Свята апошняга званка



Дата канвертавання22.07.2016
Памер14.28 Kb.
Свята апошняга званка
Як сёння помню: на мне спаднічка ў складачкі, белая блузка, белыя калготкі і на галаве велізарны, такі прыгожы белы бант. Адной рукой трымаю вялікі букет хрызантэм, другой я моцна-моцна сціскаю маміну руку… Я іду ў школу. У першы клас… Мяне чакае нешта новае, нязведанае. Я ўсё лета чакала гэтага дня. І вось ён настаў.
Усё было першым: першы вераснёўскі званок, усхваляваны настаўнік і першы ўрок, першая парта каля акна і першая адзнака ў дзённіку, першыя цяжкасці, нясмелыя адказы ля дошкі, першыя перажыванні перад першым экзаменам. Цяпер усё становіцца апошнім: апошняя фатаграфія ў школьным альбоме, апошні школьны вечар, апошняе сачыненне па літаратуры. А наперадзе – галоўнае сачыненне – жыццё, у якім нічога не перакрэсліць.
Апошні званок – традыцыйнае свята для школьнікаў, якое апавяшчае аб заканчэнні навучальнага года. Усе школьнікі з нецярпеннем чакаюць гэтага радаснага дня. Вучні загадзя рыхтуюцца: купляюць прыгожае адзенне, дзяўчынкі робяць прычоскі.
Гучаць апошнія сказаныя ў дарогу словы настаўнікаў і дырэктара. І вось доўгачаканы момант – звініць апошні званок. На плячах старшакласніка вучаніца першага класа, у руках якой звініць званок. Ён звініць і быццам прадказвае, колькі цікавага нас чакае летам. Выпускнікі танцуюць свой апошні школьны вальс і назаўсёды развітваюцца са школай.
Годы дзяцінства… Як мы вас прыспешвалі, як хацелі, каб вы былі карацейшыя, хацелі хутчэй пасталець і ўступіць у новае жыццё! І вось зараз мы стаім на парозе новага жыцця і не ведаем, што будзе далей, за дзвярыма школы. І так хочацца, каб час хоць на імгненне спыніў свой адлік, каб запомніць усё, што стала дарагім. Колькі пражылі мы тут:11 хвілін або 11 гадоў? Цяжка сказаць…Але гэтыя незваротныя “хвіліны” дзяцінства назаўжды застануцца ў сэрцы. Цяпер са слязьмі на вачах мы хочам сказаць вялікі дзякуй усім настаўнікам і бацькам, што гадавалі і песцілі нас.

Цяпер для нас адкрыліся дзверы ў новае дарослае жыццё.


У добры шлях! У добры час!

Карэспандэнт газеты “Школьны калейдаскоп” Хілевіч Рыта




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка