Тэлешоу ў мiжнародным кантэксце: асаблiвасцi адаптацыi фарматаў



Дата канвертавання18.06.2016
Памер126.78 Kb.


Алеся Кузьмiнова

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
ТЭЛЕШОУ Ў МIЖНАРОДНЫМ КАНТЭКСЦЕ:
АСАБЛIВАСЦI АДАПТАЦЫI ФАРМАТАЎ

Тэлешоу – папулярны жанр у сусветным эфіры. Вялікая колькасць падобных праграм на рынку стварае канкурэнцыю і неабходнасць шукаць новыя ідэі і метады, каб аўдыторыя глядзела менавіта канкрэтнае шоу, а, значыць, і канкрэтны канал, які яго транслюе. Для скарачэння выдаткаў і атрымання пэўных гарантый пры стварэнні тэлепраектаў вытворцы нярэдка звяртаюцца да гатовых фарматаў, якія ўжо набылі поспех у аўдыторыі іншых краін. Выкарыстанне міжнародных фарматаў прадугледжвае наяўнасць гатовай канцэпцыі праграмы, роляў вядучага і ўдзельнікаў шоу, дэталяў дэкарацый і сцэнаграфіі, сюжэтных ліній і інш. [1, с. 87]. Як зазначае тэарэтык і практык беларускага тэлебачання А.Лепешанкоў у артыкуле “Фарматны эфір” тэлеканала “АНТ”: “…фармат – гэта ўжо паспрабаваны ў тэлеэфіры тэлепраект, які абяцае пэўныя рэйтынгі і зніжае, такім чынам, камерцыйныя рызыкі для кампаніі-вытворцы” [1, с. 87]. У той жа час за кошт рознай тэхніка-тэхналагічнай базы, творчай ініцыятывы каманды і культурных асаблівасцяў удзельнікаў шоу ў кадры і за кадрам у выніку адаптацыі можа атрымацца тэлепрадукт, зусім не падобны на арыгінал. У гэтым даследаванні на прыкладзе айчынных і замежных праграм, прадстаўленых беларускімі тэлеканаламі, мы разгледзім варыянты рэалізацыі некаторых міжнародных фарматаў і асаблівасці іх функцыянальнавання ў інтэрнацыянальным кантэксце.

Вялікую колькасць “фарматных” шоу стварае сёння тэлеканал “АНТ”. Гэта, напрыклад, такія праекты, як “Адзін супраць усіх”, “Абмен жонкамі”, “Я люблю Беларусь”, “Што? Дзе? Калі?” і інш. Некаторыя суадносныя праграмы прапануе і СТБ – “Зорны рынг”, “ХАРаШОУ” – уласнай вытворчасці, замежныя – “Пякельная кухня”, “Бітва экстрасэнсаў” і інш. Складанасць у выбары стратэгіі працы над тэлешоу заключаецца ў тым, што ў эфіры можа адначасова прысутнічаць некалькі версій праграм аднаго і таго ж фармату: у аўдыторыі ёсць магчымасць параўнаць і выбраць лепшую. Так, беларускі “Зорны рынг” (перапрацоўка ленінградскага музычна-публіцыстычнага праекта “Музычны рынг”, 1984-2001г.) трансляваўся ў двух варыянтах: наш глядач меў магчымасць пазнаёміцца не толькі з праграмай СТБ, але і з расійскай версіяй адноўленага шоу (якая, дарэчы, выйшла на экраны пазней) праз вяшчанне тэлеканала НТБ-Беларусь. Гэтаксама беларусы маглі параўнаць расійскае і беларускае “Давай ажэнімся!” (абодва шоу – у эфіры АНТ), практычна адначасова выходзілі рэаліці “Топ-мадэль па-руску” і “Топ-мадэль па-амерыканску” (“БелМузТБ”) і інш. Звернемся да параўнальнага аналізу шэрагу адаптацый міжнародных фарматаў.



Асаблівасці маўленчых паводзін удзельнікаў тэлешоу пэўнага фармату залежаць ад камунікатыўнай сітуацыі (у нашым даследаванні мы абапіраемся на класіфікацыю А.Пабярэзнікавай [2, с. 118]). Даследчыкі вылучаюць розныя мадэлі ўзаемадзеяння ўдзельнікаў тэлепраграм: “відовішча – рэакцыя” (канцэрт, конкурс, гульня-латарэя, дэманстрацыя), “пытанне – адказ” (гульня-віктарына, кансультацыя, апытанне, прэс-канферэнцыя), “суджэнне – контрсуджэнне” (форум, сход, дыскусія, суд), “дзеянне – контрдзеянне” (гульня-спаборніцтва, ролевая гульня, правакацыя, акцыя). У аналізуемых праграмах суадносіны камунікатыўных мадэляў наступныя: “Зорны рынг”, напрыклад, як тэлефармат, прадугледжвае сумяшчэнне мадэляў “відовішча – рэакцыя” (канцэрт) і “пытанне – адказ” (прэс-канферэнцыя). Вядучы (тэлекамунікатар) з’яўляецца дэманстратарам – ён рыхтуе гледача да прадстаўлення, а таксама звязвае часткі праграмы з дапамогай сваіх падводак. Гэта павінна выклікаць рэакцыю тэлегледача, прымусіць яго ўключыцца ў тэлешоу: прагаласаваць за аднаго з выканаўцаў. Артысты як удзельнікі камунікацыі маюць адну мэту – самапрэзентацыю. У сітуацыі “прэс-канферэнцыя” (падчас раўндаў) вядучыя – мадэратары гутаркі, аднак іх актыўнасць зводзіцца да 1-2 пытанняў у пачатку блока інтэрв`ю, затым яны перадаюць слова гледачам у зале – у беларускай версіі (да пазнейшых сезонаў, у якіх гледачоў падмянілі “крытыкі”) – або журналістам (у расійскай версіі) і сыходзяць на задні план. Роля гледачоў у зале вельмі значная (асабліва ў беларускім шоу, бо выступаюць у якасці актыўных персанажаў). Яны здольны скарэкціраваць як паводзіны спевакоў – ствараецца “эмацыянальнае поле” (якое стымулюе артыстаў на дыялог, на выражэнне эмоцый), так і паводзіны тэлеаўдыторыі (якая можа змяніць свой пункт гледжання, калі будзе бачыць, што шмат людзей пазітыўна ці негатыўна рэагуе на творчасць удзельніка). Аднак ад гледачоў у зале часам сыходзіць і маўленчая агрэсія, нават можа мець месца правакацыя. Як ужо было зазначана, у расійскім “Музычным рынгу” замест гледачоў пытанні задаюць журналісты, якія нярэдка ведаюць выканаўцаў асабіста, больш дасведчаны ў іх жыцці і творчасці, і ацэначнасць значна больш. У той жа час у расійскіх камунікатараў ніжэйшая культура паводзін, чым у ўдзельнікаў беларускага шоу: артысты і журналісты лаяцца, перабіваюць адзін аднаго (беларуская версія ўспрымаецца як больш спакойная і структураваная, паводзіны экранных персанажаў – больш стрыманыя). Маўленчы элемент у беларускай версіі ўвогуле адыгрывае другасную ролю: у аснове шоу – яскравыя выступленні і шыкоўныя дэкарацыі. У расійскай версіі візуальны бок прапрацаваны, больш таго – ён нясе сэнсавую нагрузку: для таго, каб падкрэсліць кантраст паміж выканаўцамі, выкарыстоўваецца розная каляровая схема сцэны пры выступленні – але на першы план часта выходзіць канфлікт, які ўзнікае паміж журналістамі і выканаўцамі. Такім чынам, можам зрабіць выснову, што пры адаптацыі фармата важную ролю адыгрывае выбар герояў – з дапамогай пераразмеркавання амплуа і запрашэння гасцей пэўнага роду дзейнасці або са спецыфічнымі паводзінамі можна змяніць праект да непазнавальнасці. Дарэчы, розная стратэгія ў беларускіх і расійскіх тэлевытворцаў “Зорнага рынгу” таксама і ў выбары персаналій на ролю вядучых-канферанс`е (верагодна, пары былі падабраны з мэтай падкрэсліць кантраснасць, характэрную для праекта: у першых сезонах шоу да ўдзелу ў кожным выпуску запрашалі прадстаўнікоў розных музычных стыляў). У беларускім шоу Ніна Багданава і Дзмітрый Врангель (з восені 2013г. яго месца займае Дзмітрый Кахно) – стратэгія “мужчына – жанчына”, у Расіі – Міхаіл Баярскі і Тымур Радрыгез: шырока вядомы чалавек ва ўзросце каля пяцідзесяці гадоў, якому больш давярае старэйшае пакаленне, і шоумен, папулярны ў моладзі (стратэгія кантрасту ва ўзросце).

На прыкладзе “Зорнага рынгу” бачым, што нават у канцэртных праграмах, дзе выступленні артыстаў займаюць ключавую пазіцыю, роля камунікатыўнага элемента ў кадры можа вар’іравацца. Пытанне наконт таго, што будзе першасным у аснове экраннага відовішча – размова або невербальныя элементы – вырашаецца сітуацыйна і часам нават не залежыць ад першапачатковай канцэпцыі фарматнага праекта. У шоу-гульнях, напрыклад, гаварэнне звычайна падтрымліваецца невербальнымі сродкамі стварэння экраннага вобразу (графіка, мантаж, музыка і інш.), часта дэманструюцца нейкая спецыфічная тэхніка (“суперразумныя” камп’ютары, дэтэктары хлусні і г.д.), якая перацягвае ўвагу на сябе. Дыялогі ў гульнях звычайна менш змястоўныя (часам з той прычыны, што існуе абмежаванне ў часе на абмеркаванні), яны зарыентаваны на пошук адказу на пастаўленае пытанне. Тым не менш, пры распрацоўцы варыянтаў канкрэтнай праграмы можна назіраць адхіленні і перастаноўку акцэнтаў. Так, тэлеканал АНТ ужо больш за пяць гадоў транслюе сваю адаптацыю нідэрландскага праекту “Адзін супраць ста” – “Адзін супраць усіх”. Калі разглядаць змест тэлепрадукта, бачым, што камунікацыя ў шоу будуецца па характэрнай для інтэлектуальных шоу мадэлі “пытанне – адказ” (гульня-віктарына): у эфіры вядучы разам з ігракамі вызначае правільныя варыянты і прапануе інфармацыю па тэме. Усё гэта адбываецца на фоне маштабных дэкарацый, якія падтрымліваюць дынаміку шоу, дапаўняюць маналог вядучага з яго дыялогам з галоўным іграком яскравымі эфектамі. Часам да гутаркі падключаецца хто-небудзь трэці – з праціўнікаў на ігравым полі. У замежных версіях шоу (напрыклад, у расійскай праграме) амплуа вядучага – строгі інтэлектуал, яго маўленне досыць сухое. Дэкарацыі і графіка маюць вялікае значэнне: яны не толькі ствараюць атмасферу, але і арыентуюць гледача ў ходзе гульні. У той жа час асновай шоу беларускага “Адзін супраць усіх”, нягледзячы на маштабнасць дэкарацый і тэхнічнага абсталявання, з’яўляецца менавіта вербальны кампанент. Гэта абумоўлена асаблівасцямі паводзін яе вядучага – Георгія Калдуна, які пазіцыянуе сябе як шоумен. У беларускай версіі праграмы нярэдка гледачу больш цікава разважанне па тэме пытання, чым правільны адказ. Гэта яскравы прыклад таго, як асоба вядучага змяняе першапачатковы фармат, падымае тэлевіктарыну на новы ўзровень, надае ёй пэўныя ўласцівасці ток-шоу.

Выбар кандыдатуры вядучых змяняе не толькі суадносіны вербальнага і невербальнага, але і розныя дэталі зместу камунікацыі ў фарматнай праграме. Калі мы параўнаем расійскую і беларускую версію ток-шоу “Давай ажэнімся”, то, акрамя розніцы ў планіроўцы студыі (беларуская больш кампактная па плошчы і мае меншую колькасцю дэталяў), мы заўважым адрозненні ў структуры размовы, культуры паводзін вядучых і г.д. У цэлым, фармат “Давай ажэнімся!” рэалізуе камунікатыўную мадэль “суджэнне – контрсуджэнне” (сход): мадэль мае на ўвазе палілог, у якім удзельнікі даводзяць адзін да аднаго (і да гледачоў) пэўныя думкі, даказваюць пэўныя тэзісы, пераконваюць у правільнасці сваёй пазіцыі – такім тэзісам у праграме “Давай ажэнімся!” з’яўляецца права на ўвагу галоўнага героя (жаніха ці нявесты). Удзельнікі распавядаюць гісторыі з жыцця, на аснове якіх, як і на падставе маўленчых паводзін падчас шоу, робяцца пэўныя высновы.

Перад пачаткам дыскусіі ў беларускай праграме прадстаўляюцца ўсе яе ўдзельнікі. У расійскай версіі мадэратар прадстаўляе сябе, прапануе відэафайл з прадстаўленнем жаніха ці нявесты, а пасля гэтага адразу пачынае з ім размову, псіхолаг і астролаг, якія прысутнічаюць у студыі, нібыта не заўважаюцца, што выклікае пытанні асабліва ў тых, хто глядзіць праграму ўпершыню. Акрамя таго, у беларускіх і расійскіх версіях рознае стаўленне да “норм дазволенага”: расійская версія змяшчае большую колькасць інвектыў, эмацыянальных выпадаў у бок канкурсантаў і інш. У беларускай версіі шоу часам таксама з’яўляюцца не зусім этычныя каментары, што асабліва тычыцца рэплік свахі – Вольгі Няфёдавай: “Ой, тю-тю-тю. Какие мы!..”, “Деточка, сколько вам лет?!”, “Вы не думали, что он может заразить вас, ребёнка! Вот просто об этом можно подумать…”, “Пускай он тягается и приносит всё в дом, что ли?” Аднак гэта здараецца не так часта і звычайна характэрна толькі для адной з трох вядучых, што, верагодна, з’яўляецца выключна адлюстраваннем яе асабістай культуры. Выбар такога чалавека на ролю свахі – магчыма, спроба рэжысёраў намаляваць выразны характар і разнастаіць шоу: каб амплуа псіхолага і свахі стваралі кантраст (добры вядучы – злы вядучы) на фоне нейтральнасці мадэратара.

Яшчэ адзін прыклад стварэння рознай атмасферы праграмы за кошт выбару кандыдатуры вядучых – адаптацыя рэаліці фармату “Next Top Model”. Вядучы, згодна асаблівасцям канцэпцыі шоу і мадэлі камуніка­цыі (сумяшчэнне “відовішча-рэакцыя” і “дзеянне-контрдзеянне”), выконвае наступныя ролі: па-першае, мадэратара (найбольш яскрава праяўляецца на савеце); па-другое, рэдактара, “мадэратара за кадрам” (напрыклад, Тайра Бэнкс уключаецца ў выбар тэматыкі фотасесій і конкурсаў); па-трэцяе, госця (час ад часу вядучая прыходзіць да ўдзельніц пагаварыць, дапамагчы) і, па-чацвёртае, ролю суддзі на выніковым савеце журы. У амерыканскай і рускай версіі “Next Top Model” розная ступень уключанасці вядучага ў працэс здымак і камунікатыўныя сітуацыі, таму першасныя ролі іх вядучых адрозніваюцца. Тайра Бэнкс у “Топ-мадэль па амерыканску” выступае ў якасці эксперта, а таксама праяўляе сябе як “маці” ўсіх удзельніц: з аднаго боку, яна супермадэль, ідэал, мы не ставім пад сумненне аб’ектыўнасць яе каментарыяў, з другога боку, яна дае парады дзяўчатам на працягу шоу, падтрымлівае іх, таму на экране – шчырыя размовы, больш дыялогаў і палілогаў вядучага з удзельніцамі. Гэта значна ўплывае на агульны настрой шоу. Стыль камунікацыі Тайры: размоўнае маўленне з пэўнай колькасцю кніжных выразаў, сціслыя, але ёмістыя сказы, шмат лексікі з пазітыўнай канатацыяй, мадальныя словы, а таксама адпаведная сітуацыі невербаліка – шчырая усмешка, жэст запрашэння абняць і г.д. У “Топ-мадэль па-руску” (сезоны 1–3) галоўная роля вядучай – “штучны” эксперт: Ксенія Сабчак не мае вялікага вопыту ў працы мадэлі, таму нярэдка яе характарыстыкі ўдзельніц менш змястоўныя, вельмі суб’ектыўныя і часам каментарыі не выходзяць за межы “мне нравится / не нравится”, хоць яна і імкнецца заняць месца спецыяліста і ўзвышае сябе над дзяўчатамі, часам ставіцца да іх досыць халодна. Тым не менш, яна імкнецца выконваць ролю эксперта, які назірае за дзеяннямі дзяўчат і мае права на пэўныя высновы. Стыль камунікацыі Ксеніі – маўленне на мяжы размоўнага і прастамоўнага, ужыванне грубай і ненарматыўнай лексікі, неаднароднасць стылю, манернасць, мінімум дынамікі ў міміцы, блытаніна ў зваротах “ты” і “вы” да ўдзельніц, парушэнне культуры камунікацыі і інш. Такім чынам, амплуа вядучых рускай і амерыканскай версій шоу вельмі розныя, што ўплывае на агульнае ўражанне ад гэтых праграм, часам супрацьлеглае.

З прыходам у новым сезоне (2012 г.) на месца вядучай замест Ксеніі Сабчак вядомай топ-мадэлі Ірыны Шэйк кантраст паміж прафесіяналізмам цэнтральных фігур дзвюх версій праекта паменшыўся: каментарыі Ірыны больш дарэчныя і менш суб’ектыўныя, маўленне – больш стрыманае, багатае і чыстае, чым у Ксеніі Сабчак. Але новая вядучая “Топ-мадэлі па-руску” выконвае толькі ролі мадэратара савета, суддзі і “зорнага” госця. Па-ранейшаму, не хапае ўключанасці, характэрнай для амерыканскага шоу, стыль камунікацыі даволі халодны і заўважна дыстанцыя, якая існуе паміж удзельніцамі і вядучай. На жаль, амплуа “маці” або “сяброўкі”, якое ўласціва Тайры Бэнкс і якога не было ў Ксеніі Сабчак, Ірына Шэйк у новыя выпускі не прынесла. Аднак заўважны невялікі прагрэс: напрацягу 12 серый яна раскрываецца і пачынае паводзіць сябе больш павольна і часцей з’яўляецца ў кадры па-за межамі савета журы. Магчыма, у наступных сезонах новая вядучая лепш асвоіцца на праекце і руская версія “Next Top Model” будзе больш цікавай і канкурэнтаздольнай.

Калі гаварыць пра іншыя асаблівасці рэалізацый фармату “Next Top Model”, трэба адзначыць, што кожны здымачны план “Топ-мадэлі па-амерыканску” доўжыцца не больш за 5 секунд. Таму чаргаванне дыялогаў, маналогаў і палілогаў і асобных фраз у іх вельмі хуткае. Адзін голас рэдка гучыць больш за 20-30 секунд (выключэнне – маўленне вядучай на савеце). І гэта разам са зменай музычнай тэмы стварае пэўны тэмпарытм праграмы. У “Топ-мадэлі па-руску” тэмпарытм больш павольны, дыялогі некалькі даўжэйшыя, майстар-класы бываюць зацягнутымі, а музыка змяняецца не так часта і не так кардынальна. Адна са спроб рэжысёраў дадаць дынамікі – новы тэкставы элемент: анансаванне элементаў праграмы з дапамогай цітраў (на наш погляд, атрымалася няўдала, бо губляецца эфект нечаканасці).

Суадносіны вербальнага кампаненту са сродкамі мантажу у рускай і амерыканскай версіі розныя. У амерыканскай – першаснай з’яўляецца карцінка: эфектнае з’яўленне вядучай або якога-небудзь госця, дынамічныя конкурсы, кароткія фразы, яскравыя фотасесіі. Маналогі-каментарыі адлюстроўваюць меркаванне наконт таго, што адбываецца, ацэнку ўдзельнікаў, а дыялогі і палілогі – натуральная рэакцыя ў створаных камунікатыўных сітуацыях. У рускай праграме сам працэс гаварэння займае больш часу, нярэдка тэкст паўтарае выяву: каментарыі адлюстроўваюць тое, што мы толькі што ўбачылі, яны больш апісальныя. Аб’ём вербальнага раду ў рускай версіі павялічваецца і за кошт дадатковага элементу: гавораць у кадры, напрыклад, візажысты – такім чынам уводзіцца “схаваная” рэклама (у гэты час на экране прадукт, з дапамогай якога візажысты нібыта дасягаюць выдатных вынікаў). Дадатковы тэкставы элемент таксама – анонс наступнай серыі ў канцы кожнага выпуску.

Чысціня маўлення пераважна захоўваецца ў амерыканскім праекце, але гэта, на жаль, не самы моцны бок рускай версіі. У тэкстах “Топ-мадэлі па-руску” гучаць варварызмы: “фэшн любит это…”, “артовая фотография”, “ультра-фэшн”, “для меня это too much” і інш. За межы літаратурнага стылю “Топ-мадэль па-руску” выводзіць вялікая колькасць прастамоўнай і грубай лексікі і нават інвектыў у маўленні як дзяўчат, так і вядучай, і суддзяў: “Идёте, как овцы на заклание!”, “Круто одевается, вы чо?”, “офигеть”, “лоханулись по полной”, “хватит дрыхнуть”. У амерыканскай праграме грубая лексіка ў непрыкрытым выглядзе сустракаецца значна радзей: інвектывы часцей за ўсё не гучаць, а схаваны спецыяльнымі гукамі ці ўвогуле заглушаны і паказаны візуальнай маскіроўкай вуснаў. У цэлым стыль тэксту перакладу “Топ-мадэлі па-амерыканску” (у эфіры “МузТБ” і “БелМузТБ”), як і стыль англамоўнага арыгіналу, можна апісаць як размоўную форму літаратурнага маўлення з элементамі кніжнага. У параўнанні з амерыканскім шоу маўленне ўдзельнікаў “Топ-мадэлі па-руску” (асабліва сезоны 1–3) прастамоўнае з пэўнай колькасцю кніжных метафар і спецыяльнай лексікі.

У апошнія гады аўтары “Топ-мадэлі па-амерыканску” працягваюць змяняць напаўненне фармату. У амерыканскай праграме ў новых сезонах (2012-2013) вытворцы дададалі інтэрактыў, запрасілі новых суддзяў і змянілі сістэму ацэнкі ўдзельніц. У выніку 19-ы і 20-ты сезон гэтага шоу сталі яшчэ больш прыцягальнымі, бо аўдыторыя змагла паўдзельнічаць і паўплываць на ход спаборніцтва: паставіць свае балы за фотасесіі і даслаць ролікі з меркаваннямі, каб іх потым паказалі на выніковым савеце. Вельмі добра прадумана рэжысура саветаў, дзе Тайра Бэнкс прапануе дзяўчынам адказаць на каментарыі і апраўдацца, калі водгукі змяшчаюць абвінавачванні. У новым сезоне “Топ-мадэлі па-руску”, які выйшаў прыкладна ў той жа час, былі таксама цалкам заменены суддзі – прапанавана міжнароднае прафесійнае журы, у тым ліку адзін з персанажаў першых 18-ці сезонаў “Топ-мадэлі па-амерыканску” Джэй Аляксандр. Палепшыўся візуальны бок праекту: з’явіліся цікавыя аператарскія знаходкі, крэатыўныя застаўкі-прадстаўленні журы і ўдзельніц, стыльныя дэкарацыі ў зале, дзе праходзіць савет, і інш. Як было сказана вышэй, з’явілася новая вядучая – топ-мадэль Ірына Шэйк: яна дала шоу патрэбны прафесіяналізм, але не прынесла ў праграму шчырасці. Агульнае ўражанне ад рэаліці і водгукі на выпускі ў сацыяльных сетках палепшыліся, але “Топ-мадэль па-руску” па-ранейшаму складана глядзець, бо не хапае дынамікі, серыі зацягнутыя і ў іх не заўжды дарэчна зроблены аўдыярад, прысутнічаюць парушэнні культуры паводзінаў і залішняя колькасць рэкламы.



Такім чынам, на прыкладзе рэалізацыі аднаго і таго ж фармату праграм у розных краінах бачым, што ў залежнасці ад паджанра, выкарыстаных вербальных і невербальных сродкаў, культуры камунікацыі, выбару кандыдатур вядучых і амплуа ўсіх удзельнікаў шоу атрымліваецца розны тэлепрадукт, які, хоць і мае агульныя базавыя прыкметы, мае сваю спецыфіку на кожнай культурнай глебе і ўспрымаецца па-рознаму. Калі стваральнікі праграмы здолелі знайсці сапраўды яскравага персанажа на ролю мадэратара або цікавых гасцей з цікавымі пазіцыямі, можна аддаць перавагу шоу-размове не толькі ў ток-шоу, але і ў канцэртных праектах, тэлеконкурсах, віктарынах, рэаліці і інш. У адваротным выпадку – лепш рабіць акцэнт на візуальным радзе, музычным афармленні, відовішчных структурных элементах праграмы (выступленнях артыстаў, відэасюжэтах, спаборніцтвах і інш.). Нарэшце, важную ролю адыгрывае дынаміка шоу: нават вельмі цікавая размова можа дрэнна ўспрымацца, калі яе дрэнна адлюстравалі (напрыклад, праз зацягнутыя планы і доўгае гучанне аднаго і таго ж голаса). Фармат – гнуткая база, якую можна падладзіць пад існуючыя тэхніка-тэхналагічныя і чалавечыя рэсурсы, але ў ідэале, у не залежнасці ад выбраных прыярытэтаў і перастаноўкі акцэнтаў, усе кампаненты павінны быць на высокім узроўні: тады адаптацыя будзе не горш за арыгінал, перацягне на свой бок аўдыторыю і, можа, нават здолее пакласці пачатак самастойнаму фармату, якім зацікавяцца тэлевытворцы іншых краін.
Літаратура

  1. Лепешенков, О. Форматный эфир телеканала “ОНТ” / О. Лепешенков // Журналістыка-2010 : стан, праблемы і перспектывы : матэрыялы 12-й Міжнар. навук.-практычн. канф. 8-9 сн. 2010 г., Мінск / рэдкал. : С.В.Дубовік (адказн. рэд) [і інш.]. – Вып.12. – Мінск: БДУ, 2010. – С. 87–89.

  2. Поберезникова, Е.В. Телевидение взаимодействия: Интерактивное поле общения / Е.В.Поберезникова. – М.: Аспект Пресс, 2004. – 222 с.



: bitstream -> 123456789 -> 101906
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка