Слова становіцца канцэптам толькі ў працэсе камунікацыі, паколькі камунікацыя прыводзіць у дынаміку канцэнтрат пэўных уяўленняў, асацыяцый, пачуццяў, якія суправаджаюць канцэпт. Даследчыца А. Баярская спрабуе вызначыць характарыстыкі, пры наяўнасці якіх канцэпт можа выступаць у ролі універсальнай адзінкі: прастата і зразумеласць ва ўспрыманні; устойлівасць (немагчымасць далейшага падзелу); актыўнае выкарыстанне ў якасці матэрыялу для вызначэння іншых канцэптаў; на-яўнасць яго ў максімальнай колькасці дэфініцый; існаванне ў большасці моў у якасці лексікалізаванай адзінкі [3, с. 74].

Спрабуючы спасцігнуць акаляючы свет, чалавек не можа ахапіць рэчаіснасць цалкам, працэс пазнання і канцэптуалізацыі носіць паступовы, прагрэсіўны характар. “Сучасны чалавек адкрывае для сябе акаляючы свет па законе выпадку, у працэсе спроб і памылак... Сукупнасць яго ведаў вызначаецца статыстычна. Ён чэрпае іх з жыцця, з газет, з вестак, здабытых па меры неабходнасці. Толькі назбіраўшы пэўны аб’ём інфармацыі, ён пачынае выяўляць схаваныя структуры” [10, с. 45]. Гэта дае права выдзеліць унутры кагнітыўнай сістэмы асобныя сэнсы, сфарміраваныя ў працэсе пазнання свету. Вынік працэсу канцэптуалізацыі, які заключаецца ў асэнсаванні інфармацыі і структураванні атрыманых ведаў, і ёсць тое, што мы называем канцэптам. Вынікі канцэптуалізацыі рэалізуюцца ў мове, паколькі яна з'яўляецца адной з найбольш істотных знакавых сістэм, якія садзейнічаюць станаўленню менталітэту народа. Носьбіты мовы, якая абслугоўвае пэўную культуру, цалкам валодаюць сэнсамі культурна важных канцэптаў [11, с. 45].

Як заўважае Ю. Сцяпанаў, канцэпт складаецца з пластоў рознага часавага паходжання, у гэтым сэнсе натуральна ўяўляць яго эвалюцыю як пэўную паслядоўнасць, пераемнасць формы і зместу [14, с. 61]. У канцэпта як апорнай адзінкі культуры ў ментальным свеце чалавека складаная будова: этымалогія, сучасныя асацыяцыі, ацэнкі, намінацыі, сінонімы, семіятычныя рады і інш. Канцэпт з’яўляецца глыбіннай скарочанай сэнсавай структурай, “у аснове сваёй інтуітыўнай і неўсвядомленай”, аднак “у працэсе стварэння тэксту адбываецца “сканіраванне” канцэпта” [5, с. 63] і далейшае яго разгортванне ў моўнай прасторы.

Акадэмік Дз. Ліхачоў у працы “Канцэптасфера рускай мовы” (1993) увёў у навуковы абыходак паняцце канцэптасфера. “Канцэптасфера якой-небудзь нацыянальнай мовы ёсць “catalogue raisonne” ўсяго разумовага, духоўнага багацця нацыі” [6, с. 156]. Ключавыя словы – “вербальная форма канцэптаў, якія складаюць канцэптасферу нацыянальнай свядомасці” [16, с. 134]. Канцэпт вынікае не непасрэдна са значэння слова, а з'яўляецца вынікам сутыкнення слоўнікавага значэння слова з асабістым і народным вопытам. Таму і канцэптасфера нацыянальнай мовы, – на думку Дз. Ліхачова, – тым багацейшая, чым багацейшая ўся культура нацыі – яе літаратура, фальклор, навука, выяўленчае мастацтва, яна суадносная з усім гістарычным вопытам нацыі і асабліва рэлігіяй [7, с. 282]. Нацыянальная культура як матэрыяльная і духоўная каштоўнасць народа вербалізуецца ў нацыянальнай мове, якая змяшчае ключавыя канцэпты культуры, транслюючы іх у знакавым увасабленні. Канцэпт – універсальны код нацынальнай культуры, “згустак культуры ў свядомасці чалавека; тое, у форме чаго культура ўваходзіць у ментальны свет чалавека, і тое, праз што чалавек сам ў яе ўваходзіць” [13, с. 40]. Такім чынам, канцэптасфера мовы – гэта па сутнасці канцэптасфера культуры [7, с. 284].

Акадэмік Дз. Ліхачоў сцвярджае, што асобных варыянтаў канцэптасферы вельмі шмат, яны па-рознаму групуюцца, па-рознаму сябе праяўляюць. Кожны канцэпт, як правіла, можа быць па-рознаму расшыфраваны ў залежнасці ад пэўнага кантэксту і культурнага вопыту, культурнай індывідуальнасці канцэптаносьбіта. Адна канцэптасфера можа злучацца з другой. Напрыклад, “канцэптасфера рускай мовы ў цэлым, але ў ёй канцэптасфера інжынера-практыка, а ў ёй канцэптасфера сям'і, а ў ёй індывідуальная канцэптасфера. Кожная з наступных канцэптасфер адначасова звужае папярэднюю, але і пашырае яе” [7, с. 282]. Кожная канцэптасфера вызначаецца цэлым комплексам ментальных схем, якія дэфініруюцца як элементы вопыту, што адлюстроўвае сутнасць аб’ектаў, падзей, з’яў у вызначанай сацыякультурнай прасторы [15, с. 120]. На вербальна-семантычным узроўні ім адпавядае катэгорыя субсферы.

Даследчыца А. Залеўская звяртае ўвагу на неабходнасць пошукаў метадаў выдзялення і даследавання глыбінных механізмаў функцыянавання слоў у дыскурсе і замацаваных за словам “перцэптыўна-кагнітыўна-афектыўных утварэнняў (канцэптаў)” [4, с. 39]. На нашу думку, толькі гарманічнае адзінства канцэптуальнага і семантычнага аналізу дазваляе правесці грунтоўнае даследаванне канцэптаў – катэгарыяльных ментальных адзінак мысленчай дзейнасці і ключавых слоў – лінгвістычных адзінак як сродку моўнай арганізацыі канцэптавай структуры мыслення.



Праведзены намі аналіз дазваляе зрабіць выснову, што лагасфера – гэта вербальны код культуры, у адзінках якога сканцэнтраваныя асабліва значныя каштоўнасці культуры (канцэпты), і таму гэтыя адзінкі можна прызнаць крыніцай культурнай інфармацыі. Канцэптасфера як ментальная катэгорыя выяўляе толькі адзін бок лагасферы як маўленча-мысленчай галіны культуры.

Літаратура

  1. Аскольдов С. А. Концепт и слово // Русская словесность. От теории словесности к структуре текста. Антология / Под ред. В. П. Нерознака. – М.: Academia, 1997. – С. 267– 279.

  2. Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика: Пер. с фр. / Cост., oбщ. ред. и вступ. ст. Г. К. Косикова. – М.: Прогресс, Универс., 1994. – 616 с.

  3. Боярская Е. Л. Когнитивные аспекты полисемии // Когнитивная лингвистика конца ХХ века. Материалы Международной научной конференции: В 3 ч. – Минск, 7–9 октября 1997 г. / МГЛУ. – Мн., 1997. – Ч. 2. – С. 73 – 76.

  4. Залевская А. А. Психолингвистический подход к анализу языковых явлений // Вопросы языкознания. – 1999. – № 6. – С. 31 – 42.

  5. Красных В. В. От концепта к тексту и обратно (к вопросу о психолингвистике текста) // Вестник МГУ. Сер. 9. Филология. – 1998. – № 1. – С. 53 – 71.

  6. Лихачёв Д. С. Концептосфера русского языка // Известия АН СССР. Сер. лит. и яз. – Т. 52. – 1993. – № 1. – С. 3 – 9.

  7. Лихачёв Д. С. Концептосфера русского языка // Русская словесность. От теории словестности к структуре текста. Антология / Под ред. В. П. Нерознака. – М.: Academia, 1997. – С. 280 – 288.

  8. Мельничук А. В. Трансформация логоса в современных социальных системах // Логос, культура и цивилизация: Тезисы докладов на региональной научно-практической конференции. – Якутск: Изд-во ЯГУ, 1992. – С. 35 – 36.

  9. Михальская А. К. Русский Сократ: лекции по сравнительно-исторической риторике. – М.: Academia, 1996. – 192 с.

  10. Моль А. Социодинамика культуры. – М.: Прогресс, 1973. – 370 с.

  11. Семантика и категоризация / Р. М. Фрумкина, А. В. Михеев, А. Д. Мостовая, Н. А. Рюмина / Ин-т языкознания; Отв. ред. Ю. А. Шрейдер. – М.: Наука, 1991. – 168 с.

  12. Словарь иностранных слов. – М.: Русский язык, 1979. – 624 с.

  13. Степанов Ю. С. Константы. Словарь русской культуры: Опыт исследования. – М.: Шк. “Языки рус. культуры”, 1997. – 824 с.

  14. Степанов Ю. С. Концепт // Константы: Словарь русской культуры: Изд. 2-е, испр. и доп. – М.: Академический Проект, 2001. – С. 43 – 86.

  15. Третьякова Г. Н. Ментальная схема “чужой мир” // Методология исследований политического дискурса: Актуальные проблемы содержательного анализа общественно-политических текстов / Под общ. ред. И. Ф. Ухвановой-Шмыговой. – Мн.: БГУ, 1998. – С. 118 – 127.

  16. Цветкова М. В. “Ключевое слово” и перевод поэтического текста (на примере стихотворения Марины Цветаевой “Попытка ревности”) // Вестник МГУ. Сер. 9. Филология. – 2002. – № 2. – С. 133 – 142.

: bitstream -> 123456789
123456789 -> Учебная программа учреждения высшего образования по дисциплине для специальности: 1-21 05 01 Беларуская філалогія
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка