Сапраўдны сябар



Дата канвертавання19.07.2016
Памер19.85 Kb.
САПРАЎДНЫ СЯБАР
У адной афрыканскай сям’і, якой жылося ў цэлым нядрэнна, бацька прысвячаў шмат часу на выхаванне дзяцей. Зразумела, рабіў ён гэта па-афрыканску, паводле даўніх звычаяў. Бацька вельмі хацеў навучыць усіх сваіх дзяцей мудрасці жыцця.

Калі найстарэйшы сын дасягнуў сталага ўзросту, бацька паклікаў яго да сябе і сказаў, што дасць яму карову (гэта быў для іх вялікі скарб), каб той падараваў яе свайму сапраўднаму сябру. У сына было шмат сяброў, таму бацька даў яму час падумаць і выбраць аднаго. Вечарам сын прыйшоў да бацькі і сказаў, што ніяк не можа выбраць паміж двума. Тады бацька спытаўся, чаму ён вылучыў менавіта іх. Сын адказаў, што першага сябра ён любіць больш за ўсіх, часта пра яго думае і, калі што-небудзь робіць, разважае, ці зрабіў бы той так сама. Другога сябра ён любіць менш, але той, у сваю чаргу, вельмі любіць яго, усцяж пра яго думае, часта прыходзіць па раду.

Бацька ўважліва слухаў сына, выпускаючы са старой трубкі вялікія клубы дыму. Яму падабалася тое, што гаварыў сын, але, калі ён скончыў, бацька сказаў, што ўсё ж такі трэба выбраць аднаго. Падумаўшы, сын сказаў, што выбірае таго, каго ён больш любіць. Бацька сказаў, што вельмі добра, што сын кіраваўся сэрцам і гэта вельмі важна ў жыцці, але трэба таксама ўжываць і развагу. Ён прапанаваў сыну выпрабаваць сваіх сяброў. На дварэ якраз стаяла ноч і пачаўся дождж. Бацька параіў вымазаць дзіду ў кроў, самому намазацца брудам, пайсці да сяброў і, сказаўшы, што ён забіў чалавека і цяпер за ім гоняцца, папрасіць, каб яго схавалі.

Сын так і зрабіў. Перш за ўсё ён пайшоў да свайго любімага сябра. Але там яму прыйшлося з вялікім здзіўленнем і болем у сэрцы слухаць адмоўны адказ. Той не хацеў мець з ім нічога супольнага і сказаў яму правальваць. Другі ж яго сябар, той, якога ён любіў значна менш, але ў якога меў шмат месца ў сэрцы, таксама быў дома і якраз тлькі што памыўся і выціраўся пры вогнішчы. Ледзь толькі хлопец пачаў расказваць, што забіў чалавека і яго праследуюць, як сябар схапіў яго ў абдымкі, заліў агонь вадой і на хаду сказаў, што схавае яго ў шалашы на востраве. Толькі на вуліцы атрымалася яму сказаць праўду, так той спяшаўся дапамагчы сябру.

Калі яны абодва, мокрыя і брудныя, прыйшлі да бацькі, той, выслухаўшы ўсю гісторыю, сказаў, што сябар яго сына атрымае дзве каровы, бо яшчэ адну ён дасць ад сябе. Бацька таксама звярнуўся да сына з такімі словамі:

- Тваім сапраўдным сябрам з’яўляецца той, хто цябе любіць. Ты можаш на яго разлічваць і давяраць яму. Старайся таксама паставіць яго на першае месца ў сваім сэрцы.



Абодва хлопцы з увагай слухалі словы бацькі. Калі той пайшоў, вогнішча палілася амаль да самай раніцы. Нічога дзіўнага, бо ў двух сяброў, якія пры ім сядзелі, было шмат пра што пагаварыць.
МУДРАСЦЬ БАЙКІ:


  1. Шануй бацькоў. Давярай іх жыццёваму вопыту. Слухайся іх радаў і заўваг.

  2. Сапраўднае сяброўства - гэта не толькі справа сэрца і пачуццяў. Трэба ўмець яго выпрабоўваць. Вельмі патрэбная ў ім і развага.

  3. Сапраўдны сябар - гэта сапраўдны скарб. Трэба ўмець яго знайсці, але, напэўна, яшчэ больш трэба яго шанаваць, каб яго не страціць.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка