Шамякіна С. В. Сістэмнасць кампанентаў змястоўнай структуры рэчыўных вобразаў



Дата канвертавання15.05.2016
Памер108.14 Kb.
Шамякіна С. В.

СІСТЭМНАСЦЬ КАМПАНЕНТАЎ ЗМЯСТОЎНАЙ СТРУКТУРЫ РЭЧЫЎНЫХ ВОБРАЗАЎ (НА МАТЭРЫЯЛЕ БЕЛАРУСКІХ ЧАРАДЗЕЙНЫХ КАЗАК)
Шмат якія даследчыкі літаратуры (напрыклад, Б. Тамашэўскі, В. Кожынаў, Ю. Лотман, Н. Валгіна, А. Фядотаў і інш.) размяжоўваюць вобразы па розных тыпах і відах. Напрыклад, да такога тыпу, як вобразы-тропы, адносяць некалькі відаў: эпітэты, параўнанні, метафары, метаніміі, гіпербалы і г.д. Вобраз-персанаж, вобраз-локус і вобраз-рэч відавочна вылучаецца ў асобны тып.

Названыя тры віды вобразаў (персанажы, локусы і рэчы) вельмі блізкія па сэнсаваму напаўненню і структуры, і ў той жа час істотна адрозніваюцца па многіх параметрах ад іншых відаў вобразаў, у прыватнасці ад вобразаў-тропаў. Вобразы-персанажы, локусы і рэчы па свайму асноўнаму катэгарыяльнаму значэнню суадносяцца з адзінкавымі, канкрэтнымі з’явамі матэрыяльнай рэчаіснасці – жывымі істотамі, аб’ектамі прасторы, прадметамі; у той час як вобразы-тропы выяўляюць адносіны паміж некалькімі аб’ектамі ці з’явамі (як мінімум двума), або паміж аб’ектам і яго часткай. Расійская даследчыца І. Раднянская наступным чынам вызначае структуру вобразаў-тропаў: яны могуць быць пабудаваныя па “прынцыпу метаніміі (частка ці прыкмета замест цэлага) або па прынцыпу метафары (асацыятыўныя адносіны розных аб’ектаў)” [6, 673].

Пад вобразамі-персанажамі мы разумеем дзейных асоб твора – жывых істот, а таксама аб’екты і з’явы, што функцыянальна іх замяняюць, гэта значыць, такія вобразы, якім у творы прыпісваецца ўласцівасць мыслення, адчування, дзейнасці. Да вобразаў-рэчаў адносім нелакалізаваныя ў прасторы аб’екты, якія магчыма перамясціць з месца на месца, персанажу ўзяць з сабою. А вось аб’екты, лакалізаваныя ў прасторы, са стабільным у ёй месцазнаходжаннем, мы называем вобразамі-локусамі. Гэта, па-сутнасці, вобразы прасторы, але не панарамныя малюнкі, як пейзаж, а адзінкавыя аб’екты. На падставе падобнай сэнсавай суаднесенасці дадзеных відаў вобразаў з канкрэтнымі з’явамі матэрыяльнай рэчаіснасці тып, у які мы аб’ядноўваем названыя тры віды, назавем “рэчыўнымі (субстанцыяльнымі) вобразамі”.

У тропаў, з аднаго боку, і персанажаў, локусаў, рэчаў, з другога боку, адносіны паміж зместам і формай, гэта значыць, паміж сэнсам вобразаў і іх вербальнай абалонкай, – розныя. Вобразы-тропы даследчыкі прама называюць “слоўнымі вобразамі”. Яны прысутнічаюць толькі ў слоўнай форме, у прыгожым пісьменстве. Між тым, рэчыўныя вобразы ёсць таксама ў жывапісе, у скульптуры; аб’екты ж архітэктуры і ёсць, самі па сабе, увасобленыя вобразы-локусы. Названыя віды вобразаў менш звязаныя са сваёй слоўнай абалонкай, для многіх з іх яна, па-сутнасці, – мастацкая дэталь, якую магчыма замяніць на іншую без страты (часам нават без істотнай змены) сэнсу. А вось слоўная форма, якою выражае сябе канкрэтны троп – адзіна магчымая і назаўсёды зададзеная для яго. Замяніўшы словы ў метафары, атрымаем зусім іншую метафару (ці ўвогуле бязглуздзіцу). Але пры гэтым сэнс пэўнага тропа часта магчыма зразумець па-за кантэкстам твора, у якім ён ужыты, у той час як сэнсавае напаўненне рэчыўнага вобраза робіцца бачным толькі ў кантэксце ўсяго твора. Такім чынам, вобразы-персанажы, локусы і рэчы маюць меншую залежнасць ад сваёй канкрэтнай вербальнай абалонкі і большую залежнасць ад кантэксту твора, чым вобразы-тропы.

І тропы, і рэчыўныя вобразы ў тэксце абазначаны пэўнымі лексемамі. Адны і тыя ж лексемы ў кантэксце канкрэтных твораў набываюць дадатковыя сэнсы. Вобраз-троп – гэта, як піша вядомы беларускі даследчык В. Рагойша, “слова ці моўны выраз, ужытыя ў пераносным значэнні” [5, 325]. У словах, якімі абазначаны ў тэксце субстанцыяльныя вобразы, таксама прысутнічаюць прырашчэнні сэнсу. Слоўны мастацкі вобраз – гэта, з лінгвістычнага пункту погляду, слова з дадатковымі ці іншымі, у параўнанні з агульнанароднымі, лексічнымі значэннямі. Пра спецыфіку мастацкага вобраза ў параўнанні са слоўнікавым значэннем слова пісалі многія даследчыкі, у прыватнасці слынны расійскі акадэмік В. Вінаградаў адзначаў адносна слова ў мастацкім творы, што “яго сэнсавая структура пашыраецца і ўзбагачаецца тымі мастацка-выяўленчымі прырашчэннямі сэнсу, якія развіваюцца ў сістэме цэласнага эстэтычнага аб’екту” [1, 50–51].

Зыходзячы з вышэйсказанага, розніца паміж тропамі і рэчыўнымі вобразамі – у якасці і колькасці дадатковых сэнсаў, якія і складаюць змястоўную, сэнсавую структуру вобраза. Звярнуўшыся да класічнай работы П. Паліеўскага “Унутраная структура вобраза”, мы бачым, што ў вобразаў-тропаў структура даволі простая – складаецца, як правіла, з двух кампанентаў, паміж якімі ўстанаўліваюцца адносіны параўнання, супастаўлення, узаемаадлюстравання [3, 72-114]. Структура ж рэчыўных вобразаў, на нашу думку, з’яўляецца больш складанай, змяшчае ў сабе большую колькасць кампанентаў, і гэтыя кампаненты могуць уступаць паміж сабой у разнастайныя ўзаемасувязі.

Так, шматлікія прырашчэнні сэнсу, якія набывае слова, абазначаючы рэчыўны вобраз у мастацкім творы, на нашу думку, можна абагульніць у некалькі стабільных груп. Дадзеныя групы і будуць кампанентамі змястоўнай структуры рэчыўных вобразаў. Такім чынам, мы вылучаем наступныя кампаненты:


  1. культурна-рэчаіснасны кампанент;

  2. аўтарская ацэнка;

  3. функцыянальна-мэтавы кампанент;

  4. мастацкая дэталь.

Працэс складвання вобраза з падобнай структурай можна (з некаторым, непазбежным у навуцы, спрашчэннем) прадставіць наступным чынам: аўтар пры стварэнні мастацкага вобраза перапрацоўвае некаторыя жыццёвыя рэаліі і культурныя з’явы (адсюль – культурна-рэчаіснасны кампанент); надзяляе вобраз пэўнымі мэтамі і функцыямі, каб уключыць яго ў структуру тэксту, суаднесці з іншымі вобразамі (функцыянальна-мэтавы кампанент); прыўносіць пэўныя дэталі, каб надаць яму канкрэтнасць і непаўторнасць (кампанент “мастацкая дэталь”), і, у рэшце рэшт, ацэньвае, зыходзячы са сваіх аксіялагічных ўстановак, этычных нормаў і бачання эстэтычнага ідэалу (кампанент “аўтарская ацэнка”).

У кожным відзе вобразаў (персанаж, локус, рэч) і ў кожным канкрэтным вобразе названыя структурныя элементы напаўняюцца розным зместам. Акрамя таго, большасць кампанентаў маюць у вобразе не адно, а некалькі праяўленняў. Атрымліваецца, што кожны кампанент структуры вобраза таксама з’яўляецца змястоўнай структурай, сістэмай нейкіх узаемазалежных элементаў (так атам уваходзіць у малекулу, але сам уключае ў сябе элементарныя часцінкі).

Кампаненты змястоўнай структуры субстанцыяльных вобразаў, функцыянуючы ў творы, уступаюць у шматлікія ўзаемадзеянні паміж сабой. Змест рэчыўных вобразаў становіцца зразумелым толькі ў кантэксце ўсяго твора. З гэтага вынікае, што на складванне і разуменне вобраза накладвае адбітак як стасункі паміж кампанентамі ўнутры вобраза, так і паміж кампанентамі дадзенага вобраза з кампанентамі іншых вобразаў. Мы мяркуем, што для рэчыўных вобразаў магчымы ўзаемадзеянні трох відаў:

І) паміж кампанентамі аднаго і таго ж вобраза;

ІІ) паміж кампанентамі розных вобразаў аднаго віду (напрыклад, паміж двума персанажамі);

ІІІ) паміж кампанентамі вобразаў розных відаў (напрыклад, паміж персанажам і локусам).

Мы вылучылі тры віды рэчыўных вобразаў (персанажы, локусы і рэчы) і па чатыры кампаненты ў структуры кожнага з іх. Такім чынам, усяго відаў узаемадзеянняў паміж кампанентамі аднаго вобраза і кампанентамі розных вобразаў налічваецца 114.

Пакажам на прыкладах з беларускіх чарадзейных казак [8-9], якія ўзаемаадносіны ўзнікаюць паміж кампанентамі структуры рэчыўных вобразаў, прыняўшы наступныя ўмоўныя абазначэнні: КР – культурна-рэчаіснасны кампанент, АА – аўтарская ацэнка, ФМ – функцыянальна-мэтавы кампанент, МД – мастацкая дэталь. Адсюль віды сувязей маюць наступны выгляд:

а) паміж рознымі кампанентамі аднаго вобраза.

Напрыклад, КР вобраза-рэчы 1 + МД рэчы 1 (матэрыял, з якога зроблена рэч, адначасова ўказвае на сувязь з рэальнымі з’явамі і з’яўляецца мастацкай дэталлю, якая характарызуе дадзеную рэч. Напрыклад, у казцы “Рак-царэвіч” дзяўчына, каб дайсці да свайго жаніха, павінна збіць тры жалезныя кіі. Жалеза як матэрыял, з якога зроблены кій, адначасова і ўказвае на сувязь з рэальным хімічным рэчывам, і ў якасці мастацкай дэталі характарызуе кій як вельмі трывалы); АА персанажа 1 + МД персанажа 1 (станоўчыя персанажы ў казках звычайна надзяляюцца прывабнай знешнасцю, добрымі рысамі характару); КР локуса 1 + МД локуса 1 (эпітэты, якія характарызуюць горы – Крышталёвая, Залатая, – могуць указваць на сувязь казачнага локуса з міфалагічным вобразам Сусветнай Гары);

б) паміж аднолькавымі кампанентамі розных вобразаў аднаго віду. Напрыклад, КР персанажа 1 + КР персанажа 2 (стасункі паміж казачнымі персанажамі пэўных сацыяльных колаў адпавядаюць рэальным гістарычным стасункам людзей дадзеных саслоўяў); АА персанажа 1 + АА персанажа 2 (аўтарская ацэнка другарадных персанажаў казкі выяўляецца праз іх узаемаадносіны з цэнтральным персанажам, які заўсёды ацэньваецца станоўча – гэта закон жанру); АА локуса 1 + АА локуса 2 (ацэнка локуса “свой” ці “чужы” залежыць ад таго, да якога “звышлокуса” належыць дадзены вобраз – да звычайнага свету ці да іншасвету);

в) паміж рознымі кампанентамі вобразаў аднаго віду. Напрыклад, АА локуса 1 + ФМ локуса 2 + АА локуса 3 (“межавая функцыя” локуса “двор на мяжы іншага свету” праяўляецца праз узаемадзеянне з двума “звышлокусамі” – звычайным светам і іншасветам, якія маюць аўтарскую ацэнку “свой” і “чужы”);

г) паміж аднолькавымі кампанентамі вобразаў розных відаў. Напрыклад, АА персанажа 1 + АА локуса 1 (на локус можа пераходзіць ацэнка таго персанажа, які ў ім жыве. Напрыклад, хатка адмоўнага персанажа Бабы-Ягі-выкрадальніцы дзяцей з’яўляецца локусам, варожым для галоўнага героя); АА локуса 1 + АА персанажа 1 + АА рэчы 1 (станоўчым з’яўляецца той локус, дзе галоўны герой можа набыць карысныя для сябе рэчы);

д) паміж рознымі кампанентамі вобразаў розных відаў. Напрыклад, МД персанажа 1 + ФМ рэчы 1 (каб праверыць сваю моц, герой падкідвае ў неба булдаву; пры гэтым моц з’яўляецца для персанажа характаралагічнай мастацкай дэталлю, а булдава мае функцыю выпрабавання); МД рэчы 1 + КР ці ФМ персанажа 1 (валоданне рэччу з пэўнымі характарыстыкамі падкрэслівае міфалагічнае паходжанне персанажа ці яго асаблівыя функцыі. Напрыклад, валоданне залатымі рэчамі можа ўказваць на сувязь з салярнымі міфамі, бо залаты колер заўсёды асацыіраваўся з сонцам);

е) паміж пэўным кампанентам аднаго вобраза і вобразам іншага віду цалкам. Напрыклад, ФМ персанажа або локуса 1 + рэч 1 (валоданне пэўнай магічнай рэччу вызначае маёмасную функцыю персанажа, такая ж функцыя ў локуса – пры захоўванні ў ім рэчы); ФМ рэчы 1 + персанаж 1 (мэты рэчаў часта залежаць ад персанажаў, якія імі валодаюць – “дапамагаць герою”, “дапамагаць антыгерою” і інш.); ФМ рэчы 1 + локус 1 (медны, срэбраны і залаты палацы могуць сцягвацца ў яечкі, што з’яўляюцца вобразамі-рэчамі з мэтай “замяняць сабою локус”);

ж) паміж пэўнымі кампанентамі ўсіх вобразаў аднаго віду ў творы. Напрыклад, культурна-рэчаіснасныя кампаненты (а менавіта сувязь з міфалагічнымі вераваннямі) усіх вобразаў-локусаў у канкрэтнай казцы аб’ядноўваюць гэтыя вобразы ў адзіную сістэму. Дадзеная меркаванне грунтуецца на сучаснай тэорыі “леяў” – дарог-ліній, якімі злучаліся ў старажытнасці найбольш значныя ў сакральным плане месцы [2, 122-153]. Прастора ж у чарадзейнай казцы перарыўная, дыскрэтная – апісаны толькі найбольш значныя для сюжэта вобразы-локусы, а не шлях героя паміж імі [4, 48].

Паказаныя намі вышэй магчымыя віды сувязей паміж кампанентамі вобраза(аў) могуць выяўляць, на нашу думку, розныя віды адносін. Напрыклад, гэта могуць быць раўнапраўныя адносіны паміж элементамі сістэмы. Так, узаемадзеянне культурных кампанентаў персанажа Баба-Яга і локуса Хатка на курыных ножках у беларускіх чарадзейных казках (калі браць пад увагу даследаванні У. Пропа [4, 52-112]) стварае міфалагічны падтэкст названых вобразаў, звязаны з абрадам ініцыяцыі. Прычым нельга сказаць, што Баба-Яга – галоўны персанаж, а локус яму падначалены, – менавіта паводле свайго культурнага падтэксту яны раўнапраўныя, аднолькава значна ўказваць на гістарычныя з’явы, што ляжалі ў іх аснове.

З другога боку, паміж кампанентамі структуры вобразаў могуць устанаўлівацца і адносіны іерархіі. Напрыклад, аўтарская ацэнка вобразаў-рэчаў у чарадзейных казках у многім залежыць ад сюжэтнай ролі вобраза-персанажа, з якім рэч звязана, і таксама яго ацэнкі (значыць, ад культурнага кампанента і аўтарскай ацэнкі персанажа). Калі рэч належыць і дапамагае галоўнаму герою казкі (які заўсёды станоўчы), то яна мае ацэнку “каштоўная”, а калі адмоўнаму антыгерою – “шкодная”.

Відавочна, што ў кожным вобразе закладзена нейкая ідэя. У дачыненні да нашай тэорыі аб структуры вобраза ўзнікае пытанне – у якім са структурных кампанентаў заключана канатацыя? Мы лічым, што ідэйны змест вобраза ствараецца якраз узаемадзеяннямі і ўнікальнымі спалучэннямі паміж сабой канкрэтных складнікаў усіх кампанентаў структуры. Акрамя аўтарскіх ідэй, свядома ўкладзеных пісьменнікам ў вобраз, ёсць падставы гаварыць таксама пра індывідуальнае ўспрыманне чытачом канкрэтнага вобраза. Мы мяркуем, што структурнасць рэчыўных вобразаў накладвае адбітак на ўспрыманне іх чытачамі: кожны чалавек можа несвядома абраць адзін з кампанентаў (ці адно з праяўленняў пэўнага кампанента) галоўным, і ад гэтага будзе адштурхоўвацца яго разуменне астатніх кампанентаў і ўсяго зместу вобраза цалкам. Напрыклад, многія персанажы з адмоўнай аўтарскай ацэнкай у фальклоры і літаратуры маюць у той жа час асобныя прывабныя рысы знешнасці і паводзін, што з’яўляюцца мастацкімі дэталямі ў іх структуры. У выніку, калі ў свядомасці канкрэтнага чытача на першы план выходзіць аўтарская ацэнка дадзенага персанажа, то чытач успрымае яго негатыўна, калі ж яскравыя мастацкія дэталі – пазітыўна.

Структура рэчыўных вобразаў, на нашу думку, валодае прыкметамі нелінейнай аперыядычнай дынамічнай (або “хаатычнай”) сістэмы. Па-першае, кампаненты структуры могуць уступаць у шматлікія і разнастайныя стасункі паміж сабой – гэта прыкмета нелінейнасці. Па-другое, працэс стварэння вобраза пісьменнікам (а тым больш працэс складвання фальклорнага вобраза пры групавым творчым акце) у многім носіць інтуітыўны, падсвядомы характар – немагчыма прадказаць, якім вобраз атрымаецца. Гэта прыкмета аперыядычнасці. І па-трэцяе, кожны чытач успрымае пэўны вобраз па-свойму – вобраз як бы працягвае далейшае сваё развіццё ў свядомасці чытачоў, што з’яўляецца паказчыкам дынамічнасці. Тэорыя хаосу, распрацаваная лаўрэатам Нобелеўскай прэміі І.Прыгожыным, у прыватнасці тлумачыць бясконцую разнастайнасць з’яў і працэсаў у прыродзе і ў культуры. На нашу думку, яна можа патлумачыць і існаванне шматлікай колькасці разнастайных рэчыўных вобразаў, пры тым, што ўсе яны валодаюць аднолькавай структурай – даволі простай. Тое ж самае назіраецца і ў іншых з’явах рэчаіснасці. Навуковец Іен Сцюарт дае наступнае вызначэнне хаосу: “Здольнасць простых мадэляў, якія не маюць унутраных выпадковых прыкмет, нараджаць у вышэйшай ступені нерэгулярныя паводзіны” [7, 11].



Такім чынам, персанажы, локусы і рэчы па свайму сэнсаваму напаўненню і змястоўнай структуры можна аднесці да аднаго тыпу вобразаў, які мы назвалі “рэчыўнымі (ці субстанцыяльнымі) вобразамі”. Дадзеныя тры віды вобразаў вельмі падобныя паміж сабой па адзначаных параметрах, і ў той жа час істотна адрозніваюцца ад іншых тыпаў вобразаў, у прыватнасці – вобразаў-тропаў. Рэчыўныя вобразы маюць структуру з чатырох кампанентаў, якія ў сюжэце твора могуць уступаць паміж сабою ў разнастайныя стасункі. Праз іх ўзаемадзеянні ствараецца і выяўляецца агульны ідэйны змест канкрэтнага вобраза і ўсяго твора цалкам. Якасная і колькасная шматлікасць узаемадачыненняў паміж кампанентамі структуры рэчыўных вобразаў з’яўляецца прычынай існавання ў фальклоры і літаратуры бясконцай колькасці вобразаў дадзенага тыпу.
Літаратура:

  1. Виноградов В.В. О языке художественной литературы. – М.: Наука, 1959. – 328 с.

  2. Ермаков С. Волшебные пути, по которым движутся духи // Мифы и магия индоевропейцев: Альманах. Выпуск 3. – М.: Менеджер, 1996. – С.122- 153.

  3. Палиевский П.В. Внутренняя структура образа // Теория литературы. Основные проблемы в историческом освещении. Образ, метод, характер. // Редакционная коллегия: Г.Л.Абрамович, Н.К.Гей, В.В.Ермилов, М.С.Кургинян. Авторы: Ю.Б.Борев, Г.Л.Абрамович, В.В.Кожинов, П.В.Палиевский и др. – М.: Из-во Академии наук СССР, 1962. – 452 с.

  4. Пропп В.Я. Исторические корни волшебной сказки. / Отв. Редакторы В.И.Еремена, Н.М. Герасимова. – Л.: Изд-во Ленинградского университета, 1986. – 366 с.

  5. Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапам. / Вячаслаў Рагойша. – Мн.: “Беларуская Энцыклапедыя”, 2001. – 384 с.

  6. Роднянская И.Б. Образ // Литературная энциклопедия терминов и понятий / Под ред. А.Н. Николюкина. Ин-т научн. Информации по общественным наукам РАН. – М.: НПК «Интелвак», 2003. – 1600 с.

  7. Сардар З, Абрамс И., Хаос без аспирина. – М., Ижевск: НИЦ “Регулярная и хаотическая динамика”, Институт компьютерных исследований, 2006. – 180 с.

  8. Чарадзейныя казкі, ч. І. Рэд. В.К. Бандарчык. – Мн.: “Навука і тэхніка”, 1973. – 648 с. (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Беларус. нар. творчасць).

  9. Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. – Мн.: “Навука і тэхніка”, 1978. – 696 с. (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Беларус. нар. творчасць).


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка