Сьнег капітана мантгомэры ахвярую Н. Ц., якая здрадзіла надзеям



старонка1/3
Дата канвертавання14.06.2016
Памер402.59 Kb.
  1   2   3
Сяргей Балахонаў

СЬНЕГ КАПІТАНА МАНТГОМЭРЫ

Ахвярую Н.Ц., якая здрадзіла надзеям

1.

Капітан Мантгомэры страпянуў плячыма. Вецер, што падзьмуў з боку Сажа, быў па летняму лёгкім, але ненатуральна, як для гэтай пары года, сьцюдзёным. Няпроста было пераключаць прызвычаены да сьпёкі арганізм на змаганьне з раптоўнай халадэчай. Камандзір наймітаў надта не любіў тутэйшых халадоў. Асабліва асьцерагаўся надыходу зімы спасярод лета. Тут, яму распавядалі, за апошняе стагодзьдзе такое надаралася колькі разоў. “Мала ня ўсё лета былі маразы”, – прамармытаў капітан штосьці зь мясцовых кронік. Фіялетавыя аблокі павольна ахутвалі Месяц. У навакольлі не аціхалі канцэрты цвыркуноў, раз-пораз перамяжоўваючыся покрыкамі размаітых начных птахаў. Прымхлівыя мяшчане балакалі, што ля Гомея вядзецца цмок, то бок дракон, які нібыта часьцяком крычыць па начох. Мантгомэры з падобных балачак адно насьміхаўся, бо быў перакананы, што ўсе драконы Эўропы перабітыя яшчэ за часы Зыгфрыда. Гэта крычэлі птушкі. Птушкі зь няўцямнымі дзікунскімі назвамі: пугач, барадач, крук, хрусьцель... Дый ці магло быць іначай на гэтай зямлі – узьмежку Эўропы і Азіі! Тут жа ўсё дагары дрыкам! Яго, капітана Мантгомэры, наймалі для вайны ў Польшчы. Але неўвамнозе выявілася, што пад нагамі ня Польшча, а Літва – Гомей жа літоўскі замак. Аднак і апошняе не выявілася дакладным: адзін дабрадзей намякнуў, што Гомей гэта бадай што Русь. “Ці ня Белая?” – пацікавіўся тады капітан. Успаміналася сямейная легенда, паводле якой яго дзядуля (бацька маці) ліставаўся пэўны час з вучоным мужам леўкарусусам, то бок беларусцам. “Белая Русь, сірэч Масковія”, – катэгарычна пераконвалі яго. “Тым лепей”, – думаў найміт, не жадаючы мець да гэтых земляў ані кроплі добрай схільнасьці. Перашкаджала б ваяваць.

Для вайны, а не для партрэтаў ці балетаў, ён апынуўся за тысячу літоўскіх вёрстаў ад родных ніў, ад райнскіх хваляў. Як ваяк Мантгомэры мусіў бы абмежаваць свае веды пра гэтую вайну толькі патрэбнымі зьвесткамі пра моц і хібы праціўніка, не заглыбляючыся ў гісторыю. Але ад вышпаменаванага дзеда засталася дзіўная дасьледніцкая прага. Калі ліцьвіны (ці ўсё ж русіны?) зьдзіўлена крывіліся зь ягоных пытаньняў пра сутнасьць процістаяньня, даводзілася спасылацца на выдуманага кніжніка і цьвердзіць: “Хто ўведаець боле а ворагі свае, тому паложаны будуць пад ногі варагове яго”. Уменьне трапна спасылацца на кніжнікаў тутэйшыя дужа паважалі. Так па пяшчынках, то хітрасьцю, то прыкрасьцю, Мантгомэры выбудаваў для сябе дужа няўцямную карціну адбыванага на Русі (ці мо ўсё ж у Літве?).

Высьвятлялася, што недзе зусім недалёка на поўдні, там, куды свае воды нясе рака Барыстэн (а па-тутэйшаму – Дняпро), ляжаў нейкі стэп, немінуча абзываны дзікім. Гаварылі, дзей то цэлы травяны лес, якому на многія вёрсты аж да самага мора Татарскага няма ні рубу, ні крэсу. І вось жа ў стэп з усіх куткоў гэтай недарэчнай краіны уцякаў кожны, хто быў здатны марыць пра свабоду. “Гарадзкое паветра робіць чалавека свабодным”, – выслаўляліся некалі ў Эўропе. “Лепш у стэпе казакам, чым пры пане ракам”, – існавала перакананьне тут сярод адбытых ды імаверных ўцекачоў. На радзіме – між лясоў і палёў, пустак і балот – яны пад'ярэмнае быдла, трыманае ў Leibeigenschaft1. Там жа ў моры траваў яны непадлеглая вольніца, казакі.

Жывучы блізу крымскіх татараў, казакі спанатрыліся ў ваяцкіх рэчах. Трасілы, Налівайка, Гуня, Лабада... Барбарскія мянушкі, што й дасюль скаланаюць шляхецкі спакой. Апошні закалот, што ўшчаўся тры гады таму пад зьверхнасьцю якогасьці Хмеля (півавар ці півахлёб ён з такою празыванкай?), меўся зацьміць усе ранейшыя ростыркі і няснаскі. Выклік усёй тутэйшай Res Publica! Імкненьне сваю вольніцу, сваю анархію над цэлым панствам узвысіць! Гэты Хмель схацеў валадараньня плебсу па абодва бакі Барыстэна наўсьцяж яго плыні. Дзеля таго ў барыстэнаўскае вярхоўе ён насылаў пільных і спраўных казакоў, якія з тутэйшым людам добра зналіся і лягчэй маглі падбухторыць проціўка шляхты рушыць. Што за муць зрабілася! Бунтаўнікі забівалі шляхту, сьціналі юдэяў, не шкадуючы ані жонак, ні дзетак іхных. Увачавідкі вялікае разьліяньне крыві і зьнішчэньні з унутранай вайны дзеюцца. Рэдкі чалавек у той крыві рук сваіх не ўмачыў і грабленьня добраў не чыніў. Туга вялікая людзям кожнага значнага стану была. Не абмінала іх наруга і зьдзекі праклятых галцяёў. Гомей між многіх местаў таксама казацкім ставаўся: казакі колькікроць прыходзілі і зыходзілі, маючы падтрымку мяшчан, каторыя мала ня ўсе паказачыліся. І многа, многа было з тым бяды.

Такой трывожню часінай Мантгомэры і быў закліканы на ўспамогу войску, як высьвятлілася, ня ў Regni Polonie, а ў Magni ducatus Lithuaniae. “Дапамога грошай гатовых варта” – заўсёды выслаўляўся ён. За плячыма ляжаў не адзін год найміцкае службы. Грошы кладзі ў каліту, і пан Мантгомэры вырушыць нават у Афрыку біцца з андрагінамі ці паляваць на таўсматых чорных аднарогаў. А тут усяго толькі Гомей, які ляжыць ад роднага Утрэхта значна бліжэй, чым Александрыя Эгіпецкая, а пагатоў таямнічы афрыцкія прасторы за пятым парогам Вялікага Ніла. Зрэшты ў гэтым Magni ducatus часьцей прыгадвалі парогі Барыстэна: адтуль супраць рачное плыні і кацілася казацкая валва – хваля, што ад ветру падымаецца сьцяной...

Былі агонь і рабунак Пінска, быў штурм Мазыра ад сьвітаньня да зьмярканьня, была колькітыднёвая аблога Бабруйска. Па кожнай бітве даводзілася папраўляць дасьпехі. Пад Бабруйскам грубая хамская страла (мушкетаў ня ўсе зь іх, дзякуй Навышняму, маюць!) адцяла капітану кавалак левага вуха. Папомсьціцца за гэта ён так і ня змог, бо гетман Януш Радзівіл гварантаваў бабруйчанам-капітулянтам недатычнасьць, дзеля чаго ваякаў нават за ўзятую ў месьцічаў хустачку маглі ўзьвесіць на шыбеніцы. Пакінуўшы вушны адцятак за талісман, найміт напоўніцу адыграўся за гэтую рану ў Чачэрску, адсякаючы па запясьці рукі палонным казакам. Гомей тады ўзяць не змаглі. У хмурай сечы пад Лоеваю Гарою пашчасьціла выжыць: мо' сапраўды дапамагаў талісман, а можа анёл-абаронца не зракаўся свайго падапечнага – прафэсійнага носьбіта сьмерці. Панежа казакі ў валчэньні лоеўскім, каторае року 1649-га месяца юля, па-просту ліпца, паражку пацярпелі, то шляхта а найміты абнялі Гомей аблогай. І ўрэшце ўвайшлі ў тое места акрутна і люта, як гвалтаўнік уваходзіць да ахвяры сваёй...

2.

Капітан яшчэ раз узірнуўся ў цямрэчу, а пасьля адхінуўся ў бок горада і запаліў піпку. Страшная рэч – эўрапеец прыахвоціўся да эўрапейскае моды ў гэтай трошку барбарскай краіне. Тутэйшы ж народ стаў добра пыхкаць ад часоў францістага швэда караля і вялікага князя Сігізмунда Васы – раўналетка дзеда Мантгомэры. “Жыгімонт”, – паспрабаваў найміт вымавіць на тубыльскі капыл яснавяльможнае імя і стаў спускацца з вартавое вежы. Ён няблага асвойтаўся ў гомейскіх вуліцах і спраўляўся нават зь цямрэчай. Ад нечаканак (ці мала што магло якому-кольвек мешчаніну ў галаву ўроіцца!) ён меркаваў абараніцца ўласным спрытам у супольнасьці з шабляй і набітым мушкетам.

Мантгомэры абмінуў Прачысьценскую царкву, перасёк гандлёвую плошчу ды збочыў на Траецкую вуліцу. Там, за аднайменнай царквою, месьціўся падворак маладое ўдавы Алюты. Зь ёю капітан спазнаўся зусім нядаўна. Яна ўразіла яго незвычайна чорнымі даўгімі кучаравымі валасамі, якія райнскім вадаспадам сплывалі на плечы. Чорны пух загнутых брывянят, яскравыя вясёлыя вочы, глыбока на дне каторых таілася туга, невялікія сунічнага колеру вусны, зграбная постаць з вострымі стаячымі грудзьмі пад белай льняной кашуляй. Усё прынадзіла, прывабіла, прыцягнула яго – камандзіра найміцкае залогі. Капітан упершыню пасьля шматлецьця чужых войнаў і ложкаў адчуў, як з сэрца спадае панцыр, а пачынаецца міласьць, любоў, каханьне. “Мяшчанка ж тая Алена, удавіца Лявонава, рада бачыць ротмістра найміцкага і ўдзячным госьцем яго сабе называе, бо ўзаемна адно ў другом закахаліся”, – пазначыў у сваёй кроніцы пільны дзяк Траецкае царквы Анісіфор, які і гэтым разам выглядваў у змроку прыбыша.

Алюта адагнала ды прымкнула ў клеці сабак, і ўпусьціла на падворак каханка.

– Вечар добры, Ёган, – павіталася яна, назваўшы па адным зь яго шматлікіх імёнаў. Ён паспрабаваў яе пацалаваць, але жанчына запярэчыла, захінуўшы далоньню вусны.

– Узноў насмаліўся? – спытала яна пра тытунёвы пах.

– Па мусу толькі, абы напругу нутраную здыймаваць, – старанна падбіраючы словы апраўдваўся капітан

– А тую напругу, што вонках, ты часам ні з кім не здыймаваў? – усьміхнулася Алюта, і нават у паўцемрыве льга было заўважыць бель ейных зубоў.

– Толькі ты. Мяне хвалюеш толькі ты.

– Глупы і закаханы верыць усякай рэчы, – злукавіла жанчына і, беручы госьця пад руку, прамовіла. – У лазьню, мой мілы, у лазьню...

– Мыцца ў лазьні здарова? – зь недаверам пацікавіўся Мантгомэры.

– Здарова і здорава, – падбадзёрыла каханка.

Лазьня была добрая. Муж зрубіў яе з даўняга бярвеньня. Не пашкадаваў дрэва на тое, каб вымасьціць падлогу і ў мыйні, і ў прымыльніку. Печ-каменку зьляпіў, аснадзіўшы комінам і ладным чанам для нагрэву вады. Дах пакрыў драніцаю. Гэткіх лазьняў на цэлы Гомей тады было ўсяго тры-чатыры.

У цёмным прымыльніку жанчына хутка скінула свае апранахі і першай скочыла ў мыйны пакой, каб надаць пары і размачыць дубовыя венікі. Ёган распранаўся марудна. Ад тубыльцаў ён чуў пра лазьні шмат хвалебных словаў, але сам абыходзіўся купаньнем у бочцы ці балеі з гарачаю вадой, а цёплай паравінай года – у рэчках, азёрах, ручаях. “Ліха іх ведае, як яны тут мыюцца”, – падумаў Мантгомэры і рушыў да дзьвярэй мыйні. Калі ўвайшоў, адчуў гарачы дух, нярэзкі пах дыму і духмяных траваў. Пакой асьвятляла лоевая сьвечка, што стаяла на падваконьні праваруч ад уваходу. Зьлева да сьцяны тулілася печ. Проста перад ім на ўслоне сядзела Алюта, мнучы ў драўляным вядры венікі. Яна хітра глянула на зьбянтэжанага іншаземца і хітнула галавою, заклікаючы падыходзіць бліжэй. У той мільг, калі ад хітаньня схамянуліся яе валасы і зьлёгку загайдаліся грудзі, Ёган засумняваўся, ці не вядзьмачка яна. Але адразу адагнаў такія подумы прэч да нібэлюнгаў. “Тая мяшчанка стала абратацца ў лазьні з мужам інным, – з роспаччу ўяўляючы сустрэчу ўдавы і камандзіра наймітаў, дапаўняў кроніку Анісіфор. – Мусіць пачытацца за любадзеіцу”.

Не адводзячы вачэй ад капітана, жанчына ціхенька засьпявала. Ёган ледзьве разьбіраў словы, а іх сэнс станавіў для яго пэўную загадку. Песьня для замежнага вуха была дзіўнаватай. Сьпявалася пра дзяўчат, якія плавалі з тутэйшым Ёганам і акрывалі яго нейкім “зельлем”. Пры тым, што гэта за “зельле”, дзяўчаты ня ведалі самі, а таму паехалі да караля. Мантгомэры зьдзівіўся, што кароль у песьні стаў такой мізэрнай справай займацца і, паказаўшы перад падданымі сваю недасьведчанасьць, паклікаў аўгусьцейшую сужаніцу. Каралева ж зызволіла абвясьціць дзяўчатам, што гэта іхняя радасьць, якую яны не павінны выпускаць з рук, назапашваць і заліваць вінцом...

Іншаземец усутыч падыйшоў да гамяянкі.

– Напамінае саўну, – прашаптаў з адметным акцэнтам ён.

– Ня лайся, – не зразумела яна.

– Не, гэта ў нас лазьні бываюць такія. Сьпярша ў іх fiki-fuki, а мыцьцё пасьля.

Мантгомэры паспрабаваў абняць Лявоніху, але тая спрытна хапіла венік і пачала ім хвастаць капітана. Ад нечаканкі і гарачага духу, што набягаў на цела з кожным шляпнём, той заенчыў. Жанчына азвалася лагодным сьмехам, які сьцішыў ягонае енчаньне. Капітан, вальготна ўлегшыся на дубовым палку, пакорліва прымаў новыя а новыя шляпні. У гарачыні паветра і пачуцьцяў Ёгану міжволі прыгадваліся колішнія бойкі, дзе ён быў ня самым апошнім. Белая Гара, Дэссаў, Штральзунд, Лех, Ракруа... Ці ня ўся мапа трыццацігадовай эўрапейскай вайны памясьцілася на ягоным целе ў выглядзе шматлікіх шнараў.

Жанчына абмакнула венік у ваду і потым страсянула над зружавелым целам госьця. Халодныя пырскі ажвавілі іншаземца і ён зноў падаў голас, адрывіста застагнаўшы.

– Ну ўсё, прыйшла твая чарга, – прамовіла яна і перадала раскунежанаму Ёгану інструмэнт мучэньняў і насалод, як пасьпеў той назваць для сябе лазенны венік. Ён лянотна зьлез з палка, і вомільгам там апынулася Алюта. “Чараўніца”, – думалася яму. І яднала ў сабе чараўніца вабнасьць кабеты і сьвежасьць дзяўчыны. Нават паўзмрок не замінаў захоплена ўглядацца ў рысы ейнага твару. Цікаваць прынады ейнага цела. Капітан, адчуваючы новы юрлівы прыліў, тым ня менш уздатніўся пашкадаваць пра тое, што ён не мастак, што ня можа адлюстраваць на халсьціне звабу чароўнай русінкі. Гэты бляск і вільготу вачэй. Гэты нос зь пекнымі адтулінкамі – ружаватымі і кволымі. Гэты рот, улегцы прыадкрыты, нібыта прагны да цалункаў... Створана богам русінка, каб упрыгожыць ваярскую долю. Хто такія русінкі? Хіба назавеш так па-барбарску гэтыя твар і плечы, рукі і грудзі, ногі і тое (тое!), што спаміж іх?..

На дварэ іх сустрэла прахалода. Сьвежае паветра выбівала з вачэй сьлёзы, як кагадзе гарачы дух у лазьні. З боку Спаскай неслася рэха карчомных песьняў. Неймаверна, аж да амарокі, пахла ліпамі. У нейкае імгненьне Мантгомэры, нібыта забыўся пра вайну і адчуў сябе зусім тутэйшым. Прымроіў, што зьбірае з борцяў ліпавы мёд, а побач у садзе бегаюць двое бялявых малечаў – дзяўчынка і хлопчык – ягоныя з Алютай дзеці. Мроя была настолькі мілай, што капітан жахнуўся з самой здатнасьці ўяўляць падобнае і злавіў сябе на думцы, што яго вельмі непакоіць імавернасьць праходзіць у бабылях, не спарадзіўшы нашчадкаў. Які б дзівак на звод павёў свой род, пахаваўшы любоў ва ўласным лоне? Капітан такога на хацеў. “Холад, холад праймае”, – сказаў ён, абы сказаць. Лявоніха маўчала. Яны прайшлі ў дом. Жанчына запаліла пару лучынаў. Пасадзіўшы госьця на лаву, яна стала завіхацца каля печы, выходзіла ў кладоўку, каб праз пару хвілінаў накрыць небагаты стол: халаднік на гурковым расоле, запечаныя ў сьмятане карасі, мочаныя грыбы, мёд-маліньнік. Вячэраць пачалі моўчкі. Ёган дзівіўся кіславатаму смаку халадніка, але еў, ня грэбуючы. Алюта маленькімі глыткамі піла з корчыка маліньнік і глядзела на іншаземца.

– Муж любіў, – сказала яна.

– Любіў? – не зразумеў Мантгомэры.

– Халаднік...

– А як сьмерць падняў?

– Як і многія...

– Многія?

– Хто проці караля.

– Казак?

– Паказачаны.

– Дзеля чаго?

– Устыла ўсё.

– Устыла?

– Надакучыла. Я ня ведаю, як там у вас бывае, а ў нас такі ліхі сьвет стаў, што дзеці адной зямлі міжсобку чужынцамі зрабіліся. І як быць, калі тыя, хто павінны кіраваць дзяржавай перашыліся з русінаў ды ў палякі і астатніх перашыцца прынучаюць? Гэтая прынука і наскучыла...

– Дык хіба мова вайну спарадзіла? Якія б не былі прынукі, гаворка гэта толькі вымаўленьне таго, што кажаш. На якой мове ворага ні лай, сэнс вымаўленага ня зьменіцца.

– Мова... – Лявоніха натужліва ўсьміхнулася. – Мова лечыць і калечыць. Яна для нас, як тая просека ў лесе. Разумееш, што я хачу сказаць?

– Holzwege, – задуменна прамовіў капітан і зусім па кніжнаму на Алюцінай мове спытаўся:

– А няможна б было без таго ў лепшай надзеі і справе панства сваё захаваці?

– Дрывасек ты, Ёган. З пляча сячэш. Калі так усё проста, дык чаго ж тваіх нямеччын трыста? Вам так зручней. А нам было б зручней жыць асобна ад палякаў і спалячаных здрайцаў. Асобнае панства нам трэба. Свая дзяржава.

– З Хмелем на чале?

– На чале з тым, хто нас разумее. Калі б Януш Радзівіл спыніў вайну і далучыўся да нас, яго б прынялі. Даравалі б усе грахі і прынялі. Але ня будзе, бо ён за іншае гаспадарства ваюе.

– За іншае?

– Не за такое, як хочацца нам.

– Ты не баішся мне гэта казаць?

– А ты мяне павесіш? Ці шабляй пасячэш? Колькі разоў у сваім жыцьці ты гэта рабіў? Колькі жанчын ты згвалціў, а потым забіў?

– Маўчы. Ты мой самы любасны вораг. Я не пасьмею прычыніць табе ліхога. Ты найцуднейшая панна на сьвеце і мусіш мець водле сябе свайго пана.

– Мужа?

– Але.


– У малжонкі набіваешся? У нас тут малочных рэкаў з кісельнымі берагамі няма. Дый пакою, як старыя кажуць, ці ня сотню гадоў нямашака.

– Я забяру цябе туды, дзе будзе добра. У Ніжнія Землі. Чула?

– Хо-хо-хо, – засьмяялася Лявоніха. – А ці ня там было, што езуіты ўсіх чыста герэтыкамі абвесьцілі і вынесьлі прысуд горлам караці?

– Тыя злыя хвілі даўно мінулі. Цяпер там усё па-іншаму. Ня так, як у Эўропе цэлай... Лепей.

– Мы таксама хацелі б, каб было лепей. Але тут. Яны гэтага баяцца, таму й не адпускаюць нас. А ты ім дапамагаеш. Ды за іх амаль ніхто ваяваць ня хоча. Войска зь цяжкасьцю набралі.

– Але тыя, хто не пайшоў у войска, зусім не спагадуюць казацтву і паказачаным, бо баяцца ад оных сьмерць сваю мечам падняць...

– “Сьмерць падняць, сьмерць падняць”, – перадражніла Алюта кніжныя словы, якімі зноў бліснуў Ёган. – Мы на гэтай зямлі подаўна страцілі страх перад сьмерцю, але не перад жыцьцём. І нашы апалячаныя баяцца ня сьмерці, а іншага жыцьця, якое можа наступіць тут, калі мы пераможам... Гэта больш, чым страх. Гэта сьвятарнае трымценьне. Трымценьне ад прадчуваньня таго, што нехта зможа вызваліць іх ад цяжару здрады. І хочацца, і колецца, і Польшча не вяліць. Ім цяжка самім зрабіць першы сяг. Вось жа сядзяць ды пад неба глядзяць. Сочаць, ці ўправіцца люты Януш з намі... А нам... Не шкада нам жыцьця маладога.

– Ты выбіваеш мяне з мысьлі, – спахмурнеў Мантгомэры. – Хочаш сказаць, што я замінаю вашай свабодзе?

– Не. Ня ты асабіста. Усе наёмнікі разам як стан рэчаў. Не было б вас, такіх прагных да крывавых грошыкаў, сёньня б тут стаяла Рэч Паспалітая Русінаў. Res Publica Ruthenica. Досыць пра гэта. Хадзем у ложа.

3.

Дзяк, які праз усю ноч і вока не злажыў, прымудраўся пільнаваць у вакно, чытаць “Арыстотэлевы вароты” і занатоўваць тое-сёе на старонкі сваёй таемнай кронікі. Пад раніцу ён быў зусім растурзаны удаванай нянавісьцю да Лявоніхі. Бедачына Анісіфор пасьпеў зрэестраваць постаці яшчэ колькіх мужчын, што ў розны час апыналіся на ейным падворку. “Дзеўка, будучы прэзь беса распаленаю, прывячала ня тылька нямчына Мандагамору, але і тэж інных мушчызн, каторых відзеў я входзячых а выходзячых з брамы ея”, – перачытваў ён ўласныя запісы, і гарохавіны сьлёз нядбала каціліся па твары, падаючы на сьпісаныя горкай праўдай старонкі. Гэта была толькі ягоная праўда. З бачанага ўночы дзяк зусім нічога не цяміў.

Насамрэч у двор да Алюты, акрамя капітана, прыходзіў толькі адзін мужчына. І прыходзіў крадком не дзеля грахоўных уцех, як здавалася Анісіфору, а дзеля іншай важнай справы. Пакуль Мантгомэры, заварожаны шыпеньнем вады ў гарачых камянях і собскімі любоснымі пожадамі, нічога ня чуў, незнаёмец шнырыў па яго рэчах. Сярод ключоў ён знайшоў найвялікшы і зьнёс яго. Лявоніха някепска пастаралася, каб той мог яшчэ раз бясьпечна прыйсьці і павесіць на зьвязку нейкае падабенства скрадзенага ключа. Яна падмяшала ў халаднік соннага зельля. Яно і змарыла іншаземца, ледзьве ён дабрыў да пасьцелі. Зрэшты раніцой капітан быў перакананы, што ночку цэлую чыніў любы з чароўнай русінкай.

Пахіснуцца ў апошнім уражаньні Мантгомэры не пасьпеў. У браму загрукаў ягоны пахолак. Па ўзрушаным выглядзе льга было дапяць, што здарылася нешта надзвычайнае.

– Пане, – задыхана прамовіў ён да гаспадара, – казакі набліжаюцца да Гомея. Варта зьмянялася... І адзін спрыкмеціў іх. Пад харугвай ідуць... Харугва чырвоная зь белым крыжам... І белай аблямоўкай...

– Твае казакі, харошыя юнакі, – сьцюдзёна кінуў капітан Алюце.

– Што хутчэй, ня толькі казакі, – спакойным ручайком пражурчэў ейны недасканалы адказ.

– Мне няма вярэмя на загадкі, – Ёган зьбіраўся выходзіць.

– Ніякіх загадак. Белы крыж на чырвоным полі – герб места Гомейскага.

– Мяшчан спакушаюць. Разьвялі Гельвецыю2... – чмыхнуў іншаземец і сьпехам пакінуў дом.

На вуліцах Гомея панавала неймавернае ажыўленьне. Нямецкія ды вугорскія жаўнеры-найміты і мясцовыя апалчэнцы зь ліку шляхты ды мяшчан подбегам кіраваліся да паркану – плоту з дубовых кольляў, якім быў абнесены горад. Упэўненыя рухі і адсутнасьць якой-хаця намінкі на зьбянтэжанасьць сьведчылі пра тое, што абодвух гатункаў ваякі добра ведалі, куды ім трэба рухацца. Гэтую зграбную, амаль што карцінную, мітусьню дратавалі толькі дзьве рэчы: сабачы брэх і крыкі гарадзкога юродзіўца Такешы. Калі сабакі ў сваім “гаў-гаў” былі нешматслоўнымі, дык бажаволак так і сыпаў словамі, абяцаючы надыйсьцё апошніх дзён. “Пакайцеся брацьця і сестры! – гарланіў ён. – Іржавыя дні градуць, не ўсядзеце маўчком. Ледзь бялее палоса дарогі ў зыркім мігценьні зор. Се канец сьвету. Кожды мовіць прад тронам нябесным будзе. За ўчынкі свая адвячаць станеце. Пакайцеся. І наліце ўрэшце, будзь ласка, мне куфаль піва...”

Мантгомэры, дасягнуўшы вартавой вежы, якой сканчалася Спаская вуліца, вомільгам падняўся на другі паверх. Вартавы пачаў быў рапартаваць, але капітан астудзіў яго палкасьць крэпкім галяндзкім слаўцом і ўзяўся самавочна назіраць адбыванае за парканам. Апрача памянёнай пахолкам чырвонай харугвы, з-за яблыняў зьявілася яшчэ адна такая ж самая. А разам зь ёй завіднеліся тры белыя, дзьве чорныя і дзьве цёмнажоўтыя. Ёган наструніўся. Раздаржнялі, як колеры палотнішчаў, так і колькасьць казакоў пад імі. “Вы б яшчэ колер яблыка кітайскага3 скарысталі, дзікуны”, – лаяўся ён. Лаянка была ціхой і маладзейснай. На вельшае капітанава здранцьвеньне за ўсімі гэтымі харугвамі на ўскрайку садоў аб'явілася значна большая маса конных і пешых супраціўнікаў. Іншаземец аблізаў перасохлыя губы. “Тысяч восем”, – падказвала яго ваярскае вока. Найміцкая залога і гарадзкое апалчэньне стаялі пры паркане напагатове. З-пад аднае харугвы выімчала колькідзесят вершнікаў і паскакала праз жыта паперад усёй коньніцы.

– Чаго Вашаць марудзіш? – азваў капітана камандзір апалчэньня пан Аляксандар Жураўскі. – Мо' досі ўжо вадзіць вала? Час іх пашчупаць за вымя. А там глядзіш, ім жаба такой цыцкі дасьць, што і кокашы задзяруць, як цуцыкі валачашчыя.

Ён гаварыў вельмі хутка, з характэрным прысьвістам і міжвольнымі плевунцамі. Нагрувашчваньне тутэйшых прастамоўных канструкцыяў, малавядомых іншаземцу, далося ў знакі. Мантгомэры, заткнуўшы калодкай ваканіцу, павярнуўся да нечаканага дарадцы:

– Хай за скаціну адказваюць тыя, каму трэба. Але правізію мусім расходваць рацыянальна. Невядома, колькі часу давядзецца трымаць аблогу. Жабы, як апошні варыянт. Мы ўсё ж не французы.

– Ды якая к чортавай матары скаціна?! Якія французы? – нібыта не разумеючы прычынаў аблуды, вар'яваўся пан Аляксандар. – За дзела4 трэба брацца.

– А мы хіба бязь дзела?

– Ды я пра зброю, боўдзіліна ты нярускае, цьвержу! Арматы нам на які ляд? Вераб'ёў з вожыкамі пужаць?

– Пану вядома легенда аб пасербу5 Фрыдрыка Рудабародага? – зьдзівіўся капітан. – І да вашых краёў гэтая лухта дакацілася? Я ня веру, што Баўдэліна сапраўды калі-кольвек жыў. Гэта ўсё прыдумкі італійскіх лухтароў.

Тое, што капітан пераключыў сваю ўвагу з поля поўнага ворагаў, на пустое балаканьне супярэчыла самой прыродзе яго паводзін. Што і казаць, на яго працягвала ўзьдзейнічаць якімсьці сваім трыста дваццаць пятым эфэктам учорашняе зельле, запраўленае ў халаднік. У вачох на колькі імгненьняў памутнела. Пан Жураўскі несамавіта чмыхаў і паўтараў, як для чыстага дурня, слоўную мяшанку:

– Арматы. Арматы. Нах казакен. Страляць. Пук-пук! Коньнікі Забелы скачуць.

Згадка пра коньнікаў страпянула капітана, вярнуўшы звычайную развагу:

– Ніякіх “пук-пук”. Вашаць хоча ўсе запасы ядраў на тлум спусьціць? Хай бліжэй падступаюць. Паглянем, што чыніць будуць. Перадаем па ланцугу, – зьвярнуўся ён да вартавога. – З мушкетаў, ручніц і гакаўніц страляць па неабходнасьці. Падпускаць супастата на лёт кулі. Арматы ўжываці толькі з майго аблічняга дазволу.

Тым часам адзін з конных казакоў падаўся значна наперад, пакідаючы далёка за плячыма сваіх таварышаў. “Аля! Аля!” – штомоцы крычэў ён, гарцуючы на добрай адлегласьці ад паркана.

– А гэта яшчэ што? – спытаў Мантгомэры, які зноў уважліва назіраў за полем.

– Татарскі кліч, – патлумачыў Жураўскі. – Зухвальства паказуе.

Казак працягваў крычэць і вельмі небясьпечна набліжаўся да горада. Адзін з жаўнераў, выбраўшы добры момант, пацэліў і стрэліў у ворага. Куля забіла каня, які ўпаў, скінуўшы нефартуннага вершніка. Ёган зь цяжкасьцю мог разабраць, што адбывалася пасьля падзеньня – казака стаіла жыта. Але неўзабаве ён вынырнуў з хлябоў трохі воддаль і пакрочыў да сваіх.

– Во гад. Нават не бяжыць, – злаваўся галоўны апалчэнец. – Давай мездарнем па ім з арматы. Каб не задаваўся

– Не кляпі мне, пане-браце, мазкі сваімі арматамі. Стартэг чортаў, – нядобразычліва прашаптаў капітан.



  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка