Тэма: Абсалютызм у краінах Паўднёва заходняй Еўропы



Дата канвертавання17.06.2016
Памер155.91 Kb.
Тэма:Абсалютызм у краінах Паўднёва-

заходняй Еўропы
1 Спецыфіка італьянскага рэгіянальнага абсалютызму.

2 Іспанскі абсалютызм.

3 Станаўленне незалежнай Партугаліі і фарміраванне абсалютысцкай сістэмы.

Літаратура

Кандэлоро, Дж. История современной Италии. [Текст]. / Дж. Кандэлоро. – М., 1978. – Т. 1.

История Италии. [Текст]. В 3-х т. – М., 1971. – Т. 1.

История Европы. [Текст]. Т.3, 4. – М.,1990, 1994.


1. У Італіі ўмацаванне манархічнай улады адбывалася на мясцовым узроўні, у межах тых невялікіх дзяржаў, на якія яна была раздроблена. У савойскім герцагстве ў другой палове XVI ст. у час праўлення герцага Эмануіла Феліберта рэзка ўзмацняецца цэнтралізатарская тэндэнцыя. Усё кіраванне канцэнцэнтруецца ў руках герцага. Саслоўныя органы больш не склікаюцца. Бюракратычны апарат бярэ пад свой кантроль традыцыйную мясцовую адміністрацыю. Адбываецца ўніфікацыя судовай сістэмы. Дваранства было пазбаўлена ранейшай палітычнай самастойнасці, але захавала феадальные правы ў дачыненні да сялян.

У неапалітанскім каралеўстве фарміраванне абсалютысцкай сістэмы ішло ва ўмовах іспанскага панавання. Вярхоўная ўлада належала віцэ-каралю. Ён праводзіў палітыку, накіраваную на абмежаванне правоў мясцовых баронаў, часта абапіраючыся на вярхушку трэцяга саслоўя. Але гэтая палітыка была непаслядоўнай. У Неапалітанскім каралеўстве, як і Савойскім герцагстве, абсалютызм складваўся ва ўмовах, калі сацыяльная структура грамадства была для гэтага яшчэ не гатова. У Неапалітанскім каралеўстве эканамічнае развіццё і непаслядоўная палітыка іспанскіх улад спрыяла далейшаму ўмацаванню дваранства і аслабленню буржуазіі. У выніку фарміраванне абсалютызму тут спынілася на пачатковай стадыі.

Пасля Вестфальскага дагавора Італія засталася раздробленай, знаходзілася пад уплывам моцных еўрапейскіх дзяржаў: Іспанія валодала Мантуяй, Міланам, Неапалем, Сіцыліяй. Значны ўплыў мела і Францыя. Толькі Савойскае герцагства змагло захаваць сваю самастойнасць. Італія перажывала эканамічны заняпад. Трыцацігадовая вайна, іспанскае панаванне падарвалі эканоміку краіны. Іспанскія Габсбургі бачылі асноўную задачу свайго праўлення ў Італіі ў тым, каб выкачваць з яе максімум сродкаў. Гандль і земляробства прыходзяць у заняпад, прамысловасць знікла амаль цалкам, не вытрымаўшы замежнай канкурэнцыі. Ва ўмовах рэгрэсу прамысловасці італьянскім экспартам становіцца выключна прадукцыя сельскай гаспадаркі. Тармазіла развіццё мануфактур і раздробленасць краіны, шматлікія ўнутраныя мытныя граніцы. Развіццё капіталізму было прыпынена і адкінута назад. Больш павольна да эканамічнага заняпаду рухалася Венецыянская рэспубліка. Гэты працэс паскорыўся з-за турэцкай экспансіі. На працягу другой паловы XVII – пачатку ХVІІІ ст. Венецыя вядзе амаль бесперапынныя вайны супраць Турцыі, у якіх церпіць паражэнне. Па дагавору 1717 г. яна саступіла Турцыі ўсе свае ўладанні на Усходзе.

У сацыяльнай сферы адбываецца размыў буржуазных слаёў грамадства. Буржуазія пачынае актыўна ўкладаць сродкі не ў прамысловасць і гандаль, а набывае землю. Дзякуючы гэтаму многія буржуа пераходзілі ў дваранскае саслоўе. У сельскай гаспадарцы панавала буйная зямельная ўласнасць, але меліся і рэгіянальныя асаблівасці. На Поўдні латыфундыі працавалі на рынак і паступова ператвараліся ў рыначныя гаспадаркі. Яны выкарыстоўвалі працу сельскіх батракоў. На Поўначы сеньёры не вялі гаспадарку самі. Яны здавалі зямлю ў арэнду на ўмовах іздольшчыны.

Новыя спусташэнні Італіі прынесла Вайна за іспанскую спадчыну. іспанскае панаванне ў Італіі было падарвана. Перавагу на Апенінскім паўвостраве атрымала Аўстрыя. У час Вайны за іспанскую спадчыну ўзмацнілася Савайскае герцагства. Герцаг Віктар Амадей ІІ у 1713 г. атрымаў тытул караля. У першай палове XVIII ст. на тэрыторыі Ітьаліі адбывалася шмат войнаў, у ходзе якіх Іспанія спрабавала вярнуць свае ўладанні. У выніку іх Сардзінія далучаецца да Савойскага герцэгства, і з 1720 г. стала ўжывацца назва Сардзінскае каралеўства (Савойя, П'емонт, Сардзінія). Сіцылія адыйшла да Неапалітанскага каралеўства, якое яшчэ называюць Каралеўствам абедзвюх Сіцылій. Поўночная Італія засталася пад кантролем Аўстрыі, якая спрабавала захапіць і Генуэзскую рэспубліку.

Пасля 1748 г. у Італіі ўсталяваўся мір, і пачаўся эканамічны ўздым краіны. Ён ахапіў у найбольшай ступені Ламбардыю, П'емонт, Таскану. Тут сельская гаспадарка прыносіла значныя даходы. У выніку італьянская буржуазія аддае перавагу капіталаўкладанням у сельскую гаспадарку. Пры гэтым буржуа часта зганялі з зямлі тардыцыйных трымальнікаў і арганізоўвалі буйныя фермы капіталістычнага тыпу. А ўчарашнія арандатары працавалі на іх у ролі батракоў. Пачынае адраджацца і прамысловасць, перш за ўсё шоўкаткацтва на тэрыторыі Ламбардыі, П'емонта. Менавіта ў гэтай галіне ўзнікае шэраг цэнтралізаваных мануфактур, на некаторых з якіх працавала па некалькі соцен рабочых. Актыўней сталі развівацца рамяство і рассеяныя мануфактуры.

У Цэнтральнай і Паўднёвай Італіі эканамічны ўздым быў менш прыкметны. Тут на вёсцы таксама з’яўляюцца буйныя арандатары. Але яны не вядуць гаспадарку самастойна, а здаюць сялянам землю ў субарэнду. На Поўдні імкліва павялічваліся натуральныя плацяжы, бо на замежных рынках хутка раслі цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Новая аграрная буржуазія на Поўдні захоўвае феадальныя спосабы эксплуатацыі сялян, у выніку чаго фарміруецца яе саюз з дваранствам. Тым не менш, буржуазнае землеўладанне расло. Гэты працэс суправаджаўся захопам абшчынных зямель і згонам сялян з зямлі. На шляху развіцця эканомікі застаецца шмат перашкод: палітычная раздробленнасць, замежнае панаванне, сярэдневякавыя рэгламентацыі, вузкі ўнутраны рынак.

У другой палове XVIII ст. для палітычнага жыцця былі характэрны рэформы ў духу асветніцкага абсалютызму. Перадумовай для іх ажыццяўлення стала распаўсюджанне ідэй Асветніцтва. Найбольш значнымі прадстаўнікамі гэтай ідэйна-палітычнай плыні ў Італіі з’яўляліся Джамбаціста Віко і Чэзарэ Бекарыа. Рэформы былі нацэлены на пераадоленне сацыяльна-эканамічнай і палітычнай адсталасці Італіі. Для італьянскіх дзяржаў было характэрна засілле каталіцкай царквы, якая часта ўшчамляла інтарэсы свецкай улады. Таму адным з напрамкаў рэформ сталі меры па абмежаванню ўмяшання каталіцкай царквы ў дзяржаўныя справы. У неапалітанскім каралеўстве ўлады забаранілі пашырэнне царкоўнага землеўладання, урэзалі правы царкоўных судоў, забаранілі інквізіцыю, закрылі шэраг манастыроў і забаранілі дзейнасць царкоўных ордэнаў, канфіскаваўшы іх маёмасць.

Нарастаўшыя фінансавыя цяжкасці прымушалі правесці падатковыя рэформы. У Парме, Таскане, Неапалітанскім каралеўстве адбылося абмежаванне падатковага імунітэту дваранства і духавенства, была адменена сістэма перадачы збору падаткаў адкупшчыкам. У Ламбардыі была праведзена рэвізія ўсіх зямельных уладанняў і па яе выніках уведзены пазямельны падатак для ўсіх сасловій. Гэта ўмацоўвала фінансавае становішча мясцовых манархаў. Найбольш яскравым прыкладам манарха-асветніка ў Італіі стаў герцаг Тасканы Петр Леапольд. Ён пашырыў мясцовае самакіраванне, увёў новы крымінальны кодэкс, які грунтаваўся на асветніцкіх ідэях Ч. Бекарыа. Але рэформы ў цэлым не змянілі феадальны характар сацыяльна-эканамічных і палітычных структур у італьянскіх дзяржавах.

2. Спецыфіка фарміравання абсалютызму ў Іспаніі звязана з асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтай краіны. У Іспаніі ўжо ў XVI ст. адбываўся працэс экспрапрыяцыі дваранствам абшчынных зямель. Сяляне выцясняюцца на горшыя землі. Унутраны гандаль быў абмежаваны толькі мясцовымі рынкамі. Знешні (каланіяльны) гандаль з’яўляўся манаполіяй прывілегіраваных гандалёвых кампаній. Мануфактура пачынае развівацца ў XV – XVI ст., але ў сярэдзіне XVII ст. іспанская мануфактура прыходзіць у заняпад.

Важная асаблівасць гістарычнага працэсу ў Іспаніі ў пачатку новага часу – засілле каталіцкай царквы. Яна дабілася як эканамічнай, так і палітычнай самастойнасці ад дзяржавы. Умяшанне царквы ва ўнутраную палітыку адмоўна адбілася на эканамічным развіцці краіны. Праследаванні па яе ініцыятыве марыскаў і іншых рэлігійных дыседэнтаў прывялі да значнага скарачэння колькасці насельніцтва (з 10 да 6,5 млн.) і заняпаду рамясла, якое раней адыгрывала важную ролю ў развіцці іспанскай эканомікі.

Войны Рэканкісты выхоўвалі шырокія масы народа ў духу палітычнай актыўнасці і спрыялі стварэнню вялікай колькасці органаў самакіравання ў выглядзе разнастайных магістратур, якія часта не былі абмежаваны ніякімі цэнтральнымі інстытутамі ці законамі. Гарады і дваранства прысвоілі сабе шматлікія прывілеі, “фуэрос”. Цэнтралізацыі Іспаніі перашкаджала тое, што гэтае каралеўства фарміравалася з розных абласцей, якія моцна адрозніваліся па культурных і дзяржаўных традыцыях. астурыя, Леон, Галісія, Касцілія мелі готскія традыцыі. Навара, Арагон, Каталонія – франкскія. Іспанія першапачаткова ўяўляла сабою федэрацыю двух каралеўстў: Арагона і Касціліі. Таму для іспаніі на працягу ўсяго новага часу былі характэрны моцныя сепаратысцкія тэндэнцыі.

Умацаванне каралеўскай улады адбылося пры Карле І (як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі – Карл V). Але ён быў не столькі іспанскім каралём, колькі імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Адпаведна, яго намаганні былі накіраваны на ўмацаванне манархічнай улады ў рамках ствараемай ім універсальнай імперыі. Яго сын, Філіп ІІ, быў ужо ўласна іспанскім каралём, і ён працягнуў намаганні свайго бацькі па ўмацаванню манархіі, але ўжо ўласна іспанскай. На думку Г. Кёнігсберга, пры гэтым манарху ўжо можна гаварыць пра ўсталяванне ранняга абсалютызму ў адной з частак іспаніі – у Касціліі. Філіп ІІ усё больш і больш ставіў у падначаленне мясцовыя картэсы і без усялякага супраціўлення з іх боку ўводзіў новыя падаткі.

Важную ролю ў кіраванні краінай сталі іграць летрадо – чыноўнікі з юрыдычнай, ці тэалагічнай адукацыяй. Яны да канца XVI ст. моцна пацяснілі знаць у справе кіравання дзяржавай.

У час трыцацігадовай вайны Іспанія панесла вялікія страты. Быў пастаўлены пад сумненне статус Іспаніі як вялікай дзяржавы. Кароль Філіп ІV адмовіўся падпісаць Вестфальскі мір у 1648 г. і працягваў вайну з Францыяй спачатку ў саюзе з Англіяй. У 1655 г. Кромвель парваў саюз з Іспаніяй і заключыў яго з Францыяй. У 1659 г. Філіп ІV пайшоў на заключэнне нявыгаднага міру з Францыяй. Буйной знешнепалітычнай няўдачай Іспаніі стала і тое, што ў 1665 г. яна вымушана была прызнаць незалежнасць Партугаліі.

У 1665 г. пачынаецца цараванне апошняга іспанскага Габсбурга Карла ІІ. Пры ім рэальная ўлада канцэнтруецца ў руках фаварытаў. У Еўропе чакалі хуткай смерці караля, здороўе якога было слабым. Паколькі ў яго не было наследніка, то пры двары разгарнулася барацьба дзвюх партый. Французская партыя выступала за тое, каб трон пасля смерці Карла ІІ перайшоў да французскіх Бурбонаў. Нямецкая, ці аўстрыйская партыя дамагалася перадачы трона аўстрыйскім Габсбургам. На першым этапе царавання Карл ІІ дзейнічае ў русле французскай палітыкі, але потым ён далучаецца да антыфранцузскіх кааліцый. Войны апошняй трэці XVII ст. былі для Іспаніі няўдалымі. Яна страчвае частку сваіх земель ў Паўднёвых Нідэрландах. Другі шлюб Карла ІІ спрыяў умацаванню пры двары германскай партыі, але перад смерцю ён прызначае сваім наследнікам французскага прынца.

Да XVIII ст. абсалютная манархія усталявалася толькі ў адной частцы Іспанскага каралеўства – Касціліі. Тут, за выключэннем некаторых аўтаномных абласцей (Навара, Галісія Астурыя), ужо склаліся адзіныя цэнтралізаваныя падатковая, мытная і адміністрацыйная сістэмы. Асаблівасцю касцільскай абсалютнай манархіі было тое, што яна развівалася ў саюзе з арыстакратыяй. Капіталістычны ўклад у Іспаніі быў вельмі слабы. Таму бюргерства не ўяўляла тут значнай эканамічнай і палітычнай сілы. У Іспаніі не было сацыяльнай базы для правядзення манархіяй палітыкі лавіравання паміж дваранствам і буржуазіяй, характэрнай для класічнага абсалютызму.

Старая сістэма саветаў, як органаў кіравання, якія засядалі ў Мадрыдзе, была разгалінаванай. Дзейнічалі дзяржаўны і ваенны саветы, саветы якія кіравалі асобнымі тэрыторыямі, існаваў інквізіцыйны савет. З умацаваннем абсалютысцкай тэндэнцыі кароль пачынае фарміраваць бюракратычную сістэму кіравання. Але з-за засілля арыстакратыі ў каралеўскіх саветах аказалася вельмі складанна стварыць кіруючыя органы міністэрскага тыпу. Толькі ў пачатку XVIII ст. ў Касціліі быў створаны кабінет-савет, у якім міністры ўзначальвалі пэўныя ведамствы. Картэсы Касціліі ў другой палове XVII ст. кароль ужо не збірае, але юрыдычна яны не спыняюць сваё існаванне. Картэсы мелі пастаянна дзеючыя органы – дэпутацыі, якія засядалі ў Мадрыдзе і давалі згоду на збор падаткаў. З 1660 г. урад стаў вырашаць пытанні ўвядзення новых падаткаўметадам апытання прадстаўленых у картэсах гарадоў паасобку і з дапамогаю ціску дамагаўся патрэбнага выніку. Але пры гэтым гарады Касціліі захоўвалі значную самастойнасць. Абсалютызм Касціліі аказаўся няздольны правесці фінансавую рэформу. Алькаба – асноўны прамы падатак, па-ранейшаму аддаваўся адкупшчыкам. Дваранства і духавенства па-ранейшаму мела падатковы імунітэт. Таму фінансавыя рэсурсы каралеўскай улады заставаліся адносна невялікімі.

Арагонскія землі мелі свае звычаі і традыцыі, і кароль асабіста, ці праз віцэ-караля, прыносіў прысягу на іх захаванне. Тут дзейнічалі дастаткова ўплывовыя картэсы, якія ў канцы XVII ст. склікаліся ўжо не рэгулярна. Затое працягвалі засядаць дэпутацыі, якія ваціравалі падаткі. Шырокай аўтаноміяй карысталіся гарады Арагона. Існаваў мясцовы суд побач з каралеўскім. У Мадрыдзе пры каралю існаваў арагонскі савет. Можна канстатаваць, што ўлада караля ў Арыгоне ў канцы XVII ст. была даволі моцнай па мерках саслоўна-прадстаўнічай манархіі, але яшчэ далёкай ад абсалютызму. Кароль ужо прызначаў важнейшых адміністратыўных асоб Арагона. Не была завершана цэнтралізацыя Іспаніі. Землі Арагона і Касціліі былі аддзелены мытнымі граніцамі.

У 1700 г. на трон уступае Філіп V Бурбон (правіў па 1746 г.). Гэта выклікала Вайну за іспанскую спадчыну. Яна прынесла Іспаніі вялікія эканамічныя страты. У 1703 г склалася пагроза таго, што Філіп V будзе звергнуты з іспанскага трона. Важную ролю ў поспехах аўстрыйскага эрц-герцага Карла адыгрывала тое, што на яго бок перайшло дваранства і гарады Арагона. 25 красавіка 1707 г. Філіп V атрымаў буйную перамогу пры Альмансе. Дзякуючы ёй ён падначаліў сабе землі Арагона. Былі знішчаны ўсе прывілеі арагонскіх зямель, картэсы распушчаны, арагонскі савет ліквідаваны, у гарады Арагона назначаны каралеўскія чыноўнікі.

Па Утрэхцкаму міру 1713 г. большасць вядучых дзяржаў Еўропы прызнала Філіпа V іспанскім каралём. У Іспаніі яму давялося сутыкнуцца з мецяжом у Каталоніі. 11 верасня 1714 г. каралеўская армія авалодала Барселонай, сталіцай Каталоніі. З завяршэннем Вайны за іспанскую спадчыну і падаўленнем унутраных мецяжоў Філіп V умацоўвае абсалютызм. З 1709 г. ён пачынае склікаць агульнаіспанскія картэсы. Але з цягам часу яны склікаюцца ўсё радзей, а функцыі іх былі абмежаваны, і яны ўжо не мелі пастаянных органаў. На ўсе землі Арагонскага каралеўства пачынаюць распаўсюджвацца некаторыя падаткі Касціліі. Але асноўны прамы падатак алькабала застаўся чыста касцільскім. Ідэя распаўсюджвання яго на Арагон сустрэла моцную крытыку і ад яе прыйшлося адмовіцца. У 1717 г. у Іспаніі былі адменены ўнутраныя мытні, што было важным крокам на шляху ўмацавання адзінства краіны.

Істотныя змены адбыліся ў цэнтральным апараце кіравання. У 1714 г. быў утвораны савет міністраў як вышэйшы орган дзяржаўнага кіравання. Старыя каралеўскія саветы захавалі чыста дарадчыя функцыі. У студзені 1716 г. кароль выдае дэкрэт аб кіраванні ў Каталоніі, згодна якому ў гэтай правінцыі ўсталёўвалася ваенная дыктатура генерал-капітана. Ваеннае кіраванне, апрабаванае ў Каталоніі, стала распаўсюджвацца і на некаторыя іншыя правінцыі. У 1718 г. кароль робіць спробу паставіць на чале правінцый інтэндантаў. Але гэты крок караля сустрэў вельмі моцнае супрацьдеянне на месцах, і ў 1724 г. ён часова ліквідаваў гэты інстытут. У 1749 г. інтэнданты зноў былі пастаўлены на чале правінцый.

2. XVIII ст. – гэта час пэўнага эканамічнага ўздыму ў Іспаніі. Але ён ахапіў толькі іспанскую прамысловасць. У сельскай гаспадарцы захоўваецца застой. Барселона вызначалася развіццём тэкстыльнай мануфактуры, у Астурыі ствараліся металургічныя прадпрыемствы. Нягледзячы на паскарэнне развіцця мануфактуры, пануючай формай прамысловай вытворчасці застаецца рамяство.

На вёсцы асноўная маса зямлі належыць вышэйшай знаці (грандам) і каталіцкай царкве, якая атрымоўвае велізарныя даходы. Дробныя дваране хутка бяднеюць. Большая частка дваранскіх земляўладанняў складаюць майараты, што істотна перашкаджае развіццю таварна-грашовых адносін. Вышэйшая знаць значную частку сваіх даходаў атрымоўвае ад эксплуатацыі калоній. У адрозненні ад перадавых краін Еўропы, XVIII ст. стала для Іспаніі часам умацавання эканамічных і палітычных пазіцый арыстакратыі. Асаблівасцю трэцяга саслоўя ў Іспаніі было тое, што ў ім была вельмі нізкая ўдзельная вага буржуазіі.

У сярэдзіне XVIII ст. у Іспаніі пачынаюць распаўсюджвацца ідэі асветніцтва. Іспанскія асветнікі ў сваіх працах займаліся вырашэннем эканамічных і эстэтычных праблем. Распаўсюджванне ідэй Асветніцтва стала тэарэтычнай базай для фарміравання ў Іспаніі асветніцкага абсалютызму. Правядзенне гэтай палітыкі пачынаецца ў час царавання Карла ІІІ (1759   1788). Да ўлады прыходзіць група рэфармістаў на чале з графам Арандай. Асветніцкі рух у Іспаніі вызначаўся сваёй элітарнасцю і нязначнасцю па еўрапейскіх мерках. Асноўнай арганізацыйнай структурай асветніцкага руху былі салоны. Заснавальнікам іспанскага асветніцтва быў Б.Х. Фейхао-Монтэнегро. Асноўным стрыжнем яго вучэння стала ідэя аб неабходнасці падтрымання ў краіне цэнтралізаванай манархіі, апорай якой павінен быць шчаслівы працвітаючы народ. Гэтыя ідэі і былі пакладзены Арандай у аснову палітыкі асветніцкага абсалютызму.

Асноўная задача рэформ Аранды заключалася ва ўмацаванні каралеўскай улады. Для гэтага ён імкнуўся аслабіць надзвычай моцны ў Іспаніі ўплыў каталіцкай царквы. У 1767 г. з Іспаніі быў выгнаны ордэн іезуітаў, а яго маёмасць была канфіскавана. Была праведзена аграрная рэформа, згодна якой сялянам у арэнду здаваліся землі кароны. У 60 – 70-я гады XVIII ст. рэалізаваўся праект засялення нямецкімі і французскімі каланістамі зямель у цэнтры Перынейскага паўвострава. Аграрныя пераўтварэнні мелі на мэце павелічэнне колькасці падаткаплацільшчыкаў, каб умацаваць фінансавае становішча манархіі.

Рэформы Аранды выклікалі моцнае супраціўленне арыстакратыі і духавенства, якія дабіліся яго адстаўкі. Пасля гэтага, хоць і больш асцярожна, рэформы працягваліся. У 1773 г. ідальго было дазволена займацца гандлем, а ў 1783 г. рамяством. Паступова былі зняты шматлікія абмежаванні на гандаль з калоніямі, і ўсе іспанскія порты атрымалі права на гандаль з Амерыкай. Элементам эканамічнай палітыкі стаў пратэкцыянізм, заахвочванне мануфактур, адмена цэхавых абмежаванняў. Гэта паскорыла эканамічнае развіццё краіны, асабліва Каталоніі. Яна была адзінай правінцыяй Іспаніі, дзе мануфактурная вытворчасць пераважала над рамёствамі. Бала значна пашырана сістэма адукацыі. Смерць Карла ІІІ, а затым пачатак французскай рэвалюцыі прывялі да поўнага згортвання рэформ. На рэфарматараў абрынуліся рэпрэсіі інквізіцыі, якую яны так і не рашыліся ліквідаваць. У цэлым палітыка асветніцкага абсалютызму мела ў Іспаніі абмежаваны характар. Яна некалькі ўмацавала каралеўскую ўладу, але мала змяніла традыцыйныя грамадскія адносіны.

3. Для партугальскай манархіі быў характэрны традыцыйны саюз з арыстакратыяй. Партугальская буржуазія да канца XVII ст. была надзвычай слабой. Яна не магла выступаць як супрацьвага арыстакратыі. Таму партугальскі абсалютызм не мог сфарміравацца класічна на аснове балансавання паміж дваранствам і буржуазіяй. Важным фактарам для фарміравання партугальскага абсалютызму стала наяўнасць вялікай каланіяльнай імперыі. Эксплуатацыя калоній давала манархіі вялікія сродкі, што дазваляла ёй задавальняць патрэбы арыстакратыі і захоўваць самастойнасць.

У 1640 г. у Патугаліі адбылося паўстанне, у выніку якога яна вызвалілася з-пад іспанскага панавання. За час панавання іспанцаў гаспадарка Партугаліі была істотна падарвана. Сітуацыя ўскладнялася вайной з Іспаніяй, якая да 1668 г. не прызнавала незалежнасць Партугаліі. Найбольш актыўнымі прыхільнікамі незалежнасці выступала сярэдняе і дробнае правінцыйнае партугальскае дваранства. Арыстакратыя ж аказалася расколатай. Многія арыстакратычныя сем’і перабраліся ў Мадрыд у час іспанскага панавання і адпалі ад партугальскай кароны.

На партугальскім троне замацавалася Браганская дынастыя. Яе першым каралём быў Жаан IV (1640 – 1656). Ён праводзіў традыцыйную для партугальскай манархіі палітыку апоры на арыстакратыю. Перш за ўсё кароль імкнуўся аднавіць зменшыўшуюся колькасна арыстакратыю. Для гэтага рады грандаў папаўняліся за кошт адданага дынастыі дробнага дваранства. Але гэтай падтрымкі ва ўмовах вайны з Іспаніяй было не дастаткова. Таму Жаан IV шукае падтрымкі ў розных сасловій. У сілу гэтага ў Партугаліі часова ўзрастае роля саслоўна-прадстаўнічых органаў – картэсаў. Яны часта склікаліся, мелі манапольнае права на ваціраванне падаткаў, фарміравалі свой пастаянна дзеючы орган – Камітэт трох сасловій, для кантролю за дзейнасцю фінансавай адміністрацыі.

Пасля заключэння міру з Іспаніяй роля картэсаў адразу рэзка знізілася. Кароль склікае іх вельмі рэдка. Яны пазбавіліся права ваціраваць падаткі і займаліся толькі дынастычнымі пытаннямі. У кіраванні краінай кароль стаў абапірацца на сістэму саветаў, у якіх галоўную ролю адыгрывалі прадстаўнікі арыстакратыі. Каб аслабіць яе ўплыў, кароль стаў шырока выкарыстоўваць для кіравання краінай і сакратароў каралеўскага кабінета. Адзін з іх, які ведаў агульнай палітыкай, стаў называцца дзяржаўным сакратаром. Незалежнасць манархіі ад арыстакратыі ўмацоўвалася і дзякуючы спецыфіцы падатковай сістэмы. Карона 75% сваіх даходаў атрымоўвала дзякуючы ўскосным падаткам на знешні гандаль, увядзенне якіх не патрабавала згоды сасловій. Фінансавыя магчымасці манарха павялічыліся, калі ў канцы XVII ст. у Бразіліі пачалася здабыча золата.



У першай палове XVIII ст. Партугалія ў сацыяльна-эканамічным плане застаецца адсталай краінай. Гэта параджае неабходнасць рэформ, ажыццяўлення палітыкі асветніцкага абсалютызму. Правядзенне яе звязана з праўленнем Жозе І (1750 – 1777) і яго першага міністра маркіза Памбала. Ён імкнуўся да цэнтралізаванага кіравання краінай, падтрымліваў развіццё гандлю. Каб падавіць супраціўленне з боку кансерватыўных сіл, ён ператварыў Партугалію ў сапраўдную паліцэйскую дзяржаву, шырока выкарыстоўваў тэрор. У аснове яго эканамічнай палітыкі былі ідэі меркантылізму. Памбала імкнуўся да павелічэння вытворчасці хлеба ў краіне і змяншэння яго імпарту, каб грошы не выцякалі з краіны. Для нарошчвання экспарту ствараліся гандлёвыя манапольныя кампаніі, якія падтрымліваліся дзяржавай. Атрымала распаўсюджванне практыка стварэння каралеўскіх мануфактур. Памбала лічыў, што каталіцкая царква з’яўляецца перашкодай на шляху мадэрнізацыі Партугаліі, таму набходна абмежаваць яе ўплыў. У 50-я гады XVIII ст. ён разгарнуў барацьбу з іезуітамі. У 1759 г. была праведзена канфіскацыя маёмасці ордэна іезуітаў. Рэформа адукацыі ў 1759 г. прывяла да адкрыцця значнай колькасці пачатковых школ, рэарганізацыі універсітэтаў, з'явіліся тэхніка-эканамічныя вучэбныя ўстановы – "Гандлёвая школа" і інш.

Ідэалогія асветніцтва не атрымала значнага распаўсюджвання ў Партугаліі. Царкоўная цэнзура была адменена, але ёй на змену прыйшла дзяржаўная. Кнігі асветнікаў заставаліся пад забаронай. Атрымоўвалася так, што рэформы, праводзіўшыеся ў духу Асветніцтва, не абапіраліся на асветніцкую ідэалогію. Таму ў значнай ступені ўмоўна можна гаварыць аб асветніцкім абсалютызме ў Партугаліі. Памбала выступаў як апекун буржуазіі, але гэта робіцца каб выкарыстаць багацце буржуазіі для ўмацавання абсалютысцкай дзяржавы. Панаванне арыстакратыі не было зломлена, нягледзячы на тое, што асобныя яе прадстаўнікі падвергліся рэпрэсіям. Палітыка Памбала не атрымала шырокай падтрымкі ў грамадстве. Супраць яе рашуча выступілі кансерватыўныя колы. Дробная і сярэдняя буржуазія была незадаволена стварэннем манаполій. Пасля смерці Жозе І у 1777 г. палітыка асветніцкага абсалютызму была згорнута. Яна не аказала істотнага ўплыву на развіццё Партугаліі.
: DocLib5 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20(%D0%BE%D1%82%D0%B5%D1%87%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%B2%D1%81%D0%B5%D0%BE%D0%B1%D1%89%D0%B0%D1%8F) -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B2%D1%81%D0%B5%D0%BE%D0%B1%D1%89%D0%B5%D0%B9%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: Спецыфіка абсалютызму ў германскіх дзяржавах
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Міжнародныя адносіны
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма 3 Вестфальская сістэма сміжнародных адносін у другой палове 17 – пачатку 18 ст
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: вялікая французская рэвалюцыя. Першы перыяд
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: Агнлійская рэвалюцыя сярэдзіны XVII ст
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: Развіццё капіталізму ў Еўропе ў XVI xviii ст
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Гістарычная роля буржуазных рэвалюцый і іх тыпалогія. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: францыя ад 9 тэрмідора да 18 брумера. Завяршальны этап рэвалюцыі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка