Сяргей тарасаў ЕЎфрасіння полацкая



Дата канвертавання17.06.2016
Памер25.18 Kb.
Сяргей ТАРАСАЎ
ЕЎФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ
Вуліцы старажытнага горада... Высланыя бярвеннем і плахамі, часам гнілыя і брудныя, нясуць яны нястрымны людскі паток да плошчы каля храма. Усіх склікае вечавы звон. Спяшаюцца кавалі, броннікі1, гарбары2. А ганчары ледзь не ўсёй слабадою ідуць, гатовыя стаць пад княжацкія харугвы3 і бараніць сваю зямлю ад чарговай варожай навалы. Князь Барыс на людскі натоўп пазірае, думу думае. Час у паход выступаць...

А па вузенькіх вулачках горада спяшаецца дзяўчынка гадоў дзесяці. Гэта Прадслава. Ідзе хутка і ўпэўнена — горад ёй добра знаёмы.

Прадслава паднялася на ўзвышша і апынулася каля Вышняга замка. Тут, як і каля княжацкіх палат, стаіць надзейная варта. У кальчугах, з даўжэзнымі коп'ямі, вартавыя толькі ўсміхнуліся ў густыя бароды і прапусцілі Прадславу — яе ўсе ведалі.

Праз хвіліну дзяўчынка была ўжо каля самага вялікага і прыгожага збудавання ў горадзе — Сафійскага сабора. Каля яго — дзе па хатах, дзе пад часовым навесам — лечаць параненых ваяроў. 3 раніцы да вечара дапамагае Прадслава сваёй цётцы Раманіі. Каму вады паднясе, каму слова ласкавае скажа...

Мінулі гады. Падрасла Прадслава, пасталела. Яе бацька Святаслаў, родны брат полацкага князя Барыса, надумаў аддаць дачку замуж. Але яна вырашыла інакш: сышла да цёткі ў манастыр, каб прысвяціць сваё жыццё бедным і гаротным людзям. Маладой манашцы надалі новае імя — Еўфрасіння.

Спачатку Еўфрасіння жыла ў Сафійскім саборы, чытала і перапісвала кніжкі, якія па яе просьбе прадавалі, а грошы раздавалі бедным. У тыя далёкія часы школ яшчэ не было, як не было і падручнікаў. Дзяцей вучылі або бацькі, або ў манастырах і цэрквах. I вось полацкі князь, баяры сабралі грошы, запрасілі лепшых муляраў4 і цесляў5, каб пабудаваць непадалёку ад горада новы манастыр. Назвалі яго Спаскі, а настаяцельніцай манастыра — ігуменняй — стала Еўфрасіння.

Завіравала будоўля пад Полацкам. Высякалі лес пад рыштаванні6 удучага храма, замешвалі гліну для пляскатай цэглы, якую называлі плінфаю, а мастакі-багамазы пісалі для храма абразы. Неўзабаве за манастырскай агароджаю ўзняўся цэлы гарадок з цэрквамі, хатамі, каплічкамі і студнямі. Пацягнуліся ў новы манастыр і людзі. Многія палачане імкнуліся аддаць сюды сваіх дачок, бо Еўфрасіння вучыла дзяўчынак не толькі чытаць і пісаць, але і выконваць розную хатнюю работу: шыць, гатаваць ежу, вышываць і нават спяваць. Манашкі самі пасвілі статак, даглядалі свойскіх жывёл, хадзілі ў лес па грыбы і ягады. Сваім набыткам яны дзяліліся з беднымі людзьмі, давалі прытулак падарожным.

Слава аб дабрадзейнасці Еўфрасінні разышлася далёка за межы Полацка. Ведалі яе ў Кіеве і ў Ноўгарадзе, ведалі яе нават у далёкай Візантыі на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Візантыйскія імператары пасылалі Еўфрасінні свае падарункі, а людзі дзякавалі за дабро, якое яна рабіла ім. Еўфрасіння вучыла людзей паважаць адзін аднаго, заклікала спыніць братазабойчыя войны і княжацкія сваркі, бо зброя, казала яна, прыносіць у хату замест хлеба горыч ды слёзы. Нават вялікія князі прыслухоўваліся да голасу Еўфрасінні.



Колькі пражыла Еўфрасіння, дакладна ніхто не ведае. Але добрая памяць аб ёй засталася на зямлі. У Полацку, непадалёку ад вірлівай Палаты, і дагэтуль стаіць прыгожая, нібыта лялечная, царква, збудаваная князёўнай-манашкай. Гэту царкву людзі завуць Спаса-Еўфрасіннеўскай.
1 Брoннік — майстар па вырабе рыцарскага касцюма (шлема, кальчугі, латаў і інш.).

2 Гарбар — майстар па вырабе шкур жывёл і звяроў.

3 Харугва — тут: баявы вайсковы сцяг.

4 Муляр — рабочы-будаўнік, які працуе з каменем або цэглай.

5 Цесля (цясляр) — рабочы, які займаецца грубай апра-цоўкай драўніны.

6 Рыштаванне — часовае збудаванне (часцей з дошак) для будаўнічых або рамонтных работ, якое ўстанаўліваецца ўздоўж сцен.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка