Таццяна Падаляк Беларускi дзяржауны унiверсiтэт феномен папарацы ў журналiстыцы I этычныя пастулаты прафесii



Дата канвертавання15.05.2016
Памер168.63 Kb.
Таццяна Падаляк

Беларускi дзяржауны унiверсiтэт
ФЕНОМЕН ПАПАРАЦЫ Ў ЖУРНАЛIСТЫЦЫ

I ЭТЫЧНЫЯ ПАСТУЛАТЫ ПРАФЕСII
Папарацы (іт. paparazzi) – так звычайна называюць фотарэпарцёраў, якія здымаюць вядомых асоб у самыя нечаканыя моманты, дзеля кампраметуючага здымка. Гэты тэрмін з’явіўся ў пачатку 1960-х гадоў у сувязі з выхадам фільма Федэрыка Феліні “Салодкае жыццё”, адным з герояў якога стаў надакучлівы фатограф Папараца. Прататыпам гэтага персанажа быў рэальны чалавек, вядомы італьянскі фатограф Тацыа Секіяролі (Tazio Secchiaroli), які на працягу дваццаці гадоў з’яўляўся персанальным фатографам Сафі Ларэн: ён першым звярнуў увагу, што за нечаканыя здымкі славутасцей рэдактары плацяць больш.

І ўсё ж асобныя прыклады гэтай з’явы – пошук нечаканага, пікантнага кадра – вядомыя яшчэ з часоў станаўлення фатаграфіі і паступова ўсё больш распаўсюджваліся. Дзядулем расійскіх папарацы называюць Аляксандра Дранкова., паведаміла газета “Советская Белоруссия” ў артыкуле “ПАПА папарацци: “король сенсации” Александр Дранков застал врасплох и императора Николая, и Льва Толстого”. У публікацыі адзначаецца: “Предтеча современных папарацци, Дранков в определенном смысле и поныне непревзойден. В 1908 году методом «скрытой камеры” (по-видимому, впервые в истории экранной хроники) он начал кинолетопись Л.Н. Толстого… Дранков, специализирующийся на царских особах и выдающихся деятелях русского искусства, решил явить миру 80-летнего писателя. Но граф был непреклонен – в сомнительных предприятиях он не участвовал. Тогда выставленный за дверь Дранков спрятался со своей камерой в дощатом сортире яснополянской усадьбы…” [1].

Адна з самых гучных і, можна сказаць, хрэстаматыйных гісторый узаемаадносінаў публічных людзей з фатографамі адбылася ў ЗША ў 1960-я гады і звязана з “каралём папарацы”, скандальна вядомым фатографам Ронам Галелам (Ron Gallela), здымкі якога друкаваліся ў “Time”, “Vogue”, “Life”, “Rolling Stone”, “People” і іншых часопісах. Ён падлоўліваў зорак кіно, музыкі і тэлебачання ўсімі магчымымі спосабамі, не лічыўся ні з чым, каб здабыць арыгінальны, нечаканы кадр. А скандальна вядомы здымак Жаклін Кенэдзі-Анасіс топлес кемлівы папарацы атрымаў, пераапрануўшыся садоўнікам-мексіканцам: надзеў самбрэра, прычапіў фальшывыя вусы, а фотаапарат схаваў у тачку з дзёрнам. У такім выглядзе ён прабраўся на добра ахоўваемы прыватны востраў Анасіса. Гэты адзін з самых пікантных здымкаў Рона Галелы быў апублікаваны ў папулярным эратычным часопісе для мужчын Лары Флінта “Хастлер” (Hustler). Лічба ганарару таксама стала хрэстаматыйнай: за фота аголенай Жаклін Кенэдзі-Анасіс папарацы атрымаў 1,2 мільёны долараў і стаў знакамітым. Прынамсі, гэта не перашкодзіла выдатнаму акцёру Марлону Брандо зламаць фатографу сківіцу і выбіць некалькі зубоў… Дарэчы, Рон Галела некалькі гадоў запар праследаваў Жаклін Кенэдзі-Анасіс, яна двойчы падавала на яго ў суд. Рэпарцёру, згодна з судовым рашэннем, было забаронена набліжацца да жанчыны бліжэй чым на 20 метраў.

Паступова колькасць ахвотных падглядваць за вядомымі людзьмі расла. І стаўленне да іх склалася рознае: ад грэблівасці (невыпадкова звычайныя прафесійныя фотарэпарцёры пагардліва называюць паляўнічых-папарацы “штатывамі”) да захопленасці і ўсялякага спрыяння іх дзейнасці – некаторыя выдаўцы з задавальненнем за вялікія грошы набываюць скандальныя фотаздымкі, бо яны спрыяюць імкліваму росту тыражоў і рэйтынгаў.

І ўсё ж нельга сказаць, што бесцырымоннае ўмяшанне ў чужое жыццё вызначаецца выключна грашыма. Гэтаму садзейнічаюць і шэраг іншых абставінаў, у тым ліку асабістая цікаўнасць да падрабязнасцяў прыватнага жыцця вядомых людзей, своеасаблівы паляўнічы азарт, нават пэўны прэстыж рэпутацыі фотаскандаліста. Паспяховыя папарацы валодаюць выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, маюць добра адладжаную агентурную сетку з людзей, якія могуць даць карысную інфармацыю, – усё гэта надае дадатковы рамантычны арэол прафесіі. Хоць, адзначым, апошнім часам пікантныя кадры нярэдка становяцца вынікам змовы прэс-сакратара зоркі і фатографа, і прад’яўленне іскаў бульварным выданням – часта таксама прадугледжаны “сцэнарыем” ход.

Недатыкальнасць прыватнага жыцця, адна з найважнейшых каштоўнасцей грамадства, замацавана ў шэрагу міжнародных дакументах, у тым ліку ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. “Кожны чалавек мае права на жыццё, на свабоду i на асабiстую недатыкальнасць”, – абвяшчае артыкул 3 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека [2, с. 256]. Згодна з артыкулам 12 гэтага дакумента, нi над кiм “не можа ўчыняцца самавольнае ўмяшанне ў асабiстае i сямейнае жыццё, самавольны замах на недатыкальнасць яго жылля, тайну яго карэспандэнцыi або на яго гонар i рэпутацыю. Кожны чалавек мае права на абарону закона ад такога ўмяшання або такiх замахаў” [2, с. 257–258].

У Канстытуцыях большасці краін свету гарантуецца права на прыватнае жыццё. Тым не менш мяжа, што падзяляе права людзей на атрыманне інфармацыі і права асобы на прыватнасць, вызначаецца не толькі прававымі нормамі, але і маральнымі канонамі. Прычым жорсткія этычныя табу выстаўляюцца нярэдка самімі журналістамі і рэдакцыямі сродкаў масавай інфармацыі. Напрыклад, газета “Советская Белоруссия” нагадала гісторыю з прынцэсай Манака Стэфані. Калі чарговы папарацы зняў праз акно, як прынцэса займалася каханнем з прадзюсарам свайго першага альбома песень, пакупнікоў на манаршыя “клубніцы” яму знайсці так і не ўдалося. Мабыць, у выдаўцоў прачнулася спачуванне да Стэфані: з першым мужам-целаахоўнікам яна развялася менавіта з-за папарацы, калі “жоўтую” прэсу абышлі скандальныя здымкі, на якіх муж прынцэсы быў побач з папулярнай порназоркай, прычым здымак быў досыць красамоўным [3].

Стаўленне сусветнай грамадскасці да кампраметуючых здымкаў радыкальна змянілася пасля гібелі англійскай прынцэсы Дзіяны і яе сябра, егіпецкага мiльянера Додзi аль-Фаеда ў аўтакатастрофе ў Парыжы ў ноч з 30 на 31 жнiўня 1997 года. У гэтай трагедыі адразу былі абвінавачаны папарацы.

Увесь свет пільна сачыў, як разгортваліся падзеі. Беларускія СМІ таксама ўдзялялі гэтай тэме асаблівую ўвагу. Ужо 2 верасня 1997г. “Звязда” ў артыкуле “Колькі каштуе смерць Дзіяны”, са спасылкай на інфармагенцтвы, падкрэсліла: “Адной з прычын аварыі называецца тое, што аўтамабіль, у якім ехала Дзіяна і яе блізкі сябар, праследавалі назойлівыя рэпарцёры… Адна амерыканская пара турыстаў, якая літаральна праз хвіліну пасля аварыі праязджала міма, сцвярджае, што бачыла, як 5—6 чалавек з фотаапаратамі, абступіўшы пакарабачаны аўтамабіль, фатаграфавалі яго. Такім чынам, паліцыя мае ўсе падставы прад’явіць затрыманым фотарэпарцёрам абвінавачанне ў ненаўмысным забойстве… Супраць іх можа быць вылучана, прынамсі, яшчэ адно: неаказанне дапамогі пацярпелым”. Газета акцэнтуе ўвагу і на такую дэталь: здымкі, зробленыя ў час трагедыі, ужо прапанавана купіць аднаму амерыканскаму выдавецтву. Называлася і лічба мяркуемай здзелкі – адзін мільён долараў. “Шмат гэта ці мала? Мяркуйце самі: скандальныя здымкі прынцэсы Дзіяны і аль-Фаеда, зробленыя некалькі месяцаў таму ў час іх сумеснага адпачынку на пляжах Сен-Трапэ, каштавалі пяць мільёнаў” (Звязда. 1997, 2 верасня).

Аднак ні адно выданне не палічыла магчымым апублікаваць “па гарачых слядах” крывавыя кадры паміраючай на месцы аварыі прынцэсы – яны ўпершыню былі прадстаўлены для шырокай публікі толькі праз многа гадоў, у 2011-м, у дакументальным фільме “Незаконнае забойства”, які выклікаў гучны скандал на Канскім кінафестывалі (Советская Белоруссия. 2011, 14 мая).

На працягу доўгага часу не спыняюцца дыскусіі адносна прычын гібелі “народнай прынцэсы”. Шырока абмяркоўваліся некалькі версій аўтакатастрофы, прычым фатографам-папарацы ўжо не адводзілася прыярытэтнае месца. Парыжскія следчыя прыйшлі да высновы, што галоўнымі прычынамі гібелі прынцэсы і спадарожнікаў сталі павышаная хуткасць яе “Мерседэсу” і алкагольнае ап’яненне вадзіцеля (узровень утрымання алкаголю ў крыві ўтрая перавышаў норму). Разам з тым, шматлікія праверкі так і не выявілі, што за таямнічы “Фіят-Уна” белага колеру знаходзіўся побач з аўтамабілем прынцэсы ў момант аварыі і, верагодна, увайшоў з ім “у лёгкае сутыкненне” [4]. Выказвалася таксама меркаванне, што жанчына была цяжарная ад Додзі аль-Фаеда, таму французскія следчыя органы і засакрэцілі ўсе звесткі аб яе ўскрыцці пасля гібелі. Прынцэса магла выйсці замуж за егіпцяніна і прыняць іслам, “што ніяк не ўпісвалася ў рамкі жыцця брытанскай каралеўскай сям’і, якая ніколі не змагла б змірыцца з гэтым” [5]. Так што, магчыма, гэта і сапраўды была добра спланаваная змова, на чым настойвае егіпецкі мільярдэр Мухамед аль-Фаед, бацька Додзі. Дарэчы, фільм аб гібелі прынцэсы Дзіяны, што выклікаў скандал у Канах у 2011 годзе (пра яго мы згадвалі вышэй), стварыў вядомы брытанскі акцёр і рэжысёр Кіт Ален, а фінансаваў праект з бюджэтам у 4,1 мільёна долараў непасрэдна Мухамед аль-Фаед. У карціне дадзена менавіта яго версія падзей: прынцэса Дзіяна была ліквідаваная спецслужбамі па загадзе шэрагу колаў з Букінгемскага палаца. Між тым, рэжысёр фільма заявіў, што карціна толькі звяртае ўвагу на дэталі, якія не ўкладваюцца ў афіцыйную версію падзей (Советская Белоруссия. 2011, 14 мая): суд у 2008 годзе афіцыйна прызнаў, што прынцэса Дзіяна і яе сябар загінулі ў выніку забойства па неасцярожнасці, па віне п’янага кіроўцы яе аўтамабіля і фатографаў-папарацы.

Любую інфармацыю, звязаную з прынцэсай, да гэтага часу ахвотна публікуюць сусветныя СМІ, і беларуская прэса імгненна даносіць яе да свайго чытача. Напрыклад, у 2011 годзе шырока абмяркоўвалася паведамленне нямецкай журналісткі Трыксі Шоль аб тым, што незадоўга да трагічнай гібелі прынцэса Дзіяна і Додзі аль-Фаед таемна заручыліся. Рэпарцёрка распавяла аб наведванні імі рэспектабельнага курорта Монтэ-Карла за сем дзён да таго, як яны разбіліся ў аўтакатастрофе, Дзіяна выбірала заручальны пярсцёнак з дыяментам. Раней іншыя сведкі сцвярджалі, што Додзі ў Парыжы за суму, эквівалентную 11500 брытанскім фунтам, набыў у ювелірнай краме “Tell Me Yes” (Скажы мне “так”) заручальны пярсцёнак. І выснова: новыя сведчанні Трыксі Шоль пацвярджаюць, што прынцэса сапраўды мела намер выйсці замуж за мусульманіна (Советская Белоруссия. 2011, 17 августа).

Прынамсі, папарацы ўвесь час бессаромна палявалі за англійскай прынцэсай, яе асабістае жыццё на працягу многіх гадоў было прадметам пільнай увагі СМІ: скандальны развод з мужам, наследным прынцам Чарльзам, яе раманы, захапленні, звычкі і г. д. Шырока разыходзіліся здымкі прынцэсы ў самых нечаканых ракурсах.

З імем Дзіяны звязана і дасціпная журналісцкая дуэль – можна сказаць, аплявуха прыхільнікам папарацы. Пра яе паведаміла прэса ў 1993 годзе. Уладальнік спартыўнай залы, дзе займалася Дзіяна, устанавіў скрытыя камеры і зрабіў кадры, на якіх прынцэса выглядала “зусім не па-каралеўску”. Здымкі набыла і апублікавала газета “Сандзі Мірор” (The Sunday Mirror). У адказ журналісты тэлеканала Ай-ці-ві (ITV, ад Independent Television), адной з лідуючых тэлевізійных карпарацый Вялікабрытаніі, прапанавалі ход у адказ. Спачатку сфатаграфавалі аднаго з кіраўнікоў выдавецкай групы “Мірор” у рэстаране, а пазней тэлевізійшчыкі падагналі гідраўлічны кран да яго дома і накіравалі камеры акурат у вакно [6].

Сама прынцэса таксама не ленавалася прыадкрываць для прэсы заслону прыватнасці. У 2004-м былі абнародаваны сенсацыйныя вiдэазапiсы з прызнаннямi Дзіяны, зробленымі яшчэ ў 1992 годзе: яе гутаркi з выкладчыкам мовы Пiтэрам Сiтэленам. “Падчас гэтых размоў Дзiяна расказвала пра сваё нешчаслiвае каханне да целаахоўнiка Бары Манакi, пра прыдворныя iнтрыгi, цяжкiя адносiны з каралевай, канфлiкты з уласнай мачахай i бацькам i крыўдны для яе раман прынца Чарльза i Камiлы Паркер Боўлз. Дзiяна сказала, што яе целаахоўнiк быў самым лепшым чалавекам, якога яна калi-небудзь сустракала… Аднак хутка чуткi дайшлi да каралевы, i Манакi быў звольнены” (Звязда. 2004, 9 снежня).

Велізарная цікавасць з боку папарацы, нібыта ў спадчыну, перайшла і да сыноў Дзіяны. У верасні 2012 года шырока разышліся фотаздымкі, зробленыя папарацы праз плот атэля на поўдні Францыі, дзе брытанскі прынц Уільям з жонкай, герцагіняй кембрыджскай Кейт Мідлтан, загараюць топлес на адкрытай верандзе. 14 верасня 2012 года гэтыя кадры апублікаваў французскі часопіс “Closer” (у выдання ёсць і брытанская версія), 16 верасня тыя ж фатаграфіі з’явіліся ў ірландскім таблоідзе “Irish Daily Star”, а яшчэ праз два дні – у спецвыпуску італьянскага “Chi”. Французскі суд забараніў часопісу публікаваць здымкі напаўаголенай Кейт Мідлтан, прысудзіў пацярпелай пары кампенсацыю ў памеры 5 тысяч еўра, акрамя таго, запатрабаваў ад рэдакцыі “Closer” на працягу 24 гадзін выдаць лічбавыя копіі фатаграфій і выдаліць іх з сайта. У выпадку прамаруджвання часопісу пагражаў штраф яшчэ на 10 тысяч еўра за кожны дзень пратэрміноўкі, такі ж штраф – і ў выпадку перадачы фатаграфій трэцім асобам альбо пры іх паўторнай публікацыі (Советская Белоруссия. 2012, 18 сентября). Вось такая жорсткая ацэнка была дадзена журналісцкай ўсёдазволенасці.

Пэўныя факты з прыватнага жыцця публічных асоб (знакамітасці культуры, мастацтва, спорту, вядомыя палітыкі, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы), безумоўна, могуць прадстаўляць асаблівую цікавасць для грамадзян. Увогуле да павышанай увагі да свайго прыватнага жыцця публічным асобам варта ставіцца больш памяркоўна, чым звычайным грамадзянам. І тым не менш сродкі масавай інфармацыі не павінны грэбаваць маральна-этычнымі пастулатамі прафесіі, распальваць нездаровую прагу да сенсацый.

Міжнародныя прынцыпы прафесійнай этыкі ў журналістыцы, прынятыя на кансультатыўнай сустрэчы міжнародных і рэгіянальных арганізацый прафесійных журналістаў у лістападзе 1983г., прапісваюць у тым ліку пытанне забеспячэння ў сродках масавай інфармацыі права асобы на прыватнае жыццё. Згодна з прынцыпам І, “народ у цэлым і асобныя грамадзяне маюць права атрымліваць аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаіснасці шляхам атрымання дакладнай і вычарпальнай інфармацыі” [7, с. 399]. Прынцып ІІ абвяшчае: “Найпершая задача журналіста – забяспечыць права грамадзян на дакладную і аб’ектыўную інфармацыю з дапамогай праўдзівага адлюстравання падзей, калі факты, творча апрацаваныя журналістам, асвятляюцца ў іх уласным кантэксце, з указаннем сувязей розных з’яў і без скажэнняў” [7, с. 399–400]. Між тым, як можна пераканацца з аналізу прыведзеных вышэй прыкладаў, пад права чалавека на атрыманне праўдзівай інфармацыі нярэдка падганяецца жаданне, няхай цалкам зразумелае і, мабыць, натуральнае для чалавечай прыроды, даведацца пра тайныя бакі жыцця вядомых людзей. Журналісты пры гэтым спасылаюцца на наступныя аргументы. Па-першае, інфармацыя пра інтымнае жыццё вядомых людзей выклікае вялікую грамадскую цікавасць, а значыць грамадству неабходна яе прадаставіць. Па-другое, вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, знакамітыя асобы настолькі істотна ўплываюць на жыццё людзей і грамадства, што ўжо не належаць самі сабе, таму кожны іх крок, нават на ўласнай, прыватнай тэрыторыі, мае агульнаграмадскае значэнне, што і з’яўляецца падставай для распаўсюджання падобнай інфармацыі.

Пытанне аб тым, дзе заканчваецца права грамадства на інфармацыю і пачынаецца права чалавека на прыватнае жыццё набывае асаблівую далікатнасць, калі журналісцкая інфармацыя здабываецца з выкарыстаннем скрытых фота- і відэааб’ектываў. Каб асэнсаваць, ці было правамерным у дадзеным канкрэтным выпадку ўмяшанне ў прыватнае жыццё з боку СМІ, неабходна ўлічваць: у распаўсюджванні такой інфармацыі быў грамадскі інтарэс – альбо публікацыя мела на мэце выключна задавальненне абывацельскай “свецкай цікаўнасці”. Традыцыйна лічыцца, што толькі сур’ёзная грамадская неабходнасць можа стаць апраўданнем для ўмяшання ў прыватнае жыццё іншай асобы. Як не ўзгадаць у сувязі з гэтым італьянца Адрыяна Барталіні, аўтара “фатаграфій папы Яна Паўла ІІ, які расслабляецца ў сваім басейне, – гэтыя фотаздымкі нарабілі шмат шуму ў 1981 годзе” [8]. Пра які грамадскі інтарэс у дадзеным выпадку можа ісці размова?

Альбо яшчэ досыць красамоўны прыклад: у канцы студзеня 2013 года фальшывае фота прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса стала прычынай грандыёзнага медыяскандалу. У Кубе Чавесу была зроблена чарговая аперацыя ў сувязі з анкалагічным захворваннем, і іспанская газета “El Pais” апублікавала нібыта яго фатаграфію на аперацыйным стале акурат ў момант інтубацыі, паведаміла РІА “Новости”. Аўтар многіх ілжывых інтэрнэт-паведамленняў пра вядомых людзей італьянец Тамаса дэ Бенедэці заявіў, што менавіта ён узяў кадр з невядомым пацыентам з відэароліка, размешчанага на YouTube ў 2008 годзе, і разаслаў яго пад выглядам фота Чавеса адразу па трох інфармацыйных агенцтвах Коста-Рыкі, Венесуэлы і Кубы – каб даведацца, наколькі скрупулёзна СМІ правяраюць фатаграфіі, якія рыхтуюць да друку. Пасля распачатага скандалу “El Pais” выдаліла фальшыўку са свайго сайта і наноў аддрукавала нумар газеты, хоць частка тыражу ўжо паспела паступіць у продаж. У матэрыяле, размешчаным на сайце выдання, пацвярджаецца, што здымак быў прадастаўлены газеце агенцтвам Gtres Online і за яго было заплачана 30 тысяч еўра; агенцтва прызнала, што было ўведзена ў зман і цяпер мае намер падаць у суд на чалавека, які прапанаваў гэтую фатаграфію (http://www.ria.ru/world/20130125/919660012.html). Дарэчы, па звестках прэсы, фатаграфія прапаноўвалася розным выданням. У прыватнасці, іспанская газета “El Mundo” адмовілася ад яе, паколькі, па аднадушным рашэнні рэдкалегіі, “у Чавеса таксама ёсць права на ўласную годнасць”.

Невыпадкова ў Міжнародных прынцыпах прафесійнай этыкі ў журналістыцы акцэнтавана падкрэсліваецца: “Неад’емная частка прафесійных стандартаў у журналістыцы – павага права грамадзян на прыватнае жыццё і чалавечую годнасць, у адпаведнасці з патрабаваннямі міжнароднага і нацыянальнага права ў галіне абароны правоў і рэпутацыі грамадзян, забарона паклёпу, знявагі і дыфамацыі” [7, с. 401].

“Папарацци” – так называецца расійскі часопіс аб прыватным жыцці знакамітасцяў, ён выходзіць з верасня 2009 года. Героі матэрыялаў, як правіла, і не падазраюць, што за імі неадступна ідуць фатографы і імкнуцца злавіць цікавы момант або сітуацыю. Пераважная большасць публікацый часопіса прысвечана расійскім зоркам кіно, тэлебачання, эстрады, спорту.

У Беларусі падобных выданняў не існуе.

А наогул, ці ёсць папарацы ў Беларусі? – гэтае пытанне выклікае лагодную ўсмешку ў айчынных фотарэпарцёраў, зазначае журналістка Ганна Шадрына: у тым разуменні, да якога нас прызвычаілі заходнія “класікі жанру”, вядома ж, не. Прапанова нараджае попыт, а цягнуць смецце з хаты не ў беларускай традыцыі, тым больш паказваць зорак у непрывабным выглядзе. Беларускі спявак Кірыл Слука так пракаментаваў сітуацыю: “Если у нас появятся папарацци, я не буду особенно против. В конце концов, можно будет заработать на судебных процессах” [2]. І ён мае рацыю: пытанні канфідэнцыйнасці прыватнага жыцця ў Беларусі маюць статус не толькі маральна-этычных, але і прававых.

“Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы”, – занатавана ў артыкуле 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь [9, с. 4]. І яшчэ некалькі артыкулаў Асноўнага Закона дзяржавы прысвечаны менавіта пытанню недатыкальнасці асобы: “Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы” (арт. 25) [9, с. 9], “Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць” (арт. 28) [9, с. 10], “Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб” (арт. 53) [9, с. 16].

Згодна з артыкулам 34 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб сродках масавай iнфармацыi” (2008), журналiст абавязаны “атрымлiваць згоду фiзiчных асобаў на правядзенне аўдыя- i вiдэазапiсу, кiна- i фотаздымак, за выключэннем iх правядзення ў месцах, адкрытых для масавага наведвання, на масавых мерапрыемствах, а таксама выпадку, прадугледжанага артыкулам 40 гэтага Закона” [10, с. 2]. Артыкул 40 “Выкарыстанне скрытага аўдыя- i вiдэазапiсу, кiна- i фотаздымак” абвяшчае: “Распаўсюджванне ў сродках масавай iнфармацыi iнфармацыйных паведамленняў i (або) матэрыялаў, падрыхтаваных з выкарыстаннем аўдыя- i вiдэазапiсу, кiна- i фотаздымак фiзiчнай асобы без яе згоды, дапускаецца толькi пры прыняццi мераў супраць магчымай iдэнтыфiкацыi дадзенай асобы пабочнымi асобамi, а таксама пры ўмове, што распаўсюджванне гэтых iнфармацыйных паведамленняў i (або) матэрыялаў не парушае канстытуцыйных правоў i свабод асобы i неабходна для абароны грамадскiх iнтарэсаў, за выключэннем выпадкаў распаўсюджвання такiх iнфармацыйных паведамленняў i (або) матэрыялаў па патрабаваннi органа крымiнальнага праследавання, суда ў сувязi з вытворчасцю папярэдняга расследавання, судовым разборам” [10, с. 3]. На наш погляд, гэты артыкул патрабуе больш карэктнага выкладання і тлумачэння дэфініцый, і перш за ўсё з пункту гледжання маральна-этычнай матывацыі.

Калі прааналізаваць беларускую прэсу апошніх дзесяцігоддзяў, можна прыйсці да наступнай высновы: прыклады “класічных” паляўнічых-папарацы тут, сапраўды, адсутнічаюць. І ўсё ж асобныя праявы гэтай з’явы відавочна прасочваюцца.

У прыватнасці, фотаілюстрацыя часам выкарыстоўваецца як інструмент барацьбы з апанентамі. Некаторыя перыядычныя выданні, пераважна недзяржаўныя, нярэдка змяшчаюць абразлівыя фотаздымкі сваіх ідэйных апанентаў – як яны ядуць, п’юць, кашляюць, зашпільваюць гузікі, папраўляюць вопратку... Усё гэта дамарослыя папарацы падаюць чытачу пад выглядам высакароднага імкнення да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці. Так, рэзка апазіцыйная газета “Свабода” на працягу 1992-1994 гадоў бесперапынна здзіўляла чытача “пікантнымі” фотаздымкамі старшыні Савета Міністраў Беларусі Вячаслава Кебіча. А пасля яго паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года газета выпадкова “адкрыла карты”: надрукавала вялікі развітальны фотарэпартаж “Нам цяжкае расстанне з вамі”, дзе адзначаецца: “І ўсё ж фотакарэспандэнты “Свабоды” надта шкадуюць, што Вячаславу Францавічу не ўдалося стаць прэзідэнтам. Цяпер ягоныя фотаздымкі наўрад ці будуць цікавыя публіцы. А ён быў такі каларытны персанаж!” (Свабода. 1994, № 27). У дадзенай сітуацыі размова ідзе пра танны эпатаж чытацкай аўдыторыі, бясконцыя пошукі “клоўнскай” сенсацыі.

Шэраг пытанняў узнікае ў сувязі з некарэктным выкарыстаннем выпадкова-ілюстратыўных, сімвалічных і дапаможных здымкаў да публікацый. Так, артыкул Алены Дзенісенка “Пьющие дети” ў газеце “Советская Белоруссия” (1998, 4 ноября) прысвечаны праблеме алкагалізму сярод непаўналетніх, у якасці ілюстрацыі да артыкула змешчаны здымак: дзяўчынка-падлетак трымае бутэльку гарэлкі. Здымак, несумненна, пастановачны – але ён сэнсава ўвязваецца з матэрыялам: дзяўчынка на фота ўяўляецца ахвярай “зялёнага змію”. Газета, сама таго не жадаючы, нанесла маральную шкоду адлюстраванай на здымку дзяўчынцы. Падобныя прыклады ў сучаснай медыяпрактыцы – не рэдкасць. Можна ўзгадаць і карэспандэнцыю Ірыны Лемяшонак “Кто дал подростку бутылку”, апублікаваную ў “Рэспубліцы” (2004, 28 верасня): матэрыял суправаджае здымак, на якім дзяўчына п’е з бутэлькі ў парку. Хто яна, ахвяра алкаголю – ці ахвяра несумленнага фотарэпарцёра? Пытанне ў дадзеным выпадку не выпадковае: калі сімвалічнае або пастановачнае фота можа ўспрымацца як дакументальнае, неабходна абавязкова ўносіць яснасць – з дапамогай адпаведных подпісаў ці спасылак.

Часам здараюцца выпадкі, калі фотаінфармацыя мае не толькі недакладны, але ілжывы і нават абразлівы характар. У “Народнай газеце” 4 красавіка 2009г. быў змешчаны артыкул “Содержанки” пра жанчын, якія жывуць за кошт багатых палюбоўнікаў. Публікацыю суправаджае здымак маладой бландзінкі, якая працягвае рукі па ключы ад аўтамабіля. Роўна праз тыдзень, 11 красавіка 2009 г., на той жа 10-й старонцы выдання з’явіўся матэрыял “Извинение”, загаловак якога пададзены тым жа шрыфтам, памерам і колерам, што і папярэдні загаловак “Содержанки”. Рэдакцыя прыносіла прабачэнні дзяўчыне на здымку, якую выпадкова “далучыла” да ўтрыманак, і патлумачыла, што грубая памылка дапушчана па віне маладога спецыяліста рэдакцыі Юліі Паповай: фатаграфія супрацоўніцы Прэс-цэнтра Дома прэсы была выкарыстана ў якасці ілюстрацыі “к совершенно не относящейся к фото публикации. Приносим Надежде свои глубочайшие извинения. Виновная сотрудница наказана”. Побач апублікаваны два здымкі: маленькі, які суправаджаў артыкул пра жанчын-утрыманак, і вялікі – дзяўчына на рабочым месцы ў Прэс-цэнтры, а таксама інфармацыя пра яе работу, вучобу, захапленні. “Народная газета” выправіла памылку належным чынам (праўда, не зусім зразумела, чаму ў рэдакцыі адразу не пацікавіліся, хто на фота і чаму дзяўчына не хавае твар на здымку, зробленым спецыяльна для артыкула пра ўтрыманак). У сваю чаргу, аўтар дададзенага артыкула правяла ўласнае расследаванне сітуацыі (надзвычайнага здарэння ў прафесійным асяроддзі), паколькі акурат у той час працавала кіраўніком Прэс-цэнтра Дома прэсы. Як аказалася, фотажурналістка пайшла на звычайны падман: папрасіла супрацоўніцу Прэс-цэнтра папазіраваць для сімвалічнага здымка, спаслаўшыся на тое, што газета быццам бы праводзіць латарэю для падпісчыкаў, пераможца якой атрымае аўтамабіль… Пра сапраўдныя мэты гэтага падману можна толькі здагадвацца – аднак ён “не цягне” нават на бездапаможную пародыю на папарацы.


Лiтаратура

1. Рогова, В. Папа папарацци / В. Рогова // Советская Белоруссия. – 2000. – 18 янв. – С. 6.

2. Всеобщая декларация прав человека // Права человека : учеб. пособие [А. Д. Гусев, Я. С. Яскевич, Ю. Ю. Гафарова [и др.] ; под общ. ред. А. Д. Гусева и Я. С. Яскевич. – Минск : ТетраСистемс, 2002. – С. 255–262.

3. Шадрина, А. Папа, рация и провокация / А. Шадрина // Советская Белоруссия. – 2004. – 17 мар. – С. 13.

4. Калмыков, М. Папарацци почти оправданы / М. Калмыков // Советская Белоруссия. – 1999. – 3 февр. – С. 3.

5. Тимофеев, А. Следствие закончено? Забудьте / А. Тимофеев // Советская Белоруссия. – 1999. – 16 июл. – С. 4.

6. Васильев, А. Качки! Диана с вами! / А. Васильев // Комсомольская правда. – 1993. – 4 дек. – С. 4.

7. Международные принципы профессиональной этики в журналистике // Профессиональная этика журналистов: в 2 т. – Т.1 : Документы и справочные материалы. – М. : Галерия, 1999. – С. 399 –402.

8. Папарацы: паляванне на людзей // Звязда. – 1997. – 2 вер. – С. 7.

9. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь [1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі] – Конституция Республики Беларусь: [прынята на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996г. і 17 кастрычніка 2004г.]. – Минск : Беларусь, 2011. – 95 с.



10. Аб сродках масавай iнфармацыi : Закон Рэспублікі Беларусь : прыняты Палатай прадстаўнiкоў 24 чэрвеня 2008 г. : адобраны Саветам Рэспублiкi 28 чэрвеня 2008 г. // Звязда. – 2008. – 8 жн. – С. 2–3.
: bitstream -> 123456789 -> 101863
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка