Стары журавель у часе пералёту ластаўкі адпачываюць на спінах жураўлёў



Дата канвертавання17.06.2016
Памер109.93 Kb.
СТАРЫ ЖУРАВЕЛЬ

У часе пералёту ластаўкі адпачываюць на спінах жураўлёў.

Хто я?


Стары журавель і за выраем ледзь паспяваю.

Вунь на поўнач вясновы далей адлятае касяк.

Там па мяккіх балотах ліняюць снягоў гарнастаі,

I палотны туману на голых галінах вісяць.

Там радзіма мая, там гняздо каля ціхае рэчкі,

Заліўныя лугі і світальнага дыму сляды,

Там высокія зоры дрыжаць і гараць, як парэчкі,

Аднаму мне, напэўна, ніяк не дабрацца туды.

Хто ты?

Лёгкая ластаўка, збітая ноччу з дарогі.



Вострым крылам тваім не адолець вятры і туман,

Абыякава зоры глядзяць на чужыя трывогі,

Шторм пад намі бушуе і ноччу кіпіць акіян.

Б'юцца хвалі і хвошчуць прасоленым пылам,

Будзь ратункам маім, прытуліся, даверся плячу.

Твой давер да аслаблай далучыцца сілы:

Я ўратую цябе і з табой да гнязда далячу.

М.Дудзін


Пераклад С.Грахоўскага

***

Пакуль яшчэ свядомасць дрэмле

I ёсць «Чырвоных кніг» тамы,

Мы нішчым акіян і землі,

Як лямпу, палім неба мы.
Мы зводзім нетры патайныя

I не здалеем памагчы,

Як зарыпяць кругі зямныя,

Нібы на бочцы абручы.

А чым яшчэ пацешым душы,

Якой не абмінем бяды,

Куды мы дзенемся без сушьі,

Без неба, без жывой вады?!

М.Дудзін

Пераклад С.Грахоўскага


***

У ліпені з абочынаў

Прасёлкавых дарог

Іван-ды-мар'я ў вочы нам

Глядзіць з-пад самых ног.

I сіні колер вернасці,

I жоўты колер здрад,—

Або ў будзённай шэрасці

Палонных душ разлад.

I на малой адлегласці

Цвітуць усё часцей

Абедзве супрацьлегласці

Трагедый і страсцей.

А захапленне ўяўнае —

Прычал часовых сноў,

I выключэнне даўняе

Дзвюх песень, дзвюх асноў.

Як радасна і молада,

Што й здрадзе не скарыць,

Жывая сінь і золата

Ў тваёй руцэ гарыць.
М.Дудзін

Пераклад С.Грахоўскага

***

Відаць жыццёвай чашы дно,



Ноч на адлёце,

I млосна кожнаму даўно

На адзіноце.

А за спіной гарыць касцёр

Ля перавала,

Звіняць і песня, і прастор,

I запявала.

I радыя такой вясне

Трава і трубы,

I дзеўчына твае у сне

Цалуе губы.

Раскрылі ружы і ў мароз

Свае павекі,

I матчыных патокі слёз

Цякуць, як рэкі.

Наперадзе і лёс, і рок,

I думы нашы,

Апошні горычы глыток

3 апошняй чашы.

Яго дапі ты, каб нідзе

Не ўбачыць знаку.

Ты жыў з людзьмі і для людзей

Спяваў і плакаў.

А што там будзе, не глядзі

На ўсё з трывогай.

I ў адзіноту адыдзі

Сваёй дарогай.
М.Дудзін

Пераклад С.Грахоўскага


***

Сярод раслінаў я не геній.

Трыпутнік я, і мне ісці

Шляхамі войнаў і мучэнняў,

Каб ратаваць жыццё ў жыцці.

Я цвёрда веру ў перамогу

I крочу праз мільёны год

За чалавекам у дарогу,

3 вясны ў зіму і з роду ў род.
Упарта я гляджу наўкола,

Хоць часта і мае лісты

Пад дзікі свіст дратуюць колы,

Сякуць тупыя капыты.

Тут бег народ, ляцелі коні,

Грымеў агонь, плыла імгла,

Ў мае зялёныя далоні,

Як дождж, людская кроў цякла.

I плоць маю ў часы атакі

Змяшалі з глеем цягачы,

Крышылі колы, мялі тракі

I боты днём і уначы.

А я ўставаў на прыдарожжы

Мяне не знішчыць, ні суняць.

Ты чалавек. І значыць, можаш

Маю упартасць пераняць.

Сваю нясу я перамогу,

Сваю надзею і любоў,

За чалавекам у дарогу

Іду і сунімаю боль.

М.Дудзін

Пераклад С.Грахўскага

***

Да пагранічнай паласы я



Іду па белых берагах.

Перада мной мая Расія



Ў глыбокіх веснавых снягах.

Бінты снягоў над берагамі,

Снягі на дрэвах, на дамах.

Якія раны пад снягамі

Анастэзіруе зіма?

Хто скаргі ад зямлі пачуе

Ці ў сэрцы грозны перабой?

Яна пад сцюжамі начуе,

Пад снежнай маскай цяжка ёй.

М.Дудзін


Пераклад С.Грахоўскага
ЗА КРУГАМ КРУГ

Міры Алечковіч

Я аблажыў сябе сцяною,

I выйсця не знайсці ў сцяне.

Усё абвергнутае мною

Цяпер на плечы легла мне.
Нясу журбы свой лёс нялёгкі,

I зрок заслала пеляна.

Іду да сцен, але далёка

Адходзіць кожная сцяна.


Мне трэба вырвацца з палону,

Пераступіць пракляты круг,

За гранню страху зноў зялёны

Убачыць незалежны луг.


I зразумець, што ўсё не нова,

Што круг замкнуты не змяню,

Што ў ім той самы строй і слова

Ізноў адточвае хлусню.


I ажывае сіла слова,

I дожджык пестуе траву.

А круг змыкаецца. Нанова

Я прагай вырвацца жыву.

М.Дудзін

Пераклад С. Грахоўскага


Аляксандр Пушкін

АНЧАР


Ні ценю ў пустцы, ні травы.

На глебе, сонцам разагрэтай,

Анчар, як грозны вартавы,

Стаіць адзін пагрозай свету.


Прырода прагная палёў

Яго ў дзень гневу нарадзіла,

Камель, і мёртвае галлё,

I ліст атрутай напаіла.


Цурком з-пад тоўстае кары

Атрута сочыцца ад спёкі

I застывае ўвечары

Слязінкамі густога соку.


Сюды і птушка не ляціць,

Не завітае тыгр самотны,

А віхар чорны набяжыць

I ўдаль імчыцца ўжо смяротны.


Ці хмара наплыве з далін —

I кожны сонны ліст заплача,

Атрутны дождж з яго галін

Сцякае на пясок гарачы.


Ды чалавека чалавек

Паслаў к анчару на пакуты,

I той пабрыў адзін на здзек,

I раніцой прынёс атруту.


Прынёс смяротную смалу,

Галінку з вялаю лістотай,

I па збялеламу чалу

Каціліся крупінкі поту.


Прынёс, асунуўся і лёг

Пад буданом на жвір прымяты,

I бедны раб сканаў ля ног

Уладара свайго і ката.


А цар атрутай напаіў

Каляных стрэл насечкі з медзі

I смерць у розныя краі

Паслаў няскораным суседзям.



Пераклад С.Грахоўскага

Леся Украінка

***

Скрозь — слёзы, плач і прычытанні,

Скрозь — кліч нясмелы і слабы,

Наўкол глухія нараканні

I вочы поўныя журбы.

Над горкай доляй Украіны

Бядуем з даўняй даўніны,

Чакаем з плачам той гадзіны,

Калі спадуць з нас кайданы.
Ад плачу раны не знямеюць,

Слязьмі не разаб'еш сцяны,

Хоць кайданы ад слёз ржавеюць,

А самі не спадуць яны.


Навошта плач і нараканні?

Назад няма куды ісці!

Нас клічуць праца і змаганне

За долю лепшую ў жыцці.

Пераклад С.Грахоўскага

Леся Украінка

***

Гавораць вусны: «Ён навек загінуў!»

А сэрца кажа: «Не, ён не пакінуў!»

Ты чуеш, як звініць і як трымціць струна.

Дрыжыць, нібы сляза, гарачая, яна,

I б'ецца заадно у глыбіні са мною:

«Я тут, я толькі тут, я назаўжды з табою!»

Калі забыцца ў песнях я хачу пра муку,

Ці хтосьці мне пацісне шчыра руку,

Ці, як ручай, размова пацячэ,

Ці пацалунак вусны апячэ,

Душа трымціць лагоднаю струною:

«Я тут, я толькі тут, я назаўжды з табою!»

Ці ў свет іду таемных летуценняў,

Дзе постаці лунаюць, быццам цені,

Знаёмыя і дзіўныя абліччы,

Ды зноў душу знаёмы голас кліча;

I, як струна, звініць або пяе з журбою:

«Я тут, я толькі тут, я назаўжды з табою!»

Ці сон павольна наплыве, як хмара,

А ў стомленай душы не патухае мара,

Зноў праз цяжкія сны і хваляванні

Я раптам чую голас любай здані,

Трымціць тужліва з дзіўнаю журбою:

«Я тут, я толькі тут, я назаўжды з табою!»

I кожны раз, як ён струну кране,

Дрыжаць у сэрцы кветкі у мяне,

Што ты не здолеў за жыццё сарваць,

Што не хацеў іх у труну схаваць,

Трымцяць і шэпчуць заадно са мною:

«Цябе няма, але я ўсё ж з табою!»

Пераклад С.Грахоўскага



М Забалоцкі

НЕПРЫГОЖАЯ ДЗЯЎЧЫНКА

Сярод дзяцей, захопленых гульнёй,

Яна маленькая, як апалонік,

Кашулька змятая ў гармонік,

Расчэсаны кудзеркі пяцярнёй,

Крывыя зубкі, быццам агарожа,

Вялікі рот, і тварык непрыгожы.

Двум хлапчукам, равеснікам яе,

Бацькі купілі па веласіпеду,

I хлапчукі ганяюць без абеду,—

Зважаць на пешых часу не стае,

Яна ж за імі бегае па следу.

Чужая радасць, як свая прыйшла,

Яна хвалюе і з грудзей ірвецца,

Дзяўчынка бесклапотная смяецца,

Нібыта шчасце і яна знайшла.

Ні зайздрасці або ліхога слова

Яшчэ зусім де ведае яна,

I ўсё на свеце ёй здаецца нова,

Што кожнаму даўно не навіна.

А я гляджу з трывогай, і здаецца,

Што прыйдзе час і плачам захлынецца,

Калі заўважыць, што з усіх яна

Расце і непрыгожай і нязграбнай,

Хоць крыўда шчокі пабяліла вапнай,

Ды сэрца не парвецца, як струна.

Мне верыць хочацца, што зыркія праменні

Гараць і свецяцца ў яе душы,

Яны растопяць крыўды ледзяшы

I пераплавяць цяжкія каменні.

Няхай яна здаецца непрыгожай,

Не захапляе і не цешыць зрок,

Але й цяпер усіх расчуліць можа

I кожны рух яе і крок.

А што ж тады такое пекната,

Чаму маліцца ёй гатовы людзі?

Яна сасуд, дзе толькі пустата,

Альбо агонь палаючы ў сасудзе?

1955

Пераклад С.Грахоўскага

АБЛЯТАЮЦЬ АПОШШЯ МАКІ

М.Забалоцкі

Аблятаюць апошнія макі,

Пратрубілі адлёт жураўлі,

I яскравай прыроды адзнакі

На змярканні знікаюць з зямлі.
На пустой і на голай сцяжыне

Шапацяць пад нагамі лісты,

Ты чаму невясёлы, скажы мне,

I чаму не шануешся ты?


А жыццё пад травінкай любою

Не сціхае, нібыта прыбой,

Ну, а што адбылося з табою,

Што з прыгожай душою тваёй?


Як адважыўся тую, што свеціць,

Дарагую душу назаўжды

Адпусціць, каб сланялася ў свеце,

Каб загінула дзесь ад нуды?


Хай твой дом пастарэў, і прысады

Пазгіналі галовы ў журбе,—

Толькі ведай, страншейшае здрады

Не бывае за здраду сабе.



1952

Перакад С.Грахоўскага

М.Забалоцкі

ВЫПАДАК НА ВЯЛІКІМ КАНАЛЕ

На гэты раз не дзеля мільянераў,

На гэты раз не дзеля баркарол

Чатырыста прыгожых гандальераў

Зайшлі ў свае чатырыста гандол.
Быў дзень як дзень. Снавалі вапарэта

У бляску нагрувашчанага шкла.

Венецыя, апушчаная ў лета,

Па ўсіх сваіх артэрыях цякла.


I раптам, паўзнімаўшы гарлавіны,

Зубчастыя і вострыя, як штых,

Натоўпы лодак рушылі ў цясніны

Паміж палацаў грэшнікаў святых.


Пабліскваючы бронзаю і лакам

I мішурою слепячы прасцяг,

Яны ўзнімалі ў гарадскіх клааках

Галечаю падфарбаваны сцяг.


Палохаючы разявак замшэлых,

Шакіруючы самых важных дам,

На іх імчаўся бунт музеяў шэрых,

Ужо непадначаленых панам.

Плылі пытанні пра цяжкую працу,

Пра голад і галечу у гразі,

Пачуўшы гэта, змрочныя палацы

Адразу апускалі жалюзі.

Венецыя, ты ў снах яшчэ чароўных,

Яшчэ ў палоне казак і цяпер.

А свет не спіць, ён лепшы друг

працоўных,



Ён за рулём, як гэты гандальер.

1957

1 Вапарэта — маленькі кацер.

Пераклад С.Грахоўскага
: other
other -> Ціхан чарнякевіч (tsikhan livejournal com) пераклады твораў замежнай літаратуры
other -> Пастанова савета мiнiстраў рэспублiкi беларусь 14 мая 2007 г. N 578
other -> Закон рэспублiкi беларусь 9 студзеня 2006 г. N 98-з аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны рэспублiкi беларусь
other -> Контрольная работа по курсу История Беларуси Вариант №7 Студент-заочник I курса Группы №080223 фио
other -> Памiж мiнiстэрствам лясной гаспадаркi рэспублiкi беларусь I мiнiстэрствам зямельнай гаспадаркi славацкай рэспублiкi
other -> Кирилл Дубовский
other -> David Albahari
other -> Размяркуйце словы па групах. Агульнаўжывальныя
other -> Таня Малярчук сanis lupus familiaris




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка