Start-up студэнцкага іт-прадпрымальніцтва



Дата канвертавання08.06.2016
Памер53.77 Kb.
Start-up студэнцкага ІТ-прадпрымальніцтва
Пайсці працаваць у ІТ-кампанію і атрымліваць стабільную зарплату альбо, рызыкуючы многім, адкрыць сваю справу? Такая альтэрнатыва ёсць не толькі ў выпускнікоў ІТ-спецыяльнасцей, але і ў студэнтаў. У суседніх краінах — Расіі, Украіне (не кажучы ўжо аб Еўропе і ЗША) — ІТ-бізнес у студэнцкім асяроддзі развіваецца поўным ходам, у нас жа толькі адзінкавыя праекты выходзяць на рынак, хаця ідэй, вартых увасаблення, дастаткова. Чаму так? Аб гэтым на мінулым тыдні ішла гаворка ў межах Software Engineering Forum 2009 — першага форуму прафесіяналаў ІТ-супольнасці Беларусі, а менавіта на секцыі “ІТ-прадпрымальніцтва”.
IV—V курсы універсітэта — спрыяльны час для стартапа

Арганізатары секцыі, Інкубатар бізнес-праектаў БДУІР, тэхнапарк БНТУ “Металіт” і асацыяцыя “Інфапарк” так і вызначылі тэму дыскусіі: “ІТ-прадпрымальніцтва — альтэрнатыўная кар’ера для студэнтаў”.

— Чацвёрты-пяты курсы і некалькі гадоў пасля універсітэта — вельмі спрыяльны час для развіцця сваёй справы ў сферы інфармацыйных тэхналогій, — лічыць кіраўнік інкубатара Аляксандр Мялешчанка. — Ёсць маладосць, азарт і ў той жа час вопыт. Студэнты-праграмісты рана пачынаюць працаваць. Напрыклад, зараз інкубатар падтрымлівае праект другакурснікаў! Каманда гэтых студэнтаў распрацавала камп’ютэрную гульню “Ірчы”, у якой, мяркую, вельмі добрыя перспектывы. Ёй зацікавіўся інвестар, і неўзабаве яна будзе прадавацца на платных гульнявых сайтах. А зусім нядаўна паспяхова завяршылі свой праект www.obrabotka.by студэнты пятага курса — гэты сервіс дазваляе карыстальнікам хутка знайсці прадпрыемствы, якія прадастаўляюць паслугі па металаапрацоўцы.

З камп’ютэрнай гульнёй “Ірчы” можна было пазнаёміцца падчас мерапрыемства, яе прэзентаваў лідэр каманды студэнтаў-распрацоўшчыкаў Аляксандр Жораў. Гэтая просценькая, але вельмі аптымістычная афлайн-забава расказвае аб прыгодах вясёлага персанажа, калабка Ірчы. І, здаецца, гэта быў адзіны цалкам студэнцкі праект на секцыі. Астатнія (усяго каля дзесяці) былі прадстаўлены выпускнікамі ВНУ са стажам праграміравання, выкладчыкамі. Некаторыя, праўда, распрацаваны з удзелам студэнтаў. Сярод прадстаўленых праектаў — “Клуб інтэлектуальнага абмену”, удасканаленая і больш танная версія прадукту Microsoft PROJECT (інфармацыйная сістэма кіравання праектамі), абалонка для анлайн-навучання праграміраванню, сервіс Інтэрнэт-навін і нават Інтэрнэт-аўкцыён, які, па сцвярджэнні распрацоўшчыкаў, дазваляе прадаваць тавар за 30 працэнтаў ад яго рыначнага кошту і атрымліваць 300 працэнтаў прыбытку.


Інкубатар бізнес-праектаў кампенсуе недахоп эканамічных ведаў

Безыніцыятыўнасць і дэфіцыт эканамічных ведаў — вось прычыны таго, што студэнцкіх стартапаў так мала, лічыць Аляксандр Мялешчанка. (Стартап — бізнес на этапе старту, ад англійскага start-up, што значыць “запускаць”. — І.Н.) З ім згодны і яго калегі-эксперты, запрошаныя на дыскусію: Сяргей Лабко-Лабаноўскі, ІТ-прадпрымальнік, дырэктар гейм-студыі, і Сяргей Назарук, дырэктар агенцтва Інтэрнэт-рэкламы.

— Недахоп ведаў — галоўная праблема, з якой сутыкаюцца стартаперы, — зазначае Аляксандр Мялешчанка. — Мы знаходзімся ва універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе вучацца тэхнары. Яны надзвычай кампетэнтныя ў пытаннях праграміравання, але зусім бездапаможныя ў тым, што датычыць маркетынгу, рынку, бізнесу. Таму ў любой камандзе павінен быць спецыяліст, які ведае, на якой мове размаўляць з заказчыкам і інвестарам.

Па словах Сяргея Лабко-Лабаноўскага, з аналагічнай праблемай сутыкаюцца і расійскія стартаперы, якія распрацоўваюць гульні. Часта бывае так: праект ужо завершаны, але над тым, як яго прасоўваць на рынак, яшчэ не думалі. Гэта не выклікае даверу ў інвестараў, для якіх важна, каб праект быў правільна пададзены.

Увогуле ў ІТ-бізнесе яшчэ не сфарміравалася культура інвесціравання, лічыць Сяргей Назарук. Дарэчы, у праграме секцыі быў пункт “Кансультацыі з інвестарамі і зносіны “адзін на адзін”, аднак інвестары на мерапрыемства не з’явіліся.

— Як рэкламшчык, ведаю: часта высокі прыбытак дае даволі пасрэдная ідэя і добры маркетынгавы ход, рэклама і PR. І наадварот, выдатная, унікальная ідэя гіне, таму што не была належным чынам раскручана. Таму выдаткі на прасоўванне праекта павінны планавацца ў самым пачатку, — гаворыць дырэктар агенцтва Інтэрнэт-рэкламы.

І тут значную дапамогу рапрацоўшчыкам-пачаткоўцам можа аказаць Інкубатар БДУІР, мэта якога, па словах кіраўніка, — падтрымаць і актывізаваць ІТ-прадпрымальніцкі рух у нашай краіне. Інкубатар працуе ў афіцыйным статусе з лютага бягучага года, за гэты час праз яго прайшло каля 20 праектаў як студэнтаў, так і вучоных. Зараз інкубатар засяродзіўся на падтрымцы некалькіх найбольш жыццядзейных і перспектыўных праектаў. У чым заключаецца падтрымка? Тут праекты праходзяць экспертызу і ацэнку, для чаго прыцягваюцца эксперты-практыкі з ІТ-галіны, тут прапаноўваюць бізнес-мадэль, аналізуюць рынак, кансультуюць па юрыдычных пытаннях, калі ў распрацоўшчыкаў ёсць з гэтым цяжкасці. А ў выпадку самых перспектыўных праектаў (як, напрыклад, з гульнёй “Ірчы”) дапамагаюць з прасоўваннем на рынак і пошукам інвестара.

Як расказаў Аляксандр Мялешчанка, Інкубатар БДУІР пачынаўся на кафедры інфарматыкі. Зараз ён супрацоўнічае з Паркам высокіх тэхналогій, які, дарэчы, хутка адкрывае аналагічны інкубатар. Мяркуецца выпрацаваць адзіныя крытэрыі ацэнкі ІТ-праектаў. Тады студэнцкім стартапам будзе прамы шлях праз Інкубатар БДУІР у ПВТ. А парк, як вядома, прадастаўляе істотныя прэферэнцыі для ІТ-прадпрымальнікаў.

Калі гаварыць пра падтрымку стартапераў у нашай краіне, то з такой ініцыятывай выступіў і ўкраінскі офіс Microsoft. Яе прадстаўнік на секцыі “ІТ-прадпрымальніцтва” паведаміў, што ў Беларусі запушчана праграма, якая бясплатна прадастаўляе айчынным стартапам ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне на тры гады. Паводле крытэрыяў Microsoft стартапам лічыцца кампанія, якая зарабляе да 500 тысяч долараў у год, існуе менш за тры гады і займаецца распрацоўкай праграмных прадуктаў.
Што трэба, каб ідэя “выстраліла”?

На секцыі прагучала вялікая колькасць парад тым, хто марыць аб уласнай справе ў ІТ-галіне. А такіх было вельмі многа: аўдыторыя была поўнасцю запоўнена, студэнты стаялі ў праходах і дзвярах, сядзелі на партах. І літаральна засыпалі экспертаў пытаннямі. Як сабраць каманду? На якіх умовах ладзіцца супрацоўніцтва з Інкубатарам бізнес-праектаў? Як пачаць сваю справу ў перыяд фінансавага крызісу? Якія напрамкі найбольш перспектыўныя для стартапераў? Што лепш: займацца аўтсорсінгам ці ствараць уласны стартап?

Што такое аўтсорсінг, ведае кожны студэнт-праграміст. Гэта распрацоўка праграмнага прадукту пад заказ, як правіла, для замежнага кліента. З пункта гледжання заказчыка аўтсорсінг — гэта выкарыстанне знешніх рэсурсаў. Менавіта аўтсорсінгам займаецца пераважная большасць беларускіх ІТ-кампаній. Студэнтам, напэўна, было цікава пачуць меркаванне экспертаў аб тым, што аўтсорсінг не цікавы з пункта гледжання максімізацыі прыбытку, а гэта мэта любога бізнесу.

— Найбольш аптымальны шлях для таго, каб стаць паспяховым, —распрацоўка ўласнага праграмнага прадукту і звязаных з ім сервісаў, — упэўнены дырэктар гейм-студыі Сяргей Лабко-Лабаноўскі.

Дарэчы, гульні як уласны прадукт не баяцца ніякіх крызісаў, сцвярджае прадпрымальнік. Геймеры існавалі заўсёды, а ў перыяд крызісу іх стала яшчэ больш, што і зразумела: з дапамогай камп’ютэрных забаў людзі імкнуцца абстрагавацца ад жыццёвых праблем. Па словах эксперта, расійскі рынак анлайнавых гульняў у 2009 годзе вымяраецца 300 мільёнамі долараў, што складае ўсяго 1 працэнт сусветнага рынку. Лічбы кажуць самі за сябе. Гульні ўвогуле цікавы сегмент ІТ-рынку. Гэты бізнес хоць і тэхналагічна складаны, патрабуе значных фінансавых укладанняў, затое паспяховыя праекты даюць вялізны прыбытак. Напрыклад, адна расійская гульня была распрацавана за 150 тысяч долараў і з 2006 года прынесла кампаніі-распрацоўшчыку 40 мільёнаў.

Сярод модных напрамкаў, якія развіваюцца ў апошні час у ІТ-галіне, дырэктар агенцтва Інтэрнэт-рэкламы Сяргей Назарук назваў сацыяльныя сеткі (накшталт “Аднакласнікаў”) і сервісы, якія прадастаўляюць мабільны кантэнт (гульні, дадаткі, кнігі і інш.). Аднак модныя — не значыць перспектыўныя, падкрэсліў эксперт. У рэшце рэшт “выстраліць” можа ўсё, што заўгодна, але з агаворкай: толькі тое, што вы ведаеце і ўмееце рабіць лепш за іншых.



Іна НІКІЦЕНКА.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка