Таццяна Студзенка (Мінск) Універсалогія як парадыгма даследавання літаратурнай класікі



Дата канвертавання24.12.2016
Памер35.01 Kb.
Таццяна Студзенка (Мінск)
Універсалогія як парадыгма даследавання літаратурнай класікі
Паняцці “універсальнае” і “класічнае” ў літаратуразнаўстве традыцыйна ўспрымаюцца амаль як тоесныя. Тым больш парадаксальна, што дагэтуль не прадпрынятыя спробы выпрацаваць пэўную парадыгму даследавання ўніверсальнага – не толькі найбольш адметнай, але і надзвычай разнастайна аднаўляемай рысы літаратурнай класікі, што само па сабе можа служыць падставай пашыранай, панарамнай рэфлексіі, патрэба ў якой сёння адчуваецца ўсё больш настойліва.

Прыходзіцца канстатаваць, што за доўгі час бяздумнага, апрыёрнага ўжывання паняццяў “універсальнае”, “універсалізм” яны амаль сцёрліся і на сённяшні дзень не месцяць амаль ніякай інфармацыі. Ужо напрыканцы 19 стагоддзя – час, раз’юшаны вірлівым ходам жыцця, час разгубленасці, страты арыенціраў – нямецкі філосаф В. Віндэльбанд вымушаны быў нагадываць сучаснікам, што па сутнасці (а не па абсягу дзейнасці!) значыць “універсальнасць” асобы І. В. Гётэ і “ўніверсалізм” яго творчасці: цэльная адпаведнасць, арганічная сукупнасць сама- і светаўспрымання, здольнасць разам перажываць асабісты і нацыянальны вопыт як вопыт гістарычны, г. зн. існасна неабходны ў пэўны адпаведны час. Дарэчы, В. Віндэльбанду належыць яшчэ адзін літаратуразнаўчы вопыт на тую ж тэму: роздум пра душэўную хваробу нямецкага паэта-рамантыка Ф. Гёльдэрліна, прычыны якой хвалююць даследчыкаў ужо амаль дзве сотні гадоў. Галоўная прычына – разрыў цэльнасці свядомасці ў так званы Новы час, надзвычай балючае перажыванне татальнай спецыялізацыі, адчужання розных культурных сфер і, перадусім, – культуры і жыцця ўвогуле. Боль, тым ці іншым чынам уласцівы ўсім не “толстаскурым” сучаснікам паэта, для яго ўзмоцнены амаль <осязаемым> ідэалам антычнай гармоніі і цэльнасці. Сёння мы імкнемся ўзнавіць сэнс “універсальнага” як перш за ўсё “цэльнага” не толькі з прычыны нястачы крытэрыяў ацэнкі значных літаратурных з’яў, але і з матывацыяй, аналагічнай віндэльбандаўскай: з прагай захавання цэльнасці розуму і разумення падчас пануючай постмадэрнісцкай “шызафрэніі”. “Жыві і цэльнасці шукай”, – крэда М. Багдановіча магло б стаяць на месцы эпіграфа да ўзнятай тэмы.

Вызначальны сэнс паняцця “ўніверсальнае” акцэнтаваны і сучасным расійскім культуролагам-эмігрантам М. Н. Эпштэйнам: “Універсальнае – найпершым чынам не ўсёагульнае, а шматлікае ў адным… катэгорыя, якая вызначае шматбаковасць, уласцівую пэўнай з’яве; якасць адзінкавага аднаўляцца рознымі гранямі”. Універсальнае – пэўны космас чагосьці; уяўленне і мастацкая фіксацыя такога “космасу” адпаведныя матрыцы Першага Тварэння, створанай Адзіным Богам Усяленнай. Невыпадкова ў Пісанні менавіта праз творчасць чалавек зразуметы як “вобраз і падабенства” Вышэйшага Творцы. Творчасць-тварэнне і надае статус класічных (непераўзыходных) тэкстам, якія мы традыцыйна характарызуем як універсальныя.

Універсальнае як цэльнае абумовіла класічную кананізацыю творчасці не толькі І. В. Гётэ, але і такіх разнастайных майстроў, як В. Шэкспір, Э. Заля, Ж. К. Гюйсманс, Т. Ман, В. Фолкнэр, Г. Г. Маркес, У. Эка, беларускія паэты Я. Колас і Я. Купала, – усіх яднае стварэнне тых ці іншых ўнікальных мастацкіх космасаў (універсумаў). Шэкспіраўская цэльнасць-універсальнасць – сусвет чалавечых пачуццяў, узнятых напаверхне перажываннем найбольш жорсткіх жыццёвых драм. Універсум манументальных “Ругон-Макараў” Э. Заля – у вышуку агульных заканамернасцяў генэзісу палітычнага, сямейнага і асабістага быцця; варыяцыі на тую ж тэму знойдзем у шэрагу твораў Т. Мана, у цыкле пра Йокнапатофу В. Фолкнэра, у рамане “Сто гадоў самоты” Г. Маркеса. Узгадаем “Наадварот” Ж. К. Гюйсманса, раман-каталог дэкадэнцкай культуры, – таксама цэльнасць, толькі крыху іншага, “энцыклапедычнага” кшталту; “Імя ружы” У. Эка – таксама “каталог”, на гэты раз – культуры постмадэрнісцкай, яе характэрнага светаўспрымання, раман, створаны з дапамогай цэлага комплексу тыповых постмадэрнісцкіх прыёмаў літаратурнага пісьма (так бы мовіць, “здвоены каталог”). Ці не праўда, што змест найбольш універсальных беларускіх паэм – такіх, як “Адвечная песня”, “Яна і Я” Я. Купалы, “Новая зямля” Я. Коласа, паэм-метафар сялянскага і ўвогуле чалавечага жыцця, – у святле папярэдніх нататкаў “універсалогіі” падаецца яшчэ больш знакавым і, безумоўна, звышгодным ў параўнанні з адпаведнай сусветнай літаратурнай традыцыяй? Дарэчы, ці не чакае сусвет расповеду пра сябе (пры пасрэдніцтве перакладаў) з боку гэтых, па вялікім рахунку яшчэ невядомых яму творцаў?..



Відавочна, што сутнасць універсальнай творчасці – найбольш выразнае і разнастайнае акцэнтаванне той ці іншай шматграннасці. Калі пэўны твор разгортваецца ў падобным рэчышчы, мы маем метадалагічныя (а не метафарычныя) падставы характарызаваць яго як універсальны. У сваю чаргу, калі тэарэтычны аналіз імкнецца выявіць пэўную мастацкую шматграннасць (універсальнасць-цэльнасць), прасочваючы механізмы яе стварэння, мы гаворым пра ўніверсалагічны падыход як падыход метадалагічны. Канкрэтнае яго напаўненне можа адбыцца праз уяўленне феномена цэласнага ў рэфлектыўнай форме сістэмы, зразумела – на фактычным матэрыяле пэўных тэкстаў. Як магчымая цэласнасць – цэласнасць увогуле і мастацкая ў прыватнасці? – такія асноўныя пытанні ўніверсалогіі. Яшчэ раз падкрэслім: універсалогія – метадалогія, адэкватная цэласным (універсальным) мастацкім тэкстам і, у той жа час, адпаведная патрэбам літаратуразнаўства ў междысцыплінарных крытэрыях ацэнкі літаратурных з’яў.
: bitstream -> 123456789 -> 18664
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)
18664 -> Таццяна Студзенка (Мінск) Універсалогія як парадыгма даследавання літаратурнай класікі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка