Таццяна Мойса (Мінск) Паэтычная вобразнасць Казіміра Камейшы ў кантэксце мастацкай традыцыі Якуба Коласа



Дата канвертавання15.05.2016
Памер69.51 Kb.




Таццяна Мойса (Мінск)

Паэтычная вобразнасць Казіміра Камейшы

ў кантэксце мастацкай традыцыі Якуба Коласа
Мастацкі твор — з’ява не столькі свядомая, колькі, на думку К. Юнга, падсвядомая: “Творчы працэс складаецца з бессвядомага адухаўлення архетыпу”[12, с. 28]. Вытокі архетыпу заўважаны К. Юнгам яшчэ у платонаўскіх эйдасах, і Юнг разглядае архетыпы як апісанне эйдасаў. Архетыпы выступаюць “першапачатковымі тыпамі, г. зн. спакон веку наяўнымі ўсеагульнымі вобразамі” [12, с. 98], што маюць інстынктыўную скіраванасць. Вучоны вылучае ідэнтычнае архетыпу паняцце — правобраз. Архетып з падсвядомага робіцца ўсвядомленым, праламляючыся праз сферу ўспрымання канкрэтным чалавекам. Сёння ў літаратуразнаўстве архетып трактуецца як “універсальны сімвалічны матыў, які існуе ў чалавечай падсвядомасці і выяўляецца адначасова ў культуры многіх народаў” [11, с. 41]. З архетыпаў вынікаюць і самі вобразы, і сімвалы: апошнія валодаюць “спецыфічным дадатковым значэннем да свайго звычайнага сэнсу” [11, с. 25]. Адсюль і неадназначнае тлумачэнне сімвала. Больш таго, сімвал, падобна архетыпу, існуе незалежна ад нашай свядомасці. Калі архетып — з’ява універсальная, характэрная для шматлікіх народаў, то ў сімвале якраз і праяўляецца спецыфічнае для пэўнай этнасферы, у чым можна пераканацца на прыкладзе творчасці Казіміра Камейшы, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1989).

Архетыповым вобразам у паэзіі К. Камейшы выступае Налібоцкая пушча. Гэты вобраз з’яўляецца сэнсаўтваральным, фундаментальнай мастацкай катэгорыяй. Невыпадкова паэт даў назву кнізе выбраных твораў “Я з пушчы…” (1995). Трэба адзначыць, што архетыповы вобраз указвае на прадаўжэнне пэўнай літаратурна-эстэтычнай традыцыі, ён дазваляе як мага глыбей раскрыць сутнасць агульначалавечага праз нацыянальнае і рэгіянальнае (мясцовае), а таксама меркаваць пра мастацкую адметнасць вобразнасці, непаўторнасць аўтарскага самавыяўлення. Пушчанскі свет адкрыў яшчэ М. Гусоўскі, які пісаў: “Нашы лясы — гэта нашых даброт і багацця // Невычарпальны калодзеж” [1, с. 352]. Значна пазней М. Багдановіч выказаў думку, што беларусам неабходна стварыць “паэзію лесу, паэзію дрыгвы” [10, с. 123]. Топасы пушчы, лесу — ключавыя ў творчасці знакамітага папярэдніка і земляка К. Камейшы Якуба Коласа. Колас гаворыць: “Край наш бедны, край наш родны! // Лес, балоты ды пясок” [7, с. 5]. Лес характарызуецца эпітэтамі “зялёны”, “векавы”, ён “шуміць”, “гудзе-грукоча” [7, с. 8]. Апрача таго, лес надзелены магічнай функцыяй, загадкавасцю і непаўторнасцю: “…Толькі ж лес сказаць не хоча // То, што знае ён адзін” [7, с. 18]. Вобраз лесу ўзбагачае эстэтыку паэтычнага ўспрымання свету, ён персаніфікуецца, выступае, напрыклад, у якасці выразніка элегічнага настрою (верш “На ростанках”). У дадатак да фонавай функцыі пейзажны вобраз набывае псіхалагізаванае выяўленне. Роздум лірычнай гераіні ў вершы “Маці” суаднесены са станам прыроды: “І пад гэты шум трывожны // Думае старая…” [7, с. 285]. Замілаванне у “Родных вобразах” змяняецца практычнымі адносінамі да лесу і прыроды з боку герояў “Новай зямлі” (раздзел “Агляд зямлі”), рэфлексійнасцю ў “Дрыгве”: “Такое ж дапытлівае недаўменне выяўляў усім сваім выглядам і сам стары бор…” [8, с. 157]. Такім чынам, вобраз лесу ў творчасці Якуба Коласа з’яўляецца адной з мадэлей беларускага светаўладкавання, адметнай, але разам з тым і сутнасна важнай, што дае мажлівасць ідэнтыфікаваць яго як з’яву архетыповую.

У паэзіі К. Камейшы ўвасабленне лясной прасторы — Налібоцкай пушчы — набывае архетыповыя рысы (заўважым: родная вёска паэта — Малыя Навікі — знаходзяцца побач з Налібоцкай пушчай). Можна зразумець, чаму К. Камейша, які і Якуб Колас, які гадаваўся пасярод ляснога ўлоння, стаў песняром пушчанскага краю.

Пушча ў паэзіі К. Камейшы — галоўны вобраз паэтычнага мыслення, крыніца пастаянных уражанняў і эмоцый. Яна характарызуецца змястоўным сталым эпітэтам “сівая”, што ўказвае на спрадвечнасць, старажытнасць гэтага вобраза. Паэту ўяўляецца сутнаснай якасць характару пушчы — “дабрата твая” [6, с. 12]. Выключная роля пушчы ў фарміраванні духоўнага свету героя ў рэчышчы спрадвечных народных традыцый, таму ў метафарычным сэнсе пушча — гэта “залатая спадчына”. Дыялектычна і трывала знітавана душа чалавека як з пушчай, так і з прыродай увогуле:

Нас не раз’яднаюць нічым з прыродай,

Са святлом,

з Радзімаю,

сялом [6, с. 12].

Нездарма пушча разглядаецца як узвышаны, рамантызаваны пачатак. Выяўляецца сакральнае яе ўспрыманне (“маўклівая святліца”). Пушчанскі свет бачыцца паэту гарманічным, суладным:

Воч не запарушыць тут ігліца

Чалавеку з роднага сяла [6, с. 12].

Па-імпрэсіяністычнаму тонка паэт адчувае кожны стан пушчы, непаўторнасць імгнення ў навакольным свеце: “Хоць ціша тут, як музыка гучыць” [6, с. 14]. Прыгадаем радкі Якуба Коласа: “І ў іх ціхусенічкім шуме” [7, с. 4]. У К. Камейшы няма антытэзы “ціша — музыка”. Адценні мелодый надзвычай складаныя, трыяда дзеясловаў “спявае”, “шапаціць”, “цвырчыць” — гэта музыка пушчы.

Цішыня, лагоднасць свету, здаецца, перадае саму атмасферу ўзаемаадносін паміж вяскоўцамі — землякамі паэта (верш “— Чаму гэтак ціха ў тваіх Навіках?..”). Паводзіны людзей, як лічаць вучоныя, у многім залежаць ад прыродных умоў. Нездарма Г. Гачаў увёў паняцце нацыянальнага вобразу свету, альбо нацыянальнага космасу: “Кожны нацыянальны свет я разумею як Косма-Псіха-Логас, гэта значыць адзінства мясцовай прыроды, характару чалавека: складу мыслення” [4, с. 12]. Вяскоўцы з Навікоў умеюць бачыць прыгожае, захапляцца роднымі вобразамі, знаходзяць словы, каб выказаць сваё стаўленне да прыроды. Так, каліна для іх — “пушчанка”. “Пушчанец” — лірычны герой К. Камейшы, які прыйшоў “ад сосен сваіх, ад бяроз”. Тое, чым з’яўляецца для чалавека “планета зялёнага лесу”, паэт цудоўна раскрыў у “Пушчанскай баладзе” [6, с. 114—115]. Гэткая ж глыбокая духоўная сувязь з лесам, дрэвамі роднай зямлі і ў іншых беларускіх паэтаў, напрыклад, у творчасці Н. Гілевіча: згадаем хаця б яго вершы “Сіняя пушча”, “Мой сіні бор, мой родны бор зялёны!..” ці песенныя радкі: “Вы шуміце, шуміце // Нада мною, бярозы, // Калыхайце, люляйце // Свой напеў векавы” [5, с. 45]. Беларуская паэзія, пачынаючы ад Янкі Купалы і Якуба Коласа, увасабляла краявіды як штосьці вельмі блізкае, дарагое чалавеку. “Без пейзажу цяжка ўявіць менталітэт і характар народа, яго паэтычную свядомасць” [3, с. 128], — адзначае А. Бельскі. Землякі-навікоўцы, як і сам К. Камейша, арганічна і глыбока прылучаны да роднай прыроды, свайго пушчанскага краю. Пушча разам з роднай вёскай паэта ўтвараюць адзінае і непадзельнае цэлае.

Паэтычная сімволіка ў паэзіі К. Камейшы таксама спалучана з вяскова-прыроднай стыхіяй. Прычым асацыяцыі паэта часта звязаны з традыцыйнымі вобразамі. Цікавай у гэтым плане ўяўляецца трактоўка вобраза чатырох дарог:

Чатыры дарогі з пушчанскіх бароў

Выбеглі,


Вось і збягаюцца.

……………………….

…Дарог чатырох

Несуцішны вятрок

Раскручваецца за спіною [6, с. 58].

Чатыры дарогі — “чатыры крылы”, сімвал натхнення, своеасаблівы арыенцір у вырашэнні складаных жыццёвых спраў. Дарога — дамінантны матыў у творчасці Якуба Коласа, які, апрача іншага, увасабляе рух у жыццёвай прасторы. К. Камейшу найперш вабіць, кліча тая дарога, якая прыводзіць да “роднага парога”.

У Налібоцкую пушчу (а гэта і вобраз-сімвал Беларусі), з якой звязана ўяўленне пра дом, вядзе “галоўная вярста” (назва аднайменнай паэмы). Натуральна, дом (пушча) супрацьстаяць іншаму вобразу — дарогі, якая ўспрымаецца як невядомасць, ростань:

Ад дарог заракала

Пушча-маці мяне… [6, с. 169].

Нездарма пушча паўстае з твораў К. Камейшы як пачатак пачаткаў, як цэнтр светабудовы, характарызуецца эпітэтам “маці”. Сэнсавая трыяда пушча — маці — родны дом уяўляе сабой трывалае адзінства, духоўнае апірышча паэта.

Нацыянальнае ў паэзіі К. Камейшы выступае як агульначалавечае, універсальнае. Прыклад гэтаму — паэма “Дом”. Мікрасвет сямейнага жыцця рэпрэзентуюць вобразы і дэталі вясковай хаты — клямка, вокны, печ, покуць. Клямка ў кантэксце твора сімвалізуе сувязь паміж пакаленнямі; колькасць вокнаў — чатыры — сакральная; печ сімвалізуе цяжкую працу вясковай жанчыны; комін — знак прасторы, які спалучае хату з наваколлем (згадваецца тут і прыхатняя белая птушка — бусел, якая з’яўляецца агульнапрызнаным сімвалам Беларусі); покуць жа ўспрымаецца як усхваленне галоўнай асновы жыцця — жыта: “І вышэй усіх свят // Жытні сноп ты трымаеш ” [6, с. 244]. Маладосць жыхароў дома сімвалізуе вясна, невыпадкова яны “з вясною ў вачах” [, с. 244]. Прыгадаем Якуба Коласа: “К вясне б маёй хацеў вярнуцца [9, с. 7].

Надзвычай важны топас у паэзіі К. Камейшы — рака Нёман. Гэты вобраз у свядомасці лірычнага героя суадносіцца з домам, радзімай: “Дзе чалавек, гавораць, там і дом” [6, с. 9]. На беразе Нёмана ўзвышаецца дуб, які ў міфалагічным плане — рэпрэзентант Сусветнага Дрэва. Вобраз ракі сімвалізуе рух вечнага часу.

Вобразы-сімвалы ў творах К. Камейшы расшыфраваць складана, бо “інтэрпрэтацыя сімвала сама застаецца сімвалам” [2, с. 361]. Часам аўтар уводзіць у тэкст маркёр “сімвал”, як, напрыклад, у вершах са зборніка “Тут мае вёсны прычалены”, дзе ластаўка — сімвал будучыні, а сімвал пазнання — калодзеж (“Адгрукацеў цяжкі цягнік гадоў…” і інш.).

Такім чынам, шматлікія вобразы ў іх анталагічнай сукупнасці ўтвараюць мадэль паэтычнай карціны свету. К. Камейша гэтак, як і Якуб Колас, увасобіў у сваёй творчасці багацце нацыянальнай канкрэтыкі, звязанай найперш з панямонскім краем. Паэт раскрыў адзінства свету прыроды і чалавека, іх гарманічныя стасункі з арыентацыяй на класічную натурфіласофію Якуба Коласа і на аснове індывідуальна-непаўторнай паэтычнай вобразнасці.



Літаратура

  1. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI — першая палова XVIII стагоддзя / НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы; падрыхт. А. І. Богдан [і інш.]; навук. рэд. В. А. Чамярыцкі. — Мінск : Беларус. навука, 2003. — 1015 с.

  2. Бахтин, М. М. Эстетика словесного творчества / М. М. Бахтин. — М. : Искусство, 1979. — 424 с.

  3. Бельскі, А. І. Жывая мова краявідаў: пейзаж у беларускай паэзіі / А. І. Бельскі. — Мінск : БГАКЦ, 1997. — 136 с.

  4. Гачев, Г. Национальные образы мира. Кавказ. Интеллектуальные путешествия из России в Грузию, Азербайджан и Армению / Г. Гачев. — М. : Издательский сервис, 2002. — 411 с.

  5. Гілевіч, Н. Выбраныя творы : у 2 т. / Н. Гілевіч. — Мінск : Маст. літ., 1991. — Т. 1 : Вершы, паэмы, п’есы. — 478 с.

  6. Камейша, К. Я з пушчы… : кн. лірыкі / К. Камейша. — Мінск : Маст. літ., 1995. — 254 с.

  7. Колас, Я. Выбраныя творы : у 2 т. / Я. Колас. — Мінск : Дзяржвыд. БССР, 1936. — Т. 1 : Вершы і паэмы. — 438 с.

  8. Колас, Я. Дрыгва: аповесць, паэма, апавяданні / Я. Колас. — Мінск : Юнацтва, 1990. — 299 с.

  9. Колас, Я. Новая зямля. Казкі жыцця : паэма, апавяданні / Я. Колас; прадм. У. Казберука. — Мінск : Маст. літ., 2001. — 374 с.

  10. Ластоўскі, В. Мае ўспаміны аб М. Багдановічу / В. Ластоўскі // Беларус. мова і літ. у шк. — 1991. — № 7–8. — С. 121— 125.

  11. Рагойша, В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах : дапам. / В. П. Рагойша. — Мінск : БелЭн, 2001. — 384 с.

  12. Юнг, К. Г. Архетип и символ / К. Г. Юнг. — М. : Ренессанс, 1991. — 304 с.

: bitstream -> 123456789 -> 26675
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка