Структура дзяржаўнага кіравання шляхамі зносін на тэрыторыі Беларусі і яе ўплыў на інтэнсіфікацыю транспартных камунікацый у 1772 — 1917 гг



Дата канвертавання15.05.2016
Памер73.91 Kb.

powerpluswatermarkobject256530


Структура дзяржаўнага кіравання шляхамі зносін на тэрыторыі Беларусі і яе ўплыў на інтэнсіфікацыю транспартных камунікацый у 1772 — 1917 гг.

Канойка, А.У.

БДПУ, г. Мінск
Шляхі зносін, іх стан і інтэнсіўнасць, на мяжы XVIII — XX cт. з'яўляюцца адным з галоўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця любой краіны. Тым больш, сбалансаваная сетка водных і сухапутных шляхоў зносін характарызавала магчымы патэнцыял эканомікі. З гэтай нагоды вялікую ўвагу па развіццю і кіраванню транспартнымі камунікацыямі на тэрыторыі Расійскай імперыі пачалі надаваць з сярэдзіны XVIII ст. Так, у 1755 г. быў створаны цэнтральны орган па кіраванню шляхамі зносін у імперыі пад назвай «Канцэлярыя пабудовы дзяржаўных дарог», але ўжо ў 1775 г. ён быў ліквідаваны на падставе выдання «Пастановы аб губернях». [1] У 1786 г. была створана камісія па дарогах, якую ў 1796 г. Павел I скасаваў. Тым не менш, яна аднавіла сваю дзейнасць у 1800 г., атрымаўшы назву «Экспедыцыя па пабудове дарог у дзяржаве». [2] «Хістанні» урада былі абумоўлены слабым развіццём шляхоў зносін ў Расійскай імперыі, невыпрацаванасцю падыходаў да арганізацыі дзяржаўных камунікацый. Але Расійская імперыя ў канцы XVIII ст. значна пераўзыходзіла Рэч Паспалітую па інтэнсіфікацыі шляхоў зносін, што абумовіла развіццё транспартных камунікацый на далучаных заходніх тэрыторыях.

Згодна з «Пастановай аб кіраванні воднымі і сухапутнымі зносінамі» ад 20 лістапада 1809 г. усе водныя і сухапутныя камунікацыі Расійскай імперыі былі падзелены на 10 акруг (беларускія губерні ўвайшлі ў іх склад). [3] Акруга — гэта адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка арганізацыі кіравання шляхамі зносін Расійскай імперыі ў 1809 — 1917 гг. (гл. табл. № 1). Напрыклад, камунікацыі Віцебскай і Магілёўскай губерні адносіліся да 5 і 7 акругі шляхоў зносін. [4]. Але пасля адміністрацыйных рэформаў і пастановы імператара ад 26 сакавіка 1836 г. былі аб'яднаны ў 4 акрузе шляхоў зносін. Тым не менш, 2 ліпеня 1843 г. была зацверджана новая сістэма шляхоў зносін, паводле якой камунікацыі Магілёўскай і Віцебскай губерняў адносяцца да 11 акругі. Гэта акруга налічвала 4 аддзелы і 35 дыстанцый. [5] Напрыклад, першы аддзел знаходзіўся ў г. Лепелі, другі — у Магілёве, трэці — у Вязьме, чацвёрты — у Бабруйску. Другі аддзел складаўся з 15 дыстанцый і кантраляваў 991 вярсту сухапутных і водных шляхоў зносін. А з 1876 г. у межах 11 акругі пачаў хадзіць першы паравы баркас «Днепр». [6]



Табл. № 1. Сістэма дзяржаўнага кіравання транспартнымі камунікацыямі на тэрыторыі Беларусі ў 1772 — 1917 гг.

Назва кіруючага органа

Гады існавання

Характарыстыка

Канцэлярыя пабудовы дзяржаўных дарог

1755 — 1775 гг.

Першы цэнтральны орган, які займаўся кіраваннем камунікацыямі на тэрыторыі Расійскай імперыі і далучаных землях Беларусі пасля першага падзела РП.

Камісія аб дарогах

1786 — 1796 гг.

Кіраваў пераважна сухапутнымі шляхамі зносін у імперыі; сачыў за станам і арганізацыяй будаўнічых і рамонтных спраў.

Экспедыцыя па пабудове дарог у дзяржаве

1800 — 1809 гг.

Дадзеная экспедыцыя ажыццяўляла кіраўніцтва воднымі і сухапутнымі камунікацыямі. Тым не менш унутры выдзяляўся даволі аўтаномны дэпартамент водных камунікацый.

Упраўленне водных і сухапутных зносін

1809 — 1810 гг.

У гэты час шляхі зносін падзяляюцца на акругі (усяго было 10).

Галоўнае ўпраўленне шляхоў зносін

1810 — 1832 гг.

У гэты перыяд ідзе трансфармацыя і ўніфікацыя кіравання акругамі.

Галоўнае ўпраўленне шляхоў зносін і грамадскіх пабудоў

1832 — 1864 гг.

Ідзе трансфармацыя і ўніфікацыя кіравання акругамі. Спачатку памяншэнне колькасці за кошт павелічэння тэрыторыі, затым у 1843 г. - наадварот.

Галоўнае ўпраўленне шляхоў зносін

1864 — 1865 гг.

Адбываецца структурыраванне кіруючага апарата транспартных камунікацый.

Міністэрства шляхоў зносін

1865 — 1918 гг.

Міністэрства ахоплівае ўсе сферы кіравання шляхамі зносін ад рэканструкцыі і пабудовы да рэвізіі.

На чале акруг стаялі начальнікі, якія адказвалі за рамонт і будаўніцтва ўсіх існуючых водных і сухапутных камунікацый, арганізацыю бесперапыннага судаходства і дарожнага руху, а з 50-х гг. XIX ст. - таксама сачылі за станам чыгункі.

Сфарміраваная сістэма ўпраўлення камунікацыямі ў гэты перыяд стымулявала інтэнсіфікацыю дарожнага і воднага будаўніцтва. Аб гэтым сведчылі наступныя факты: на падставе губернскіх ведамасцей па Мінскай губерні за 8 лістапада 1820 г. было пабудавана і адрамантавана 784 вярсты дарог, у тым ліку плацін і грэбель — 30 вёрст, мастоў — 22 вярсты. Пры гэтым у справаздачах адзначалася колькасць вёрст недабудаваных паштовых дарог. Так, па стану на 1820 г. па Мінскай губерні было 458 вёрст недабудаваных паштовых трактаў [7; с. 30-75]. Гэта сведчыць аб буйных аб'ёмах дарожнага будаўніцтва на Беларусі. У 1811 г. ў Магілёўскай губерні было паштовых і шашэйных дарог меньш за 1000 вёрст, а ў 1848 г. іх ужо стала каля 2000 вёрст; а да пач. 50-х гг. XIX ст. на тэрыторыі Беларусі ўжо існавала больш за 10 паштовых трактаў і шашэйных дарог. Улады надавалі вялікае значэнне менавіта будаўніцтву паштовых трактаў, што тым самым стымулявала адкрыццё паштовых устаноў. У гэты перыяд выпрацоўваецца сістэма дзяржаўнага ўтрымання і аховы, прыёму і своечасовага размеркавання карэспандэнцый, былі складзены агульныя маршруты перамяшчэння пошты ў межах імперыі.

У гэтых умовах ствараўся даволі шматлікі гандлёвы флот, значная частка якога належала прыватным уласнікам. Так, паводле статыстычных звестак у 1827 г. у Мінскай губерні было пабудавана на ўласныя сродкі 15 судоў. «...У паветах — Мінскім 10 вітын, якія належалі купцам I і II гільдыі, у Рэчыцкім павеце – 3 байдаркі, якія належалі Беламорскай эканоміі графа Арлова і апошні Горвальскай эканоміі графа Патоцкага; у Бобруйскім – 1 байдарка, якая належала эканоміі Качайбалоцкай памешчыцы Бухарынай; у г. Дзісна – 1 барак, які належаў купцу III гільдыі Касцюковічу...» [8; с. 35].

Па тэрыторыі Беларусі праходзілі прыватнаўласныя чыгуначныя камунікацыі, якія дазвалялі паскорыць працэс развіцця адзінай транспартнай сеткі ў Расійскай імперыі. Так, можна адзначыць, што частка Рыжска-Арлоўскай чыгункі ад Дынабурга да Віцебска была пабудавана на сродкі лонданскіх банкіраў Фрулінга і Гсаена. [9]. Тым не менш, да пачатку XX ст. праз тэрыторыю Беларусі праходзіць даволі шмат чыгуначных ветак. Напрыклад, Лібава-Роменская (да 1876 г. Ландварава-Роменская), Маскоўска-Брэсцкая, Санкт-Пецярбургска-Варшаўская, Рыга-Дынабургская, Дынабургска-Віцебская, Брэсцка-Граеўская, Мітаўская, Больдэрааская, Мюльграбенская, Арлоўска-Віцебская, Жабінска-Пінская, Віцебска-Жлобінская, Маскоўска-Рыжская і інш. [10] Усе гэтыя буйныя чыгункі таксама мелі шмат дробных адгалінаванняў мясцовага прызначэння, што дало падставы для фарміравання чыгуначных вузлоў. Да такіх ў першую чаргу можна аднесці губернскія гарады Магілёў, Мінск, Вільня і інш., а таксама Жлобін, Гомель, Віцебск, Брэст, Пінск, Бабруйск і г.д.

Для таго каб забяспечыць своечасовае будаўніцтва і рамонт камунікацый, пастановай Дзяржаўнага Савета ад 28 верасня 1832 г. на тэрыторыі Беларусі былі створаны губернскія будаўнічыя камісіі, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам Галоўнага ўпраўлення шляхоў зносін і грамадскіх пабудоў. [11] Яны ажыццяўлялі кіраванне ўсімі казённымі і грамадскімі пабудовамі ў губернях, а таксама справамі архітэктурнай, будаўнічай і інжынернай часткі, кантралявалі стан пабудоў, выкананне іх рамонту і перабудовы, складанне праектаў, планаў і смет на новае будаўніцтва, рамонт і перапланаванне пабудоў. Камісіі таксама займаліся праверкамі фінансавых справаздач, станам і якасцю выкананых работ. Напрыклад, аб гэтым сведчыць справаздача Мінскай губернскай камісіі галоўнаму кіраўніку шляхоў зносін наконт існуючых нязручнасцяў і аб захадах па паляпшэнню судаходства на р. Бярэзіна. «Па вывучанаму працяжэнню дадзенай ракі на 452 вярсты и 400 сажняў налічваецца 88 пяшчаных меляў, якія ствараюць нязручнасць для судаходства. Каля г. Барысава трэба пабудаваць мост з двума пад'ёмамі. Для выпраўлення стану на р. Беразіне пры складванні праекта патрабуецца 22.850 руб. срэбрам.» [12] Гэтыя захады па стварэнню і рэфармаванню сістэмы дзяржаўнага кіравання камукацыямі дазволілі паскорыць працэс будаўніцтва і захадаў па фарміраванню адзінай транспартнай сеткі на тэрыторыі Расійскай імперыі.

Як вынік, можна адзначыць, што працэс станаўлення сістэмы дзяржаўнага кіравання транспартнымі камунікацыямі на тэрыторыі Беларусі быў даволі працяглы. Ён адзначаецца перыядычнымі змяненнямі структуры і арганізацыі кіравання. Але тым не менш дадзеныя захады дзяржавы дазволілі сфарміраваць трывалую сістэму кіравання транспартнымі камунікацыямі, паскорыць працэс фарміравання адзінай сеткі водных і сухапутных шляхоў зносін, аб чым сведчыць павелічэнне перамяшчэння тавараў і паслуг па тэрыторыі беларускіх губерняў і фарміраванне агульнарасійскага рынка.


Спіс крыніц і літаратуры

  1. I Полное собрание законов Российской империи. - т.14. - № 10377

  2. I ПСЗРИ. - т. 26. - № 19279, 19935, 19997

  3. I ПСЗРИ. - т. 30. - № 23745

  4. I ПСЗРИ. - т. 30. - № 23996. - 428, 484

  5. II ПСЗРИ. - т. 19. - Прибавление к т. 18. - № 16998 а. - 2

  6. Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі г. Мінск (НГАБ). - Фонд 3402. - Воп. 1. - Спр. 21. - с. 29

  7. Ведомости о числе отстроенных почтовых дорог, мостов, плотин и гребель по 1-ое января 1821 г. - НГАБ. - ф. 295. - Воп. 1. - Т. 1. - Спр. 150 - 176 с.

  8. О состоянии частного речного судостроения и судоходства в Минской губернии. - НГАБ. - Ф. 295. - Воп. 1. - Т. 1. - Спр. 238. - 35 с.

  9. II ПСЗРИ. - т. 38. - № 39393

  10. Обзор Могилевской губернии за 1905 г. - Могилев, 1906. - с.40

  11. II ПСЗРИ. - т. 7. - № 5624

  12. Дело о строительсте моста в гор. Борисове на р. Березине. - НГАБ. - Ф. 295. - Воп. 1. - Т.1. - Спр. 731. - 97 с.



: bitstream -> doc -> 2681
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка