Тэма Беларуская гістарыяграфія ў савецкі час



Дата канвертавання28.06.2016
Памер61.24 Kb.
Тэма 6. Беларуская гістарыяграфія ў савецкі час

(кастрычнік 1917-чэрвень 1941 гг.).

1. Абагульняючыя працы па гісторыі Беларусі.

2. Нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі.
1. Абагульняючыя працы па гісторыі Беларусі.

Ужо на пачатковым этапе развіцця гістарычнай навукі БССР прадпрымаліся спробы напісання першых абагульняючых (сінтэтычных) прац па гісторыі Беларусі У.М.Ігнатоўскім, М.В.Доўнар-Запольскім, В.К.Шчарбаковым, У.І.Пічэтай і інш.

Самай вядомай працай па гісторыі Беларусі, якая з'яўлялася падручнікам у навучальных установах рэспублікі, быў «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У.М.Ігнатоўскага, выдадзены ў Мінску ў 1919 г. Кніга мела ў 20-я гг. чатыры выданні.

Да першых абагульняючых прац па гісторыі Беларусі адносіцца курс лекцый У.І.Пічэты «История белорусского народа», які ўпершыню быў апублікаваны ў дапаможніку «Курс белорусоведения. Лекции, читанные в Белорусском народном университете в Москве летом 1918 г.» (1920 г.). Аўтар прасачыў лінію еўрапейскай традыцыі ў гісторыі Беларусі. Ён прытрымліваўся каланізацыйнай тэорыі – лічыў, што славяне каланізавалі тэрыторыю Беларусі.

У 1924 г. выйшла «Гісторыя Беларусі» У.І.Пічэты. Кніга ахоплівае перыяд ад старажытнасці да Люблінскай уніі (1569 г.). Перыядызацыя, якую прапанаваў аўтар, заснавана на прынцыпе дзяржаўнай прыналежнасці Беларусі. Ён вылучыў пяць перыядаў: 1) дагістарычнае мінулае; 2) гісторыя беларускага народа да другой паловы XI ст.; 3) беларускія землі ў XI – XIII ст.; 4) Беларусь у складзе ВКЛ; 5) шляхецкая феадальная дзяржава.

Самай аб'ёмнай сярод напісаных у 20-я гг. сінтэтычных прац па гісторыі Беларусі лічыцца «История Белоруссии» М.В.Доўнар-Запольскага. Кніга не была надрукавана пры жыцці аўтара па палітычных прычынах. Аўтар працаваў над рукапісам, які задумываўся як вучэбны дапаможнік для тэхнікумаў і вышэйшай школы, з 1918 па 1926 г.

Доўнар-Запольскі прапанаваў сваю ўласную перыядызацыю гісторыі Беларусі. Першы перыяд – «старажытны» (VІІ – ІХ ст.), другі – «княжаскі (Х – ХІІІ ст.), трэці – «Вялікае княства Літоўскае» (ХІІІ – першая палова ХVІ ст.), чацвёрты – «эпоха ўніі з Польшчай (другая палова ХVІ – канец ХVІІІ ст.), пяты – «перыяд падзелаў» (канец ХVІІІ – першая трэць ХІХ ст.), шосты – «эпоха рускага панавання» (другая трэць ХІХ – канец ХІХ ст.), сёмы – «эпоха нацыянальнага адраджэння» (рубеж ХІХ – ХХ ст.), восьмы – «барацьба за дзяржаўнасць» (1915 – 1919 гг.). Перыядызацыя сведчыць, што галоўнай праблемай, якую даследаваў аўтар, была праблема дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі.

Да абагульняючых прац па гісторыі Беларусі адносіцца кніга В.К.Шчарбакова «Нарыс гісторыі Беларусі», першая частка якой была выдадзена ў 1934 г. Даследчык на аснове прынцыпа партыйнасці прааналізаваў гістарычнае развіццё Беларусі са старажытных часоў па ХVІІІ ст. Перыядызацыя аўтарам пабудавана на марксісцкім фармацыйным падыходзе: вызначаецца «першабытнакамуністычнае грамадства і яго распад», развіццё феадалізму і класавая барацьба да сярэдзіны ХV ст.», «далейшае развіццё прыгоннага ладу і ўзрастанне эксплуатацыі сялянства», «сялянскі рух у ХVІ і ХVІІ ст.».

Пад кіраўніцтвам У.І.Пічэты ў чэрвені 1941 г. выйшлі «Нарысы па гісторыі Беларусі». У гэтай калектыўнай працы гістарычнае мінулае Беларусі разглядалася са старажытных часоў да падзелаў Рэчы Паспалітай. Але ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі амаль увесь тыраж кнігі загінуў і не дайшоў да чытача.
2. Нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі.

Ужо ў першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі выходзяць з друку брашуры, у якіх аналізуецца гісторыя рэвалюцыйнага руху ў Беларусі і пытанне нацыянальнага самавызначэння. Вялікая ўвага надавалася абгрунтаванню легітымнасці БНР. Адным з першых аб гэтым пісаў Аляксандр Цвікевіч.

Яго праца «Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики» (1918 г.) пабудавана такім чынам, каб паказаць пераемнасць традыцый беларускай дзяржаўнасці. У абвяшчэнні БНР ён вылучае два этапы: пачатковы – Першы Усебеларускі з’езд, другі – прыняцце Устаўных грамат.

Цікавасць да дадзенай праблематыкі праявіў Мітрафан Доўнар-Запольскі, які актыўна ўключыўся ў дзейнасць БНР, садзейнічаў наладжванню кантактаў паміж кіраўніцтвам БНР і Радай беларускіх арганізацый ва Украіне. Ён актыўна супрацоўнічаў з газетамі «Белорусское слово», «Белорусское эхо», «Вольная Беларусь». Шмат увагі надаў Доўнар-Запольскі стварэнню беларускага універсітэта, рашэнне аб адкрыцці якога было прынята Народным сакратарыятам БНР. 28 красавіка 1918 г. ён узначаліў спецыяльную камісію пры Народным сакратарыяце асветы, зрабіў канкрэтныя прапановы па структуры універсітэта. Аднак гэта ідэя не была рэалізавана.

У брашуры «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», якая была выдадзена ў 1919 г. на беларускай, рускай, польскай, французскай, нямецкай мовах, а ў 1920 г. на англійскай, М.В.Доўнар-Запольскі з навуковых пазіцый абгрунтаваў гістарычныя заканамернасці дзяржаўнага самавызначэння беларускага народа. Ён адзначыў: «Цяпер прыходзіць пара паправіць гістарычныя абмылкі Мінуўшчыны – тым больш што беларуская нацыя апіраецца на крэпкіх фундаментах дзяржаунасці, на шырокіх дэмакратычных асновах і мае трывалыя асобеннасці адметнай гістарычнай культуры. Гэтыя асобеннасці чырвонай ніткай праходзяць цераз усю мінуўшчыну беларусаў і цераз іх сучасны быт».

Міністэрства замежных спраў БНР разаслала брашуру ўрадам еўрапейскіх краін са спадзяваннем, што гэта паспрыяе прызнанню БНР. Аднак беларускае пытанне на Парыжскай канферэнцыі не абмяркоўвалася.

У 1925 г. пасля самароспуску Рады БНР у Берліне ў выніку амністыі ўрада БССР дзеячы беларускага нацыянальнага руха пачалі вяртацца на радзіму і ўключацца ў працэс беларусізацыі.

Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў сваіх працах зыходзілі з наступных канцэптуальных палажэнняў: тэорыя «адзінага патока» (беларускі народ уяўляе сацыяльна-аднароднае грамадства, якое пасля Люблінскай уніі апынулася пад прыгнётам польскіх, а з канца ХVІІІ ст. рускіх феадалаў); тэорыя недасканаласці класавых супярэчнасцяў у беларускай нацыі (адзіны, непадзелены на класы этнас з невялікай доляй кулацтва); тэорыя «двухкарэннасці» КП(б)Б (Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі сфарміравалася з бальшавіцкіх арганізацый і БСГ); вядучая роля інтэлігенцыі ў рэвалюцыйных працэсах на тэрыторыі Беларусі; галоўны фактар гістарычнага працэса – нацыянальная самасвядомасць народа; тэорыя «чаторых грамадскіх груп» (беларускае грамадства складалася з чатырох грамадскіх груп: беларусы – сяляне, палякі – памешчыкі, яўрэі – гандляры, рускія – чыноўнікі).

Яны знайшлі адлюстраванне ў артыкулах Я.Лёсіка, А.Смоліча, А.Бурбіса ў зборніку «Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху», які быў выдадзены ў 1924 г. ў Мінску. Доўнар-Запольскі ў манаграфіі «Народная гаспадарка Беларусі. 1861 – 1914 гг.» (1926 г.) упершыню закрануў праблему генезіса капіталізму ў Беларусі. Аўтар, зыходзячы з народніцкіх пазіцый, прыніжаў узровень развіцця буржуазных адносін у эканоміцы парэформеннага перыяду, пісаў пра устойлівасць сялянскай гаспадаркі і адсутнасць сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Даследчык упершыню выкарыстаў новую методыку падлікаў – «сярэднія лічбы».

Раней выйшла кніга Фёдара Фёдаравіча Турука «Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов» (1923 г.). Гэта даследаванне з'яўлялася першай спробай навуковага аналізу беларускага нацыянальнага руху як суцэльнай з’явы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі другой паловы ХІХ – першай чвэрці ХХ ст. Аўтар сцісла і лаканічна, але па сутнасці, ахарактарызаваў карані беларускага нацыянальнага руху, яго першыя этапы ў час рэвалюцыі 1905 – 1907 гг., Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г., у перыяд нямецкай і польскай акупацыі. Турук раскрыў дзейнасць беларускіх нацыянальных палітычных партый, вызначыў прадумовы абвяшчэння БССР, вылучыў асобным пытаннем камуністычны рух сярод беларусаў, паказаў беспадстаўнасць супрацоўніцтва з польскімі акупантамі.

У 1925 г. Павел Віктаравіч Трамповіч у артыкуле «Шляхі беларускай інтэлігенцыі» («Савецкая Беларусь», 21 кастр.) паставіў пытанне аб супрацоўніцтве беларускай інтэлігенцыі з Камуністычнай партыяй (бальшавікоў) Беларусі. На яго думку, старая беларуская інтэлігенцыя, якая сфарміравалася ў перыяд «Нашай нівы» і пачала беларускі адраджэнцкі рух, заклала асновы беларускай дзяржаўнасці і культуры, павінна кіраваць БССР.

Вядучую ролю ў даследаванні беларускіх нацыянальных гісторыкаў адыгрывала публіцыстыка. Напрыклад, часопіс «Полымя» (выдаваўся са снежня 1922 г.), «Вперед», з 1927 г. перайменаваны ў «Бальшавік Беларусі». Дзейнасць БСГ падчас Першай русскай рэвалюцыі даследаваў А.Шлюбскі, акцэнтуючы ўвагу на супрацоўніцтве БСГ з газетай «Наша ніва». М.Мялешка пыглыбіў гэту тэматыку праз вывучэнне зямельнай праграмы Грамады. 1905-му году прысвечаны ўспаміны А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пытанні нацыянальнай палітыкі закраналі А.І.Цвікевіч і У.І.Пічэта. Апошні даследчык таксама займаўся вывучэннем польска-савецкіх адносін і Рыжскага мірнага дагавора.



Большасць артыкулаў З.Жылуновіча была прысвечана станаўленню беларускай дзяржаўнасці. На старонках часопіса «Полымя» ён памясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных гэтай тэматыцы: «Уступамі да Акцябра», «Aрганізацыя сіл», «Гістарычны момант», «Беларускія сэкцыі РКП і стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі».
: DocLib5 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20(%D0%BE%D1%82%D0%B5%D1%87%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%B2%D1%81%D0%B5%D0%BE%D0%B1%D1%89%D0%B0%D1%8F) -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> %D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Асаблівасці летапісання XVII – хviiiст у Беларусі. Баркулабаўскі летапіс. Магілёўская хроніка Т. Сурты І Трубніцкіх
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Гістарычная крыніца. Аб’ект і прадмет крыніцазнаўства. Класіфікацыя і сістэматызацыя крыніц. Асноўныя этапы крыніцазнаўчага аналіза
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў ХVIII – першай палове ХIХ ст
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Узнікненне гістарычных ведаў І іх развіццё ў Беларусі
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Историография советского периода истории Беларуси
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гісторыя гістарычнай навукі ў Беларусі ў другой палове ХIХ ст
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гістарыяграфія як гісторыя гістарычнай навукі
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў даследваннях пачатку ХХІ ст




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка