Сістэматызацыя нормаў спадчыннага права ў статутовы перыяд развіцця заканадаўства вялікага княства літоўскага



Дата канвертавання15.05.2016
Памер71.41 Kb.

СІСТЭМАТЫЗАЦЫЯ НОРМАЎ СПАДЧЫННАГА ПРАВА Ў СТАТУТОВЫ ПЕРЫЯД РАЗВІЦЦЯ ЗАКАНАДАЎСТВА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

Голубева Л.Л., Беларускі Дзяржаўны Ўніверсітэт


Грамадянскаму праву XVІ стагоддзя вядомы наступныя інстытуты: рэчавае права, абавязацельнае права, спадчыннае права і сямейнае права. У старажытнасці спадчынныя праваадносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам. З развіццём маёмасных адносін нормы спадчыннага права ўключаюцца ў першыя заканадаўчыя акты Вялікага Княства Літоўскага (далей – ВКЛ) – агульназемскія і абласныя граматы, якія выдаваліся ў XV – XVІ стагоддзях. Нягледзячы на тое, што гэта былі асобныя і часта несістэматызаваныя прававыя нормы, яны дапаўнялі і развівалі звычаёвае права. Менавіта на іх аснове складалася агульнадзяржаўнае спадчыннае права. У статутовым заканадаўстве пытанні наследавання маёмасці былі прыведзены ў больш дакладную сістэму. Адбылася сістэматызацыя нормаў спадчыннага права ВКЛ. У навуцы існуюць розныя кропкі гледжання наконт разумення гэтага паняцця. Так, А.Ф. Вішнеўскі, У.А. Кучынскі, М.А. Гарбаток пад сістэматызацыяй нарматыўных прававых актаў разумеюць мэтанакіраваную дзейнасць дзяржаўных органаў, недзяржаўных арганізацый, прыватных асоб па ўпарадкаванні, удасканаленні нарматыўнага прававога матэрыялу, прывядзенні яго ў пэўную ўнутрана-ўзгодненую сістэму. Гэтыя навукоўцы вылучаюць наступныя віды сістэматызацыі: інкарпарацыю, кадыфікацыю і кансалідацыю. На думку прафесара С.Р. Драбязкі сістэматызацыя заканадаўства знаходзіцца ў цеснай сувязі з тэорыяй удасканалення заканадаўства і ў ёй вылучаюцца наступныя віды: улік, інкарпарацыя, канасалідацыя, кадыфікацыя, Звод законаў. Прафесар М.У Сільчанка адзначае, што “пад сістэматызацыяй у самым агульным плане неабходна разумець дзейнасць дзяржавы, яе органаў і іншых сацыяльных суб’ектаў, якая скіравана на сістэматыку і падтрыманне дзеючых крыніц права ў “працоўным стане” і ў залежнасці ад мэт і суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць па сістэматызацыі крыніц права, а таксама метадаў, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца, можна выдзеліць такія формы сістэматызацыі , як інкарпарацыя, кансалідацыя і кадыфікацыя”.

У пачатку XVІ стагоддзя ў ВКЛ быў накоплены тэарэтычны і практычны вопыт, створаны ўмовы для сістэматызацыі заканадаўства. Вынікам гэтага працэсу з’явілася прыняцце Статута 1529 г. Згодна з першым сістэматызаваным зводам законаў дзяржавы шляхецкую бацькоўскую маёмасць, па агульнаму правілу, наследавалі сыны, а мацярынскую – ў роўных долях сыны і дочкі. У Статуце 1529 г. рэгламентуецца наследаванне па закону і па завяшчанню, парадак складання завяшчанняў, а таксама замацаваны такія інстытуты спадчыннага права, як “прыданае” і “вено”. Спадчыннікамі па закону з’яўляліся бліжэйшыя сваякі памерлага: дзеці, затым браты і сёстры, а потым ужо бацькі. Законнымі ўласнікамі спадчыннай маёмасці дзеці станавіліся пасля наступлення паўналецця (Р. ІV, арт. 6; Р. І, арт. 18). Статут устанавіў правіла, адносна якога дзяцей нельга было пазбаўляць маёмасці пасля смерці бацькоў, за выключэннем тых выпадкаў, калі яны здзяйснялі дзяржаўную здраду. З агульнага правіла былі і іншыя выключэнні. Статут 1529 г. упершыню спыніўся на маёмасных адносінах паміж мужам і жонкай, а таксама на маёмасных правах жонкі.

Спецыфічнай рысай наследавання ў ВКЛ было вызначэнне ў законе часткі наследавання дачок у нерухомай маёмасці, што было звязана і з рэгламентацыяй у законе такіх юрыдычных паняццяў, як прыданае і вено. Гэтыя інстытуты былі больш развіты, чым у суседняй Польшчы. Статут вызначыў права дачок на ¼ частку маёмасці. Аднак, узнікае пытанне, на якіх падставах праходзіў выдзел прыданага і ў якой прапорцыі знаходзілася прыданае да агульнай масы спадчыннай маёмасці. Помнікі заканадаўства на гэтыя пытанні прамога адказу не даюць. У практыцы, з вельмі даўніх часоў да канца існавання Рэчы Паспалітай, выконвалася наступнае правіла: ўся спадчына ацэньвалася ў грашах і ¼ частка ацэненай сумы прыходзілася на долю ўсіх сясцёр разам. Патрэбна адзначыць, што ва ўсіх трох статутах чацвёртая частка бацькоўскай спадчыны прызначаецца на прыданае дочкам.

Прадстаўляе інтарэс пытанне аб складанні завяшчанняў на рухомую маёмасць (Р V, арт. 15). У першай частцы дадзенага артыкула гаворыцца аб тым, што складзенае завяшчанне можа адмяняцца самім завяшчацелям. Сапраўдным лічыцца апошні завяшчальны запіс. У другой частцы артыкула 15 размова ідзе аб тым, што складзенае завяшчанне не можа адмяняцца: “такая запись должна иметь силу вечно”. На нашу думку, супярэчнасць першай часткі артыкула 15 з другой часткай выклікана тым, што ў першай частцы ўтрымліваецца новае палажэнне, заснаванае на свабодным распараджэнні сваім завяшчаннем, а ў другой частцы захавалася старое палажэнне, заснаванае на старажытным звычаёвым праве (калі выдадзенае завяшчанне замацоўвалася князем і сам завяшчацель змяніць гэта завяшчанне не меў права).

У цэлым першы звод законаў ВКЛ – Статут 1529 г., заклаў цвёрдую аснову для далейшага развіцця заканадаўства, якое тычылася наследавання маёмасці.

Пры падрыхтоўцы Статута 1566 г. кадыфікацыя і сістэматызацыя заканадаўства ў ВКЛ, як адзначаюць даследчыкі, значна апярэдзіла аналагічныя працэсы ў суседніх дзяржавах. Статутовая камісія ўлічыла і перапрацавала ўвесь назапашаны прававы матэрыял, як уласны, так і еўрапейскі.

Статут 1566 г. дапоўніў і дэталізаваў спадчынныя праваадносіны. Гэта было звязана галоўным чынам з дазволам усім феадалам поўнага права распараджэння нерухомай маёмасцю (а не 1/3 часткай як па Статуту 1529 г.). У раздзеле трэцім, прысвечаным шляхецкім правам і вольнасцям, гаварылася аб парадку наследавання бацькоўскай маёмасці, прычым агаворвалася, што толькі законнанароджаныя дзеці мелі права на наследаванне маёмасці. Статут 1566 г. удакладніў і пашырыў нормы, якія рэгулявалі наследаванне мацярынскай і бацькоўскай маёмасці. Так, парадак наследавання бацькоўскай маёмасці разглядаецца ў раздзеле аб шляхецкіх вольнасцях, дзе замацоўваецца права наследавання пасля бацькі толькі законнымі дзяцьмі-шляхцічамі і разглядаецца перадача бацькоўскай маёмасці па традыцыі як ільгота, падараная вышэйшай уладай.

Статут 1566 г. рэгламентаваў і пытанні наследавання маёмасці ў бакавых лініях роднасці ў выпадку адсутнасці дзяцей у спадчыннадаўцы. Пры гэтым бацькоўская маёмасць наследавалася “па мячу”, гэта значыць бліжэйшымі сваякамі бацькі, а мацярынская “па кудзелі” – сваякамі мацяры (Р. ІІІ, арт. 13, 14).

Важным у развіцці статутовага заканадаўства было тое, што ў Статуце 1566 г. з’явіўся цэлы раздзел, спецыяльна прысвечаны спадчыннаму праву – “Аб тэстаментах”. У ім пералічвалася кола асоб, якія пазбаўляліся права рабіць завяшчальныя запісы, рэгламентаваўся парадак афармлення завяшчанняў духоўнымі і свецкімі асобамі. Дадаткова гаварылася аб парадку афармлення завяшчанняў у надзвычайных умовах (на вайне, у дарозе і інш.). Заканадаўца ўводзіць новае палажэнне, згодна з якім забараняецца завяшчаць маёмасць халопу (Р. VІІІ, арт. 4). Упершыню ў законе рэгламентуецца парадак афармлення завяшчання без папярэдняга афармлення вольнай “людзьмі простага стану” (Р. VІІІ, арт. 5). Закон пералічвае падставы, у сілу якіх завяшчанне прызнаецца несапраўдным, а таксама ўпершыню гаворыць аб прычынах, у сілу якіх бацька меў права пазбаўляць дзяцей спадчыны.

Статут 1566 г., у адрозненне ад папярэдняга закона, асобна прадугледжвае выпадак бяздзетнасці жанчыны, калі “ўнясенне” нікому не запісана, і гаворыць, што тады яно варочаецца ў дом, адкуль вышла сама жанчына (Р. V, арт. 2). Статут 1566 г. прадугледжвае выпадак: калі адзін шляхціч мае некальеі жонак, і яны зрабілі розныя “унясенні” ў грашах, то сыны, незалежна ад таго, колькі б іх не было ад усіх жонак, дзеляць бацькоўскія маёнткі на роўныя часткі; калі ж якая-небудзь з жонак унясла больш, то, як гаворыць закон, усе “лішкі” вылучаюцца або выраўноўваюцца перад падзелам. Кошт гэтай большай часткі выплачваецца братам або сынам той жонкі, якая ўнясла больш маёмасці. Пасля выраўноўвання долей бацькоўскія маёнткі дзяліліся на роўныя часткі паміж дзяцьмі ўсіх жонак (Р. V, арт. 14).

Матэрыяльнае забеспячэнне жанчыны звязвалася з такімі наступствамі шлюбу, як развод. Статут 1566 г. гаворыць аб тым, што развод павінен праходзіць перад духоўным судом, згодна хрысціянскага права. Закон абараняе жанчыну і ў тым выпадку, калі духоўны суд прызнаваў вінаватым у разводзе мужа; жонцы ў дадзеным выпадку заставалася тое забеспячэнне, якое ей запісаў муж. У выпадку, калі суд прызнаваў вінаватай жонку, яна губляла ўнясенне, якое ўносіла ў дом мужа, і забеспячэнне, запісанае ей мужам.

Статут 1566 г. істотна дапоўніў і развіў палажэнні, якія тычыліся рэгламентацыі спадчыннага права. Ён удакладніў парадак наследавання маёмасці па закону і па завяшчанню. Асаблівую ўвагу закон надаў наследаванню па завяшчанню, аб чым сведчыць не толькі ўвядзенне новага раздзела ў Статуце “Аб тэстаментах”, а таксама і дадатку да тэксту Статута узораў складання спадчынных запісаў. Статут 1566 г. у большай меры клапаціўся аб абароне правоў жанчыны, аб яе матэрыяльным забеспячэнні ў выпадку, калі яна заставалася ўдавой і нават у выпадку разводу.

Статут 1588 г. з’явіўся істотным этапам у сістэматызацыі нормаў спадчыннага права. Закон рэгламентуе наследаванне маёмасці па закону, па завяшчанню і па звычаю; устанаўлівае кола асоб, якія мелі права складаць завяшчанне, а таксама гаворыць аб суб’ектах, якія не мелі права завяшчаць маёмасць. Вялікую ўвагу Статут 1588 г. надае парадку афармлення завяшчальных запісаў (тэстаментаў). Як правіла, яны павінны былі складацца ў прысутнасці членаў гродскага або земскага суда, а пры немагчымасці – у прысутнасці аднаго члена суда і двух мясцовых шляхцічаў. Усе асобы, якія прысутнічалі пры складанні тэстамента павінны былі яго падпісаць і заверыць асабістай пячаткай. Завяшчацель меў права ў любы момант змяніць завяшчанне і напісаць новы тэстамент. Сапраўдным прызнаваўся апошні завяшчальны запіс. Закон рэгламентаваў і выпадкі экстранага складання завяшчання; устанаўліваў пералік асоб, якія не маглі сведчыць завяшчальны запіс; пералічваў кола асоб, якія пазбаўляліся права на спадчыну; замацоўваў шэраг прычын, па якіх бацькі маглі адмовіцца ад сваіх дзяцей, вынікам чаго было пазбаўленне іх права на спадчыну.

У ВКЛ наследаванне па закону наступала пры адсутнасці завяшчання і ў адпаведнасці з пэўнай чарговасцю кола сваякоў. У першую чаргу спадчыннікамі з’яўляліся дзеці, браты, сёстры, затым бацькі памёршай асобы, а потым ужо іншыя кроўныя сваякі. Аб спадчынніках іншых чэргаў і аб наследаванні ў бакавых лініях, закон гаворыць даволі-такі нявызначана, называючы іх “потомства и щадки” (Р. ІІІ, арт. 7).

Гаворачы аб маёмасных адносінах, Статут упершыню падрабязна рэгламентуе наследаванне сумесна нажытай мужам і жонкай у шлюбе маёмасці, калі яны да гэтага не мелі ніякай маёмасці; гаворыць аб вымарачнай маёмасці; упершыню рэгламентуе пытанне аб даўнасці прыданага.

У Статуце 1588 г. спадчыннае права выступае ўжо пэўнай падгаліной грамадзянскага права з больш поўнай і дэтальнай рэгламентацыяй усіх аспектаў спадчынных праваадносін, з рэгламентацыяй правоў і абавязкаў суб’ектаў права, з дакладнай рэгламентацыяй пытанняў наследавання маёмасці па закону і па завяшчанню, з асаблівай абаронай спадчынных правоў жанчын, з вылучэннем так званай сумесна нажытай у шлюбе маёмасці.



Такім чынам, у статутовы перыяд развіцця заканадаўства ВКЛ адбылася сістэматызацыя нормаў спадчыннага права, упарадкаванне дзеючага нарматыўнага прававога матэрыялу, аб’яднанне яго ў адзіную, стройную, узгодненую сістэму.
: bitstream -> 123456789
123456789 -> Учебная программа учреждения высшего образования по дисциплине для специальности: 1-21 05 01 Беларуская філалогія
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка