Складовыя часткі сістэмы сацыяльнага рэгуліравання сільчанка М. У., Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт



Дата канвертавання15.05.2016
Памер92.51 Kb.
СКЛАДОВЫЯ ЧАСТКІ СІСТЭМЫ САЦЫЯЛЬНАГА РЭГУЛІРАВАННЯ

Сільчанка М.У., Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Сучасная сістэма сацыяльнага рэгуліравання складаецца з наступных элементаў: 1) элемент генерацыі (узнаўленне і абнаўленне) сістэмы сацыяльнага рэгуліравання – сацыяльная практыка; 2) мэтава – праграмны (ідэалагічны) элемент сістэмы сацыяльнага рэгуліравання. 3) інфармацыйна – каштоўнасны элемент сістэмы сацыяльнага рэгуліравання; 4) нарматыўны элемент (нарматыўная сістэма) сацыяльнага рэгуліравання; 5) элемент індывідуальнага рэгуліравання грамадскіх адносінаў; 6) элемент захавання і перадачы сістэмы сацыяльнага рэгуліравання; 7) элемент абароны і кантроля сістэмы сацыяльнага рэгуліравання.

Кожны з элементаў сістэмы сацыяльнага рэгуліравання вырашае свае адметныя задачы, але развіццё і функцыяніраванне кожнага з іх падпарадкаваны задачам, якія вырашае сістэма сацыяльнага рэгуліравання цалкам. Іншая справа, што кожны з элементаў сістэмы забяспечвае вырашэнне агульнасістэмных задач сваімі ўласнымі механізмамі, метадамі і сродкамі, якія адпавядаюць яго прыродзе. Асобныя элементы сістэмы сацыяльнага рэгуліравання выкарыстоўваюць рэсурсы адзін аднаго пры вырашэнні агульнасістэмных задач. Так, нарматыўны элемент можа выкарыстоўваць рэсурсы элемента індывідуальнага рэгуліравання, а рэсурсы, якія ўласцівы нарматыўнаму элементу пры пэўных абставінах выкарыстоўвацца для забеспячэння дзеяння індывідуальнага элемента.

Вузлавым у сістэме сацыяльнага рэгуліравання з’яўляецца мэтава – праграмны элемент, які «аб'ядноўвае» рознародныя сродкі сацыяльнага рэгуліравання ў адзінае цэлае, у сістэму сацыяльнага рэгуліравання, забяспечвае функцыянальнае адзінства сістэмы і надае ёй мэтанакіраванасць. Мэтанакіраванасць сістэмы сацыяльнага рэгуліравання першапачаткова забяспечвалі рэлігійныя культы, затым – сусветныя рэлігійныя сістэмы, у большасці сучасных дзяржаў за фармуліраванне мэтаў сістэмы сацыяльнага рэгуліравання адказвае свецкая ідэалогія, а ў тэакратычных дзяржавах – прыярытэт па – ранейшаму застаецца за рэлігіяй. Свецкая ідэалогія і рэлігія акрэсліваюць асноўныя вектары руху і функцыяніравання сістэмы сацыяльнага рэгуліравання, выдаюць своеасаблівыя «загады і распараджэнні» ўсім астанім элементам сістэмы. Разам з тым, усе элементы сістэмы сацыяльнага рэгуліравання маюць зваротныя сувязі з мэтава – праграмным элементам і аказваюць уздзеянне на яго. Навука не ўваходзіць у склад мэтава – праграмнага элемента сістэмы сацыяльнага рэгуліравання і яе нельга паставіць поруч з ідэалогіяй і рэлігіяй, таму што яна не можа самастойна вызначаць мэты развіцця грамадства і яго сістэмы сацыяльнага рэгуліравання. У навукі іншая місія, яна «… занимается построением моделей действительности, той действительности, которая есть на самом деле, а не той, которая должна быть. Она отвечает на вопросы: «Что есть на самом деле?», «Что будет, если сделать то-то и то-то?». Но просто на вопрос «Что надо сделать?» без всяких «если» и «чтобы» она ответить принципиально не может. .... Проблема Высшей Цели остается вне науки, и ее решение необходимо требует волевого акта, оно является в конечном счете, результатом свободного выбора [1, c. 333 – 334 ].»

Галоўная частка сістэмы сацыяльнага рэгуліравання грамадскіх адносінаў складваецца з нарматыўнага элемента (нарматыўнай сістэмы) і элемента індывідуальнага рэгуліравання грамадскіх адносінаў. Нарматыўны элемент сацыяльнага рэгуліравання разам з элементам індывідуальнага рэгуліравання складаюць «інструментальны блок» рэгуліравання грамадскіх адносінаў. Два гэтыя элементы сістэмы сацыяльнага рэгуліравання разам з залежнасцямі паміж імі і сувязямі ўнутры кожнага з элементаў складаюць аснову сістэмы сацыяльнага рэгуліравання, альбо сістэму сацыяльнага рэгуліравання ў вузкім сэнсе слова. Нарматыўныя і індывідуальныя рэгулятары акрэсліваюць знешнія межы сістэмы сацыяльнага рэгуліравання. Там, дзе няма сацыяльнай нормы і адпаведнага яе зместу і характару індывідуальнага рэгулятара, там не існуе і сацыяльнага рэгуліравання. Калі мэтава – праграмны элемент забяспечвае адзінства сістэмы сацыяльнага рэгуліравання «па вертыкалі», то «інструментальны блок» аб’ядноўвае сістэму сацыяльнага рэгуліравання «па гарызанталі», ён цэментуе рознародныя сродкі сацыяльнага рэгуліравання.

Сістэма сацыяльнага рэгуліравання ў сваім развіцці прайшла два асноўныя перыяды – перыяд, калі яна існавала ў умовах прысвайваючай эканомікі і перыяд, калі развівалася на этапе вытворчай эканомікі. На этапе прысвайваючай эканомікі сістэма сацыяльнага рэгуліравання набыла завершаны выгляд, мы можам адзначыць тут набор усіх элементаў сістэмы сацыяльнага рэгуліравання, наяўнасць структурных і функцыянальных сувязяў паміж асобнымі яе элементамі. У развіцці сістэмы сацыяльнага рэгуліравання ў гэты перыяд адбываецца метасістэмны пераход, які «…создает высший уровень организации – метауровень по отношению к уровню организации интегрируемых подсистем [1, с.76].» Адбываюцца істотныя перамены ў нарматыўным элеменце сістэмы сацыяльнага рэгуліравання, сацыяльная норма ў календарах набывае класічны (фармалізаваны) выгляд. Тут ужо дакладна выдзяляецца само правіла паводзінаў, умова, калі павінна выконвацца правіла паводзін і санкцыя за невыкананне правіла. Адпаведна зместу новага нарматыўнага элемента сістэмы сацыяльнага рэгуліравання фарміруецца элемент індывідуальнага рэгуліравання. У сістэме сацыяльнага рэгуліравання, заснаванай на календары, з’яўляецца свой мэтава – праграмны блок, у якасці якога выступаюць старажытныя рэлігійныя культы, напрыклад, культ сонца, луны і г.д. Інфармацыйна – каштоўнасны элемент гэтай сістэмы ў параўнанні з аналагічным элементам сістэмы ў умовах прысвайваючай эканомікі напаўняецца іншым зместам – астранамічнай, кліматычнай, біялагічнай і іншай прародазнаўчай інфармацыяй, іншымі ў параўнанні з папярэдняй сістэмай з’яўляюцца і каштоўнасці. Мяняецца змест элемента захавання і перадачы сацыяльнага вопыта, а таксама элемента кантроля і абароны сістэмы сацыяльнага рэгуліравання.

У сацыяльна неаднародным грамадстве, якое сфарміравалася ў ходзе і ў выніку неалітычнай рэвалюцыі, узнікла новая сістэма сацыяльнага рэгуліравання – полінарматыўная сістэма, у падмурку якой знаходзяцца тры якасна новыя універсальныя сацыяльныя рэгулятары – права, мараль, палітыка. Адносна полінарматыўнай сістэмы сацыяльнага рэгуліравання мы не можам выкарыстоўваць паняцце метасістэмнага пераходу, таму што ранейшая сістэма сацыяльнага рэгуліравання, у падмурку якой знаходзіўся каляндар, была цалкам разбурана.

У кожнага з новых сацыяльных рэгулятараў сфарміраваўся свой адметны элемент генерацыі (узнаўленне і абнаўленне), у якасці якога выступаюць розныя па зместу і характару віды сацыяльнай дзейнасці і грамадскія адносіны, існуе свой самастойны від сацыяльнай практыкі. У кожнага з сацыяльных рэгулятараў маецца адпаведны яго зместу мэтава – праграмны і інфармацыйна каштоўнасны элемент, самастойныя сродкі індывідуальнага рэгуліравання – прававыя, маральныя (рэлігійныя) і палітычныя індывідуальныя вяленні.У кожнага з якасна новых універсальных сацыяльных рэгулятараў з’явіліся адпаведныя іх зместу формы захавання і перадачы сацыяльнага вопыта – прававыя, маральныя (рэлігійныя) і палітычныя традыцыі. Істотныя перамены адбыліся ў элементах кантролю і абароны сістэмы сацыяльнага рэгуліравання. У сферы дзеяння кожнага універсальнага сацыяльнага рэгуліравання сфарміраваліся адпаведныя механізмы кантроля і абароны, спецыфічныя працэсуальныя і працэдурныя правілы і сродкі. Важна падкрэсліць, што менавіта ў полінарматыўнай сістэме сацыяльнага рэгуліравання не проста з’явіліся якасна новыя працэдурныя і працэсуальныя правілы і сродкі, а тое, што што яны атрымалі вельмі моцны штуршок для свайго развіцця.

На падставе новых універсальных сацыяльных рэгулятараў – права, маралі, палітыкі – у сістэме сацыяльнага рэгуліравання сфарміравалія тры буйныя комплексы – тры асобныя тыпы сацыяльнага рэгуліравання – прававы, маральна – рэлігійны і палітычны, якія маюць у сваім складзе усе адзначаныя вышэй элементы сістэмы сацыяльнага рэгуліравання.

Тыпы сацыяльнага рэгуліравання функцыяніруюць у сістэме сацыяльнага рэгуліравання адначасова, але адзін з іх займае дамініруючае становішча і вяршэнствуе. У залежнасці ад таго, які тып сацыяльнага рэгуліравання знаходзіцца на вяршыні сістэмы сацыяльнага рэгуліраванні, мы можам выдзеліць тры віды сістэм сацыяльнага рэгуліравання. Калі ў сістэме сацыяльнага рэгуліравання дамініруе права, мы маем справу з прававым (правацэнтрыстскім) відам сістэмы сацыяльнага рэгуліравання, калі вяршэнствуе мараль – маральным (маралецэнтрыстскім), калі першынствуе палітыка – палітычным (палітыкацэнтрыстскім). Рэлігію, якая ўтварае ідэальную соцыяльна – нарматыўную сістэму можна разглядаць у якасці самастойнага тыпу сацыяльнага рэгуліравання побач з прававым і палітычным толькі ў тэакратычных дзяржавах, дзе рэлігія ўзвышаецца над прававым і палітычным тыпамі сацыяльнага рэгуліравання і выконвае адносна іх функцыю мэтава – праграмнага элемента, забяспечвае інтэграцыю гэтых тыпаў сацыяльнага рэгуліравання ў адзінае цэлае і адначасова з’яўляецца асобным рэлігійна – маральным тыпам сацыяльнага рэгуліравання. У свецкіх дзяржавах існуе асобны маральна – рэлігійны тып сацыяльнага рэгуліравання, які можа падпарадкоўвацца як права – цэнтрыстскаму, так і палітыка – цэнтрыстскаму тыпам.

Вяршэнства таго ці іншага тыпа сацыяльнага рэгуліравання азначае, што яго мэтава – праграмны элемент выконвае ролю мэтава – праграмнага элемента адносна сістэмы сацыяльнага рэгуліравання цалкам. Напрыклад, дамініраванне права ў сістэме сацыяльнага рэгуліравання азначае, што менавіта гэты сацыяльны рэгулятар з’яўляецца вяршэнствуючым, агульнасацыяльным, інтэгратыўным рэгулятарам [2, с. 114]. У мэтава – праграмным элеменце сістэмы сацыяльнага рэгуліравання пры гэтым пераважаюць ідэі прававога характару – ідэі прававой дзяржава, вяршэнства права і вяршэнства закона, грамадзянскай супольнасці, першынства правоў і свабод асобы і г.д. Аналагічныя працэсы назіраюцца і ў інфармацыйна – каштоўнасным элеменце сістэмы сацыяльнага рэгуліравання. Напрыклад, дамініраванне рэлігійна – маральнага тыпу ў сістэме сацыяльнага рэгуліравання азначае, што інфармацыя і каштоўнасці рэлігійнага і маральнага характару набываюць больш важнае значэнне, чым інфармацыя і каштоўнасці прававога і палітычнага характару.

Акрамя трох універсальных тыпаў сацыяльнага рэгуліравання ў полінарматыўнай сістэме існуюць два ўзроўні сацыяльнага рэгуліравання: 1) самарэгуліраванне разнастайных сацыяльных сувязей (самаарганізацыя грамадства); 2) актыўнае ўздзеянне на паводзіны людзей з боку грамадства і яго афіцыйных прадстаўнікоў (рэгуліраванне ў вузкім сэнсе слова). Узроўні сацыяльнага рэгуліравання фарміруюцца на стыку сістэмы сацыяльнага рэгуліравання з арганізацыйнымі структурамі грамадства, органаў і устаноў дзяржавы. Узроўні сацыяльнага рэгуліравання існуюць у форме нарматыўна замацаваных механізмаў, праз якія ажыццяўляецца самаарганізацыя грамадства і актыўнае ўздзеянне на паводзіны удзельнікаў грамадскіх адносін. Пры гэтым у дамініруючым тыпе сацыяльнага рэгуліравання перавагу мае актыўнае ўздзеянне на паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносінаў, у астатніх універсальных тыпах сацыяльнага рэгуліравання можа пераважаць самаарганізацыя грамадства. Самарэгуліраванне, як правіла, існуе ў невялікіх сацыяльных групах і асобных арганізацыях, дзе маецца роднасная сацыяльная практыка, агульныя інтарэсы і агульная воля калектыва.

Першы ўзровень сацыяльнага рэгуліравання характарызуецца самастойнасцю і адноснай аўтаномнасцю асобнай сацыяльнай (прафесіянальнай) групы ці арганізацыі пры вызначэнні характара і зместу рэгуліравання, выбары механізмаў і сродкаў сацыяльнага рэгуліравання, для другога ўзроўня, наадварот, характэрным з’яўляецца актыўнае умяшальніцтва ў сацыяльныя працэсы з боку грамадзянскай супольнасці і дзяржавы, выкарыстанне стандартных механізмаў і метадаў сацыяльнага рэгуліравання. Аднолькавымі для гэтых узроўняў сацыяльнага рэгуліравання з’яўляюцца мэты сацыяльнага рэгуліравання – самазахаванне і развіццё грамадства, але рознымі з'яўляюцца шляхі іх дасягнення.

На перасячэнні і перакрыжаванні універсальных тыпаў і ўзроўняў сацыяльнага рэгуліравання фарміруюцца лакальныя нормы і ажыццяўляецца лакальнае рэгуліраванне, а ў асобных арганізацыях (карпарацыях) – карпаратыўныя нормы і карпаратыўнае рэгуліраванне. Карпаратыўнае рэгуліраванне ў шырокім сэнсе слова ўключае лакальныя нормы і лакальнае рэгуліраванне. Карпаратыўнае рэгуліраванне найперш звязваецца з наяўнасцю карпаратыўных норм, якія складваюцца ў асобным універсальным тыпе сацыяльнага рэгуліравання і ў межах асобнай сацыяльнай ці прафесіянальнай групы і асобнай арганізацыі – карпаратыўных прававых, палітычных і маральна – рэлігійных норм. Разам з тым карпаратыўнае рэгуліраванне можна разглядаць у якасці «мінісацыяльнай» сістэмы сацыяльнага рэгуліравання, у якой выдзяляюцца самастойныя «мініэлементы» карпаратыўнага рэгуліравання. Так, кожны від карпаратыўных нарматыўных рэгулятараў мае асобныя індывідуальныя сродкі рэгуліравання, у асобных сацыяльных і прафесіянальных групах выпрацоўваюцца спецыфічныя механізмы захавання і перадачы сацыяльнага вопыта – карпаратыўныя традыцыі, напрыклад, дыпламатычныя рытуалы і цэрэмоніі, у асобных сацыяльных і прафесіянальных групп існуюць свае адметныя каштоўнасці, ствараюцца асобныя механізмы кантроля і абароны, напрыклад, царкоўны суд [3, с. 384 – 393].



Можна выдзеліць аднароднае карпаратыўнае рэгуліраванне ў межах асобнага тыпа сацыяльнага рэгуліравання і комплекснае карпаратыўнае рэгуліраванне, для якога характэрна выкарыстанне карпаратыўных норм, індывідуальных сродкаў рэгуліравання, традыцый і каштоўнасцяў розных тыпаў сацыяльнага рэгуліравання. Напрыклад, карпаратыўнае рэгуліраванне дзейнасці ўрачоў заснавана на маральна – рэлігійным тыпе сацыяльнага рэгуліравання, а карпаратыўнае рэгуліраванне дзейнасці асоб, якія ажыццяўляюць юрыдычныя паслугі [4] – на комплексным выкарыстанні элементаў прававога і маральнага тыпаў сацыяльнага рэгуліравання.

Літаратура

    1. Турчин, В.Ф. Феномен науки: кибернетический подход к эволюции. Изд. 2-е. М. ЭТС, 2000. – 368.

    2. Дробязко, С.Г. Современное правопонимание и его акценты / С.Г. Дробязко // Степан Григорьевич Дробязко: к 90 – летию со дня рождения С.Г. Дробязко / Белорусский государственный университет, юридический колледж; редкол.: С.А. Балашенко [ и др.]. Минск: Бизнесофсет, 2013. – С. 110 – 114.

    3. Цыпин, В.А. прот. Церковное право: учебное пособие / В.А. Цыпин. – М., 1994. – 442 с.

    4. Об утверждении Правил профессиональной этики лиц, осуществляющих деятельность по оказанию юридических услуг: Постановление Министерства юстиции Республики Беларусь, 19 апр. 2000. г., № 6 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2000. – № 48. 8/3401.

: bitstream -> 123456789
123456789 -> Учебная программа учреждения высшего образования по дисциплине для специальности: 1-21 05 01 Беларуская філалогія
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка