Таццяна Студзенка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт



Дата канвертавання19.07.2016
Памер35.01 Kb.


Таццяна Студзенка

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт


Універсальныя жанры беларускай класікі 1-й трэці ХХ ст.

і кампаратыўныя перспектывы іх даследавання


Адна з мэт літаратуразнаўства – вылучэнне і вывучэнне арыгінальных варыяцый традыцыйных жанраў (жанравых разнастайнасцей): не проста наватарскіх унёскаў у тэматыку і стылістыку літаратуры, але дагэтуль не выказаных поглядаў на рэчаіснасць. Кожная такая жанравая плынь уяўляе сабой анталагічнае адкрыццё, а яе даследаванне – пэўны філасофскі акт. Універсум жанраў нацыянальнай літаратуры – універсум быцця нацыі, тых бакоў рэчаіснасці, якія яна засвоіла і якія сталі часткай яе ідэнтычнасці.

Перыяд першай трэці ХХ ст., адметны перавагай анталагічных (быццёстваральных і быццёсцвярджальных) інтэнцый, непазбежна павінен быў стымуляваць адпаведнае жанравае наватарства, або, лепш сказаць, жанравую традыцыю класічных літаратур ў статусе наватарства літаратуры беларускай. Літаратуры ўсходняй і заходняй антычнасці амаль усе напачатку маюць творы, мэта якіх – назваць і тым сцвердзіць «тутэйшую» рэальнасць, асэнсаваную і як рэальнасць агульналюдскую: тое, што пачынае быць у слове, насамрэч пачынае значыць і быць (тэксты Старога Запавету, «Турботы і дні» Гесіёда, «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя, «Уолдэн» амерыканца Г. Д. Тора і г.д.). Падобныя набыткі мае і айчынная літаратура: творы Я. Купалы «Адвечная песня» і «Яна і Я» – беларускія анталагічныя паэмы, вартыя вывучацца на адпаведным метадалагічным падмурку фундаментальнай анталогіі (Э. Гусэрль, М. Хайдэгер).

На прыгаданым фоне коласаўская «энцыклапедыя беларускага жыцця» – больш «сталы» твор, таму што распавядае пра рэчаіснасць, трывалую ў нацыянальным і ментальным сэнсе як «свая зямля». Твор Я. Коласа мацуе Памяць пра анталагічную сталасць, пра беларускі быт і быццё як устойліва і акрэслена нацыянальныя – памяць-апірышча беларусам-нашчадкам дзеля пэўнасці іх будучыні. Статус «Новай зямлі», нацыянальнай паэмы, фундуюць менавіта такія інтэнцыі.

Літаратуразнаўства даводзіць шмат паралелей Коласавай паэме, але дагэтуль, на жаль, няма распрацаванага грунтоўна і паслядоўна кампаратыву, у люстры якога яшчэ больш яскрава зайгралі б вызначальныя вартасці беларускага шэдэўра. На наш погляд, такая сітуацыя мае аб’ектыўную прычыну, а менавіта тую, што прыгадаеныя «паралелі» (Біблія, «Турботы і дні» Гесіёда, Калевала і г.д.) не маюць, за выключэннем асобных матываў, прынцыповай агульнасці з «Новай зямлёй». Прынцыповая агульнасць можа быць вызначаная толькі на падставе падабенства паходжання твораў, роднаснасці прычын, што стымулявалі іх узнікненне. Да таго ж у пошуку адэкватнай паралелі варта мець на ўвазе не толькі ўзоры класічнага, заходнееўрапейскага і славянскага эпасу, але і прэцэдэнты больш аддаленай – геаграфічна і ментальна – перспектывы. У 1983 г. апублікаваны раман «Рассечаны камень» абхазскага пісьменніка Баграта Шынкуба (1917–2004) – нацыянальны раман як міфатворчы «ратавальны» эпас, прэцэдэнт замацавання ў рэальнасці спрадвечнага абхазскага (шырэй – горскага) быту і быцця, парасткі знікнення якога былі навідавоку ад пачатку царскай каланізацыі. Захаваць памяць пра гэты быт значыла захаваць традыцыю, уратаваць Абхазію ад асіміляцыі ў індустрыяльным глабальным свеце. Прыкладна такое ж «ратаванне» – у вытоках Коласавай «Новай зямлі», створанай на парозе савецкай інтэрнацыяналізацыі і татальнай урбанізацыі.

Цяпер аб рамане. Сярод амаль бясконца шматлікіх жанравых разнастайнасцей рамана найбольш універсальная – сямейны раман. Выбітныя сямейныя раманы прачытваюцца «па ўзыходнай спіралі», у нарошчванні ўзроўняў інтэрпрэтацыі, колькасць якіх – найбольш аб’ектыўны крытэрый дыферэнцыяцыі ў гэтым жанравым сегменце. Творы, падобныя да «Сагі пра Фарсайтаў» Дж. Галсуорсі, – толькі аб сям’і і соцыуме пэўнай эпохі; «Будэнброкі» Т. Мана, трылогія аб Сноўпсах У. Фолкнэра – ужо і пра сям’ю, і пра эпоху, і пра край, і пра нацыю; «Сто гадоў адзіноты» Г.Г. Маркеса – пра ўсё гэта і нават яшчэ пра чалавецтва. Калі перад намі тры і больш узроўняў абагульнення, мы маем дачыненне да ўнёскаў не толькі ў нацыянальную гісторыю і культуру, але і ў гісторыю і культуру сусветную.

У айчыннай літаратуры таксама ёсць набатак адпаведнага кшталту, і павінны ён быў з’явіцца менавіта ў крытычны гістарычны момант, якім была першая трэць ХХ ст. «Камароўская хроніка» М. Гарэцкага – твор, пазначаны прысутнасцю сямейнага, нацыянальнага і гістарычна вызначальнага пачаткаў. Ці можа ён быць прачытаны і на агульначалавецкім узроўні – пытанне вартае быць не толькі пастаўленым-дэклараваным, але абгрунтавана вырашаным. Да таго ж у кампаратыве з адпаведнымі творамі іншых літаратур ёсць падстава вылучэння жанравых канстантаў сімвалічна-сямейнага рамана, г.зн. таго, дзе ў вопыце асобнай сям’і адбіты вопыт нацыі.



Пытанне аб універсальнасці жанраў нацыянальных літаратур відавочна павінна разглядацца ў дыялектычнай перспектыве ўніверсальнага – унікальнага (шырэй: агульнага – адметнага, цэлага і яго часткі). Відавочна і тое, што ў гэтым выпадку мы знаходзімся ў самым цэнтры сутнасці ўніверсальнага як усеагульнага, складзенага з сукупнасці рознага кшталту адметнасцей. Калі так, універсальнасць літаратурных жанраў (як і асобных твораў) – у іх мікра- і макракасмічнай патэнцыйнасці. Мікракасмічны узровень перадумоўлівае найбольш поўную змястоўнасць рэпрэзентацыі этнічнага (этнаграфічнага) матэрыялу, макракасмічны – адлюстраванне спецыфічна нацыянальнай адаптацыі каштоўнасцей (пераважна этычных) агульналюдскай культуры.


: bitstream -> 123456789 -> 28346
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка