Старавойтава С. В., выкладчык беларускай мовы, куратар Трэба дома бываць часцей



Дата канвертавання17.06.2016
Памер160.4 Kb.
Старавойтава С. В., выкладчык

беларускай мовы, куратар
Трэба дома бываць часцей

(куратарская гадзіна)


Мэты: Абудзіць пачуццё гонару за сябе як беларуса, за сваю Бацькаўшчану; дапамагчы навучэнцам спасцігнуць сябе, сваю родную Беларусь.

Куратар: Тэма куратарскай гадзіны – “Трэба дома бываць часцей”. Правядзём мы яе ў форме вандроўкі, і падарожнічаць мы будзем не столькі па гарадах, колькі па мала каму вядомых вёсках, вялікіх і маленькіх.

Чалавек нараджаецца, каб жыць, і галоўнае месца ў яго жыцці займае сям’я, Радзіма. Маці, родны дом, дзе ты нарадзіўся і вырас, сябры дзяцінства, любімыя кнігі, прырода – такія простыя , цёплыя чалавечыя каштоўнасці становяцца асновай сапраўднай любові да Радзімы. Яны належаць кожнаму з нас, адабраць іх немагчыма ні пры якіх абставінах, бо яны захоўваюцца ў самым сэрцы.

Наша Радзіма - Рэспубліка Беларусь – на карце займае не так ужо і многа месца. Але па багацці прыроды і па прыгажосці пейзажаў яна можа паспрачацца са многімі дзяржавамі Еўропы.

Дзе б мы ні нарадзіліся ў Беларусі, з дзяцінства мы памятаем: гэта краіна - наша. Куды б нас ні закінуў лёс – ад Брэста да Віцебска, ад Гомеля да Гродна – усюды размаўляюць на рускай або беларускай мове, усюды нас сустрэнуць добрыя людзі, добрыя і адкрытыя. Гэта і ёсць Беларусь. Вялікая добрая зямля. На гэтай вялікай тэрыторыі ў кожнага ёсць маленькая Радзіма.

З чаго пачынаецца Радзіма?
1-ы вядучы: Па свеце колькі ні блукай,

А ўсё адно – усе шляхі

Вядуць у ціхі родны край,

Дзе адпускаюцца грахі.


2-і вядучы: Малая Радзіма. Што гэта такое? Адкуль і дакуль яе межы?
1-ы вядучы: Па-мойму, яна – гэта абсяг нашага дзяцінства. Іншымі словамі, тое, што могуць бачыць дзіцячыя вочы і што прагне ўвабраць у сябе чыстая, шчырая душа. Гэта там, дзе гэтая душа ўпершыню здзівілася, узрадавалася і аж зайшлася ад шчасця і дзе ўпершыню засумавала, узрадавалася або перажыла першае ўзрушэнне.
2-і вядучы: Ціхая вуліца, матчын агародчык, які запрашае, цягне да сябе, каб пачаставаць самымі смачнымі вясковымі ласункамі: моркваю, агуркамі, бобам. Потым сад, дзе вісне цыбулевымі плясцёнкамі галлё з чырванабокімі яблыкамі. За садам – духмяны абшар поплава, да якога хочацца, як у дзяцінстве, наперагонкі пабегчы і бухнуцца там у азярыну, якая блішчыць на сонцы ў канцы сенажаці, доўга малаціць нагамі па вадзе, даваць і даваць нырца.

1-ы вядучы: Вось, зрэшты, і ўвесь дзіцячы сусвет. Але і гэтага абшару хапае, каб за дзень, пакуль не закоціцца за лес сонца, набегацца і змарыцца. А потым цябе ўжо соннага падхопіць на рукі маці і панясе ў ложак.

2-і вядучы: Радзіма – гэта родная маці, якую ўсе вельмі любяць і думаюць пра яе, дзе б ні былі. Таму што ў жыцці не абысціся без цёплых матчыных рук, без яе шчодрага сэрца, добрай душы, ласкавай усмешкі.

1-ы вядучы: Радзіма – гэта белы бусел на крышы, першы вясновы дождж, першыя кветкі… Гэта незвычайныя людзі побач з табою, чыя дабрыня сагравае, чыя сіла падымае над бядой і горам.

2-і вядучы: Радзіма – гэта месца, дзе ты нарадзіўся. Гэта твой любімы горад, вёска, родная вуліца.
1-ы вядучы: Бывае, што хтосьці пакіне свой дом

І дзесьці навек асядае…

А я, дзе б ні быў, у старое гняздо,

Як бусел, заўжды прылятаю.


Зямля бацькоў
Зямля бацькоў, мая зямліца,

Блакітны ранак над табой.

Ты мой выток, мая крыніца,

І я навек сын верны твой.


Ты многа, родная, сцярпела,

Каб вольнай і зялёнай стаць.

Ты ў полымі не раз гарэла,

Каб новы дзень свой прывітаць.


Плыве пах кветак і жывіцы,

Не ціхне песня салаўя,

Дазволь жа нізка пакланіцца

Табе, бацькоў маіх зямля.



Буракова Таццяна:

На свеце шмат вёсак, вялікіх і малых. У кожнай з іх свой лёс, свая гісторыя. Адны з іх яшчэ жывуць, а другія ўжо зніклі. Але ў кожнага чалавека ёсць мясціна, якая заўсёды цягне да сябе – гэта маленькая Радзіма.

Недведзь – вёска юнацтва маіх бацькоў, на іх вачах яна будавалася і аднаўлялася. А для мяне Недведзь – вёска майго маленства. Тут мне знаёма кожная вуліца, кожнае дрэўца.

Ёсць такое меркаванне, што на месцы вёскі былі лясы і ў іх вялося шмат мядзведзяў. Хутка тут пачалі будавацца людзі, а вёску назвалі Недведзь.

Узгадавала вёска і сваіх знакамітых людзей – гэта паэт Іван Пехцераў і хірург Мікалай Карасёў. Яны да гэтага часу з любоўю і замілаваннем

успамінаюць сваю Радзіму і яе жыхароў. Заўсёды стараюцца дапамагчы землякам.

Перажыла мая веска і гады Вялікай Айчыннай вайны. Шмат яе жыхароў пакінулі бацькоўскі дом, многія не вярнуліся дадому. Зараз на тым месцы, дзе збіраліся салдаты перад адпраўленнем на фронт, стаіць помнік загінуўшым аднавяскоўцам. На вясковых могілках ёсць магіла невядамага салдата. Гэту магілу даглядаюць вучні школы.

І вядома ж, як у кожнага нядведца, ёсць у мяне свой любімы куточак. Гэта невялічкі лужок, дзе цячэ Іпуць, коціць свае хвалі, нібы да нечага прыслухоўваючыся. Асабліва люблю бываць тут увесну, калі прабіваецца маленькая траўка і рака мяняе свой мутны колер на празрысты. На ўзвышшы раскінуў голле магутны дуб. Кожную вясну сюды прылятаюць буслы. Кожны год нараджаюцца маленькія птушаняты. Кажуць, калі прылятаюць буслы і селяцца – на шчасце. Хай бы так яно і было. Так хочацца, каб мая вёска была шчаслівая.


Тут

Зямля мая такая,

І больш няма другой:

Прычыстая, святая

І летам і зімой.
Тут вечарам над ганкам,

Над кожнаю вярстой –

Зарніцы ізаранкі,

І знічак цэлы рой.


“Здароў” сусед суседу

Не праміне сказаць,

І радасці, і беды

Так, як свае, прыняць.


Яна адна ў нас, людзі,

Адна мяне і вас

Памірыць і рассудзіць,

І дасць на ўсё адказ.


Над возерам і нівай

Вясёлкі абярог.

Я толькі тут шчаслівы,

Шчаслівы, далібог!

Алег Салтук.

Міхалёва Кацярына: Вёска, дзе я нарадзілася, называецца Новыя Самацевічы. У перакладзе гэта значыць – самыя тыя. Справа ў тым, што ў выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС усіх жыхароў з вёскі Самацевічы перасялілі ў маю родную вёску, якая яшчэ не мела назвы. Вось і вырашылі нашу вёску назваць Новыя Самацевічы.Цяпер гісторыю Самацевіч працягвае наша вёска. Зусім нядаўна яна стала аграгарадком.


Кожнага чалавека, які ўпершыню наведаў гэты куток, захапляе хараство прыроды. Усе кажуць, што што ніколі яшчэ не бачылі такіх чыстых лясоў, такіх празрыстых рэчак, як наша Жадунька. Нашы лясы сапраўды чыстыя, таму што іх даглядае наша школьнае лясніцтва, у якое ўваходзяць амаль усе школьнікі. Як толькі надыходзіць вясна і сыходзіць снег, усе школьнікі ідуць у лес і разам прыводзяць яго ў належны выгляд. А ў нашай рэчцы, хоць яна і не вельмі вялікая, так прыемна купацца ў летнюю спёку, што нават не хочацца выходзіць на бераг.

Знакамітая мая Радзіма тым, што ў маёй вёсцы нарадзіўся вядомы беларускі пісьменнік Аркадзь Куляшоў. І зараз у нашай школе знаходзіцца музей імя А.Куляшова. Гэта адзіны музей у рэспубліцы, дзе знаходзяцца ўласныя рэчы пісьменніка: кнігі, адзенне, фотаздымкі, шматлікія зборнікі вершаў, лісты да Алесі, гармонік, на якім ён любіў іграць, і нават самавар, якім ён карыстаўся. Кожны вясковы жыхар ведае, як пісьменнік, будучы маленькім, разам з сябрам спаліў вёску Бялынкавічы, як ён лавіў гусей на вуду разам з вясковымі хлапчукамі.

У Новых Самацевічах ёсць яшчэ і гістарычны музей, дзе знаходзіцца больш за дзве тысячы экспанатаў: беларускія ручнікі, прылады працы, якімі карысталіся беларусы спакон вякоў.

Недалёка ад нашай вёскі знаходзіцца крыніца са святой водой. Існуе легенда, што яна ўтварылася ад слёз адной дзяўчыны, якая кахала багатага пана, што жыў на нашай зямлі. Яна прыходзіла кожны раз на гэта месца і плакала ад таго, што ён не мог ажаніцца з ёю. Прозвішча пана Ліпішынскі. Яшчэ да гэтага часу існуе яго сад. Але, на жаль, гэты сад ніхто не даглядае, таму рэдка калі там можна знайсці яблык.

Вось такая ў мяне цудоўная радзіма.

Не здзіўляцца табе немагчыма,

Ці то спёка, ці вея снягоў,

Разліваецца ў сэрцы Айчана,

Як рака, што імкне з берагоў.

Перапоўнены шчасцем да краю,

Закалыханы яснай красой,

Я, здзіўлёны табой, заміраю

У абдымках палёў і лугоў.

Лебедзева Наталля: Верагодна, няма нічога лепей за родны край. Я не ўяўляю свайго жыцця без маленькай плямкі на карце Беларусі – сваёй вёскі. Назва гэтаму цудоўнаму куточку Машавое. Магчыма, калі хто-небудзь першы раз прыязджае сюды, то думае, што тут няма нічога цікавага. Але гэта толькі на першы погляд. Наша вёска знаходзіцца на краі Беларусі, амаль на мяжы з Расіяй. Ёй ужо многа год, дакладна нават ніхто не ведае колькі. Спачатку вёску называлі Махавое, а калі прыйшлі палякі, назва трошкі змянілася. Пасярэдзіне вёскі цячэ рэчка Машоўка. Там, дзе яна працякае, мясцовасць больш узвышаная. І вось стаіш на мосце, пад нагамі бурліць вада, а вакол бычны толькі лясы, лясы… І нейкае светлае пачуццё з'яўляецца ў сэрцы.

У Машавым не многа таго, што могло б заінтрыгаваць, і я раскажу пра самае-самае. Па-першае, у нас самы вялікі камень у раёне. Ён такі вялізны, што, калі сядзеш на яго, адчуваеш сябе маленькай. Кажуць, што гэты камень прынёс на нашу зямлю ляднік. Па-другое, у нашай вёсцы была некалі прыгожая царква, але яе разбурылі, і на тым месцы, дзе яна стаяла, зараз можна знайсці малюнкі мазаікі, якія трымаюцца на цэгле.


Радзіме
Удыхаю настой і палёў, і лугоў.

Прагна слухаю гутарку рэчак, бароў.

Сустракаю я з поўдня вясны вестуноў,

З лёгкім сумам праводжу туды журавоў.

Травы ногі казычуць, і лашчыць лісцё.

І да зор мяне кліча ветла неба тваё.

Дораць кветкі пяшчоту,

Вучыць мудрасці лес,

Разганяе нудоту

Развяснованы бэз.

Я з табой дзень пры дні,

Як пры дрэве лісток.

Ты – мой добры магніт,

Ад цябе – ні на крок.

Ніна Галіноўская.
Бубнова Юлія: Вёска, дзе я нарадзілася, называецца Расна. Яна знаходзіцца ў Дрыбінскім раёне.Вёска, можа, і не вельмі вялікая, але пра яе многа можна расказаць цікавага. Калісьці даўно ў нашай вёсцы жыў пан Спытка. Яшчэ і зараз стаіць яго маёнтак. Доўгія гады ў ім была школа. Звонку будынак нічога незвычайнага не ўяўляе. А вось усярэдзіне! Ён падзелены на пакоі, столь якіх упрыгажана рознымі малюнкамі і ўзорамі. У самым вялікім пакоі калоны. Але зараз гэты маёнтак знаходзіцца ў запусценні. Пабудавалі новую прасторную школу. Не часта мажна ўбачыць

8

такую прыгажосць каля школы, асабліва летам. Там заўсёды садзяць многа кветак разных гатункаў. Дырэктар школы спецыяльна іх заказвае ў Мінску.



На тэрыторыі вёскі стаіць касцёл,праўда, ён разбураны і яго,напэўна, ніхто не будзе аднаўляць, але ўсё роўна ён з'яўляецца сведкам гісторыі нашай вёскі.

А нядаўна гаспадары аднай з хат, якая знаходзіцца якраз блізка ля касцёла, у зямлі на агародзе знайшлі клад: у чыгунным гаршку фарфоравы посуд, выраблены ў пачатку мінулага стагоддзя. Аб гэтым пісала нават газета «Звязда». Што яшчэ хавае наша зямля? Якія тайны ў ёй?

А яшчэ на тэрыторыі нашага лясніцтва ёсць пітомнік. Там вырошчваюць дрэўцы: дубкі, каштаны, елкі і іншыя, назвы якіх я і не ведаю, - каб потым саджаць іх у розных месцах. У пітомніку таксама растуць кусты чарнаплоднай рабіны і шыпшыны. Плады шыпшыны памерам з курынае яйка.

Ёсць на нашай зямлі і славутыя людзі. Адным з іх з'яўляецца вядомы драматург Уладзімір Бутрамееў.

Таксама наша вёска дала прытулак людзям з Краснапольскага раёна, якія сталі ахвярамі аварыі на ЧАЭС. Для іх пабудаваны пасёлак. У будучым наша вёска стане аграгарадком. Вось такая мая маленькая радзіма. Ці ж можна яе не любіць?
2-і чытач: Родныя мясціны

Знаёмыя мясціны


Жыццё для нас малюе:

Узгоркі і лагчыны,

Ружовую зару.

І доўгія часіны яны мяне хвалююць…

Тут з кожнаю травінкай

Я сёння гавару.

Над сіняй рэчкай неба

Шле промні залатыя,

І пахне шчасцем глеба

У гэтую пару…

А што нам болей трэба,

Чым родныя мясціны,

І зноў я вас вітаю,

Бярозы і яліны,

Пяшчоту вам дару.

Тут доўгія часіны

Душой я спачываю.

Тут з кожнаю травінкай

Я сёння гавару.

Міхаіл Ясень.


9

Троцкая Яна: А ў мяне дзве радзімы. Нарадзілася я і нейкі час жыла ў Кустанаі, а потым, зусім нядаўна, мы пераехалі ў Беларусь. Хаця мы ў Беларусі жывём не так і доўга, але я ўжо палюбіла гэту краіну ўсёй душой. Я хачу прачытаць два сваіх вершы, якія я прысвяціла Радзіме Кустанаю і Радзіме Беларусі.
Город детства

Есть город детства моего,

Что снится мне в ночи,

С которым были связаны

Мои надежды и мечты.

Но для меня ты, как звезда,

Что светит в небе иногда.

Моя надежда и мечта –

Ты в моём сердце навсегда.

И ты меня не забывай,

Любимый город Кустанай!
Мая Беларусь

Мая Беларусь,

Любіць цябе я заўсёды клянуся.

Любоў з маленства тая спела,

І я б без роднай Беларусі

Была б даўно асірацелай.

Сады, бары – усё тут міла.

Вось чым багата мая Радзіма:

Тут кожны дзень любоўю поўны,

Тут кожны дзень дабрынёй напоўнены.

Адзін на ўсіх ты, родны край.

Любі і ты яго, абараняй



Савіцкая Алена: Многа год назад наш гарадскі пасёлак называўся Белыя ночы, а потым, праз многа гадоў, яго назвалі Бялынічы. Для мяне Бялынічы – самы лепшы куток ва ўсім свеце. Зусім нядаўна ў нас пабудавалі новы храм. Кожную нядзелю гэты храм наведвае шмат людзей не толькі нашага горада, але і з бліжайшых вёсак, каб прысвяціць хоць адзін дзень Богу. Сама я не вельмі люблю наведваць такія ўстановы, але ў гэты храм хаджу часта.

Таксама ў Бялынічах адной са славутых мясцін з'яўляецца музей Бялыніцкага-Бірулі. Дарослыя і дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць гэты музей.

У нашым горадзе многа моладзі, таму тут пабудавалі многа альтанак. Ёсць і бярозавы гай, у ім – пляцоўка, дзе праходзяць дыскатэкі і розныя мерапрыемствы. Ёсць у гаі і маленькае возера, у сярэдзіне якога зроблены фантан. У Бялынічах тры ўстановы адукацыі: дзве школы і адно прафтэхвучылішча. У нашай мясцовасці працякае вельмі прыгожая рака Друць. Пасёлак наш стаіць на Мінскай шашы, пагэтаму людзі, якія едуць па ёй, часта спыняюцца каля гэтай ракі і адпачываюць. Летам там вельмі добра, многа дзяцей, дарослых прыходзяць пакупацца ці проста адпачыць. Я свой родны кут ніколі не пакіну, ён для мяне самы лепшы і заўсёды такім застанецца.

Зямля мая, ты для мяне, як дзіва,

Як першы дотык любае рукі,

Як у спякоту млосную ільдзінка,

Як на кашулі белай васількі.

Мне б толькі быць з табой –

Ну хоць бы верасам,

Расінкай, што пад промнямі дрыжыць.

Ты пражывеш і без мяне, я ведаю,

А мне ніколі без цябе не жыць


Багамольцава Анжэла:

Чашнікі, горад, цэнтр раёна, размешчаны на р. Уле (левы прыток Заходняй Дзвіны ), за 95км ад Віцебска. Існуе некалькі тлумачэнняў паходжання назвы Чашнікі. Адно з іх такое. Чашнікі стаяць у нізкім месцы, у Чашніцкай нізіне, нібы ў чашы. Ёсць другое тлумачэнне. Звязваюць назву горада з развіццём у ім у далёкія часы ганчарнай справы. Ганчары выраблялі гарлачы, збаны, міскі, чашкі – што, напэўна, і дало найменне пасяленню.

Маецца яшчэ адно тлумачэнне паходжання назвы Чашнікі – ад слова “чашнік” – прадстаўнік княжацкай адміністрацыі, які наглядаў за пчалярствам і мёдаварэннем для патрэб княжацкай адміністрацыі.

З пакалення ў пакаленне расказваюць легенду пра адно месца ў Чашніках, якое называецца Царкавішча. Сама назва нагадвае, што тут калісьці стаяла царква. У даўнія часы царква разам з людзьмі правалілася. Але кожны год яна напамінае аб сабе.

Адзін раз у год з-пад зямлі чуўся звон яе званіцы. Гэта адбывалася заўсёды вечарам у Чырвоную суботу перад Вялікаднем.

Існуе і легенда пра Святое возера. У даўнія часы там, дзе цяпер святое возера, было ўзвышша, на якім стаяла царква. З навакольных вёсак збіраліся сюды людзі маліцца Богу. І вось у адзін са святочных дзён, калі ў царкве ішла служба, яна разам з вернікамі правалілася, і на тым месцы ўтварылася возера. Гэта возера і атрымала назву Святое. А для пацвярджэння праўдзівасці з’явы старыя людзі прыводзяць доказ, што вада ў возеры не цвіце, значыць, што там, у глыбіні, засталося сярэбранае царкоўнае начынне, якое і ачышчае ваду.

У Чашніцкім раённым гістарычным музеі ўражваюць цудоўныя драўляныя скульптуры. Падоўгу стаяць ля іх дарослыя і дзеці, пытаюцца пра майстра, які змог так цудоўна ўвасобіць у дрэве рысы характару розных людзей, іх пачуцці, здарэнні ў жыцці. Гэтыя творы – творчасць рук, сэрца, розуму былой настаўніцы малявання і чарчэння Ганны Савельеўны Асіпковай. Акрамя разьбы па дрэве, яна яшчэ піша карціны акварэллю і гуашшу. З бяросты пляце кошыкі, займаецца саломапляценнем. Аб пачуццях да роднага краю Ганна Савельеўна напісала ў вершы “Хацінка”:

На ўсёй зямлі ёсць кропачка,

Што ў сэрцы ўтульна прымасцілася –

Мой родны кут, хаціна старая,

Дзе я калісьці нарадзілася.

Стаіць яна на краю ўзлесачка,

Каля крынічкі клапатлівае,

І верасок парой ля ганачка,

Нібыта ў лесе пад ялінаю.
Можна многа назваць прозвішчаў маіх землякоў, якія славілі і зараз праслаўляюць наш край. Можна доўга захапляцца навакольнымі краявідамі. Я ганаруся, што гэта мая Радзіма, і другой мне не трэба.
Рубанік Кацярына: Вёска, у якой я жыву, называецца Мосар. Яе назва ўпершыню ўпамінаецца ў летапісах часоў Ефрасінні Полацкай. Недалёка ад нашай вёскі ёсць возера з прыгожай назвай Вянец. Аб яго назве існуе сумная легенда.

У часы паншчыны ў вёсцы жылі хлопец і дзяўчына, якія кахалі адзін аднаго. Але гэту дзяўчыну пакахаў пан і захацеў, каб яна стала яго жонкай. Сям'я дзяўчыны была бедная, і для яе бацькоў гэта было добрай магчымасцю разбагацець. Пан забраў дзяўчыну ў свой замак, але для яе гэта было сапраўднай турмой, нягледзячы на тое, што пан купляў ёй дарагое адзенне і золата. Сэрца дзяўчыны рвалася да каханага… Вось едзе карэта, і нявеста, убачыўшы свайго каханага, выскачыла з карэты і выкінула вянок. Хлопец з дзяўчынай зніклі, а на тым месцы, куды ўпаў вянок, утварылася вялікае і прыгожае возера, якое назвалі Вянец.

У 19 стагоддзі ў нашай вёсцы жыў пан Забела. Да нашага часу ў нас захаваўся яго маёнтак. Людзі кажуць, што на тэрыторыі маёнтка ёсць падземны ход, у якім можа змясціцца чалавек вярхом на кані. У пана была вельмі прыгожая дачка, якая памерла ад ўкусу змяі. Пахаваўшы сваю дачку, пан пачаў шукаць знахарку, якая змагла б з дапамогай сваіх чараў знішчыць ва ўсёй акрузе змей. Многа гадоў шукаў пан такую знахарку, ужо і надзею страціў яе знайсці. Але такая знахарка знайшлася. Яна дала пану зелле, якім яго слугі папырскалі лясы і палі ва ўсёй акрузе. З тых пор да нядаўняга часу ў нашых краях ніхто не бачыў ніводнай змяі. На магіле сваёй дачкі пан Забела

пасадзіў асіны. Да нашых дзён на тэрыторыі панскага маёнтка растуць асіны, велічныя і прыгожыя.

У 1944 годзе ля нашай вёскі савецкія войскі ажыццявілі прарыў, у гонар чаго быў створаны мемарыяльны комплекс «Прарыў». Фігура мужнага воіна з аўтаматам у руках вышынёй 5 метраў. Гэта фігура абкружана мрамурнымі плітамі, на якіх напісаны імёны загінуўшых.

У 1987 годзе ў нашай школе адкрыты музей «Спадчына», у якім сабраны экспанаты з усяго раёна . Яны дазваляюць нам лепш вывучыць гісторыю свайго краю. Разам з такімі экспанатамі, як ручнікі, беларускае народнае адзенне, прадметы сялянскага побыту, ёсць рабочы ткацкі станок. Амаль кожны вучань нашай школы ўмее ткаць. Таксама ў музеі ёсць хатка, якая аформлена ў старажытным стылі.

Я вельмі ганаруся нашай вёскай, школай і гістарычным мінулым. Не кожны ведае гісторыю сваёй мясцовасці, але ведаць павінны ўсе, бо гэта наша спадчына.
1-ы вядучы:

Ужо трэці год мы вучымся ў педкаледжы. Горацкая зямля стала для нас роднай. Яна славутая не толькі сваёй прыгажосцю, але і сваім народам. Горацкая зямля ўзгадавала знакамітых людзей, якія сваёй шчырай працай славяць гэты край. Гэта настаўнікі і ўрачы, мастакі і вучоныя, хлебаробы і інжынеры. Кожны з іх – майстар сваёй справы. Горацкія паэты прысвяцілі многія творы своёй Радзіме. Паслухаем некаторыя з іх.

Вясна ў Горках

Месячык надта вясёлы,

І не заснуць давідна.

Бэзам запахла наўкола –

Горкі чаруе вясна.

Шляхам загадкавым з цемры

Зорная казка ляціць.

Верхняе возера дрэмле,

Ніжняе возера спіць.

Горад не сцішыцца рана:

Плошчы раздорваюць смех.

Ціхія гукі баяна

Ўзыдуць на пяты паверх.

І паплывуць у паднябессе

Марыць аб нечым сваім.

Цесна становіцца песні

Ў горадзе нашым начным.

Сэрцам напісана п’еса,

Што зразумела без слоў.
Пахнуць загадкавым бэзам

Горкі, вясна і любоў.

Ніна Кавалёва.

Другой Радзімай для нас стаў пасёлак Леніна, так як большасць часу апошнія гады мы праводзім тут.

Леніна. Гэта беларуская вёска вядома за межамі нашай Радзімы. Калі чуеш гэту назву, нагадваеш падзеі, звязаныя з бітвай 1943г., у якой нарадзілася Народнае Войска Польскае. Між тым, Леніна – адна з самых старажытных вёсак раёна. Горацкае Раманава ўпершыню згадваецца яшчэ ў пачатку 16ст. як вёска Вялікага княства Літоўскага.

У пачатку 20 ст. мястэчка Раманава з’яўлялася цэнтрам воласці Горацкага павета. “ 590 драўляных дамоў, валасное і мяшчанскае праўленне, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, вінакурны заводзік, вадзяны млын, праваслаўная каменная царква, сельская бальніца…” . Тут працавалі адразу два народныя вучылішчы, дзейнічала нават пажарная каманда.

У 1918 годзе Раманава было перайменавана ў Леніна.

Нямала слаўных старонак у біяграфіі гэтага беларускага сяла. Адна з іх прысвечана гераічным дням Вялікай Айчыннай вайны.

У кастрычніку 1943 года пад в. Леніна ва ўзаемадзеянні з савецкімі воінамі ўступіла ў бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і атрымала баявое хрышчэнне 1-ая пальская дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі. Гэта бітва паслужыла пачаткам нараджэння Войска Польскага.

Подзвіг савецкіх і польскіх воінаў жыве ў памяці народа. На месцы гістарычнага бою савецкія людзі ўзвялі мемарыяльны комплекс, адкрыт музей савецка-польскай баявой садружнасці.

Ідуць гады. Непазнавальным стала сяло Леніна. Па планіроўцы, добраўпарадкаванні яно нічым не адрозніваецца ад гарадскога пасёлка. Звяртае на сябе ўвагу Палац культуры са шкла і бетону. Побач з ім будынак універмага і рэстарана, школа, педкаледж. Далей двухпавярховы будынак сельскай амбулаторыі, шматкватэрныя дамы. У Леніна жывуць выдатныя людзі, якія робяць усё для таго, каб наш пасёлак прыгажэў з кожным днём. Вядома аматарам паэзіі імя Сяргея Іванавіча Лоцманава. Аб чым пяе душа паэта, аб чым марыць, да чаго імкнецца – на гэтыя пытанні чытач можа атрымаць адказ, акунуўшыся ў свет паэзіі Сяргея Іванавіча.

Жыве Беларусь


Як мае незабыўныя продкі,

Я люблю гэты край дарагі

І ў часы шматгалосай паводкі,

І ў часы, калі спяць берагі.

Не забыць салаўіныя трэлі,

Што заўжды хвалявалі душу.

Мяне песні Айчыны сагрэлі,

Ад жыцця я другіх не прашу.

Захмялеў ад вады я крынічнай

І ад роснай духмянай травы.

Перазвон далятае пшанічны:

Ты жывеш, Беларусь, - я жывы.


Сяргей Лоцманаў

Выразім свае думкі аб Радзіме ў невялікім разважанні. Радзіма – гэта …




  1. ласкавае сонца над галавой;

  2. дзікая груша ў полі;

  3. трывожны позірк маці;

  4. куст бэзу перад акном;

  5. мудрасць бацькі;

  6. вернасць сябра;

  7. шэпт жытняга поля;

  8. чыстая крыніца;

  9. ціх’і дождж;

  10. бяроза каля дома;

  11. школьныя сябры;

  12. радасны настрой;

  13. цёплыя ночы;

  14. пах кветак;

  15. матчына ласка;

  16. светлае дзяцінства;

  17. шчасце;

  18. прасторы зямлі;

  19. зелень лугоў;

  20. густыя лясы;

  21. блакітнае неба;

  22. першыя радасці;

  23. шчырыя сябры;

  24. шырокія дарогі і вузкія сцяжынкі;

  25. бурлівая рака;

  26. шум гаёў;

  27. маё сучаснае;

  28. мой заўтрашні дзень.

ЛІТАРАТУРА


  1. Мой родны кут. Вершы беларускіх паэтаў аб роднай прыродзе. Складальнік У.А. Начэўны. Мінск, “Беларусь”, “Мастацкая літаратура”, 1987г.

  2. Часопіс “Роднае слова”


.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка