Сапожнікава Кацярына Магістрант кафедры беларускай літаратуры бдпу імя М. Танка



Дата канвертавання15.05.2016
Памер61.84 Kb.
Сапожнікава Кацярына

Магістрант кафедры беларускай літаратуры БДПУ імя М. Танка

Народна- песенныя матывы ў кантэксце жанрава- стылёвых пошукаў Максіма Танка

Кожны народ мае свой асаблівы духоўны склад, які глыбока выяўляецца ў яго песнях. «Песня народа – гэта сапраўдная жывая чалавечая душа.

Беларуская народная песня, заўсёды ясная, пластычная і багатая, часцей засмучаная, чым рэзвая і гуллівая, адзначаецца асабліваю задумаю аб жыцці і долі. З боку настрояў, мелодыі і рытму яна зусім самабытная.

Цудоўная, шчырая, як народнае сэрца, мелодыя, высокапаэтычны верш народнае паэзіі з яго наіўнымі чаруючымі вобразамі і зваротамі – усё гэта разам узятае падымае беларускую песню на высокі п’едэстал» [9, с. 14].

Цяжка ўявіць сабе жыццё народа без песень. У песні народ укладвае ўсю сваю душу, мастацкі густ і талент. Яна хвалюе глыбінёй пачуццяў, выказаных у дасканалай мастацкай форме. На працягу свайго шматвяковага існавання народная песня выпрацавала і такія мастацкія формы, якім было цяжка поўнасцю раскрыцца ў рамках фальклорнай эстэтыкі і якія рэалізаваліся ў лірычнай паэзіі.

Па-першае, гэта максімальнае завастрэнне, скандэнсаванасць, эмацыянальная насычанасць народнай песні, што ўказвае на тэндэнцыю да індывідуалізацыі (у фальклоры не поўнасцю рэалізаваную). Па-другое, у народнай песні назіраецца неадназначнасць, сэнсавая незакончанасць, неўвасобленасць памкненняў, жаданняў, адсутнасць развязкі, выпадковыя дэталі.

Многія вобразы і матывы народных песень знайшлі сваё адлюстраванне ў розных жанрава-паэтычных формах Максіма Танка. Сярод іх хараство прыроды і краявідаў, народны гумар, любоўная лірыка і інш.

«Меркай і нормай у інтымнай лірыцы М. Танка з’яўляецца народная любоўная песня. Там ён знаходзіць асноўны прынцып ацэнкі любоўных адносін як праявы цвіцення жыцця, росквіту душы, незвычайнага парывання да ідэалу. Прывабнасць вершаў народна-песеннага характару менавіта ў адчуванні псіхалагічнай сутнасці кахання як свята душы, як прагі хараства, дасканаласці, шчасця, таму многія з іх сталі папулярнымі песнямі» [2, с. 121].

Вершы народнага складу па колькасці пераважаюць у інтымнай лірыцы М. Танка. Паэт у межах народнай традыцыі стварае такі свет казачнага хараства, які, па яго ўяўленні, павінен гарманізаваць са станам закаханасці, са станам творчага ўзлёту асобы. У шэрагу вершаў паэт дасціпна і тонка схоплівае любоўныя перэпетыі, выказваецца з цёплым гумарам і іроніяй: «Ты не ўгаварвай лепш мяне! // Няма сягоння часу мне // Глядзець, як лёд рака ўзрывае, // А то вось раззлуюся я. // Яшчэ не жонка я твая, – // Шмат вёсен у запасе маю! » [5, с. 50 ].

Творча перанёс мастацкую форму народнай песні ў сваю паэзію Максім Танк. Энергія і разнастайнасць вершавання, багатыя і новыя ў нашай паэзіі вобразы і звароты Танкавай мовы як найлепей адпавядаюць багатым вобразам народнага жыцця, спакойнага і ўсхваляванага, і незвычайным малюнкам нашай прыроды.

«Узаемаабумоўленасць паэтычнага свету М. Танка і асноў народнага быцця пільна разгледзеў у свой час крытык Р. Бярозкін. «Наогул, трэба сказаць, – пісаў ён, – што непарыўная, арганічная сувязь з традыцыямі народнай культуры – адна з самых прывабных і моцных, калі не самая моцная якасць Максіма Танка. Культура для Танка – не толькі кнігі альбо жывапісныя палотны, а і ўвесь рознабаковы працоўны вопыт многіх і многіх пакаленняў аратых, сейбітаў, усяго працавітага «мужыцкага» роду, атожылкам, сынам якога нязменна адчувае сябе паэт» [8, с. 121].

Уся сістэма паэтычных іншасказанняў М. Танка (метафара, вобраз, алегорыя, сімвал) скіравана на паўнейшае ўвасабленне спрадвечнага сэнсу народнага быцця і жыццёвай мудрасці. У вершы «Перапіска з зямлёй» М. Танк як бы супрацьпастаўляе духоўнае і матэрыяльнае, сцвярджаючы першааснову матэрыяльна-практычнага, і ў той жа час аб’ядноўвае гэтыя паняцці ў адно непадзельнае цэлае, паколькі «пісьмо, напісанае плугам», – гэта не толькі прадукт матэрыяльнай жыццядзейнасці, але і глыбока перажыты, прапушчаны праз сэрца акт духоўнай дзейнасці. І па сутнасці ён знаходзіцца недзе ў адным і тым жа шэрагу з чыста эстэтычнымі з’явамі. Таму што і мастацтва слова, калі яно не хоча быць павярхоўным, вымушана праяўляць сябе ў пластычна-адчувальнай, «ажыццёўленай» форме: «Ганчар змушае гліну // Ператварацца ў збаны, // Маляр – смяяцца сцены // Колерамі вясны. // Каваль – агонь і жалеза // Пад молатам грукацець, // А я – вымушаю словы // Пра гэта квітнець і пець» [6, с. 550].

Аптымізм паэзіі Танка трымаецца на уважлівым, засяроджаным стаўленні да норм народнай этыкі і эстэтыкі, на веры ў бессмяротнасць народа. Для паэта характэрна непарыўная еднасць са сваёй зямлёю, радзімай, вытокамі. У адным са сваіх вершаў ён выводзіць незвычайную, метафарычную касмалогію, увасабляе яе ў форме прытчы:

Зямля трымаецца на трох сланах,

Сланы – на велізаранай чарапасе,

Чарапаха – на голубе,

Голуб – на хлебным коласе,

Колас – на калысцы,

А калыска – на песні матчынай… [6, с. 262].

Тут погляд паэта на свет гіпербалізуецца. Ён стварае касмалагічную мадэль на аснове старажытных міфаўяўленняў. У гэтым творы, напісаным свабодным вершам, ўвасобіўся філасофскі погляд паэта на зямлю і жыццё на ёй.

Вялікую ролю ў паэзіі Максіма Танка адыгрывае музычны прынцып арганізацыі рытму. У ёй адлюстраваны амаль усе традыцыйна-класічныя рытмы, памеры, метры, пачынаючы ад антычнага гекзаметра і пентаметра да інтанацыйна- раскаваных рытмаў верлібра. Мастацкая спецыфіка паэтыкі Максіма Танка, асаблівасці яго вершавання грунтоўна прааналізаваны ў працах беларускіх літаратуразнаўцаў [1; 3; 4; 7; 8].

У сваёй творчасці Максім Танк увесь час ішоў па шляху наватарскага абнаўлення зместу і формы. Верлібр, свабодны верш аказаўся вельмі арганічнай формай мастацкага мыслення паэта. Эстэтычная ёмістасць гэтай формы дасягаецца пераважна асацыятыўна-важкай і шматзначнай думкай, філасофскім пранікненнем у жыццё. Свабодны танкаўскі верш – унікальная з’ява беларускай паэтыкі. Верлібр Максіма Танка – гэта зрошчанасць паэтычнай формы з народнай філасофіяй, вынікам чаго становіцца ўласная танкаўская філасофія жыцця. Вялікую ролю ў верлібрах адыгрываюць гукапіс, анафарычныя паўторы, алітэрацыйнае счапленне радкоў, інтанацыйныя перыяды. Такі выбар Танкам формы і сродкаў паэтыкі абумоўлены перш за ўсё характарам творчай задумы.

Інтанацыйнае багацце, музычная арганізацыя, песеннасць танкаўскай паэзіі – гэта вынік адбіцця народнай беларускай песні на жанрава-стылёвых паэтычных формах аўтара. Максім Танк смела пераносіць мастацкую форму народнай песні ў сваю паэзію. Узорамі творчага выкарыстання фальклорнай паэтыкі з’яўляюцца вершы “Добрай раніцы”, “Свяці, зара”, “Мінулі завеі”, “Пасылае маці думы”, “Грай жа, музыка”, “Рэчанька”, “Іван-ды-Мар’я” і інш.

Кампазіцыйная пабудова верша “Добрай раніцы” мае ў сваёй аснове форму традыцыйнай жніўнай песні “Добра жаць – шырокая ніўка”, а ў вершы “Мінулі завеі” поўнасцю захаваны рэфрэн песень-вяснянак – “Вясна- красна на ўвесь свет!”. Пабудова верша “Два арлы” нагадвае народныя балады.

Народнасць, музыка слова, сіла мастацкага абагульнення прыкоўвалі да паэзіі Максіма Танка ўвагу многіх беларускіх кампазітараў. На яго вершы напісана шмат песень, рамансаў, дуэтаў і інш.

Максім Танк апаэтызаваў амаль усе першаасновы народнага жыцця, народнай самасвядомасці. Так вельмі канкрэтнымі і адчувальнымі дэталямі ўваходзіць у свет яго паэзіі родная паэту нарачанская зямля. У вершах “Рукі маці”, “Смаленне кабана”, “Стол”, “Капанне бульбы ў дождж”, “Дарогай сенажаці” і інш. Паэт уздымае з глыбокіх пластоў бацькоўскай зямлі шматлікія запасы залацінак роднага слова, усмешлівага досціпу, мудрага бачання свету, народнай ментальнасці.

Паэзія Максіма Танка глыбока народная. Паэт з еўрапейскай вывучкай, ён увабраў і арганічна засвоіў культуру верша, традыцыі сусветнай паэзіі, чыя творчасць прасякнута агульначалавечай духоўнасцю і скіравана да бесперапыннага пошуку як у форме, так і ў змесце. Максім Танк адчувае фальклорную стыхію як штосьці роднае, блізкае. Больш таго, яна натуральна і непасрэдна ўваходзіць у яго верш, у паэтычны светапогляд неад’емнай і жыццёва неабходнай часткай. У сваіх вершах паэт аб’ядноўвае народнае светабачанне, народныя маральныя каштоўнасці і эстэтычныя ўяўленні з высокай паэтычнай культурай і асабовым пачаткам у паэзіі.

Такім чынам народная самасвядомасць, вобразы роднага краю, традыцыі, культура і, безумоўна, народная беларуская песня наклалі свой моцны адбітак на паэзію Максіма Танка, на яго несупынны і плённы пошук у галіне жанру і формы.


Спіс літаратуры


  1. Бельскі, А. Краса і смутак: дапам. для настаўнікаў / А. Бельскі. – Мінск.: Маст. літ., 2000. – 237 с.

  2. Калеснік, У. Максім Танк: нарыс жыцця і творчасці / У. Калеснік. – Мінск.: Маст. літ., 1981. – 189 с.

  3. Рагойша, В. П. Паэтычны слоўнік / В. П. Рагойша. – Мінск.: Выш. школа, 1979. – 320 с., іл.

  4. Рагойша, В. П. Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка / В. П. Рагойша. – Мінск.: Нар. асвета, 1979. – 128 с.

  5. Танк, М. Збор твораў: у 6 т. / М. Танк. – Мінск.: Маст. літ., 1979. - Т. 3: Вершы 1954-1964 – 560 с.

  6. Танк, М. Збор твораў: у 6 т. / М. Танк. – Мінск.: Маст. літ., 1979. - Т. 4: Вершы 1964-1976 – 720 с.

  7. Тарасюк, Л. К. Вернасць вытокам: фалькл. традыцыі ў сучас. беларус. паэзіі / Л. К. Тарасюк – Мінск.: Выд-ва «Універсітэцкае», 1985. – 126 с.

  8. Чабан, Т. К., Гарадніцкі, Я. А. Сучасная паэзія і фальклор / Т. К. Чабан, Я. А. Гарадніцкі. – Мінск.: Навука і тэхніка, 1988. – 128 с.

  9. Шырма, Р. Песня – душа народа / Р. Шырма. – Мінск.: Маст. літ., 1976. – 430 с.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка