Шведскі мадэрнізм ад алесі башарымавай дан Андэрсан (Dan Andersson) Песня



Дата канвертавання01.07.2016
Памер46.74 Kb.




ШВЕДСКІ МАДЭРНІЗМ АД АЛЕСІ БАШАРЫМАВАЙ


Дан Андэрсан

(Dan Andersson)


Песня

(Visa)
Любоў мая родам са шчодрай вясны,


з мясцін, дзе вада пры беразе танчыць, –
на мокрых лугох ад рос начных
я піў дзікі мёд у век юначы.

Дзе ў хвалях ласось і шчупак ля дна –


пры Пайсу радзіма маёй любові.
Яна там выспела ў шал дзікуна,
у спеў самаспеўны, музыкі сповед.

Любоў мне штовесну вірыла кроў,


хацела і звабы і змогі,
спявала там, дзе ў віне кастроў
зямля і неба самое.

Ніколі больш не кахаць мне так,


як у ружаў век, як ля Пайсу водаў:
на скронях любові маёй павута,
і ўжо не адчуць мёду дзікага водар.


Вясновая

(En vårvisa)


Свяці, сонца-божа, раллі і ўсім тым,

хто цемру ў чаканні трываў!

Дзьмі, вецер, бі, дождж, у бары маладым,

тачыся з-пад друзу трава!


Калоссе, ірвіся з чорнай зямлі,

стань хлебам, золатам плач!

О лета, каб голад і холад сышлі,

Прыходзь і ўратуй ад нястач!


Нясі, лета, хлеб; што прынесла – памнож,

пусці ў жыццядайны рух.

О сонца й дол, не меч і не нож –

пакіньце ў руках нашых плуг.




Прыўкрасная бульбяная

(En skön sång om potatis)


У горкі холад, нібы ў анучку,

хаціну сівер пад ноч хіне.

За небам сочыш ты, варыш бручку,

і шчокаў бель – быццам першы снег.

Знямоглы твар твой нібыта кажа:

“У люльцы – хоць ты попел гары;

ні хлеба лусты, ні тлустай кашы,

ані ў карчомцы “дзюбнуць гары”.


А помніш, бульбу з пузатай бонды

ты ў сутарэннях халодных браў?

Табе не трэба было зімою

карэнне грызці – было дабра.

Зірнем са сподзевам у нябёсы,

давай, вышэй падымі свой нос!

Быць можа, з зорак дарункам лёсу

ўпадзе прыўкраснае бульбы воз.


Не ўбачыш ты ні суніц, ні дыні,

і не ўпрыгожыць вечар цукат –

што з селядца, які Скаген кіне

ці Рэнан цёмны, ці Рыдэрстад?

Пустою ежай жывот набіты,

вантробы выжлукціў тухлы хмель,

і хутка стомлены, ў цюль спавіты,

ў зямлі ты знойдзеш сваю пасцель.


Затое вер: калі кіпці смерці

цябе адправяць у лепшы свет,

анёл, халоднага, будзе перці

у браму, ўбраную ў перлаў квет,

дзе зазвініш ты арфы струною:

на лобе – пальма, ў руцэ – жазло, –

сарвецца Бульбіна над труною

і тлустай кропкай прыцісне зло.




Карын Бое

(Karin Boye)


Ранак

(Morgon)
Уранку, як сонца паўзе праз шыбы

радасна, асцярожна,

быццам дзіця, што хоча здзівіць

рана-рана ў святочны дзень, –

захапленне расце ўва мне, цягне рукі

прывітаць абдымкамі новы дзень,

бо дзень гэты – ты,

святло яго – ты,

сонейка – ты,

і вясна – гэта ты,

і ўсё тое мілае, мілае

жыццё за парогам – ты!


Прасіла аднога

(Bed om ett)


Прасіла аднога:

глыбокай развагі

– што смерць не адному прынесла –

Але папрасіла яшчэ аднога,

што толькі дужым дазволена:

маўклівасці сэрца.




Да прыгажосці

(Till skönheten)


Калі багі падуць,

і мы застанемся ў аскепках

адны, без зямлі пад нагамі, нібыта

планеты ў Сусвеце,

мільгнеш ты імгненнем, о светлая Прыгажосць.

Тады і ніколі больш.

Як агонь, непахісная, суцешыш нас:

“Што ні ўпала – зноў падыму”.

О светлая, светлая, не пакінь,

пазбаў душу

ілжы бязмежнага смутку!


Паэту

(Till en diktare)


Дык ведаў ты!..

Бо як бы ты не ведаў,

не змог бы аніколі так сказаць.
Дзіўная змроку радасць: ты ведаў таксама

гэты ўвесь цяжар.

Тваё сяброўства між часін блукае.

Гарачы лоб астыў.

Я засынаю ў стоме –

і ўжо, як тата, за руку мяне трымаеш ты.




Эдыт Сёдэргран

(Edith Södergran)


Вяртанне

(Hemkomst)


Дрэва майго маленства стаіць, урачыстае, перада мной: о чалавек!

і трава вітае мяне, сустракае з чужых краёў.

Галаву апускаю ў траву: нарэшце дома.

Да ўсяго, што за мной ляжыць, павяртаюся спінай,

адзіныя сябры засталіся – гэты лес, гэты бераг і возера.

І п’ю я мудрасць з сакавітых кронаў ялін,

і п’ю я праўду са ссохлых ствалоў бяроз,

і п’ю я моц з маленькіх і кволых сцяблінак:

вялікі заступнік дае мне руку сваю літасціва.




Дрэва майго маленства

(Min barndoms träd)


Дрэва майго маленства высіцца над мурогам,

галавой гайдаючы: што гэта стала з табой?

Каланада – суцэльны дакор: не варты таго, ты йдзеш пад намі!

Ты дзіця, ты ўсёмагутным быць мусіш,

дык чаму ты скуты хваробы ніццём?

Вось – ты цяпер чалавек, ненавісны чужынец.

А быў дзіцем – вёў доўгія гутаркі з намі,

позірк быў мудры.

Мы хочам табе расказаць таямніцу твайго жыцця:

ключы да ўсіх таямніц ляжаць у траве на малінавых схілах.

Мы хочам раскатурхаць цябе, заснулага,

хочам абудзіць цябе, памерлага, з твайго сну.




Край, якога няма

(Landet som icke är)


Сумую па краі, якога няма,

бо існых рэчаў жадаць стамілася.

Месяц мне баіць срэбнымі рунамі

пра край, якога няма.

Край, дзе чароўным чынам здзяйсняюцца мары,

край, дзе абрынаюцца ўсе ланцугі нашыя,

край, дзе студзіць нам пабітыя лбы

ў расе месяцовай.

Маё жыццё было ліхаманкай.

Ды штось я знайшла, кудысьці напраўду прыйшла –

на сцежку да краю, якога няма.
У краі, якога няма,

жыве мой любы ў зіхоткай кароне.

Хто ён, мой любы? Цёмная ноч,

зоркі дрыжаць у адказ.

Хто ён, мой любы? Як яго зваць?

Вышэй і вышэй выгінаецца неба,

і дзіця чалавечае тоне ў бясконцай імгле

і адказу не мае.

А дзіця чалавечае – гэта ўсяго толькі пэўнасць.

Яно выцягвае рукі вышэй за любыя нябёсы.

І прыходзіць адказ: “Гэта я – твой любы, цяпер і навек”.

© Алеся Башарымава, пераклад, 2009


пераклад са шведскай – Алеся Башарымава

prajdzisvet.org



: storehouse -> others
others -> Ціхан чарнякевіч (tsikhan livejournal com) пераклады твораў замежнай літаратуры
others -> Кирилл Дубовский
others -> David Albahari
others -> Таня Малярчук сanis lupus familiaris
others -> Слоўнік рыбалоўнага жаргону
others -> Так і тады было… Нямецкамоўная паэзія ад Васіля Сёмухі Рыхард Дэмэль
others -> Елена Алексиева и се надигна вечерта
others -> Алек Попов услугата
others -> Олег Шинкаренко привабливе запрошення
others -> Татьяна Замировская бывшая. Жертва ходила по кухне, развешивала белье. Лера подняла бровь, спросила, ответил: «Это моя бывшая»




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка