Сяргій Жадан/Сергій Жадан



Дата канвертавання06.07.2016
Памер29.3 Kb.




Сяргій Жадан/Сергій Жадан (нар. у 1974 г. ў г. Старабельск, Украіна) – паэт, эсэіст, перакладнік, арганізатар літаратурных фестываляў, тэатралізаваных перформансаў і акцыяў грамадзянскага непадпарадкавання. Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменнікаў.
Госпэлс і спірычуэлс

(Госпелс і спірічуелз)


Чым цікавіцца сучаснае мастацтва? У той дзірцы,

у якой яно апынулася, сучаснае мастацтва

цікавіцца выключна чорна-белымі здымкамі,

дзе сфатаграфаваныя нашы лёгкія – дзіравыя,

нібы ветразі кітайскіх

рыбалавецкіх

чаўноў.
Але ёсць цэлыя этнічныя і рэлігійныя групы,

што існуюць паралельна з афіцыйнай культурай

і не заганяюцца з нагоды смерці мастацтва.
Скажам, грэка-каталікі Галічыны,

якія кажуць: смерць – гэта будзільнік,

ты сам заводзіш яго на шостую раніцы, а калі ён

будзіць цябе сваім сатанінскім дзылінканнем,

ты пачынаеш ныць:

маўляў, яшчэ пяць хвілін,

усяго толькі пяць хвілін.
На Каляды мне давялося пераязджаць

польска-ўкраінскую мяжу,

і гэта быў поўны аўтобус грэка-каталікоў Галічыны,

жанчыны ў хустках, з тысячай

растаманскіх амулетаў і абярэгаў,

жанчыны, якія сплавілі ў Пшэмышлі

калядны спірт і на выручанае бабло

закупілі абразкі, свечкі ды пацяганыя мошчы святых

для сваіх цёплых грэка-каталіцкіх парафій.
Але дзве жанчыны – відаць, гэта былі жанчыны

без амулетаў і абярэгаў, – штосьці не скінулі,

не паспелі скінуць, не закупілі мошчаў

для сваёй парафіі і разумелі, што ім за гэта будзе,

як яны ўляцелі, не дзіўна, што паводзілі яны сябе

агрэсіўна, чапляліся да іншых жанчын,

да іхных абразкоў, і паступова ўсё гэта

ператваралася ў вялікія разборкі,


сукаблядзь – крычалі яны адна адной, нібы стары

вудысцкі праклён,

сукаблядзь – паўтаралі кіроўцы, трымаючы ў руках

срэбныя распяцці,

сукаблядзьсукаблядзь – шапталі ў сне дзеткі,

жуючы салодкую ганджу.


І ад гэтых словаў вогненая віхура

ўздымалася над снежнымі палямі,

так – менавіта вогненная віхура,

і пакуль гэта ўсё трывала,

снег згортваўся,

нібы кроў,

на халодных палях Галічыны.
Але як толькі гэтыя сукі

перасеклі дзяржаўную мяжу –

калі ласка,

цішыня запанавала ў аўтобусе,

нават дзеці перасталі жаваць ганджу,

такая запанавала цішыня.


І ў гэтай цішыні адна з жанчын – магчыма,

найбольш пабожная, магчыма, якраз

наадварот – тая, што не скінула спірт,

але адна з іх зацягнула калядку.


І неўзабаве ўжо ўсе жанчыны ў цёплых хустках,

і кіроўцы, якія ўжо даўно апухлі ад гэтых калядак,

і нават дзеці, якія таксама даўно ад усяго

гэтага апухлі, пачалі спяваць старыя калядкі,

і дзіўныя былі тыя калядкі, скажу я вам,

вельмі дзіўныя,

калі казаць сваімі словамі,

то дзесь такія:


Цяпло і любадаць сыходзяць на зямлю Галічыны,

на нашыя цёплыя парафіі, на нашыя цэрквы,

крытыя срэбрам і авіяцыйным дзюралюмініем.

Збаўца стаіць паміж нашых авечак,

у руках ягоных – каровін званочак,

і ён грае нам нашае грэка-каталіцкае ска.

Цар Саламон прыходзіць на Галічыну

з боку славацкіх гор,

і з сэрца ў яго расце прыкарпацкая ганджа,

з якой ён наробіць куцці для вясёлых

дзяцей з памежных раёнаў.

І старшыні калгасаў, выходзячы яму насустрач,

кажуць: радуйся, Саламоне, радуйся, Збаўца,

Сын божы нарадзіўся.
І снег падае на зямлю.

І зямля падае на снег.
Пераклад з украінскай – Андрэй Хадановіч

© Сергій Жадан, 2009

©Андрэй Хадановіч, пераклад, 2009


prajdzisvet.org







База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка