Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні



Дата канвертавання15.05.2016
Памер83.32 Kb.

powerpluswatermarkobject294533


А.Вялікі

Апублікавана: “Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні”: Міжнародная навуковая канферэнцыя, 14-15 лістапада 2007 г. [матэрыялы]: у 2 ч. – Ч.2: Рэчыца ў часе і прасторы: 795 год заснавання горада / В.М.Лебедзева (адк. рэд.) [і інш]. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. – С.223-230.

Ключавыя словы: перасяленцы, рэпатрыяцыя, БССР, Польшча, Беласточчына, Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення (ПКНВ), пагадненне, Рэчыца, Гомельская вобласць.
Перасяленцы з Беласточчыны ў

Рэчыцы і Рэчыцкім раёне. 1944-1946 гг.

Адным з самых парадаксальных вынікаў Другой сусветнай вайны для Беларусі з’явілася страта ёй часткі тэрыторыі – Беласточчыны і часткі Брэсцкай вобласці. Разам з “падарункам” І.Сталіна ў выглядзе Беласточчыны Польшчы, апошняя атрымала і ўсе яе праблемы і адну з найбольш складаных і балючых – нацыянальную, праблему беларусаў як нацыянальная меншасці на Беласточчыне. Палітыка новай прасавецкай улады Польшчы ў рашэнні нацыянальнага пытання ў першыя пасляваенныя гады заключалася ў пераўтварэнні Польшчы ў аднанацыянальную дзяржаву. Лепшым рашэннем “беларускага пытання” ў Польшчы ў адпаведнасці з дактрынай “Польшча – монанацыянальная дзяржава”, з’яўлялася перасяленне беларусаў Беласточчыны ў БССР. Выконваючы гэтую задачу Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) падпісаў з урадам БССР 9 верасня 1944 г. пагадненне аб умовах перасялення беларусаў з Польшчы ў БССР, а палякаў з БССР у Польшчу, а 25 лістапада 1945 г. да гэтага пагаденння быў падпісаны дадатковы пратакол. Гэтыя двухбаковыя польска-беларускія пагадненні рэгулявалі ўсе бакі перасяленчага працэса1.

Неабходна заўважыць, што палітычнае кіраўніцтва рэспублікі трымала ў поле зроку не толькі працэс звязаны з перасяленнем насельніцтва з Польшчы ў БССР, але і працэс размеркавання і гаспадарчага ўладкавання тых, хто вярнуўся з Польшчы ў Беларусь. Так, ўжо 19 верасня 1944 г. адбылося пасяджэнне бюро ЦК КП(б)Б, якое абмеркавала пытанне "Аб правядзенні эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы ў Беларускую ССР і польскіх грамадзян з тэрыторыі Беларускай ССР ў Польшчу". У выніку яго разгляду была прынята сумесная пастанова СНК БССР і ЦК КП(б)Б, якая прадугледжывала шэраг практычных мерапрыемстваў па прыёму і размеркаванню беларусаў, прыбываючых з Польшчы. У сувязі з тым, што ў Пагадненні не было канкрэтна вызначана куды будуць накіроўвацца перасяленцы, то ў адпаведнасці з пастановай планавалася накіраваць іх ў наступныя вобласці: Баранавіцкую - 20 тыс. гаспадарак, Пінскую адпаведна - 13, Вілейскую -15, Віцебскую - 5, Гомельскую - 2, Мінскую - 6, Магілеўскую - 6, Палескую - 3.2 Такім чынам, ўсяго планавалася прыняць 70 тыс. гаспадарак.

У наступным месяцы кіраўніцтва рэспублікі зноўку звяртаецца да разгляду праблем, звязаных з перасяленнем. Так, 31 кастрычніка 1944 г. бюро ЦК КП(б)Б заслухала пытанне "Аб ходзе эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і польскіх грамадзян з тэрыторыі Беларускай ССР" На ім адзначалася: "Зусім недастатковая праца па падрыхтоўцы да прыему эвакуіруемага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы ў Беларусь".3

У Гомельскую вобласць перасяленцы пачалі прыбываць ў лістпапдзе 1944 г. Што датычыць іх размеркавання па раёнах вобласці, то гэтым пытаннем павінна было займацца абласное кіраўніцтва і, ўлічваючы патрэбы раёнаў (у працоўнай сіле, наяўнасці неабходнай колькасці жылля для перасяленцаў і г.д.), размяркоўваць іх у той ці іншы раён.

Першыя перасяленцы з Беласточчыны ў Рэчыцу і Рэчыцкі арён пачалі прыбываць ў канцы лістапада 1944 г. Загадчык аргінструктарскім аддзелам ЦК КП(б)Б В.Закурдаеў падрыхтаваў і накіраваў К.Кісялёву 29 лістапаад 1944 г. даведку “Аб выніках праверкі размяшчэння і бытавога ўладкавання насельніцтва эвакуіраванага ў Гомельскую вобласць”4. В.Закурдаеў адзначыў, што ў Гомельcкую вобласць з Валіл і Беластока прыбыло 66 гаспадарак, з іх 24 гаспадаркі былі накіраваныя ў раён з далейшым працаўладкаванні ў сельскай гаспадарцы, а 15 гаспадарак былі размешчаны ў Рэчыцы з перспектывай працаўладкавання на прадпрыемствах горада. Як вынікае з гэтых лічбаў, большасць перасяленцаў прыпадае менавіта на Рэчыцу і раён.

Наступная група перасяленцаў з Беласточчыны прыбыла ў Рэчыцу ў сярэдзіне снежня гэтага ж году. У параўнанні з першай групай у НАРБ утрымліваюцца фрагментарныя звесткі аб іх прафесійным, сацыяльным, маёмасным стане, умовах разсялення, адносінах уладаў да перасяленцаў

Неабходна заўважыць, што рашэнні прынятыя на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б (кастрычнік 1944 г.) у значнай меры мелі прапагандысцкі характар Асабліва гэта тычылася пункта аб надзяленні сялян надзеламі зямлі ў памерах да 15 га. Ці магло гэта адбыцца ў Савецкай Беларусі, дзе панавала калгасна-саўгасная сістэма ? Безумоўна, не. Тым больш, што асноўную частку перасяленцаў планавалася размеркаваць ва усходніх і цэнтральных абласцях. Таму, ва ўсходных абласцях патрабаванні перасяленцаў аб надзяленні іх зямлёй, замест пакінутай ў Польшчы, сустракалі з незадавальненнем і неразуменнем.

Неабходна заўважыць, што пасля разгляду пытання аб перасяленні насельніцтва ў абодзвух накірунках ў кастрычніку 1944 г. палітычнае кіраўніцтва рэспублікі да мая 1945 г. не звярталася да ўсебакова яго разгляду. Толькі 22 мая 1945 г. бюро ЦК КП(б)Б абмеркавала пытанне "Аб мерах дапамогі па ўладкаванню перасяленцаў з Польшчы і грамадзян, вызваленных з немецкай няволі і аб узмацненні масава-палітычнай працы сярод іх".5 На бюро адзначалася, што з боку абкамаў, райкамаў партыі, аблвыканкамаў, райвыканкамаў: "Мала надаецца ўвагі уладкаванню перасяляючагася насельніцтва з Польшчы". Канкрэтна гэта праяўлялася ў тым, што ў шэрагу раёнаў Гомельскай, Магілеўскай, Палескай, Баранавіцкай, Мінскай, абласцей перасяленцы "Да цяперашняга часу не атрымалі зямлю і не забяспечаны жыллем, тым самым невыканана пастанова СНК БССР і ЦК КП(б)Б аб адводзе ў натуры земель сялянам перасяліўшымся з Польшчы ў БССР ў тэрмін да 15 красавіка 1945 г.. Многія гаспадаркі не атрымалі грашовых крэдытаў да уладкавання. Перасяліўшымся гаспадаркам не адведзены лесасекі для нарыхтоўкі зрубаў".6

Канстатуючы гэтыя і іншыя факты нядбайных адносін мясцовых уладаў да перасяленцаў ЦК КП(б)Б абавязаў першых сакратароў абкамаў партыі і старшыць аблвыканкамаў тэрмінова скончыць працу па адводу ім зямель, а таксама лесасек для загатоўкі драўніны для будаўніцтва дамоў; скончыць разлікі і выдачу сельскагаспадарчых прадуктаў, па маючым ў іх чэкавым патрабаванням; прыняць неабходныя захады па іх размяшчэнню ў прыгодных для жылля памяшканнях, уладкавання на працу і г.д.7 Акрамя гэтага, прадугледжывалася правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, ідэалагічнага характару: правядзенне сходаў і гутарак раз'ясняючых палітыку урада СССР і БССР; бясплатнае выдзяленне і распаўсюджыванне сярод іх газет, часопісаў і г.д.

Аднак не гледзячы на пастанову ЦК КП(б)Б мясцовыя ўлады не спяшаліся яе выконываць. Так, у чэрвені 1945 г. група работнікаў апарату ЦК КП(б)Б праверыла стан працы з перасяленцамі ў Магілеўскай, Гомельскай, Мінскай, Бабруйскай і Баранавіцкай абласцях. Праверка паказала, што "Пры прыёме і разсяленню перасяленцаў не былі ўлічаны рэальныя магчымасці прыняцця іх па асобных абласцях. Напрыклад, у Баранавіцкай вобласці мелася вялікая магчымасць прыёму перасяленцаў, а прынята ўсяго 347 гаспадарак. У той час, ў Гомельскай і іншых абласцях мелася меньшая магчымасць, але туды накіравалі большую колькасць сямейств. У Гомельскую - 714, Магілеўскую -300, Бабруйскую -387 і г.д.8

Аб тым, што большая частка перасяленцаў была накіравана ва ўсходнія вобласць сведчыць даведка, "Аб стане разсялення і гаспадарчага ўладкавання беларускіх грамадзян, якія перасяліліся з Польшчы ў БССР" падрыхтаванай начальнікам аддзела СМ БССР па справах рэпатрыацыі А.Барковым 1 красавіка 1946 г. адзначалася, што "У канцы 1944 г. і пачатку 1945 г., асноўная маса перасяленцаў выявілі жаданне перасяліцца ва ўсходнія вобласці БССР, асабліва ў Гомельскую, Бабруйскую, Магілеўскую, Мінскую і іншыя вобласці. Аднак з прычына таго, што ўсходнія вобласці асабліва пацярпелі ад разбурэнняў яны былі не ў стане выканаць адзін з важнейшых пунктаў Пагаднення - забяспечыць перасяліўшыхся грамадзян неабходнай жыллёвай плошчай, не кажучы ўжо пра вяртанне дамоў, ўзамен пакінутых імі ў Польшчы".9

Аналізуя вышэйадзначанае неабходна заўважыць, што не перасяленцы "выказалі жаданне", а за іх гэта зрабіў урад Беларусі, вырашыўшы куды іх накіраваць. Магчыма выказаць меркаванне, што гэта была свядома праводзімая палітыка накіроўваць іх ва ўсходнія вобласці, якая праследавала некалькі мэтаў. Па-першае на усходзе яны павінны былі хутчэй успрыняць савецкую рэчаіснасці, "перавыхавацца" і пазбавіцца ад прыватнаўласніцкіх пачуццяў. Па-другое, нежаданне накіроўваць іх ў заходнія вобласці было выклікана тым, што адтуль ў Польшчу пераехалі такія ж аднаасобнікі і не было сэнсу "мяняць" адных на такіх жа самых.

Гэта прыводзіла да таго, што большасць тых, хто быў накіраваны на усход пачалі самастойна ад'язджаць ў заходнія вобласці. Так, А.Баркоў адзначаў, што ў Гомельскую вобласць прыехала 1023 гаспадаркі, то на дадзенных на сакавік 1946 г. большасць з іх пераехала ў заходнія вобласці10. Так, з Гомельскай вобласці, ўлічываючы недбайныя адносіны да прыехаўшых з Польшчы з боку мясцовых уладаў (непрадстаўлення жылля, несвоечасовы разлік за пакінутую ў Польшчы маёмасць, недастатковасць зямельных надзелаў і г.д.) з Добрушскага раёна выехала 77 гаспадарак, Церахаўскага - 29 і г.д.11

Нагадаем, што такія загады і дзеянні мясцовых кладаў з'яўляліся прамым невыкананнем пастановы СНК БССР і № 1029-286 ад 17 ліпеня 1945 г., якая абавязывала уладную вертыкаль (аблвыканкамы, рай-гарвыканкамы, с/с) ўзяць на ўлік пабудовы і зямлю, якую пакінулі ад'ехаўшыя ў Польшчу грамадзянне і за кошт гэтай зямлі і маёмаці уладкаваць прыехаўшых. Аднак ў рэальнасці адбывалася тое, аб чым распавядалася вышэй.

Тэме гаспадарчага ўладкавання перасяленцаў была прысвечана нарада начальнікаў абласных аддзелаў па перасяленню і рэпатрыацыі аблвыканкамаў, якая адбылася пад старшынствам К.Кісялёва 10 мая 1946 г.. Практычна ўсе выступаючыя адзначалі, што стаўленне мясцовых уладаў да перасяленцаў з'яўлялася калі не адмоўным, дак абыякавым. Падкрэслівалася, што многія з іх не атрымалі жылля, зямлі, крэдытаў на пабудову дамоў, набыццё жывёлы і г.д. Падсумоўваючы вынікі нарады К.Кісялёў ў асноўным пагадзіўся з выступоўцамі і адзначыў, што "Гаспадарчае уладкаванне беларускіх грамадзян, перасяліўшыхся з Польшчы, з'яўляецца найважнейшай дзяржаўнай задачай і акрамя гэтага з'яўляецца і палітычнай задачай".12 Ён давеў да ведама прысутнічаючых на нарадзе загадчыкаў аддзелаў, што СМ БССР прыняў рашэнне праверыць працу аблвыканкамаў, райвыканкамаў па ажыцяўленню рашэнняў СМ і ЦК КП(б)Б па уладкаванню перасяленцаў і падкрэсліў, што "Многіх пацягнуць за вуха за сонца і патрабуюць адказу за недобрасумленнае стаўленне да патрэб перасяленцаў".

Словы К.Кісялёва не разыйшліся са справай і ў маі 1946 г. СМ БССР правеў шырокамаштабную праверку стану уладкавання перасяленцаў і адносіны да іх мясцовых уладаў. Праверка паказала, што ў большасці раёнаў працу з перасяленцамі палічылі другараднай справай і не надалі ёй значнай ўвагі13.

Напрыканцы мая 1946 г. ЦК КП(б)Б зноўку вяртаецца да разгляду гэтага пытання. Так, 25 мая 1946 г. ЦК партыі сумесна з СНК БССР прымае пастанову "Аб мерах гаспадарчага ўладкавання беларускіх грамадзян, перасяліўшыхся з Польшчы ў БССР", ў якой падкрэслівалася, што абласныя і раённыя партыйныя і дзяржаўныя улады недастаткова надавалі ўвагі гаспадарчаму уладкаванню перасяленцаў. Звярталася ўвага, што ў шэрагу раёнаў Баранавіцкай, Мінскай, Гомельскай, Бабруйскай, Маладзечанскай, Пнскай абласцей "Значная частка перасяленцаў не забяспечана жыллем, ім не арганізавана дапамога ў абзавядзенні гаспадаркай, дапамозе ў будоўлі новых дамоў і рамонце старых і г.д.".14 ЦК асабліва падкрэсліў той факт, што негледзячы на шэраг пастаноў ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 19 верасня 1944 г., 9 студзеня, 6 лютага і 22 мая 1945 г. аб гаспадарчым уладкаванні перасяленцаў мясцовыя улады так і не прынялі неабходных захадаў па зліквідаванню маючыхся недахопаў.

Канстатаваўшы гэты факт ЦК абавязаў выканкамы абласных і раённых саветаў, абкамы і райкамы партыі "Да 15 чэрвеня 1946 г. забяспечыць ўсе сем'і, якія перасяліліся з Польшчы ў заходнія вобласці БССР прыгоднымі для жылля дамамі і гаспадарчымі пабудовамі за кошт пакінутых пабудоў насельніцтвам, якое ад'ехала ў Польшчу; устанавіць кантроль за выкарыстанем крэдытаў, атрымоўваемых перасяленцамі; ажыцяўляць дакладны іх улік; не дапускаць выпадкаў самавольнага пераезду іх з адной вобласці ў другую. Акрамя гэтага прадугледжывалася выдзеліць на іх патрэбы 100 тыс. кубічных метраў лесу, адвод зямельных надзелаў ў адпаведнасці з заканадаўствам і г.д.15



1 Вялікі А. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.)

2 НА РБ, ф.4, воп.61, спр.73, арк.20

3 НА Б, ф.4, воп.61, спр.91, арк.18

4 Освобожденная Беларусь … Кн.1 С.236

5 НА РБ, ф.4, воп.61, спр.157, арк.20

6 НА РБ, ф.4, воп.29, спр.157, арк.21

7 НА РБ, ф.4,воп.61, спр.157, арк.21-22

8 НА РБ, ф.4, воп.51, спр.13, арк.6

9 НА РБ, ф.7, воп.3, спр.1925, арк.28

10 НА РБ, ф.7, воп.3, спр.1925, арк.29; спр.1928, арк.8

11 НА РБ, ф.4, воп.51, спр.13, арк.8

12 НА РБ, ф.7, воп.3, спр.1919, арк.83

13 НА РБ, ф.7, воп.3, спр.1919, арк.93

14 НА РБ, ф.4, воп.61, спр.275, арк.34

15 НА РБ, ф.4, воп.61. спр.275, арк.35-36


: bitstream -> doc -> 3279
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы
doc -> Стан І перспектывы развіцця фізічнай культуры І спорту ў бдпу




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка