Т а ц ц я н а с т у д з е н к а б е л а р у с к І д з я р ж а ў н ы у н І в е р с І т э т



Дата канвертавання15.05.2016
Памер42.67 Kb.


Т а ц ц я н а С т у д з е н к а

Б е л а р у с к і д з я р ж а ў н ы у н і в е р с і т э т
НОВАЯ ЗЯМЛЯ” (1923) Я. КОЛАСА І “ПЛЁННАСЦЬ” (1899) Э. ЗАЛЯ: МІФАДЫЯЛЕКТЫКА ТВОРАЎ
Пытанне міфадыялектыкі, няспыннага разгортвання сэнсаў старажытнай міфатворчасці [2], заканамерна ўзнікае ў сувязі з Коласавай паэмай, якая адсылае да біблейнага міфа пра Запаветную Зямлю. Такая ж адсылка ўзнікае ў адносінах да твора Э. Заля “Плённасць” (Fécondité, 1899), дзе герой, набыўшы праз шмат перапетый надзел зямлі, паступова пераўтварае яго ў бязмежны ўрадлівы край з вельмі красамоўнай назвай Шантэбле (Chanteblé) – “песня нівы”, або “ніва, якая спявае”. Належыць яна адной сям’і, але шматдзетная сям’я паступова пачынае ўяўляць сабой цэлы народ, чый шматгранны стваральны вопыт паўстае як прыклад сусветнага значэння. Агульнасць двух твораў, а тым больш агульнасць “працягнутая”, дае падставы для параўнальнай актуалізацыі пераважна латэнтных каштоўнасных высноў Коласавай паэмы, тых, якія былі б на паверхні, калі б Міхалу насамрэч давялося гаспадарыць на ўласнай зямлі (або калі б перад намі быў вопыт сённяшняга селяніна, для якога мець зямлю – справа цалкам рэальная). Адзначым шэраг хадоў і прыёмаў, праз якія ў творы Э. Заля пададзена аксіялагічная сутнасць здзейсненага землеўладання.

Напачатку – гэта кантраст, паслядоўнае дэманстраванне, як побач з набыццём зямлі – падставай жыццятворчасці – імкнецца спраўдзіцца небыццё, эгаістычнае стаўленне да сусвету, адчужанае ад творчага патэнцыялу праз адмаўленне ад дзетараджэння і землекарыстання. Ад парыжан у эгаізме не адстаюць і некаторыя сяляне, упэўненыя, што “грошы растуць толькі на парыжскім бруку”, а зямля, якая калісьці карміла іх продкаў, цалкам і назаўсёды страціла ўрадлівыя якасці. Бясплоднае ў біялагічным сэнсе жыццё цывілізаваных французаў урэшце паўстае як марнатраўнае і ў сэнсе метафізічным: няма творчага праекту быцця, праз якое чалавек ёсць “вобраз і падабенства” Вышэйшага Творцы, – няма чалавека і ўрэшце няма нацыі. Вопыт Мацьё Фрамана, веліч яго пладаноснага поля і гонар шматлікай сям’і – здзейснены пратэст супраць усёй гэтай – свядомай ці несвядомай – прагі смерці.

Як не ўзгадаць, што землеўладанне і ў паэме Коласа супрацьпастаўлена найперш нават і не бядоце – нядолі – прымусу, сацыяльным атрыбутам беззямелля, хоць і яны адзначаны вельмі выразна, але найперш – марнатраўству быцця, творчай бясплоднасці. Нават роспач няпэўнасці часовага гаспадарання – не асноўнае ў трагедыі “няўласнай зямлі”: побач са сцісканнем годнасці, самае балючае – сцісканне патэнцыялу стварэння, перашкода жыццятворчасці на індывідуальным і, ўрэшце, нацыянальным узроўні.

Праз кантраст набыцця / небыцця ў рамане Э. Заля выяўлена таксама анталагічная сутнасць плённасці стварэння, якая абумоўлена ўзаемападпарадкаванай сувяззю высокай нараджальнасці і паспяховага землекарыстання. Мацьё вырашае набыць зямлю тады, калі нараджаецца чацвёртае дзіця і сям’я вымушана перабрацца з горада ў вёску. На фоне дэмаграфічнага крызісу “канца веку” досыць нечакана, што падставай да набыцця зямлі становіцца не толькі страх “бадзяцца батракамі”, але і жаданне забяспечыць будучых дзяцей (няцяжка здагадацца, што ўрэшце іх будзе дванаццаць). Менавіта ўпэўненасць, што дзеці – “плады кахання і веры ў жыццё” [3, 656], – падстава далейшай паэтызацыі землеўладання як жыццятворчасці ўжо ў прамым, літаральным сэнсе. З гэтага моманту і ўзнікаюць шматлікія вобразна-паэтычныя аналогіі, якія падкрэсліваюць адзінства пладавітасці – урадлівасці – плённасці: адзінства зачацця і сяўбы, кахання і стварэння, малака маці і “сокаў зямлі”.

Міфадыялектычны ракурс дазваляе пераглядзець адно з крытычных непаразуменняў, згодна з якім твор Э. Заля лічыцца недапрацаваным, нават непаўнавартасным, з-за вялікай колькасці ў ім “стамляючых паўтораў”: кожны новы поспех Фраманаў падштурхоўвае іх да ўспамінаў пра тое, што ў іх калісьці было (ці, хутчэй, чаго не было). Праз прызму міфадыялектыкі відавочна, што такія “паўторы” прызваныя падкрэсліць каштоўнасны сэнс Пачатку як плённага вытоку ўсякага пазітыўнага руху (так у Бібліі няспынна нагадваецца пра Святое Абяцанне, якому павінны імкнуцца адпавядаць нашчадкі Аўрама). З кожным новым поспехам пачатак намаганняў набывае дадатковыя адценні сэнсу і паступова пачынае ўспрымацца як паданне, легенда, міф, услед за чым набывае міфалагічны (г. зн. трывалы аксіялагічны) статус і вопыт сям’і цалкам. Дарэчы, у “Новай зямлі” перманентны рэфрэн пра ўласную зямлю таксама фіксуе пачатак – мару, дзе ўжо закладзены патэнцыял здзяйснення, які вымагае няспыннасці імкнення і дзеяння.

З тэмай Пачатку цесна стасуецца феномен Пустэчы (фр. landes, рус. пустошь). Селянін, бядняк увогуле, калі і набывае зямлю, атрымлівае, паводле рамана Э. Заля, “калючы хмызняк”, “балоты”, “кінутыя землі, дзе спрадвеку радзіўся толькі трыснёг”, – надзел, на якім, як кажуць суседзі, “не збярэш нічога, акрамя жаб і камянёў” [3, 137]. Як не ўзгадаць з “Новай зямлі”: “Зямля запушчана ў васпана; // Пакрыта скураю дзірвана... // Чартапалох буяе дзікі!...”; “Зрабі зямлю з такой аблогі!” [1, 232–233]. Але менавіта так спаўна выяўляецца творчы патэнцыял чалавека-працаўніка; творчы роздум інтэрпрэтуе Нішто Пустэчы як патэнцыяльнае Нешта. Падобна на тое, як Міхал бачыць у дзірванах “лавы” засеяных “уласнаю рукою” жытоў, прыкідвае “рахункі важнай справы” герой Э. Заля, мяркуючы, як ён прарэдзіць лес, адвядзе ваду з балот на камяністыя надзелы і ўрэшце зробіць кінутую зямлю прыдатнай для ўдзячнай працы. Сузіраючы Пустэчу, Мацьё ўсведамляе неабходнасць яе адраджэння як спраўджання быцця: прырода не церпіць пустаты, і “нішто так не сумна, як выгляд бясплоднай зямлі” [3, 293]. Хвіліна гэтага ўсведамлення – хвіліна, якая адкрывае “прасвет” з цемры быцця-існавання, – набывае надзвычай важны міфалагічны сэнс Пачатку быцця-тварэння. Памятаем, што і жыццёвы шлях Міхала з “Новай зямлі” – таксама перманентнае адраджэнне пустэчы: не праз “пярэбары”, дык праз пажар. Гэта бадай яшчэ больш сумна, чым відовішча пустэчы – адсутнасць сцвярджэння намаганняў, няспраўджанае Абяцанне, якое, аднак, не адмяняецца да канца твора, пакідаючы аснову для далейшай міфадыялектыкі, сучаснага разгортвання Коласавага “міфа”.

Кампаратыўны аналіз двух твораў на “зямельную тэму” дае магчымасць нагадаць, што “зямельнае пытанне”, Тerrоs (мы прапануем гэты тэрмін па аналогіі з Еros, дзе таксама сканцэнтраваны амбівалентны энэргійны пачатак), актуальнае не толькі на Беларусі, але ўсюды на Зямлі. Адсюль удзячнасць папулярызацыі айчыннай класікі не толькі ў бліжнім замежжы.

_______________________________




  1. Колас Я. Новая зямля // Поўны збор твораў: У 14 т. Т. 6. Мн., 1974.

  2. Лосев А. Ф. Диалектика мифа // Лосев А. Ф. Из ранних произведений. М.: Правда, 1990. С. 393–599.

  3. Zola E. Fécondité // Les Œuvres complètes : 50 t. Т. 27–28. Paris, 1931.



: bitstream -> 123456789 -> 17884
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка