Шляхі Гасподнія нязведаныя



Дата канвертавання15.06.2016
Памер32.94 Kb.
Субяседнік

Шляхі Гасподнія нязведаныя

Самыя стэрэатыпныя ўяўленні аб Ізраілі – гэта Мёртвае мора, рака Іардан, Сцяна плачу і бясконцыя канфлікты ў ізраільска-арабскіх адносінах. А ўражанні аб штодзённым жыцці, аб турботах і радасцях жыхароў гэтай заморскай краіны прывезла ўраджэнка Камянеччыны Ніна Іпалітаўна Зарэцкая, якая цяпер жыве ў Віцебску. Як чалавек з творчым поглядам (яна адмысловы повар) у час размовы настолькі цікава перадала ўбачанае ў Ізраілі (жыла ў сям’і сына), што прыйшла думка з яе дазволу падзяліцца тымі ўражаннямі і з чытачамі нашай газеты.

А свой аповяд Ніна Іпалітаўна пачала даволі нечакана:

– Чалавек не цэніць тое, што мае, пакуль не параўнае з канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй. Гэтак і мы ў Беларусі рэдка задумваемся, якое гэта шчасце, што жывём у спакоі, што не трэба баяцца быць абстралянымі ў маршрутным таксі ці на рынку, дзе найбольш шматлюдна і дзе найчасцей здараюцца тэракты… Гэта амаль звыклае ў жыцці ізраільцян, але да гэтага нельга прывыкнуць. Калі сваякі нявесткі паклікалі яе з маім сынам у Ізраіль на пастаяннае жыхарства, месца сабе не знаходзіла. Бо перад тым якраз вярнулася адтуль сям’я нашых знаёмых, якая так і не змагла прыстасавацца да жыцця ў краіне, што амаль заўсёды знаходзіцца ў стане неабвешчанай вайны. Калі ж мае там уладкаваліся з жыллём і з работай, сын даў запрашэнне, каб на свае вочы ўсё ўбачыла, менш хвалявалася. І сапраўды, упэўнілася, што многае залежыць ад індывідуальнага ўспрыняцця чалавекам наваколля, прыроджанага ўмення прыстасоўвацца да падзей.

Хоць у мяне высокі прафесійны разрад, але пра ўладкаванне на часовую работу ў Ізраілі не магло быць і гаворкі: сын даў распіску, што яго маці не будзе прэтэндаваць на рабочае месца. Глядзела сваіх унукаў. Дарэчы, ізраільцянкі надзвычай добрыя маці, дзяцей выхоўваюць у любові, строгасці і маральнай чысціні. І на дзяржаўным узроўні да дзяцей адносіны трапяткія: не дай Бог там падняць руку на дзіця, нават калі ты яго бацька ці маці, – будзеш мець справу з паліцыяй. Часта згадваю выпадак, сведкай якога была. У скверы гуляла маладая мама з дзіцем. З нейкай прычыны яно пачало капрызіць: упала на зямлю, б’е ручкамі і ножкамі, крычыць на ўсю моц. Спачатку маці лагодна ўшчувала яго, угаворвала (даць плескача па мяккім месцы там на думку нікому не прыйдзе) – потым яна легла на траву побач з маленькім сынам і пачала паўтараць яго рухі. Дзіця неўзабаве змоўкла і пачало назіраць за матуляй. А яшчэ праз пяць мінут яны дружна крочылі па алеі сквера. Вось такі беражлівы метад выхавання.

Ашчаднасць – рыса характару ізраільцян. Як і работа на якасць. Не за адзін год дасягаецца дабрабыт сям’і, а ў выпадку разводу з жонкай, калі будзе даказаны факт мужавай здрады, ён страціць амаль усё нажытае. Таму і гэта спрыяе маральнасці сям’і, адказнасці за аднойчы зроблены выбар. Далёка не ўсе жанчыны працуюць – часцей дома з дзецьмі. Адна з прычын таго – дзіцячы садок вельмі дорага абыходзіцца для сям’і.

У гандлі на першым месцы – якасць. Купляеш свежую рыбу – пры табе яе пачысцяць, парэжуць і запакуюць. Фрукты, якія па нашых мерках, маюць яшчэ зусім таварны выгляд, без шкадавання выстаўляюць у латках побач з тратуарам ля магазіна – каб разбіралі прахожыя, абы не сапсаваліся. Тое ж і з хлебам: пад вечар усё, што засталося пасля дзённага гандлю, выносяць на вуліцу. Па рэшткі такога хлеба найчасцей у пэўны час прыязджаюць на осліках сельскія жанчыны…

П’яных у Ізраілі я не бачыла. Калі і п’юць, дык ведаюць меру, разводзяць спіртное вадой. У гэтай краіне ведаюць цану жыццю, умеюць радавацца яму. Мяне прыемна ўражвалі мае равеснікі, якія – ён і яна – ідуць узяўшыся за рукі. Праўда, тую ідылію нечакана можа перарваць страшная стральба. Таму паліцыі ўсюды многа.

Незабыўнае ўражанне пакінула Мёртвае мора, да якога ад Тэль-Авіва ехалі праз пустыню, міма бяздонных прорваў, крутых абрываў, паселішчаў бедуінаў. А мора зблізку ўражвае белымі горамі, што выступаюць з вады. Здаецца, гэта снег, але то – соль. Марская вада настолькі перанасычана соллю, што патануць у ёй, дзякуй Богу, немагчыма, яна трымае чалавека. Салёнасць вады на паверхні — 200 працэнтаў, а на глыбіні — яшчэ большая. На беразе рэчы без нагляду не пакінеш – частыя крадзяжы. Цікава, што з рускамоўных найчасцей сустракала ўкраінцаў. Яны ўмудрыліся там нават магазіны адкрыць…

На ўсё жыццё запомнілася наведванне Іерусаліма. Па хрэснаму шляху Іісуса ісці вельмі цяжка. Дарога гэтая, як і дзве тысячы гадоў назад, вузкая, тут шмат гандляроў, паўцёмных завулкаў з крытымі ўсходнімі базарамі. Калі тут першы раз, рыхтуешся адчуць асаблівую духоўнасць, урачыстасць і непаўторнасць моманту, але навокал мноства магазінчыкаў, рэстаранчыкаў, усё, што звязана з імем Хрыста, стала прадметам гандлю. На вялікі жаль. У такіх умовах цяжка ўслухацца ў сябе. Але ціхая радасць далучэння да святыні паступова селіцца ў душы. У храме Труны Гасподняй, дзе быў пахаваны, а затым уваскрос Хрыстос, заўжды шматлюдна. Доўгія чэргі сусветнага паломніцтва і ў храм Ражства Хрыстова, які знаходзіцца ў Віфлееме. Дарога да Віфлеемскай зоркі таксама займае некалькі гадзін. Гэты шлях запамінаецца надоўга. Як і вядомая Сцяна плачу, дзе пакінула і свае запіскі, манастыры ў скалах, зялёная рака Іардан, бананавы гай, фінікавыя плантацыі, аліўкавыя сады…



Пра Ізраіль кажуць: там сонца нізка, а Бог блізка. Я гэта адчула. Але калі ў другі раз збяруся праведаць дзяцей, дык таксама з білетам туды і назад.

Запісала Галіна НОВІК.
: wp-content -> uploads -> 2011
2011 -> Клуб Лакальных Лідэраў 6 Семінар у Вільні для журналістаў 7 конкурс адукацыйных матэрыялаў 8 конкурс
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Агляд стаў больш суровым
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Конкурс для журналістаў 6 Вулічныя мастакі збяруцца разам 7 Пачаўся прыём заявак на "Бардаўскую восень-2011" 7
2011 -> Конкурс для журналістаў з краін снд 11 Конкурс для студэнтаў да міжнароднага дня талерантнасці 11
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
2011 -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка