Шляхам паўстанцаў



Дата канвертавання15.05.2016
Памер74.26 Kb.
Актыўны турызм на прыкладзе падарожжа

Шляхам паўстанцаў” на радзіму Тадэвуша Касцюшкі.


Вандроўкі павінны быць таксама дарогаю ўзбагачэння

ўласнай асаблівасці, пазнавання рэгіёну перш за ўсё, але

таксама і сябе. Тым, што адчуваем сябе часткаю

народу, ёсць пачуццё супольнасці тэрытарыяльнай, моўнай і культурнай.

Свядомасць тая, на якую маем уплыў мы – настаўнікі, фарміруецца

ад дзяцінства, ад першых класаў школы пачатковай, праз базавую і сярэднюю.

Веслава Камянецка.
Прынцып, што вучні спачатку павінны ведаць свой край, выказаны быў ужо першым Міністэрствам адукацыі Рэчы Паспалітай, часкай якой з'яўлялася Беларуская Дзяржава Вялікае Княства Літоўскае, Камісіяй Адукацыі Народнай, якая дзейнічала ў 1773-1794 гадах. Актуальным да сёння застаецца выказаны тады дэвіз, што свет хваліў і хваліць тых настаўнікаў, якія навучаючы хадзілі, а ходзячы вучылі.

Турызм і краязнаўства належаць да тых сфер, якія развіваюць і ўзмацняюць цікавасць, прагу да ведаў, фантазію, радасць прыгоды і забавы, адкрытасць, жаданне эксперыментаваць, гумар, энергію, гатоўнасць да ўспрымання новых ідэй, пачуццё годнасці, прагу да навучання, патрэбу і гатоўнасць павагі да іншых і, як вынік, патрыятызм і любоў да Радзімы.

Перакладаючы гэта на мову праграмных дакументаў, турызм і краязнаўства:


  • Выпрацоўвае пазітыўныя рысы характару, уплывае на пазіцыю, погляды, перакананні, сапраўдныя вартасці, прынцыпы сумеснага жыцця і дзейнасці ў групе;

  • З'яўляецца дасканалай формай адпачынку, выпрацоўвае навык рацыянальнага і карыснага выкарыстання вольнага часу, дорыць шмат уражанняў, радасці і задавальнення, аднаўляе сілы для працы ў школе, павялічвае фізічную моц, вучыць вытрымцы і спаборніцтву, інтэгруе групу;

  • Моцна ўплывае на развіццё інтэлекту, дапамагае кампенсаваць недахопы ў навучанні ў школе;

  • Развівае індывідуальныя захапленні і зацікаўленасці, набліжае да натуральных прыродных умоў.

Турызм і краязнаўства ствараюць такія сітуацыі, у якіх моладзь сама на практыцы і самастойнымі намаганнямі здабывае жыццёвы вопыт, навыкі і ўзоры паводзін.

Але, каб усё гэта спраўдзіць, трэба не толькі бачыць і чуць, трэба “адкрыць-перажыць-зразумець-спагадаць”.

Часта падарожжа абмяжоўваецца аглядам. А мы запамінаем у лепшым выпадку 50% з таго, што бачым і чуем, у той час 70% з таго, што кажам, і 90% з таго, што кажам і робім. Усё больш становіцца прыхільнікаў паглыбленага турызму, які спалучае гульню і асалоду ад вандроўкі з нечым большым, што дазваляе не толькі ўбачыць, але і адкрыць, перажыць, асэнсаваць. Такое падарожжа і для такога падарожжа трэба рыхтаваць.

Разгледзім варыянт падрыхтоўкі падарожжа са старэйшым класам базавай школы. Маршрут падарожжа павінен адпавядаць праграмнаму матэрыялу. Але лепей знайсці спосаб выбару патрэбнага маршрута дэмакратычным шляхам. На лісце паперы кожны запіша, куды ён хацеў бы зрабіць вандроўку, але з улікам, што падарожжа павінна адбыцца за адзін дзень. Потым з запісаных маршрутаў кожны выбірае пяць і прастаўляе балы па ступені важнсці. Падлічыўшы балы , вызначаем маршрут-пераможца. Няхай гэта будзе месца нараджэння Тадэвуша Касцюшкі.

Цяпер групы з 4-5 чалавек павінны распрацаваць свой варыянт маршрута да канчатковай мэты і апісаць вылясаваны перыяд жыцця Тадэвуша Касцюшкі. Групы могуць працаваць на класных гадзінах, на занятках краязнаўчага ці гістарычнага гуртка, у свой вольны час. За зробленую працу яны атрымаюць адзнакі па адпаведным школьным дысцыплінам. Праца ідзе пры падтрымцы і кансультаванні з боку настаўнікаў. Па заканчэнні працы групы прэзентуюць свае маршруты.

Прывядзем прыклад прэзентацыі вандроўкі “Шляхам паўстанцаў на радзіму Тадэвуша Касцюшкі” адной з груп.
Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 года ў фальварку Мерачоўшчына каля горада Косава. Тадэвуш Касцюшка - нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі, ганаровы грамадзянін Францыі. Узнагароджаны з рук Вашынгтона Ордэнам Цынцыната, у яго гонар пад Кракавам насыпаны Курган, яго імем названа самая высокая гара Аўстраліі.

Помнікі Касцюшку стаяць у шасці гарадах ЗША (Вашынгтоне, Бостане, Чыкага, Філадэльфіі, Сант-Пецярбурзе і Вэст-Пойнце), у многіх гарадах Польшчы, у Швейцарыі і Францыі. Яго імя носіць адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы.

6 ліпеня 2005 года быў адкрыты помнік Касцюшку ў Мінску…на тэрыторыі Амерыканскага пасольства. 23 верасня 2004 года быў адчынены Дом-музей Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне. Грант на аднаўленне фальварка падораны ўрадам і народам ЗША.
Сваё падарожжа на малую радзіму Тадэвуша Касцюшкі пачнём з каралеўскага горада Гародні, адна з вуліц якога носіць імя славутага земляка. Мекка для турыста. Але выберам толькі самае неабходнае згодна з мэтай нашага падарожжа.
Стары замак, узведзены ў 14 ст. Вітаўтам Вялікім на месцы ўмацаванняў 12 ст. і перабудаваны італьянскім архітэктарам С. Гучы ў рэзідэнцыю Стэфана Баторыя, захоўвае многа таямніц. Тут цяпер знаходзіцца музей, у якім знаходзіцца арыгінал тэстаменту Тадэвуша Касцюшкі. Толькі з адным ад'ютантам Нямцэвічам 30 верасьня 1774 г. Т. Касцюшка прыбывае ў Гародню для інспэкцыі Літоўскіх вайсковых сілаў. Напэўна, ён наведаў Новы замак, дзе размяшчалася Цэнтральная Літоўская Рада паўстанцаў. Новы замак - рэзідэнцыя каралёў Рэчы Паспалітай і Вялікіх Князёў Вялікага Княства Літоўскага. Трагічнае месца, у якім адбыўся апошні “нямы” Сойм Рэчы Паспалітай 1793 г., на якім Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25.11.1795 г. падпісаў акт адрачэння ад кароны, чым афіцыйна спыніў існаванне Рэчы Паспалітай, у тым ліку Вялікага Княства Літоўскага.

Зазірнем ў дамінуючы над горадам кафедральны касцёл Сьвятога Францыска Ксаверыя, дзе паклонімся апекуну моладзі Сьвятому Казіміру, цудатворным абразам Маці Божай Ружанцавай і Маці Божай Студэцкай, падзівімся на прыгажосць галоўнага алтара і пазнаёмімся з цудамі, якія здзейсніў Францыск Ксаверый.

Але найперш спаткаемся з беларускім патрыётам, краязнаўцам і гісторыкам, пісьменнікам і публіцыстам Уладзімірам Хільмановічам, які дапаможа нам не толькі ўбачыць і пачуць, але і спазнаць Гародню.

Далей наш шлях ляжыць у напрамку Слоніма. 7 жніўня 1794 г.ў прадмесці Слоніма Замосці адбыўся бой паўстанцаў пад кіраўніцтвам генерала Юзафа Серакоўскага з расейскім войскам. Дарога ідзе праз Скідзель, дзе ў суседняй вёсцы Мількаўшчына нарадзілася “каралева гаючай праўды” Эліза Ажэшка. Дзеці мясцовай школы руплівай працай дамагліся таго, што іх школа носіць імя пісменніцы. Праз Дзярэчын, уладанні ўдзельніка паўстання 22-гадовага генерала Францішка Сапегі, які ахвяраваў на паўстанцкія справы 6 тысяч дукатаў і 16 тысяч рублёў. У Дзярэчын перамясцілася і рэзідэнцыя Сапегаў у пачатку 19 ст. У адноўленым касцёле знаходзіцца мемарыяльная дошка яшчэ аднаму паўстанцу з роду Сапегаў - Яўстаху Каятану. На месцы баёў у Слоніме стаіць барокавы касцёл Святога Андрэя. У горадзе знаходзіцца мураваная сінагога, адзіная, што захавалася ў Беларусі з17 ст. Пра гісторыю Слоніма можа бясконца распавядаць улюбёны ў свой горад пісьменнік Сяргей Чыгрын. Побач знаходзіцца сьвятое месца - Жыровічы. А ў суседняй в. Глоўсевічы нарадзіўся алімпійскі чэмпіён Іван Ціхан. Ад Слоніма атрад Юзафа Серакоўскага рушыў на Ружаны, рэзідэнцыю роду Сапегаў. Захаваліся толькі руіны велічнага некалі палаца. Рэнесансны замак быў узведзены Вялікім Канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. У 18 ст. радавое гняздо было цалкам перабудаванае архітэктарам Іаганам Самуэлем Бекерам. Руіны палаца захапляюць сваёй веліччу і цэльнасцю, перадаюць вобраз і дух спарадзіўшай яго эпохі. На рынкавай плошчы ў 1615 г. Львом Сапегам быў заснаваны касцёл Сьвятой Троіцы. Леў Сапега на тэрыторыі Вялікага Княства пабудаваў 25 храмаў. Касцёл можна лічыць адзіным ацалелым помнікам знакамітаму канцлеру на Беларускай зямлі. У храме захавалася вялікая колькасць сярэдевечных рэчаў: старадаўнія абразы Збавіцеля і Маці Божай Жыровіцкай. Петра-Паўлаўская царква 1675 г. фундавана Львом Базылём Сапегам, перабудавана Бекерам. У храме абраз Маці Божай, які ўратаваў яе ад бязлітаснага пажару. З Ружан паўстанцы рушылі на Кобрын, дзе 17 верасня ля фальварку Крупчыцы і кляштару Кармелітаў адбыўся бой, у якім касінеры пацярпелі паразу. Рэшткі атраду адышлі ў Польшчу. У Кобрыне знаходзіцца музей і помнік пераможцу ў баі пад Крупчыцамі Аляксандру Сувораву. У гэтым доме жыў у 1860 г. адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г. Рамуальд Траўгут. З Кобрына рухаемся да канчатковага пункта падарожжа. Ужо здалёк над лесам відаць вежы Косаўскага палаца Пуслоўскіх. Перад палацам невялічкі, з саламянай страхой дом - месца нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. Музей гасцінна расчыняе дзверы. Мы прыйшлі да цябе, Андрэй Тадэвуш Банавентура! Gloria victis.


Такім жа чынам усе групы прэзентуюць свае варыянты маршрутаў. Журы, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі з кожнай групы, вызначае найбольш цікавы, эканамічны і вытрыманы ў часе маршрут.

Далей распрацоўваецца падрабязна распісаная ў часе тэхналагічная карта вандроўкі. Кожны з ўдзельнікаў павінен сьвядома разумець заданні, да якіх трэба належным чынам падрыхтавацца, узяць неабходныя прыналежнасці. Паведамляецца, па якім школьным прадметам будуць выстаўлены адзнакі за выкананыя заданні.


Прыкладныя заданні для вучняў-удзельнікаў падарожжа:

Гродна.
1. Які змест тэстаменту Тадэвуша Касцюшкі, што знаходзіцца ў музеі Старога замка?
2. З якой мэтай і калі Касцюшка наведаў Гродна?
3. Даведайся, у якім раёне горада знаходзіцца вуліца Касцюшкі?
4. Намалюй герб горада. Падпішы тлумачэнні.

5. Якая падзея адбылася ў Новым замку 25 лістапада 1795 года?


6. У якім архітэктурным стылі пабудаваны касцёл Сьвятога Францыска Ксаверыя?
7. Вызначы на вока вышыню, шырыню і даўжыню касцёла.
8. Апішы адзін з цудаў, здзейсненых Францыскам Ксаверыям.
9. Якая манаграма Хрыста?

10. Які алтар і якая ікона ў касцёле маюць непасрэднае дачыненне да моладзі?



Слонім.

11. Намалюй герб Слоніма. Што ён сімвалізуе?


12. Чыёй рэзідэнцыяй быў у другой палове 18 ст Слонім? Як ён тады называўся?

13. Прывядзі прыклады характэрных рысаў архітэктурнага стылю касцёла Святога Андрэя.


14. Як называецца частка горада, дзе размешчаны касцёл і якая падзея тут адбылася 2 жніўня 1794 года?

Ружаны.
15. Чыёй рэзідэнцыяй былі Ружаны на пачатку 17 ст?
16. Намалюй прыблізны план палаца і пакажы напрамкі свету.
17. У чым самая вялікая заслуга Льва Сапегі перад Радзімай?
18. Замалюй кладку цаглін у пабудове палацу і папішы назву такой кладкі.

Кобрын.
19. Хто са знакамітых паўстанцаў жыў у доме Суворава ў 1860 годзе?


20. Намалюй схему размяшчэння фальварка Крупчыцы адносна Кобрына і напрамкаў свету.

Косава.
21. Намалюй дом, у якім нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Запішы дату нараджэння.
22. Запішы назву дрэў, якія сустрэнеш па дарозе ад доміка Касцюшкі да палаца Пуслоўскіх.
23.Вымерай крокамі даўжыню палаца і перавядзі ў метры.
23.У якім архітэктурным стылі пабудаваны палац?
24. Ацані падарожжа. Што было добра і што пажадана змяніць?
Прыведзеныя заданні прыкладныя. Іх змест распрацоўваецца ў залежнасці ад узросту, развіцця і падрыхтаванасці класа, а таксама мэтаў, якія павінны вырашацца ў ходзе выканання заданняў. Калі дазваляюць тэхнічныя магчымасці, у часе падарожжа можна зрабіць фотаздымкі, відэазапісы і выкарыстаць іх для падсумавання падарожжа.

За выкананыя заданні вучням выстаўляюцца адзнакі па ўсіх прадметах, ахопленых заданнямі. Следам можа ісці распрацоўка новага маршрута, як аўтобуснага, пешага, так і на роварах. Такая праца можа і павінна выйсці за рамкі школы, і, нават, краіны ў выглядзе буклетаў, інтэрнэт старонак, метадычных дапаможнікаў, падарожных кніжак. Гэта будзе садзейнічаць развіццю актыўнага турызма і краязнаўства, можа вырасці да ўзроўню эканамічнай выгады і, што найбольш важна, будзе служыць фарміраванню грамадзянскай супольнасці на Беларусі.



Лявон Карповіч.

Луна. 2006 г.
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка