Таццяна Дасаева Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт лiтаратура ў сiстэме падрыхтоукi журналiста-мiжнароднiка



Дата канвертавання14.07.2016
Памер77.99 Kb.


Таццяна Дасаева

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
ЛIТАРАТУРА Ў СIСТЭМЕ ПАДРЫХТОУКI
ЖУРНАЛIСТА-МIЖНАРОДНIКА

У журналісцкай адукацыі надзвычай важным з’яўляецца гумані­тарны складнік. Будучы журналіст павінен валодаць не толькі прафесій­нымі, але і фундаментальнымі грамадазнаўчымі і гуманітарнымі ведамі, неабходнымі для разумення тэндэнцый развіцця грамадства і вызначэння свайго месца ў ім. У фарміраванні сацыяльнай пазіцыі журналіста выключную ролю адыгрывае гуманістычная сістэма арыенціраў, выпрацоўка якіх патрабуе ад яго актыўнасці ў пазнавальнай сферы.

Асобнае месца адводзіцца вывучэнню літаратуры. У слоўным мастацтве ўвасоблена філасофія жыцця, вельмі неабходная журналісту з улікам універсальнасці прафесіі. Асаблівасцю якаснай журналістыкі, яе ключавым момантам з’яўляецца праца са словам, літаратурнае аздабленне аналітычнай думкі.

Слоўнае мастацтва абуджае творчую думку, жаданне далучыцца да крыніцы духоўнасці, моўнага багацця. Творы мастацкай літаратуры пабуджаюць да роздуму над грамадскімі, маральна-этычнымі праблемамі, выхоўваюць эстэтычны густ, раскрываюць духоўную прыгажосць чалавека, нараджаюць імкненне да ідэалу. Усё гэта ўзмацняе асобасную арыентацыю журналісцкага адукацыйна-выхаваўчага працэсу.

На факультэце журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ вывучаюць беларускую, рускую і замежную літаратуры. З улікам спецыфікі факультэта вялікая ўвага надаецца публіцыстычнай спадчыне пісьменнікаў. Дысцыпліны «Беларуская літаратура», «Руская літаратура», «Замежная літаратура» цесна звязаны з курсам «Гісторыя беларускай журналістыкі», «Гісторыя рускай журналістыкі», «Гісторыя замежнай журналістыкі», «Філасофія», «Асновы літаратурна-мастацкай творчасці», «Асновы творчай дзейнасці журналіста-міжнародніка», «Літаратурна-мастацкая практыка», «Гісторыя мастацтваў», «Культуралогія» і інш.

Гэта дапамагае выявіць творчыя здольнасці студэнтаў, выкарыстаць атрыманыя імі веды ў практычнай журналісцкай дзейнасці. Падчас заняткаў і самастойнай працы студэнтаў адбываецца духоўнатворчы і культуратворчы працэс удасканалення асобы, выхаванне маральнасці, патрыятызму, гуманізму, развіццё творчага мыслення студэнтаў, актывізацыі іх навукова-даследчых пошукаў.

Вывучэнне беларускай, рускай і замежнай літаратур ад старажытнасці да сучаснасці садзейнічае засваенню гуманістычнага і эстэтычнага зместу літаратурных твораў, а праз яго – агульначалавечых каштоўнасцей.

Мадэль журналісцкай адукацыі ў Беларусі ў многім набліжана да расійскай, якую называюць «літаратурацэнтрычнай», бо ў яе аснову пакладзена экстэнсіўнае вывучэнне літаратуры. Паводле меркавання М. Владзіміравай, журналістыка ў Расіі традыцыйна ўспрымаецца як прафесія па стварэнні тэкстаў. Акрамя рэпарцёрскай, аналітычнай традыцый, яна мае яшчэ і публіцыстычную, звязаную з пастаноўкай маральна-этычных пытанняў. Якраз гэта і вызначае цесную сувязь расійскай журналісцкай адукацыі з літаратурай, хоць у сучасным вучэбным працэсе на факультэце журналістыкі МДУ імя М.В. Ламаносава «ўвага да літаратуры дапаўняецца ўвагай да сацыяльна-палітычных дысцыплін, якія вытлумачваюць грамадства, свет у яго рэальнай, фактычнай складанасці. Што тычыцца рысаў новай мадэлі, то, ў першую чаргу, гэта большая ўвага да практычнага навучання, да мадэлявання практычнай дзейнасці ў межах самога факультэта. Менавіта гэтая прагматычна-прафесійная частка інтэгруецца з глабальнага вопыту» [1, с. 78].

Журналісцкая адукацыя ў Беларусі развівалася ў адным рэчышчы з расійскай. Этапы яе станаўлення і развіцця ў многім супадаюць, асабліва ў савецкі перыяд. Зараджэнне журналісцкай адукацыі ў Расіі адносіцца да пачатку ХХ стагоддзя. У Беларусі «першыя спробы спецыялізаванай журналісцкай падрыхтоўкі меліся на базе губернскіх партшкол у Віцебску ў 1918г. і ў Мінску ў 1920г. З 1932 па 1941г. журналісцкія кадры рыхтаваліся ў Мінскім Камуністычным інстытуце журналістыкі і з 1935г. у Магілёўскім газетным тэхнікуме [1, с. 5].

У савецкай краіне ў 1920–1930-я гг. падрыхтоўка журналістаў мела розныя формы: інстытуты, газетныя тэхнікумы, аддзяленні савецкіх партыйных школ, школы газетнага вучнёўства, секцыі газетнай справы, курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі і інш. Пасля Вялікай Айчыннай вайны пачала пераважаць універсітэцкая сістэма журналісцкай адукацыі. Гэта было абумоўлена многімі фактарамі. Як адзначае Л. Г. Свіціч, «ідэалагічная падрыхтоўка, якая практыкавалася ў 30-я гады, не садзейнічала прафесійнаму якаснаму росту работнікаў друку. Патрабавалася больш фундаментальная адукацыя. Глыбокую і шырокую гуманітарную падрыхтоўку давалі менавіта ўніверсітэты» [5, с. 121]. Невыпадкова, што аддзяленні журналістыкі, якія потым атрымалі самастойны статус, утварыліся на філалагічных факультэтах. Яны ўзніклі амаль адначасна: у Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце ў 1944г., у Ленінградскім дзяржаўным універсітэце ў 1946г., у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце ў 1947г. Традыцыі ўніверсітэцкай адукацыі ўплывалі на развіццё культурнага ўзроўню студэнтаў, давалі даследчыя навыкі, вучылі майстэрству працы з літаратурнымі крыніцамі, паляпшалі моўную падрыхтоўку студэнтаў.

Заняткі на факультэце журналістыкі БДУ пачаліся ў хуткім часе пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: 1 лістапада 1944г. «Стварэнне факультэта журналістыкі на ўніверсітэцкім асяродку знаменавала ўваходжанне журналісцкай адукацыі ў рэчышча сусветнай практыкі» [1, с. 5]. Праграмы, па якіх вучыліся журналісты, прадугледжвалі агульнаадукацыйную падрыхтоўку, развіццё студэнцкага інтэлектуальнага кругагляду, шырокай агульнай культуры, грунтоўныя веды ў галіне гісторыі, сацыялогіі, другіх гуманітарных навук. Адметнае месца займала вывучэнне мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Гэта асаблівасць падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў захавалася на факультэце журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ і на сучасным этапе.

Пра ролю літаратуры ў журналісцкай адукацыі і прафесійнай дзейнасці журналіста ёсць нямала выказванняў вядомых журналістаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, якія перадавалі і перадаюць свой вопыт студэнтам. Ясен Засурскі перакананы ў наступным: «У аснове журналісцкай адукацыі павінны быць ўсё-такі сусветная культура і літаратура. Без гэтага немагчыма. І яшчэ філасофія. Бо Талстой, Рабле, Шэкспір – гэта не пісьменнікі, якіх чытаюць перад сном. Калі чалавек прачытаў “Гамлета”, ён не проста з п’есай пазнаёміўся – ён сутыкнуўся з новай праблемай. А вазьміце таго ж Сервантэса. Журналіст павінен быць Дон Кіхотам і біцца аб сцяну і дабівацца, каб можна было сказаць тое, што сказаць цяжка. Інакш не выйдзе з чалавека добрага журналіста. І Чэхаў – гэта не проста літаратура, гэта філасофія жыцця. Журналістыка – гэта тое, што называецца зместам, тэкстам. Для таго, каб тэкст быў цывізаваным, журналіст павінен ведаць і Шэкспіра, і Чэхава. Тады ён не будзе паказваць мазгі на асфальце» [4, с. 13].

Рыгор Салганік лічыць, што літаратура развівае здольнасці будучага журналіста, у прыватнасці, адчуванне мовы, валоданне словам: «Многае дае начытанасць, але не павярхоўнае, а сур’ёзнае пагружэнне ў тэкст» [6, с. 63].

Барыс Стральцоў лічыў, што будучы журналіст павінен быць эрудытам. На пытанне, якія кнігі трэба прачытаць, ён адказаў: «Біблію. І, вядома ж, класіку – рускую, беларускую, замежную. Я не ўяўляю жыццё без кнігі» [8, с. 153].

Аляксандр Паліткоўскі адзначае, што, працуючы са студэнтамі журфака МДУ, ён рэкамендуе ім спецыялізаваную літаратуру, дае розныя творчыя заданні: «Ёсць у мяне адно, якое я рэгулярна прапаную. Яно, на першы погляд, не мае ніякага дачынення да журналістыкі. Я раю слухачам прачытаць аповесць В. Быкава “Сотнікаў”, пасля чаго студэнты павінны растлумачыць, як усё-такі дадзены твор звязаны з гэтай прафесіяй. Чаму рэкамендую менавіта “Сотнікава”? Таму што гэта аповесць – знакавы ва ўсіх сэнсах аповед пра выбар, які робіць чалавек у сваім жыцці. І ў сувязі з гэтым мы пачынаем размову аб этычных нормах у журналістыцы» [4, с. 71].

А як мяркуюць самі студэнты? У Інстытуце журналістыкі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта ў 2005–2006, 2006–2007 н. г. са студэнтамі 3 курса быў праведзены маніторынг на прадмет выяўлення таго, што дае вывучэнне літаратуры будучаму журналісту. Студэнты адзначылі, што літаратура далучае да надзвычай разнастайнага па аб’ёме і глыбіні вопыту чалавечага жыцця, стымулюе інтэлектуальную, аналітычную дзейнасць, без якіх нельга ўявіць журналісцкую творчасць; дапамагае вылучыць з масы фактаў самыя значныя, самыя паказальныя, за канкрэтным фактам разгледзець істотную праблему, убачыць заканамернасць; актыўна стымулюе псіхалагічную культуру журналіста: садзейнічае папаўненню ведаў пра ўнутраны свет чалавека, яго паводзіны, дапамагае спазнаць працэсы міжасобасных зносін, зразумець псіхалагічныя метады ўздзеяння тэксту на масавую свядомасць і паводзіны аўдыторыі. Т. В. Старчанка, якая апублікавала вынікі маніторынгу, прыходзіць да высновы: «Не абсалютызуючы ўплыў літаратуры на жыццё, студэнты-журналісты тым не менш яскрава ўсведамляюць: літаратура – не проста шараговы прадмет, а адзін з асноватворных» [7, с. 312].

На факультэце журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ беларускую, рускую і замежную літаратуры вывучаюць студэнты ўсіх спецыяльнасцей. Атрыманыя веды дапамагаюць ім у практычнай дзейнасці, асабліва тым, хто звязаны са спецыялізаванымі СМІ, дзе асвятляюцца пытанні культуры.

Што тычыцца падрыхтоўкі журналістаў-міжнароднікаў, то веданне літаратур для іх набывае асаблівае значэнне, паколькі многім з іх давядзецца працаваць на замежную аўдыторыю. Прывядзем прыклад. Галоўную дырэкцыю замежнага вяшчання, якое ажыццяўляе радыё «Беларусь», узначальвае выдатны знаўца гісторыі і культуры Беларусі, журналіст, паэт, празаік, нарысіст Н. Я. Гальпяровіч, які шмат гадоў чытае для студэнтаў спецыяльнасці «Журналістыка міжнародная» спецкурс «Методыка радыё- і тэлежурналістыкі». Пад яго кіраўніцтвам працуюць і выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ, якія атрымалі кваліфікацыю «журналіст-міжнароднік».

У творчай працы радыёжурналістаў замежнага вяшчання вельмі дапамагае веданне літаратуры, гісторыі, замежных моў. Эфірная палітыка радыё «Беларусь» сканцэнтравана на асвятленні значных падзей грамадска-палітычнага і сацыяльнага жыцця Рэспублікі Беларусь, на растлумачэнні замежнай аўдыторыі напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры. Згодна з канцэпцыяй развіцця замежнага вяшчання, яе найважнейшай задачай з’яўляецца фарміраванне пазітыўнага вобразу нашай краіны. Адна з праграм радыё «Беларусь» называецца «У свеце беларускай культуры». Напаўняць гэтую праграму новымі матэрыяламі, якія б маглі зацікавіць замежнага слухача, журналістам дапамагае веданне беларускай літаратуры, фальклору, мовы, краязнаўства, гісторыі.



Такім чынам, станаўленне прафесійнай культуры журналіста звязана не толькі з засваеннем ім сучасных тэхналогій, але і з набыццём базавых ведаў па гісторыі айчыннай і замежнай літаратур.
Літаратура

  1. Вараб’ёў, В. П. Творчы патэнцыял беларускай журналістыкі // Журфак / Аўт. склад. В. П. Вараб’ёў, А. К. Свораб і інш. Рэдкал.: В. П. Вараб’ёў (адк. рэд.) і інш. – Мн. : БДУ, 2004. – 306 с.

  2. Владимирова, М. Мы все – родом с журфака. К 60-летию факультера журналистики МГУ и 65-летию журналисткого образования в МГУ // Журналист, 2012, № 6, С. 78.

  3. Засурский, Я. Свобода есть – ума не надо // «СБ. Беларусь сегодня», 2004, 31.11.

  4. Политковский, А. Главное – помочь молодым включить мозги // Журналист, 2012, № 12.

  5. Свитич, Л. Г. Профессия: журналист. Учебное пособие / Л. Г. Свитич. – М. : Аспект Пресс, 2003. – 255 с.

  6. Солганик, Г. Современные студенты – творцы языка // «Журналист», 2012, № 1.

  7. Старченко, Т. В. Литература в системе подготовки журналистов в Киевском университете // Профессия – журналист: вызовы ХХІ века. Сборник материалов Международной научной конференции «Журналистика 2006». – М. : Факультет журналистики МГУ имени М. В. Ломоносова, 2007. – 342 с.

  8. Стральцоў, Б. В. Капуснік, або Лад жыцця / Б. В. Стральцоў. – Мінск : ВЭВЭР, 2007. – 170 с.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка